Вядома, што ў сістэме айконімаў Мазыршчыны ў 20-60-я гады ХХ ст. адбываліся значныя змены: у кожным палескім раёне 5-10 айконімаў было перайменавана пераважна на ідэалагізаваныя, адбылося таксама значнае скарачэнне колькасці паселішчаў і адпаведна айконімаў у выніку працэсаў калектывізацыі, урбанізацыі, вынішчэнняў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, а таксама катастрофай на Чарнобыльскай АЭС і інш.
Перайменаванні, хоць і не часта, былі ўласцівы беларускай сістэме тапонімаў і ў дарэвалюцыйныя часы, напрыклад, айконім Каралін (сучасны Ельск — В. Ш.) быў заменены ў гонар расійскага імператара Мікалая ІІ на Нікалаеўск напярэдадні Першай Сусветнай вайны, калі адзначалася 300-годдзе дынастыі расійскіх цароў Раманавых, потым зноў аднавілі назву Каралін, якая існавала паралельна з назвай Ельск, а ўжо ў савецкі час паселішча набыло ўсталяваную афіцыйную Ельск (1931 г.).
У новых назвах, што ўзніклі за гады Савецкай улады, адлюстраваліся ў асноўным:
- Надзеі і спадзяванні на лепшае жыццё: Надзеждзіна, Новае Палессе, Сірэнеўка, Дасціжэнне, Уютны, Прагрэс, Мілавідная, Ударнае, Знаменка і інш.
- Асобныя з такіх назваў характарызуюць, як правіла, са станоўчага боку новыя паселішчы: Светлагорск, Мірнае, Наваполацк, Новалукомль, Раздольнае, Салігорск, Навасёлкі і інш.
- Ушаноўваюць памяць пра тагачасных вядомых дзеячаў краіны, сімвалізуюць юбілейныя даты: Леніна, Дзяржынск, Чапаева, Мархлеўск, Роза Люксембург, Першамайск, Акцябрскі, Перамога, Пабеднае і інш.
Некаторыя айконімы ў 30-60-я гады ХХ ст. воляй тагачасных кіраўнікоў мяняліся амаль кожнае дзесяцігоддзе. Так, вёска Акцябр, што ў Жлобінскім раёне і ў якой нарадзіўся беларускі паэт Хведар Жычка, у савецкі перыяд змяніла некалькі назваў. Традыцыйна спрадвечна была Папкі, якую спачатку змянілі на Бухарын, а ў наступныя часы яшчэ былі Жданаў і Акцябр. Як пісаў пра такія змены А. Рогалеў, “у савецкі перыяд перайменава іні паселішчаў і іншых аб’ектаў нярэдка ажыццяўляліся па прынцыпу антытэзы, напрыклад, вёскі Раманава, Раманаўка (паселішчы ў Горацкім, Слуцкім, Мазырскім раёнах, назвы якіх нагадвалі прозвішчы расійскіх цароў) — у Леніна, Князь-возера — Чырвонае возера (1932 г.), Папоўшчына (вёска ў Хойніцкім раёне) — Акцябр (1920 г.)” [1, 2 35]. Прыводзім наступныя прыклады замен, перайменаванняў, варыянтаў назваў паселішчаў сучаснага Мазырскага раёна, якія засведчаны намі ў розных крыніцах: Бокаўшчына — Бокаў, Каменшчына — Каменка, Лапці — Майская, Малы Бакавец — Малы Бокаў, Раманаўка — Ленінаўка — Раманаўка, Бабічы (Бабіч) — Барбароў, Раенка — Раеўскія, Васількава — Васькаўка, Лясная — Лешня, Капліца — Петрапалаўская Слабада — Горная (1964 г.), Парэчніца — Прагрэс (1924 г.), Вараб’ёўка — Красная Горка (1930 г.), Пісараўка, Слабада, Навасёлкі, Міхалкі, Купрэеўка — Міхалкі, Кеневічаў Груд — Гіневічаў Груд, Торбінка — Турбінка, Скрыгалаўская Слабада — Слабада (1938 г.), Слабада, Слабодка, Карнілаўка — Скрыгалаўская Слабада — Слабада (1938 г.).
На вялікі жаль, паралельна з заменай няўдалых, абразлівых, немілагучных айконімаў (Махаеды, Ушыўцы, Кабыльнікі, Авечкі, Жарабное, Плешкі, Быкі і інш.) можна выявіць неапраўданыя на падставе аналізу іх семантыкі, словаўтварэння, замены самабытных, традыцыйных назваў.
На змену падобным у радзе выпадкаў не толькі на Мазыршчыне былі прапанаваны і ўзаконены наўрад ці лепшыя: Адчаяны, Баец, Бязбожнік, Саснавец, Пабядзіцель, Непабядзімы, Забіяка, Уютны, Рашыцельны, Зара Новай Жызні і інш. Так, айконім Манастыр, што ў Петрыкаўскім раёне, замянілі на Саснавец. На першы погляд, нібыта і нармальна, але ж ці так, калі ўжо ўзнікла патрэба ў замене і калі ўлічваць масавыя на той перыяд і вельмі часта няўдалыя замены шматлікіх тапанімічных назваў Беларусі. Але прасочым гэтую з’яву шырэй, возьмем пад увагу геаграфію слоў сасна і хвоя, то гэта зусім не так. Айконім Саснавец, мабыць, ад асновы сасна, што значыць — паселішча ў соснах, сярод соснаў, што і адпавядае ландшафту, сярод якога знаходзіцца паселішча. Такіх тапонімаў, утвораных ад назваў дрэў, на Беларусі многа: Бярозаўка, Бяроза, Альхоўка, Альшаны, Альховае, Хвойнікі, Дуброва, Дуброўна, Дубніцкае, Ракітнае, Грабаў і інш. На нашу думку, пры стварэнні назвы не была ўлічана геаграфія слоў сасна і хвоя, бо на Палессі, як ужо адзначалася, слова сасна амаль не ўжываецца, яго адпаведнікам у мове карэнных жыхароў выступае лексема хвоя, а лес, дзе растуць маладыя хвоі, завецца хвойнік. Таму калі ўжо і прыйшлося назву мяняць, то трэба было абавязкова мець на ўвазе і гэту акалічнасць, а ў аснову айконіма браць звыклае, натуральнае для Петрыкаўшчыны слова хвоя. У такім выпадку паселішча магло б набыць назву Хвойня, або Хвойнае, або Хвайнякі, або Хвойнікі і інш. Дарэчы, зусім недалёка ад Саснаўца ёсць вёскі з назвамі Хваенск, Хвойня, Хвойка (Жыткавіцкі і Петрыкаўскі раёны), а Хвойнае і Хвойная Паляна вядомы ў Хойніцкім раёне. Варта тут сказаць, што і афіцыйная назва горада Хойнікі ў народзе гучыць як Хвойнікі (замена на Хойнікі нібыта адбылася пад уплывай польскай мовы). Пісьмовыя крыніцы назву вёскі Хвойнікі (сучасны горад Хойнікі) фіксуюць з 1512 г.
I яшчэ. Улічваючы тое, што ў Петрыкаўскім раёне ёсць ужо назва, утвораная ад назоўніка хвоя (Хвойня), мабыць, лепш было з улікам рэгіянальнага словаўтварэння ў а мову пакласці нейкі іншы назоўнік ці прыметнік, улічыўшы мясцовы ландшафт ці нейкія важныя гістарычныя падзеі, што адбываліся на Петрыкззўшчыне. Аналагічныя крытэрыі можна аднесці і да назвы пасёлка Сасновы, што ўзнік у 70-я гады ў Мазырскім раёне.
І самае галоўнае, на нашу думку, традыцыйны, усталяваны ў свядомасці карэннных жыхароў айконім не варта было мяняць, тым больш што ў тапоніме Манастыр няма ніякай адмоўнай характарыстыкі, а такія ці падобныя семантыкай назвы ёсць у іншых кутках нашай Беларусі і за яе межамі (Манастыр — вёскі ў Талачынскім і Браслаўскім раёнах на Віцебшчыне; Манастырок — у Бялыніцкім раёне на Магілёўшчыне; Манастыршчына — горад у Смаленскай вобласці). У Расіі, напрыклад, ніколі не змянялі Архангельск, Благавешчанск, Багадухаў і іншыя падобныя паводле паходжання айконімы.
У савецкі перыяд, як прасочана, падлягалі заменам:
- Айконімы, якія нагадвалі пра асоб царскага, імператарскага, панскага, шляхецкага паходжання, белагвардзейцаў, апартуністаў і іншых ворагаў Савецкай улады: Раманава, Гасподы, Троцкае, Панічы, Панскае, Карнілавічы, Юдзенічы і г. д.
- Айконімы, якія семантычна звязаныя з рэлігійнымі ўяўленнямі, служыцелямі культу: Багі, Божы Двор, Манастыр, Ігумен, Святоцк, Святы Дух, Царковішча, Папова Лука, Гапоны і інш.
- Айконімы, якія ўяўлялі сабой немілагучныя, абразлівыя словы (як правіла, утвораныя ад мянушак): Брухачы, Дурневічы, Неўмывакі, Сінябрухі, Халуі. Г эта і тапонімы, якія ўяўлялі трапныя сацыяльна-гістарычныя характарыстыкі: Старцы, Махаеды, Сярмяжка, Сыроваткі, Торбінка, Бясхлебічы і інш. Да немілагучных (ці абразлівых) была аднесена і вялікая колькасць тапонімаў, аманімічных з назвамі жывёл, так званыя «аджывёльныя» назвы, у аснове якіх — мянушкі першых заснавальнікаў паселішчаў: Авечкі, Бараны, Быкі, Кабылічы, Кабыльчыцы, Конскі Бор, Кабаны, Парасятнікі, Свіналупы, Каты, Цуцкі, Казадоі.
- Асобныя найменні былі заменены дзеля таго, каб увесці ў сістэму традыцыйных тапонімаў модныя і новыя ў той час сацыяльна-палітычныя тапонімы: Белае — Азіна, Задобрасць — Калініна, Іван Бор — Красны Акцябр, Койданава — Дзяржынск, Карпілаўка — Акцяэрскі, Дзісна — Луначарскае і г. д.
- Назвы-этнонімы, а таксама назвы, якія сведчылі пра моўны ўплыў суседніх народаў: Ляхі, Мазураўка, Палякі, Жачдозс. Вулька, Жыдавічы, Жыдава Буда, Падрасалай, Эрштэрмай і г. д.
- Старажытныя назвы, якія ў выніку аманіміі (сугучнасці) з сучаснымі словамі маглі выклікаюць “нявыгадныя” асацыяцыі: Засценкі (засценак — пашыраны на Беларусі тып пасялення, а не астрог), Смярдзяча (г. зн. вёска, дзе жылі халопы, смерды) і г. д.
Толькі ў 1964 годзе на Беларус па так званых “просьбах працоўных” было перайменавана больш за 300 назваў, тыповых для беларускага тапанімічнага ландшафту. У беларускай айканіміі ёсць прыклады, якія выразна сведчаць, што неапраўданай заменай, вынішчэннем спрадвечна традыцыйных тапонімаў у тыя гады займаліся людзі, далёкія ад гісторыі народа, яго мовы, тапанімікі, ад навуковага ўяўлення пра такія назвы. Пра гэта пераканальна сведчыць, напрыклад, захаванне на той час тапоніма Астражанка, што ў Лельчыцкім раёне. Гэтая назва, калі б чыноўнікі ведалі яе паходжанне, несумненна, павінна была трапіць у пералік тапонімаў, якія адносілі да разраду непажаданых. У Лельчыцкім раёне ў такі “чорны” спіс у той час трапілі Радзілавічы (Радзівілавічы), Зладзін, Асмаленік, Падварак (Фальварак), Каросцін, Берасцяны Завод (Берзавод), Магільнае, Гарнавішча.
Назва ж вёскі Астражанка ацалела, бо чыноўніцкае вуха не ўлавіла, што гэты тапонім, як лічаць, паходзіць ад назоўніка астрог — турма, месца, дзе трымаюць зняволеных. У старажытнай беларускай мове лексема астрог мела таксама значэнне ‘адгароджаная мясціна, умацаванне, крэпасць’, а ў самы ранні перыяд — ‘частакол, сцяна з завостраных бярвёнаў’. Паводле сведчання старажылаў, паселішча Астражанка ўзнікла як ссыльны пункт, куды ў якасці меры пакарання з маёнткаў феадалаў Палесся высылалі ў астрог за розныя правіннасці мясцовых сялян. Дарэчы, недалёка ад Астражанкі знаходзіцца і вёска Зладзін (цяпер Чырвонабярэжжа), якая, на думку тутэйшых людзей, узнікла як месца высылкі з сёл і памесцяў Мазыршчыны зладзеяў. Такім чынам, гэтыя два паселішчы ўзніклі сярод непраходных лясных абшараў і балот як своеасаблівыя месцы ссылкі, рэзервацыі, дзе людзі адбывалі пэўныя пакаранні. А ў легендзе, запісанай А. Ненадаўцом, паведамляецца, што Астражанку сярод пушчы заснавалі людзі тураўскага пана Астрожскага: выехалі ў пушчу на паляванне… Спаць засталіся ў лесе — так Астрожскі загадаў. Ноччу князю прысніўся дзіўны сон: быццам бы прама на той паляне, дзе буданы паставілі, узнік нейкі вялізны белы слуп. Прадраў вяльможны раніцай вочы, падумаў і сказаў слугам:
— Укапайце тут, на гэтым самым месцы слуп, і няхай сюды нашы людзі ідуць жыць! Так загадваю!
Вось там якраз і ўзнікла наша Астражанка, ад таго панскага загаду і ягонага прозвішча [2, 220].
I калі ў сярэдзіне шасцідзесятых гадоў XX стагоддзя ў Лельчыцкім раёне як вынік ідэалагічнага дыктату былі заменены Каросцін на Новае Палессе, Зладзін на Чырвонабярэжжа, Падварак (Фальварак) на Пабеднае, Асмаленік на Ударнае, Берзавод (Берасцяны Завод) на Чапаеўск, Магільнае на Мірнае, то ў тапоніме Астражанка пільнымі, але, відаць, недасведчанымі чыноўнікамі, якія былі ініцыятарамі замен, непажаданай, негатыўнай семантыкі не было выяўлена. Мабыць, была страчана семантычная сувязь паміж словамі астрог і Астражанка.
В. Лемцюгова ў слоўніку “Тапонімы распавядаюць” дае тлумачэнне семантычна блізкаму айконіму Астрошыцы (Лагойскі раён), які вядомы з 1442 года: Острожчичи, Острожчицы — воіны, ахоўнікі, якія жылі і неслі службу ў астрозе. Острогъ у перыяд Кіеўскай Русі і да XVII стагоддзя — гэта “адгароджанае частаколам або завостранымі на канцах слупамі месца; умацаванае паселішча”. У працэсе функцыянавання назва перааформілася ў Астрошыцы пад уплывам спрошчанага вуснага вымаўлення [3, 45]. Дарэчы тут адзначыць, што В. Жучкевіч прыводзіць зусім іншае тлумачэнне тапоніма Астрошыцы. На яго думку, Астрошыцы — гэта найменне, утворанае ад прозвішчаў тыпу Строчыц, Строшыц, дзе пачатковае о (Острошицы) выконвае ролю патранімічнага фарманта (ад Строчицев). У працэсе ўжывання названага айконіма, як лічыць гэты даследчык, адбывалася трансфармацыя гэтай, магчыма, славянскай асновы [4, 278]. Меркаванне В. Жучкевіча, як мы лічым, непераканальнае: прозвішчамі, якія ўзніклі ў беларусаў у асноўным у XVII-XIX стагоддзях, нельга тлумачыць паходжанне айконімаў, асабліва калі ўлічваць перыяд (час) іх узнікнення. А як вядома айконім Астрошыцы засведчаны ў першай палове XV стагоддзя (1442 г.), калі прозвішчаў у беларусаў яшчэ не было. У “Хроніцы Убарцкага Палесся” таксама сцвярджаецца, што айконім Астражанка, які на працягу сваёй гісторыі меў наступныя варыянты: Острожанка, Ostrozanka (1654 г.), Астрошынка (1770 г.), Вастражанка (1929 г.), паходзіць ад назоўнікаў астрог, астрога ці нейкай старожы, якая калісьці існавала на гэтым месцы [5, 350]. За перыяд існавання гэта паселішча мела статус сяла, мястэчка, фальварка, езуіцкага маёнтка, якія ў розныя часы адпаведна належалі біскупу віленскаму У. Масальскаму, потым падсудку Казіміру Рудзіеўскаму, князю Міхалу Радзівілу, памешчыкам Івану Рудзіеўскаму, Генрыху Рудзіеўскаму, графам Іосіфу Тышкевічу, Аляксандру Тышкевічу.
У энцыклапедычным выданні “Гарады і вёскі Беларусі: Гомельская вобласць” сцвярджаецца, што Астражанка з пісьмовых крыніц вядома з XVIII стагоддзя як сяло ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства і была ў валоданні езуітаў, што пярэчыць звесткам, якія вышэй прыведзены ў “Хроніцы Убарцкага Палесся”. У наш час Астражанка — цэнтр Астражанскага сельсавета і калгаса “Мірны”. Тут размешчаны лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, дзіцячы сад. У Астражанцы нарадзіўся беларускі пісьменнік Мікола Капыловіч, а таксама К.М. Дамброўскі — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі, камандзір Лельчыцкай партызанскай брыгады. У Вялікую Айчынную вайну ў 1942 г. нямецкія акупанты спалілі паселішча і загубілі 71 жыхара. У баях каля вёскі загінулі 54 воіны (пахаваны ў брацкай магіле на могілках). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 60 вяскоўцаў, у памяць аб якіх у 1975 г. у цэнтры вёскі пастаўлена скульптура воіна [6, 10].
Між іншым, тапонім Астражанка, як прасочана даследчыкамі, семантычна роднасны такім беларускім, рускім, украінскім тапонімам, як Гарадок, Гарадзец, Ноўгарад, Гарадзішча і інш., у структуры якіх ёсць словы горад, гарадок і інш. Вось што пісаў у адной са сваіх прац пра такія назвы акадэмік М. Шанскі: “Тапонімамі Гарадок, Гарадзец, Гарадзішча і інш. гарадскія імёны “крапаснога” характару не абмяжоўваюцца, бо, паводле свайго паходжання, напрыклад, агульны назоўнік гарадок стаў вытворнай базай для ўласнага назоўніка-тапоніма Гарадок (назва гарадоў ў Расіі і Беларусі — В. Ш.), але не са значэннем ‘маленькі горад’, як мяркуюць некаторыя людзі, а ‘невялікае ўмацаванне, адгароджанае пасяленне, крэпасць’. У гэты семантычны рад уваходзіць і назва паселішча Астрог, што ў Ровенскай вобласці Украіны. Розніца ў семантыцы паміж гарадком і астрогам у тым, што ў старажытнасці шматлікія астрогі будаваліся на скорую руку і абгароджваліся загародай — сцяной з бярвёнаў, а гарадкі і гарады ўмацоўваліся моцнай сцяной з трывалымі вугламі, вежамі, байніцамі і іншымі атрыбутамі тагачаснай фартыфікацыі. Прымаючы да ўвагі гэту інфармацыю, можна спрабаваць падабраць ключ для тлумачэння паходжання наступных тапонімаў Беларусі: Гарадок, Гарадзея, Гародня, Давыд-Гарадок, Кажан-Гарадок, Астрашыцкі Гарадок, Сёмкаў Гарадок, Наваградак, Гарадкі, Гарадзішча і інш., гісторыя якіх найчасцей пачыналася з драўляных умацаванняў, крэпасцей, астрогаў. Такія пасяленні, як правіла, узнікалі на лясных абшарах рассялення славян і амаль не сустракаюцца ў стэпавых, бязлесавых прасторах.
Літаратура
- Рогалеў, А. Ф. Географические названия в калейдоскопе времён / А.Ф. Рогалев. — Гомель: Барк, 2008. — 256 с.
- Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мінск: Беларусь, 2001. — 415 с.
- Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды / В. П. Лемцюгова. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — 416 с.
- Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: БГУ, 1974. — 448 с.
- Хроніка Убарцкага Палесся / аўтар-уклад. А. І. Антагулаў; навук. рэд. В. Л. Насевіч. — Мінск: Тэхналогія, 2001. — 496 с.
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.). — Мінск: БелЭн, 2005. — Т. 2, кн. 2. — 520 с.
Аўтар: В.В. Шур
Крыніца: Слово. Текст. Социум: сб. науч. тр. преподавателей филол. фак. / редкол.: Л. В. Исмайлова (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь: УО МГПУ им. И.П. Шамякина, 2011. — 252 с. С. 148-154.