Помнік Леніну на Касцюкоўскім шклозаводзе, яго аўтары ды іх лёс

0
436
Помнік Леніну ў Касцюкоўцы пад Гомлем

Адной з цікавых старонак з гісторыі Касцюкоўкі з’яўляецца час стварэння першага ў БССР механізаванага шклозавода і станаўлення вакол яго рабочага пасёлка. Каля прамысловага гіганта хутка паўставалі дамы для працоўных завода. А прыгажосць месцу надавала яго добраўпарадкаванасць.

Між тым трэба адзначыць, што гістарычныя веды могуць складацца і з драбінак інфармацыі. Таму варта захоўваць кожны такі факт, які дае новыя дадзеныя па гісторыі Касцюкоўкі.

Думаю, што старэйшае пакаленне касцюкоўцаў ведае, а некаторыя старажылы і бачылі, што да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтры пасёлка стаяў помнік Уладзіміру Іллічу Леніну. Але ж на пытанні, хто яго аўтар і калі ён быў усталяваны, мала хто адкажа.

Не так даўно Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь на сваім сайце адкрыла доступ да міжваеннага архіва рэспубліканскіх газет. Аналізуючы іх, знаходзяцца вельмі цікавыя факты, з гісторыі Гомеля, у тым ліку і р. п. Касцюкоўка.

Так, у газеце “Звязда” ад 2 красавіка 1935 года на апошняй старонцы была размешчана інфармацыя карэспандэнтаў БЕЛТА аб Касцюкоўцы. Прывядзем яе цалкам (арфаграфія захавана):

Помнік Леніну на Касцюкоўскім шклозаводзе

На Касцюкоўскім шклозаводзе імя Сталіна да першамайскіх свят устанаўляецца помнік В.І. Леніну. Вышыня помніка – фігура з пастаментам 5 метраў. Помнік зроблен скульптарамі Грубе і Бразерам.

Такім чынам, зусім невялічкая нататка дае нам вялікую інфармацыю па гісторыі рабочага пасёлка. Можна ўпэўнена казаць, што галоўны помнік у Касцюкоўцы ўсталявалі да першамайскіх свят у 1935 годзе. Выканалі яго вядомыя скульптары – заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР Аляксандр Васільевіч Грубэ і Абрам Маркавіч Бразер.

Нажаль, захавалася ўсяго некалькі фотаздымкаў гэтага помніка, але ж і па ім мы можам казаць як ён выглядаў. Хутчэй за ўсё, правадыр сусветнага пралетарыяту быў выкананы з бронзы. Размяшчаўся ён у скверы каля дома па вуліцы Кастрычніцкая, 13. Помнік стаяў на пастаменце, паглядаючы на шклозавод імя Сталіна. Рукі былі апушчаны: левая – у кішэні, правая – трымала кепку. На пастаменце быў надпіс “В. И. Ленин”. Вакол помніка стаяў драўляны плот. Трэба адзначыць, што агульная велічыня кампазіцыі, аналізуючы фотаздымкі, была больш пяці метраў, як першапачаткова напісалі ў газеце.

Жыццё помніка аказалася кароткім. Падчас нямецкай акупацыі ён яшчэ трохі прастаяў, а потым быў знесены. Пры якіх абставінах – невядома. Трагічным аказаўся лёс аднаго з скульптараў. Абрам Маркавіч Бразер разам з сям’ёй у сакавіку 1942 года быў растраляны ў мінскім гета. Аляксандр Васільевіч Грубэ пражыў 86 гадоў і памёр у 1980 годзе ў Маскве.

Вось так нататка у газеце 1935 года дазволіла адкрыць новыя факты з гісторыі месца не толькі гісторыкам і мастацтвазнаўцам, але ж і ўсім жахарам Касцюкоўкі.

Аўтар: Юрый Панкоў
Крыніца: газета “Гомельский стекловар”, №19 ад 5 лістапада 2019 г.