Аднойчы, праходзячы вуліцаю Бочкіна, што ў Залінейным раёне, я ўгледзеў лебедзяў на ліштвах старога дома. Дом сапраўды стары, але самы звычайны, у тры невялікія акенцы, з дошчатым шчытом, і выбітнага няма ў ім анічога, такіх дамоў — уся Залінія поўная. Было б яно так, каб ня тыя лебедзі. Яны гойна выгіналі свае вытанчаныя шыі, і іхны наіўны вобраз, выпілены мясцовым майстрам, на ўвесь Гомель быў адзіным — анідзе не сустракаў я падобнага матыву. Ліпггвы гэтыя з пашэрхнутай аблезлай фарбай, з паабламанымі дэталямі, яны між там глядзеліся далікатна і арыгінальна, і, ідучы вуліцаю Бочкіна, я стараўся праходзіць менавіта паўз гэтыя лебядзіныя вокны. Але калі Вы папросіце мяне паказаць такую драўляную незвычайнасьць, я жалобна разьвяду рукамі — цяпер замест старога дома ў тры акны высіцца двухпавярховы катэдж найпростае архітэктуры. Акуратна змураваны з сілікатнае цэглы куб, акуратна накрытая мэталадахоўкаю страха, акуратна прастакутныя правалы вокнаў, закратаваных акуратнымі жалюзямі. Вы ведаеце, такіх катэджаў усё болей і болей, як грыбы растуць яны ў самых нечаканых месцах у час усеагульнае дарагоўлі і эканамічнае нестабільнасьці. Анішто не стрымае рост і пашырэньне іхнае папуляцыі, таму горад поўніцца ўсялякімі архитэктурнымі мутантамі: вяліканамі і карузьлікамі. Міне якіх год дзесяць-пятнаццаць, і сілікатная цэгла чыста выцесьніць адвечны прыродны матэрыял — дрэва, непаўторна зьмяняючы гарадзкое аблічча, зьніштожыўшы ягоныя непаўторныя рысы, фармаваныя стагодзьдзямі і навязуючы штучны тандэтны эрзац-стыль, гэткі эўра-кіч, заснаваны на павярхоўным успрыняцьці заходніх традыцй і норм, танных тэхналогій. Згодны, на дарагое не хапае грошай, не стае культуры будаўніцтва і якасных матэрыялаў, няма творчага падыходу ў праектаваньні прыватнага сэктару, а што да традыцый, дык да якіх заўгодна зьвяртаюцца мясцовыя архітэктары, толькі не да сваіх уласных, а калі і здараецца такое, дык нагадвае болей павярхоўнае стылізатарства, фрагмэнтарнае неглыбокае цікаўленьне.
Можна зь усім гэтым маўкліва пагадзіцца, толькі тады безаблічнаю і непрыгляднаю становіцца тая зямля, з якое павёўся наш даўні род, і калі зьнікаюць яркія асобістыя арыенціры, забываецца адвечны лад жыцьця, мяняюцца адносіны да непарушных маральных каштоўнасьцяў нішчыцца прырода, нікне мова, драбнеюць людзкія адносіны. На апусьцелае месца заўжды сьпяшаецца прыйсьці чужое — ходкае, таннае, павярхоўнае. І мы хапаемся за ягоную стракатасьць, пустую ўсярэдзіне: прыйшло немаведама адкуль, ня страшна, калі зьнікне. І няма супыну гэтакае нашае бязмыснасьці: колыгі ўжо страцілі, згубілі, але ж не, гаспадарыць беражліва не навучыліся.
Год ад года бяднеем, усё болей аддаляючыся ад асаблівасьцяў, што вызначылі нашую старану на эўрапейскім палатне, усе болей пераймаем чужога, не імкнучыся спазнаць свайго.
Чатырнаццаць гадоў трывае ідэя адраджэньня гістарычнага раёну Спасава слабада. Напачатку патрабавалася папросту захаваць раён ад зьнішчэньня і адхіліць намер будаўніцтва маштабных спарудаў на яго тэрьггорыі, пасьля высьпела альтэрнатыўная ідэя стварэньня цэлага музэя драўлянага дойлідзтва, архітэктурна-ландшафтнага запаветніка ў цэнтры горада. Прыхільнікі стварэньня гістарычнага раёна бачаць у ім своеасаблівы плацдарм традыцыйнага дойлідзтва, у якім бы сьмела зацьвердзіліся ўзоры мясцовай драўлянай і каменнай архітэктуры бяз боязі падупасьці пад жалезабэтонную пяту індустрыяльнага прагрэсу, і ня проста сталіся зьмярцьвелымі музэйнымі экспанатамі, а працягвалі інтэнсіўна і насычана жыць, дыктуючы свае памяркоўныя ўмовы ўсяму навакольнаму архітэктурнаму атачэньню. І нездарма разьмешчаньне гэтага музэйнага комплексу выпадае на Спасаву слабаду – менавіта гэты раён горада вылучаецца з шэрагу іншых гістарычных раёнаў Гомеля зьбегам спрыяльных фактараў. Перадусім паўстае выгоднае геаграфічнае становішча і блізкасьць пэйзажнай часткі гомельскага парка, якая зьяўляецца неадемнаю часткаю Спасавай слабады і раёна Кагальны роў. Разам з багата ўкрьггым расьлінасьцю абламістым сожаўскім берагам, з густымі слабодзкімі садамі, гэты раён утварае адзін прыродна-архітэктурны комплекс, дзе архітэктурныя дамінанты не перавагаюць над прыродай, а наадварот, падкрэсьліваюць яе важнае значэньне ў фармаваньні прыбярэжнае панарамы, што, адкрываючыся пры пад’езде да горада, мяркую, анікога не пакідае абыякавым. Маляўнічы відарыс ракі і прырэчных абалонаў, высокага пакручастага берага зарослага дрэвамі, дзе з прыродаю ўдала гармануюць комплекс палаца, будынкі шпіталя і больніцы, Ільлінская царква і шэраговая слабодзкая забудова, ёсьць найлепшым, так бы мовіць тытульным, выглядам горада, які сам па сабе зьяўляецца непаўторным нерукатворным помнікам, дзе чалавек толькі дапасаваў свае творы да тварэньняў Божых і ўпрыгожыў адно другім.
Павярхоўны аналіз забудовы раёна дазваляе адзначыць, штго на ягонай тэрыторыі разьмешчаныя помнікі рэспубліканскага і мясцовага значэньняў, пералічаныя ў папярэднім артыкуле. Вакол іх, згодна з «Законам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», усталяваныя ахоўныя зоны, у якіх забараняецца будаўніцтва ў непасрэднае блізіні ад помнікаў і на пэўнае адлегласьці. Да таго ж, на ўсім працягу вуліцаў, што ўтвараюць квартальную планіроўку Спасавай слабады і Кагальнага рову (Пралетарскай, Камісарава, Пляханава, Фрунзэ і часткова Гагарына), захаваліся фрагмэнты мяшчанскае забудовы канца XIX – пачатку XX ст. Згодны, складана патрабаваць адносінаў да шэраговай гарадзкой забудовы як да помнікаў народнай архітэктуры: але прынамсі ў Бранску і Бранскае вобласьці падобныя пабудовы бяруцца пад ахову. Калі ня ўсе дамы падпадаюць пад крытэр архітэктурнае ці этнаграфічнае вартасьці, дык цалкам узяты раён, дзе такія дамы складаюць большасьць, відавочна мае права быць узятым пад ахову як фрагмэнт, што адлюстроўвае разьвіцьцё горада на пэўным гістарычным этапе.
Сапраўды, крытычна ацаніўшы прадстаўлены раён, цяжка не пагадзіцца з тым, што ён пазбаўлены той архітэктурнай цэласнасьці і аднароднасьці, якая дазволіла б лічыць яго бясспрэчнай рэтраспэктывай мяшчанскай забудовы Гомеля мяжы стагодзьдзяў. Але пасьля зьніштажальнае палітыкі, якая праводзілася тагачаснымі гарадзкімі ўладамі ў дачыненьні да старасьвецкае забудовы, варожых адносінаў да архітэктурнае спадчыны з боку савецкіх спэцыялістаў, дзікунскіх барбарскіх мэтадаў зносу цэлых кварталаў прыхамасьцю аднаго чыноўніка, патрабаваць стопрацэнтнай архітэктурнай захаванасьці папросту некарэктна. Радуе хаця б той факт, што пры гэткім стане спраў маецца годны варыянт, які, аднак, патрабуе карпатлівага і ўдумлівага падыходу, што вызначаецца найперш жаданьнем зьмяніць наяўную сытуацыю і рэалізаваць праект па рэгенэрацыі дадзенай гістарычнай зоны. Захаваць тое, што ўяўляе інтарэс у вьппэйзгаданым музэйным кантэксьце, спыніць усялякае беззаконнее і стыхійнае будаўніцтва, няўзгодненае з агульнаю стылёваю лініяй разьвіцьця раёну, правесьці рэканструкцыю (альбо рэстаўрацыю) існуючых будынкаў згодна зь іхным першапачатковым выглядам, пазбавіўшы пазьнейшых ператвораў. У месцах разрэджанай забудовы, там, дзе дазваляе вольная плошча, узьвесьці будынкі, з розных прычынаў страчаныя апошнімі гадамі, аднавіўшы іхны выгляд па фотаматэрыялах, фрагмэнтах дэкора, габарытных замерах, планах і рысунках; альбо перанесьці з розных частак горада вартыя ўзоры драўлянага дойлідзтва, якім пагражае знос. Далей ідзе, відаць, самае непрыемнае – выпраўленьне памылак, пгго перашкаджаюць цэльнаму ўспрыняцьцю гэтага архітэктурнага комплексу. Гаворка ідзе пра новатворы прыватнага характеру, усялякага кшталту прыбудоўкі, гаражы, зьмененыя канструкцыі дахаў, цагляныя парканы і, безумоўна, новыя маштабныя катэджавыя «ансамблі», якія актыўна ўзводзяцца, рэзка дысаніруючы з традыцыйна склаўшымся навакольным архітэктурньш атачэньнем. Каб не быць галаслоўным, прывяду шэраг фактаў.
Гэтак па вуліцы Камісарава ў 1994 годзе быў разабраны бервяны дом № 20, упрыгожаны прапільнаю разьбою з арыгінальнымі арнамэнтальнымі матывамі; ён быў неад’емным дэкорным зьвяном у панараме слабодзкай вуліцы, а вось катэдж, што паўстаў на ягоным падмурку, яўна не вызначаецца сваёй выбітнасьцю – наадварот, выклікае ніякаватасьць. Дом № 20 па вуліцы Пралетарскай (дом Дрыбінцовых) доўгі час переходзіў ад адное арганізацыі да другое, і стуль файныя філянговыя дзьверы даволі добрае заханаванасьці зьніклі у невядомым накірунку. Установа, якая месьціцца там і дасёньня правяла капітальную рэстаўрацьпо, у выніку чего былі пашыраныя аконныя праёмы, што адмоўна паўплывала на зьнешні выгляд будынка, і ўнесены зьмены ў канструкцыю даху – гэткія аблудныя дзеяньні толькі чарговы раз пацьвярджаюць неабходнасьць пільнага кантролю за тым, як праводзяцца рамонтныя работы на аб’ектах гістарычнае забудовы. Сьпіс гэткіх прыкрых фактаў, на жаль, можна доўжыць, яны памнажаюцца зь месяца ў месяц, яны груба і агрэсіўна перавагаюць у сёньняшнім супрацьстаяньні мінулага і сучаснага, грунтоўнага і павярхоўнага. I самае неабходнае і неадкладнае — зацьвердзіць за Спасавай слабадою статус ахоўнае зоны з мэтаю забароны любога стыхійнага будаўніцтва, ня ўзгодненага з помнікаахоўнымі органамі. Але сам па сабе факт забароны палавіністы і нестваральны: ахоўная зона не вырашае праблем, яна дазваляе, так бы мовіць, часткова супакоіцца, перавесьці дых перад далейшымі кардынальнымі дзеямі. Адчувальна зьмяніць сытуацыю здольны толькі канцэптуальны план разьвіцьця раёна, а ён мае сэнс у выпадку стварэньня вышэйпамянёнага архітэктурна-ландшафтнага запаветніка, музэя местачковага дойлідзтва, буйнога гістарычна-культурнага цэнтра. Заўважу, што прапановы ініцыятыўнае групы адносна характеру плануемага музэйнага комплекса не падпадаюць пад існуючую схему музэяў народнае архітэктуры і побыту, пгго адлюстроўвае характер развіцьця дойлідзтва цэлай нацыі, прадстаўляючы ўсе ягоныя аспэкты і рэгіянальныя асаблівасьці. У нашым гомельскім варыянце якраз рэгіянальныя адметнасьці і сталіся асноваю для стварэньня гэткага музэйнага праекта, прычым менавіта гарадзкая і местачковая архітэктура вызначыць адмысловы каларыт запаветніка. І гэта натуральна: непарыўна зьвязаны з гарадзкім мяшчанскім асяродкам, ён прадстаўляе выбітныя гомельскія сядзібы, якія зьяўляюцца адначасова выстаўной і жылою тэрыторыяй, арганічна ўліваючыся ў існуючы гарадзкі арганізм, шчыльна павязаныя зь ягонай інфраструктурай. Так запаветнік, кампактна вызначаны Спасавай слабадою і Кагальным ровам, спрыяў бы фармаваньню арыгінальных турыстычных маршрутаў, якімі Гомель пакуль пгго ня славіцца, дзе акрамя ўжо азначаных раёнаў фігуравалі б іншыя аб’екты, пгго складаюць гістарычны цэнтар горада.
Што тычыць аднаўленьня забудовы, бачу рэальным паспрабаваць свае сілы на адным невялікім выбраным участку, дзе тры-чатыры дамы ўтвараюць вулічную фасадную лінію, і які разам з дваровымі тэрыторыямі, утворанымі жылымі аб’ёмамі і гаспадарчымі пабудовамі, вызначаецца адноснаю захаванасьцю будынкаў, цэльнасьцю архітэктурнай кампазыцыі і пэрспэктывай далейшага разьвіцьця. І як усё вялікае пачынаецца з малога, варта пачаць з варыянта, пгго патрабуе найменшых фінансавых затрат, выдаткаў і высілкаў, але ярка ілюструе ідэю гістарычнай архітэктурнай рэканструкцыі. Творчы падыход, навуковая дакладнасьць і рамесьніцкая ахайнасьць павінны заасноўна верхаводзіць у стварэньні музэю. Бясхібна адрадзіць тое, што засталося, аднавіць страчаныя і пашкоджаныя дэталі ў першапачатковым выглядзе, максымальна скарыстаўшыся традыцыямі і мэтадамі работы продкаў, наноў узьвесьці сядзібы, якія не захаваліся, але маюць відавочную вартасьць у музэйным кантэксьце і выразна прадстаўляюць рэгіянальнае драўлянае дойлідзтва. І нарэшце, сьмела валодаючы прынцыпамі і прыёмамі народнага дойлідзтва, карыстаючыся багатым назапашаным матэрыялам, банкам візуальных дадзеных, гарманічна спалучаючы пластычныя канструктыўныя дэкорныя вартасьці традыцыйнага будаўніцтва і сучаснае функцыянальнае прызначэньне, камунікацыі і новыя тэхналогіі, прысутнасьць якіх не павінна ўплываць на стылістычную цэльнасьць участка забудовы, праектаваць будынкі, якія будуць адыгрываць другасную дапаможную ролю ў фармаваньні музэйных тэрыторыяў. Гаворка тут ідзе аб спарудах тэхнічнага прызначэньня: гаражах, трансфарматарных будках, клецях, майстэрнях і г.д., якія бясспрэчна мусяць арганічна ўліцца ў музэйную тэрыторыю і стацца яе неад’емнаю часткай.
Ня думаю, што гэта настолькі дзёрзкае патрабаваньне: арганізаваць «рэзэрвацыю» для рэліктаў гомельскага драўлянага дойлідзтва, выбітных сваёй дэкорнай вартасьцю, незвычайных па канструкцыі і архітэктурнае кампазыцыі, альбо сумяшчаючых і адно і другое, ці проста ствараючых аблічча Спасавай слабады, ярка прадстаўляючы мінулую эпоху. Не адмаўляюся: бедна і непрэзэнтабэльна выглядаюць гэтыя гомельскія «аскепкі мінуўшчыны» ў сыстэматызаваным і рацыянальным XXI стагодзьдзі, якое не пакідае ім шанцу на выжываньне, але калі ім на зьмену прыйдуць носьбіты сучаснае безаблічнае архітэктуры, той стары горад назаўжды зьнікне, зьнікне як зьява, як панятак, як асяродак жыцьця, і нашыя нашчадкі аніколі не даведаюцца, якім быў “той” горад, як ніколі не даведаемся мы, як выглядала “местечко Гомль” напрыканцы XVIII стагодзьдзя. На ўсім працягу гарадзкое гісторыі аніхто ня рупіўся аб зьберажэньні архітэктурнае спадчыны, што не вызначалася манумэнтальнасьцю і яркімі стылёвымі праявамі, не зьяўлялася дамінантнай у навакольным асяродку, а якраз стварала гэты асяродак, тады самы звычайны.
За апошнія дзесяць гадоў горад пазбавіўся мноства яркіх прыкладаў драўлянага местачковага дойлідзтва, фрагмэнтаў арыгінальнай дамавой разьбы. Зьнікае багаты каларытны пласт традыцыйнай гарадзкой культуры – адмоўную практыку мы ўжо зьведалі і не сумняваемся, што яна прывядзе да сумных вынікаў. Таму праходзячы вуліцаю Бочкіна там, дзе калісьці месьціўся памянёны мною дом у тры лебядзіныя вакны, я раз-пораз адчуваю вострую неабходнасьць прадпрымаць рашучыя забегі па зьберажэньні і захаваньні драўлянае спадчыны, хоць на сёньня самым дзейсным стаўся адно толькі збор інфармацыі. Гэта якраз тая праца, пгго праводзіла і працягвае праводзіць ініцыятыўная група, бальшыню зь якое складаюць людзі, ня маючыя адпаведнае профільнае адукацыі і досьведу, але замест гэтага натхнёныя дасьледчыцкай прагнасьцю і зьбіральніцкім інтарэсам, здольныя вось ужо колькі гадоў запар аддана служыць справе зьберажэньня драўлянага багацьця гомельскай стараны, ахвяруючы і сваім часам, і часьцяком сродкамі, не патрабуючы за гэта аніякай уладнай пахвальбы. Найгалоўнейшым усьцешаньнем і ўзнагародаю стаўся б памяркоўны вынік усіх шматгадовых пошукаў і прапаноў, за якімі б паўстала рэальная пэрспэктыва стварэньня ландшафтна-архітэктурнага запаветніка – сімвала нашага беражлівага ўспрыманьня мінуўшчыны, сімвала нашае скіраванасьці ў прышласьць.
«Лебядзіныя ліштвы».
Дом 1922 года пабудовы.
Дом па вуліцы Пралетарскай 6.
Канец XIX ст.
Гарадзкая сядзіба па вуліцы К.Маркса 26.
Пачатак XX ст.
Зьнесены восеньню 1994 года.
Дом па вуліцы Пралетарскай 16.
Дом па вуліцы Пралетарскай 8.
Прадстаўлены малюнак-рэканструкцыя ілюструе выбраны ўчастак забудовы Спасавай слабады па вуліцы Пралетарскай (Фэльдмаршальскай). Сярод існуючых камяніцаў канца XIX – пачатку XX ст. за нумарацыяй 6, 8, 16 (глядзі фотаздымкі ў тэксьце) прапанавана размесціць разабраную ў 1994 годзе па вуліцы К. Маркса сядзібу, што зьяўлялася безадменным помнікам гарадзкога драўлянага дойлідзтва, дапоўніць вулічную фасадную лінію малымі архітэктурнымі элементамі (брамы, платы, лаўкі, ліхтары ды інш.) абапіраючыся на ўзоры традыцыянальнага дойлідзтва, на аснове аналогіяў спраектаваць дваровыя тэрыторыі, участкі ўнутраннай забудовы кварталаў з іхным разьмеркаваньнем пад жыльлё, рамесьніцкую і гаспадарчую дзейнасьць. Рэканструкцыя аўтара.
Аўтар: Андрэй Скідан. Столяр, разьбяр па дрэве, дасьледчык драўлянага дэкору Гомельшчыны (на момант 2002 году, зараз сп. Скідан – навуковы супрацоўнік філіяла Веткаўскага краязнаўчага музея).
Крыніца: гісторыка-краязнаўчы навукова-папулярны часопіс Гомельскага рэгіёна “Інвентар” № 1/2002