Прафесар В.І. Вейц (5.01.1905 |23.12.1904| — 28.01.1961г.)

0
1354
Вейц

Звесткі аб гэтым выдатным вучоным нажаль не патрапалі ў кнігу “Памяць. Чачэрскі раён”. Але ж у савецкай навуцы прафесар Веньямін Ісаакавіч Вейц займае пачэснае месца. Артыкул аб ім ёсць у “Большой Советской энциклопедии”, т.4, стар. 364.

Рэвалюцыя 1917 г. адкрыла шлях у навуку нашаму таленавітаму земляку. Ён нарадзіўся ў Чачэрску напярэдадні першай расійскай рэвалюцыі 23 снежня 1904 г. па старому стылю (5 студзеня 1905 года па новаму стылю). У 1924 годзе скончыў 1-ы Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, а ў 1925 г. Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча.

Вобласць навуковых інтарэсаў В.І.Вейца вельмі актуальная і сёння: вывучэнне і выкарыстанне энергарэсурсаў; асновы энергетыкі народнай гаспадаркі; энергасістэмы. У 1924-30 гг. ім былі распрацаваны асновы энергетычнай статыстыкі. У 1928 годзе В.Вейц прымаў удзел у канферэнцыі пры Лізе нацый у Жэневе ў якасці савецкага эксперта па пытаннях эканомікі і статыстыкі энергетыкі. У 1929 годзе ва ўзросце 25 гадоў ён ужо прафесар фізіка-матэматычнага факультэта 1-га МДУ, з 1932 г. – у Энергетычным інстытуце Акадэміі Навук СССР, у 1933 г. абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, у 1936г. – доктар тэхніка-эканамічных навук.

У 1942-43 гадах Вейц кіруе энергетычнай групай Камісіі АН СССР па мабілізацыі рэсурсаў усходніх раёнаў краіны на патрэбы абароны. За гэтую працу у 1942 годзе ён стаў Лаўрэатам Сталінскай прэміі. У 1945 годзе Вейц В.І. узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У пасляваенныя гады прафесар В.Вейц выканаў цыкл даследаванняў па развіццю энергасістэм і стварэнню Адзінай энергетычнай сістэмы СССР. Вейц працаваў загадчыкам кафедрай Маскоўскага энергетычнага інстытута і Маскоўскага інжынерна-эканамічнага інстытута імя С.Арджанікідзе, кіраўніком аддзялення агульнай энергетыкі Энергетычнага інстытута імя Г.М. Кржыжаноўскага, быў кіраўніком разработкі комплекснай энергетычнай схемы Масквы, вынаходнікам прымянення сучаснай вылічальнай тэхнікі ў выбары аптымальных энерганосьбітаў.

Аўтар: С. Атрошчанка