Прозвішчы Нараўлянскага раёна аданамастычнага паходжання

0
1302
Прозвішчы Нараўлянскага раёна аданамастычнага паходжання

Многія прозвішчы Нараўлянскага раёна, як i большасць беларускіх прозвішчаў, утварыліся ад хрысціянскіх кананічных асабовых імён візантыйска-грэчаскага або рымска-каталіцкага паходжання, якія па сваёй унутранай прыродзе i па характару функцыянавання ў грамадстве складаюць такі разрад слоў, які не звязаны i не суадносіцца са значэннем прадметнасці, а забяспечвае вылучэнне адной канкрэтнай асобы з акаляючага мноства.

Уласныя імёны маюць асаблівую энергію, якая пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Імя здольнае творча фарміраваць чалавека, паказваць на месца ў грамадстве, вызначаць сацыяльную ролю. Для народаў i рэлігій яно мае выключна важнае значэнне, бо суадносіцца з лёсам чалавека, з яго жьццёвай праграмай на Зямлі.

Імёны ў мове не жывуць адасоблена. Як правша, яны маюць сваіх продкаў і нашчадкаў, блізкіх і далёкіх сваякоў. Часам не распазнаеш, з кім “у радні” тая ці іншая форма імя, да якога слова яно ўзыходзіць. Тлумачыцца гэта тым, што пасля прыняцця хрысціянства асабовыя імёны, трапіўшы ў чужое моўнае асяроддзе, змяняліся, набліжаліся i дастасоўваліся да маўленчых нормаў паводле законаў мовы. У выніку гэтых працэсаў утварыліся шматлікія вытворныя і скарочаныя формы і варыянты, якія выступілі асновай фарміравання прозвішчаў. Так, прозвішчы Іванейчык, Іваненка, Іванешка, Іваноў, Іваноўскі, Іванчыкаў узыходзяць да ўнармаванай формы імя Іван; Іванютка, Іванюшка, Іванюценка — да народнай формы гэтага ж імя Іванюк; Івашкін, Івашкоў, Івашчанка — да народнай формы Івах; Яскевіч, Ясковіч, Яськоў, Ясюк — да лакальных форм Ясь, Ясько.

Прозвішчы Абрам, Абрамаў, Абрамовіч, Абрамчук утвораны ад разм. формы Абрам імя Аўрам (ст.-яўр. імя Abram ‘узвышаны бацька’ [3, с. 36]), а Аўраменка, Аўрамовіч — ад Аўрам. Ад імя Агафон (грэч. Agathon ‘дабро’ [3, с. 39]) утворана прозвішча Агафонаў. Прозвішчы Гапонаў, Гапоненка, Гапонік паходзяць ад размоўнай формы гэтага імя Гапон. Агееў, Агейчык паходзяць ад імя Агей, што са ст.-яўр. імя Haggai ‘святочны, урачысты’ [5, с. 13].

На тэрыторыі Нараўлянскага раёна бытуюць прозвішчы, утвораныя ад разнастайных форм імя Аляксандр (ад грэч. аіехо ‘абараняць’ і апег ‘муж, мужчына’ [3, с. 44]): Александронец — ад размоўнай формы Аляксандр, Санько — ад лакальнай формы Санец. Прозвішча Акуліч утворана ад размоўнай формы Акула імя Акіла, што з лац. aquila ‘арол’ [3, с. 43].

Шмат прозвішчаў Нараўлянскага раёна ўтворана ад распаўсюджанага імя Андрэй (грэч. andreios ‘мужны, храбры’ [1, с. 49]) і Аляксей (ад грэч. аіехо ‘абараняць’ [3, с. 45]). Прозвішчы Аляксеенка, Аляксееў і Аляксейчык утвораны ад унармаванай формы Аляксей, Алёшкін — ад лакальнай формы Алешка. Прозвішча Андрусенка паходзіць ад размоўнай формы Андрус; Андрэйка — ад памяншальнай формы Андрэйка; Андрэенка, Андрэеў — ад Андрэй.

Прозвішчы Анікеенка, Анікееў, Анікейчык паходзяць ад імя Іанікій (звязана з грэч. словам nike ‘перамога’ [5, с. 17]. Ад імя Антоній (рымск. радавое імя Antonius [3, с. 52]) утвораны прозвішчы Антоненка, Антановіч, Антончык. Ад імя Архіп, што з грэч. archi- ‘прыстаўка са значэннем галоўны, старэйшы’ і hippos ‘коннік’ [3, с. 59]), утворана прозвішча Архіпавец. Ад імя Аўдзей (ад ст.-яўр. obadiah ‘служка бога Яхве’ [3, с. 34]) утворана прозвішча Аўдзеенка. Прозвішча Астапенка паходзіць ад украінскай размоўнай формы Астап імя Яўстафій (грэч. eustathes ‘устойлівы’ [3, с. 105].

Прозвішчы Багданаў, Багдановіч і Богдан утвораны ад запазычанага са ст.-сл. мовы імя Багдан, дзе з’явілася як калька з грэч. імя Theodotos ад teodotos ‘дадзены багамі’ [3, с. 64]. Ад імя Барыс, якое ўзнікла як памяншальная форма старажытнага славянскага імя Барыслаў (ад бор- (параўн. рус. борьба, бороться) і слав- (параўн. рус. слава) [3, с. 65] утвораны прозвішчы Барысаў, Барысевіч, Барысенка і Барысюк. Імя Барыс звязваюць таксама з імем старажытнага балгарскага правадыра Барыса, якое выводзяць з мангольскага bogori ‘маленькі’ [1, с. 35].

Імя Васілій (ад грэч. basileus ‘цар’ [3, с. 70]) парадзіла мноства памяншальных форм, аб якіх нам нагадваюць прозвішчы Васіленка, Васілеўскі, Васілец, Васільеў. Старажытна-славянскае імя Уладзімір (ад ‘уладарыць мірам’ [3, с. 79]) парадзіла прозвішчы Валодзька і Уладзіміраў. Ад уласнага асабовага імя Улас узніклі прозвішчы Уласенка, Уласік, Уласюк.

Ад разнастайных форм Гаўрук, Гаўрык, Гаўрыла, Гаўрылюк праваслаўнага імя Гаўрыіл (ст.-яўр. імя Gabriel ‘мая моц — бог’ [3, с. 81]) утварыліся прозвішчы Гаўрылаў, Гаўрыленка, Гаўрук. Праваслаўнае імя Георгій, Юрый (ад грэч. georgos ‘земляроб’ [3, с. 66]) і яго варыянтныя формы (Юрчак, Юрка) утварылі прозвішчы Юркевіч, Юркоўскі, Юрос, Юрчанка. Прозвішчы Грыгор’еў, Грыгарэнка, Грыц, Грыцэнка, Грышко, Грышчанка ўтварыліся ад імя Грыгорый (ад грэч. gregoreo ‘быць бадзёрым’ [3, с. 90]). Магчыма, ад эмацыянальна-ацэначнай формы Гурын імя Гурый (магчыма, ад ст.-яўр. gur ‘ільвяня, малады леў’ [3, с. 91]) утворана прозвішча Гурыновіч.

Ад уласнага асабовага імя Давыд, якое паходзіць ад ст.-яўр. імя Dauid ‘любімы’ [3, с. 91], утворана даволі распаўсюджанае ў Нараўлянскім раёне прозвішчы Давыдзенка, Давідовіч, Давыдзюк і Давыдовіч. Старажытнае імя Дан утварыла прозвішчаДанчанка [1, с. 58]. Ад старажытна-яўрэйскага імяДанііл (ст.-яўр. імя Daniel ‘мой суддзя — бог’ [3, с. 92]), якое прыжылося на Беларусі, паходзяць прозвішчы Данілаў, Даніленка, Данільчанка, Данільчук. Магчыма, ад імя Дасій (ад грэч. dasys ‘касматы’ [3, с. 93], а магчыма, і ад імя Адам утворана даволі распаўсюджанае на тэрыторыі Нараўлянскага раёна прозвішча Дашкевіч, Дашкоўскі. Таксама ад імя Адам пайшлі прозвішчы Адаменка, Адамовіч, Адамушка.

Ад імя Дзмітрый (грэч. Demeter ‘які адносіцца да Дзяметры’ ў антычнай міфалогіі: Дземетра — багіня ўрадлівасці і земляробства [3, с. 97] утворана прозвішча Дзмітрэнка, Дзмітрыенка, Дзмітрыеў. Прозвішчы Дземідзенка, Дзямідчык утварылася ад імя Дзіамід (ад грэч. Dios (Р. скл. ад Zeus ‘Зеўс’ і medomai ‘абдумваць’ [3, с. 95].

Імя Дзіанісій (грэч. асабовае імя Dionysios ад Dionys ‘бог жыццёвай моцы прыроды, бог віна’ [3, с. 94]) і яго размоўныя формы Дзяніс, Дзенісюк утварылі прозвішчы Дзенісенка, Дзенісовіч, Дзенісоў, Дзенісюк.

Ад размоўнай формы Дораш і памяншальнай формы Дарошка імя Дарафей (ад грэч. doron ‘дар’ і theos ‘бог’ [3, с. 99]) утварылася прозвішча Дарашкевіч, Дарашэвіч. Прозвішчы Дзям’янавіч і Дзям’яненка ўтварыліся ад уласнага асабовага імя Дзям’ян (магчыма ад грэч. damazo ‘пакараць, заваёўваць’ [3, с. 94]), якое паходзіць ад старажытнага Даміан.

Ад праваслаўнага імя Захарыя, сучаснае — Захар, утварыліся прозвішчы Захаранка, Захараў, Захарчанка, Захарэнка, Захарчук.

Ад размоўнай формы Ігнат імя Ігнацій (магчыма лац. ignatus ‘які не нарадзіўся’ [3, с. 118]) пайшло прозвішча Ігнаценка. Ад вядомага з Бібліі імя Ісаак (ст.-яўр. імя Iishaq ‘ён будзе смяяцца’ [3, с. 124] паходзяць прозвішчы Ісаенка, Ісаеў, Ісакаў.

Жадаючы маленькаму сыну багацця і шчасця, бацькі давалі яму імя Кароль [5, с. 106]), а прозвішчы Караленка, Каралёў, Каралькоў, магчыма, паходзяць ад імя Кароль ці ад назвы птушкі каралёк [5, с. 106]. Ад форм Клім, Клімчук імя Клімент (магчыма ад лац. clemens ‘літасцівы’ ці ад грэч. klematinos ‘вінаградная лаза’ [3, с. 134]) утварыліся прозвішчы Клімавец, Кліменка, Клімаў, Клімовіч. На тэрыторыі Нараўлянскага раёна бытуюць прозвішчы Кузменка, Кузьменка, Кузьмянкоў, утвораныя ад распаўсюджанага ў мінулым імя Кузьма, якое паходзіць ад грэч. kosmos ‘мір’, ‘упрыгожванне’ [3, с. 137]. Ад праваслаўнага імя Канстанцін, што ў перакладзе з лацінскай мовы абазначае ‘стойкі, нязменны’, узнікла прозвішча Касцюк, а Касцючэнка — ад формы Касцюк.

Ад памяншальнай формы Асіпік не менш рэдкага праваслаўнага імя Іосіф утворана прозвішча Асіпенка, Асіпчук.

Прозвішчы Лаўрыненка, Лаўрынец, Лаўрэнка ўтвораны ад імя Лаўр, што з лацінскай мовы перакладаецца як ‘лаўровае дрэва, лаўровы вянок’, а ў пераносным значэнні ‘перамога’ [3, с. 138]. Ад імя Лін (ад грэч. linos ‘тужлівая песня’ [3, с. 142] паходзяць прозвішчы Лін, Ліновіч. Ад імя Лук’ян, што з лацінскай мовы lux ‘святло’ [3, с. 144], утвораны прозвішчы Лук’яненка, Лук’янчык. Ад праваслаўнага імя Лука (ад лац. lux ‘святло’ [3, с. 144]) пайшлі прозвішчы Лукашонак, Лукашэвіч.

Ад біблейскага імя Маісей (ст.-яўр. асабовае імя Mose (яўрэйскі заканадавец) [3, с. 161]) утворана прозвішча Майсеенка, Майсейчук. Вядомыя прозвішчы Макарэвіч, Макаранка ўтвораны ад імя Макарый, што з грэч. makarios ‘шчаслівы’ [3, с. 147]. Ад гэтага імя пайшлі і прозвішчы Макараў, Макарэвіч. Праваслаўнае імя Марк (магчыма ад лац. marcus ‘малаток’) парадзіла прозвішчы Маркавец, Маркаў, Маркевіч, Маркін. Ад размоўнай формы Мацюш вядомага з Бібліі імя Матвей (ад ст.-яўр. matitiahu, matitiah ‘божы чалавек’ [3, с. 154] утвораны прозвішчы Мацюшаў, Мацюшэнка.

Імя Міхаіл (ст.-яўр. імя Міkа’еl ‘роўны богу Яхве’ [3, с. 160]) утварыла мноства памяншальных форм, аб якіх нам нагадваюць прозвішчы: Міхайлаў, Міхальскі, Міхальцоў, Міхальчук, Місько, Міхед, Мішота, Мішура, Мішчак.

Не меншая колькасць прозвішчаў утварылася ад імя Пётр (ад грэч. petra ‘скала’, ‘каменная глыба’ [3, с. 178]): Пятроў, Пятроўскі, Петрачэнка, Пятрук, Пятровіч, Петравец, Пятрэнка, Петрык, Петравец. Вялікая колькасць прозвішчаў утворана ад імя Павел (лац. paulus ‘маленькі’ [3, с. 172]) і яго народных і лакальных форм: Паўлаў, Паўленка, Паўлоўскі, Паўлючэнка, Пашкоў, Пашкоўскі. Такая даволі вялікая колькасць прозвішчаў сведчыць пра тое, што дадзеныя імёны ў розных формах шырока бытавалі на тэрыторыі Беларусі на працягу ўсёй гісторыі фарміравання антрапанімічнай лексікі.

Ад імя Навум (ст.-яўр. імя Nahum ‘суцяшальнік’ [3, с. 164]) пайшлі прозвішчы Навуменка, Навумін. Імя Назарый (ст.-яўр. nazar ‘ён аддаў сябе богу’ [3, с. 162]) суадносіцца з прозвішчамі Назаранка, Назарчук. Прозвішчы Несцераў, Несцярук, Несцярчук утварыліся ад імя Нестар, якое пайшло ад грэчаскага асабовага імя Nestor [3, с. 165]. Даволі распаўсюджанае імя Нікалай (ад nike ‘перамога’ і laos ‘народ’ [3, с. 166]) утварыла прозвішчы Нікалаенка, Нікалаеў.

Ад імя Паліен (ад грэч. poly ‘шмат’ і аіт ‘хвала, слава’ [3, с. 180]) пайшло прозвішча Палуян. Імя Патап утварыла прозвішчы Патапаў, Патапенка. Імя Пракопій (магчыма ад грэч. prokopos ‘выняты з ножан’, ‘той, хто схапіў меч за ручку’ [3, с. 183]) парадзіла прозвішчы Пракапенка, Пракапчук, Пракопчанка, Пракопчык. Ад імя Прохар (ад грэч. prochoreo ‘скакаць наперадзе, весці’ [4, с. 281]) утварыліся прозвішчы Прахаровіч, Прахарэнка.

Праваслаўнае імя Рафаіл (ст.-яўр. імя Refael ‘бог лячыў’ [3, с. 187] парадзіла прозвішча Рафальскі. Ад імя Радзівон (магчыма ад грэч. rodon ‘ружа’ [3, с.189] утварыліся прозвішчы Радзівонаў, Радзьковіч, Радзюжка, Радзюшка. Ад імя Раман (лац. Romanus ‘рымскі’, ‘рымлянін’ [3, с. 190]), якое прынята праваслаўнай і каталіцкай царквамі, утварыліся прозвішчы Раманаў, Раманенка, Раманцоў.

Імя Сава (араб. saba ‘старац, дзед’ [3, с. 192] утварыла прозвішчы Савенка, Савянок. Ад імя Сергій (рымск. радавое імя Sergius [3, с. 199]) пайшло прозвішча Сергіенка. Ад народнай формы Сілко ўласнага асабовага імя Сіла ўтварыліся прозвішчы Сілко, Сілкоў. Ад біблейскага імя Сімяон (ад ст.-яўр. sama ‘слухаць’ [3, с. 198]) утварыліся прозвішчы Семяненка, Семянчук, Семянец. Ад размоўных форм Сцяпан, Сцёпа праваслаўнага імя Стэфан (грэч. stephanos ‘вянок’ [3, с. 205]) утвораны прозвішчы Сцепаненка, Сцепанец, Сцепанчук, Сцяпанаў, Сцяпанчанка.

Прозвішчы Тарасаў, Тарасевіч, Тарасенка, Тарасікаў, Тарасюк утварыліся ад імя Тарасій (ад грэч. tarasso ‘турбаваць’ [3, с. 206]), а Тарасік — ад размоўнай формы гэтага ж імя Тарасік. Рэдкае прозвішча Атрошка ўтворана не ад грашовай адзінкі, а ад імя Трафім, што з грэч. trophimos ‘карміцель’ [2, с. 138]. Ад гэтага ж імя ўтвораны прозвішчы Трафімаў, Трафіменка.

Ад праваслаўнага імя Фама (ад ст.-яўр. te‘оm ‘блізнюк’ [3, с. 226]) паходзіць прозвішча Фамін, а ад каталіцкай формы гэтага імя Томаш утвораны прозвішчы Тамашоў, Тамашук, Тамашэўскі. Ад формы Фёдар праваслаўнага імя Феадор (ад грэч. theos ‘бог’ і doron ‘дар’ [2, с. 215]) утвораны прозвішчы Федаровіч, Федарцоў. Прозвішча Фядосенка ўтварылася ад імя Феадосій (ад грэч. theos ‘бог’ і dosis ‘дар’ [2, с. 218]). Прозвішча Піліпенка ўтворана ад народнай формы Піліп праваслаўнага імя Філіп, а ад самога імя ўтварыліся прозвішчы Філіпаў, Філіпенка, Філіпушка.

Ад імя Цярэнцій [6, с. 16] паходзіць прозвішча Церашковіч. Ад імя Цімафей (ад грэч. time ‘гонар, пашана’ і theos ‘бог’ [3, с. 208] паходзяць прозвішчы Цімашэнка, Цімошанка. Прозвішчы Цітавец, Цітарэнка, Ціткоў, Цітоў утвораны ад уласнага асабовага імя Ціт.

Біблейскае імя Якаў (ст.-яўр. імя Iaqob ‘ён ідзе за кім — небудзь’ [3, с. 235]) суадносіцца з прозвішчамі Якаўлеў, Якавенка. Прозвішча Якубенка ўтворана ад польскай формы Якуб імя Якаў [5, с. 236]. Ад імя Яўфімій (ад грэч. euphemos ‘свяшчэнны’ [5, с. 113]) і яго разнастайных форм утвораны прозвішчы Яфімаў, Яфіменка, Яўхіменка.

Цікавасць выклікаюць прозвішчы Юдзенка, Юдзін, і Юдэнка, якія паходзяць ад імя Іуда, але не ад здрадніка Іуды. Па евангельскай легендзе, у Хрыста было два вучні, якіх звалі Іуда: адзін — Іуда Іскарыён — здраднік, другі — Іуда Іакаўль — верны прыхільнік свайго настаўніка. Таму, зразумела, што прозвішчы пайшлі ад другога імя, якое занесена ў царкоўны каляндар.

Як бачна, ад некаторых імён утварылася шмат прозвішчаў, напрыклад, Павел, Іван, Пётр, Міхаіл, а ад некаторых — адзінкавыя. Гэта тлумачыцца тым, што круг выкарыстоўваемых “жывых” асабовых імён да пачатку XX ст. заўважна звузіўся: многія імёны, папулярныя ў мінулым, да нашага часу аказаліся забытымі. Зараз рэдка сустрэнем Луку, Архіпа, Фаму. Такія мужчынскія імёны яшчэ можна сустрэць у імёнах па бацьку людзей старэйшага пакалення, а часцей за ўсё — у прозвішчах.

Асноўная частка прозвішчаў Нараўлянскага раёна ўтворана ад мужчынскіх імён. Але прозвішчы ўтвараліся і ад жаночых уласных асабовых імён. Іх не вельмі багата, але яны ўяўляюць значную цікавасць, так як адлюстроўваюць становішча жанчыны ў далёкія ад нас часы. Калі зараз пры перапісе насельніцтва пытаюцца, хто галава сям’і, то раней такога пытання не ўзнікала. Калі ў доме быў мужчына, ён. бясспрэчна, лічыўся гаспадаром, астатнія члены сям’і насілі яго прозвішча. Жанчына лічылася гаспадыняй дома. Толькі калі мужа забіралі ў салдаты або ён доўгі час адсутнічаў, калі ён паміраў, гінуў на вайне, вяртаўся інвалідам, жанчына брала на сябе ўсю гаспадарку і пачынала кіраваць домам і сям’ёю.

На тэрыторыі Нараўлянскага раёна сустракаюцца толькі адзінкавыя прозвішчы, утвораныя ад жаночых імён: ад жаночага імя Зінаіда (ад грэч. Zeus ‘Зеўс’ [3, с. 116]) утвораны прозвішчы Зіневіч і Зінкевіч. Ад імя Тамара (ст.-яўр. Tamar ‘фінікавая пальма’ [3, с. 206]) і народнай памяншальнай формы гэтага імя Томка ўтварыліся прозвішчы Тамараў, Тамаркін, Томка, Томчанка. Ад імя Ульяна пайшло прозвішча Ульянаў, а ад імя ЯнаЯначкін.

Іншы раз цяжка ўстанавіць, мужчынскае ці жаночае імя ляжыць у аснове прозвішча, так як няпоўныя формы ад іх маглі супадаць. Напрыклад, прозвішчы Зіневіч і Зінкевіч маглі ўтварыцца не толькі ад жаночага імя Зінаіда, але і ад мужчынскага імя Зіновій.

Разгледжаны матэрыял сведчыць, што ўсе прозвішчы паходзяць ад двух класаў: адапелятыўнага і аданамастычнага паходжання. Найбольш прадуктыўна ў якасці матывацыйнай базы задзейнічана апелятыўная лексіка, якая прадстаўлена рознымі лексіка-семантычнымі групамі. Прозвішчы аданамастычнага паходжання пераважна ўтварыліся ад мужчынскіх уласных асабовых імён. Прозвішчы, утвораныя ад жаночых уласных асабовых імён, сустракаюцца рэдка.

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

  1. Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны — мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы / М.В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1966. — 327 с.
  2. Никонов, В.А. Словарь русских фамилий / В.А. Никонов. — М.: Школа — Пресс, 1993. — 224 с.
  3. Петровский, Н.А. Словарь русских личных имен: Ок. 2600 имен / Н.А. Петровский; спец. науч. ред. О.Д. Митрофанова. — 3-е изд., стреотип. — М.: Русский язык, 1984. — 384 с.
  4. Суперанская, А. В. Словарь русских личных имен / А. В. Суперанская. — М.: Изд-во Эксмо, 2003. — 544 с.
  5. Федосюк, Ю.А. Русские фамилии: Популярный этимологический словарь / Ю.А. Федосюк. — М.: Детская литература, 1980. — 239 с.
  6. Федосюк, Ю.А. Что означает ваша фамилия? / Ю.А. Федосюк. — 3-е изд. — М.: Флинта: Наука, 2008. — 88 с.


Аўтары:
У.А. Бобрык, Л.П. Дземідзенка
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 9-13.