Пра некаторыя прыказкі і прымаўкі Тураўшчыны

0
87
Пра некаторыя прыказкі і прымаўкі Тураўшчыны

Моўнае багацце Тураўшчыны не ўяўляецца без шматлікіх і разнастайных прыказак і прымавак, якія сваімі моцнымі каранямі цесна пераплятаюцца з адметным жыццём палешукоў, з іх клопатамі і праблемамі, святамі і буднямі, самабытнай палескай мовай. У іх выразна выявілася мудрасць і разважанасць, назіральнасць, спрактыкаванасць і ўмедьства, якія вылучаюць тураўцаў у асяроддзі сваіх суседзяў. У прыказках і прымаўках знайшлі адлюстраванне значныя і прадыцыйныя святы: Міне Спас, то беры рукавіцы про запас (5,79); Прыдзе Лья, то чоловек як свінья, ходзіць да чаўкае (5,295); Прыдзе  Спас – не трэба квас, бо вода холодна (5, 79); Прыдзе Спас – ўсёму час (5, 288); Буські кажуць: пройдзе Спас – не будзе нас (5, 79); Прышоў Петрок, упаў лісток, а як прышоў Ілья, то упало два (5, 200); Жджы Петра – наесіса сыра (5, 128); Як Піліп под хвост корові залезе, то і Петро не вужэне (5, 236); і інш.

Адвечнай марай палешукоў было заможнае жыццё. У структуры такіх прыказак і прымавак на першым плане выступае слова хлеб як сімвал дабрабыту і шчасця: На вайну ідзі, а хлеб пашы (5, 240); Чоловек не ўмірае без хлеба, да з хлеба (5, 240); Хлеб і ў старца е (5, 240); У чужой вярэньцы не хлеб, а папка (5, 240); Зімою ем хлеб з кострыцэю, а летам – з пяском (5, 240); Сякі-такі абу буў, абу хлеба раздобуў (5, 240); Як стоколоса, то хлеба будзе полоса, а як метліца, то гола поліца (5, 240); Буў бы хлеб, то дзеці збегуцца (5, 240); Хлеб буў і будзе, а нас не будзе (5, 240); Едзеш на дзень, а хлеба бяры на тыждзень (5, 168); Хлебец у кожного, а сало ў заможного (5, 241); Стоколаса хлебу полоса (5,99); На бога сподзевайся, а хлеб пашы (5, 86) і іншыя. Ва ўстойлівых словазлучэннях звяртае на сябе ўвагу слова стоколос, сінонімам да якога з’ўляецца гірса. У сучаснай беларускай мове яно ўжываецца ў значэнні “пустазелле сямейства злакавых” (ТСБМ, II, 53). Неабходна адзначыць, што слова стокалас замацавалася таксама і ў прозвішчах, якія распаўсюджаны на Тураўшчыне.

Многа прыказак і прымавак прысвечана сацыяльнаму становішчу людзей. Так, пра сірат гаварылі: Сіроце доварыцца ў жывоце (5, 36); Сіроце жэніцца, то і ноч мала (5, 36); Кругла сірота: ні собакі, ні кота (5, 36); На чужыні – як сіроціні (5, 37).

Шырока адлюстраваны ў іх сямейныя ўзаемаадносіны, якія маглі па-рознаму складваюцца паміж людзьмі і ўплывалі на далейшы лёс чалавека: Як за добрым чоловеком, то як за плотом, а за нехорошым – як за частокодлм (5, 289); Як зорошы чоловек, то і век (5, 293); За хорошым чоловеком і жонка молодзее, а за плохім і голова сівее (5, 293); Мужык з жонкаю сварыцца, то ў печы трасца варыцца (5, 15-16) і іншыя.

Важнае месца ў прыказках і прымаўках належыць працы: Хто зараней устае, тому і бог дае (5, 213); Ек не сееш проса, у чужэ хозяйство не точы носа (5, 149); Жыць – не уміраць і кросна не ткаць (5, 137); Ніхто не такі, як пастух, прокляты – і дома жэрэ і ў торбу берэ (5, 144); Тоўстапрадуха возом везе, а тонкапрадуха под рукою нясе (5, 148); Ек будзем мац хлеб да соль, то будзе і госць весёл (5, 72); Як сам спіш до абеда, то чого зловаць на суседа (5, 118) і іншыя.

Выразны павучальны змест характэрны наступным трапным выслоўям: Хто з кім не жыве, той с тым не сварыцца (5, 15); З сыном сварыс, на покуці дзержыс, а з зяцем сварыс, то за дзверы дзержыс (5, 16); Добры сват і собацы брат (5, 16); Із своім сечыса, рубайса, а з чужымі не мешайса (5, 26); Сіла закону не знае (5, 34); Хто Бога не боіцца, то і людзей не стыдзіцца (5, 113); Суседы блізкіе – ворагі цяжкіе (5, 118); Прымаку сыроватку ў глеку (5, 128); Ек сыта, то і старосць покрыта (5, 129); Лепш полюбі старого вола, чым молодого хлопца (5, 243); Не дай Божэ богато жэніцца й селіцца (I, 66) і іншыя.

Як сведчыць прааналізаваны фактычны матэрыял, у склад прыказак і прымавак ўваходзяць самыя разнастайныя словы, якія яшчэ раз пацвярджаюць той факт, што жывое слова палешукоў прымушае задумацца, помніць і кіравацца ў жыцці мудрымі парадамі нашых далёкіх продкаў.

 Літаратура

  1. Тураўскі слоўнік: У 5 т. – Мінск: Навука і тэхніка, 1982-1987.

Аўтар: Л.П. Кузьміч
Крыніца: Славянская фразеология в ареальном, историческом и этнокультурном аспектах: Материалы ІV Международной научной конференции / Отв. ред. В. И. Коваль. – Гомель: УО «ГГУ им. Ф. Скорины», 2005. – С. 33-34.