22 лютага (субота) ў 13:00 у філіяле Веткаўскага музея (г. Гомель, Плошча Леніна, 4, цэнтральны парк, за саборам Пятра і Паўла) адбудзецца прэзентацыя кнігі «Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі» Змітра Скварчэўскага, кандыдата гістарычных навук, даследчыка міфалогіі і традыцыйнай беларускай культуры, дацэнта кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ.
Кошт удзелу: уваходны квіток у музей — 1,00 руб.
Прэзентацыя адбудзецца ў фармаце лекцыі на тэму «Беларускі язычніцкі пантэон: рэканструкцыі і традыцыя», пасля якой у прысутных будзе магчымасць задаць свае пытанні аўтару.
Прадстаўленае выданне — гэта першая кніга даследчыка, якая прысвечана міфалогіі і рэлігійнай традыцыі продкаў беларусаў. На старонках кнігі аўтар выкладае новы падыход да рэканструкцыі супольнасці багоў, якія шанаваліся продкамі беларусаў. У кнізе разглядаюцца дыскусійныя пытанні існавання пантэона, імёнаў, атрыбутаў і характарыстык багоў. На падставе фальклорных, гістарычных і шэрагу іншых крыніц вылучаюцца вобразы тутэйшых багоў, якія адпавядаюць старажытным індаеўрапейскім і з’яўляюцца іх працягам у беларускай фальклорна-міфалагічнай традыцыі.