“Примечания достойный” Гомель і расійскія шрайбікусы эпохі Асветніцтва

0
808
Гомель и его история
Давайце дапаможам Дашы знайсці “примечания достойный” Гомель!

Калі вы нарадзіліся ў 70-я гады мінулага стагоддзя ў Савецкім Саюзе і вывучалі ў школе нямецкую мову, то мусіце памятаць усюдыіснага персанажа тагачасных падручнікаў – рэпарцёра Шрайбікуса. Заўжды ў гуморы і пры справе, Шрайбікус дапамагаў савецкім школьнікам засвойваць размоўныя тэмы пра meine Familie, DDR ці Ich gehe einkaufen і адрозніваць Perfekt ад Plusquamperfekt.

Калі вы зараз гадуеце дзяцей да шасці гадоў, то можаце быць знаёмымі з Дашай-падарожніцай – гераіняй амерыканскага навучальнага мультсерыяла для дзетак, асаблівасцю якога з’яўляецца навучанне розным рэчам праз гульню. Даша пастаянна звяртаецца да гледачоў з просьбай нешта сказаць, паўтарыць, адшукаць што-небудзь на экране. “Давайце дапаможам Дашы знайсці…” – фраза, якая стала ледзьве не крылатай.

Суправаджэнне навучальнага працэсу адмысловымі персанажамі-памочнікамі, прысутнасць якіх дадае ў навучэнне элементы забавы і гульні, рэч зусім не новая. Па вялікім рахунку правобраз такіх памочнікаў можна адшукаць у структуры катэхізісаў, пабудаваных на пытаннях і адказах. Але мы з вамі сустрэліся дзеля іншай нагоды. Нас цікавіць Гомель і гісторыі пра яго. “Да чаго ж тады тут Шрайбікус і Даша-падарожніца?” – спытаеце вы. У адказ прапаную вам звярнуцца да расійскага дыдактычнага выдання 1792 г. з характэрнай для эпохі Асветніцтва назвай “Детское училище, или Разговоры благоразумной наставницы с благородными воспитанницами, служащие для малолетних различного свойства и склонностей наставлением ко исправлению сердца и просвещению разума”.

Па задуме аўтаркі гэтага “сочинения” спадарыні ле Прэнс дэ Бамонт рознага кшталту звесткі падаваліся ў кнізе праз дыялогі настаўніцы “госпожи Добронравовой” і яе дванаццацігадовай вучаніцы “госпожи Благоразумовой”, а таксама іншых рознаўзроставых паненак – “Остроумовой”, “Вертопраховой”, “Неугомонновой” і г.д. Дыялогі тычыліся біблейскіх сюжэтаў і іх тлумачэння, павучальных гісторый і “прекрасных сказочек”, звестак з прыродазнаўства і геаграфіі. “Госпоже Остроумовой” выпала доля расказаць пра Магілёўскае намесніцтва, у склад якога ўваходзіў і Гомель.

Магілёўскае намесніцтва было часовым адміністрацыйна-тэрытарыяльным утварэннем, якое існавала з 1778 па 1796 год, калі расійская імператрыца Кацярына ІІ рабіла захады па ўзмацненню цэнтралізацыі дзяржаўнага кіравання. Кіравалася яно намеснікам, якім магла быць прызначана толькі асоба з ліку вышэйшых саноўнікаў. Намеснік атрымліваў надзвычайныя паўнамоцтвы, уключна з камандаваннем войскамі, раскватараванымі ў межах намесніцтва. Неўзабаве пасля смерці імператрыцы Магілёўскае намесніцтва скасавалі і, аб’яднаўшы з намесніцтвам Полацкім, утварылі Беларускую губерню з цэнтрам у Віцебску. Як бачым, эксперыментаў з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам нашая частка Беларусі пасля далучэння да Расійскай імперыі (1772 г.) зведала нямала. Што ж пра Магілёўскае намесніцтва расказвала “госпожа Остроумова”?

У цэлым гэта даволі стандартны (калі не сказаць шаблонны) набор самых агульных звестак: “Могилевское наместничество разделяется на 12 уездов, в которых следующие города: 1. Главный Наместничества город Могилев при реке Днепре; 2. Чаусы, 3. Старой Быхов, 4. Орша, 5. Бабиновичи, 6. Копысь, 7. Сенной, 8. Мстиславль, 9. Чериков, 10. Климовичи, 11. Рогачев, 12. Белицы. Сверх того примечания достойны следующие места: Шклов, Дубровна, Кричев, Чечерск, Гомель и Толочин. Сие Наместничество составляет также часть Бело-Руссии. Жители в нем по большой части поляки и литва; есть также множество и жидов. В сем наместничестве находится довольно годного на корабельное строение леса, который отправляется по реке Днепру к Черноморских верфям”.

Гэты фрагмент сведчыць, што новадалучаныя да Расійскай імперыі беларускія землі на час выдання “Детского училища, или Разговоров благоразумной наставницы” заставаліся для рускіх, калі не зусім terra incognita, то краем толкам незнаёмым. Адсюль вынікаюць і нязвыклы сёння варыянт напісання Бело-Руссия, і тое, што жывуць там не беларусы ці бело-руссы, як лагічна вынікала б з назвы, а чамусь “поляки и литва”. То бок у Санкт-Пецярбургу на той момант яшчэ канчаткова не вызначыліся, як называць жыхароў краю, воссоединенного с Россией навсегда. Зразумела, што гэтая кніга была даступна толькі нейкай частцы сем’яў расійскага дваранства. Але ж адлюстраваныя ў ім погляды маглі спрыяць узнікненню сярод маладых рускіх дваранак стэрэатыпаў у адносінах да памянёных няпэўных тэрыторый з няпэўным насельніцтвам. Пэўнымі для іх былі толькі яўрэі, хоць пра мяжу аселасці, якую толькі-толькі загадам Кацярыны ІІ увялі, падручнік 1792 г. вуснамі сваіх гераінь распавесці не паспеў.

Далей “госпожа Остроумова” паведамляла, “куда делает большие отпуски разных своих произведений” Магілёў, за што атрымлівае “вина, ишпанскую соль, шелковые материи и галантерейные вещи”, а таксама пра выгоду Шклова – “знатный торг, где и бывают многолюдные ярмонки”. Нейкіх падрабязнасцяў пра “примечания достойный” Гомель у яе расказе, на жаль, няма. Але што яна магла пра яго расказаць, калі б пра гэта папрасіла яе настаўніца? Звестак, відаць, было б не так шмат, як нам хацелася б. Раблю такую выснову з паведамлення пра наш горад у іншай кнізе таго часу “Топографические примечания на знатнейшие места путешествия ее императорского величества в Белорусские наместничества” 1780 года і, заклікаючы нашу памочніцу ўявіць, што гэта яе расказ, прашу (можаце паўтараць разам са мной): “Пожалуй, душа моя, госпожа Остроумова, расскажи ты нам о местечке Гомеле, что к уезду Белицкому причислен”.

“Гомель, в 210 верст. от Могилева, на правом берегу реки Сожа. В нем есть замок земляной, обнесенный палисадом, 3 греческие церкви, 1 униатская и 1 плебания католическая, почтовый дом и каменный магазин, раскольничья слобода и их молитвенный храм, бывают в нем так же 2 ярманки, и жители нарочито зажиточны”, –  хутчэй за ўсё, выдала б без запінкі яна, каб знайшла нашу просьбу дастаткова пачцівай. Нічога лішняга, але Гомель канца XVIII ст., як на далоні. “Гомель, где резной палисад”, – так і карціць перарабіць колішні хіт “Песняроў”, дарма што пад палісадам у гэтым разе разумеецца не якаясьці ажурная агароджа пры доме чарнавокай прыгажуні, а частакол дубовага замка.

З іншымі звесткамі гэтага паведамлення сучаснаму гамяльчаніну таксама не вельмі проста разабрацца. Тут быў бы дарэчы тутэйшы персанаж-памочнік, што патрапіў бы расставіць кропкі над “і”. Які-небудзь Мартын Гамеюк ці якая-небудзь Дуня Палацава-Паркава. Каб усім усё стала ясна. Што “почтовый дом” – гэта не зусім аналаг сучаснай пошты ці паштамта, а ўстанова для адпачынку падарожнікаў (Дашы спадабалася б), замены коней і ўжо толькі потым абменам карэспандэнцыяй між паштарамі. Што “каменный магазин” – гэта не крама ці ўнівермаг, а, хутчэй за ўсё, складское памяшканне, да таго ж вайсковага прызначэння. Што “нарочито зажиточные” жыхары – гэта не тыя людзі, якія разбагацелі наўмысна (напрыклад, на зло насельнікам суседніх вёсак ці мястэчак), а тыя, хто проста вызначаецца заможнасцю (багаццем) ад астатніх (слова “нарочито” тут ужытае ў сваім састарэлым значэнні – “значительно”, “заметно”). Зрэшты, якімі б кемлівымі і дасціпнымі нашы патэнцыйныя тутэйшыя шрайбікусы ці дашы-падарожніцы ні былі, хацелася б, каб глядзець на Гомель яны ўмелі найперш па-гомельску. Нават расказваючы пра погляды сваіх піцерскіх калегаў больш, чым двухсотгадовае даўніны.

Сяргей Балахонаў