Праведны Іаан Кармянскі (Гашкевіч)

0
893
Іаан Кармянскі, Корма, праведный Иоанн

Праведны Іаан Гашкевіч нарадзіўся ў 1839 г. у вёсцы Агародня Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Яго бацька служыў свяшчэннікам у мясцовым Свята-Мікалаеўскім храме. Дзяцінства Іаана прайшло ў бацькоўскім доме ў непасрэднай блізасці да храма.

Скончыўшы духоўную семінарыю, ва ўзросце 23 гадоў Іаан вярнуўся ў родную вёску, служыў псаломшчыкам у царкве. Неўзабаве пасля цяжкай хваробы памёр яго бацька, і на месца настаяцеля быў рукапаложаны малады пастыр.

Ва ўзросце 40 гадоў айцец Іаан наведаў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе атрымаў ад старцаў благаславенне весці манашаскі лад жыцця. Бацюшка да смерці не ўжываў мясной ежы і трымаў строгі пост у сераду і пятніцу. Любоў да бліжняга, якую ён прапаведаваў, пацвярджаў канкрэтнымі справамі, часта паўтараючы словы апостала Іакава:”Вера без спраў мёртвая” (2,20).

Старац Іаан заўсёды доўга маліўся начамі. Любімым яго заняткам была разумная і сардэчная Іісусава малітва. Ужо ў сталым узросце, будучы слабым, выстойваў службы, уважліва слухаючы кожнае слова. Аднойчы падчас богаслужэння ён убачыў над прастолам вялікі крыж. Свайму сыну Іаану ён сказаў: “Да цябе ў храм прыйдзе Маці Божая, а пасля гэтага храм апусцее”. Гэтае прароцтва здзейснілася ў 1930-я гады. Многія памятаюць, што прыйшла ў храм Жанчына, апранутая нязвыкла для нашай мясцовасці. Яна падыйшла да чашы без споведзі. Некаторыя бачылі каля Жанчыны юнакоў у белых вопратках…

У дзень спачыну а.Іаана, як ён і прадказваў, быў сонечны пагодлівы дзень. Спачылага ў Бозе бацюшку перанеслі ў храм, дзе ён знаходзіўся тры дні. Царква не зачынялася ні днём, ні ноччу, перапоўненая народам. На трэці дзень, калі з’ехалася духавенства акругі, адслужылі чын паграбення, труну з целам спачылага старца пад гукі званоў абнеслі вакол храма са спяваннем “Помощник и покровитель” і апусцілі ў магілу. Пахаваны ён быў з правага боку ад алтара. Яшчэ доўга прыходзілі людзі на магілу старца, шукаючы, як і пры жыцці, дапамогі і суцяшэння.

У свой час бацюшка гаварыў:”Будуць скакаць на мне, ды труна моцнай будзе”. Так і адбылося: у 1950-я гады храм спалілі, а ўсё, што засталося ад пажару, у тым ліку надмагільныя пліты і крыжы, згрэблі бульдозерам у роў. На роўным месцы наладзілі футбольнае поле і пляцоўку для танцаў. А пры раскопках фундамента царквы парушылі і труну… Вось тады людзі і ўспомнілі пра свайго забытага пастыра.

Аднойдзенне мошчаў а. Іаана супала з прыездам у Гомель Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія ІІ. Напярэдадні яго прыезду мошчы былі перанесены па благаславенню правячага архіерэя Праасвяшчэннейшага Арыстарха, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага, у храм Пакрову Багародзіцы ў вёсцы Карма Добрушскага раёна. Па благаславенню Праасвяшчэннейшага была створана камісія з трох свяшчэннікаў, якая засведчыла нятленнасць мошчаў айца Іаана. Мошчы былі апранутыя ў новыя аблачэнні і пакладзены пасярэдзіне храма. 31 мая 1998 г. святы праведны Іаан Кармянскі быў уведзены ў Сабор Беларускіх святых. Шматлікія вернікі, якія прыходзяць і прыязджаюць сюды, адчуваюць вялікую благадатную сілу, што сыходзіць ад нятленных мошчаў святога.

 

Спасылка: http://lemantar.phpnet.us/saint.php?saintid=IDAEYWIB