Помнікі ранняга жалезнага веку на тэрыторыі Жлобінскага раёна. Раскопкі гарадзішчаў Гарадок, Чырвоная горка

0
349
Помнікі ранняга жалезнага веку на тэрыторыі Жлобінскага раёна. Раскопкі гарадзішчаў Гарадок, Чырвоная горка

Тэрыторыя Жлобінскага раёна размешчана ў лукавіне дзвюх буйных водных транспартных артэрый — р. Днепр і яго прытока Бярэзіны. Менавіта па буйных рэках у старажытнасці адбывалася рассяленне чалавека. Першыя паселішчы чалавека на гэтай тэрыторыі адносяцца да эпохі ранняга мезаліту — IX тыс. да н. э. У эпоху рання­га жалезнага веку (VI-IV стст. да н. э.) сюды прыйшло насельніцтва мілаградскай археалагічнай куль­туры. У адрозненне ад папярэдняга насельніцтва эпохі каменнага і бронзавага вякоў якое пражывала на неўмацаваных паселішчах, мілаградскія плямёны будавалі гарадзішчы — умацаваныя валамі і равамі паселішчы. Як правіла, гарадзішчы, размешчаныя на высокіх карэнных берагах буйных рэк, мацаваліся з палявога, найменш абароненага боку (Чырвоная Гор­ка, Праскурні, Стрэшын). Гарадзішчы, збудаваныя ў цяжкадаступнай забалочанай мясцовасці паблізу невялікіх рэк, умацоўвалі ва­ламі і равамі па ўсім перыметры пляцоўкі (Гарадок, Дабравольшчына).

Археалагічныя раскопкі праводзіліся на гарадзішчах Гарадок, Чырвоная Горка (правы бераг Дняпра).

Гарадзішча каля в. Гарадок (Верхне-Албянскі с/с) знаходзіцца ва ўрочышчы Талерка, сярод поля, у 0,25 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на левым беразе маленькай безназоўнай рэчкі, прытока Бярэзіны. Гарадзішча па перыметры абкружана валам, прасочваюцца рэшткі рова. Помнік выяўлены ў 1977 г. У.П. Ксянзовым. У 1983 г. на гарадзішчы праводзіла раскопкі Н.М. Дубіцкая. Вывучана 16 кв. м. Таўшчыня культурнага пласта да 0,7 м. Знойдзены абломкі керамічнага посуду, частка посуду арнаментавана насечкамі па шыйцы. Гарадзішча пабудавана плямёнамі мілаградскай культуры. Помнік датуецца IV-III стст. да н. э.

Гарадзішча каля пас. Чырвоная Горка (Лукскі с/с) вядома з 1935 г. Яно размешчана ў лесе, на правым карэнным беразе р. Днепр, ва ўрочышчы Гарадок або Круча. Памеры пляцоўкі гарадзішча 66×29 м. З палявога боку гарадзішча ўмацавана валам і ровам. Вышыня вала 2,0-2,5 м, шырыня каля падножжа 15-16 м, шырыня рова 3 м (малюнак 1). У 1958 г. гарадзішча абследаваў K.Д. Побаль, у 1978 г. — Н.М. Дубіцкая. У 1994 г. гарадзішча абследаваў А. I. Драбушэўскі, быў закладзены шурф 2 кв. м, таўшчыня пласта ў шурфе складала 0,5-0,8 м. Выяўлены абломкі гаршкоў мілаградскага тыпу, у тым ліку ca штрыхоўкай. У 2002 г. Н. М. Дубіцкая ў цэнтры пляцоўкі гарадзішча заклала шурф 4 кв. м; сабрана кера­міка ранняга жалезнага веку, у тым ліку абломкі мілаградскіх сасудаў з жамчужным і ямачным арнаментам. Частка абломкаў посу­ду пакрыта штрыхоўкай. У 2004, 2006, 2007, 2011 гг. вывучэнне га­радзішча было працягнута. У правядзенні раскопак бралі ўдзел вучні сярэдніх школ г. Жлобіна (кіраўнік С.П. Паграбецкі). Усяго вывучана 60 кв. м. Таўшчыня культурнага пласта 0,4-0,6 м, бліжэй да вала да 0,8 м (у дадзеным артыкуле матэрыялы 2011 г. не разглядаюцца).

Малюнак 1 — План гарадзішча Чырвоная Горка Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці
Малюнак 1 — План гарадзішча Чырвоная Горка Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці

Культурны пласт гарадзішча змяшчае абломкі ляпнога керамічнага посуду (малюнкі 2: 5-6; 3), гліняныя грузікі (малюнак 2: 7), косткі і зубы жывёл, адзінкавыя кавалкі жужлы. Самы ранні посуд адносіцца да эпохі бронзы. Такі посуд прадстаўлены некалькімі абломкамі. Пераважае посуд, які адносіцца да мілаградскай археалагічнай культуры. Ён прадстаўлены гаршкамі розных памераў: ад мініяцюрных да буйных кухонных гаршкоў. Мініяцюрныя пасудзіны даволі характэрныя для мілаградскага керамічнага комплексу. Аднак асаблівасцю пасудзін з гарадзішча Чырвоная Горка з’яўляецца іх выключная мініяцюрнасць, у прыватнасці дыяметр верхняй часткі сасудзікаў складае 2-3 см (малюнак 2: 1-4). Прызначэнне такіх сасудаў вызначыць складана.

Малюнак 2 — Гарадзішча Чырвоная Горка Жлобінскага раёна.
Малюнак 2 — Гарадзішча Чырвоная Горка Жлобінскага раёна.
Знаходкі з раскопаў 1-4 — мініяцюрныя пасудзіны; 5-6 — керамічны посуд; 7 — гліняны грузік

Частка посуду арнаментавана. Часцей за ўсё арнамент наносіўся па шыйцы або ніжэй края венца. Вызначаны наступныя тыпы арнаменту: жамчужны (малюнак 3: 1-2), скразныя адтуліны, ямачны, тычковы, насечкі. У невялікай колькасці прысутнічаюць абломкі постзарубінецкіх гаршкоў некаторыя з іх арнаментаваны (малюнак 2: 5). Зонай нанясення арнаменту з’яўляўся край венца (насечкі, пальцавыя ўцісканні). Частка посуду ранняга жалезнага веку па­крыта штрыхоўкай (малюнак 2: 5-6).

Малюнак 3 — Гарадзішча Чырвоная Горка Жлобінскага раёна.
Малюнак 3 — Гарадзішча Чырвоная Горка Жлобінскага раёна.
Керамічны посуд з раскопаў

Атрыманы археалагічны матэрыял сведчыць, што гарадзі­шча каля в. Чырвоная Горка было пабудавана насельніцтвам міла­градскай культуры ў VI-IV стст. да н. э. на месцы паселішча эпохі бронзы. На раннюю дату (VI-IV стст. да н. э.) паказваюць, перш за ўсё, знаходкі керамікі з жамчужным арнаментам. Да вывучэння гарадзішча Чырвоная Горка самым паўночным помнікам на Усходнім Палессі, што змяшчае раннія матэрыялы і адносіцца да кола класічных мілаградскіх помнікаў тыпу Мілаград — Гарошкаў было гарадзішча Адрубы, якое знаходзіцца ў 20 км вышэй упадзення Бярэзіны ў Днепр. Гарадзішча Чырвоная Горка размешчана ў 60 км на паўночны ўсход ад гарадзішча Адрубы, тым самым мяжа распаўсюджвання раннемілаградскіх помнікаў значна адсоўваецца на поўнач.

Своеасаблівасць матэрыяльнай культуры насельніцтва гара­дзішча Чырвоная Горка сфарміравалася пад моцным і пастаяным уплывам суседніх плямёнаў (культуры штрыхаванай керамікі, юхнаўскай). Гэта знайшло сваё адлюстраванне, у прыватнасці, у тым, што колькасць посуду, пакрытага штрыхоўкай, значна большая, чым на паўднёвых падняпроўскіх помніках, і набліжаецца да такой, як на помніках басейна сярэдняй Бярэзіны (Пятровічы, Шчаткава). На гарадзішчы Чырвоная Горка значна часцей, чым на болып паўднёвых помніках, сустракаюцца формы пасудзін і тыпы арнаментаў (тычковы арнамент), характэрныя для керамічных комплексаў су­седніх культур.

Аўтар: Н.М. Дубіцкая
Крыніца: Шацілкаўскія чытанні : Зборнік навуковых артыкулаў / Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей ; уклад. Т. В. Маслюкоў — Выпуск 2. — Светлагорск, 2011. — 112 с., іл. Бібліяграф. у канцы артыкулаў. Рэз. на англ., руск. мовах. Імянны і геаграфічны паказальнікі. Ст. 4-9.