Правядзенне нацыянальна-культурнай работы ва ўсходніх беларускіх губернях у першай палове 1920-х гадоў

0
176
Правядзенне нацыянальна-культурнай работы ва ўсходніх беларускіх губернях у першай палове 1920-х гадоў

Вывучэнне пытання аб правядзенні нацыянальна-культурнай, у першую чаргу беларускай, работы і яе асаблівасцей ва ўсходніх беларускіх губернях у час іх знаходжання ў складзе РСФСР мае прынцыповае значэнне для разумення ролі культурнага фактару ў сучасным беларускім грамадстве.

Кіраўніцтва БССР ніколі не пакідала па-за ўвагай беларускія тэрыторыі, якія знаходзіліся ў складзе РСФСР. Усевалад Ігнатоўскі сцвярджаў, што «хутка адрадзіць Савецкую Беларусь магчыма толькі ўключыўшы ў тэрыторыю Беларусі блізкія ёй суседнія раены, больш дэцэнтралізаваўшы кіраўніцтва галінамі прамысловасці мясцовага значэння, уцягнуўшы шырокія колы працоўных мас у актыўнае савецкае будаўніцтва, узмацніўшы культурна-асветную працу на родных (беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай) мовах; задушаная царызмам беларуская культура павінна адрадзіцца» [1, с. 238].

Ва ўсходніх беларускіх губернях партыйна-савецкая работа па нацыянальна-культурным пытанні праводзілася ў рэчышчы агульнарасійскай палітыкі, зыходзячы з дакументаў адпаведных цэнтральных устаноў. На месцах ствараліся аддзелы, пададдзелы, камісіі, нацыянальныя секцыі і бюро, уводзіліся пасады ўпаўнаважаных па справах нацменшасцей пры выканкамах, інспектараў па рабоце з нацменшасцямі пры аддзелах народнай адукацыі, арганізоўваліся нацыянальныя бюро пры губернскіх партыйных камітэтах. Першачарговае месца адводзілася развіццю адукацыі і культуры.

На тэрыторыі ўсходніх беларускіх губерняў пражывалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якія мелі статус «нацменшасці». Ужо з 1919 г. пры Віцебскім і Гомельскім губернскіх камітэтах РКП(б), пры аддзелах народнай адукацыі дзейнічалі яўрэйскія, польскія, латышскія секцыі і пададдзелы. Аднак у гэтых губернях доўгі час не ўдавалася стварыць нацыянальныя ўстановы, якія б разгарнулі культурна-асветніцкую работу сярод беларускага насельніцтва. Нягледзячы, на тое, што, напрыклад, яшчэ ў канцы кастрычніка 1917 г. Віцебскі губернскі з’езд настаўнікаў, сходы чыгуначных службоўцаў, фабрычных работнікаў у шэрагу рэзалюцый выказалі гатоўнасць працаваць «на беларускай ніве». У 1918 г. было адчынена Віцебскае аддзяленне Белнацкома, але ўжо ў канцы гэтага ж года губвыканкам без згоды Белнацкама і Наркамнаца РСФСР закрывае яго. Міхась Мялешка — беларускі гісторык, этнограф, публіцыст, выкладчык Віцебскага археалагічнага інстытута пісаў: «Што дала рэвалюцыя ў Віцебшчыне беларусу ў яго нацыянальных памкненнях? Самавызначэнне? Свабоднае развіцце нацыянальнай культуры?… Царскі русіфікатарскі беспарадак у Віцебшчыне застаўся і да сенняшняга дня. Паны-русіфікатары, што засталіся, змянілі толькі свае вонкавае аблічча. Адны з іх сталі «камуністамі», другія — беспартыйнымі «спецамі», трэція засталіся такімі ж манархістамі, якімі і былі» [2, арк. 24]. М. Мялешка параўноўваў першыя паслярэвалюцыйныя гады для беларускага народа Віцебшчыны з «мураўеўскімі часінамі» [3, с. 50]. Часткова непрыняцце беларускай работы на Віцебшчыне можна вытлумачыць небеларускім нацыянальным складам партыйнага і савецкага апарата губерняў. Вясной 1921 г. пры ўрадзе РСФСР было заснавана Беларускае Цэнтральнае бюро (БЦБ). Яго задачай з’ўялялася арганізацыя і кіраванне нацыянальнай сістэмай адукацыі і асветы ў раенах кампактнага пражывання беларусаў на тэрыторыі РСФСР. БЦБ, падобна іншым нацыянальным бюро, падпарадкоўвалася Цэнтральнаму Савету па асвеце нацменшасцей РСФСР. Адразу пасля заснавання БЦБ прыступіла да арганізацыі беларускіх секцый пры губернскіх аддзелах народнай адукацыі. Нягледзячы на тое, што вясной 1919 г. Магілеўская губерня была рэарганізавана і губернскі цэнтр перамясціўся ў колішні павятовы горад Гомель, было прынята рашэнне аб неабходнасці стварэння белсекцыі і пры Магілеўскім павятовым аддзеле народнай адукацыі. Такая неабходнасць абумоўлівалася значным беларускім рухам на Магілеўшчыне і наяўнасцю зацікаўленных у справе работнікаў павятовага аддзела народнай адукацыі.

Усевалад Ігнатоўскі і яго аднадумцы — Аляксадр Чарвякоў, Зміцер Жылуновіч добра ўсведамлялі, што становішча ў губернях насіла складаны характар па прычыне шматвякавой, спачатку паланізатарскай палітыкі пануючых класаў Польшчы, а затым русіфікатарскай палітыкі царызму. Наркамат асветы БССР намагаўся паступова, праз арганізацыю нацыяналь-культурнай, асветніцкай дзейнасці ва ўсходніх губернях паўплываць на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва, асабліва беларусаў. Неабходна было зламаць супраціўленне мясцовага кіраўніцтва і разгарнуць шырокую сетку школ і іншых устаноў для абслугоўвання беларускага насельніцтва на роднай мове, што ўжо паспяхова рабілася для іншых нацыянальнасцей, пражываючых у губернях.

Паспрыяла гэтай працы і нацыянальная палітыка РКП(б), дэклараваная Х з’ездам. У Віцебскай губерні са жніўня 1921 г. актыўна працавала яўрэйская секцыя губана. Яўрэйскія аддзелы былі створаны пры Веліжскім, Гарадокскім, Невельскім, Полацкім, Лепельскім павятовых аддзелах народнай адукацыі. З 1 мая 1921 г. пры Віцебскім губаддзеле нацменшасцей працаваў латышскі пададдзел, крыху пазней была створана польская секцыя [4, арк. 14]. Аднак намаганні Масквы і Мінска разгарнуць культурна-асветніцкую работу сярод карэннага насельніцтва праз арганізацыю белсекцый непрыхільна ўспрыняло мясцовае кіраўніцтва. Асаблівай варожасцю выдзяляліся кіраўнікі Віцебскай губерні. Менавіта па гэтай прычыне белсекцыя ў губерні фактычна так і не была створана. У маі 1922 г. Віцебск наведала інструктар Цэнтральнага бюро пры Саўнацмене Наркамасветы РСФСР Шышава. На пасяджэнні калегіі губана яна зрабіла даклад аб стварэнні белсекцыі. Дакладчык адзначала, што ў губерні неабходна тэрмінова разгарнуць нацыянальна-культурную работу сярод беларускага насельніцтва на роднай мове і пачаць падрыхтоўку да арганізацыі беларускага педагагічнага тэхнікума і інстытута народнай адукацыі. У якасці галоўнага аргумента для пацвярджэння тэрміновай неабходнасці стварэння белсекцыі прыводзіліся дадзеныя Статбюро, па якіх на тэрыторыі Віцебскай губерні пражывала 1,5 млн. чалавек, з іх каля 1 млн. — беларусы. На думку Шышавай, колькасць беларусаў у губерніі яшчэ большая [4, арк. 14]. У ліку сродкаў, выдзеленых НКА РСФСР губернскаму Савету па асвеце нацменшасцей, планавалася ўтрыманне трох пасад беларускіх інспектараў, якія павінны былі распачаць работу па арганізацыі белсекцыі. Аднак кіраўніцтва губана выказалася катэгарычна, адзначыўшы, што стварэнне белсекцыі толькі пашырыць апарат, а беларуская мова — ненатуральная, зусім незразумелая масам. Ды і пачуць «паўбеларускую» гаворку можна толькі на поўдні губерні. Зыходзячы з дадзенай пазіцыі ў пастановах губана неаднаразова фіксавалася: «Калегія губана лічыць арганізацыю белсекцыі несваечасовай». Гэтае пытанне таксама ўздымалася і ў губкаме РКП(б), і ў губернскім савеце па асвеце нацменшасцей. Жадаючы пазнаеміцца з пастаноўкай беларускай культурна-асветніцкай работы на Віцебшчыне ў пачатку мая 1922 г. Віцебск наведаў нарком асветы БССР Ус. Ігнатоўскі. Ён выказаў думку, што на Віцебшчыне ў гэтай справе дапушчана вялікая памылка, якую неабходна тэрмінова выправіць, бо яна шкодна адаб’ецца не толькі для Віцебшчыны, але і для ўсей тэрыторыі эканамічна-этнаграфічнай Беларусі «як савецкай, так і закардоннай». Ус. Ігнатоўскі лічыў, што русіфікацыя на Віцебшчыне зачапіла невялікую групу беларускай інтэлігенцыі і гарадскога беларускага пралетарыята, які нешматлікі; вясковы ж пралетарыят і сялянства ў масе сваей гавораць на беларускай мове. Ус. Ігнатоўскі падаў дакладную запіску ў КП(б)Б і ЦК РКП(б) аб становішчы беларускай культурна-асветніцкай работы на Віцебшчыне. У ей адзначалася, што пастановы губкама і губана аб неадчыненні белсекцыі: «1. Супярэчаць пастановам Х з’езда РКП(б) па нацыянальным пытанні; 2. Супярэчаць першаму пункту палажэння працоўнай школы аб навучанні ў школе на роднай мове; … 4. У Беларусі Савецкай стварае разгубленасць… і шавінізм у беспартыйных беларускіх колах; 5. У Беларусі закардоннай, дзе нацыянальнае пачуцце беларусаў надзвычай узбуджана, змяншае цягу да Савецкай Беларусі і Расіі» [2, арк. 41б]. Пазіцыя губернскага кіраўніцтва заставалася нязменнай: «Для правядзення беларускай работы ў Віцебскай губерні няма ні партыйных, ні школьных работнікаў, а галоўнае — няма сродкаў» [4, арк. 14].

У Гомельскай губерні беларуская секцыя пры губернскім аддзеле народнай адукацыі стваралася на працягу вясны-лета 1922 г. Гэты працэс быў няпросты. Першая спроба стварэння структуры была зроблена БЦБ яшчэ вясной 1921 г. Ідэя знайшла падтрымку сярод мясцовых прыхільнікаў беларускага руху. Тым больш, меліся работнікі, якія былі знаемы з арганізацыяй культурна-асветніцкай работы сярод насельніцтва розных нацыянальнасцей, пражываўшых на тэрыторыі губерні. Пры губана ўжо існавалі яўрэйская і польская секцыі. Прадстаўнікі гэтых секцый утварылі каардынацыйны непрафесійны орган — Губернскі савет па асвеце нацыянальных меншасцей (ГубСНМ). Усе намаганні па адкрыцці белсекцыі напаткалі катэгарычную адмову губана, які спасылаўся на адсутнасць у губерні падрыхтаваных да працы ў беларускіх установах кадраў, абмежаванасць фінансавай магчымасці і нежаданасць саміх беларусаў вучыцца на роднай мове, тым больш, што “адсутнічаюць дакладныя статыстычныя дадзеныя аб колькасці беларускага насельніцтва ў губерні”. Аднак пад націскам БЦБ дазвол на арганізацыю белсекцыі быў дадзены. Разгарнуць шырокую працу сярод карэннага насельніцтва не паспелі, бо ўжо ў студзені 1922 г. белсекцыя была ліквідавана «па непатрэбнасці» і аднавіла сваю дзейнасць восенню 1922 года. Восенню 1921 г. і Украінскае Цэнтральнае бюро НКА РСФСР пасля няўдалай спробы адкрыць пры Гомельскім губана сваю секцыю ўступіла ў зацяжную барацьбу з уладамі губерні [5].

З мэтай аказання дапамогі ў наладжванні нацыянальна-культурнай работы ў пачатку 1923 г. губерню наведаў загадчык БЦБ НКА РСФСР М. Лойка. Ён выступіў на пасяджэнні бюро губернскага камітэта РКП(б) і прасіў падтрымаць работнікаў белсекцыі ў арганізацыі культурна-асветніцкай работы, у тым ліку і сярод беларускага насельніцтва губерні.

У верасні 1923 г. праходзіць шэраг пасяджэнняў губСНМ. У пратаколах адзначаецца, што, зыходзячы з рашэнняў ХІІ з’езда РКП(б), неабходна пашыраць работу сярод нацыянальных меншасцей губерні. У пастанове пасяджэння ад 22 кастрычніка 1923 г. калегіі губана па дакладу губСНМ была звернута ўвага на тое, што работа сярод нацыянальных меншасцей уключае не толькі яўрэйскую, трэба «рухаць на месцах польскую і беларускую работу» [6, арк. 63].

Пасля аб’яднання Віцебскай і часткі Гомельскай губерні з БССР работа сярод нацыянальных меншасцей у захаваўшыхся ў складзе РСФСР паветах актывізавалася. Па словах старшыні ЦСНМ Н. Мухітдзінава работа сярод нацменшасцяў РСФСР атрымала развіцце, пакінуўшы далека ззаду беларусаў і ўкраінцаў. На губнарадзе павятовых аддзелаў народнай адукацыі Гомельскай губерні адзначалася, што ў губерні вядзецца значная работа сярод яўрэяў і палякаў, і канстатавалася, што «не было раўнамернага ахопу ўсіх нацыянальных меншасцей». У рэзалюцыі губнарады падкрэслівалася неабходнасць тэрмінова пачаць работу сярод беларусаў [2, арк. 148]. Аднак на нарадзе палітпрасветработнікаў Гомельскай губерні (красавік, 1925 г.) адзначалася, што часта мясцовыя работнікі лічаць, што нацпалітыка партыі мае дачыненне да народаў Усходу. Яны імкнуцца даказаць, што яўрэйскія, польскія школы і іншыя культурна-асветныя ўстановы выкарыстоўваюцца дзеля рэлігійных мэтаў. Па прычыне іх нежадання звярнуць увагу на нацменработу яўрэйскае насельніцтва разглядаецца як «нэпманскае», палякі як «белагвардзейцы» — прадстаўнікі панскай Польшчы, а беларусы як існуючыя толькі ва ўяўленнях Белбюро [8, арк. 98-101]. Нацыянальныя секцыі ЦК РКП(б) намагаліся пераканаць губернскае кіраўніцтва, што нацыянальная мова «ў нашых руках» можа быць сродкам барацьбы з буржуазнай ідэалогіяй. У месцах, «дзе будуць існаваць польскія і яўрэйскія школы, хаты-чытальні, клубы, яны змогуць супрацьстаяць касцелу і сінагоге» [9, арк. 73].

Такім чынам, нацыянальная палітыка ва ўсходніх беларускіх губернях у складзе РСФСР у галіне адукацыі і культуры ажыццяўлялася ў рамках агульнарасійскай нацыянальнай палітыкі, дэклараванай РКП(б). У першай палове 1920-х гадоў шматнацыянальная Віцебшчына, Гомельшчына, Магілеўшчына ўваходзілі ў два дзяржаўныя аб’яднанні (РСФСР і БССР), што прадвызначала спалучэнне універсальнага і спецыфічнага ў правядзенні нацыянальна-культурнай палітыкі на гэтых тэрыторыях.

Спіс выкарыстаных крыниц и литаратуры

  1. Ігнатоўскі, Ус. Камуністычная партыя Беларусі і беларускае пытанне / Ус. Ігнатоўскі // Беларусь. Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху / Цэнтр. выкан. кам. БССР: Пад агул. рэд. А. Сташэўскага, З. Жылуновіча, Ус. Ігнатоўскага і інш. — Мінск, 1924. — С. 229-242.
  2. Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. 1918-1991 гг. // Нацыянальны архів Рэспублікі Беларусь (далей НАРБ). — Фонд 4. — Воп. 21. -Спр. 2549.
  3. Гесь, А. Як адстойвалі ўсходнія землі: (Рух за нацыянальнае самавызначэнне Віцебскай губерні пад кіраўніцтвам Ус. Ігнатоўскага: 20-ыя гг.) / А. Гесь // Спадчына. — 1995. — № 6. — С. 37-54.
  4. Витебский губернский отдел народного образования // Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці . — Фонд 246. — Воп. 1. — Спр. 65.
  5. Зеленкова, А. И., Старовойтов, М. И. Гомельщина многонациональная (20-30-е годы ХХ века). В 2 вып. / А. И. Зеленкова, , М. И .Старовойтов / Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 1999-2000. — Вып. ІІ. — 2000. — 156 с.
  6. Гомельский губернский отдел народного образования. 1919-1926 гг.// Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. — Фонд 60. — Воп. 1. — Спр. 1547.
  7. Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. 1918-1991 гг. // НАРБ. — Фонд 4. — Воп. 21. — Спр. 107.
  8. Гомельский губернский партийный комитет. 1918-1926 гг. // Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (далей ДАГАГВ). — Фонд 1. -Воп. 1. Спр. 2066.
  9. Гомельский губернский партийный комитет. 1918-1926 гг. // ДАГАГВ. — Фонд 1. — Воп. 1. — Спр. 1215.

Аўтар: А.І. Зелянкова
Крыніца: Беларусь у ХІХ-ХХІ стагоддзях: этнакультурнае і нацыянальна-дзяржаўнае развіццё: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гом. дзярж. ўн-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2015. — 281 с. Ст. 113-119.