Паселішча Стадо́лічы (Стодо́лічы, Стадо́лішчэ, Stodolicze 1622, студзеня 19), толькі мн., Р. –аў, вёска (у народзе часцей сяло), вядома з 16 снежня 1551 г. як паселішча Убарцкай воласці Мазырскага павета.
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў скарзе шляхціцаў Солтана, Багдана і Івана Сцяцкевічаў на віленскага біскупа князя Паўла Гальшанскага: “…люди его костельные волости Убортское стодоличане и липляне отнимают людем их велавским остров” (1551 г.).
Пра ўзнікненне айконіма Стадолічы ёсць некалькі народных этымалогій. У адной сцвярджаецца, што сяло спачатку мела назву Стодымічы: паселішча належала тураўскаму князю, які накіраваў у яго сваю дружыну, каб збіраць падаткі з кожнага двара, з кожнага дыма. Калі зімовай раніцай людзі князя пад’ехалі да паселішча, то над курнымі хатамі ўгору ўздымалася сто дымоў, адсюль і першая назва – Стодымічы.
У пазнейшы час першая назва трансфармавалася ў Стадолічы. Змена айконіма Стодымічы ў Стадолічы быццам бы адбылася таму, што з цягам часу падаткі ў двор князя пачалі збіраць не ад колькасці дымоў над сялом, а ад долей (збожжа, мёду, мяса, пушніны і інш.), якія меў (атрымліваў) са сваіх уладанняў кожны гаспадар. Зборшчык падаткаў у гэтым паселішчы княжацкаму двару ад сялян сто долей лічыў. Адсюль нібыта – Стадолічы.
Ёсць яшчэ меркаванне, што сяло ўзнікла на месцы былых стадол – вялікіх хлявоў, што размяшчаліся паблізу торнай дарогі з Пінска і Турава на Кіеў.
Апошняя легенда, відаць, блізкая да сапраўднасці, бо на Беларусі ёсць некалькі паселішчаў у Глыбоцкім, Бялыніцкім, Полацкім, Шчучынскім, Ашмянскім і іншых раёнах, назвы якіх (Стадола, Стадолішча, Стадольніца, Стадольнікі, Стадаляны) утвораны, на думку вучоных, ад слова стадола, якое цяпер архаізавалася, а ў старажытнасці мела некалькі значэнняў: пастаялы двор, канюшня, навес, астрог і інш. Такім чынам, айконім Стадолічы ўтвораны ад агульнага назоўніка стадола пры дапамозе фарманта –ычы (–ічы), вядомага ў многіх славянскіх мовах. Ён універсальны і вельмі прадуктыўны: ужываўся ў этнаніміі ўсіх славянскіх моў, калі такія множналікавыя айконімы выкарыстоўваліся як назвы родаплемянных калектываў, патомкаў па імені іх продкаў, месцаў калектыўных пасяленняў, аб’ектаў калектыўнай прыналежнасці і інш.
Параўн.: Клімавічы, Багрымавічы, Раўбічы, Ждановічы, Сялюцічы, Капцэвічы і інш. Асабліва высокая прадуктыўнасць такіх айконімаў на Палессі. Гэтая мадэль вельмі прадуктыўная ва ўтварэнні вясковых пасяленняў і меней – ва ўтварэнні “гарадскіх”: Баранавічы, Калінкавічы, Жыткавічы і інш.
Агульны назоўнік стадола ў розных гаворках Беларусі, як прасачыў І. Яшкін, абазначае: 1. Язычніцкае мольбішча, храм; 2. Хлеў для коней (Чашніцкі раён); хлеў на наездным двары (Крычаўскі раён); павець, халодны будынак (Слаўгарадскі раён) і інш. Мікратапонімы і тапонімы, утвораныя ад апелятыва стадола, вядомы ў самых розных рэгіёнах Беларусі: Стадолак – лес каля вёскі Стары Востраў (Клічаўскі раён), урочышча Стадолішча каля в. Свяцілавічы (Баранавіцкі раён), вёскі Стадолішча, Стадольніца, Стадола, Стадаляны, Застадолле ў Шумілінскім, Гарадоцкім, Талачынскім, Полацкім і іншых раёнах (2, с. 625).
Айконім Стадолічы ў розных варыянтах і спалучэннях замацаваўся ў назвах суседніх паселішчаў: вёска Альховая спачатку (1800 г.) мела назву Стадоліцкая Рудня, у канцы ХІХ ст. блізка ад сяла існаваў фальварак Стадолічы Буйнавіцкай воласці, якім валодаў тытулярны саветнік Мітрафан Болатаў. За 5 км. на паўночны ўсход ад сяла ёсць кормапрадпрыемства “Стадолічы” (1986 г.), ператворанае ў міжгас тае самае назвы, суседняя вёска Пабедная ў 1848 г. мела назву Буда Стадоліцкая (іншыя яе назвы Стары Фальварак, Сіверсаў, Елізавецін).
У дарэвалюцыйныя часы, як сведчаць гістарычныя матэрыялы, недалёка ад сяла Стадолічы існаваў маёнтак Стадолічы. Захавалася карта-план, на якой пазначаны сяльцо і фальварак Стадолічы памешчыцы Ізабэлы Маркварт (1895 г.). Маёнтак на поўначы межаваў з землямі часткі сяла Буйнавіч і хутара Несцераўка (гэта паселішча знікла), на ўсходзе з землямі маёнткаў Валаўск і Кармы (сучасныя вёскі Ельскага раёна), на поўдні з Оўруцкім паветам Валынскай губерні, а таксама з землямі вёскі Сярэдняя Рудня, на захадзе з землямі маёнтка Лельчыцы – уладанне графаў Тышкевічаў. На плане паказаны сяльцо Стадолічы і фальварак Стадолічы: “пры пасялковай дарозе, пры балоце Жэрдзін”, сумежны з вёскай Стадолічы, ён належаў вялікаму князю Андрэю Уладзіміравічу Раманаву.
Апрача названых айконімаў, на плане пазначаны існуючыя ў наш час невялікія вёскі, што некалі ўзніклі на стадоліцкіх землях: Ручное, Заброддзе, Вязавая, Жмурня (сучасная назва Жмурнае), а таксама архаізаваныя мікратапонімы – былыя назвы зніклых хутароў або ўрочышчаў: Ясянёвы, Прыстань, Пенькавата, Балота Курган (сучасная назва Курганскае Балота), Каля Святога Балота, Раінкі, Сошнікі, На Голях (сучасная назва Голя, На Голя), Осіповічы, Каўдоўба, Пуховая Бель, Дзельнае (сучасная назва Перадзельнае), Гурбы, Сухая Парасля, Ізмайлава Балота і інш. У 1916 годзе маёнтак Стадолічы згадваецца ў складзе агульнага маёнтка Буйнавічы і Стадолічы вялікага князя Раманава Андрэя Уладзіміравіча [1, с. 197–198]. Жыхароў вёскі называюць стадалюкі, мужчыну – стадалюк, жанчыну – стадалючка.
Некаторыя адметнасці з гісторыі фальклору, укладу жыцця жыхароў Стадоліч у мінулыя часы засведчаны ў “Хроніцы Убарцкага Палесся” (аўтар-укладальнік А. Антагулаў. – Мінск: Тэхналогія, 2001 – 496 с. далей : ХVП). Так, у “Хроніцы” прыводзяцца фрагменты з нарыса В. М. Маракуева “Палессе і палешукі / з падарожных запісаў)”, які зімой 1874–1875 гг. зрабіў падарожжа па так званым Глухім Палессі і падрабязна апісаў свае ўражанні пра мясцовыя паселішчы, непраходныя балоты, лясы, адметнасці мясцовых жыхароў – стадалюкоў. В. Маракуеў пісаў:
“Найлепшымі пчалярамі на ўсім Мазырскім Палессі лічацца жыхары сяла Стадоліч; яны, апрача таго, паміж сваімі суседзямі праславіліся строгасцю і чысцінёй нораваў; сяло іх – адзінае месца на ўсім Палессі, дзе няма шынка і ліхвяра ці гандляра-жыда. Паблізу ад сяла стаіць яловы гай, таму мёд адрозніваецца асабліва добрым смакам [1, с. 423]. Гэтае выказванне пранікнута павагаю да маіх землякоў, як нам здаецца, яго варта было б засведчыць на самым відным месцы ў сучасных Стадолічах, бо многае, чым станоўча паселішча адрознівалася нават ад сваіх суседзяў, на жаль, страчана, згублена.
Самыя частыя ў Стадолічах прозвішчы Жогла, Шур, Калеснік, Крупнік, Маркевіч, Малец, Белька і інш. Пра гэта, напрыклад, сведчаць матэрыялы кнігі “Памяць. Лельчыцкі раён”, дзе прыводзяцца спісы групы самаабароны, створанай ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, у спісе 15 прозвішчаў Жогла Ціт, Жогла Фёдар, Жогла Васіль, Шур Міхаіл, Шур Стахей, Крупнік Даніла, Крупнік Міхаіл, Маркевіч Яўхім, Калеснік Стратон, Белька Сафрон і інш.
У “Хроніцы Убарцкага Палесся” прыводзяцца найбольш частыя імёны суседняга са Стадолічамі маёнтка Лельчыцы, як мы мяркуем, адрозненні ў імёнах жыхароў Стадоліч і тагачасных Лельчыц будуць нязначныя: “150 мужчын на той перыяд (1847 г.) мелі 72 імені, з якіх найбольш пашыраныя былі Рыгор, Іван, Хведар, далей Аляксандр, Андрэй, Дзмітрый, Кузьма, Пётр, рэдкаўжывальнымі былі Агей, Акула, Амяльян, Гілярый, Карп, Нічыпар, Парфен, Яўмен, Яўстрат; 144 жанчыны мелі 51 імя, з якіх найболей распаўсюджанымі былі Марыя, Аўдоцця (Аўдзюха), Ганна далей – Кацярына, Параска, Прося, Матруна, Агафія, Настаха, Таццяна, Ульяна, сярод рэдкіх сустракаліся імёны Вася, Домна, Марта, Палашка, Паўліна, Сынклета, Тэкля, Хвеся, Хвядора і інш”. [1, с. 169].
Жыхары амаль усіх паселішчаў Убарцкага Палесся да 1794 года былі ўніятамі. Прылучэнне ўсіх уніяцкіх цэркваў да праваслаўя адбылося ў 1794 г. у адпаведнасці з царскім указам, які прадугледжваў “вяртанне да набожнасці жыхароў, продкі якіх, а іншыя самі “спавядалі праваслаўную грэцкую ўсходнюю веру, але потым ліслівасцю і прыгнётам у час польскага ўладыцтва звернуты былі на ўнію з рымлянамі”… Аднак, як сведчаць гістарычныя дакументы, не ўсе ўніяцкія вернікі пажадалі вярнуцца “да набажнасці”. Яшчэ ў 1800 г. цэрквы ў сёлах Буйнавічы і Стадолічы згадваюцца як уніяцкія [1, с. 114].
У наш час Стадолічы – вёска, цэнтр сельскага савета, размешчана за 14 км. на паўднёвы ўсход ад мястэчка Лельчыцы і 60 км. ад чыгуначнай станцыі Ельск. 847 жыхароў (2004 г.). У пачатку ХХ ст. у паселішчы дзейнічала царкоўна-прыходская школа (1908 г.), якая размяшчалася ў наёмнай сялянскай хаце. На ўтрыманне школы ў Стадолічах сельская грамада выдзеліла 70 рублёў. У 1921 г. 247 двароў, 1294 жыхары. Першы калгас “ХV з’езд ВКП(б)Б” быў арганізаваны ў 1929 г. Нямецкія акупанты ў ліпені 1943 г. спалілі вёску і загубілі 72 жыхары. На ўшанаванне памяці 176 жыхароў вёсак Стадолічы, Заброддзе і Ручное, якія загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе, на былых могілках у 1967 г. пастаўлены абеліск. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў ваколіцах паселішча дзейнічаў мясцовы партызанскі атрад (камандзір С. Дз. Шур), які быў часткай Лельчыцкай партызанскай брыгады, а таксама часова дыслацыраваліся ўкраінскія партызанскія злучэнні пад камандаваннем С. Каўпака, А. Сабурава, А. Фёдарава. У асобных атрадах (батальёнах) гэтых партызанскіх фарміраванняў жыхары Лельчыцкага раёна, асабліва вёсак Стадолічы, Буйнавічы і інш., складалі 30–40%. З вясны 1943 года Лельчыцкі раён стаў цэнтрам партызанскага краю, які ахопліваў 14 раёнаў Беларусі і Украіны ў чатырохвугольніку Алеўск – Оўруч –Мазыр – Тураў з насельніцтвам 400 тысяч чалавек. Першая кавалерыйская нямецкая дывізія войск СС прымала ўдзел у ліквідацыі партызанскага руху ў Лельчыцкім раёне, правёўшы карную экспедыцыю “Балотная ліхаманка”(Sumpffieder), знішчыўшы тысячы мірных жыхароў і ўсе паселішчы раёна.
У пасляваенны час Стадолічы – цэнтр калгаса “Шлях Ільіча”. У вёсцы ёсць лясніцтва, сярэдняя школа, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі і ветэрынарны ўчасткі, аддзяленне сувязі, тры магазіны. Планіровачна паселішча складаецца з працяглай, крывалінейнай вуліцы, да якой далучаюцца кароткія вуліцы, частка якіх бессістэмнай забудовы. Недалёка ёсць залежы жалезнякоў і гліны, за 3 км. ад вёскі – лясное возера Смердынь, на поўнач і паўночны ўсход – вялізныя меліяраваныя ў 50-60-я гады ХХ ст. балоты. Пачатак іх асушэння (канец ХІХ ст.) звязаны з дзейнасцю Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот, якую ўзначальваў генерал І. Жылінскі. У 1974 г. у Стадолічах летам працавала лінгвістычная экспедыцыя пад кіраўніцтвам акадэміка М. І. Талстога, у яе складзе былі вядомыя вучоныя, аспіранты, студэнты з Масквы, Ленінграда, Мінска, Жытоміра, Нежына, Мазыра. Унікальныя запісы мясцовага фальклору, запісанага ад жыхароў Стадоліч, змешчаны ў працах – артыкулах, манаграфіях, дакладах – М. І. Талстога, С. М. Талстой, Ю. І. Смірнова, напрыклад, у манаграфіі “Славянский и балканский фольклор”. М. 1981: “Заметки по славянскому язычеству”, “Русский фольклор”, “Поэтика русского фольклора” Л., 1981. і інш.
Літаратура
- Хроніка Убарцкага Палесся / Аўтар-уклад. А.І. Антагулаў; Навук. рэд. В.Л. Насевіч. – Мінск: Тэхналогія, 2001. – 496 с.
- Яшкін, І.Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў: Тапаграфія. Гідралогія / І.Я. Яшкін. – Мінск: Беларуская навука, 2005. – 808 с.
Аўтар: В.В. Шур
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 20—21 кастрычніка 2011 г. / Міністэрства адукацыі Рэспубликі Беларусь, Установа адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна”; [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2011. — С. 265—268. С. 265-269.