Помнікі гісторыі i культуры ў культурнай прасторы Гомельскага раёна ў канцы XX — пачатку XXI ст.

0
1444
Помнікі гісторыі i культуры ў культурнай прасторы Гомельскага раёна ў канцы XX — пачатку XXI ст. Мікалаеўская царква ў в. Старая Беліца

Далучэнне да культурных набыткаў этнасу немагчыма без адпаведнай культурнай прасторы, у межах якой адбываецца фарміраванне і выхаванне асобы чалавека, развіццё яго грамадзянскіх і патрыятычных якасцей. Немалаважнае значэнне ў культурным развіцці жыхароў сельскіх населеных пунктаў, а таксама ў фарміраванні поліфункцыянальнага культурнага асяроддзя ў сельскай мясцовасці адыгрываюць помнікі гісторыі і культуры.

Пад помнікамі гісторыі і культуры сёння разумеюць збудаванні, памятныя мясціны і прадметы, звязаныя з гістарычнымі падзеямі ў жыцці народа, развіццём грамадства і дзяржавы, творамі матэрыяльнай і духоўнай творчасці, якія ўяўляюць гістарычную, навуковую, мастацкую і культурную каштоўнасць. Вывучэнне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны адпаведнага рэгіёну дазваляе ахарактарызаваць ступень развіцця мастацтва і з’яўляецца істотным фактарам выхавання насельніцтва і культурнага станаўлення асобы, паказчыкам сфарміраванасці культурнай прасторы ў той ці іншай мясцовасці.

Мэтай работы з’яўляецца характарыстыка месца і ролі помнікаў гісторыі і культуры ў культурнай прасторы сельскіх населеных пунктаў Гомельскага раёна ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. Навуковая значнасць даследавання звязана са стварэннем агульнай карціны існавання помнікаў гісторыі і культуры, іх месца ў культуры сельскага насельніцтва Гомельскага раёна. Навізна даследавання абумоўлена ўключэннем у навуковы зварот арыгінальных краязнаўчых матэрыялаў і матэрыялаў палявога этналагічнага даследавання ў населеных пунктах Гомельскага раёна.

Для дасягнення пастаўленай мэты ставіліся задачы сістэматызацыі дадзеных аб помніках гісторыі і культуры ў Гомельскім раёне ў канцы XX — пачатку XXI ст., разгляду іх значнасці ў культурным жыцці населеных пунктаў, выяўлення адносін мясцовага насельніцтва да помніка як носьбіта гісторыка-краязнаўчай і этнакультурнай інфармацыі.

Гомельскі раён прыцягвае ўвагу не толькі сваім багатым мінулым, але і ўнікальнымі помнікамі гісторыі і культуры, якія захаваліся да сённяшніх дзён у сельскіх населеных пунктах. На тэрыторыі Гомельскага раёна сёння знаходзіцца 176 помнікаў гісторыі і культуры мясцовага і рэспубліканскага значэння, сярод якіх — 99 помнікаў археалогіі, 9 — архітэктуры і садова-паркавага мастацтва, 66 — звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і знакамітымі землякамі, 2 — помнікі манументальнага мастацтва [1].

Унікальны помнік драўлянага дойлідства XVIII ст. — Мікалаеўская царква ў в. Старая Беліца, — з’яўляецца яскравым прыкладам помнікаў архітэктуры з элементамі барока. Сваёй класічнай архітэктурай вылучаецца Свята-Кацярынінская царква ў в. Гадзічава, пабудаваная ў пачатку XIX ст. па ініцыятыве графа М.П. Румянцава па праекце архітэктара Дж. Кларка. На сродкі мясцовых жыхароў ў XIX ст. была пабудавана Успенская царква — помнік архітэктуры неарускага стылю. Помнікам драўлянага дойлідства XIX ст. з’яўляецца царква Раства Багародзіцы, пабудаваная на сродкі мясцовага заможнага селяніна в. Глыбоцкае. Сярод архітэктурных помнікаў Гомельскага раёна вылучаецца таксама сядзібны дом з паркам у в. Каранёўка, пабудаваны на сродкі князя Паскевіча [2, с. 20].

Гомельскі раён з’яўляецца месцам высокай канцэнтрацыі і помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Аналіз краязнаўчых матэрыялаў дазваляе гаварыць аб большай распаўсюджанасці на тэрыторыі раёна стэл і абеліскаў у памяць аб ваенных часах сярод іх вылучаюцца жалезабетонныя і гранітныя пілоны, металічныя тумбы, дошкі і мемарыяльныя сцены з імёнамі воінаў і загінулых землякоў. Сваю манументальную завершанасць маюць помнікі, якія прадастаўлены шматфігурнымі кампазіцыямі, скульптурнымі і рэльефнымі элементамі. Напрыклад, у в. Бабовічы помнік землякам уяўляе сабой гарэльефную выяву воіна і пліту з імёнамі загінулых; у в. Міхалькі на ўшанаванне памяці землякоў-падпольшчыкаў устаноўлены помнік — на круглым стылабаце пілон са скульптурнымі выявамі юнака і дзяўчыны і вянком у завяршэнні; у в. Пакалюбічы знаходзіцца скульптурная кампазіцыя: воін і жанчына, а таксама пліта з імёнамі загінулых і г.д. [3, с. 134-144].

Як паказваюць матэрыялы палявога этналагічнага даследавання ў Гомельскім раёне, помнікі гісторыі і культуры адыгрываюць надзвычай важную ролю ў культурным жыцці сельскіх населеных пунктаў, яны з’яўляюцца важным сродкам выхавання мясцовага насельніцтва. Так, як паведамілі рэспандэнты, помнікі гісторыі і культуры — “гэта наша гісторыя, мы павінны яе берагчы, ахоўваць і вывучаць; помнікі дапамагаюць нам даведвацца аб мінулым вёскі” (Гузава В.М., 1974 г.н., в. Раманавічы), “кожны помнік не церпіць раўнадушша, яго важна захаваць, яго лёс у руках кожнага жыхара населенага пункта” (Віцікава В.Р., 1955 г.н., в. Церуха).

Уключэнне помнікаў гісторыі і культуры ў культурную прастору сельскіх населеных пунктаў залежыць ад таго, наколькі мясцовае насельніцтва ведае аб існаванні ў іх вёсцы таго ці іншага аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны. Большасць жыхароў Гомельскага раёна, як паказалі матэрыялы праведзенага палявога даследавання, ведаюць аб тым, што ў іх населеленых пунктах існуюць помнікі гісторыі і культуры. Пры гэтым найбольшая перавага аддавалася помнікам, звязаным з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, мала ведаюць жыхары раёна аб існуючых у іх вёсках помніках археалогіі. Як сведчаць матэрыялы даследавання, абсалютная большасць рэспандэнтаў ведае аб тым, хто з’яўляецца ўласнікам або трымальнікам аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны: у большасці выпадкаў — гэта сельскія выканаўчыя камітэты (адказваюць за помнікі археалогіі і помнікі, звязаныя з ваеннымі падзеямі) і прыходы праваслаўных храмаў (помнікі культавага дойлідства).

Важная роля ва ўключэнні помнікаў гісторыі і культуры ў культурную прастору сельскіх населеных пунктаў Гомельскага раёна належыць масавым і грамадска значным мерапрыемствам. Правядзенне на тэрыторыі помнікаў тых ці іншых акцый і святаў дазваляе не толькі выконваць пэўную рэкрэацыйную і ідэалагічную функцыі, але і садзейнічае замацаванню ў мясцовага насельніцтва трывалых ведаў аб помніках гісторыі і культуры, уздзейнічае на эмацыйную сферу сельскіх жыхароў, што ў выніку дазваляе разглядаць помнікі як паўнацэнны аб’ект культурнага жыцця сельскіх населеных пунктаў Гомельскага раёна.

У большасці населеных пунктаў Гомельскага раёна, як адзначылі рэспандэнты, помнікі гісторыі і культуры выступаюць своеасаблівай пляцоўкай для правядзення масавых і грамадска значных мерапрыемстваў. Пры гэтым перавага была аддадзена менавіта помнікам, звязаным з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, каля якіх у Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень вызвалення Гомельшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праводзяцца жалобныя мітынгі, літмантажы з абавязковым ускладаннем кветак і вянкоў.

Сваю гістарычную функцыю выконваюць і помнікі культавай архітэктуры XVII-XIX стст. — праваслаўныя храмы ў вёсках Старая Беліца, Гадзічава, Глыбоцкае, Чарацянка і Галавінцы, у якіх і сёння працягваюцца набажэнствы, урачыстыя святкаванні з нагоды царкоўных святаў і падзей.

Працягваецца таксама традыцыя правядзення каля помнікаў гісторыі і культуры разнастайных забаўляльных мерапрыемстваў. Так, ужо традыцыйна праходзяць вясельныя фотасесіі на маляўнічай тэрыторыі Паляўнічага доміка Паскевічаў XIX ст. у в. Каранёўка, гульнёва-забаўляльная пляцоўка “Сядзіба Гомельскага Дзеда Мароза” разгортваецца тут у навагоднія і калядныя святы. На тэрыторыі сядзібнага парка XIX ст. у в. Грабаўка праходзяць літаратурныя сустрэчы з пісьменнікам-земляком, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхасём Башлаковым. Традыцыйныя асвячэнні вады і паломніцтвы з нагоды царкоўнага свята памяці Святой Варвары праходзяць і каля помніка “Варварынская крыніца” ў в. Маркавічы.

Немалаважнае значэнне для ўключэння помнікаў гісторыі і культуры ў культурную прастору адпаведнага населенага пункта на сучасным этапе адыгрываюць турыстычныя экскурсіі і магчымасці сучасных рэкламных сродкаў. Што да Гомельскага раёна, то тут распаўсюджаны аматарскія падарожжы і экскурсіі да помнікаў гісторыі і культуры, пры гэтым найбольшая перавага аддаецца знаёмству з помнікамі архітэктуры і садова-паркавага мастацтва. Уключэнню ў культурную і турыстычную прастору помнікаў гісторыі і культуры садзейнічала рэалізацыя на базе ўстаноў адукацыі раёна ў 2010-2012 гг. інавацыйнага праекта Міністерства адукацыі Рэспублікі Беларусь, па выніках якога былі добраўпарадкаваны аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, распрацаваны турыстычныя маршруты па найбольш цікавых помніках Гомельскага раёна, быў наладжаны выраб вучнямі сувенірнай прадукцыі з помнікамі гісторыі і культуры. Фарміраванню ведаў аб помніках гісторыі і культуры свайго краю садзейнічаюць і перыядычныя публікацыі на старонках раённай газеты “Маяк”, размяшчэнне інфармацыі на старонках афіцыйных вэб-сайтаў, парталах турыстычных арганізацый і г.д.

Рэдкай з’явай стала стварэнне і адкрыццё новых помнікаў. Толькі адзін помнік, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, быў створаны ў в. Чонкі ў 1990-я гг. Рашэнне аб гэтым было прынята Гомельскім райвыканкамам, на яго падставе быў заключаны праект стварэння шматфігурнай скульптурнай кампазіцыі і рэканструкцыі існуючага помніка [4, с. 2]. Актыўную ролю ў стварэнні новых помнікаў гісторыі і культуры на сучасным этапе сталі адыгрываць прыватныя асобы і грамадскія аб’яднанні. Так, у 2009 г. у в. Пакалюбічы намаганнямі літаратараў Гомельшчыны і грамадскасці была адкрыта памятная дошка на доме, дзе жыў пісьменнік Іван Сяркоў. У 2012 г. у в. Прыбыткі на будынку Прыбыткаўскага сельскага выканаўчага камітэта была адкрыта памятная дошка ў гонар земляка, дзяржаўнага дзеяча Кірыла Мазурава. Ініцыятыва стварэння дошкі належала савету старэйшын Гомельскага раёна [5].

Такім чынам, вывучэнне помнікаў гісторыі і культуры дазваляе сцвярджаць, што яны выступаюць важным элементам культурнага жыцця сельскіх населеных пунктаў Гомельскага раёна на сучасным этапе. Ідэалагічныя, эстэтычныя, рэкрэацыйныя і іншыя функцыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны даюць падставы для сцвярджэння ролі і месца помнікаў гісторыі і культуры як аднаго з важных сродкаў выхавання мясцовага насельніцтва, а таксама як неад’емнага кампанента ў фарміраванні сучаснай культурнай прасторы ў сельскіх населеных пунктах Гомельскага раёна.

Літаратура

  1. Бягучы архіў Гомельскай РЦБС. Спіс помнікаў гісторыі і культуры, размешчаных на тэрыторыі Гомельскага раёна. — 2010. — 7 с.
  2. Гомельский район. 85 лет. — Гомель: ФилТВ, 2011. — 24 с.
  3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелСЭ, 1985. — 383 с., іл.
  4. Сямёнаў, А. Будзе новы помнік / А. Сямёнаў // Маяк. Орган Гомельскага райкома КП Беларусі і раённага Савета народных дэпутатаў. — 1991. — 30 сакав. (№ 37). — С. 2.
  5. Громыко, И. Памяти земляка Кирилла Мазурова / И. Громыко // Интернет­приложение Гомельской районной газеты “Маяк” [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://www.sozhnews.info/comuna/3151-pamvati-zemlyaka-kirilla-html. — Дата доступу: 12.01.2013.

Аўтар: У.М. Александронец
Крыніца: Мозырщина: люди, события, время: материалы Междунар. науч.-практ. конф., Мозырь, 23-24 мая 2014 г. / УО МГПУ им. И. П. Шамякина; редкол.: Т. Н. Сыманович (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь, 2014. — 295 с. С. 5-9.