Праблемы і перспектывы ў вывучэнні ўрбананіміі Мазыра

0
189
Праблемы і перспектывы ў вывучэнні ўрбананіміі Мазыра

Пра Мазыр, яго мінулае і сучаснае напісана даволі многа. Горад заснаваны на правым узгоркавым беразе паўнаводнай Прыпяці, на Спаскай гары, адкуль на фоне раўніннага палескага рэльефу адкрываюцца неаглядныя прасторы надпрыпяцкіх лугоў, акаймаваных прырэчнымі старыцамі, пясчанымі выспамі, сасновымі лясамі, лазнякамі і іншай лугавой і балотнай расліннасцю. Мабыць, сама прырода вызначыла размяшчэнне гэтага непаўторнага і маляўнічага горада на правым гарыстым беразе велічнай і паўнаводнай Прыпяці пры перасячэнні самых розных транспартных камунікацый у паўднёва-ўсходняй частцы Беларускага Палесся.

Асноўная прыродная вызначальная дамінанта Мазыра ва ўсе перыяды існавання горада — яго ландшафт. Даследчыкі, якія ўсебакова вывучылі гісторыю горадабудаўніцтва Мазыра, яго станаўленне як паселішча, адзначаюць, што вызначальнасць і непаўторнасць навакольнага мясцовага рэльефу горад з’яўляецца ўнікальнай прыроднай з’явай. Перапад вышыні паміж узроўнем вады ў Прыпяці і найбольш высокімі часткамі гарадской тэрыторыі (Спаская гара, Шайтан-гара, Ксяндзоўка, Курган славы і інш.) дасягае больш за 90 м. Уся тэрыторыя горада падзелена некалькімі глыбокімі ярамі (Калінік, Рымашоў Роў, Янны Роў і інш.) Далінны прыродны комплекс Прыпяці, яры, узвышшы, парослыя дубамі, бярозавымі і ліпавымі гаямі, што праразаюць тоўшчы ўзвышшаў, а таксама раўнінны, лугавы і азёрны ландшафт левабярэжжа сталі галоўнымі, ключавымі элементамі фармавання асноўных кампанентаў гарадской структуры. Лічыцца, што пачаткам Мазыра было славянскае пасяленне дрыгавічоў на правым беразе Прыпяці, што ўзнікла прыкладна ў VIII ст. Адносна самай старажытнай гістарычнай часткі Мазыра існуюць дзве версіі. Адны даследчыкі лічаць, што горад узнік на Замчышчы (на Спаскай гары, дзе цяпер знаходзіцца адноўлены Мазырскі замак), другія сцвярджаюць, што самае ранняе паселішча на тэрыторыі сучаснага Мазыра было ва ўрочышчы Кімбараўка, на гары, што ўзвышаецца над вуліцай М. Гогаля. Раскопкі ж пацвярджаюць, што паселішча існавала ўжо ў перыяд жалезнага веку, асабліва інтэнсіўна дзейнічала ў VIII-XI стст. Магчыма, Кімбараўка была гарадзішчам-сховішчам, адміністрацыйным, гандлёва-рамесным і культурным цэнтрам і праіснавала да канца ХІ ст. У ХІІ ст жыццё было перанесена на сучасную Спаскую, або Замкавую, гару. Там быў умацаваны дзяцінец. Узвышаючыся над ярамі і пакатымі схіламі на 15-20 метраў, ён з трох бакоў быў непрыступным. З паўднёвага боку дзяцінца знаходзілася неўмацаваная частка горада — гандлёва-рамесніцкі пасад (прыкладна раён сучасных вуліц Ленінскай, Камсамольскай, Калініна).

За незвычайны навакольны пейзаж для раўніннага Палесся Мазыр часам называюць “Мазырскай Швейцарыяй” або “беларускай Швейцарыяй” Гэтыя перыфразы як выразна-мастацкія назвы замацаваліся за наваколлем і горадам таму, што ён размешчаны на пяці асноўных дамінантных узвышшах Мазырскай грады, якія знаходзяцца ў межах сучаснага паселішча або яго ваколіц. Гэта: гара Жучка, што паміж вуліцай Ленінскай (былая Пакроўская) і вуліцай Рыжкова (былая Мікалаеўская), на ёй у свой час былі праваслаўныя, каталіцкія і яўрэйскія могілкі (цяпер СШ № 7, будтрэст “Мазырсельбуд”); Ксяндзоўка — узвышша паміж вуліцамі Ленінскай і Калініна (былая Калінік), у чатырохвугольніку паміж плошчай Леніна (былыя назвы: Базарная плошча, Плошча Свабоды), Камсамольскім завулкам (былая Міхайлаўская вуліга), вуліцай Савецкай (былыя назвы Кіеўская, Карла Лібкнехта), Камсамольскай вуліцай (былая назва Свята-Міхайлаўская вуліца) знаходзіўся эпіцэнтр старажытнага Мазыра — Спаская Гара і Замкавая Гара, на іх тэрыторыі размяшчаўся ў XVI-XVIII ст. Мазырскі замак. У 1792 годзе яго знішчыў вялікі пажар, і толькі ў 2003 годзе ён быў адноўлены зноў, стаўшы дамінуючым гісторыка-культурным цэнтрам сучаснага горада над Прыпяццю.

Разнастайная інфармацыя пра Мазыр, Мазыршчыну засведчана ў працах П. Шпілеўскага, А. Кіркора, А. Крукоўскага, А. Бабра, А. Сержпутоўскага, Ч. Пяткевіча, М. Капача, У. Лякіна, Н. Канопліч, В. Герасімава, А. Барсук, А. Рогалева, Г. Івановай і інш., у гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Мазыр. Мазырскі раён” (Мінск, 1987), трохтомніку ‘Мазыр 850 гадоў” у ‘Беларускай энцыклапедыі” (18 тамоў), іншых энцыклапедычных даведніках, у творах мастацкай літаратуры, разнастайных фальклорных зборніках і выданнях.

Калі гаварыць пра Мазыр, Мазыршчыну ў рэтраспектыўным плане, то патрэбна ўлічваць наступныя абставіны: горад Мазыр ва ўсе часы быў бясспрэчным цэнтрам усяго Усходняга Палесся, а таму калі вядзецца размова пра Мазыршчыну, то, безумоўна, разумеюць не толькі сучасны Мазырскі раён, адміністрацыйныя межы якога мяняліся ў савецкі перыяд некалькі разоў. Мазыршчына — гэта тэрыторыя некалькіх сучасных адміністрацыйных адзінак Гомельскай і часткова Брэсцкай абласцей, а дакладней — тэрыторыя былога Мазырскага павета, куды ўваходзілі землі сучасных Мазырскага, Лельчыцкага, Ельскага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, часткова Столінскага і Лунінецкага раёнаў. Напрыклад, Павел Шпілеўскі, аўтар арыгінальнага твора “Путешествие по Полесью и белорусскому краю” ў нарысе “Мозырщина” адзначаў выключнае багацце матэрыяльнай і духоўнай культуры Палесся, а да Мазыршчыны адносіў не толькі Мазыр і яго ваколіцы, а і Тураў, Петрыкаў, Давыд-Гарадок, Капаткевічы. Паводле адміністрацыйнага падзелу савецкага часу Мазырскае Палессе ўваходзца ў склад Мазырскай акругі і ўключала 10 раёнаў: Азарыцкі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Капаткевіцкі, Каралінскі (сучасны Ельскі), Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Тураўскі і 4 мястэчка Жыткавічы, Калінкавічы, Капаткевічы, Нароўля, Тураў, а з 1938 і па 19з4 гады Мазыр — абласны цэнтр.

20 лютага 1938 г. Пастановай ЦВК БССР была створана Палеская вобласць, аднак воляй тагачасных кіраўнікоў рэспублікі адміністрацыйным цэнтрам новай адзінкі быў вызначаны не Мазыр, які традыцыйна лічыўся цэнтрам і галоўным горадам Усходняга Палесся, а суседні горад Калінкавічы. Праўда, усе адміністрацыйныя ўстановы часова, да намечанага перанясення іх у Калінкавічы, размяшчаліся ў Мазыры.

Усяго ў сучасным Мазыры 153 вуліцы і завулкі, з іх 69 — названы ў гонар пэўных гістарычных асоб. Пра гэтыя ўрбанонімы скажам больш падрабязна. Як вядома, пераважная большасць сучасных афіцыйных назваў вуліц Мазыра ўзнікла ў гады Савецкай улады: у горадзе былі заменены шматлікія традыцыйныя ўсталяваныя ў лексіконе жыхароў беларускія ўрбанонімы, а таксама ўзнікла мноства нетрадыцыйных тапанімічных назваў для абазначэння новых вуліц і іншых унутрыгарадскіх аб’ектаў. Асабліва адчувальным гэты працэс быў у пасляваенныя гады, калі горад забудоўваўся новымі мікрараёнамі.

У розныя часы ў яго межы ўвайшло некалькі хутароў, фальваркаў, вёсак (Бабры, Салаўёўка, Целепуны, Баравікі, Свідоўка, Кімбараўка). Дарэчы тут адзначыць, што вакол Мазыра яшчэ ў 20-ых гадах ХХ ст. было каля чатырохсот хутароў, многія з якіх мелі назвы, утвораныя ад прозвішчаў іх заснавальнікаў: Сузькі — ад прозвішча Сузько, Кунгеры — ад прозвішча Кунгер, Бабраняты — ад частага на Мазыршчыне прозвішча Бобр і інш. Між іншым, некаторыя забытыя назвы ўнутрыгарадскіх і прылеглых да яго аб ектаў з яўляюцца арыгінальнымі і непаўторнымі, у іх праяўляецца наша самабытнасць, нацыянальная адметнасць, роднасная сувязь з братнімі землямі. Вось прыклады ўнутрыгарадскіх (афіцыйных і неафіцыйных) назваў, якія бытавалі ў Мазыры яшчэ ў 20-ыя гг. ХХ ст.: вул. Слуцкая, Замкавая, Кіеўская, Жытомірская, Гімназічная, Пецярбургска-Кіеўскі гасцінец, Валынскі тракт, Кіслякоўскі роў, або Пятніцкі Роў, Рамашоў Роў, плошча Свабоды, Ксяндзоўка, Калінік, Спаска-Замкавая гара, Шайтан-гара, Ясная гара, Капітанская горка, Міхайлава гара, Мярлявіца, Жардзянка.

Лінгвістамі, географамі, гісторыкамі выпрацаваны крытэрыі, якімі мэтазгодна кіравацца, прыводзячы ў сістэму нацыянальных традыцый існуючыя тапанімічныя і мікратапанімічныя назвы. Улічваючы іх, адзначым некаторыя недахопы, уласцівыя ўрбаніміі Мазыра.

Дэідэалагізацыя сістэмы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў — адна з задач у нармалізацыі гарадской урбананіміі не толькі Мазыра. Справа ў тым, што за апошнія 90 гадоў у выніку масавых замен унутрыгарадскіх назваў і ўзнікнення новых па ўзоры з іншымі гарадамі адбылася масавая нівеліроўка шматлікіх урбанонімаў на адзін недарэчны касмапалітычны ўзор. Сталася так, што гарадскія назвы Мазыра, як і іншых гарадоў усяго былога СССР, у пераважнай большасці ўяўляюць абмежаваны набор аднастайных назваў-прысвячэнняў пераважна кіраўнікам, партыйным дзеячам былога СССР. Паказальным з’яўляецца прыклад, які быў прыведзены ў штотыднёвіку “Аргументы и Факты”: з 648 вуліц Мінска 333 (больш за палавіну) паўтараюць назвы маскоўскіх (Гл. “АіФ”, 1989. — № 32). Пра гэты тыповы для савецкага перыяду ва ўрбананіміі факт, які быў характэрны многім рэгіёнам былога СССР, больш падрабязна пісаў Я. Паспелаў. Уніфікацыя і шаблон у сістэме ўрбанонімаў былі даведзены амаль да поўнага супадзення такіх адзінак у кожным горадзе, мястэчку вёсцы. Спіс, напрыклад, назваў вуліц Мінска гэтым даследчыкам быў супастаўлены са спісамі вуліц Масквы, Горкага, Данецка. У выніку выявілася, што з 642 назваў вуліц, што прыведзены ў спісе, 333 маюцца ў Маскве, 336 — у Горкім, 375 — у Данецку. Супадаюць ва ўсіх чатырох гарадах 211 назваў, гэта значыць 33% мінскіх назваў. Такім чынам, агульная лічба паўтарэння назваў мінскіх вуліц хаця б у адным з названых гарадоў складае 70% аб’ёму мінскага спісу [1, 196 с.].

Пра дэнацыяналізацыю беларускай тапанімікі сведчаць і назвы вуліц Мазыра. Сярод мемарыяльных у гонар тых або іншых асоб дамінуюць не мясцовыя, а чужародныя для беларускага тапанімічнага ландшафту прысвячэнні-ўрбанонімы гістарычным асобам, якія нічым не былі звязаны з Мазыром ці Палессем (вуліцы ў гонар М. Калініна, С. Кірава, К. Варашылава, В. Куйбышава, М. Гогаля, М. Горкага, Р. Катоўскага, С. Лазо, Л. Талстога, М. Някрасава, А. Пушкіна, М. Фрунзэ, В. Чапаева, В. Чкалава, А. Кашавога, Н. Крупскай і інш.). Параўнайце: у гэтым наборы ўрбанонімаў вельмі мала прозвішчаў знакамітых беларусаў — пісьменнікаў, военачальнікаў, сусветна вядомых навукоўцаў — ураджэнцаў нашай краіны, у тым ліку Мазыршчыны і г. Мазыра (а такіх нямала).

Такім чынам, назвы сучасных вуліц Мазыра на падставе семантычных характарыстык можна спарадкаваць у наступныя аб’яднанні:

— урбанонімы, утвораныя ад імёнаў вядомых людзей — палітычных дзеячоў, кіраўнікоў партыі і ўрада: вуліца Ленінская, плошча Леніна, вуліца, С. Кірава, вуліца М. Фрунзэ, вуліца Ф. Дзяржынскага, вуліца М. Калініна, вуліца Н. Крупскай, вуліца П. Бялова, вуліца Кастрычніцкая, вуліца В. Куйбышава, вуліца І. Смоляра, вуліца І. Ветрава, вуліца Кірылы Тураўскага і інш.;

— урбанонімы, утвораныя ад імёнаў вядомых военачальнікаў, герояў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайнаў: вуліца Г. Жукава, вуліца М. Шчорса, вуліца В. Чкалава, вуліца Р. Катоўскага, вуліца М. Малініна, вуліца М. Катлаўца, вуліца М. Барысава, вуліца К. Вікенцьева, вуліца К. Захарава, вуліца М. Шмаргуна, вуліца П. Бумажкова, вуліца В. Харужай, вуліца Я. Талкачова, вуліца М. Данілеўскага, вуліца А.Іваненкі, вуліца Г. Саета, вуліца М. Катаева, вуліца В. Няжнова, вуліца Р. Коблава і інш.;

— урбанонімы, утвораныя ад імёнаў пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва: плошча М. Горкага, вуліца А. Пушкіна, вуліца Л. Талстога, вуліца Я. Коласа, вуліца Я. Купалы, вуліца І. Мележа;

— урбанонімы, якія адлюстроўваюць рэаліі савецкага перыяду: вуліца Інтэрнацыянальная, вуліца Пралетарская, вуліца Савецкая, завулак Піянерскі, вуліца Камуністычная, вуліца Ю. Гагарына, вуліца 8-га Сакавіка, бульвар Юнацтва, бульвар Дружбы, Страканіцкі бульвар;

— урбанонімы, якія падкрэсліваюць, указваюць на асаблівасць мясцовага ландшафту, на іншыя прыродныя адметнасці: мікрараён Зарэчны, мікрараён Усходні, вуліца Зарэчная, вуліца Нагорная, завулак Бярозавы;

— урбанонімы, звязаныя з найменнямі людзей па прафесіі, роду заняткаў, нацыянальна’ці, вытворчай дзейнасці: завулак Спартыўны, вуліца Будаўнікоў, вуліца Партовая, завулак Першы Партовы, завулак Другі Партовы, завулак Трэці Партовы.

Спецыялісты кампаніі “Яндэкс” падлічылі, колькі вуліц у беларускіх гарадах самымі распаўсюджанымі (44%) аказаліся ўрбанонімы, звязаныя з геаграфіяй, асаблівасцямі прыроды альбо іншымі адметнасцямі самой вуліцы: Чыгуначная, Заходняя, Цяністая, Шырокая і г.д. Пятая частка (22%) распаўсюджаных назваў звязана з савецкім мінулым, дзеячамі рэвалюцыі: вуліцы Леніна, Карла Маркса, Савецкая, Піянерская, Інтэрнацыянальная і іншыя. На трэцім месцы па папулярнасці ў назвах вуліц — імёны і прозвішчы герояў, славутых палкаводцаў, лётчыкаў: Чкалава, Гастэлы, Суворава, Будзёнага; крыху менш распаўсюджаны вуліцы, названыя ў гонар вядомых навукоўцаў, пісьменнікаў і іншых дзеячаў мастацтва: Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Пушкіна, Рэпіна. (“Звязда” 12.02.2014, с. 6).

Дарэчы тут адзначыць, што, “мемарыяльныя” ўрбанонімы (назвы вуліц), як і айконімы (назвы паселішчаў), што зацвярджаюцца афіцыйна на дзяржаўным узроўні Указамі для ўшанавання і праслаўлення пэўнай асобы, якая пакінула гэты свет, не з’яўляліся тыповай асаблівасцю ранейшай тапанімічнай сістэмы. Такія адзінкі былі рэдкім выключэннем сярод айконімаў і ўрбанонімаў ва ўсёй царскай Расіі. Вядомы даследчык урбананіміі Масквы і іншых рэгіёнаў Расіі М. Гарбанеўскі сярод “мемарыяльных” да падзей 1917 г. называе толькі адзінкавыя айконімы, пераважна ў гонар царскай дынастыі: Екацярынбург, Екацярынадар, Паўлаўск, Нікалаеўск, Александропаль і некаторыя іншыя, сярод урбанонімаў — метафарычныя тапанімічныя ўтварэнні, што ўзніклі ў выніку сімвалічнай трансанімізацыі:   вул. Екацярынінская, вул. Скобелеўская, вул. Нікалаеўская і інш. [2, с. 34].

Такім чынам, пералік назваў вуліц з улікам традыцый рэгіёна, нацыянальных адметнасцей, навуковых абазначэнняў у гонар людзей, якія праславілі Беларусь і маюць адносіны да Мазыра, Мазыршчыны, можа быць павялічаны (часткова замест вышэйзгадань. х імёнаў). У адным радзе з урбанонімамі і прысвячэннямі, што ўшаноўваюць добрую памяць пра Ц. Бумажкова, В. Харужую, Я. Талкачова, М. Данілеўскага, А. Іваненку, М. Катаева, М. Катлаўца, В. Няжнова, Ф. Нялідава, Г. Саета, А. Рыжкова, I. Ціханава, М. Шчорса, Ф. Языковіча, Я. Коласа, М. Малініна, М. Марціновіча, А. Царэнкі павінны быць, на нашу думку, унутрыгарадскія назвы ў гонар Эдуарда Пякарскага, які вучыўся ў Мазырскай гімназіі — рэвалюцыянера, заснавальніка якуцкага пісьменства, даследчыка Поўначы, акадэміка дарэвалюцыйнай Расійскай акадэміі навук; Мітрафана Доўнар-Запольскага — сусветна вядомага вучонага — “бацькі беларускай гістарычнай навукі”, этнографа, археолага, фалькларыста (вучыўся ў Мазырскай Эмназл) — яго імя ў адным радзе з такімі выдатнымі постацямі, як У. Ігнатоўскі, Я. Карскі, У. Пічэта. Навуковыя набыткі прафесара М. Доўнар-Запольскага ў галіне даследавання сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі і Літвы, дзяржаўнасці ВКЛ, этнаграфіі і фальклору яшчэ пры жыцці вучонага далі падставы назваць яго першым беларускім гісторыкам. Ён стаяў ля вытокаў беларускай вышэйшай школы, быў ініцыятарам адкрыцця ўніверсітэта, дарэчы, не ў Мінску, а ў Мазыры яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы (пра гэта патрэбна гаварыць падрабязна), а яго кандыдатура як рэктара першай ВНУ Беларусі савецкага перыяду была ў ліку тых вучоных, якія маглі ўзначаліць БДУ ў першыя гады савецкай улады. М. Доўнар-Запольскі ўслед за З. Даленга-Хадакоўскім і Я. Карскім заклаў падмурак беларускай этналінгвістыкі і ўдакладніў на падставе лінгвістчных і гісторыка-культурных звестак этнаграфічныя межы рассялення беларусаў, вызначыў іх адметныя асаблівасці сярод іншых славянскіх народаў. Як справядліва адзначана даследчыкамі навуковай спадчыны вучонага, “калі б М. Доўнар-Запольскі не зрабіў у навуцы нічога, апрача ўдакладнення этнаграфічных межаў Беларусі, яго імя і тады назаўсёды захавалася б у нашай гісторыі”. Менавіта дзякуючы яго намаганням, калі ўзнікла патрэба ўдакладніць размежаванне дзяржаўнай мяжы Беларусі і Украіны, была выкарыстана спецыялістамі выключна багатая на самую розную інфармацыю карта-схема, падрыхтаваная М. Доўнар-Запольскім. На жаль, у Мазыры, дзе ён вучыўся ў гімназії, вялікія заслугі гэтага вучонага і патрыёта ніяк не ўшанаваны. Праўда, у суседняй Рэчыцы — радзіме знакамітага вучонага, па ініцыятыве Рэ:ыцкага выканаўчага камітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны пачалі праводзіцца навуковыя канферэнцыі, так званыя Доўнарскія чытанні, у якіх аналізуюцца дакументы і навуковыя працы, звязаныя з жыццём і вялікай спадчынай вядомага вучонага.

Пятра Ракіцкага — сусветна вядомага вучонага, акадэміка АН БССР, аўтара першага ў свеце падручніка па інжынернай генетыцы, ураджэнца Мазырскага раёна. Зусім нядаўна ў Мазыры з’явіліся вуліцы ў гонар Івана Мележа — народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі; Георгія Жукава — чатырыжды Героя Савецкага Саюза, маршала Савецкага Саюза, вялікага палкаводца, які ўнёс самы значны ўклад у перамогу над фашысцкай Германіяй. Біяграф’я гэтага легендарнага маршала мае прамыя адносіны і да Мазыра. У 1922 г. ён камандаваў эскадронам у 37 кавалерыйскім палку 7-й Самарскай кавалерыйскай дывізіі, асобныя палкі якой дыслацыраваліся ў Козенках і ў вёсцы Сірод каля Калінкавічаў, што побач з Мазыром; Барысава Міхаіла Уладзіміравіча — Героя Савецкага Саюза, які нарадзіўся ў вёсцы Нараўшчызна Мазырскага раёна; Захарава Канстанціна Фёдаравіча — Героя Савецкага Саюза, камандзіра авіяэскадрыллі, які ў раёне Мазыра ў 1944 г., ахвяруючы сабою, паўтарыў подзвіг М. Гастэлы; Вікенцьева Казіміра Францавіча — ураджэнца і ганаровага грамадзяніна г. Мазыра, палкоўніка Савецкай Арміі і Войска Польскага, узнагароджанага ордэнам Леніна і чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны, ордэнам Аляксандра Неўскага і двума польскімі ордэнамі; Смоляра Івана Мікалаевіча — былога сакратара Мазырскага гаркама КПБ і Гомельскага абкама КПБ, дэпутата і старшыні камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; Коблава Рыгора Пятровіча — генерал-маёра, камандзіра 14-ай гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі, ганаровага грамадзяніна горада Мазыра, салдаты, якога першымі 14.01.1944 года ўварваліся ў акупаваны фашыстамі Мазыр.

Літаратура

  1. Поспелов, Е.М. Туристу о географических названиях / Е.М. Поспелов. — М., 1988. — 196 с.
  2. Горбаневский, М. В. О феномене мемориальной топонимии в России ХХ-ХХІ веков (в контексте научных идей академика Д. С. Лихачева) / М. В. Горбаневский // Имя. Социум. Культура: материалы ІІ Байкальской международной ономастической конференции 4-6 сентября 2008 г. — Улан-Удэ: Изд. Бурятского госуниверситета, 2008. — 209 с.


Аўтар:
В.В. Шур
Крыніца: Мозырщина: люди, события, время: материалы Международной научно-практической конференции, Мозырь, 23-24 мая 2014 г. / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования «Мозырский государственный педагогический университет им. И. П. Шамякина»; [редколлегия: Т. Н. Сыманович (ответственный редактор) и др.]. — Мозырь: МГПУ им. И. П. Шамякина, 2014. — С. 92-98.