Пра ўзнікненне назвы Мазыр — Мозыр

0
1406
Пра ўзнікненне назвы Мазыр — Мозыр

Узнікненне паселішча Мазыр і паходжанне самога айконіма да нашага часу канчаткова не высветлена, хоць пра гэта існуюць шматлікія народныя легенды, паданні, напісана багатая і разнастайная навуковая і мастацкая літаратура. Прывядзем некаторыя з іх.

З даўніх часоў на Палессі вяд ома на ўная легенда пра ўзнікненне назвы горада Мазыра. Паводле яе зместу айконім нібыта ўтварыўся ад спалучэння слоў мой жыр (тлушч), якія зліліся ў адно цэлае. Адбыліся яшчэ пэўныя фанетычныя змены, і найменне набыло сучасныя варыянты: Мазыр, Мозыр. Словы мой жыр быццам бы доўга паўтараў яўрэй-купец, які на месцы пераправы ў раёне сучаснага першага аўтамабільнага маста праз Прыпяць перакуліў лодку з бочкам тлушчу. Ён быў надзвычай скупым і не мог змірыцца з такою стратаю, гаварачы ўсім пра гэта. На правым, высокім беразе Прыпяці, дзе насупраць яўрэем былі ўтоплены бочкі, узнікла паселішча, якое, як горкая ірон’я, атрымала варыянты Мазыр або Мозыр. Аднак такая “этымалогія” не вытрымлівае элементарнай крытыкі, бо яўрэі, як вядома са шматлікіх крыніц — летапісаў, афіцыйных дакументаў Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага — з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі толькі ў канцы XIV ст., першапачаткова ў Бярэсці, Троках, Гародні, а яшчэ пазней — у гарадах і мястэчках усходняй часткі Беларусі (гл.: “Статут Вялікага княства Літоўскага 1588”. — Мінск, 1989. — С. 545). А як піша У. Лякін у кнізе — Калинковичи на перекрёстке дорог и эпох: исторический очерк”, в Калинковичах первые из евреев осели с согласия местных владельцев Оскерок, очевидно, во второй половине XVII ст. Возможно они бежали от ужасов войны и погромов с Украины.

Такая легенда, безумоўна, не можа вырасці на голым месцы. Яўрэі да Вялікай Айчыннай вайны былі асноўнай часткай насельніцтва Мазыра і суседніх з Мазыром мястэчак — Юравіч, Азарыч, Капаткевіч, Скрыгалава, Ельска, Шароўлі. Так, у перадваенныя гады, а дакладней, у 1938 годзе, калі Мазыр стаў цэнтрам Палескай вобласці, у горадзе пражывала 17 477 жыхароў, з іх — 6307 яўрэяў. З 22 жніўня 1941 года Мазыр быў акупіраваны фашыстамі, захопнікамі былі расстраляны, утоплены ў Прыпяці 4 700 гараджан, з іх 1 500 былі яўрэі (“Жыццё Палесся”, 2010, № 16. С. 11).

П. Шпілеўскі ў нарысе “Падарожжа па Заходнерускім краі” прыводзіць крыху іншую легенду аб горадзе Мазыры і яго назвах. Паводле падання, запісанага гэтым этнографам і пісьменнікам, узнікненне паселішча абавязана двум братам, ураджэнцам з Кіева, якія, пераехаўшы на Палессе, пасяліліся на высокіх і надзвычай маляўнічых берагах Прыпяці з мэтаю гандляваць рыбіным тлушчам. Браты нядоўга між сабою жылі ў згодзе. Старэйшы знешне быў пачварным вырадкам і ўзненавідзеў малодшага, статнага прыгажуна, за перавагу, якую яму аддала маладая сядзелка, а яшчэ болей за хуткае абагачэнне, бо яму шчасціла ў гандлі, і ён стаў даволі багатым. Каб пазбавіцца ад зайздроснага брата, малодшы захацеў аддзяліцца і пасяліцца далей ад яго. Гэта выклікала яшчэ большую зайздрасць, раздражненне і гнеў злога брата, а калі малодшы сапраўды аб’явіў аб сваім намеры, старэйшы не захацеў аддаць яму палову тавару (тлушчу), што прыходзіўся на яго долю і загадаў сваім памагатым прагнаць брата вон без нічога. Малодшы сабраў дружыну і аб’явіў вайну старэйшаму. Захоплены знянацку, старэйшы брат папрасіў дапамогі ў вядзьмаркі (чараўніцы), якая жыла побач на высокай востраканечнай гары, і тая прыйшла яму дапамагчы з вялікай колькасцю падуладных ёй духаў. Быў бой няроўны, і малодшы брат павінен быў загінуць ад сіл вядзьмаркі. Але прыгажосць уратавала яго: у час бою вядзьмарка настолькі была зачаравана незвычайнай прыгажосцю малодшага з братоў, што нават спыніла змаганне і прапанавала яму згоду і мір. Але старэйшы брат не пагадзіўся і патрабаваў прадоўжыць вайну: — Мой жыр, — крычаў ён, — я не аддам яму ніводнай меркі,” — і з гэтымі словамі накінуўся на брата. Абражаная такім учынкам, вядзьмарка махнула чароўным мечам, і гара распалася на дзве часткі. Утварылася бяздонне, у якім загінуў старэйшы брат. Ён да апошняга канца крычаў: Мой жыр!” — Не! Мой жыр, — паўтараў малодшы, стоячы каля абрыва раздзеленай гары. — Табе не ўдалося пакрыўдзіць мяне”. Пасля гэтага вядзьмарка прапанавала малодшаму брату перанесці свой дом на яе частку гары, але ён адмовіўся, і, падманутая ў сваіх спадзяваннях, яна, на зло яму, сама пасялілася на процілеглай палове рассечанай гары і доўга не пераставала мучыць яго чарамі. Урэшце малодшы брат па прапанове жонкі зрабіў і паставіў крыж на сваёй частцы гары, і вядзьмарка не мела магчымасці дакранацца да святога месца. І далей: “…з оўруцкага гасцінца відаць высокая

востраканечная гара, ад нізу да верху яна мае форму шара, па якім нельга дабрацца да вяршыні. На самой макаўцы гэтай змрочнай і аддаленай іары разрасліся да непамернай вышыні і таўшчыні вечназялёныя хвоі, якія прыдаюць наваколлю нейкі маркотны і тужлівы выгляд і міжволі падтрымліваюць у народзе паданне, што ў яе ваколіцах жыве вядзьмарка- чараўніца, што загубіла старэйшага брата: яна, між іншым, і называецца Чортавай гарой, або Шайтан-гарой. Месцам гібелі старэйшага брата просты люд называе глухія, цёмныя зараснікі між чэзлымі лясамі суседняй ваколіцы каля манастыра Цыстэрсак, якую называюць яшчэ Кімбараўкай, або Смертнай далінай”. (Запісана П. Шпілеўскім у 1859 г.).

Прыведзеная П Шпілеўскім з подрабязнасцямі легенда каштоўная для даследчыкаў яшчэ і тым, што ў ёй тлумачыцца не толькі народнае ўяўленне аб айконіме Мазыр, а і падаюцца тлумачэнні іншых мясцовых назваў, частка якіх архаізавалася і вядома толькі старажылам і спецыялістам. У прыватнасці, гара, на якой быў пастаўлены крыж меншым братам, а потым пабудавана царква, мела назву Святая, а храм на ёй — царквой святога Міхаіла; суседняя гара, дзе нібыта засталася жыць чараўніца, у народзе атрымала назву Чортава гара, а цясніна-каньён паміж гэтымі гарамі — Смертная даліна, або вядомая амаль усім мазыранам Кімбараўка, як цяпер называюць гэтую частку Мазыра на ўсход ад піўзавода, а таксама піўны бар за старым рынкам каля сучаснай плошчы Максіма Горкага.

А. Бобр у кнізе “Мой Мозырь” на падставе народнага тлумачэння і звестак з гэтай легенды, а іменна, паўтора спалучэння “мой жир” звязвае паходжанне з такім фактам мясцовай тапанімікі, як наяўнасць некалі ў накаколлі мазырскіх узвышшаў і равоў невялікай рачулкі пад назвай Манжыр ’е. Апошняя нагадвае сучасную назву паселішча, што ўзнікла пры зліцці Манжыр’я і Прыпяці. Такія факты, калі назвы маленькіх рачулак пры іх зліцці з больш значнымі рэкамі станавіліся назвамі паселішчаў у выніку так званай трансанімізацыі, даволі частыя ва ўсходнеславянскай анамастыцы: рака Орша -> горад Орша, рака Жыздра -> г. Жыздра, рака Прыпяць -> г. Прыпяць, возера Асвея -> гарадскі пасёлак Асвея і г. д. Дарэчы, слова жыр (жір), як прасачылі даследчыкі, у старабеларускай мове мела яшчэ адно значэнне, якое цяпер архаізавалася — добрае існаванне ўлады. Гэта, як мяркуе аўтар артыкула — Мазыр — цэнтр Палесся” В. Герасімаў, магло быць месца, пра якое заснавальнік горада казаў: Мой жір”. Што значыла — месца, дзе “мне добра”, дзе “мая ўлада”, “маё ўладанне” (Полымя. — 2005. — № 9. — С. 151).

Назва Мазыр засведчана ў творах беларускага фальклору, напрыклад, у прыказках: Ведай, па чым сыры ў Мазыры; Мазыр, як пузыр: кругом горы і вада, а ў сярэдзіне бяда.

Навуковую этымалогію айконіма Мазыр у розныя часы спрабавалі вытлумачыць С. Роспанд, А. Трубачоў, Ф. Бязлай, В. Неразнак, В. Жучкевіч, В. Лемцюгова, А. Рогалеў, І. Жалязняк, Р. Казлова, Г. Цыхун і інш., аднак іх высновы і перакананні самыя розныя, а часам нават супярэчлівыя, пра што будзе размова ніжэй. У межах сучаснага Мазыра выяўлены два гарадзішчы: на Спаскай гары (Гары Камунараў), дзе нядаўна адноўлены старыжытны мазырскі замак і выяўлена мноства керамікі (ХІІ-ХШ стст.), і ва ўрочышчы Кімбараўка, дзе знаходзяць мноства матэрыялаў мілаградскай культуры і часоў Кіеўскай Русі. Назву Кімбараўка археолагі лічаць пачаткам сучаснага Мазыра і адносяць да скіфскага (сарматскага) утварэння: кімы — горы, а бар — паселішча, двор, горад. Такія паселішчы, як мяркуюць даследчыкі, маглі ўзнікнуць у II стагоддзі нашай эры, а заснавалі Кімбараўку, магчыма, неўры — лясныя скіфы-земляробы, якіх упамінаў Герадот. Ёсць і другое тлумачэнне гэтай назвы, якое прыводзіць В. Шабасовіч — мазырскі краязнавец. Назва Кімбараўка, як лічыць гэты краяз ’авец, можа быць германамоўная: зімбар — лысая гара, кімбарг — горад, крэпасць кругавой забудовы і планіроўкі. Такія назвы звязваюць з этнчнай міграцыяй германскіх плямёнаў готаў, якія мігравалі ў ІІ-V стагоддзях новай эры з нізоўяў Віслы цераз прыпяцкі басейн у паўночнае Прычарнамор’е ў перыяд вялікага перасялення народаў. Так апісвае гэтыя падзеі гоцкі гісторык Іардан. Археалагічныя помнікі з гоцкімі рэчамі вядомы на Прыпяці, але ўперамежку са славянскімі і балцкімі кампанентамі.

“Кімбараўкай” цяпер называюць піўны бар каля Мазырскага піўзавода. Але ўсё ж гэтая назва ў першую чаргу нагадвае помнік: славян скае паселішча, ад якога бярэ пачатак наш славуты Мазыр.

Паходжанне назвы Мазыр (Мозыр) А. Трубачоў і Ф. Бязлай звязваюць са славянскім апелятывам mozirje — балота, ад якога ў Славеніі утвораны айконім Mozirje, блізкі гучаннем да беларускага Мозыр (Мазыр) [Трубачоў, 3].

Як лічыць А. Рогалеў, айконім Мазыр па сваёй структуры зусім не славянскі, яго апелятыў мае сувязь са словамі мазра — пасёлак, хутар, выселкі; мазор, мазар — магіла, узгорак; мажары — перасечаная мясцовасць, пакрытая ўзгоркамі. Словы гэтыя ёсць у некаторых цюркскіх і іранскіх мовах, а таксама ў паўднёварускіх дыялектах. Як вядома, обры-авары часта ўпамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў», «Слове пра паход Ігараў», гістарычных летапісах і інш. Працяглыя кантакты обраў са славянамі (войны, гандаль) у дахрысціянскі перыяд, на думку гэтага даследчыка, далі магчымасць замацавацца ў мове дрыгавічоў многім цюркізмам і іранізмам, у тым ліку і названым вышэй словам. На поўдні Беларусі ёсць і іншыя цюркскія паводле паходжання найменні паселішчаў, невялікіх рачулак і балацін. Гэты ж даследчык лічыць, што айконім Мазыр (Мозыр) можна параўноўваць таксама з беларускім дыялектызмам мосар — балота, балотная нізіна, што зарасла травою, кустоўем; ён таксама не аспрэчвае і думку пра мажлівую сувязь назвы Мазыр з лексемамі мосер, мосьор, якія ў мове комі абазначалі “волак, шлях на водападзеле”.

Ёсць таксама меркаванне, што айконім Мазыр узнік ад этноніма мазуры, якім на Беларусі і ва Украіне найчасцей, чым словака’ поляк, палякі, лях, ляхі, называлі ураджэнцаў з Мазоўшы (Мазурыі) — паў ночна-ўсходняй часткі Польшчы. На карысць гэтай гіпотэзы, выказанай В. Жучкевічам (гл.: Мозырь и мазуры. — «Нёман». — 1972. — № 3), сведчаць назвы паселішчаў, асабліва частыя на Палессі, у аснове якіх ляжаць назвы-этнонімы мазуры, ляхі: Мазуры, Мазуршчына, Мазуркі, Мазурына і інш., што вядомы ў Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Салігорскім і іншых раёнах; г. Ляхавічы, вёскі Ляхавічы ў Жыткавіцкім, Драгічынскім, Іванаўскім раёнах, вёскі Ляхаўцы ў Кобрынскім і Маларыцкім раёнах. Раней лічылася, што на Палессі Мазурыя стала вядома толькі з XVI ст. I асабліва ў XIX ст., калі з этнічнай Польшчы пачаўся прыток батракоў, сялян, рабочых-буднікаў, рамеснікаў у маёнткі апалячаных беларускіх, а таксама польскіх феадалаў, на распрацоўку лясных промыслаў у палескія пушчы. Гэта ў нейкай ступені пярэчыла думцы, выказанай В. Жучкевічам, што давала падставы не падзяляць думку гэтага вучонага. Аднак паводле даследаванняў апошніх гадоў выявілася, што этнічныя кантакты заходніх славян з усходнімі праяўляліся даволі інтэнсіўна ўжо ў VIII ст. Пра гэта сведчаць не толькі еднасць этнічных саюзаў, але і гандаль, палітычныя і культурныя зносіны паміж суседнімі плямёнамі, у тым ліку з дрыгавічамі і мазурамі (гл.: Перхавко В. Западнославянское влияние на раннесредневековую культуру Белоруссии. У кн.: «Древнерусское государство и славяне». — Мн., 1983). На заканчэнне можна зазначыць, што на Мазыршчыне таксама шырока бытуюць прозвішчы Мазур, Мазуркевіч, Мазурэнка, Мазурэцкі, Лях, Ляхавец, Ляхавецкі і інш., якія генетычна ўзыходзяць да этнонімаў мазуры, ляхі.

Фармальнай падставай для таго, каб назву Мазыр звязваць з этнонімам мазуры, відаць, было і тое, што сапраўды на Мазыршчыне даследчыкі выяўляюць польскія паводле паходжання пасяленні (назвы вёсак, хутароў, засценкаў) і польскія антрапонімы (прозвішчы, уласныя імёны). Так, В. Вярэніч, які вывучаў польскія пасяленні на беларускіх землях, да ліку такіх, што ўзніклі ў перыяд першай польскай міграцыі на Палессе (XV ст.), адносіць Кустаўніцу — адну з сямі былых шляхецкіх вёсак у Мазырскім раёне (зараз гэтага паселішча няма, а на яго месцы пабудаваны Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. — В. Ш.). Як і жыхароў астатніх шасці вёсак Мазырскага раёна (Тварычаўкі, Пянькоў, Драздоў, Загорын, Нараўшчызны, Стрэльскай Грады), старажылаў гэтых пасяленняў на Мазыршчыне называюць польскай шляхтай. Паводле ўспамінаў карэнных жыхароў гэтых паселішчаў, на Палессе іх продкі трапілі нібыта за нейкія заслугі перад польскім каралём, які шчодра надзяліў перасяленцаў зямлёю і даў шляхецтва.

Дактарамі філалагічных навук І. Жалязняк і Р. Казловай 2006) на навуковай канферэнцыі ў Мазырскім педуніверсітэце прапанаваны яшчэ дзве зусім новыя гіпотэзы адносна паходжання айконіма Мазыр. Гэтыя даследчыкі адносяць айконім да цяжка этымалагізуемых з прычыны нешматлікасці іншаславянскіх адпаведнікаў да яго назвы і цьмянасці каранёвага вакалізму. Ідэальныя айконімныя і гідронімныя адпаведнікі для гэтага айконіма Р. Казлова прыводзіць наступныя: Мозырь — сяло ў Кастрамской губерні Расіі, Mozirje (1196 г.) — горад на рацэ Сава ў Славеніі; Мазирка — прыток Рэці на левабярэжжы Дзясны (Сумская вобл.), Мазырынка — назва вёскі ў Пензенскай губерні, Mozer — гарадок у Магдэбурскай акрузе Г ерманіі. Адпаведнікі да айконіма засведчаны і ў антрапаніміі (прозвішчах) усходніх словян: ст. украінск. Мозыр, Мозыра, Мозыря; ст. бел. Мозырка; славян. Mozer і інш. Паходжанне беларускага айконіма Мазыр (Мозыр) гэта даследчыца, спасылаючыся на выказванні вядомых этымолагаў (А. Трубачова і Ф. Безлай), звязвае з апелятывам мozirje — балота, mezina — балота, mezga — сок дрэў. Сваю гіпотэзу аб узнікненні айконіма Мазыр (Мозыр) выказаў таксама вядомы славіст, этымолаг Г. Цыхун, які, абагуліўшы выказванні самых розных даследчыкаў (а. Трубачова, В. Жучкевіча, У. Неразнака, Р. Казловай, А. Рогалева і інш.) пра гэты айконім, лічыць, што яго можна разглядаць як вельмі старжкытны — “балотны” тапонім, роднасны славенскаму айконіму Моzirje, што называе горад у забалочанай мясцовасці, і суседнюю рэчку Моzlrnіса, якая выцякае з балот, а таксама рускае слова мосыр — вільгаць, засведчанае ў вядомым слоўніку У. Даля. Г. Цыхун далучае ў гэтую групу і назву сяла ў Глыбоцкім раёне Мосар (Мосыр), што ў поўнай меры, на яго думку, можа пацвярджаць папярэдняе выказванне У. Неразнака, што назва Мазыр узнікла ў выніку другаснага балтыйскага ўплыву, звязанага з гідронімамі і тапонімамі тыпу літоўскага Маzupis, польскага Mazowsze і падобнымі (гл. Цыхун У. Пра назвы некаторых беларускіх гарадоў // Роднае слова. — 2011. — № 10. — С. 35.).

Аўтар: В.В. Шур
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні «Пісьменнік — Асоба — Час»: матэрыялы IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 2 кастрычніка 2015 г. / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна»; [рэдкалегія: Л. В. Ісмайлава і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2015. — С. 120—125.