Аналіз семантыкі і структуры прозвішчаў — цікавая, каштоўная і цяжкая справа, што прызнаецца многімі антрапанімістамі. Ён, на думку А. Суперанскай, «дае значную інфармацыю, якая ўяўляе цікавасць для гісторыкаў, этнографаў, сацыёлагаў, а таксама лінгвістаў. Пры параўнанні лексічных палёў, па якіх размяркоўваюцца асновы прозвішчаў у розных мовах, можна зрабіць вывады пра агульнасць або, наадварот, рознасць нацыянальных культур асобных народаў» [1, с. 81].
Прозвішчаў адапелятыўнага паходжання ў беларускай мове даволі многа. Гэта група складае прыкладна каля паловы ўсіх прозвішчаў. Вядомы антрапаніміст М.В. Бірыла адзначае, што «з пункту погляду гісторыі мовы адапелятыўная антрапанімія з’яўляецца захавальнікам, кансервантам лексікі папярэдніх эпох, дае матэрыял для больш глыбокага вывучэння гістарычнага слоўніка, моўных узаемасувязей» [2, с. 4]. Згодна з гэтым у якасці асноў для ўтварэння прозвішчаў магла выкарыстоўвацца лексіка, якая адлюстроўвае самыя разнастайныя галіны жыццядзейнасці народа і акаляючай яго рэчаіснасці — быт, заняткі, становішча ў сям’і і грамадстве, фізічныя, разумовыя і маральныя якасці, пачуцці, сацыяльны ўклад, жывёльны і раслінны свет і пад. У гэтым сэнсе антрапанімія, утвораная ад апелятыўнай лексікі, з’яўляецца кладоўкай гісторыка-культурнай спадчыны, дае каштоўны матэрыял для вывучэння агульнай гісторыі народа.
Намі сабрана і прааналізавана каля дзвюх тысяч прозвішчаў жыхароў Калінкавіцкага раёна. Фактычны матэрыял сведчыць, што ўсе прозвішчы паходзяць ад двух класаў лексікі: адапелятыўнага і аданамастычнага паходжання. Найбольш прадуктыўна ў якасці матывацыйнай базы задзейнічана апелятыўная лексіка.
Багацце і стракатасць асноў прозвішчаў адапелятыўнага паходжання жыхароў Калінкавіцкага раёна нагадваюць энцыклапедыю мовы. Яны адлюстроўваюць дачыненне чалавека да навакольнага асяроддзя і разнастайных заняткаў, сведчаць аб стане сацыяльнага і культурнага жыцця грамадства ў пэўны гістарычны перыяд, даносяць характар узаемаадносін паміж людзьмі.
У складзе прозвішчаў Калінкавіцкага раёна найбольш часта сустракаюцца словы, звязаныя з назвамі жывёльнага свету. Сярод іх можна вылучыць: назвы свойскіх жывёл: Баранаў, Баранцаў, Буланаў, Булановіч (ад буланы ‘светла-жоўты з чорным хвастом і чорнай грываю (пра масць коней)’ [3, с. 67]); Быкаў, Бычкоў, Жарабцоў, Казлоў, Казлоўскі, Трусевіч, Цапаў (цап ‘казёл’ [3, с. 436]), Целеш (целеш ‘цяля’ [4, с. 195]), Бабук (рус. ‘земляны заяц, тушкан’ [3, с. 29]), Барсук, Барсукоў, Баброў, Бірукоў (рэг. бірук ‘адзінокі воўк, які жыве па-за стаі’ [4, с. 34]), Вількін (параўн. польск. wilk ‘воўк’ [3, с. 87]), Волкаў, Зайцаў, Кажанаў (кажан ‘лятучая мыш’ [3, с. 167]), Кротаў, Куцанкоў (рус. куцан ‘маркач, нялегчаны баран’ [3, с. 236]), Лісіцын, Лосеў, Мядзведзеў, Мядзведзька, Мядзведкаў, Медзвядкоў, Мышанкоў, Норкін (заал. ‘норка’ [3, с. 300]), Сабалеўскі, Собалеў, Хамякоў (хамяк ‘палявая жывёла з доўгім перыядам спячкі’ [4, с. 211]), Шашкоў (шашок ‘тхор’ [3, с. 472]); назвы насякомых: Біндзюкоў (укр. биндюк ‘чмель’ [3, с. 54]), Блахін, Жукаў, Жукоўскі, Казека (рэг., рус. ‘вош’ [3, с. 168]), Камароў, Караедаў (караед ‘шкоднік лясоў, дробны жук, які грызе кару і драўніну’ [5, с. 278]), Мухін, Мятлікаў (разм. мятлік ‘матылёк’ [5, с. 355]), Паплеўка, Паплеўкін (рус. поплёвка ‘вялікая пакаёвая муха’ [3, с. 314]); назвы земнаводных: Казюлькін (рус, казюля ‘змяя’ [3, с. 169]); назвы свойскіх птушак: Індзюкоў (рэг., рус. индюк ‘індык’ [3, с. 164]), Гусакоў, Гусеў, Квакуха (‘курыца з куранятамі’ [3, с. 197]), Куранкоў (рус. куран ‘індык’ [3, с. 232]), Курачкін, Курачэнка (рэг. курач ‘курыца, якая не нясецца і мае выгляд пеўня’ [3, с. 232]), Куркоў, Курчанка (рус. курч ‘кураня’ [6, с. 173]), Певень, Петушкоў, Пеўнеў, Пырко (параўн. рэг. пырка ‘курачка’ [3, с. 341]; пырка ‘індык, кура’ [6, с. 264]); назвы дзікіх птушак: Арлоў, Арляннікаў, Вараб’ёў (Вераб’ёў), Варонкін (ад варона [3, с. 83]), Галкін, Галко, Галкоў (ад галка [3, с. 99]), Глушакоў, Голубаў, Голубеў, Дзятлаў, Драздоў, Дудак (рэг. ‘драфа’ [3, с. 139]; драфа ‘буйная стэпавая птушка з доўгай шыяй і моцнымі нагамі’ [5, с. 184]), Жураўлёў, Жураўчанка (рэг. жураў ‘журавель’ [3, с. 148]), Зуеў (рус. рэг. зуй ‘балотная птушка з сямейства кулікоў’ [4, с. 85]; зуй ‘хворы кулік’, ‘дзіця-гарэза’ [6, с. 125], Кавулькін (укр. памянш. кавулька ‘зязюля, кукушка’ [3, с. 166]), Какушкін (рус. кокушка тое ж, што кукушка ‘зязюля’ [4, с. 102]), Каршуноў, Каршукоў, Коршунаў, Коршыкаў (рэг. каршук ‘коршак’ [3, с. 19]), Крумкачоў, Кулікаў, Кулікоў, Куліткін, Лебедзеў, Лебедзь, Лебядзенка, Пагарцаў (укр. погарець ‘птушка ўдод’ [3, с. 304]), Пугачоў (пугач ‘філін, які палохае сваім крыкам’ [4, с. 162]), Сакалоў, Сокалаў, Сакалоўскі, Сарокін, Селязнёў (бел. рэг., рус, укр. селезень ‘качур’ [3, с. 370]), Сініцкі, Слукін (рус. слука ‘птушка вальдшнеп, слонка’ [3, с. 382]), Стрыжанкоў (ад стрыж [3, с. 393]), Сураў (магчыма ад сур ‘сурок’ [6, с. 306]), Сычоў (сыч ‘птушка з сям’і савіных’ [7, с. 145]), Удодаў, Хулапаў (рэг. хулапа ‘палявы голуб’ [3, с. 435]), Чайкоў, Чаплін, Чаплінскі (ад чапля [4, с. 216]), Чыж, Чыркоў, Чырок (чырок ‘невялікая вадаплаўная птушка, разнавіднасць качкі’ [4, с. 220]), Шпакаў, Шчыглоў (шчыгол [3, с. 488]); Ястрабкоў; назвы рыб: Акуневіч, Карасёў, Карасік, Карпоўскі, Карпянкоў, Карпянок (ад карп [3, с. 187]), Ляшчоў (ад лешч [3, с. 251]), Плоткін, Рыбачкін, Рыбачкоў, Рыбянкоў, Судакоў (ад судак [5, с. 635]), Шчукін, Шчучкін (бел. рэг., рус, укр. шчука ‘шчупак’ [3, с. 488]), Ракаў, Рачкоў (рачко, рачок ‘памянш ад рак’ [4, с. 167]).
Словы, якія абазначаюць назвы частак цела і покрыва цела чалавека і жывёлін, сустракаюцца ў прозвішчах: Бардзюгоў, Бардзюкоў, Бардукоў (укр. бордюг, бордюх ‘бурдзюк’, ‘страўнік жывёліны’ [3, с. 42]), Бародка, Глазкоў, Дзебаў (параўн. рэг. дзёб ‘дзюба’ [3, с. 128]), Капытаў, Капытоў, Ключыненка, Ключынскі, Космыкаў (космы, косма ‘пасма валасоў’ [6, с. 159]), Костачка, Костачкін, Корхаў (устар. бел. корх ‘кулак’, ‘удар кулаком’ [3, с. 214]), Крылоў, Лапацін, Лычкоў (ад лыка ‘лыч — свіное рыла’ [6, с. 188]), Наско, Носка (ад нос [3, с. 297]), Рагавой, Ражкоў, Рогаў (ад рог [3, с. 351]), Лапін, Лапіцкі, Чачын (тат. чэч ‘волас, валасы’ [3, с. 449]) і інш.
Значная колькасць прозвішчаў утвараецца ад назваў раслін і іх частак, назваў пладоў: Арбузаў, Арэшанка, Асонаў (разм. форма ад насон ‘расліна, тое ж, што дзікі мак’ [4, с. 148]), Бакунаў, Бакуноў (ад рэг. бакун ‘сорт тытуню’ [7, с. 38]), Баравік, Баравікоў (‘назва грыба [3, с. 41]); Буракоў (ад бурак [3, с. 68]), Верасавы, Верасаў (ад верас [3, с. 85]), Вінаградаў, Галайдаў (рэг. галайда ‘назва гатунку ячменю’ [3, с. 97]), Грыбоўскі, Драп (параўн. драпа ‘дзікая рэдзька’ [6, с. 102]), Каліна, Канапелькін, Капусцін, Качанаў, Коласаў, Лапухоў, Малінаў, Малінін, Маліноўскі, Махавік (грыб ‘махавік’ [3, с. 280]), Нявейкаў, Нявейкін (рус. невейка ‘нявеенае збожжа з мякінай’ [3, с. 301]), Пастарнакаў (пастарнак ‘агародная і дзікарослая расліна з прыемным пахам, караняплод з жоўтымі кветкамі, ужываецца як прыправа’ [5, с. 449]), Прышчэпаў (прышчэп ‘прышчэпленая расліна’ [6, с. 522]), Рабіна, Ракіцкі (ад ракіта [3, с. 348]), Рамашкін, Садаў, Садкоў, Садоўскі (ад сад [3, с. 360]), Сасноўскі, Струкаў (ад струк [3, с. 393]), Шаройкін (ад рэг. шаройка ‘абдзіркі з грэчкі’ [3, с. 468]), Шышкоў, Ягадкін і інш.
Прафесіі і розныя віды дзейнасці, заняткі людзей, назвы службовых і ваенных асоб адлюстраваны ў пашыраных прозвішчах Алейнікаў (алейнік ‘той, хто робіць алей’ [3, с. 20]), Аўчыннікаў (‘аўчыннік, майстар, які вырабляе аўчыны’ [3, с. 27]), Ахотнікаў (рэг. ‘паляўнічы’ [3, с. 27]), Баброўнікаў (ст. бел. баброўнік ‘лавец баброў’ [3, с. 29]), Баннік, Баннікаў, Банны, Басаў (ад слова бас ‘самы нізкі мужчынскі голас, а таксама спявак з такім голасам’ [5, с. 83], Бліннікаў (бліннік ‘чалавек, які выпякае ці прадае бліны’ [3, с. 56]), Бондар, Бондараў (бондар ‘майстар, які робіць бочкі’ [7, с. 117]), Бортнік (‘пчаляр, які займаецца бортнымі пчоламі’ [7, с. 118]), Варажбітаў, Варажбітоў (варажбіт ‘той, хто займаецца варажбой’ [5, с. 106]), Васкабойнікаў, Васкабойны ( васкабойнік ‘той, хто робіць свечкі’ [8, с. 28]), Веракса (рус. варакса ‘пэцкаль, хаўтуршчык’, параўн. рус. вараксаться ‘пэцкацца, вазіцца’ [3, с. 82]), Ганчароў (ганчар ‘той, хто вырабляе гліняную пасуду [3, с. 101]), Грабеннікаў (грабеннік ‘чалавек, які вырабляе грэбні’ [4, с. 62]), Дворнік, Дзехцяроў (дзягцяр, дзяхцяр ‘той, хто робіць дзёгаць’ [4, с. 67]), Дудараў (ад дудар ‘музыка, які грае на дудзе’ [3, с. 139]), Жарносенка (параўн. жарнасек ‘чалавек, які насякае жорны’ [5, с. 199]), Жывадзёраў (жывадзёр ‘той, хто забівае і здымае скуру з забітай жывёлы’ [5, с. 201]), Залатароў (залатар ‘майстар па вырабу розных рэчаў з золата; ювелір’ [9, с. 235]), Званцаў (званец ‘царкоўны званар’, ‘званочак’ [4, с. 83]), Каваленка, Кавалёў, Кавалькоў, Кавальскі, Кавальчук, Кажамякін (‘аўчыннік, майстар, які вырабляе шкуры [3, с. 167]), Кажэўнікаў (устар. кажэўнік ‘гарбар’ [3, с. 168]), Казакоў (рус. рэг. казак ‘батрак, які наймаўся на год на працу’ [4, с. 90]), Казюкін (казюк ‘тульскі збройнік, які працуе на дзяржаўных заводах’ [4, с. 91]), Калеснікаў, Канавалаў, Канавальчык (ад канавал ‘знахар. які лечыць коней’ [5, с. 271]), Капачоў (ад капач [3, с. 179]), Карабельнікаў, Катляроў (катляр ‘кацельны майстар’, ‘чалавек, які вырабляе посуд з медзі і інш.’ [4, с. 107]), Кашавараў (кашавар ‘повар у воінскай часці або (уст.) у рабочай арцелі’ [5, с. 286]), Кісельнікаў (кісельнік ‘чалавек, які гатуе на продаж кісялі’ [4, с. 99]), Клікуноў (ст. бел. клікун ‘начны стораж’ [3, с. 206]), Ключнікаў (ключнік ‘слуга ў панскім маёнтку, у распараджэнні якога знаходзіліся прадукты харчавання і ключы ад месц іх захоўвання’ [9, с. 702]), Коўшар (устар. бел. ковшарь ‘майстар, які вырабляе каўшы’ [3, с. 193]), Краўцоў (ад кравец ‘спецыяліст па шыццю адзення, пераважна мужчынскага’ [5, с. 299]), Крупадзёраў, Кузняцоў, Кузнячэнка, Куратнікаў (куратнік ‘той, хто даглядае курэй’ [3, с. 232]), Кухараў, Кухарэнка, Кушнераў, Кушняроў (кушнер ‘скарняк’ [6, с. 175]), Мазайлаў (мазаць ‘той, хто мажа’ [3, с. 266]), Маставы (‘збіральнік падаткаў за праезд праз мост’ [4, с. 134]), Матросаў, Меднік (‘спецыяліст па вырабу і рамонту медных рэчаў’ [4, с. 340]), Мельнікаў, Мірошнікаў (мірошнік ‘млынар’ [4, с. 132]), Міснікаў (міснік ‘місачкін’ [3, с. 285]), Музыка, Музыкін, Музычкін, Мяснікоў, Налівайка (укр. налйвайко ‘налівальшчык, той, хто налівае’ [3, с. 296]), Партны (рэг. ‘кравец’ [3, с. 315]), Пісьменнікаў, Ратнікаў (ад ратнік ‘радавы салдат дзяржаўнага апалчэння’ [10, с. 100]), Рашэтнікаў (‘той, хто вырабляе рэшата’ [7, с. 140]), Рэзнікаў (ад укр. різник ‘прадавец мяса, мяснік’ [10, с. 101]; ад разнік ‘той, хто займаецца рэзаннем жывёлы, мяснік’ [5, с. 546]), Рубан (ад рубіць ‘секчы’ [3, с. 353]), Рудкоўскі, Рудніцкі (руднік, той, хто здабывае ці плавіць руду [3, с. 355]), Рыбакін, Рыбакоў (ад рыбак [3, с. 356]), Сальнікаў (разм. сальнік ‘гандляр салам’ [3, с. 582]), Седляраў, Седляроў (укр. сідляр ‘той, хто вырабляе сёдлы, сёдзельнік’ [3, с. 403]), Скрыпнік (рус, укр. скрипник ‘скрыпач’ [3, с. 380]), Слесараў, Смаляроў (рэг. смаляр ‘той, хто працуе ў смалярні, смалакур’ [3, с. 384]), Сталяроў, Сторажаў, Стукалаў (стукала ‘той, хто прывык стукаць чым-небудзь’ [4, с. 190]), Ткачоў, Фабрыкант, Фабрычкін, Шапавалаў (шапавал ‘майстар, які вырабляе валеннем шэрсці капелюшы і інш. рэчы’ [5, с. 754]), Шаўцоў (шавец ‘майстар па шыццю і рамонту абутку’ [5, с. 753]) Швараў (швар ‘кравец’ [4, с. 225]), Шведаў, Швец (швед, швец ‘кравец’ [4, с. 225]), Шкляраў, Шкляроў, Шклярэўскі (шкляр ‘работнік шкляной прамысловасці’ [5, с. 758]), Школьнік (ст. бел. ‘кіраўнік школы’ [3, с. 475]), Шорнікаў (рэг, рус. шорнік ‘рымар’ [3, с. 479]), Шынкароў, Шынкарэнка (шынкар ‘уладальнік шынка’ [5, с. 768]) і інш.
Не засталіся не заўважанымі і прылады працы чалавека, прадметы бытавога ўжытку і іх часткі, назвы: Абуховіч (абух ‘тупая частка сякеры, процілеглая лязу’ [4, с. 145]), Абушэнка (абух [3, с. 16]), Барылаў (ст. бел. барила ‘бочачка’ [3, с. 43]), Болцікаў, Брундукоў (рус. брундук ‘адна з вяровак парусных снасцей’ [3, с. 61]), Булаўка (булава ‘кароткае жазло з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара’ [5, с. 96]), Гакаў (гак ‘востры шып у падкове’ [5, с. 140]), Голікаў (голік ‘венік без лісця’ [4, с. 59]), Гунькоў (рэг. гунька ‘пакрывала на каня’ [3, с. 121]), Жыгалкін (рэг. жыгала ‘металічны прут, якім кавалі выпальваюць дзіркі ў дрэве’ [3, с. 149]), Зыбін (зыба, зыбка ‘калыска’ [6, с. 125]), Кадушкін (кадушка ‘невялікая кадзь’ [5, с. 262]), Камкоў (камка ‘шаўковая тканіна’ [6, с. 133]), Капылоў (капыл ‘нешта вертыкальнае, напрыклад, брусок, які злучае палазы з санямі’ [4, с. 105]), Каробушка, Каробушкін (памянш. каробушка ад каробка [3, с. 186]), Клецаў (рэг. клёц ‘зуб бараны’ [3, с. 206]), Кужалеў, Кужэльны (кужаль ‘валакно ачэсанага лёну, а таксама ніткі з такога валакна’ [5, с. 306]), Куўшынаў, Лемешаў (ад лемеш ‘рэжучая частка плуга’ [10, с. 62]), Лубачкін (бел. лубка ‘кошык з луба, лубянка’ [3, с. 257]), Лямцаў, Лямцоў (лямец ‘тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з шэрсці, воўны’ [5, с. 325]), Папруга, Папругін, Папружкін (папруга ‘частка збруі для ўмацавання падсядзёлка на спіне каня’ [5, с. 439]), Рагачоў (рэг. рагач ‘ражон, палка’ [3, с. 345]), Скоблікаў (скобель ‘цяслярская прылада для скаблення’ [4, с. 183]), Судніковіч (рэг. суднік ‘шафа для кухоннай пасуды’ [3, с. 397]), Сундукоў (ад сундук [3, с. 398]), Табакін (разм. табака ‘тое, што і тытунь’ [5, с. 649]), Тачылаў, Тачылін, Тачылкін (тачыла ‘тачыльны камень, а таксама станок для навострывання рэжучых інструментаў’ [5, с. 655]), Файкін, Файкоў (бел. рэг., рус. файка ‘люлька’ [3, с. 423]), Хатылеў (рэг. хатыль ‘катомка’, ‘кошык з бяросты’ [3, с. 428]), Чашаў, Чашачкін, Чашын, Шыцікаў (ад рус. рэг. шыцік ‘разнавіднасць лодкі на Поўначы і ў Сібіры’ [10, с. 171]), Шустаў (рус., укр. шуст ‘прыстасаванне для выраўнівання ствала стрэльбы’ [3, с. 485]) і інш.
Словы, якія абазначаюць хатнія рэчы, адзенне, абутак, ежу, стравы, напіткі, таксама складаюць даволі вялікі пласт і сустракаюцца ў наступных прозвішчах: Бурсаў (рус. бурс, бурса ‘персідская шаўковая тканіна’ [3, с. 70]), Кожанаў (кожан ‘адзенне з мяккай скуры, без шэрсці’ [6, с. 146]), Шкуратаў (ад рус. рэг. шкурат ‘кавалак старой скуры’ [10, с. 172]); Балахонаў (балахон ‘халат шырокага крою, які раней насілі сяляне, а таксама (разм.) наогул шырокая бясформенная вопратка’ [5, с. 80]), Башмакоў, Бурносаў (бел. устар. бурнос ‘плашч’ [3, с. 70]), Калпак (каўпак ‘галаўны ўбор конусападобнай, авальнай або іншай формы’ [5, с. 285]), Каптуроў (каптур ‘жаночы і дзіцячы галаўны ўбор’ [3, с. 180]), Лапцееў, Лапцейкін, Лапцеў (ад лапаць ‘абутак з лыка’ [3, с. 246]), Рубаха, Самаркоў (рус. рэг. самара, самарка ‘доўгае, даўгаполае адзенне’ [3, с. 364]), Цеплякоў (магчыма ад рэг. цеплякі ‘валёнкі’ [5, с. 131]), Чугаеў (ст. бел. чугай ‘плашч ці епанча татарскага фасону’ [3, с. 451]), Чулкоў (рус. чулок ‘панчоха’ [3, с. 452]), Шубін, Шубкін; Балабка, Балабкоў (балабка, балаба ‘хлеб, калабок, бохан’ [4, с. 26]), Баршчоў, Бублікаў (бублік ‘абаранак’ [3, с. 63]), Букатаў (рэг. букатка ‘булка хлеба’ [3, с. 66]), Булкін (булка ‘хлеб з пшанічнай мукі; белы хлеб’ [5, с. 96]), Верашчака (рэг. верашчака ‘мачанка’ [3, с. 85]), Гушча (гушча ‘густая поліўка’ [4, с. 64]), Калачоў (калач ‘пшанічны хлеб, выпечаны ў выглядзе замка з дужкай’ [5, с. 265]), Караваеў, Каржоў, Кельбас (польск. kielbas ‘каўбаса’ [3, с. 199]), Кісялёў, Кнышаў (рус. кныш ‘перапечка з маслам, здобная булачка’ [3, с. 209]), Крупень (параўн. крупеня ‘крупяны суп’ [5, с. 302]), Крупскі, Кукін (кука ‘кулак’, ‘пірог з кашай’ [6, с. 169]), Кулага, Кулагін (рус, укр. кулага ‘страва з мукі’ [3, с. 228]), Кулажанка (рэг. кулага ‘страва з мукі’ [3, с. 228]), Куляшоў (‘густая мучная або крупяная каша з салам’ [5, с. 306]), Лапуноў (рэг. лапун ‘перапечка, праснак з бульбы і мукі’ [3, с. 245]), Лапшынаў (ад лапша [3, с. 246]), Маслаў, Маслакоў, Палюхін (бел. палюхі ‘клёцкі з дранай бульбы’ [3, с. 311]), Піражкоў, Помазаў (рэг. помаз ‘падмазка’ [3, с. 329]), Сайкоў (ад сайка ‘белы хлеб’, ‘невялікая рыба, род навагі’ [6, с. 277]), Саламацін (саламата ‘народная страва: кісель або рэдкая каша з мукі з салам ці маслам’ [4, с. 176]), Сушчаў, Сушчынскі (рус. сущ, сущик ‘сушаная дробная рыба’ [3, с. 401]), Цеста, Юшкевіч, Юшкін (юшка ‘заглушка ў коміне’, ‘сок ад чаго-небудзь варанага, жыжка, жыдкая частка стравы, навар з мяса ці рыбы, суп з бульбай, рыбны суп’ [3, с. 497]); Гераловіч (параўн. літ. geralas ‘напітак, пітво’ [3, с. 107]), Кулагаў (ад рус. кулага ‘напой з соладу, падобны на піва’ [10, с. 59]), Расолаў (расол ‘вадкасць, насычаная сокамі засоленых у ёй прадуктаў’ [3, с. 552]) і інш.
Шырока прадстаўлены ў прозвішчах Калінкавіцкага раёна фізічныя і разумовыя характарыстыкі чалавека, асаблівасці характару, яго схільнасці і прывычкі: Астравух (‘які добра чуе, мае вострае вуха’ [3, с. 25]), Бабак (рэг. ‘дурань, безгаловы чалавек’ [3, с. 28]), Басалыка (параўн. рус. басалыга ‘франт, фарсун’, ‘свавольнік, гарэза’ [3, с. 44]), Батурка (памянш. ад батура ‘балагур, пустамеля’ [3, с. 45]), Белавусаў, Белік, Белы, Белякоў, Белянкоў, Брытаў (рус. брить ‘голены ці коратка пастрыжаны чалавек’ [3, с. 62]), Буйневіч (ад буйны [3, с. 65]), Галавачоў (‘адгалавач, галаваты’ [3, с. 96]), Гарэлік, Гарэлікаў, Гладкі, Гладчанка, Гладкоў (ад разм. гладкі ‘сыты, адкормлены’ [5, с. 151]), Глазуноў (глазун ‘зіркасты’ [4, с. 58]; глазун ‘разява, гультай’ [6, с. 79]), Глухаў, Глушачэнка (‘глухі’ [3, с. 111]), Грамыка (ад гром, грымець, г.зн. ‘чалавек з гучным голасам’ [7, с. 122]), Грыбанаў (грыбака, грыбач, грыбуня ‘таўстагубы’ [4, с. 62]), Губанаў, Губарэвіч, Губкін (ад губа, губан ‘губаты’ [3, с. 119]), Даўгайла (‘высокі чалавек’ [3, с. 126]), Даўгіх, Даўгулёў (даўгуль ‘высокі чалавек’ [3, с. 127]), Доўгі, Дзюбанаў, Дзюбін, Дзюбкачоў (дзюбан ‘насаты, з вялікай дзюбай’ [3, с. 131]), Жаўтаногаў, Жаўтаногі, Карзуноў (карзун ‘чалавек, у якога адсутнічаюць пярэднія зубы’ [4, с. 105]), Кароткі, Каротчанка, Каротчыкаў, Караткевіч (ад кароткі [3, с. 187]), Касмакоў, Касмачоў, Касмачэўскі (касмач ‘чалавек з доўгімі ўзлахмачанымі пасмамі валасоў’ [5, с. 283]), Кіслякоў (кісляк ‘кіслы, вялы, хваравіты’ [4, с. 99]), Клюеў (клюй ‘чалавек з доўгім, арліным носам’ [4, с. 100]), Краснашчокаў, Крывашэй, Крываногаў, Крываносаў, Крыўцоў (крывец ‘крывы, г.зн аднавокі чалавек’ [4, с. 109]), Кудлянкоў (ад разм. кудлы ‘доўгія скалмачаныя пасмы валасоў’ [5, с. 306]), Кудраўскі (рэг. кудравы, кудрач ‘кучаравы’ [3, с. 226]), Куцепаў (цюрк. куцеп ‘каратканогі’ [4, с. 114]), Кучаравенка (‘кучаравы’ [3, с. 237]), Лунеў, Лунёў (лунь ‘сівавалосы чалавек’ [4, с. 123]), Лысы, Лысякоў, Ляўшоў (ад ляўша [3, с. 264]), Малажаўскі (рэг. малажавы ‘маладжавы’ [3, с. 270]), Малагубаў, Малееў, Малей (‘малы, невялікага росту’ [3, с. 270]), Малюгін, Малюшын (‘малы’ [3, с. 272]), Маргуноў, Набокін (набокі ‘крывабокі’ [4, с. 137]), Надтачаеў, Надтачэеў (параўн. бел. надтачыць ‘падоўжыць што-небудзь, зрабіць даўжэйшым’ [3, с. 295]), Рабенькі, Рабы, Рагінскі (літ raginis ‘рагавы’ [3, с. 345]), Райкоў (рус. райкий ‘гучны, зычны’ [4, с. 166]), Рослікаў (рослік ‘рослы’ [3, с. 352]), Рудзькоў (‘руды, рыжы чалавек; укр. рудько мянушка, рыжая, дамашняя жывёла’ [3, с. 354]), Руды, Рыжанкоў (‘рыжы’ [3, с. 356]), Русакоў, Салагубаў (рэг. ‘чалавек з тоўстымі заўсёды мокрымі губамі’ [3, с. 362]), Салтыкоў (ад татар, салтык ‘кульгавы’ [4, с. 176]), Сівакоў, Сівалобцаў, Сілаеў (сілай ‘сілач, асілак’ [3, с. 374]), Сінягрыбаў (са спалучэння з сінімі грыбамі (губамі) [3, с. 374]), Суглоб (рэг. суглоб ‘гарбаты чалавек’ [3, с. 396]), Суханаў (сухан ‘худы, сухі’ [4, с. 191]), Сучкоў (сучок ‘нізенькі, сухі чалавек’ [4, с. 191]), Сядоў (рус. седой, ‘сівы’ [3, с. 403]), Таўсцянкоў, Усачоў (рус. усач ‘вусач’ [3, с. 422]), Ушанок (рус. ушан ‘чалавек ці жывёліна з вялікімі вушамі’ [3, с. 422]), Храмееў, Храмцоў, Храмянкоў (рус. хромец ‘кульгавы’ [3, с. 433]), Целепнеў, Целяпнёў (целепень ‘няскладны, нязграбны чалавек’ [3, с. 437]), Чарняк, Чарняўскі (ад ‘чарнявы’ [3, с. 448]), Чарноў, Чарнышэвіч (рус. черныш ‘смуглы, чарнявы чалавек’ [3, с. 448]), Чарнавусаў, Шаўкуноў (рэг. шаўкун ‘той, хто шамкае, невыразна гаворыць з-за адсутнасці зубоў’ [3, с. 471]), Шмаргуноў (рэг. шмаргун ‘той, хто шморгае носам’ [3, с. 478]), Шульгін (шульга ‘ляўша’ [4, с. 229]), Шыраеў (шырай ‘шыракаплечы’ [4, с. 228]); Алымаў (рэг. алым ‘прасцяк’ [6, с. 13]), Батурын (батура ‘упарты, незгаворлівы’ [4, с. 28]; батура ‘вартавая вежа’, батыр ‘асілак, волат’ [6, с. 28]), Башылаў (башыла ‘свавольнік’, ‘дураслівец’ [4, с. 31]), Буянкоў (ад буян, дэбашыр [3, с. 74], Гатальскі (параўн. рэг. гаталяй ‘гультай’ [3, с. 106]), Глазуноў (рус. глазун ‘разявака, той, хто без справы ходзіць і разглядвае’ [3, с. 110]), Глотаў (глот ‘крыўдзіцель, вымагальнік’ [4, с. 58]; глот ‘скнары чалавек, п’яніца’ [6, с. 79]), Гуз, Гузанаў, Гузоўскі (гуза ‘непаваротлівы, няспрытны’ [4, с. 64]), Драчоў (драч ‘задзіра, крыўдзіцель’ [4, с. 69], Дзеравяшкін (дзеравяга ‘цурбан, балван, дурань’ [6, с. 90]), Дзівакоў (дзівак ‘чалавек з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі’ [5, с. 178]), Дзікароў (ад дзікар ‘нелюдзімы чалавек’ [3, с. 130]), Дзюндзікаў (рэг. дзюндзік ‘п’яніца’, ‘гультай’ [3, с. 131]), Зацееў (зацей ‘выдумшчык, пачынальнік’ [3, с. 158]), Зубараў, Зубкоў (ад зуб; ‘той, хто ўвесь час паказвае зубы, кпіць над іншымі’ [4, с. 85]), Зуеў, Зыкаў (‘чалавек з гучным голасам’ [4, с. 85]), Кепін (рэг. кеп ‘дурань, дурны’ [3, с. 199]), Козыраў (козыр ‘чалавек храбры’, ‘франт, фарсун’ [4, с. 101]), Круцялёў (‘хітрун, махляр’ [5, с. 302]), Курака (параўн. цюрк. курак ‘скупы, прагны, задумлівы, летуценнік’ [4. с. 113]), Куракін (ад цюрк. курак ‘сухі, задумлівы, або скупы чалавек’ [1, с. 47]), Лынькоў (рус. лынь ‘гультай, хто ўцякае ад справы, бадзяга’ [3, с. 260]), Любезны (рус. Любезный ‘ласкавы, мілы, ветлівы’ [3, с. 261]), Мануйлаў (рус. Мануйла ‘абманшчык, той, хто ўмее выманіць’ [3, с. 274]), Марачкоў (рус. марач ‘той, хто пэцкае’ [3, с. 275]), Марчанка (параўн. рэг. марчыць ‘мучыць тугою’ [3, с. 277]), Налётаў (налёт ‘крыўдзіцель’ [4, с. 138]), Недаростак, Недаросткаў, Папсуеў (папсуй ‘той, хто псуе’ [3, с. 314]), Пералыгін (пералыга ‘той, хто распаўсюджвае весткі ў скажоным выглядзе’ [4, с. 152]), Піскуноў (піскун ‘той, хто часта пішчыць’ [5, с. 477]), Плаксін (плакса ‘пра таго, хто любіць скардзіцца, наракаць’ [5, с. 478]), Прастакоў (рэг. прастак ‘прасцяк, просты чалавек’ [3, с. 332]), Разумаў, Рогачаў (рогач ‘магутны або ўпарты чалавек’ [4, с. 168]), Сакуноў (рэг. сакун ‘той, хто вымаўляе [с] замест іншых гукаў ці цвёрдае [с] замест мяккага’ [3, с. 361]), Самахвалаў, Саранкоў (тат., кірг. ‘скупы, прыжымісты, прагны чалавек’ [3, с. 366]), Сігаеў (параўн. рус. сигала, сигун, сигач ‘скакун, прыгун’ [3, с. 373]), Смірноў (ад ‘смірны’ [3, с. 384]), Сулікаў, Сулікоў (параўн. рэг. сулік ‘абяцанка, абяцанне’, ‘пажаданне’ [3, с. 398]), Сычоў (ад сыч ‘маўклівы, пануры чалавек’ [5, с. 646]), Трусаў (‘палахлівы чалавек’, ‘заяц’, ‘трус’ [4, с. 199]), Тульжанкоў (параўн. бел. туляга ‘той, хто туляецца’ [3, с. 417]), Філонаў (жарг. Філон ‘гультай’ [3, с. 423]), Хазаў (хаз ‘франт, фарсун, марнатравец’ [4, с. 209]), Хамулькін (параўн. хамуль ‘хам’ [3, с. 427]), Харашуноў, Хахелька (рус. хахель ‘абманшчык, які прыкідваецца прыстойным чалавекам’ [3, с. 429]), Цікавец (ад цікавы [3, с. 438]), Ціханаў, Ціхановіч (ціхан ‘ціхі, ціхоня’ [3, с. 438]), Цымбалаў (рэг. цымбал лайл. жарт ‘грыбазвон’ [3, с. 441]), Цюрыкаў (ад рус. дзеяслова тюрить ‘хлусіць, блытаць’ [10, с.142]), Чванькоў (параўн. укр. чванько, чванька ‘ганарлівец, задавака’ [3, с. 449]), Чваркоў (параўн. бел. рэг. чвэра ‘гаварун’ [3, с. 450]), Шастапалаў (ад рус. шестопалый ‘з шасцю пальцамі’ [10, с. 167]), Шахраеў (укр. шахрай ‘ашуканец, круцель, махляр’ [3, с. 472]), Шаціла, Шацілаў (рэг. шаціла ‘той, хто шатаецца, ходзіць без справы, бадзяга’ [3, с. 472]), Шкрэдаў (рэг. шкрэд ‘задзіра, упарты чалавек’ [3, с. 475]), Шчарбакоў (ад шчарбак ‘чалавек з тварам, на якім бачны сляды воспы, або чалавек, які не мае зуба’ [10, с. 183]), Шэметаў (ад рус. рэг. шэмет ‘вельмі хуткі (у хадзьбе і працы); бадзяга’ [10, с. 166]), Юдовіч (юда ‘здраднік; каварны чалавек, хітрун’ [3, с. 496]), Юркоў (ад юркі ‘хуткі, жвавы, паваротлівы’ [10, с. 186]) і інш.
Словы, якія абазначаюць асоб па сваяцтву ці па становішчы ў сям’і, па становішчы ў грамадстве, у калектыве, можна сустрэць у прозвішчах: Адзінцоў (адзінец ‘адзінокі чалавек, бабыль’ [4, с. 146]), Асадчы (укр. осадчий ‘асаднік, першапасяленец, заснавальнік паселішча’ [3, с. 24]), Бабін, Бабкоў, Багатыроў, Багачоў, Байцоў, Басякоў (басяк ‘прадстаўнік дэкласаваных слаёў насельніцтва’ [5, с. 83]), Батракоў (батрак ‘наёмны рабочы’ [3, с. 45]), Баярчанка (рэг. баяр, баярын ‘буйны землеўладальнік, які належаў да вярхоў пануючага класа’ [5, с. 84]), Беспразванны (‘які не мае прозвішча’ [3, с. 53]), Блізнічэнка (ад блізкі [3, с. 55]), Боцман, Варывода (рэг. ‘бедны чалавек’ [7, с. 119]), Ваявода (ваявода ‘на тэрыторыі Заходняй Беларусі з 1920 да 1939 і ў Польшчы: кіраўнік ваяводства’ [5, с. 108]), Воінаў, Войтаў, Войцік (ст. бел. войт ‘старшыня мяшчанскага ці магдэбургскага суда’, ‘наглядчык за прыгоннымі, прыганяты, прызначаны з сялян памешчыкам’ [3, с. 89]), Гайдук (ад гайдук ‘паўстанец-партызан на Балканах і ў Венгрыі ў эпоху турэцкага ўладальніцтва, або слуга, выязны лакей часоў прыгоннага права’ [5, с. 140]), Гаруноў (рус. горюн ‘гаротнік’ [4, с. 61]), Гараднічы (‘начальнік горада (у Расіі да сярэдзіны 19 ст.)’ [5, с. 144]), Гарэлаў (гарэлымі называлі людзей-пагарэльцаў [4, с. 60]), Гарэленка (ад гарэлы [3, с. 1051), Дворкін (рэг. дварак, ‘шляхціч’ [3, с. 128]), Дзедзік, Дзядоў, Дзедаў (ад дзед [3, с. 128]), Дзякаў (дзяк ‘у праваслаўнай царкве: ніжэйшы служыцель, які не мае ступені свяшчэнства; псаломшчык’ [5, с. 179]), Дзяржаўскі (параўн. ст. бел. державца ‘правіцель вобласці’, ‘часовы ўладальнік’ [3, с. 132]), Дольнікаў (уст. дольнік ‘удзельнік долі’ [3, с. 134]), Жалдак (рус. форма желдак, або жолдак ‘салдат, воін’ [4, с. 77]), Жданаў (імя Ждан бацькі давалі доўгачаканаму жаданаму сыну [4, с. 77]), Жыхараў (жыхар ‘той, хто жыве ў памяшканні, жылец’ [5, с. 202]), Засядацелеў, Казакевіч (казак ‘даўней на Украіне і ў Расіі: член ваенна-земляробчай абшчыны пасяленцаў на ўскраінах дзяржавы, якія актыўна ўдзельнічалі ў абароне дзяржаўных граніц’ [5, с. 263]), Іназемцаў (іназемец ‘іншаземец’ [3, с. 164]), Кадзетаў, Камісараў (камісар ‘службовая асоба, чыноўнік, якому давалася адказнае даручэнне’ [4, с. 103]), Каплан (рэг. ‘капелан’ [3, с. 180]), Каралеў, Кароль, Катлабай (з тат. котлы ‘шчасце’ і бай ‘багаты’ [3, с. 192]), Католікаў, Князеў, Коханаў (рус. коханый ‘каханы’ [4, с. 107]), Ксяндзоў, Купцоў, Купчык, Купчыкаў (ад купец [3, с. 232]), Маёраў, Маёрчык, Малышэўскі (ад малыш [3, с. 272]), Манастырскі, Навасёлаў (навасёл ‘новы пасяленец, жыхар’ [5, с. 358]), Невядомы, Нечаеў (нечай ‘той, каго не чакалі’ [4, с. 142]), Новікаў (ад новік ‘новы жыхар, які аднекуль прыйшоў’ [10, с. 82]), Пазнякоў (рус. поздняк ‘апошняе дзіця ў старых бацькоў, ці дзіця, якое нарадзілася праз доўгі час пасля папярэдняга’ [3, с. 308]), Панкоў, Панкоўскі, Панчанка, Панчыкаў, Паноў (ад пан [3, с. 313]), Попчанка (ад поп [3, с. 329]), Прывалаў (параўн. рус. привал ‘прымак’ [3, с. 334]), Прыходзька (‘той, хто прыйшоў, прышлы’ [3, с. 336]), Салдаценка, Самажонаў, Самажэнаў (са спалучэння сам жэніцца [3, с. 364]), Скарабагаты (рус. скоробогат ‘хто скора разбагацеў’ [3, с. 376]), Спасенікаў, Спасенка, Спасенкаў, Спасянкоў (магчыма ад спасены ‘выратаваны, уратаваны’ [3, с. 388]), Старавойтаў, Старасотнікаў, Старасценка (ад стараста [3, с. 390]), Страдаеў (магчыма, ‘той, хто шмат пакутаваў’; страда ‘гарачая пара для працы’ [6, с. 301]), Субоцін (‘дзіця, якое нарадзілася ў суботу’ [4, с. 190]), Судараў, Сяржантаў, Траянаў (укр. троян ‘бацька траіх блізнят’ [10, с. 413]), Удовін (ад удава [3, с. 420]), Хрычкоў (рэг. лайл. ‘стары хрыч, стары чорт’ [3, с. 434]), Худзякоў (худзяк ‘бедны чалавек’ [6, с. 344]), Царанкоў, Царыкаў, Цуранкоў (параўн. рэг. цурацца ‘адракацца, выракацца’ [3, с. 439]), Чарнецкі (чарнец ‘манах’ [5, с. 744]), Шляхцінцаў і інш.
Аналіз вышэй разгледжаных прозвішчаў дае нам магчымасць сцвярджаць, што самай прадуктыўнай матывацыйнай базай для ўтварэння прозвішчаў Калінкавіцкага раёна з’яўляецца апелятыўная лексіка, якая прадстаўлена разнастайнымі лексіка-семантычнымі групамі. Найбольш пашыранымі з’яўляюцца прозвішчы, што ўтварыліся ад прафесій, фізічных і разумовых характарыстык чалавека, асаблівасцей характару, яго схільнасцей і прывычак, назваў расліннага і жывёльнага свету. Менш пашыраны прозвішчы, што ўтварыліся ад прадуктаў харчавання, геаграфічных назваў.
Літаратура
- Суперанская, А.В. Современные русские фамилии / А.В. Суперанская, А.В. Суслова; под. ред. Ф.П. Филина. — Москва: Наука, 1981. — 176 с.
- Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы / М.В. Бірыла. — Мінск: «Навука і тэхніка», 1966. — 327 с.
- Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М.В. Бірыла. — Мінск: «Навука і тэхніка», 1969. — 508 с.
- Федосюк, Ю.А. Русские фамилии: Популярный этимологический словарь / Ю.А. Федосюк. — Москва: Детская литература, 1980. — 239 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65000 слоў / пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко; афармленне A.M. Хількевіча. — 3-е выд. — Мінск: БелЭн, 2002. — 784 с.
- Веселовский, С.Б. Ономастикой. Древнерусские имена, прозвища и фамилии / С.Б. Веселовский. — Москва: «Наука», 1974. — 382 с.
- Усціновіч, Г.К. Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны (XIV-XVIII стст.) / Г.К. Усціновіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1975. — 175 с.
- Федосюк, Ю.А. Что означает ваша фамилия? / Ю.А. Федосюк. — 3-е изд. — Москва: Флинта: Наука, 2008. — 88 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. — Мінск: Гал. рэд. Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1978. — Т. 2. Г-К. — 768 с.
- Никонов, В.А. Словарь русских фамилий / В.А. Никонов; сост. Е.Л. Крушельницкий. — Москва: Школа-Пресс, 1993. — 224 с.
Аўтар: У.А. Бобрык
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. — 2019 . — № 1 (112). — Ст. 58-63.