Правядзенне калектывізацыі ў Брагінскім раёне

0
261
Правядзенне калектывізацыя ў Брагінскім раёне

Пасля прыходу да ўлады ў 1917 г. бальшавікі пачалі праводзіць свой эксперымент па пабудове новага бяскласавага справядлівага і раўнапраўнага грамадства, заснаванага на ідэалагічнай базе марксізму. З мэтай хутчэйшай пабудовы сацыялістычнага ладу бальшавікі імкнуліся як мага хутчэй знішчыць капіталістычныя адносіны як у прамысловасці, так і ў сельскай гаспадарцы. На думку бальшавіцкай партыі, у сельскай мясцовасці пабудаваць сацыялізм было магчыма, толькі аб’яднаўшы сялянскія дробныя надзелы ў калектыўныя гаспадаркі, працу ў якіх планавалася заснаваць на шырокай механізацыі. Каб перацягнуць сялян на свой бок, ужо 26 кастрычніка 1917 г. быў выдадзены “Дэкрэт аб зямлі”, які ліквідаваў памешчыцкае і царкоўнае землеўладанне і таму быў станоўча ўспрыняты малазямельным сялянствам [1, с. 177]. Здавалася, рэформа бальшавікоў павінна вырашыць галоўную сялянскую праблему — малазямелле. Аднак у партыі былі свае меркаванні наконт гэтага. Бальшавікі намагаліся з дапамогай кааперацыі спрасціць працэс выкачкі рэсурсаў з вёскі і тым самым хутчэй пабудаваць новы ўклад. З самага пачатку правядзення палітыкі “ваеннага камунізму” па ўсей тэрыторыі Савецкай Расіі пачалі ўзнікаць розныя формы кааперацыі (ТАЗы, арцелі, камуны) [2, с. 48]

Не абмінулі працэсы кааперацыі і тэрыторыю сучаснага Брагінскага раёна. Першыя кааператывы пачалі ўтварацца ўжо ў 1919 г., адразу пасля выгнання польскіх войск. У выніку даследавання ўдалося ўстанавіць, што падчас правядзення палітыкі “ваеннага камунізму” было ўтворана 4 камуны. Першая камуна “Праца” ўзнікла на месцы былога фальварка Унігаўка Мікуліцкай воласці, першым яе галавой стаў Савул Дабрынскі. Дадзеная камуна праіснавала нядоўга і была знічшана бандай Івана Галака. У тым жа годзе ў кастрычніку — лістападзе была ўтворана другая камуна ў в. Гарадзішча, якая атрымала назву “Надзея”. Сама гаспадарка была ўтворана яўрэямі, што пацвярджаюць яўрэйскія прозвішчы яе першых чальцоў (Райхман Шэель, Глухоўскі Янкель, Міляўскі Янкель), і на першапачатковым этапе свайго існавання мела ўсяго толькі аднаго каня з сядлом. Па прычыне адсутнасці цяглавай сілы і сельскагаспадарчага інвентара камунары змаглі засеяць азімымі плошчу толькі 12 дзес. зямлі, і то калі атрымалі ад дзяржавы пазыку. Колькасць камунараў на першапачатковым этапе складала 17 рабочых і 24 едакі. Па гэтых дадзеных бачна, што камунары павінны былі знайсці падтрымку, каб іх гаспадарка змагла выжыць. Таму з гэтай мэтай у яе запрашаліся яўрэйскія сем’і, якія перад уваходам у камуну павінны былі рабіць унёсак грашыма або аддаваць каня з фурманкай [3, с. 117-­118]. Утварэнне яўрэйскай камуны адпавядала дзяржаўнай палітыцы 1920-х гг. па ўцягванню яўрэяў у сельскагаспадарчую кааперацыю, таму яўрэйская камуна, верагодна, падтрымлівалася мясцовым урадам [4, с. 14]. Нягледзячы на ўступленне ў камуну яўрэйскіх сем’яў, якія рабілі ўнёскі ў гэтую гаспадарку, яна не паказвала сваёй эфектыўнасці. Галоўным мінусам камуны з’яўлялася тое, што яе чальцы ніколі не працавалі на зямлі. Як сцвярджаюць крыніцы, самі камунары ў мінулым былі яўрэямі-гандлярамі або рамеснікамі. Таксама ў камуне адсутнічалі іншыя жывёлы акрамя коней, не было свайго саду. Акрамя таго, што ў камуне працавалі былыя гандляры, многія з іх не мелі ў в. Гарадзец свайго жытла, і ім прыходзілася кожны дзень дабірацца на працу з Брагіна. Па гэтых прычынах ужо ў 1921 г. камуну пачалі пакідаць яўрэйскія сем’і, пакінуў яе нават першы кіраўнік Глухоўскі Янкель, і сама гаспадарка аказалася ў крызісным стане [3, с. 118]. Аднак, як вядома, дзяржава аказвала камунам падтрымку, бо ўжо ў пачатку 1920­х гг. па Гомельскай губерніі выявіўся крызіс камунальнага руху, што пярэчыла дзяржаўнай палітыцы. Па гэтай прычыне камуне была аказана дапамога, і пачалося яе рэфармаванне [1, с. 178]. Сама камуна ў 1924 г. была ператворана ў арцель “Надзея”. Па стане на 12 верасня 1925 г. У арцелі налічвалася 109 дзес. пашы, 15 коней, 32 каровы, 9 цялят, 10 плугоў, 4 пары барон, 1 сеялка. Важным прарывам у земляробстве стала ўвядзенне 9-польнага севазвроту, які ў той час быў вельмі рэдкай з’явай. Напрыклад, калі параўнаць з суседнім Лоеўскім раёнам, то асноўнай формай землекарыстання да пачатку правядзення суцэльнай калектывізацыі заставаўся двухпольны севазварот, які на той час быў маральна састарэлым. Колькасць камунараў на дадзены прамежак часу складала 15 сямей, з якіх лік працаздольнага насельніцтва складаў 31 чалавек [3, с. 123].

Пачынаючы з сярэдзіны 1920-х гг. па Брагінскаму і Камарынскаму раёнах пачалі ўзнікаць і іншыя кааператыўныя аб’яднанні. У 1924 г. на былых памешчыцкіх землях былі заснаваны арцелі: у в. Савічы “Інтэрнацыянал”, у в. Касачоў — “Новы свет”, у в. Краснае (Камарынскі раён) “ІІІ Інтэрнацыянал”.

Акрамя арганізацыі камун і арцеляў у Брагінскім раёне пачалі ўзнікаць і іншыя сельскагаспадарчыя кааператывы. У в. Калыбань у 1927 г. было ўтворана меліярацыйнае таварыства, якое праз год пераўтварылася ў машынна-меліярацыйнае таварыства. Само таварыства карысталася попытам у бяднейшых сялян. З боку дзяржавы аказвалася падтрымка, і ў 1930 г. таварыства было пераведзена ў калгас “Чырвоны араты”. У канцы 1920-х гг. У в. Астрагляды быў заснаваны адзіны на Брагінскі раён саўгас, які праіснаваў да 1986 г. (зараз не існуе ў выніку аварыі на ЧАЭС) [3, с. 118-119].

З мэтай павышэння ўраджайнасці пачынаючы з 1927 г. у Брагінскі і Камарынскі раёны пачалі пастаўляцца першыя трактары і грузавыя аўтамабілі. Першымі гаспадаркамі, якія атрымалі трактары, сталі саўгас “Астрагляды”, арцелі “Надзея”, “Новы свет”. У 1929 г. у Камарынскім раёне з’явіўся першы аўтамабіль ГАЗ-АА [3, с. 126].

У канцы 1920-х гг. паступова пачаў згортвацца НЭП, і дзяржава стала рыхтавацца да правядзення калектывізацыі. Афіцыйна аб пачатку калектывізацыі ў СССР было аб’яўлена на 15 з’ездзе УКП(б) 2-19 снежня 1927 г., які абвясціў яе «генеральнай лініяй партыі» ў сельскай мясцовасці. Галоўнай мэтай абвяшчалася «саветызацыя» сялянства, вывад яго з «дробнабуржуазнага» стану і, вядома, доступ дзяржавы да рэсурсаў, якія меліся ў сельскагаспадарчым асяроддзі, а таксама перадача значнай часткі іх на патрэбы індустрыяльнага будаўніцтва. Ужо 11 студзеня 1927 г. было апублікавана «Палажэнне аб пастаянным дзяржаўным хлебным фондзе» з мэтай зрабіць стратэгічны дзяржаўны запас збожжа, фуражу, насення на выпадак надзвычайных мер. У 1928 г. улады адабралі ў беларускіх сялян у 3,5 разы больш збожжа, чым у папярэдні год. Але наступнай зімой цяжкасці з хлебанарыхтоўкамі паўтарыліся. Зноў давялося выкарыстоўваць харчразверстку [5, с. 17]. На працягу 1927-1928 гг. да кожнага раёна БССР даводзіўся план па здачы хлеба. Калі параўнаць Брагінскі раён з суседнімі раёнамі Гомельскай акругі, то ён пастаўляў самы вялікі працэнт зернавых, па чым можна сцвярджаць, што ў раёне было шмат заможных гаспадарак. У 1928 г. раён паставіў дзяржаве 1 040 т жыта і пшаніцы (32% ад агульнай колькасці), Гомельскі раён накіраваў дзяржаве 330 т жыта і пшаніцы (10%) і 13% яравых культур. Лоеўскі раён паставіў усяго 330 т пшаніцы і жыта, што склала толькі 10% ад агульнага аб’ёму па ўсіх раёнах Гомельшчыны. Камарынскі раён паставіў 12% пшаніцы і жыта [9, л. 154].

Высокія нормы здачы зерня ў дзяржаўны фонд не маглі не выклікаць супраціў сярод сялян Брагіншчыны. Напрыклад, у в. Малейкі пры адабранні зерня ў заможніка быў забіты мясцовы камсамолец І.В. Татарынаў. Аналагічны інцыдэнт адбыўся ў суседняй в. Макрэц, дзе быў забіты мясцовы актывіст [3, с. 126].

Перад пачаткам калектывізацыі Брагінскі раён выглядаў даволі заможна ў параўнанні з суседнімі раёнамі. Па колькасці хатняй жывёлы раён саступаў толькі Рэчыцкаму: 27 336 супраць 48 555 галоў. Напрыклад, у суседнім Лоеўскім раёне на 1928 г. налічвалася 23 180 галоў. Вялікім плюсам для раёна былі добрыя ўрадлівыя сугліністыя глебы, асабліва ў наваколлі пасёлка Брагіна [10, л. 88].

У 1929 г. па раёну як і ў цэлым па рэспубліцы пачалася калектывізацыя. Ужо ў гэтым годзе пачалі ўтварацца калгасы. У выніку даследавання ўдалося выявіць звесткі аб утварэнні ў 1929 г. у Брагінскім раёне 11 калгасаў, а ў Камарынскім раёне 5 новых калгасаў. [3, с. 137­-139]. У сваёй большасці па Брагіншчыне, як і ў цэлым па краіне, у арцелі ўступалі бяднейшыя сяляне. Напрыклад, пры арганізацыі калгаса ў в. Шкураты ў яго ўвайшлі толькі беднякі, арганізатарамі арцелі сталі бядняк Раманавец Адам і камсамолец Лазавік [3, с. 136].

Нізкія тэмпы калектывізацыі пачатку 1929 г. не задавальнялі кіраўніцтва краіны. 7 лістапада 1929 г. у газеце «Праўда» быў апублікаваны артыкул І. Сталіна «Год вялікага пералому», у якім Сталін заяўляў аб неабходнасці карэннага пералому ў пераходзе ад адсталай індывідуальнай сялянскай гаспадаркі да буйнога калектыўнага земляробства. Лістападаўскі пленум ЦК ВКП(б) для паскарэння правядзення калектывізацыі накіраваў з гарадоў у сельскую мясцовасць спецыяльна падрыхтаваныя брыгады камсамольцаў і рабочых з буйных прадпрыемстваў-25-тысячнікаў. Рабочыя арганізоўвалі сходы, намагаліся дабіцца згоды сялян для ўступлення ў калгасы. У Брагінскі і Камарынскі раёны іх прыбыла 15 чалавек. Многія з іх сталі кіраўнікамі калгасаў. Напрыклад, галавою калгаса “Кастрычнік” у в. Сабалі стаў Ігнат Сакалоў, рабочы Пуцілаўскага завода, галавою калгаса імя Будзённага ў в. Багушы стаў рабочы Пётр Сахараў, галавою вядомага калгаса “Надзея” ў 1930-1932 гг. быў рабочы фабрыкі “Палесдрук” С.В. Дулькін [3, с. 130].

Пасля лістападаўскай пастановы кіраўніцтва абодвух раёнаў, каб выканаць план калектывізацыі, пачало прымусова заганяць сялян у калгасы. Напрыклад, на сесіі Калыбанскага сельсавета была выдадзена пастанова аб тым, што ўсе сяляне сельсавета павінны быць у калгасах. Сур’ёзныя перагібы назіраліся ў такіх гаспадарках, як “Чырвоны араты”, “Парыжская камуна”, “Ленінскі шлях”. Многія гаспадаркі пачалі сваю арганізацыю па ўставах камун, а не арцеляў.

Узмацненне калектывізацыі выклікала супрацьдзеянне сялян. Першапачаткова сяляне выказвалі свой супраціў калгаснай сістэме, знішчаючы калгасную маёмасць. У в. Кавака Брагінскага раёна быў спалены калгасны млын. У калгасе “Чырвоны араты” Камарынскага сельсавета была спалена канюшня. Акрамя разбурэння інфраструктуры па раёну адзначаліся забойствы калгасных актывістаў, кіраўнікоў сельсаветаў. За 1930 г. былі забіты старшыня Шкуратоўскага сельсавета Адам Раманавец, Астраглядаўскага сельсавета Сямен Малочка, старшыня камітэту беднаты в. Радзін Міхайла Новікаў. Канешне, за гэты сабатаж дзяржава прыцягвала сялян да крымінальнай адказнасці. На сённяшні дзень вядомы выпадак суда над селянінам-заможнікам з в. Пучын Дуняковым Аляксеем. У судзе ён абвінавачваўся ў знішчэнні маёмасці старшыні сельсавета Цалуйкі. Па рашэнні Гомельскага народнага суда селянін быў прыгавораны да расстрэлу [3, с. 128-129].

Вышэйшае кіраўніцтва краіны разумела няправільнасць сваіх дзеянняў, таму 2 сакавіка 1930 г. у газеце «Праўда» выйшаў артыкул «Галавакружэнне ад поспехаў». Каб скрыць сваю злачыннасць і знізіць колькасць бунтарска-тэрарыстычных актаў сялян па ўсім СССР, Сталін пачаў крытыкаваць мясцовыя ўлады ў перагібах калгаснага руху. 14 сакавіка 1930 г. ЦК ВКП(б) выдаў пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партыйнай лініі калгаснага руху». Пастанова раскрытыкоўвала прынцып прымусовай калектывізацыі, які выражаўся ў пазбаўленні выбарчых правоў і раскулачванні сераднякоў як галоўнай апоры сацыялізму ў сельскай мясцовасці. Выхад пастановы значна знізіў колькасць сялян у калгасах, якія пярэчылі дзяржаўнай палітыцы. Таму з другой паловы 1930 г. пачаўся новы этап уцягвання сялян у калгасы, які суправаджаўся масавымі рэпрэсіямі. Па стане на 1931 г. У Брагінскім раёне было калектывізавана 53,6% сялянскіх гаспадарак, у Камарынскім раёне 52,5%. У гэтым жа годзе па Брагінскаму раёну налічвалася 44 калгасы, і, як сцвярджаюць крыніцы, за 1931 г. было арганізавана 13 новых арцеляў [3, с. 129-130]. Для ўмацавання калгаснай базы ў Брагінскім і Камарынскім раёнах у 1930 г. былі створаны МТС, якія з дапамогай дзяржавы папаўняліся новай тэхнікай. Па Брагінскаму раёну на 1933 г. налічвалася 9 трактароў, праз год іх колькасць павялічылася да 12 адзінак [3, с. 130]. Таксама ў раён прыбыла 2 камбайны, што было больш у параўнанні з суседнім Лоеўскім раёнам, дзе на 1934 г. было 9 трактароў, і, па выніках даследавання, ніводнага камбайна [6, с. 28]. У сваю чаргу, нізкі ўзровень механізацыі назіраўся ў Камарынскім раёне, дзе на 1933 г. налічвалася ўсяго 3 трактары. Для падрыхтоўкі трактарыстаў пры МТС арганізоўваліся курсы. Па выяўленых крыніцах сярод курсантаў налічвалася 4 дзяўчыны-сіраты: Яўгенія Кіручок, Таццяна і Антаніна Музычэнкі, Варвара Федасеенка, якія затым сталі трактарысткамі або кіроўцамі грузавых аўтамабіляў [3, с. 130].

Нягледзячы на актыўныя пастаўкі тэхнікі ў раён, калгасы не змаглі даказаць сваёй эфектыўнасці. Падчас калектывізацыі рост ураджайнасці адбываўся за кошт пашырэння пасяўных плошчаў. Калі ў 1926 г. у Брагінскім раёне пад зерневыя культуры засявалася плошча ў 9 359 га, то ў 1933 г. назіраўся рост да 22 406 га. Пад бульбу ў 1926 г. засявалася плошча 3 693 га, а ў 1933 г. землі, занятыя пад бульбу, складалі 5 941,9 га. З гэтай статыстыкі бачна, што калгасы ствараліся толькі як сельскагаспадарчыя фабрыкі па вытворчасці зерня. Напрыклад, калі колькасць плошчаў пад зерне ўзрасла ў 2,3 разы, то плошчы пад бульбу павялічыліся ўсяго ў 1,6 разоў [3, с. 150-152]. Недахопы калгаснага будаўніцтва справакавалі выхад з іх сялян у 1932 г. Таму ў наступным годзе колькасць сялянскіх гаспадарак у калгасах склала па Брагінскаму раёну 46,7%, па Камарынскаму — 50% [3, с. 150-152]. Сітуацыю таксама ўскладнялі масавыя наплывы ўкраінцаў. Па ўспамінах тагачасных жыхароў гэтых раёнаў, праз поўдзень БССР ішлі натоўпы збяднелых людзей, якія мянялі свае апошнія рэчы на ежу [7]. Акрамя абмену ў 1933 г. па Камарынскаму раёну былі зафіксаваны выпадкі грабяжоў з боку галадаючых украінцаў, налеты на вёскі. Мясцовае насельніцтва вымушана было адказваць самасудам [8, с. 345].

У 1934 г. ВКП(б) афіцыйна аб’явіла аб завяршэнні калектывізацыі. Але па абодвух раёнах яшчэ палова сялянскіх гаспадарак былі аднаасобнымі, таму ў далейшыя гады ўцягванне сялян у калгасы працягвалася. Па дадзеных кнігі “Памяць”, на 1937 г. у калгасах абодвух раёнаў налічвалася каля 80% сялянскіх гаспадарак [3, с. 131].

Самай трагічнай падзеяй перыяду калектывізацыі было раскулачванне і прымусовае высяленне найбольш працавітай часткі сялянства за межы краіны. Пад лозунгам пабудовы прывіднага «светлага будучага» бальшавіцкая ўлада паламала лёсы і загубіла жыццё мільёнаў бязвінных людзей. План калектывізацыі з самага пачатку грунтаваўся на тэзісе аб неабходнасці для будаўніцтва «камуністычнага раю» ліквідацыі заможнага сялянства як класа. Таму раскулачванне стала галоўным метадам калектывізацыі на вёсцы. Менавіта ў гэты перыяд масавыя рэпрэсіі дасягаюць свайго апагею, прымяняецца ўвесь арсенал рэпрэсіўных мер: занясенне ў спісы варожых элементаў — кулакоў, нэпманаў, контррэвалюцыянераў, шпіёнаў і іншых, паніжэнне або дыскрымінацыя ў грамадзянскіх правах, канфіскацыя маёмасці сямей без высылкі і з высылкай за межы БССР, арышты, ссылкі і расстрэлы. Па дадзеных кнігі “Памяць” Брагінскага раёна, па Брагінскаму і Камарынскаму раёнам на працягу 1930-х гг. палітычныя рэпрэсіі зведала 1235 сем’яў. Многія з іх былі расстраляны, загінулі ў лагерах. Рэабілітацыя, якая праводзілася ў 1950-1960-я гг., цалкам не апраўдала нявінна асуджаных людзей. Па дадзеных кнігі “Памяць” Брагінскага раёна, толькі 150 асоб былі рэабілітаваны. Падчас аналізу ўдалося высветліць, што большасць з іх былі рэпрэсаваны ў 1937— 1938 гг. як кулакі. Па падліках 70 асоб былі расстраляны. Вядома, што лік сялян, якія падвергліся рэпрэсіям, далёка няпоўны. Яшчэ многія справы па рэпрэсаваных маюць грыф сакрэтнасці [3, с. 153-158].

Крыніцы і літаратура:

  1. Елизарова, Г.В. Крестьянское землепользование на Гомельшчине в период становления советской власти / Г.В. Елизарова // Гомельшчина в событиях 1917-1945 гг. Материалы научно-практической конференции. — Гомель: Белгут, 2007. — С. 176-181.
  2. Мілаванаў, УВ. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі / УВ. Мілаванаў. — Мінск: Беларусь, 1958. — 145 с.
  3. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Брагінскага раёна / Рэдкал.: І.Ф. Ганжураў [і інш.]. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. — 750 с.
  4. Анісавец, М.І. Яўрэі ў Лоеве / М.І. Анісавец // Лоеўскі край. Раённая газета. — 2017. — 7 кастрычніка. — С. 14.
  5. Процько, Т.С. Из истории репрессий против белорусского крестьянства 1929-1934 года / Т.С. Протько, А.П. Урублевский. -Минск: Навука і тэхніка, 1992. — 124 с.
  6. Колас, А.В. Механізацыя Лоеўскага раёна ў 1920-1930 гады / В. Колас // Сборник статей студентов, магистрантов. Минск июль 2017 г. / Белорусский государственный университет; ред. кол.: Л.М. Гайдукевич [и др.]. — Минск, 2017. — С. 27-29.
  7. Інфармант, Мадажара Галіна Анатольеўна 1923 года нараджэня, в. Страдубка, апытванне 14.09.2016 года.
  8. Голод в СССР 1929-1934. В 3 т. / Редакционная коллегия: В. Кондрашин [и другие]. — Москва, 2012. — Т. 3. — 1216 с.
  9. Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (ДАГАГВ). — Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 405. — Л. 154.
  10. Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (ДАГАГВ). — Ф. 3. — Воп. 1. — Спр. 442. — Л. 88.

Аўтар: А.В. Колас
Крыніца: Брагинщина в контексте истории белорусско — украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А.Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. — 142 с.: ил. Ст. 115-121.