У апошні час моваведамі звернута асаблівая ўвага на даследаванне гісторыі і этымалогіі беларускіх антрапонімаў (імён і прозвішчаў). Гэта звязана з тым, што антрапанімічная лексіка з’яўляецца важнейшай даследчай базай для такіх навук, як гісторыя мовы, гістарычная лексікалогія і этымалогія.
Прозвішча мае свае спецыфічныя асаблівасці. У самым агульным плане можна сказаць, што гэта атрыманае ў спадчыну імя цэлай сям’і, «устойлівае і нязменнае не менш, — як адзначае Васіль Шур, — чым у трох пакаленнях» [11, с. 31]. У наш час прозвішча — гэта юрыдычна ўзаконенае найменне чалавека.
Намі сабрана і прааналізавана каля дзвух тысяч прозвішчаў жыхароў Добрушскага раёна. Фактычны матэрыял сведчыць, што ўсе прозвішчы паходзяць ад двух класаў лексікі: адапелятыўнага і аданамастычнага паходжання. Найбольш прадуктыўна ў якасці матывацыйнай базы задзейнічана апелятыўная лексіка.
Багацце і стракатасць асноў прозвішчаў адапелятыўнага паходжання жыхароў Добрушскага раёна нагадваюць энцыклапедыю мовы. Яны адлюстроўваюць дачыненне чалавека да навакольнага асяроддзя і разнастайных заняткаў, сведчаць аб стане сацыяльнага і культурнага жыцця грамадства ў пэўны гістарычны перыяд, даносяць характар узаемаадносін паміж людзьмі.
Шырока прадстаўлены ў прозвішчах Добрушскага раёна фізічныя і разумовыя характарыстыкі чалавека, асаблівасці характару, яго схільнасці і прывычкі: Бабак (рэг. ‘дурань, безгаловы чалавек’ [3, с. 28]), Барадзін (ад барада [3, с. 41]), Басалыка (параўн. рус. басалыга ‘франт, фарсун’, ‘свавольнік, гарэза’ [3, с. 44]), Батурка (памянш. ад батура ‘балагур, пустамеля’ [3, с. 45]), Буйневіч (ад буйны [3, с. 65), Галавач, Галавачэнка (‘ад галавач, галаваты’ [3, с. 96]), Гладкоў (ад разм. гладкі ‘сыты, адкормлены’ [6, с. 151]), Глазуноў (глазун ‘зіркасты’ [9, с. 58]; глазун ‘разява, гультай’ [4, с. 79]), Глушак, Глушакоў (‘глухі’ [3, с. 111]), Грамыка (ад гром, грымець, г. зн. ‘чалавек з гучным голасам’ [8, с. 122]), Грыбанаў (грыбака, грыбач, грыбуня ‘таўстагубы’ [9, с. 62]), Губарэвіч, Губкін (ад губа, губан ‘губаты’ [3, с. 119]; губа ‘вобласць, акруга’ [4, с. 90]), Даўгайла (‘высокі чалавек’ [3, с. 126]), Даўгулёў (даўгуль ‘высокі чалавек’ [3, с. 127]), Дзюбкачоў, Дзюбко (дзюбан ‘насаты, з вялікай дзюбай’ [3, с. 131]), Карзуноў (карзун ‘чалавек, у якога адсутнічаюць пярэднія зубы’ [9, с. 105]), Каратай, Караткевіч (ад кароткі [3, с. 187]), Касмакоў (касмач ‘чалавек з доўгімі ўзлахмачанымі пасмамі валасоў’ [6, с. 283]), Кіслякоў (кісляк ‘кіслы, вялы, хваравіты’ [9, с. 99]), Клюеў (клюй ‘чалавек з доўгім, арліным носам’ [9, с. 100]), Крыўцоў (крывец ‘крывы, г. зн аднавокі чалавек’ [9, с. 109]), Кудлянкоў (ад разм. кудлы ‘доўгія скалмачаныя пасмы валасоў’ [6, с. 306]), Кудраўскі (рэг. кудравы, кудрач ‘кучаравы’ [3, с. 226]), Лунеў, Лунёў, Лунькоў (лунь ‘сівавалосы чалавек’ [9, с. 123]), Ляўшоў (ад ляўша [3, с. 264]), Малажаўскі (рэг. малажавы ‘маладжавы’ [3, с. 270]), Малей (‘малы, невялікага росту’ [3, с. 270]), Райкоў (рус. райкий ‘гучны, зычны’ [9, с. 166]), Рослік, Рослікаў (рослік ‘рослы’ [3, с. 352]), Руды, Рудэнка, Рыжанкоў (‘рыжы’ [3, с. 356]), Салагубаў (рэг. ‘чалавек з тоўстымі заўсёды мокрымі губамі’ [3, с. 362]), Сілаеў (сілай ‘сілач, асілак’ [3, с. 374]), Суглоб (рэг. суглоб ‘гарбаты чалавек’ [3, с. 396]), Суханаў (сухан ‘худы, сухі’ [9, с. 191]), Сядоў (рус. седой, ‘сівы’ [3, с. 403]), Ушанок (рус. ушан ‘чалавек ці жывёліна з вялікімі вушамі’ [3, с. 422]), Храмянкоў (рус. хромец ‘кульгавы’ [3, с. 433]), Целепнеў, Целяпнёў (целепень ‘няскладны, нязграбны чалавек’ [3, с. 437]), Чарняўскі (ад ‘чарнявы’ [3, с. 448]), Чарныш, Чарнышоў, Чарнышэвіч (рус. черныш ‘смуглы, чарнявы чалавек’ [3, с. 448]), Чубараў, Чубароў (параўн. рус. чубарий (аб масці) ‘з цёмнымі лапінамі па светлай шэрсці’ [3, с. 451]), Шаўкуноў (рэг. шаўкун ‘той, хто шамкае, невыразна гаворыць з-за адсутнасці зубоў’ [3, с. 471]), Шмаргуноў (рэг. шмаргун ‘той, хто шморгае носам’ [3, с. 478]), Шульга, Шульгін (шульга ‘ляўша’ [9, с. 229]), Шыраеў (шырай ‘шыракаплечы’ [9, с. 228]); Алымаў (рэг. алым ‘прасцяк’ [4, с. 13]), Батура, Батурын (батура ‘упарты, незгаворлівы’ [9, с. 28]; батура ‘вартавая вежа’, батыр ‘асілак, волат’ [4, с. 28]), Башылаў (башыла ‘свавольнік’, ‘дураслівец’ [9, с. 31]), Буянкоў (ад буян, дэбашыр [3, с. 74], Гатальскі (параўн. рэг. гаталяй ‘гультай’ [3, с. 106]), Глазуноў (рус. глазун ‘разявака, той, хто без справы ходзіць і разглядвае’ [3, с. 110]), Гуз, Гузоўскі (гуза ‘непаваротлівы, няспрытны’ [9, с. 64]), Драчоў (драч ‘задзіра, крыўдзіцель’ [9, с. 69], Дзеравяшкін (дзеравяга ‘цурбан, балван, дурань’ [4, с. 90]), Дзівакоў (дзівак ‘чалавек з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі’ [6, с. 178]), Дзюндзікаў (рэг. дзюндзік ‘п’яніца’, ‘гультай’ [3, с. 131]), Зубаў, Зубах, Зубкоў (ад зуб; ‘той, хто ўвесь час паказвае зубы, кпіць над іншымі’ [9, с. 85]), Зуеў, Зыкаў (‘чалавек з гучным голасам’ [9, с. 85]), Козыр, Козыраў (козыр ‘чалавек храбры’, ‘франт, фарсун’ [9, с. 101]), Круцень, Круцялёў (‘хітрун, махляр’ [6, с. 302]), Курака (параўн. цюрк. курак ‘скупы, прагны, задумлівы, летуценнік’ [9. с. 113]), Куракін (ад цюрк. курак ‘сухі, задумлівы, або скупы чалавек’ [1, с. 47]), Лынькоў (рус. лынь ‘гультай, хто ўцякае ад справы, бадзяга’ [3, с. 260]), Любезны (рус. любезный ‘ласкавы, мілы, ветлівы’ [3, с. 261]), Мануйлаў (рус. мануйла ‘абманшчык, той, хто ўмее выманіць’ [3, с. 274]), Марачкін, Марачкоў (рус. марач ‘той, хто пэцкае’ [3, с. 275]), Марчанка (параўн. рэг. марчыць ‘мучыць тугою’ [3, с. 277]), Непша (параўн. ст. рус. непьщати ‘сумнявацца’ [3, с. 299]), Піскуноў (піскун ‘той, хто часта пішчыць’ [6, с. 477]), Плаксін (плакса ‘пра таго, хто любіць скардзіцца, наракаць’ [6, с. 478]), Рогачаў (рогач ‘магутны або ўпарты чалавек’ [9, с. 168]), Сакуноў (рэг. сакун ‘той, хто вымаўляе [с] замест іншых гукаў ці цвёрдае [с] замест мяккага’ [3, с. 361]), Сігаеў (параўн. рус. сигала, сигун, сигач ‘скакун, прыгун’ [3, с. 373]), Смірноў (ад ‘смірны’ [3, с. 384]), Сыч (ад сыч ‘маўклівы, пануры чалавек’ [6, с. 646]), Трусаў (‘палахлівы чалавек’, ‘заяц’, ‘трус’ [9, с. 199]), Тульжанкоў (параўн. бел. туляга ‘той, хто туляецца’ [3, с. 417]), Філонаў (жарг. філон ‘гультай’ [3, с. 423]), Харашуноў, Хахелька (рус. хахель ‘абманшчык, які прыкідваецца прыстойным чалавекам’ [3, с. 429]), Ціхановіч (ціхан ‘ціхі, ціхоня’ [3, с. 438]), Цуканаў (ад цукан ‘дыялектная група людзей, якія вымаўляюць [ц] замест [ч’] [5, с. 153]), Цымбалаў (рэг. цымбал лайл. жарт ‘грыбазвон’ [3, с. 441]), Цюрыкаў (ад рус. дзеяслова тюрить ‘хлусіць, блытаць’ [5, с. 142]), Частпухін (ад чыстуха ‘ахайны’ [9, с. 216]), Чванькоў (параўн. укр. чванько, чванька ‘ганарлівец, задавака’ [3, с. 449]), Чваркоў (параўн. бел. рэг. чвэра ‘гаварун’ [3, с. 450]), Шастапалаў (ад рус. шестопалый ‘з шасцю пальцамі’ [5, с. 167]), Шахраеў (укр. шахрай ‘ашуканец, круцель, махляр’ [3, с. 472]), Шаціла, Шацілаў (рэг. шаціла ‘той, хто шатаецца, ходзіць без справы, бадзяга’ [3, с. 472]), Шкрэдаў (рэг. шкрэд ‘задзіра, упарты чалавек’ [3, с. 475]), Шчарбакоў (ад шчарбак ‘чалавек з тварам, на якім бачны сляды воспы, або чалавек, які не мае зуба’ [5, с. 183]), Шэметаў (ад рус. рэг. шэмет ‘вельмі хуткі (у хадзьбе і працы); бадзяга’ [5, с. 166]), Юркоў (ад юркі ‘хуткі, жвавы, паваротлівы’ [5, с. 186]) і інш.
Прафесіі і розныя віды дзейнасці, заняткі людзей, назвы службовых і ваенных асоб адлюстраваны ў пашыраных прозвішчах Алейнікаў (алейнік ‘той, хто робіць алей’ [3, с. 20]), Аўчыннікаў (‘аўчыннік, майстар, які вырабляе аўчыны’ [3, с. 27]), Ахотнікаў (рэг. ‘паляўнічы’ [3, с. 27]), Баброўнікаў (ст. бел. баброўнік ‘лавец баброў’ [3, с. 29]), Бас, Басаў, Басік (ад слова бас ‘самы нізкі мужчынскі голас, а таксама спявак з такім голасам’ [6, с. 83]; ад рус. рэг. прым. басый ‘прыгожы, прыкметны’ [9, с. 29]), Бондар, Бондараў (бондар ‘майстар, які робіць бочкі’ [8, с. 117]), Бортнік (‘пчаляр, які займаецца бортнымі пчоламі’ [8, с. 118]), Варажбітаў, Варажун (варажбіт ‘той, хто займаецца варажбой’ [6, с. 106]), Васкабойнікаў (васкабойнік ‘той, хто робіць свечкі’ [10, с. 28]), Ганчароў, Ганчарэнка (ганчар ‘той, хто вырабляе гліняную пасуду [3, с. 101]), Грабеннікаў (грабеннік ‘чалавек, які вырабляе грэбні’ [9, с. 62]), Дворнік, Дворнікаў, Дзехцяроў, Дзехцярэнка (дзягцяр, дзяхцяр ‘той, хто робіць дзёгаць’ [9, с. 67]), Дудараў (ад дудар ‘музыка, які грае на дудзе’ [3, с. 139]), Жарносенка (параўн. жарнасек ‘чалавек, які насякае жорны’ [6, с. 199]), Залатароў (залатар ‘майстар па вырабу розных рэчаў з золата; ювелір’ [12, с. 235]), Кажамякін (‘аўчыннік, майстар, які вырабляе шкуры [3, с. 167]), Кажэўнікаў (устар. кажэўнік ‘гарбар’ [3, с. 168]), Казак (рус. рэг. казак ‘батрак, які наймаўся на год на працу’ [9, с. 90]), Казюкін (казюк ‘тульскі збройнік, які працуе на дзяржаўных заводах’ [9, с. 91]), Канавальчык (ад канавал ‘знахар. які лечыць коней’ [6, с. 271]), Капачоў (ад капач [3, с. 179]), Катляр, Катляроў (катляр ‘кацельны майстар’, ‘чалавек, які вырабляе посуд з медзі і інш.’ [9, с. 107]), Кашавар, Кашавараў (кашавар ‘повар у воінскай часці або (уст.) у рабочай арцелі’ [6, с. 286]), Кісельнікаў (кісельнік ‘чалавек, які гатуе на продаж кісялі’ [9, с. 99]), Ключнікаў (ключнік ‘слуга ў панскім маёнтку, у распараджэнні якога знаходзіліся прадукты харчавання і ключы ад месц іх захоўвання’ [12, с. 702]), Кравец (ад кравец ‘спецыяліст па шыццю адзення, пераважна мужчынскага’ [6, с. 299]), Куракаў (укр. куряк ‘гной для паліва’ [3, с. 232]), Кушнер (кушнер ‘скарняк’ [4, с. 175]), Музыка, Музыкант, Музыкін, Налівайка (укр. налйвайко ‘налівальшчык, той, хто налівае’ [3, с. 296]), Партны (рэг. ‘кравец’ [3, с. 315]), Ратнікаў (ад ратнік ‘радавы салдат дзяржаўнага апалчэння’ [5, с. 100]), Рашэтнікаў (‘той, хто вырабляе рэшата’ [8, с. 140]), Рэзнікаў (ад укр. різник ‘прадавец мяса, мяснік’ [5, с. 101]; ад разнік ‘той, хто займаецца рэзаннем жывёлы, мяснік’ [6, с. 546]), Рубан (ад рубіць ‘секчы’ [3, с. 353]), Руднік, Рудніцкі (руднік, той, хто здабывае ці плавіць руду [3, с. 355]), Рыбак, Рыбакоў (ад рыбак [3, с. 356]), Сядляр (укр. сідляр ‘той, хто вырабляе сёдлы, сёдзельнік’ [3, с. 403]), Скрыпнік (рус, укр. скрипник ‘скрыпач’ [3, с. 380]), Стукач, Стукалаў (стукала ‘той, хто прывык стукаць чым-небудзь’ [9, с. 190]), Чумак, Чумакоў (‘чумак’ [3, с. 452]; чумак ‘возчык і гандляр на Украіне і поўдні Расіі, які перавозіў на валах соль, рыбу і іншыя тавары’ [6, с. 749]), Шапавалаў (шапавал ‘майстар, які вырабляе валеннем шэрсці капелюшы і інш. рэчы’ [6, с. 754]), Шаўцоў (шавец ‘майстар па шыццю і рамонту абутку’, [6, с. 753]), Швец (швед, швец ‘кравец’ [9, с. 225]), Шклярэнка (шкляр ‘работнік шкляной прамысловасці’ [6, с. 758]), Шынкарэнка (шынкар ‘уладальнік шынка’ [6, с. 768]) і інш.
Не засталіся не заўважанымі і прылады працы чалавека, прадметы бытавога ўжытку і іх часткі, назвы: Абуховіч (абух ‘тупая частка сякеры, процілеглая лязу’ [9, с. 145]), Барылаў (ст. бел. барила ‘бочачка’ [3, с. 43]), Булаўка (булава ‘кароткае жазло з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара’ [6, с. 96]), Гакаў (гак ‘востры шып у падкове’ [6, с. 140]), Голік (голік ‘венік без лісця’ [9, с. 59]), Гунькоў (рэг. гунька ‘пакрывала на каня’ [3, с. 121]), Жыгала (рэг. жыгала ‘металічны прут, якім кавалі выпальваюць дзіркі ў дрэве’ [3, с. 149]), Загароўскі (магчыма ад рэг. загарак ‘гадзіннік’ [5, с. 59]), Кадушкін (кадушка ‘невялікая кадзь’ [6, с. 262]), Капылоў (капыл ‘нешта вертыкальнае, напрыклад, брусок, які злучае палазы з санямі’ [9, с. 105]), Касякоў (касяк ‘тое, што і вушак’ [6, с. 284]), Клецаў (рэг. клёц ‘зуб бараны’ [3, с. 206]), Кобаў (рус. коба ‘кол, пень’ [3, с. 209]), Кочын (коча ‘невялікая рачная пасудзіна або ўладальнік такой пасудзіны’ [9, с. 108]), Кужалеў (кужаль ‘валакно ачэсанага лёну, а таксама ніткі з такога валакна’ [6, с. 306]), Куўшынаў, Латушкін (рэг. латушка ‘невялікая гліняная місачка з загнутымі ўнутр краямі’ [3, с. 247]), Лейкін (лейка ‘пасудзіна для палівання раслін’ [9, с. 119]), Лемешаў (ад лемеш ‘рэжучая частка плуга’ [5, с. 62]), Лубачкін (бел. лубка ‘кошык з луба, лубянка’ [3, с. 257]), Машнін (рус. мошна ‘мяшочак для грошай’ [3, с. 282]), Папруга, Папружкін (папруга ‘частка збруі для ўмацавання падсядзёлка на спіне каня’ [6, с. 439]), Пучкоў (пучок ‘звязка’ [9, с. 163]), Рагачоў (рэг. рагач ‘ражон, палка’ [3, с. 345]), Разанаў (укр. розан ‘розга’ [3, с. 346]), Скоблікаў (скобель ‘цяслярская прылада для скаблення’ [9, с. 183]), Пушкоў (ад пух [3, с. 339]), Судніковіч (рэг. суднік ‘шафа для кухоннай пасуды’ [3, с. 397]), Сундукоў (ад сундук [3, с. 398]), Тамараў (сіб. тамар, томар, томарка ‘страла з касцяным тупым наканечнікам для палявання на собаля, куніцу, гарнастая’ [3, с. 407]), Табакоў (разм. табака ‘тое, што і тытунь’ [6, с. 649]), Тачылкін (тачыла ‘тачыльны камень, а таксама станок для навострывання рэжучых інструментаў’ [6, с. 655]), Хатылеў (рэг. хатыль ‘катомка’, ‘кошык з бяросты’ [3, с. 428]), Шыцікаў (ад рус. рэг. шыцік ‘разнавіднасць лодкі на Поўначы і ў Сібіры’ [5, с.171]), Шустаў (рус., укр. шуст ‘прыстасаванне для выраўнівання ствала стрэльбы’ [3, с. 485]) і інш.
У складзе прозвішчаў Добрушскага раёна найбольш часта сустракаюцца словы, звязаныя з назвамі жывёльнага свету. Сярод іх можна вылучыць: назвы свойскіх жывёл: Буланаў, Булановіч (ад буланы ‘светла-жоўты з чорным хвастом і чорнай грываю (пра масць коней)’ [6, с. 96]); па аналогіі прозвішча магло быць дадзена светлавалосаму чалавеку), Быкаў, Бычкоў, Казлоў, Казлоўскі, Трусевіч, Цапаў (цап ‘казёл’ [3, с. 436]), Целеш (целеш ‘цяля’ [9, с. 195]), Худобін (рэг. худоба ‘дамашняя жывёла, скаціна’ [3, с. 435]); назвы дзікіх звяроў і грызуноў: Бабук (рус. ‘земляны заяц, тушкан’ [3, с. 29]), Барсук, Барсукоў, Баброў, Бірукоў (рэг. бірук ‘адзінокі воўк, які жыве па-за стаі’ [9, с. 34]), Вількін (параўн. польск. wilk ‘воўк’ [3, с. 87]), Волкаў, Зайцаў, Зайчык, Зайчанка, Кажан (кажан ‘лятучая мыш’ [3, с. 167]), Куцанкоў (рус. куцан ‘маркач, нялегчаны баран’ [3, с. 236]), Лісіцын, Лосеў, Мядзведзеў, Мядзведзька, Мядзведкаў, Медзвядкоў, Мышанкоў, Норкін (заал. ‘норка’ [3, с. 300]); назвы насякомых: Біндзюкоў (укр. биндюк ‘чмель’ [3, с. 54]), Жук, Жукаў, Жукоўскі, Казека (рэг., рус. ‘вош’ [3, с. 168]), Муха, Мухін, Мятлікаў (разм. мятлік ‘матылёк’ [6, с. 355]), Паплеўка, Паплеўкін (рус. поплёвка ‘вялікая пакаёвая муха’ [3, с. 314]), назвы земнаводных: Казюлькін (рус, казюля ‘змяя’ [3, с. 169]); назвы свойскіх птушак: Індзюкоў (рэг., рус. индюк ‘індык’ [3, с. 164]), Гусакоў, Гусеў, Куранкоў (рус. куран ‘індык’ [3, с. 232]), Курачкін, Курачэнка (рэг. курач ‘курыца, якая не нясецца і мае выгляд пеўня’ [3, с. 232]), Куранкоў, Курчанка (рус. курч ‘кураня’ [4, с. 173]), Певень, Петушкоў, Пеўнеў, Пырко (параўн. рэг. пырка ‘курачка’ [3, с. 341]; пырка ‘індык, кура’ [4, с. 264]); назвы дзікіх птушак: Арлоў, Вараб’ёў (Вераб’ёў), Варонкін (ад варона [3, с. 83]), Галкін, Галкоў (ад галка [3, с. 99]), Дзятлаў, Драздоў, Дудак (рэг. ‘драфа’ [3, с. 139]; драфа ‘буйная стэпавая птушка з доўгай шыяй і моцнымі нагамі’ [6, с. 184]), Жураў, Жураўкоў, Жураўлёў, Жураўчанка (рэг. жураў ‘журавель’ [3, с. 148]), Зуеў (рус. рэг. зуй ‘балотная птушка з сямейства кулікоў’ [9, с. 85]; зуй ‘хворы кулік’, ‘дзіця-гарэза’ [4, с. 125]; рэг. зуй ‘рослы хлапец з паводзінамі дзіцяці, недарэка’ [3, с. 161]), Какушкін (рус. кокушка тое ж, што кукушка ‘зязюля’ [9. с. 102]), Коршак, Коршыкаў (рэг. каршук ‘коршак’ [3, с. 19]), Крумкачоў, Кулік, Кулікоў, Пагарцаў (укр. погарець ‘птушка ўдод’ [3, с. 304]), Пугач, Пугачоў (пугач ‘філін, які палохае сваім крыкам’ [9, с. 162]), Сакалоў, Сокалаў, Сакалоўскі, Сарокін, Селязнёў (бел. рэг., рус, укр. селезень ‘качур’ [3, с. 370]), Сініца, Сініцкі, Слукін (рус. слука ‘птушка вальдшнеп, слонка’ [3, с. 382]), Стрыжак, Стрыжанкоў (ад стрыж [3, с. 393]), Сураў (магчыма ад сур ‘сурок’ [4, с. 306]), Сыч, Сычоў (сыч ‘птушка з сям’і савіных’ [8, с. 145]), Удодаў, Хулапаў (рэг. хулапа ‘палявы голуб’ [3, с. 435]), Чайка, Чайкоў, Чаплін, Чаплінскі (ад чапля [9, с. 216]), Чыж, Чыжок, Чыжык, Чыркоў, Чырок, Чырык (чырок ‘невялікая вадаплаўная птушка, разнавіднасць качкі’ [9, с. 220]), Шпак, Шпакаў, Шчыглоў (шчыгол [3, с. 488]); Ястраб, Ястрабкоў; назвы рыб: Акуневіч, Балыкоў (башк., кірг., тат. балык ‘рыба’ [3, с. 39]), Карасёў, Карасік, Карпаў, Карпенка, Карпянкоў, Карпянок (ад карп [3, с. 187]), Ляшчоў (ад лешч [3, с. 251]), Плоткін, Судакоў (ад судак [6, с. 635]), Шчука, Шчукін (бел. рэг., рус, укр. шчука ‘шчупак’ [3, с. 488]), Рак, Ракаў, Рачкоў (рачко, рачок ‘памянш ад рак’ [9, с. 167]).
Словы, якія абазначаюць хатнія рэчы, адзенне, абутак, ежу, стравы, напіткі, таксама складаюць даволі вялікі пласт і сустракаюцца ў наступных прозвішчах: Кацуба (рэг. ‘качарга’ [3, с. 195]), Кожанаў (кожан ‘адзенне з мяккай скуры, без шэрсці’ [4, с. 146]), Шкуратаў (ад рус. рэг. шкурат ‘кавалак старой скуры’ [5, с. 172]); Балахонаў (балахон ‘халат шырокага крою, які раней насілі сяляне, а таксама (разм.) наогул шырокая бясформенная вопратка’ [6, с. 80]), Бурносаў (бел. устар. бурнос ‘плашч’ [3, с. 70]), Каптуроў (каптур ‘жаночы і дзіцячы галаўны ўбор’ [3, с. 180]), Лапцеў (ад лапаць ‘абутак з лыка’ [3, с. 246]), Цеплякоў (магчыма ад рэг. цеплякі ‘валёнкі’ [5, с. 131]), Чугаеў (ст. бел. чугай ‘плашч ці епанча татарскага фасону’ [3, с. 451]), Чулкоў (рус. чулок ‘панчоха’ [3, с. 452]), Балабкоў (балабка, балаба ‘хлеб, калабок, бохан’ [9, с. 26]), Бублікаў (бублік ‘абаранак’ [3, с. 63]), Букатаў (рэг. букатка ‘булка хлеба’ [3, с. 66]), Верашчака (рэг. верашчака ‘мачанка’ [3, с. 85]), Гушча (гушча ‘густая поліўка’ [9, с. 64]), Калачоў (калач ‘пшанічны хлеб, выпечаны ў выглядзе замка з дужкай’ [6, с. 265]), Каржоў, Кісялёў, Кнышаў (рус. кныш ‘перапечка з маслам, здобная булачка’ [3, с. 209]), Крупень (параўн. крупеня ‘крупяны суп’ [6, с. 302]), Кукін (кука ‘кулак’, ‘пірог з кашай’ [4, с. 169]), Кулага, Кулагін (кулага ‘мінулагодняя трава пад снегам’ [4, с. 169]; рус, укр. кулага ‘страва з мукі’ [3, с. 228]), Кулажанка (рэг. кулага ‘страва з мукі’ [3, с. 228]), Куляшоў (‘густая мучная або крупяная каша з салам’ [6, с. 306]), Лапуноў (рэг. лапун ‘перапечка, праснак з бульбы і мукі’ [3, с. 245]), Лапшынаў (ад лапша [3, с. 246]), Маслаў, Палюхін (бел. палюхі ‘клёцкі з дранай бульбы’ [3, с. 311]), Помаз, Помазаў (рэг. помаз ‘падмазка’ [3, с. 329]), Сайкоў (ад сайка ‘белы хлеб’, ‘невялікая рыба, род навагі’ [4, с. 277]), Сушчынскі (рус. сущ, сущик ‘сушаная дробная рыба’ [3, с. 401]), Юшкін (юшка ‘заглушка ў коміне’, ‘сок ад чаго-небудзь варанага, жыжка, жыдкая частка стравы, навар з мяса ці рыбы, суп з бульбай, рыбны суп’ [3, с. 497]); Кулагаў (ад рус. кулага ‘напой з соладу, падобны на піва’ [5, с. 59]), Расол, Расолаў (расол ‘вадкасць, насычаная сокамі засоленых у ёй прадуктаў’ [3, с. 552]) і інш.
Значная колькасць прозвішчаў утвараецца ад назваў раслін і іх частак, назваў пладоў: Арбузаў, Асонаў (разм. форма ад насон ‘расліна, тое ж, што дзікі мак’ [9, с. 148]), Бакунаў, Бакуноў (ад рэг. бакун ‘сорт тытуню’ [8, с. 38]), Баравік, Баравікоў (‘назва грыба [3, с. 41]); Баравы (ад бор [3, с. 41]), Бурак, Буракоў (ад бурак [3, с. 68]), Вінаградаў, Вішняк (ад вішняк ‘вішнёвы сад’ [9, с. 50]), Грыбоўскі, Драп (параўн. драпа ‘дзікая рэдзька’ [4, с. 102]), Дубкоў, Дубовік, Дубоўскі (ад дуб [3, с. 138]), Дуброўскі (ад дуброва ‘ліставы лес са значнай колькасцю дубоў і маладога дубняку’ [6, с. 186]), Жураў (жур ‘аўсяны кісель’ [9, с. 79]; рус. жура ‘журавель’, укр. жура ‘журба’ [3, с. 148]), Калінін, Кражаў (краж ‘калода’ [3, с. 217]), Лапухоў, Луткоў (памянш. лутко ад лут ‘лыка з маладой ліпы’ [3, с. 258]), Масляк, Маслюкоў (рус, укр. маслюк ‘масляк’ [3, с. 278]), Махавік (грыб ‘махавік’ [3, с. 280]), Прышчэп, Прышчэпаў (прышчэп ‘прышчэпленая расліна’ [6, с. 522]), Рабіна, Ракіцкі (ад ракіта [3, с. 348]), Саснок, Сасноўскі, Струкаў (ад струк [3, с. 393]), Чарняк, Чарнякоў (рэг. ‘пачарнелае ад удару месца на целе, сіняк’ [3, с. 448]), Шабалін (шабалы ‘ачысткі, абрэзкі’ [4, с. 358]), Шаройка, Шаройкін (ад рэг. шаройка ‘абдзіркі з грэчкі’ [3, с. 468]), Шышкоў, Ягадкін і інш.
Словы, якія абазначаюць асоб па сваяцтву ці па становішчы ў сям’і, па становішчы ў грамадстве, у калектыве, можна сустрэць у прозвішчах: Адзінцоў (адзінец ‘адзінокі чалавек, бабыль’ [9, с. 146]), Асадчы (укр. осадчий ‘асаднік, першапасяленец, заснавальнік паселішча’ [3, с. 24]), Басякоў, Басячэнка (басяк ‘прадстаўнік дэкласаваных слаёў насельніцтва’ [6, с. 83]), Батракоў (батрак ‘наёмны рабочы’ [3, с. 45]), Беспразванны (‘які не мае прозвішча’ [3, с. 53]), Блізнец, Блізнічэнка, Блізнюк (ад блізкі [3, с. 55]), Воінаў, Войтаў, Войцік (ст. бел. войт ‘старшыня мяшчанскага ці магдэбургскага суда’, ‘наглядчык за прыгоннымі, прыганяты, прызначаны з сялян памешчыкам’ [3, с. 89]), Гаруноў (рус. горюн ‘гаротнік’ [9, с. 61]), Гарэлаў (гарэлымі называлі людзей-пагарэльцаў [9, с. 60]), Гарэленка (ад гарэлы [3, с. 1051), Дворкін (рэг. дварак, ‘шляхціч’ [3, с. 128]), Дзяржаўскі (параўн. ст. бел. державца ‘правіцель вобласці’, ‘часовы ўладальнік’ [3, с. 132]), Дольнікаў (уст. дольнік ‘удзельнік долі’ [3, с. 134]), Ждан, Жданаў, Ждановіч (імя Ждан бацькі давалі доўгачаканаму жаданаму сыну [9, с. 77]), Жыхараў (жыхар ‘той, хто жыве ў памяшканні, жылец’ [6, с. 202]), Камісараў (камісар ‘службовая асоба, чыноўнік, якому давалася адказнае даручэнне’ [9, с. 103]), Каплан (рэг. ‘капелан’ [3, с. 180]), Каралеў, Катлабай (з тат. котлы ‘шчасце’ і бай ‘багаты’ [3, с. 192]), Коханаў (рус. коханый ‘каханы’ [9, с. 107]), Ксяндзоў, Купцоў, Купчык, Купчыкаў (ад купец [3, с. 232]), Маёраў, Мамачкін (ад мама [3, с. 273]), Навасёлаў (навасёл ‘новы пасяленец, жыхар’ [6, с. 358]), Нечаеў (нечай ‘той, каго не чакалі’ [9, с. 142]), Новік, Новікаў (ад новік ‘новы жыхар, які аднекуль прыйшоў’ [5, с. 82]), Пазняк, Пазнякоў (рус. поздняк ‘апошняе дзіця ў старых бацькоў, ці дзіця, якое нарадзілася праз доўгі час пасля папярэдняга’ [3, с 308]), Папкоў, Папоў, Попчанка (ад поп [3, с. 329]), Прывалаў, Прымачэнка (параўн. рус. привал ‘прымак’ [3, с. 334]), Прыходзька (‘той, хто прыйшоў, прышлы’ [3, с. 336]), Скарабагаты (рус. скоробогат ‘хто скора разбагацеў’ [3, с. 376]), Старавойтаў (ад стараста [3, с. 390]), Страдаеў (магчыма, ‘той, хто шмат пакутаваў’; страда ‘гарачая пара для працы’ [4, с. 301]), Хрычкоў (рэг. лайл. ‘стары хрыч, стары чорт’ [3, с. 434]), Худзякоў (худзяк ‘бедны чалавек’ [4, с. 344]), Цуранкоў (параўн. рэг. цурацца ‘адракацца, выракацца’ [3, с. 439]), Чарнецкі (чарнец ‘манах’ [6, с. 744]), і інш.
Аналіз вышэй разгледжаных прозвішчаў дае нам магчымасць сцвярджаць, што самай прадуктыўнай матывацыйнай базай для ўтварэння прозвішчаў Добрушскага раёна з’яўляецца апелятыўная лексіка, якая прадстаўлена разнастайнымі лексіка-семантычнымі групамі. Найбольш пашыранымі з’яўляюцца прозвішчы, што ўтварыліся ад прафесій, фізічных і разумовых характарыстык чалавека, асаблівасцей характару, яго схільнасцей і прывычак, назваў расліннага і жывёльнага свету.
Літаратура
- Баскаков, Н. А. Русские фамилии тюркского происхождения / Н. А. Баскаков. — М.: Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1979. — 279 с.
- Бірыла, М. В. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы / М. В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1966. — 327 с.
- Бірыла, М. В. Беларуская антрапанімія. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М. В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 508 с.
- Веселовский, С. Б. Ономастикон. Древнерусские имена, прозвища и фамилии / С. Б. Веселовский. — М.: Наука, 1974. — 382 с.
- Никонов, В. А. Словарь русских фамилий / В. А. Никонов; сост. Е. Л. Крушельницкий. — М.: Школа-Пресс, 1993. — 224 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65000 слоў / пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко; афармленне A. M. Хількевіча. — 3-е выд. — Мінск: БелЭн, 2002. — 784 с.
- Тураўскі слоўнік: у 5 т. / склад. А. А. Крывіцкі, Г. А. Цыхун, І. Я. Яшкін [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982-1987. — Т. 5. — 423 с.
- Усціновіч, Г. К. Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны (XIV-XVIII стст.) / Г. К. Усціновіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1975. — 175 с.
- Федосюк, Ю. А. Русские фамилии: Популярный этимологический словарь / Ю. А. Федосюк. — М.: Детская литература, 1980. — 239 с.
- Федосюк, Ю. А. Что означает ваша фамилия? / Ю. А. Федосюк. — 3-е изд. — М.: Флинта: Наука, 2008. — 88 с.
- Шур, В. В. З гісторыі ўласных імёнаў / В. В. Шур. — Мінск: Вышэйшая школа, 1993. — 156 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / пад агульнай рэд. К. К. Атраховіча (К. Крапівы). — Мінск: Гал. рэд. Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1978. — Т. 2: Г-К. — 768 с.
Аўтар: У.А. Бобрык
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф Скорины, № 4 (127), 2021. С. 100-105.