Праваслаўная суполка «У імя іконы Сафіі, Прамудрасці Божай» у Гомелі

0
1089
Праваслаўная суполка Гомель Беларусь

Спачатку мы скажам аб актуальнасці (ад познелац. actualis — дзейсны) нашых разважанняў, каб былі зразумелымі іх накіраванасць і сэнс. Зараз ў нашай краіне адбываецца паступовае адраджэнне рэлігійнага жыцця, асноўным аб’ектыўнам паказчыкам чаго з’яўляецца рост релігійных арганізацый. Так, за перыяд з 1988 па 2010 гады колькасць рэлігійных суполак павялічылася больш чым у 4 (з 768 да 3106), а рэлігійных кірункаў — у 3 разы. Беларуская праваслаўная царква зараз з’яўляецца самай шматколькаснай рэлігійнай арганізацыяй на Беларусі. На 1 студзеня 2010 года яна налічвала 1509 зарэгістраваных суполак, 11 єпархій, 31 манастыр, 14 брацгваў, 9 сястрыцтваў, 5 духоўных навучальных устаноў. Трэба адзначыць, што за 2009 год сярод усіх рэлігійных арганіцацый, якія зараз існуюць на Беларусі, у найбольшай ступені ўзрасла колькасць праваслаўных суполак — на 36. Для гараўнання, колькасць суполак католікаў і евангельскіх хрысціян баптыстаў узрасла на 3, хрысціян веры евангельскай і хрысціян поўнага Евангелля — на 1. Астатнія з 25 зарэгістраваных на Беларусі рэлігійных канфесій па колькасці суполак не павялічыліся.

Адзначым, што праваслаўе — гэта той рэлігійны кірунак, які найбольш цесна супрацоўнічае зараз з дзяржавай. Зацікаўленасць ва ўзаемадзеянні, выяўленая як з боку кіраўніцтва Беларусі, так і з боку кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы, прывяла да падпісання 12 чэрвеня 2003 года Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай царквой.

Асаблівая роля праваслаўнай царквы замацавана таксама ў беларускім заканадаўстве. У Прэамбуле закона «Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях» сказана: «Гэты Закон… вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый, зыходзячы з: …прызнання вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа».

У Гомельскай вобласці з 371 зарэгістраванай рэлігійнай суполкі 205 — праваслаўныя. Дзейнічае 187 праваслаўных культавых будынкаў, буду­ецца яшчэ 23, ёсць 6 манастыроў, працуе 256 свяшчэннаслужыцеляў. Ідзе супрацоўніцтва з органамі ўлады ў межах абласной Комплекснай праграмы па выкананні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай царквой.

Такім чынам, праваслаўе займає асаблівае месца ў сучаснай рэлігійнай сітуацыі на Беларусі. Таму вельмі цікавымі здаюцца тыя працэсы, якія ў ім адбываюцца.

Праваслаўная суполка «У імя іконы Сафіі, Прамудрасці Божай» у Гомелі — гэта частка Прэабражэнскага брацтва, якое уключае ў сябе многія суполкі ў Маскве, Кішынёве, Туле, Цвяры, Санкт-Пецярбурзе Архангельску і іншых гарадах былога Савецкага Саюзу.

Мэта гэтага брацтва — адраджэнне жыцця Рускай Праваслаўнай царквы без нацыянальных афарбовак, але на аснове хрысціянскіх прынцыпаў. Яго прыхільнікі падкрэсліваюць, што яны не прапагандуюць хрысціянскае жыццё, але яго ажыццяўляюць. Яны кіруюцца прынцыпам «разнастайнасць ў адзінстве» — рэлігійнае жыццё ў межах адзінай Рускай Праваслаўнай царквы можа ажыццяўляцца ў розных арганізацыйных формах пры безумоўным захаванні адзінства веравучэння і культавай практыкі.

Пры гэтым робіцца націск менавіта на адраджэнне царкоўнага жыцця. якое, як лічыцца, вельмі пацярпела за гады атэістычнай палітыкі савецкай улады. Настойваецца на тым, што адраджаць трэба менавіта дух Царквы, ягоную хрысціянскую сутнасць, якая можа выражацца ў самых розных знешніх формах.

Асноўным металам, аб якім мы далей скажам больш падрабязна, з’яўляецца катэхізацыя (ад грэч. katechesis — павучэнне, настаўленне) — вуснае настаўленне ў хрысціянскай веры тых людзей, якія ўваходзілі ў царкву (першапачаткова язычнікаў і іудзееў). Яе неабходнасць грунтавалася на словах Хрыста «Ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Святога Духа» (Мц. 28, 19). У першапачатковым хрысціянстве катэхізацыя з неабходнасцю папярэднічала хрышчэнню і складала акт самога ўступлення ў Царкву. Катэхізацыя павінна была даць людзям квінтэсэнцыю догмы і маралі хрысціянства ў сціслай форме, не выклікаць непаразуменняў і рознатлумачэнняў. Найбольш вядомы катехізіс у Рускай Праваслаўнай царкве належыць мітрапаліту Філарэту Маскоўскаму (1783-1867). У 1823 годзе ён быў выдадзены на рускай мове, у 1827 — на стражытнаславянскай.

Катехізацыя існавала ў развітым і акрэсленым стане ўжо ў першай палове II стагоддзя і ўюпочала ў сябе навучанне таго, хто рыхтуецца да хрышчэння, малітву, пост і выхаванне хрысціянскага ладу жыцця. Спачатку перыяд катэхізацыі доўжыўся каля трох месяцаў, потым ён быў павялічаны да трох гадоў. Самое хрышчэнне чалавека, які прайшоў катэхізацыю, прымяркоўвалася да нядзелі альбо свята (як правіла, Пасхі альбо Пяцідзесятніцы). Заняпад катэхізацыі пачаў назірацца з V ста­годдзя. У асноўным гэта было звязана з тым, што фармуецца традыцыя хрышчэння дзяцей.

Ідэі, на якіх грунтуецца Прэабражэнскае брацтва, бяруць свой пачатак з другой паловы XX ст. Яны ўзніклі сярод святароў Рускай Праваслаўнай царквы. Напрыклад, тут можна назваць такія імёны, як айцец Віталь Баравы, архімандрыт Таўрыён Батозскі, архімандрыд Іаанн Красцьянкін, айтец Усевалад Шпільдэр.

Той выгляд, які мае Прэабражэнскае брацтва, зараз грунтуецца на дзейнасці айца Грыгорыя (Юрыя Серафімавіча) Качаткова (5.10.1950 нар.). У выніку сваіх духоўных пошукаў ён прыйшоў да высновы, што катэхізацыя — гэта найбольш кароткі шлях да Бога. Прайшоўшы яе, чалавек потым вучыцца сам. Катэхізацыя толькі задає вектар.

Пасля заканчэння факультэта палітэканоміі ў Плеханаўскім інстытуце народнай гаспадаркі (Масква) Юрый Серафімавіч Качаткоў паступае ў Ленінградскую духоўную семінарыю, дзе ў той час рэктарам быў епіскап Кірыл (Уладзімір Міхайлавіч Гундзяеў), цяперашні Патрыярх Рускай Праваслаўнай царквы. У акадэміі Ю. Качаткоў быў арганізатарам і ўдзельнікам семінара па перакладу праваслаўных багаслужэбных кніг на сучасную рускую мову і перадачы палажэнняў хрысціянскага веравучэння ў паняццях сучаснага жыцця. Трэба адзначыць, што ў сувязі з гэтай дзейнасцю ў Ю. Качаткова бьші нараканні з боку ўлад. У тыя часы не любілі актыўных святароў. I рэктару Кірылу нават не рэкамендавалі пасвячаць Ю. Качаткова ў сан. Але Кірыл рызыкнуў, матывуючы для ўладаў гэта тым, што Качаткоў знаходзіцца на апошняй стадыі дыябету і яму ўсё адно нядоўга засталося жыць. 7.04. 1983 Грыгорый Качаткоў быў пасвечаны Ў дыяканы, а ў 1987 годзе — у святары.

У 1988 годзе для катэхізацыі міран ім была арганізавана Маскоўская вышэйшая праваслаўная хрысціянская школа (МВПХШ), якая ў 1993 годзе прыняла імя свяціцеля Філарэта Маскоўскага. Зараз гэта Свята-Філарэтаўскі праваслаўны хрысціянскі інстытут ў Маскве (СФІ). Ён не ўваходзіць у сістэму навучальных устаноў Маскоўскай патрыярхіі, і яго задачай не з’яўляецца спецыяльная падрыхтоўка буду­чых свяшчэннаслужьгцеляў. Хаця людзі духоўнага звання могуць у ім навучацца на агульных падставах. Асноўная мэта Свята-Філарэтаўскага Праваслаўнага інстытута — забеспячэнне вышэйшай адукацыі па накірунку «Тэалогія” (бакалаўрыят) і дадатковага прафесійнага навучання па «Асновах праваслаўнай культуры» і рэлігіязнаўству, а таксама далучэнне праз іншыя адукацыйныя формы ўсіх жадаючых да сэнсу хрысціянскай духоўнасці і сістэмы яе выражэння ў праваслаўным веравучэнні.

Першыя выпускнікі Маскоўскай вышэйшай праваслаўнай хрысціянскай школы склалі аснову калектыва будучых выкладчыкаў.

У гэты час а. Грыгорыя Качаткова перавялі на прыход г. Электравуглі Маскоўскай вобласці. Ягоныя сябры і былыя вучні прыязджалі дапамагаць у рамонце храма. Збіраліся, абмяркоўвалі розныя пытанні. На свята Прэабражэння (19 жніўня) ў 1990 г. стала зразумела, што Бог блаславіў не разыходзіцца і далей працягваць катэхізацыю. Так стварьшася Прэабражэнскае брацтва.

Што тычыцца стварэння ўласна праваслаўнай суполкі «У імя іконы Сафіі, Прамудрасці Божай» у Гомелі, то яе гісторыя пачынаецца з 1999 года. Яна склалася з дзвюх груп людзей. Па-першае, гэта група моладзі 18-21 гадоў, якая сфарміравалася на аснове выпускнікоў нядзельнай школы пры Гомельскім кафедральным саборы. Яны адчулі што зайшлі ў тупік у сваім рэлігійным развіцці. За два гады навучання ў нядзельнай школе ўсё было прагаворана і вывучана. Айцец Грыгорый Валкавінскі, які вёў гады нядзельную школу, летам 1999 года паехаў на гару Грабарку ў Польшчы на штогадовую сустрэчу праваслаўнай моладзі. Пры вяртанні ён пазнаёміўся з маладым чалавекам, які перавозіў праз мяжу праваслаўную літаратуру, надрукаваную ў Беластоку ў тыпаграфіі «Аргадрук». Маецца на ўвазе часопіс «Православная община», які ўжо дзесяць год друкаваўся ў Беластоку (яго друкавалі там, таму што гэта бьшо больш выгодна з эканамічнага пункту погляду). Яны разгаварыліся. Айцец Грыгорый Валкавінскі распавёў аб праблемах сваіх выпускнікоў нядзельнай школы. Малады чалавек аказаўся катэхізатарам з Прэабражэнскага брацтва. Звалі яго Віктар Котт. Ён прапанаваў правесці катэхізацыю. В. Котт прыязджаў некалькі разоў у Гомель. З яго ўсё і пачалося. Другая група склалася ў храме Серафіма Сароўскага на Сельмашы, куды айцец Грыгорый Валкавінскі быў пераведзены з кафедральнага Петрапалаўскага сабора. Там ім была арганізавана надзельная школа для дарослых, куды прыходзілі людзі «за 30». Самай старэйшай наведвальніцы школы ў 1999 годзе было 60 год. Сустрэчы праходзілі па дамах і ў храме Аляксандра Неўскага ў Навабеліцы. У выніку гэтых сустрэч 28 жніўня 2000 года на свята Успення Багародзіцы нараджаецца царкоўная група людзей, якія разважаюць аб далейшым раскрыцці хрысціянскіх якасцей, што набываюцца ў супольным жыцці па прыкладзе апостальскай суполкі. Але гаворка для іх ішла не аб вяртанні назад. Яны кіраваліся прынцыпам «Наперад да Айцоў». Выходзілі з таго, што, абапіраючыся на вопыт першых хрысціянскіх суполак, трэба рухацца наперад.

Сябры гэтай групы чыталі літаратуру, праводзілі тэматычныя сустрэчы аб прынцыпах жыцця суполкі.

У 2003 годзе яны зрабілі першую спробу атрымання якасцей суполкі, якая б жыла па хрысціянскіх прынцыпах. У 2005 было прынята рашэнне аб стварэнні суполкі і атрыманні імя. У гэтым жа годзе адбываецца ўступленне ў склад Прэабражэнскага брацтва. Гэтая першая суполка складалася з 12 чалавек.

Менавіта з гэтага моманту пачынаецца катэхізацыя. Новыя людзі, якія прыходзілі ў суполку, былі прыхаджане праваслаўных храмаў Гомеля. Лічылася, што катэхізацыя была больш важная, чым проста жыццё суполкі, таму ёй надавалася асноўная ўвага. Большасць людзей атрымлівала веды і сыходзіла. Катэхізацыя праводзілася ў храме Аляксандра Неўскага і ў ДК Новабеліцкага раёна. Таксама сустракаліся па кватэрах. Зараз у праваслаўным брацтве «У імя іконы Сафіі, Прамудрасці Божай» у Гомелі налічваецца 16 чалавек. З першых 12 сыйшло чатыры. Самая вялікая колькасць сябраў была ў 2005 годзе — 18. Узрост сябраў суполкі — ад 21 да 70 год. Ёсць тры сям’і. Прыкладна трэцяя частка мае вышэйшую адукацыю, астатнія — сярэднюю і сярэднюю спецыяльную.

Сябры суполкі рэгулярна сустракаюцца. Сустрэчы падзяляюцца на два віды:

  • Евангельскія сустрэчы. На іх чытаюцца Евангеллі па главах. Першы раз усе Евангеллі былі прачытаны да 2007 года. Потым пачалі чытаць зноў. На гэтых сустрэчах выбіраецца той, хто прапаведуе, і той, хто вядзе. Сябры суполкі суадносяць тое, што прачыталі ў Евангеллях, са сваім жыццём.
  • Малітоўныя сустрэчы. Яны адбываюцца ў храмах, на ўсяночнае бдзенне. Сябры суполкі моляцца малітвамі для міранаў. Потым ў надзелю сустракаюцца на літургіі. Пасля ідуць на агульную трапезу, прадукты для якой прыносіць кожны. Гэта адбываецца па дамах, разам з дзецьмі. Пасля ежы чытаюць творы Святых Айцоў і размаўляюць аб разуменні Слова, якоя чулі на літургіі. У гэтых сустрэчах прапаведнікаў няма.

6 чалавек з суполкі вучацца ў Свята-Філарэтаўскім інстытуце ў Маскве на багаслоўскім факультэце.

Сябры суполкі рэгулярна ездзяць у паломніцтвы па Беларусі, Украіне, Расіі. Яны наведалі такія гарады, як Варонеж, Пскоў, Масква, Чарнаўцы, Гродна, Мінск, Бабруйск, Віцебск, Магілёў. Звычайна ездзяць разам з дзецьмі. Падкрэсліваецца, што яны ездзяць не да святых месцаў, але да людзей, якія ў гэтых мясцінах жывуць. У працэсе гэтых паездак сябры суполкі высветлілі для сябе, што Беларусь вельмі багатая на брацтвы (праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія). У ходзе гэтых паездак знаёмяцца з царкоўным жыццём, якое вядуць людзі ў іншых мясцовасцях. 

Дзейнасць сябраў суполкі зводзіцца да катэхізацыі, якая грунтуецца на чатырох фундаментальных элементах: 1. Асабістая малітва. 2. Царкоўная малітва. 3. Чытанне Пісання. 4. Этыка. Катэхізацыя доўжыцца 1-1,5 гады і складаецца з трох асноўных этапаў: 1. Чытанне і тлумачэнне кніг Закону, Прарокаў, Псалтыру і сінаптычных Евангелляў. Гэты этап цягнецца прыкладна год. 2. Хрысталогія (вывучаецца гістарычны шлях Хрыста ад Дабравешчання да Пяцідзесятніцы). Ён адбываецца больш інтэнсіўна. Складаецца з 16 тэм і займае 8 тыдняў. Тут прапаведуецца Хрыстос і прапануецца прыняь выратаванне. На гэтым этапе адбываецца керыгма (абвяшчэнне Добрай Весткі) і не закранаецца дагматыка. Пасля кожнага з гэтых этапаў — субяседаванне (выпрабаванне), Таксама чалавек падводзіцца да асэнсавання неабходнасці пакаяння. 3. Пачынаецца са Светлай седзміцы. У ім адбываецца ўвядзенне ў таінствы (містагагія). Распавядаюць аб хрысціянскіх таінствах і іх жыццёвым сэнсе. Чалавек, з якім праводзяць катэхезы, штодзень удзельнічае ў Еўхарыстыі. Гэты этап уключае ў сябе 16 тэмаў і доўжыцца месяц. На гэтым этапе сябры суполкі выязджаюць ў іншы горад, дзе іх могуць прыняць. Прадугледжваецца, што ў выніку катэхез чалавеку перадаюцца не столькі веды, колькі вопыт хрысціянскага жыцця.

На канцы катэхез знаходзіцца этап, які называецца «пустьшя». Чалавек ўжо не ходзіць у суполку, і яму прапануецца самому вырашыць, як ён будзе далей развівацца ў вопыце хрысціянскага жыцця (у сям’і, на прыходзе, у суполцы).

Усяго катэхезы і гомельскай суполцы «У імя іконы Сафіі, Прамудрасці Божай» прайшло больш за ЗО чалавек з 2000 года. Нехта з іх пайшоў у суполку, нехта — на прьгход.

На заканчэнне мы скажам аб тым, што, на наш погляд, жыццё сучаснай праваслаўнай царквы на Беларусі з’яўляецца малавядомым для значнай часткі людзей. Лічыцца, што яно зводзіцца толькі да адпраўлення службаў і таінстваў. Але гэтая царква мае на нашых землях сваю гісторыю, якая адрозніваецца ад гісторыі праваслаўнай царквы ў Расіі і Украіне. Таксама і ў сучасным жыцці праваслаўнай царквы на Беларусі адбываюцца вельмі цікавыя новыя з’явы, якія садзейнічаюць развіццю рэлігійнага жыцця і яго большай адпаведнасні духоўным патрэбам сучаснага чалавека. Падкрэслім, дзейнасць гомельскай праваслаўнай суполкі «У імя іконы Сафіі, Прамудрасці Божай» — толькі адна з такіх з’яў.

Аўтар: В.А. Адзіночанка
Крыніца: Православие на Гомельщине: историко-культурное наследие и современность [Текст]: сборник научных статей / Г. А. Алексейченко (ответств. ред.) [и др.]; М-во образования РБ, Гомельский госуниверситет им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2010. — 212 с. Ст. 103-108.