Праваслаўная царква на Мазыршчыне ў XIX – пачатку XX стст.

0
86
Праваслаўная царква на Мазыршчыне ў XIX

Да канца XVIII ст. у Рэчы Паспалітай праваслаўнае насельніцтва складала толькі каля 10% ад усіх жыхароў дзяржавы (на Беларусі — каля 6-8%). На землях ВКЛ захавалася толькі 50 праваслаўных прыходаў (усяго ў Рэчы Паспалітай — каля 300) [1, с. 61]. Пераважалі каталіцкая і ўніяцкая цэрквы.

Пачынаючы з XVI ст. у Мазырскім павеце былі толькі два праваслаўныя царкоўныя прыходы — Спаскі і Міхайлаўскі [6, с. 60]. «Перемены, происходящие в церкви, всегда являются следствием перемен в политической жизни», — пісаў М.М. Нікольскі [4, с. 240]. Дакладнасць гэтага сцвярджэння даказвае гісторыя праваслаўя на беларускіх землях у агульнасці, і на Мазыршчыне, у прыватнасці. Карэнныя змены ў становішчы праваслаўнай канфесіі на Беларусі адбыліся толькі пасля далучэння яе да Расіі, дзе праваслаўе было дзяржаўнай рэлігіяй. Пачаўся паступовы пераход уніятаў у праваслаўе, ажыццяўлялася палітыка ўніфікацыі царкоўнай структуры. 27 сакавіка 1793 года быў апублкаваны загад аб далучэнні былых польскіх тэрыторый да Расіі, у тым ліку і Мазырскага павета. 3 красавіка 1794 года ў Мазырскую акругу быў прызначаны дабрачынны Пётр Міткевіч. У маі гэтага ж года большасць уніяцкіх прыходаў была аб’яднана з праваслаўнаю царквою (Барбароў, Міхалкі, Скрыгалаўская Слабада, Сідзельнікі, Скрыганаў, Мялешкавічы). Да 16 чэрвеня 1795 года было аб’яднана 13 прыходаў. 4 жніўня адбылося ўрачыстае адкрыццё Мінскай губерні, у склад якой уваходзіў Мазырскі павет. У 1839 годзе Полацкі царкоўны сабор прыняў рашэнне аб канчатковай ліквідацыі царкоўнай уніі і далучэнні ўніятаў да праваслаўя. 12 лютага 1839 года полацкі сабор урачыста зацвердзіў складзены сакрэтным камітэтам саборны акт. 14 сакавіка быў апублікаваны ўказ Сінода з пастановай “епископов, священство и духовные паствы так именовавшейся доныне греко-униатской церкви… принять в полное и совершенное общение… православно-католические восточные церкви и в нераздельный состав церкви всероссийския” [4, с. 295].

У 1840 годзе вышэйшая праваслаўная царкоўная інстанцыя Расійскай імперыі — Свяшчэнны Сінод прадпісаў духавенству заходніх губерняў чытаць пропаведзі ў нядзелю і па святах на агульназразумелай для прыхаджан мове, кіраўніцтву епархіі было прапанавана больш клапаціцца аб народнай асвеце; пачалі працаваць царкоўна-прыходскія школы. У беларускіх губернях была створана развітая епархіальная структура. На землях кожнай губерні ўтваралася асобная епархія: Магілёўская, Мінская, Гродзенская, Полацкая (у Віцебскай губерні), Літоўская (у Віленскай губерні).

Мазыр і Мазырскі ўезд увайшлі ў склад Мінскай губерні. Сітуацыя ў рэлігійным жыцці змяняецца на карысць праваслаўя, аб чым сведчыць “Апісанне цэркваў і прыходаў Мінскай губерні” 1883 года, згодна з якім у Мазыры і ваколіцах з’яўляюцца наступныя цэрквы: Міхайлаўская праваслаўная саборная драўляная царква. Прыход яе 959 чалавек мужчынскага і 939 жаночага полу, ворыва і сенажацей — да 400 дзесяцін. Да яе з 1841 года адносіліся былы бернардзінскі цагляны касцёл, Лазараўская могільная царква, Мікалаеўская драўляная, а таксама, пабудаваная ў 1837 годзе Сідзельніцкая царква. Да Параскіеўскай царквы былі прыпісаны ў канцы XIX ст. Царква Ражаства Багародзіцы, Барыскавіцкая і Пеніцкая. У яе прыходзе знаходзілася частка Мазыра, 7 вёсак, 4 хутары. Прыхаджан налічвалася 1504 мужчыны і 1590 жанчын, зямлі — 232 дзесяціны. Свята-Троіцкая царква на Кімбараўцы, перабудаваная з каменнага касцёла ў 1894 г., мела ў прыходзе 6 пасяленняў, каля 1200 прыхаджан, царкоўнай зямлі — 70 дзесяцін. Да яе была прыпісана царква ў вёсцы Гурыны.

У 1832 г. быў ліквідаваны манастыр бернардзінцаў, у 1839 г. яго будынак згарэў і быў складзены каштарыс на перабудову касцёла ў праваслаўную царкву. Ахвяраванні на яе ўзвядзенне ўнеслі грамадзяне Мазыра — Пратасава, Сухоцін, Ляпін, маскоўская княгіня Даўгарукава, граф М.І. Мураўёў. Падрадчыкам быў мінскі купец А.А. Свечнікаў, які падараваў 5 ікон — копій з арыгіналаў Мінскага кафедральнага сабора. Маскоўскі свяшчэнаслужыцель С.Д. Цвяткоў садзейнічаў у набыцці царкоўнага посуду і званоў. Перабудова касцёла абышлася ў 14300 рублёў. 5 верасня 1865 г. новы сабор быў асвечаны ў імя Св. Архістраціга Міхаіла. Да прыходу Мазырскага сабора належалі 1381 чалавек мужчынскага і 1432 — жаночага полу. Сабору належала прыходскае вучылішча ў Мазыры і царкоўнае ў Гурынах. Свяшчэннікам з 1861 па 1876 год быў кандыдат багаслоўя Георгі Тарнапольскі, дыяканам служыў Георгі Пігулеўскі. Сабору належала 400 дзесяцін взрыва [6, с. 61-62].

Апісанне сведчыць, што з ростам уплыву праваслаўнай царквы, пагаршаліся пазіцыі каталіцызму. Гэты працэс ішоў своеасабліва, у залежнасці ад змен ва ўладзе Расійскай імперыі. Сваё лагічнае заканчэнне ён набыў пасля паўстання 1863-1864 гадоў. Наглядна яго можна прасачыць на лёсе Юравіцкага храма. Пабудаваны ён быў у 1715 годзе езуітамі. У 1773 г. там панавалі бернардзіны, а потым капуцыны. Пасля 1832 г. Касцёл у Юравічах быў закрыты па ўказу Мікалая І, але праз 10 гадоў быў адчынены як прыходскі касцёл. У 1864 г. праваслаўны епіскап Мінскі і Бабруйскі давёў да ведама віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва, што духавенства гэтага касцёла пастаянна ўмешваецца ў справы праваслаўных. Генерал-губернатар запатрабаваў звесткі аб касцёле і пазіцыі яго святароў у паўстанні 1863 г. Звесткі былі прадстаўлены ваенным начальнікам Мазырскага і Рэчыцкага паветаў. “Юрыдычных фактаў, — сцвярджаў ваенны начальнік, — аб прыняцці ксяндзамі ўдзелу ў мецяжы хаця і няма, але чуткі прымушаюць сумнявацца ў іх палітычнай благанадзейнасці” [2, с. 49]. 11 лістапада М. Мураўёў накіраваў мінскаму губернатару прадпісанне аб неабходнасці закрыць касцёл. Касцёл быў закрыты 27 лістапада 1864 года. Аб гэтых падзеях захаваліся ўспаміны тагачаснага вікарнага ксяндза Сянчыкоўскага, у далейшым прыхільніка распалячвання касцёла, увядзення ў ім рускай мовы. Вось як ён апісваў згаданыя вышэй падзеі: “У Юравічах я знайшоў роту салдат, якія на працягу чатырох часоў сякерамі секлі ў касцёле алтары, статуі 12-ці апосталаў і арган, які каштаваў 6000 рублёў. Гэта ўзрушыла мяне да глыбіні душы… Рота салдат была пад камандаваннем ваеннага начальніка павета маёра Стэфановіча”[2, с. 49].

У “Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі” 1879 года адзначаны гэты пераход: “1864 года ноября 27 дня по распоряжению архиепископа Минского и Бобруйского Михаила от 19 ноября того же года каменный величественный Юревичский костёл, построенный на жертвы православных, вместе с чудотворным образом Божьей матери приняты в православное ведомство и сделались достоянием православия” [5, с. 66]. У 1865 годзе храм быў асвечаны як праваслаўны. Урад выдаткаваў грошы на яго перабудову. Нават імператар Аляксандр II падараваў храму ікону Святога князя Аляксандра Неўскага.

Праваслаўныя традыцыі замацоўваліся і шляхам аднаўлення гістарычнай памяці. У 1897 годзе ў вёсцы Скрыгалаў была пабудавана цагляная капліца, прысвечаная да 400-годдзя гібелі ў гэтай вёсцы мітрапаліта Кіеўскага і Усея Русі Макарыя. Макарый быў архімандрытам віленскага Свята-Троіцкага манастыра. У 1495 г. саборам епіскапаў праваслаўнай царквы ён быў “рукоположен” на пасаду мітрапаліта Кіеўскага і Усея Русі. Вясной 1497 г. Макарый вырашыў наведаць Кіеў. Па дарозе ён спыняўся ў праваслаўных прыходах, правіў богаслужэнні. Такі прыпынак быў зроблены ў Скрыгалаве, але непадалёку апынуліся татары. Падрабязнасці трагедыі занатаваны ў Супрасельскім летапісе: “… В 1497 годзе мая 1-го на шестой неделе посля Великого дня в понедельник безбожные перекопские татары убили преосвященного митрополита Киевского и Всея Руси архиепископа Макария. Вторглись они в нашу землю скрытно от всех и настигли его в селе Скрыгалове на реке Бчичь за пять миль от Мозыря, из бывших с ним одних убили, а других взяли в плен” [6, с. 48-49]. Помнік захаваўся да нашых дзён, як і абеліск, пабудаваны ў той жа час ва ўрочышчы Падселіца на беразе старадаўняга рэчышча Прыпяці.

На пачатку XX ст. пазіцыі праваслаўнай царквы ў беларускіх губернях значна замацаваліся, аб чым сведчыў рост колькасці прыхаджан і праваслаўных храмаў, свяшчэннікаў, манахаў і іншых свяшчэнаслужыцеляў. Епіскап Мінскі і Тураўскі паведамляў мінскаму губернатару 1-га красавіка 1910 года, што: “9) Всех священнослужителей к январю 1910 г. состояло на действительной службе 1219, в том числе 23 протоиерея, 571 священник, 56 диаконов и 569 псаломщиков. 10) Православного народонаселения в епархии в 1909 г. было … 1741421 душа обоего пола, раскольников 10626 душ, а сектантов всего 72 души”[3, с. 278]. Далейшае паведамленне дае ўяўленне аб тым, якія намаганні патрэбна было прыкласці на ніве духоўнага адраджэння: “Хотя православное население, за исключением обучающихся в школах, и представляет в громадном большинстве неграмотный народ, имеющий вообще самое смутное, туманное и неопределённое понятие о догматах святой православной веры, но тем не менее оно весьма религиозно” [3, с. 278]. Захоўваліся супярэчнасці паміж праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі, але наперадзе было цяжкае выпрабаванне — захаванне веры і царкоўнай арганізацыі ў атэістычнай савецкай дзяржаве.

Літаратура

  1. Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2000.
  2. Грыгор’ева, В. Каталіцкае і праваслаўнае духавенства ў паўстанні 1863 г. / В. Грыгор’ева // Беларускі гістарычны часопіс. — 1993. — № 3. — 1993. — С. 46-50.
  3. Документы и материалы по истории Белоруссии (1900-1917 г.г). Т. III. — Минск: Академия наук БССР. — 1953.
  4. Никольский, Н.М. История русской церкви / Н.М. Никольский. — Минск: Беларусь, 1990. — 541 с.
  5. Памяць. Калінкавіцкі раён. — Мінск: Ураджай, 1999.
  6. Памяць. Мазыр. Мазырскі раён. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1999.


Аўтар:
І.М. Калбасіна
Крыніца: Мозырщина: люди, события, время : материалы Международной научно-практической конференции, Мозырь, 23—24 мая 2014 г. / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования «Мозырский государственный педагогический университет им. И. П. Шамякина» ; [редколлегия: Т. Н. Сыманович (ответственный редактор) и др.]. — Мозырь : МГПУ им. И. П. Шамякина, 2014. — С. 251—254.