Пра назвы вёсак Кісцяні і Мадора Рагачоўскага раёна

0
443
Деревня Мадора Рогачёвского района на карте

Старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар Капылоў распавёў пра паходжанне незвычайных назваў гэтых вёсак.

Буду вельмі ўдзячная, калі дапаможаце мне разабрацца з гісторыяй паходжання назваў маёй роднай вёскі Кісцяні, якая знаходзіцца ў Гомельскай вобласці Рагачоўскага раёна, і суседняй з ёй вёскі Мадора. І вельмі б хацелася даведацца пра паходжанне прозвішча (калі гэта магчыма, бо не тапонімы) Чурвіна (Чурвін) і Завішаў.

З удзячнасцю — Ганна Завішава.

Вёска Кісцяні ўяўляе вялікую цікавасць не толькі для тапанімікі, але і для гістарычнай навукі. Археалагічныя знаходкі (выяўленыя гарадзішча і селішча старажытных мілаградскай і зарубінецкай археалагічных культур) на тэрыторыі вашай мясцовасці дазволілі вучоным сцвярджаць, што яшчэ ў VІ стагоддзі да нашай эры на гэтых землях жылі плямёны, якія займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, рознымі відамі рамёстваў. У пісьмовыя крыніцы паселішча трапіла ў 1567 годзе ў сувязі з вайсковымі мерапрыемствамі па рэгістрацыі і падліку ўзброеных ненайманых сіл дзяржавы, так званымі попісамі войска Вялікага Княства Літоўскага. На той час гэта быў маёнтак з назвай Касцяневічы. Больш чым праз стагоддзе, у 1696 годзе, у пісьмовых крыніцах паселішча ўпамінаецца ўжо пад назвай Касцяні, на той час яно адносілася да прыхода Рагачоўскай замкавай царквы. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вёска аказалася ў складзе Расійскай імперыі. Вядома, што ў пачатку XІX стагоддзя вёска Кісцяні была ва ўладанні памешчыка Лянеўскага і з’яўлялася цэнтрам воласці. На працягу XІX стагоддзя вёска імкліва развівалася. Калі ў пачатку стагоддзя ў ёй налічвалася 37 двароў і 235 жыхароў, то ў канцы ХІХ стагоддзя ўжо быў засведчаны 171 двор і 1195 жыхароў. Таксама ў гістарычных крыніцах адзначаецца, што ў гэты час у вёсцы працаваў хлебазапасны магазін, была капліца, 5 ветракоў, піцейны дом, вадзяны млын.

Экскурс у гісторыю дазваляе высветліць паходжанне назвы вашай вёскі. Сучасная форма напісання — Кісцяні — не з’яўляецца спрадвечна гістарычнай. Гэтая форма ўзнікла параўнальна позна. Дакладна ўстанавіць дату змены напісання немагчыма. Аднак на Генеральнай карце беларускіх зямель канца XVІІІ стагоддзя (Вялікі гістарычны атлас Беларусі, том 2) паселішча адзначана ўжо пад назвай Кісцяні. Верагодна, на адным з этапаў у канцылярыі Рэчы Паспалітай або Расійскай імперыі выпадкова ці памылкова была зменена форма напісання. Змена формы напісання прывяла да таго, што з’явіліся недакладныя тлумачэнні паходжання назвы. Так, вядомы географ-тапаніміст В. Жучкевіч лічыў, што ў аснове гэтай назвы ляжыць назва старажытнай зброі для нанясення ўдараў — кісцень. Нашы продкі кісцянём называлі кароткую палку, на адным канцы якой падвешваўся металічны шар, а на другім замацоўвалася пятля для надзявання на руку.

Насамрэч у аснову першапачатковай пісьмовай назвы паселішча Касцяневічы пакладзена мужчынскае асабовае імя Касцян (варыянт — Касцень), якое з’яўляецца народнай формай ад кананічнага хрысціянскага імя Канстанцін. Структура назвы сведчыць пра яе патранімічны характар: назва ўказвала на месца пражывання нашчадкаў чалавека па імені Касцян. На тое, што ў гэтым паселішчы жылі прадстаўнікі аднаго роду, указваюць і варыянты Касцяні, Касцяне, вядомыя з XVІІ стагоддзя.

Старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар Капылоў
Старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар Капылоў

Паселішчы, у аснову назвы якіх пакладзена асабовае імя Касцян, даволі часта сустракаюцца на тэрыторыі Беларусі: вёскі Касцянава (Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці), Касцяні (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці, Слонімскі раён Гродзенскай вобласці), Касцяневічы (Вілейскі раён Мінскай вобласці), Касцянёва (Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) і інш.

А вось назва Мадора — адзінкавая ў нашай краіне. Раскопкі археолагаў у ваколіцах вёскі дазволілі выявіць курганны могільнік славянскага племені радзімічаў XІ — XІІ стагоддзяў, што сведчыць пра старажытны характар паселішча. У пісьмовых крыніцах назва з’явілася даволі позна: у XVІІІ стагоддзі як паселішча ў Рэчыцкім ваяводстве Мінскага павета ВКЛ. Назва вёскі мае адгідранімічнае паходжанне — утворана ад назвы воднага аб’екта. Які дакладна водны аб’ект даў найменне вёсцы, вызначыць цяжка: магчыма, аднайменная рака, магчыма, як сцвярджаюць некаторыя мясцовыя краязнаўцы, так называўся ў даўнія часы на гэтым участку Дняпро. Але адназначна можна сцвярджаць, што ў назве беларускай вёскі Мадора прасочваецца сувязь з балцкімі назвамі — у літоўскай тапаніміі з назвай Матара сустракаецца возера і балота. Па сваім паходжанні найменні Мадора, Матара адносяцца да ліку архаічных, яны ўзыходзяць яшчэ да індаеўрапейскай пары: у індаеўрапейскай мове словы з коранем *mad мелі значэнне «вільготны, мокры, забалочаны». Гэтая асаблівасць мясцовасці ў далёкім мінулым і была адзначана ў назве паселішча.

Прозвішча Завішаў паходзіць ад старажытнага родавага празвання — Завіша. Завішы — даўні беларускі шляхецкі род герба «Лебедзь». Пачынальнік роду згадваецца ў 1443 годзе. Завішы займалі розныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім: Юры Завіша (каля 1480 — 1528) быў драгічынскім земскім суддзёй, меў вялікія зямельныя ўладанні; Ян Завіша (каля 1550 — 1626) — ваявода мсціслаўскі і віцебскі; Андрэй Завіша (каля 1557 — 1604) — ваявода менскі і падскарбій земскі ВКЛ; Мікалай Завіша (каля 1585 — 1647) — кашталян віцебскі; Крыштоф Завіша ( каля 1600 — 1670) — маршалак вялікі, кашталян віленскі. Існуе некалькі версій паходжання прозвішча, якія зводзяцца да таго, што яно было ўтворана ад імя-мянушкі, у якой адлюстраваліся асаблівасці характару, паводзін, фізічныя асаблівасці чалавека. Так, паводле адной з версій, мянушка магла быць утворана ад старабеларускага дзеяслова завидети, завидити «зайздросціць», паводле другой версіі — ад польскага слова zawіesc «абмануць». Прыхільнікі трэцяй версіі звязваюць паходжанне прозвішча з беларускім дзеясловам завіхацца «рабіць што-небудзь вельмі старанна, рупліва». Такім чынам, паводле гэтых версій мянушку Завіша мог атрымаць або зайздрослівы, несумленны чалавек, або надзвычай старанны, руплівы чалавек. На нашу думку, усе гэтыя версіі выклікаюць пэўныя сумненні і патрабуюць дадатковага даследавання і ўдакладнення ў генеалагічных легендах шляхецкага роду Завішаў.

Прозвішча Чурвін утварылася ад імя-мянушкі Чурва, якое не мае адпаведніка не толькі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, але і ў народных гаворках. Хутчэй за ўсё, гэтае слова ў аснове прозвішча засталося ад балтаў, якія ў далёкім мінулым засялялі нашы землі. У літоўскай іменаслоўнай сістэме нярэдка сустракаюцца прозвішчы з часткай чур-: Чурлёніс, Чыркеліс, Чурлеліс і інш. Верагодна, што прозвішча сваім паходжаннем звязана з дзеясловам літоўскай мовы чуроце «рухацца» або назоўнікам чура «плакса». Магчыма, такую мянушку далі дзіцяці з прычыны яго надзвычайнай актыўнасці або плаксівасці.