Прозвішчы Чачэрскага раёна адапелятыўнага і аданамастычнага паходжання

0
207
Прозвішчы Чачэрскага раёна адапелятыўнага і аданамастычнага паходжання

Прозвішча мае свае спецыфічныя асаблівасці. У самым агульным плане можна сказаць, што гэта атрыманае ў спадчыну імя цэлай сям’і, “устойлівае і нязменнае не менш, — як адзначае Васіль Шур, — чым у трох пакаленнях” [10, с. 31]. У наш час прозвішча — гэта юрыдычна ўзаконенае найменне чалавека.

Амаль усе прозвішчы не былі выбраны самімі носьбітамі іх, а дадзены з боку. Ніхто не можа адказваць за прозвішча, атрыманае яго прадзедам.

Намі сабрана і прааналізавана крыху больш за тысячу прозвішчаў жыхароў Чачэрска­га раёна. Фактычны матэрыял сведчыць, што ўсе прозвішчы паходзяць ад двух класаў лексікі: адапелятыўнага і аданамастычнага паходжання. Найбольш прадуктыўна ў якасці матывацыйнай базы задзейнічана апелятыўная лексіка.

Багацце і стракатасць асноў прозвішчаў адапелятыўнага паходжання жыхароў Чачэрс­кага раёна нагадваюць энцыклапедыю мовы, штодзённага жыцця, умоў існавання, спосабаў і форм задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэб людзей. Сярод іх асновы, што адлюстроўваюць розныя бакі рэчаіснасці.

У складзе прозвішчаў Чачэрскага раёна найбольш часта сустракаюцца словы, звязаныя з назвамі жывёльнага свету. Сярод іх можна вылучыць: назвы свойскіх жывёл: Баранаў, Баранкаў, Бараноўскі, Баранчук, Бараначнік, Бугаенка (ад бугай ‘племянны бык’, або іран. бугай ‘вялікі, здаровы, моцны чалавек’), Буланаў (ад буланы ‘светла-жоўты з чорным хвастом і чорнай грываю (пра масць коней)’ [6, с. 96]; па аналогіі прозвішча магло быць дадзена светлавалосаму чалавеку), Быкаў, Быкоўскі, Бычкоў, Кабанаў, Кабанчыкаў, Казлоў, Казлоўскі, Каткоў (ад каток, памянш. форма слова кот), Катоўскі, Козел, Кот, Котаў, Коцікаў (ад коцік, памянш. форма слова кот), Фурс (араб. з фарас ‘конь’ [3, с. 424]); назвы дзікіх звяроў і грызуноў: Барсук, Барсукоў, Баброў, Баброўскі, Белкін, Бобрык, Ежыкаў, Зайцаў, Зубраў, Кротаў, Лісаў, Лісенка, Лосікаў, Львоў, Мамантаў, Машэкін (бел. машэка ‘мядзведзь’ [3, с. 283]), Мядзведзеў, Мышкоўскі, Собалеў, Суркоў, Туркоўскі (ад тур ‘вымерлы дзікі бык, продак буйной рагатай жывёлы’ [6, с. 668]), Шашкоў (шашок ‘тхор’ [3, с. 472]), Яжоў; назвы насякомых: Блохаў, Жук, Жукаў, Жукоўскі, Камарэнка, Камашка (рус. комашка ‘камарык, мошка, казюлька’ [3, с. 176]), Мурашка, Шэршнеў; назвы земнаводных: Гашкоў (параўн. укр. гашка ‘змяя’ [3, с. 106]); назвы свойскіх птушак: Гусак, Гусакоў, Гусеў, Курачкін, Курачкоў, Куркоў, Курчаў (рус. курч ‘кураня’ [4, с. 173]), Пеўнеў, Пыркоў (параўн рэг. пырка ‘курачка’ [3, с. 341]), Пяўнёў; назвы дзікіх птушак: Буслаў, Вараб’ёў (Вераб’ёў), Глушак, Дзергачоў (ад рус. дергач ‘драч — невялікая лугавя птушка са скрыпучым, прарэзлівым крыкам’ [6, с. 184]), Дзятлаў, Драздоў, Жураўлёў, Жураўскі (рэг. жураў ‘журавель’ [3, с. 148]), Журкоў (рус. журка ‘журавель’ [3, с. 148]), Зуеў (рус. рэг. зуй ‘балотная птушка з сямейства кулікоў’ [9, с. 85]), Каршуноў, Каршукоў, Коршунаў, Коршыкаў (рэг. каршук ‘коршак’ [3, с. 19]), Касаткін (касатка ‘вясковая ластаўка’ [9, с. 95]), Кулік, Кулікоў, Куліцкі, Лебедзеў, Лебедзь, Сакалоў, Саколіч, Салавей, Сарокін, Сініцкі, Сініцын, Стрыжанкоў (ад стрыж), Сычоў (сыч ‘птушка з сям’і савіных’ [8, с. 145]), Удодаў, Уткін, Цяцерын, Чайкоў, Шпакаў; назвы рыб: Балыкоў (башк., кірг., тат. балак ‘рыба’ [3, с. 39]), Карасёў, Карасік, Лешчанка, Ляшчоў (ад лешч [3, с. 251]), Окунеў, Плоткін, Рыбіцкі, Рыбцоў, Селядцоў.

Словы, якія абазначаюць назвы частак цела і покрыва цела чалавека і жывёлін, сустра­каюцца ў прозвішчах: Беркаў (рус. берка ‘ікра нагі’ [3, с. 52]), Бядрыцкі (параўн. бядро), Капытаў, Ключыненка, Ключынскі, Рагавец, Рагавой, Рагаўцоў, Ражкоў, Лапін, Лапіцкі, Ногінаў, Ножка, Носікаў, Пальчанка, Пузан (рэг. пуза ‘тое, што і жывот’ [6, с. 525]), Хабаткоў, Хаўкін (укр. хавка ‘рот’ [3, 429]), Хвост, Хобатаў, Чупрынаў (чупрына ‘пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом; а таксама валасы наогул’ [6, с. 749]) і інш.

Назвы хвароб, траўм, паталагічных адхіленняў можна сустрэць у наступных прозвішчах: Бязручанка, Бяспалаў, Бяспалікаў (бяспалы ‘той, у каго няма аднаго ці больш пальцаў’), Бясперстаў, Гарбатаў, Гарбатоўскі, Гарбачоў, Гарбачэнка (‘чалавек з гарбом’), Дзеравяшкін (дзеравяшка ‘штучная драўляная нага’, ‘той, у каго няма нагі’), Каўтуненка (ад каўтун ‘хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца ў камяк’ [6, с. 285]), Лагуткін, Лагуткоў, Лагутоўскі (параўн. рус. лагутей ‘дурнаваты, калека’ [3, с. 241]), Лопухаў (лапуха ‘воспа, шкарлятына’ [9, с. 122]; лопух ‘жоўты збаначнік’ [8, с. 133]), Сапега (параўн. сапач ‘хто сапе, хварэе задышкай’ [8, с. 141]) і інш.

Значная колькасць прозвішчаў утвараецца ад назваў раслін і іх частак, назваў пладоў: Агурцоў, Альхоў, Арэхаў, Бакуновіч (ад рэг. бакун ‘сорт тытуню’[(7), с. 38]), Буракоў (бурак), Вербавікоў (ад вярба), Вінаградаў, Вішнякоў (ад вішняк ‘вішнёвы сад’ [9, с. 50]), Вярбіцкі (ад вярба, ласк. вербіца [5, с. 24]), Гарбузаў, Гарбузоў (гарбуз ‘расліны сямейства гарбузовых з вялікімі шарападобнымі пладамі, а таксама плод гэтай расліны’ [6, с. 144]), Грушкоўскі, Дуброўскі (ад дуброва ‘ліставы лес са значнай колькасцю дубоў і маладога дубняку’ [6, с 186]), Елкін, Ерка (параўн. польск. jerk назва расліны [3, с. 143]), Каласкоў, Камлюк (рэг. ‘камель’ [3, с. 176]; камель ‘ніжняя патоўшчаная частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня’ [6, с. 268]), Капусцін, Качанкоў, Квяткоў, Квяткоўскі, Ковыль (‘стэпавая трава’ [4, с. 146]), Кражаў (краж ‘калода’ [3, с. 217]), Кусцюкоў (ад куст), Лапухоў, Луткоў (памянш. лутко ад лут ‘лыка з маладой ліпы’ [3, с. 258]), Малінаў, Маліноўскі, Маслюкоў (рус., укр. маслюк ‘масляк’ [3, с. 278]), Мохаў, Плюшчаеў (плюшч ‘паўзучая расліна’ [3, с. 327]), Садоўскі (ад сад), Сасноўскі, Струкаў (ад струк), Сыраежка, Тычынскі, Шаройка (рэг. ‘абдзіркі з грэчкі’ [3, с. 468]), Шаройкін (ад шаройка), Шыпіцын (ад старажытнарускага шыпіца ‘шыпшына’ [5, с.169]), Шышкоў, і інш.

Прафесіі і розныя віды дзейнасці, заняткі людзей, назвы службовых і ваенных асоб адлюстраваны ў пашыраных прозвішчах Бас, Басаў, Басік (ад слова бас ‘самы нізкі мужчынскі голас, а таксама спявак з такім голасам’ [6, с. 83]; ад рус. рэг. прым. басый ‘прыгожы, прыкметны’ [9, с. 29]), Бачароў, Бачарын (рэг. бачар ‘бондар’ [3, с. 47]), Бачкароў (рэг. бачкар ‘бондар’ [3, с. 47]), Буднікаў (ад укр. буднік ‘працаўнік на будзе, г.зн. паташным заводзе’ [9, с. 40]), Вадалазскі (вадалаз ‘чалавек, які займаўся падводнымі работамі ў пошуках якіх-небудзь каштоўнасцей, яшчэ без спецыяльнага абсталявання’ [9, с. 50]), Вашчылаў (рэг. вашчыла ‘збіральнік вашчыны’ [3, с. 84]), Віннік (‘прадавец віна’), Ганчар, Ганчароў, Ганчарэнка (ганчар ‘той, хто вырабляе гліняны посуд’), Дзехцяроў, Дзягцяр (дзягцяр, дзяхцяр ‘той, хто робіць дзёгаць’ [9, с. 67]), Доктараў, Дудар (‘музыка, які грае на дудзе’), Дудараў (ад дудар), Жывадзёраў (жывадзёр ‘той, хто забівае і здымае скуру з забітай жывёлы’ [6, с. 201]), Жыганаў (жыган ‘качагар’, ‘выпацканы ў сажу’, ‘ашуканец, гарэза’ [9, с. 78]), Кабакоў (ад рус. ка­бак, ‘гаспадар шынка, карчмы’ [9, с. 90]), Кажамякін (параўн. кажэмяка ‘той, хто апрацоўвае кожу, гарбар’), Казакоў (рус. рэг. казак ‘батрак, які наймаўся на год на працу’ [9, с. 90]), Калеснікаў, Канавалаў (ад канавал ‘знахар, які лечыць коней’ [6, с. 271]), Капачоў (капач ‘той, хто займаецца капаннем зямлі; землякоп’), Краўцоў (ад кравец ‘спецыяліст па шыццю адзення, пераважна мужчынскага’ [6, с. 299]), Кузняцоў, Кухараў, Кухарэнка, Маглышаў (параўн. рэг. магляваць ‘качаць бялізну’ [3, с. 265]), Мазай (мазаць ‘той, хто мажа’ [3, с. 266]), Матросаў, Мельнік, Мельнікаў, Мельнічэнка, Музыкін, Музычэнка, Мукамолаў, Налівайка (укр. наливайко ‘налівальшчык, той, хто налівае’ [3, с. 296]), Пастушонак, Пастушэнка, Пастушэнкаў, Пасячнік (‘той, хто высякае лес’), Перавознікаў (‘той, хто перавозіць’), Пісарэнка, Пішчыкаў, Плотнікаў, Пруднікаў (рэг. пруднік ‘млынар’ [5, с. 98]), Пушкарчук (ад пушкар), Ратнікаў (ад ратнік ‘радавы салдат дзяржаўнага апалчэння’ [5, с. 100]), Рашэтнікаў (‘той, хто вырабляе рэшэта’ [8, с. 140]), Рэзнікаў (ад укр. різнмк ‘прадавец мяса, мяснік’ [5, с. 101]; ад разнік ‘той, хто займаецца рэзаннем жывёлы, мяснік’ [6, с. 546]), Рубан, Рубанаў (ад рубіць ‘секчы’ [3, с. 353]), Рудкоўскі, Рудніцкі (‘той, хто здабывае руду’), Садаводаў (садавод ‘спецыяліст па садаводству; чалавек, які разводзіць сад, сады’ [6, с. 579]), Сінельнікаў (сінельнік ‘той, хто фарбуе тканіну ў сіні колер’ [9, с. 182]), Сітнікаў (ад сітнік ‘майстар па вырабу сіт’ [5, с. 116]), Скляр (ад рэг. скляр ‘шкляр’ [5, с. 116]), Слесараў, Смаляроў, Смоляр (рэг. смаляр ‘той, хто працуе ў смалярні, смалакур’ [3, с. 384]), Сталяроў, Старасценка (ад стараста), Сырамятнікаў (ад сырамятнік ‘вырабляльнік, вытворца нядубленых скур’ [5, с. 125]), Талкачоў (рус. толкач ‘рабочы, які займаецца таўчэннем чаго-небудзь’, або ‘някемлівы чалавек’ [9, с. 196]), Таргаўцоў, Таргоўцаў, Ткачоў, Ткачэнка, Фактаровіч (бел. устар. фактар ‘пасрэднік у розных гандлёвых справах’ [3, с. 423]), Хрэнаў (‘той, хто вырошчвае і гандлюе хрэнам’ [9, с. 212]), Цырульнікаў, Чабатараў (ад чабатар ‘шавец’ [5, с.155], рэг. ‘сапожнік’ [3, с. 444]), Чумакоў (ад чумак ‘арандатар шынка’ [5, с.162]), Шапавалаў (шапавал ‘майстар, які вырабляе валеннем шэрсці капелюшы і інш рэчы’ [6, с. 754]), Шаптухін (ад шаптуха ‘знахарка’ [5, с.166]), Шаўцоў (шавец ‘майстар па шыццю і рамонту абутку’ [6, с. 753]) і інш.

Не засталіся незаўважанымі і прылады працы чалавека, прадметы бытавога ўжытку і іх часткі, назвы: Бакусаў (параўн. бакуш літ. bakuse ‘старая хата, халупа’ [3, с. 36]), Бурдзейны (параўн. рус. бурдзей ‘цыганскі шалаш ці зямлянка’ [3, с. 69]), Бардонаў (узб. бордон ‘цыноўка з чароту’ [3, с. 42]), Басакаў (рэг. басак ‘бусак, багор’ [3, с. 44]), Булаваў, Булаўкін (булава ‘кароткае жазло з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара’ [6, с. 96]), Ворчык (параўн. рэг. ворак ‘мяшок’ [3, с. 89]), Вятошкін (рус. вятоха ‘ануча для падціркі, абрывак адзення’ [3, с. 93]), Гвоздзеў, Гунькоў (рэг. гунька ‘пакрывала на каня’ [3, с. 121]), Загароўскі (магчыма ад рэг. загарак ‘гадзіннік’ [5, с. 59]), Какоўка (магчыма ад рус. кокоуля ‘разнавіднасць сахі’ [5, с. 54]), Капшыеў (магчыма ад капшук ‘мяшочак для тытуню, які сцягваецца шнурком’ [6, с. 277]), Косараў (рус. косарь ‘вялікі нож, якім шчапаюць лучыну’ [3, с. 190]), Крэмень, Лейкін (лейка ‘пасудзіна для палівання раслін’ [9, с.119]), Лемешаў (ад лемеш ‘рэжучая частка плуга’ [5, с. 62]), Лучкоў, Лучкоўскі (ад лук [3, с. 258]), Мяшкоў, Мусакоў (ад мусак ‘торбачка з крэсівам, крэмнем і трутам’ [5, с. 74]), Нажэеў (ад нож), Сувалаў (рэг. сувалка ‘кіёк’ [3, с. 396]), Шыдлоўскі (шыдла ад польск. szydlo ‘шыла’ [3, с. 490]), Шыцікаў (ад рус. рэг. шыцік ‘разнавіднасць лодкі на Поўначы і ў Сібіры’ [5, с.171]) і інш.

Словы, якія абазначаюць хатнія рэчы, адзенне, абутак, ежу, стравы, напіткі, таксама складаюць даволі вялікі пласт і сустракаюцца ў наступных прозвішчах: Камачоў (тат. комач ‘кумач’ [3, с. 176]; кумач ‘баваўняная тканіна ярка-чырвонага колеру’ [6, с. 307]), Кумачоў, Кацуба (рэг. ‘качарга’ [3, с. 195]), Шкуратаў (ад рус. рэг. шкурат ‘кавалак старой скуры’ [5, с. 172]); Балахонаў (балахон ‘халат шырокага крою, які раней насілі сяляне, а таксама (разм.) наогул шырокая бясформенная вопратка’ [6, с. 80]), Кажухаў, Калпакоў (каўпак ‘галаўны ўбор конусападобнай, авальнай або іншай формы’ [6, с. 285]), Карманаў (рэг. ‘кішэнь’ [3, с. 186]), Кокашкаў (рус. кокошка ‘жаночы галаўны ўбор’ [4, с. 148]), Рубаха , Халяўкін (ад халя­ва ‘частка бота, якая закрывае нагу ад ступні да калена’ [6, с. 718]), Цеплякоў (магчыма ад рэг. цеплякі ‘валёнкі’ [5, с. 131]), Чугаеў (ст. бел. чугай ‘плашч ці епанча татарскага фасону’ [3, с. 451]), Чулкоў (рус. чулок ‘панчоха’ [3, 452]), Шапіленка (параўн. шапіла ‘шапка’ [3, с. 467]), Шлыкаў (ад шлык ‘старажытны галаўны ўбор рускіх замужніх сялянак, або шапка кананічнай формы’ [5, с.]172); Баршчоў, Баханаў (параўн. бохан ‘булка хлеба’), Булкін (булка ‘хлеб з пшанічнай мукі; белы хлеб’ [6, с. 96]), Верашчак (рэг. верашчака ‘мачанка’ [3, с. 85]), Галушкоў (галушка ‘страва ў выглядзе клёцак (з дранай бульбы або мукі), звараная на булёне ці на малацэ’ [6, с. 142]), Затуранаў (рус. затуран ‘мука, падсмажаная на масле, сале’ [3, 157]), Калачоў (калач ‘пшанічны хлеб, выпечаны ў выглядзе замка з дужкай’ [6, с. 265]), Калбасаў, Каўбасаў, Каўбасюк (параўн. каўбаса ‘прадукт харчавання з асоба прыгатаванага фар­шу ў кішачнай або штучнай абалонцы’ [6, с. 285]), Каржоў, Колабаў (рус. колоб ‘шар, скача­ны з чаго-небудзь’, ‘круглая булка хлеба’ [3, с. 211]), Коржыкаў, Круглікаў (рус. круглик ‘прэсны круглы торт’ [3, с. 219]), Крупенка, Крупенькін (параўн. крупеня ‘крупяны суп’ [6, с. 302]), Крупскі, Куляшоў, Кулеш (‘густая мучная або крупяная каша з салам’ [6, с. 306]), Маслаў, Маслак, Мякішаў, Пернікаў (пернік ‘салодкае печыва на мёдзе, патацы або цукру з духмянымі прыправамі’ [6, с. 473]), Пірагоў, Рабкоў (ад укр. рябко ‘страва з пшана і грэцкай мукі’ [3, с. 344]), Саламахін (рэг. саламаха ‘негустая каша ці густы кісель’ [3, 362]), Сушчэўскі (рус. сущ ‘сушаная дробная рыба’ [3, с. 401]); Кулагаў (ад рус. кулага ‘напой з соладу, падобны на піва’ [5, с. 59]), Рассолаў (расол ‘вадкасць, насычаная сокамі засоленых у ёй прадуктаў’ [3, с. 552]), Сытаў (магчыма ад сыта ‘напой з мёду’ [5, с. 126]), Чвыраў (ад рус. рэг. чвирь ‘хлебнае віно, самаробная гарэлка’ [5, с.155]) і інш.

Шырока прадстаўлены ў прозвішчах Чачэрскага раёна фізічныя і разумовыя характарыстыкі чалавека, асаблівасці характару, яго схільнасці і прывычкі: Брыцікаў (параўн. брить ‘голены ці коратка пастрыжаны чалавек’ [3, с. 62]), Бутаў (ад рус. дыял. бутеть ‘паўнець, таўсцець’ [9, с. 41]), Грамыка (ад гром, грымець, г.зн. ‘чалавек з гучным голасам’ [8, с. 122]), Галавачоў (‘чалавек з вялікай галавою’), Гарбатаў (‘чалавек з гарбом’), Гарны (‘прыгожы, добры’ [3, с. 104]), Гарэлікаў, Гладкоў (ад разм. гладкі ‘сыты, адкормлены’ [6, с. 151]), Глазырын, Глазянкоў (‘чалавек з выпуклымі вачыма’), Глушак, Глушчанка (‘глухі’), Даўгайла (‘высокі чалавек’ [3, с. 126]), Карнавушанка (рэг. ‘карнавухі, з кароткімі вушамі’ [3, с. 186]), Кашчэеў (кашчэй ‘худы чалавек’, або ‘скупы’ [9, с. 97]), Кіслякоў (кісляк ‘кіслы, вялы, хваравіты’ [9, с. 99]), Крывашэй, Кудраўцаў (параўн. рэг. кудраты ‘кучаравы’ [8, с. 247]), Кудлянкоў (ад разм. кудлы ‘доўгія скалмачаныя пасмы валасоў’ [6, с. 306]), Кудранцаў, Кудрачоў (рэг. кудравы, кудрач ‘кучаравы’ [3, с. 226]), Курчава, Кучаравы, Лабанаў, Лабачоў (‘чалавек з вялікім ілбом’), Лысікаў, Лысянкоў, Надтачэеў (параўн. бел. надтачыць ‘падоўжыць што-небудзь, зрабіць даўжэйшым’ [3, с. 295]), Нахабцаў (ад нахаба ‘нахабнік’ [5, с. 79]), Пыжык (памянш. ад рэг. пыж ‘нізкарослы чалавек, карапуз’ [3, с. 340]), Райкоў (рус. райкий ‘гучны, зычны’ [9, с. 166]), Рудзькоў (‘руды’), Рудзькоў, Рудзянкоў, Рудзянок, Рудзік (ад рус. смал. рудик ‘рыжаваты’ [3, с. 353]), Русакоў, Русяловіч (‘чалавек з русымі валасамі’), Салагуб (рэг. ‘чалавек з тоўстымі заўсёды мокрымі губамі’ [3, с. 362]), Серыкаў (ад рэг. серы ‘шэры, шары’ [3, с. 372]), Сівакоў, Сіўкоў (‘чалавек з сівымі валасамі’), Стрыгалёў (ад рэг. стрыга ‘коратка пастрыжаны хлопец або дзяўчынка’ [7, с. 108]), Чалаў (ад чалы ‘шэры з рудым адценнем’ [5, с.154]) Чарняеў, Чарнякоў, Чарнянкоў, Чарняўскі (‘смуглы, чарнавалосы чалавек’), Чарнаглазаў, Чарнашэй, Чубакоў (ад чуб), Шаравухаў; Байкоў (памянш. ад слова бай [9, с. 25]; ад рус. слова бойкий [9, с. 36]; ад слова бойка ‘так называлі закарпацкіх украінцаў’ [9, с. 36]), Бакулін (ад бакуль, бакуля ‘гаварун’ [9, с. 25]), Блатун (рэг. ‘валакіта, бабнік’ [3, с. 55]), Болсун (кірг. ‘хай будзе’ [3, с. 58]), Бруевіч (параўн. бруй ‘той, хто мочыцца ў час сна’ [3, с. 60]), Вільхоўскі (‘чалавек, які віляе, выкручваецца’), Вострыкаў (ад рус. вострик, востряк ‘бойкі, востры на язык, дзёрзкі чалавек’ [9, с. 53]), Дубінін, Дубінскі (‘цвёрды, моцны чалавек’, або зневаж. ‘дурны чалавек’), Гатальскі (параўн. рэг. гаталяй ‘гультай’ [3, с. 106]), Глазуноў (рус. глазун ‘разявака, той, хто без справы ходзіць і разглядвае’ [3, с. 110]), Гузаў, Гузанаў (гуза ‘непаваротлівы, няспрытны’ [9, с. 64]), Зубараў, Зубарык, Зубаў, Зубкоў (ад зуб; ‘той, хто увесь час паказвае зубы, кпіць над іншымі’ [9, с. 85]), Зуеў, Зыкаў (‘чалавек з гучным го­ласам’ [9, с. 85]), Крутаў, Круцель, Круцялёў (‘хітрун, махляр’ [6, с. 302]), Курака (параўн. цюрк. курак ‘скупы, прагны, задумлівы, летуценнік’ [9. С. 113]), Курылін (рус. курила, кури­лка ‘п’яніца, гуляка’ [3, с. 235]), Лемешаў (‘тоўсты, няўклюдны, непаваротлівы чалавек’), Ляднёў (ад ляд ‘дрэнны, шкодны, чорт, дармаед’ [5, с. 67]), Мандрыкін (мандрыка ‘чалавек цяжкага нораву, назойлівы’ [9. С. 128]), Манькоў (‘той, хто маніць’), Мудракоў (мудры ‘кемлівы, здатны, разумны чалавек’), Панцюхоў (ад рус. пантюха ‘няўмелы, неразумны, няс­прытны’ [5, с. 88]), Самахвалаў, Свістуноў, Смірноў (‘той, хто з усім мірыцца’), Сувораў (ад рус. сувор ‘пануры, нелюдзімы, суровы’ [5, с. 124]), Сычоў (ад сыч ‘маўклівы, пануры чала­век’ [6, с. 646]), Філонаў (жарг. філон ‘гультай’ [3, с. 423]), Філько (памянш. ад філя ‘прастак, разява, недалёкі чалавек’ [3, с. 424]), Харашкевіч, Цебянкоў, Цябенькаў (ад цюрк. тэбэнэк ‘нізкі ростам’ [5, с. 130]), Цуканаў (ад цукан ‘дыялектная група людзей, якія вымаўляюць ц замест ч’ [5, с.153]), Цюранкоў (ад рус. дзеяслова тюрить ‘хлусіць, блытаць’ [5, с.142]), Чудаў (рэг. чуды ‘дзівак’ [9, с. 221]), Чысцякоў (рус. чистяк ‘ахайны, чысты чалавек’ [9, с. 220]), Шабулда (параўн. рус. шабалда ‘балбатун, ілгун’ [3, с. 459]), Шакіраў (параўн. цюрк. шакір ‘благародны, літасцівы’ [3, с. 462]), Шастапалаў (ад рус. шестопалый ‘з шасцю пальцамі’ [5, с.167]), Шаціла, Шацілаў (рэг. шаціла ‘той, хто шатаецца, ходзіць без справы, бадзяга’ [3, с. 472]), Шамонін (рус. рэг. шамоня ‘той, хто шамкае, шапялявіць’ [9, с. 224]), Шкробат (магчыма ад рэг. шкробнік ‘скнара’ [7, с. 327]), Шчарбакоў (ад шчарбак ‘чалавек з тварам, на якім бачны сляды воспы, або чалавек, які не мае зуба’ [5, с.183]), Шэметаў (ад рус. рэг. шэмет ‘вельмі хуткі (у хадзьбе і працы); бадзяга’ [5, с.166]), Юдзін (ад юда ‘здраднік; каварны чалавек, хітрун’ [3, с. 496]), Юкін (ад юкаць ‘стукаць’ [5, с.185]), Юркоў (ад юркі ‘хуткі, жвавы, паваротлівы’ [5, с.186]) і інш.

Сустракаюцца прозвішчы, у асновах якіх словы, што абазначаюць музычныя інструменты: Барабанаў, Дудкін (ад дуда); грашовыя адзінкі: Злотнікаў (злоты ‘грашовая адзінка ў Польшчы’ [6, с. 243]), Шэстак (ад шастак ‘сярэбраная манета ў сярэдневяковай Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім вартасцю ў шэсць грошаў’ [6, с. 756]); элементы зямной паверхні, апрацаваныя ўчасткі: Азерскі (ад возера), Жыленка (разм. жыла ‘багністае месца з падземнай крыніцай’ [6, с. 202]), Калугаў, Калугін (рус. калуга ‘багна, балота’ [3, с. 174]), Курганскі (параўн. цюрк. курган ‘капец, узгорак, старадаўні магільны насып’ [1, с. 87]), Ланавы (параўн. рус. рэг. лан ‘поле’ [9, с. 116]), Палевіч; з’явы прыроды: Марозаў, Туманаў (туман); з’явы жыцця грамадства: Вольскі, Трыбуналаў; меры вагі ці аб’ёму: Бекарэвіч (ст. рус. бекар ‘мера вагі ці аб’ёму’ [3, с. 49]); месца жыхарства: Гаравы (‘той, хто жыве на гары, на высокім месцы’ [3, с. 101]), Забалотны (‘які жыве за балотам’ [3, с. 152]), Загароўскі, Загарцоў (магчыма ‘той, хто жыве за гарой’), Задарожны (‘той, хто жыве за дарогай’ [3, с. 154]), Запольскі (‘які жыве за полем’ [3, с. 156]), Падгорны (‘які жыве каля гары, пад гарою’ [3, с. 306]); рэлігійныя назвы: Крыжэўскі (ад крыж [3, с. 222]); клічкі жывёл: Лапко (укр. лапко ‘клічка сабакі з тоўстымі лапамі’ [3, с. 245]) і інш.

Невялікая колькасць прозвішчаў утвараецца ад геаграфічных назваў і назваў розных этнічных груп, што некалі жылі або трапілі па розных прычынах на Беларусь, а пазней асіміляваліся сярод беларусаў: Быхаўцоў, Віцебскі, Галіцкі, Данцоў (ад Дон [5, с. 36]), Дзяржынскі, Друцкі, Крымскі, Крычаўцоў, Латышаў, Ліцвіненка, Магілеўцаў, Маскаленка, Маскалёў, Мядзелец (з н. п. Мядзель [3, с. 291]), Наўгародскі, Падаляк (укр. подоляк ‘жыхар Падолля’ [3, с. 305]), Палякоў, Пінчук, Пінчукоў, Русакоў (рэг. і рус. русак ‘рускі чалавек’ [3, с. 355]), Саянікаў (саяны ‘этнічная група, якая жыла ў Курскай губерні’ [9, с. 178]), Туравец, Чэшак, Чэшкаў (памянш. ад чэх [3, с. 458]).

Словы, якія абазначаюць асоб па сваяцтву ці па становішчы ў сям’і, па становішчы ў грамадстве, у калектыве, можна сустрэць у прозвішчах: Багачоў, Байцоў, Батракоў (батрак ‘наёмны рабочы’ [3, с. 45]), Баярчанка (рэг. баяр, баярын ‘буйны землеўладальнік, які належаў да вярхоў пануючага класа’ [6, с. 84]), Братачкін, Братчук (ад брат), Бяздзетка (‘той, хто не мае дзяцей’), Ваявода, Ваяводаў (ваявода ‘на тэрыторыі Заходняй Беларусі з 1920 да 1939 і ў Польшчы: кіраўнік ваяводства’ [6, с. 108]), Войтаў, Войцікаў (ст. бел. войт ‘старшыня мяшчанскага ці магдэбургскага суда’, ‘наглядчык за прыгоннымі, прыганяты, прызначаны з сялян памешчыкам’ [3, с. 89]), Гайдукоў (ад гайдук ‘паўстанец-партызан на Балканах і ў Венгрыі ў эпоху турэцкага ўладальніцтва, або слуга, выязны лакей часоў прыгоннага права’ [6, с. 140]), Гусараў (гусар ‘у царскай і некаторых іншаземных арміях: ваенны з часцей лёгкай кавалерыі, якія насілі форму венгерскага ўзору’ [6, с. 161]), Дворкін (рэг. дварак ‘шляхціч’ [3, с. 128]), Дзедзік, Дзядкоў (памянш. ад дзед), Дзякаў (дзяк ‘у праваслаўнай царкве: ніжэйшы служыцель, які не мае ступені свяшчэнства; псаломшчык’ [6, с. 179]),Жаўнераў, Жаўняроў, Жэўнераў (жаўнер ‘салдат польскай арміі’ [6, с. 199]), Камісараў (камісар ‘службовая асоба, чыноўнік, якому давалася адказнае даручэнне’ [9, с. 103]), Каплан (рэг. ‘капелан’ [3, с. 180]), Капралаў (капрал ‘воінскае званне малодшага камандзіра ў арміях не­каторых краін, а таксама асоба, якая мае гэта званне’ [6, с. 277]), Каралёў, Каралеўскі, Каралькоў, Ксяндзоў, Магнатаў, Маёраў, Малышаў, Мальчукоў, Мальчэўскі, Маляўка (пра дзіця), Новік, Новікаў (ад новік ‘новы жыхар, які аднекуль прыйшоў’ [5, с. 82]), Пазнякоў (рус. поздняк ‘апошняе дзіця ў старых бацькоў, ці дзіця, якле нарадзілася праз доўгі час пасля папярэдняга’ [3, с. 308]), Прывалаў (параўн. рус. привал ‘прымак’ [3, с. 334]), Прэдкаў, Родзіч, Родзькін, Сімакоў (ад сямак ‘сёмы па ліку’ [3, с. 404]), Старавойтаў, Старкоў (рус. нар. старко. ‘старык’ [9, с. 187]), Старасотнікаў, Старасценка (ад стараста), Субоцін (‘дзіця, якое нарадзілася ў суботу’ [9, с. 190]), Судараў, Тумараў (рэг. тумар ‘багатыр, багаты чалавек’, рус. смал. тумарь ‘скупы чалавек, скупердзяй’ [3, с. 417]), Удаўкоў (ад удава), Царанкоў, Царыкаў, Шляхтаў і інш.

Назвы абстрактных паняццяў сустракаюцца ў прозвішчах: Астроўскі (магчыма, ад грэч. слова aster ‘зорка’ [9, с. 21]), Баканаў, Бакановіч (рус. бокан ‘камень’ [3, с. 35]), Бядоў (бяда), Добін (ад доба ‘польза’ [5, с. 35]), Гайкоў (рус. гай ‘крык, гам, шум’ [3, с. 94]), Гаманкоў (гамана ‘гучная, неразборлівая гаворка’ [6, с. 142]), Ганжын (укр. ганжа ‘загана, хіба’, узб. ганж ‘багацце, скарб’ [3, с. 101]), Гоманаў (гоман ‘гучная невыразная гаворка некалькіх чалавек’ [6, с. 154]), Гулевіч (рэг. гула ‘глупства, бязглуздзіца, драбніца’ [3, с. 121]), Зяцікаў (ад зяць), Каменеў, Крок, Курашоў (параўн. тат., узб. кураш ‘барацьба’ [3, с. 233]), Ламака (‘ламачына, непатрэбная рэч’ [3, с. 243]), Пабедзінскі (рус. ‘перамога’ [3, с. 303]), Перлін (уст. перл ‘жамчужына’ [9, с. 153]), Патаеў (рэг. патай ‘тайна’ [3, с. 317]), Пацёмкін (рэг. пацёмкі ‘цемната, цемра’ [3, с. 319]), Рычкоў (параўн. рык ‘моцны працяглы роў; злоснае рыканне’ [6, с. 569]), Чычыкаў (укр. чич ‘дрэннае балотнае сена’ [3, с. 456]), Шанец (рэг. ‘шанс, шчасце, вязенне’ [3, с. 466]), Шанцын (параўн. шанец), Эвентаў (семінарскае прозвішча, лац эвентус ‘поспех’ [9, с. 232]) і інш.

Сустракаюцца і прозвішчы, што абазначаюць назвы міфалагічных істот: Куцакоў (укр. куцак ‘чорт’ [3, с. 236]), Чарткоў (чорт ‘паводле забабонных уяўленняў: злы дух у вобразе чалавека, пакрытага чорнай шэрсцю, з рагамі, капыпамі і хвастом; д’ябал’ [6, с. 748]), Чурсін (ад Чур ‘славянскі язычаскі бог хатняга ачага’ [9, с. 222]), Чурыкаў (памянш. ад Чур [9, с. 222]), Шчураў (у славянскай міфалогіі шчур — тое ж , што і Чур [9, с. 231]). Як сцвярджае Васіль Шур, “такія найменні доўгі час выступалі ў якасці ўласных імён, а ў пазнейшыя перыяды сталі прозвішчамі” [10, с. 33].

Яшчэ адной крыніцай ўтварэння прозвішчаў Чачэрскага раёна былі мужчынскія і жаночыя ўласныя асабовыя імёны, якія як па сваёй унутранай прыродзе, так і па характару функцыянавання ў грамадстве складаюць такі разрад слоў, які не звязаны і не суадносіцца са значэннем прадметнасці, а забяспечвае вылучэнне адной канкрэтнай асобы з акаляючага мноства.

Імёны ў мове не жывуць адасобена. Як правіла, яны маюць сваіх продкаў і нашчадкаў, блізкіх і далёкіх сваякоў. Часам не распазнаеш, з кім “у радні” тая ці іншая форма імя, да яко­га слова яно ўзыходзіць. Тлумачыцца гэта тым, што пасля прыняцця хрысціянства асабовыя імёны, трапіўшы ў чужое моўнае асяроддзе, змяняліся, набліжаліся і дастасоўваліся да вымаўленчых нормаў паводле законаў мовы. У выніку гэтых працэсаў утварыліся шматлікія вытворныя і скарочаныя формы і іх варыянты, якія выступілі асновай фарміравання прозвішчаў. Мужчынскіх асабовых імёнаў значна больш, чым жаночых, таму, натуральна, і прозвішчаў ад іх больш. Гэта датычыць і прозвішчаў Чачэрскага раёна.

Трэба адзначыць, што прозвішчы ўтвараліся не толькі ад імён у той форме, у якой яны былі зафіксаваны ў царкоўных календарах, але і ад народных размоўных формаў гэтых імён, ад іх разнастайных скарочаных і квалітатыўных варыянтаў. Так, прозвішчы Алексіч і Алексяевіч узыходзяць да кананічнай формы імя Алексій; Аляксееў — да народнай формы гэтага ж імя Аляксей; Алешка і Аляшкевіч — да лакальнай формы Алешка.

На тэрыторыі Чачэрскага раёна пашыраны прозвішчы ад наступных уласных асабо­вых імён: Аўраам, разм. Абрам: Абрамаў, Абраменка, Абрамкоў, Абрамовіч, Аўрамаў, Аўраменка, Аўрамчыкаў ([2, с. 19]); Аверчанка (магчыма ад мужчынскага імя Аверкій, якое ў сваю чаргу ад лац. дзеяслова аверто ‘уцякаць’ [9, с. 12]); Агей: Агеенка, Агееў ([2, с. 21]); Адам: Адаменка, Адамовіч ([2, с. 22]); Азарыя: Азараў ([2, с. 22]); Акіла, разм. Акула: Акулаў ([2, с. 23]); Аўксенцій, разм. Аксён: Аксёнаў, Аксёненка ([2, с. 19]); Аляксей, разм. Алекса: Алекса, Аляксеенка, Аляксееў, Аляксейцаў ([2, с. 24]); Ананія: Ананічаў, Анонічаў ([2, с. 27]); Андрэй, разм. Андрэйчык, Андруха: Андрухін, Андрыянаў, Андрыенка, Андрэйеў, Андрэйчанкаў ([2, с. 28]); Андронік, разм. Андрон, Андрос: Андронаў, Анросенка ([2, с. 30]); Анісій, разм. Аніс, Аніська: Анісаў, Аніськоў; Антоній, разм. Антон, Антонік, Антончык, Антоша: Антонаў, Антоненка, Антонічаў, Антончыкаў, Антошчанка ([2, с. 30]); Анціп: Анціпенка ([2, с. 30]); Архіп: Архіпенка ([2, с. 32]); Арцемій, разм. Арцём: Арцёмаў, Арцёменка ([2, с. 32]); Еўстафій, разм. Астап: Астапаў, Астапенка ([2, с. 66]); Аўдзій, разм. Аўдзей: Аўдзееў ([2, с. 17]); Афанасій: Афанасенка, Афанасенкаў, Афанаськоў ([2, с. 33]); Багдан: Багданаў, Багдановіч ([2, с. 35]); Барыс: Барысенка, Барыскін ([2, с. 35]); Баркоў (ад скарочанай формы Барко імя Барыс, Барыслаў [9, с. 28]); Васілій, правасл. Базыль, разм. Васілёк, Васюта: Васіленка, Васілеўскі, Васільеў, Васількоў, Васючэнка, Базылёў ([2, с. 39]); Венядзікт: Венідзіктаў, Венядзіктаў, Вінідзіктаў ([2, с. 41]); Власій: Власаў, Уласаў ([2, с. 45]); Гаўрыіл: Гаўрылаў, Гаўрыленка, Гаўрыленкаў, Гаўрылін ([2, с. 46]); Генадзій, разм. Гена, Генка: Генадзіеў, Генкін, Генькін ([2, с. 49]); Георгій, Юрый: Юрчанка; Герасім: Герасімаў ([2, с. 49]); Грыгорый: Грыгор’еў, Грагаровіч, Грынкевіч, Грышанкоў, Грышкавец, Грышукоў ([2, с. 53]); Гапанаў (ад укр. варыянта Гапон імя Агафон [9, с. 57]); Горын (ад памянш. формы Гора імя Георгій [9, с. 60]); Давыд: Давыдаў, Давыдзенка ([2, с. 57]); Данііл: Данілаў, Данілейка ([2, с. 59]); Дарафей: Дарашкоў, Дарашэнка, Дарошка ([2, с. 63]); Дзіамід: Дземідзенка, Дзімідзенка, Дзямідаў ([2, с. 62]); Дзімітрый, разм. Дзмітрок: Дзмітракоў, Дзмітранкоў, Дзмітрошкін, Дзмітрыеў, Змітракоў ([2, с. 61]); Елісей: Елісееў ([2, с. 71]); Емельян: Емяльянаў, Емяльяненка, Емяльянчанка, Емяльянчыкаў ([2, с. 72]); Ермакоў (магчыма ад формы Ермак імя Ермалай [5, с.41]); Еўтухоў (ад формы Еўтух кананічнага імя Еўстахій [5, с. 39]); Ермалай: Ермалаеў ([2, с. 74]); Еўдакім: Еўдакімаў, Еўдакіменка ([2, с. 64]); Захарый, разм. Захар: Захаранка, Захараў, Захаркоў, Захарчанка, Захарэнка ([2, с. 75]); Зінкевіч, Зіноўеў (ад Зіновій [5, с.44]); Зотаў (ад кароткай формы Зот кананічнага імя Зоцік [5, с. 45]); Іаан, разм. Іван, Івашка, Ваня: Ваньковіч, Іваненка, Іваноў, Іваноўскі, Іванчанка, Іванчыкаў, Іванькоў, Івашкаў, Івашкоў, Івашчанка ([2, с. 83]); Ігнацій, разм. Ігнат: Ігнаценка ([2, с. 79]); Ілья, разм. Ільюша: Ільшанкаў, Ільюшчанка, Ільюшэнка ([2, с. 81]); Іпаліт: Іпалітаў; Ісаак, разм. Ісак, Ісачок: Ісакаў, Ісакоў, Ісачанка ([2, с. 90]); Калінін (ад імя Каллиник ([2, с. 93])); Кандрацій, разм. Кандрат, Кандраш: Кандраценка, Кандрацьеў, Кандрашоў; Карнілій, разм. Карней: Карнеенка, Карнееў, Карніенка, Карняенка; Кір: Кірыенка, Кірэенка, Кірэеў, Кірэйчанка ([5, с. 52]); Кір’янаў (ад імя Кірыан [9, с. 99]); Клімент, разм. Клім: Клімаў, Кліменка, Клімовіч, Клімянкоў ([2, с. 98]); Кузьма — Кузьменка, Ку­зьмы, Кузьмічоў, Кузьмянкоў; Кіпрыан, разм. Купрыян, Купрэй: Купрыяненка, Купрыянчанка, Купрыяшанка, Купрэенка ([2, с. 96]); Лапін (ад памянш форы Лапа імя Еўлампій [9, с. 116]); Логінаў (ад царкоўнага імя Лонгвін [5, с. 65]); Лаўрэнцій: Лаўрыновіч, Лаўрыноўскі, Лаўрэнаў; Леонт, разм. Лявон, Леванок: Леванкоў, Леванькоў, Лявонаў, Лявоненка, Лявончыкаў ([2, с. 108]); Лук’ян: Лук ’янаў, Лук ’яненка, Лук ’янцаў; Лука: Лукашэнка ([2, с. 110]); Маісей: Маісеенка; Макарый: Макараў ([2, с. 111]); Максім: Максімаў, Максіменка, Максімцаў ([2, с. 111]); Малафееў, Малахаў, Малашанка, Малашкін (ад форм Малах, Малаш, Малашка імя Малафей [9, с. 126]); Марк: Маркін, Маркаў, Маркевіч, Марчанка, Маркоўскі ([2, с. 114]); Мацвеенка, Мацвееў, Мацюк, Мацюшкін, Мацюнін, Мацюшкоў, Мацянкоў (ад імя Мацвей [2, с. 116]); Мінаеў, Мінін (ад кананічнага імя Міна [5, с. 71]); Міхаіл, разм. Міша, Міхаль: Міхайлаў, Міхайлашаў, Міхалоўскі, Міхаленка, Міхалёў, Міхалкоў, Міхалкоўскі, Міхалькоў, Міхалькоўскі, Мішчанка, Мішчукоў, Мішын ([2, с. 121]); Мосін (ад імя Маісей [9, с. 134]); Нарбут (ст. літ. складанае імя Norbutas [3, с. 297]); Нахімаў (магчыма ад імя Анфім [9, с. 139]); Нестар: Несцяровіч, Несцярэнка ([2, с. 126]); Нікалай (рус.): Нікалаеў ([2, с. 128]); Нікіта: Нікіценка, Нікіцін ([2, с. 126]); Павел: Паўлаў, Паўленка, Паўлікаў, Паўлоўскі, Паўлюкоў, Паўлянкоў, Паўлючэнка, Пашкевіч, Пашкоў ([2, с. 131]); Пешкаў (ад формы Пешко імя Пётр [9, с. 154]); Платон: Платонаў ([2, с. 137]); Прохар: Прахарэнка ([2, с. 139]); Пётр: Пятроў, Пятроўскі ([2, с. 135]); Радзівіла (ст. літ. двухчленнае імя Radivilas [3, с. 346]); Радзівон: Радзівонаў, Радзюкоў, Радзькоўскі ([2, с. 140]); Раман: Раманаў ([2, с. 141]); Савельеў (ад імя Савелій [2, с. 142]); Савіцкі, Савановіч, Савіч (ад імя Сава [9, с. 174]); Саўчанка, Саўкоў, Саўкін (ад кананічнага імя Сава [5, с. 108]); Свірыдаў (ад кананічнага імя Спірыдон [5, с. 112]); Селіванаў (ад Селіван [5, с. 113]); Селіверстаў (ад Сільвестр [5, с. 113]); Сілкін (ад Сіла [5, с. 115]); Сурын (ад цюрк. імя Сура ‘сын асілка, княжы отрак, дружыннік’ [1, с. 241]); Сафроній: Сафонаў, Сафоненка, Сафронаў ([2, с. 153]); Сімяон, разм. Сямён: Семяненка, Семянякін, Сямёнаў ([2, с. 149]); Стэфан, разм. Сцяпан, Сцёпа: Сцепаненка, Сцепанкоў, Сцепанцоў, Сцяпанькоў, Сцепчанка, Сцёпчанка, Сцяпанаў ([2, с. 156]); Сергій, разм. Сяргей, Сярога: Сяргеенка, Сяргееў, Сярогаў, Сярогін ([2, с. 147]); Тарасій, разм. Тарас: Тарасаў Тарасенка ([2, с. 159]); Уланаў (ад формы Улан кананічнага імя Евлампій [5, с. 144]); Фама: Фамін, Фамічоў, Хомчанка ([2, с. 169]); Феадор, разм. Фёдар: Федараў, Федарэнка ([2, с. 163]); Філіп: Філіпаў, Філіпцоў, Філіпенка, Філіповіч, Філіпчанка, Філіпчук ([2, с. 168]); Харытон: Харытонаў, Харытоненка ([2, с. 171]); Цімафей: Цімафееў, Цімашэнка, Цімохаў ([2, с. 159]); Шараеў (ад калмыцкага імя Шара [9, с. 224]); Юдзін (ад формы Юда царкоўнага імя Іуда [5, с.185]); Якунін (ад імя Якаў [9, с. 236]); Яўфімій: Яфіменка, Яфімаў ([2, с. 69]); Яфрэм: Яфрэмаў, Яфрэменка ([2, с. 74]); Яшчанка (ад формы Яшка імя Якаў [5, с.196]).

Такім чынам, аналіз вышэй разгледжаных прозвішчаў дае нам магчымасць сцвярджаць, што самай прадуктыўнай матывацыйнай базай для ўтварэння прозвішчаў Чачэрскага раёна з’ яўляецца апелятыўная лексіка, якая прадстаўлена разнастайнымі лексіка-семантычнымі групамі. Найбольш пашыранымі з’яўляюцца прозвішчы, якія ўтварыліся ад назваў жывёльнага і расліннага свету, прафесій і розных відаў дзейнасці людзей, назвы прылад працы і прадметаў бытавога ўжытку, а таксама вялікі пласт складаюць прозвішчы, што адлюстроўваюць фізічныя і разумовыя якасці чалавека. Радзей сустракаюцца прозвішчы, што абазначаюць музычныя інструменты, дні тыдня, элементы зямной паверхні, з’явы прыроды, з’явы жыцця грамадства, асоб па сваяцтву, абстрактныя паняцці.

Самымі прадуктыўнымі імёнамі для ўтварэння прозвішчаў Чачэрскага раёна з’яўляюцца мужчынскія ўласныя асабовыя імёны. Трэба адзначыць, што ад рэдкаўжываемых імён утваралася параўнальна няшмат прозвішчаў.

Літаратура

  1. Баскаков, Н.А. Русские фамилии тюркского происхождения / Н.А. Баскаков. — М.: Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1979. — 279 с.
  2. Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы / М.В. Бірыла. — Мінск: “Навука і тэхніка”, 1966. — 327 с.
  3. Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія. Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М.В. Бірыла. — Мінск: “Навука і тэхніка”, 1969. — 508 с.
  4. Веселовский, С.Б. Ономастикон. Древнерусские имена, прозвища и фамилии / С.Б. Веселовский. — М.: «Наука», 1974. — 382 с.
  5. Никонов, В.А. Словарь русских фамилий / В.А. Никонов. Сост. Е.Л. Крушельницкий. — М.: Школа-Пресс, 1993. — 224 с.
  6. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Больш за 65000 слоў / пад рэд. М. Р. Судніка, М.Н. Крыўко; Афармленне А.М. Хількевіча. — 3-е выд. — Мінск: БелЭн, 2002. — 784 с.
  7. Тураўскі слоўнік: у 5 т. / склад. А.А. Крывіцкі, Г.А. Цыхун, І.Я. Яшкін [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982 — 1987. — 5 т. — 423 с.
  8. Усціновіч, Г. К. Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны (ХІV — Х VІ — ІІ стст.) / Г. К. Усціновіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1975. — 175 с.
  9. Федосюк, Ю.А. Русские фамилии: Популярный этимологический словарь / Ю.А. Феосюк. — М.: Дет. лит., 1980. — 239 с.
  10. Шур, В. В. З гісторыі ўласных імёнаў / В. В. Шур. — Мн.: Выш. шк., 1993. — 156 с.

Аўтары: У.А. Бобрык, А.Л. Дашкевіч
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. — 2010. — № 4 (61). — С. 34-41.