Посткалядызм

0
1014

 

Некалькі тыдняў таму ў Гомелі ладзіўся конкурс беларускай каляднай песні “Каляда, калядзіца, добрая маладзіца!” ў філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці. Паміж сабой супернічалі выканаўцы і калектывы розных сярэдніх агульнаадукацыйных школ Гомеля.

Ад святочнага каляднага духу, што панаваў у філіяле, ды ад дзіцячых усмешак сыходзіла хваля пазітыву, аднак напрыканцы конкурсу стала прыкра. Хацелася плакаць і біць у набат: “Людзі, што ж вы робіце з беларускай культурай?”.

Хто адказны за такую сітуацыю? Дакладна не тое маленькае дзяўчо, што выходзіць і зацягвае на конкурсе беларускай (!) песні рускамоўнае “Рождество-о, Рождество-о”, з цяжкасцю нават вымаўляючы літару “р”. І не старэйшая за яе ўдзельніца, якая, ігнаруючы патрабаванні арганізатараў, датычныя аўтэнтычнасці, пяе песняроўскія “Калядачкі, бліны-ладачкі” пад фанаграму “мінус адзін”. Склалася ўражанне, што большасць кіраўнікоў проста пакінулі без увагі патрабаванні: галоўнае, што тэма песень супадае з тэмай конкурсу.

Давялося ў той дзень пачуць меркаванне: “Дзеці тут ні пры чым. Вінаватыя іх кіраўнікі”. Сапраўды, менавіта яны фармуюць праграму сваім выканаўцам. Але ці не абмяжоўвае іх кругагляд эстэтычнае пераасэнсаванне народнай творчасці, якое не першы год пануе на гарадскіх ды нават рэспубліканскіх сцэнах? Там трывала ўсталявалася тая ж безгустоўнасць і суцэльны “посткалядызм”.

Гэта не культуралагічнае даследаванне. Слова “посткалядызм” прыйшло на думку не толькі пасля конкурсу, а ў выніку шматгадовага назірання за сучаснымі інтэрпрэтацыямі народнай творчасці ва ўсёй іх бурлескна-абсурднай і недарэчна-кітчавай праяве. Гэта тое, што чалавек з хоць нейкімі зародкамі густу зможа адрозніць ад сапраўднага мастацтва. Але, зноў жа, калі будзе бачыць навокал і станоўчыя прыклады.

Гэткія прыклады былі і на конкурсе. Узяць хаця б калектыў “Этнашкола  “Традыцыя” (САШ № 30), які, дарэчы, і ўзяў дыплом I ступені. Яго ўдзельнікі – адзіныя, хто паказаў нешта чыстае, сапраўднае і, разам з тым, глядзеўся гарманічна і натуральна.

Каляды, зорка, звязда, Талака, ГомельЗа намаганні адраджаць гэтае сапраўднае хочацца выказаць падзяку і Веткаўскаму музею, і, чаго ўжо там саромецца, сябрам ГМКГА “Талака”. Хацелася б верыць, што гэта не памылкова – прышчапляць традыцыйную народную культуру гораду, які ўсёй сваёй існасцю мусіць ёй супярэчыць, выціскаць яе. Калі-небудзь, мабыць, знойдуцца ахвотнікі паехаць жыць на вёску, каб там адраджаць усё ўшчэнт разбуранае з нуля. А пакуль уцешна назіраць ужо тое, што нават у горадзе аўтэнтыка запатрабаваная, а не кансервуецца ў музейных сценах.

Шкада толькі, што гэта мала каму патрэбна. Здзіўляе не тое, што мы губляем карані, а тое, наколькі мэтанакіравана гэта робім. У сувязі з гэтым хацелася б папярэдзіць яшчэ адну крайнасць: можна ездзіць па вёсках і пераконваць тамтэйшых жыхароў, што Каляды некалі святкаваліся з 25 на 26 снежня, з усёй вышыні свайго навуковага палёту даводзіць ім, што гэта больш правільна, чым у які іншы дзень, але… не варта губляць за гэтым нечага больш сутнаснага, больш важнага. Бо ўсе мы ўжо ўступілі, воляй ці няволяй, у эпоху посткалядызму…

каза, каляды, Гомель, филал Ветковского

Аўтар: Валянціна Міронава

Фатаздымкі: Яўген Якавенка, Ірына Глушэц