“Подых навальніцы”: польскія бежанцы на Гомельшчыне восенню 1939 г.

0
1202
польскія бежанцы на Гомельшчыне ў 1939 г.

17 верасня 1939 г. СССР уступіў у ІІ-ю сусветную вайну. Фармальнай падставай для гэтага сталі клопаты аб тым, каб “адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы”, кінутыя на волю лесу, не аказаліся безабароннымі. Хаця дзеянні СССР і былі матываваны высакароднай мэтай, яны былі парушэннем міжнароднага права i пагадненняў, падпісаных урадамі СССР і Польшчы, Рыжскага дагавора 1921 г. i дагавора аб ненападзенні 1932 г., а таксама канвенцыі аб вызначэнні агрэсара, якая прызнавала ў якасці такога дзяржаву, узброеньм сілы якой хаця б i без аб’яўлення вайны ўварвуцца на тэрыторьпо другой дзяржавы.

18 верасня было апублікавана савецка-германскае камюніке, у якім гаварылася, што дзеянні дзьвюх дзяржаў не супярэчаць “духу i літары пакта аб ненападзенні” i што ix задача складаецца ў тым, каб аднавіць у Польшчы парадак і спакой…і дапамагці насельніцтву…перабудаваць умовы свайго дзяржаўнага існавання” [1, с. 317-318]. Гэта азначала, што Германія i СССР абавязаліся супрацоўнічаць у рашэнні “польскага пытання”. Іншымі словамі, на самым пачатку 11-й сусветнай вайны Германія i СССР з’яўляліся саюзнікамі ў сумесных агрэсіўных дзеяннях супраць сувярэннай польскай дзяржавы. 28 верасня 1939 г. СССР і Германія заключылі паміж сабой дагавор “Аб сяброўстве і граніцы”, які быў абуральным парушэннем важнейших прынцыпаў знешняй палітыкі, і які выклікаў рэзкае асуджэнне з боку сусветнай грамадскасці яго ўдзельнікаў як агрэсараў. У недалёкім будучым, рэалізуючы на практыцы свае агрэсіўныя, экспансіянісцкія планы ў адносінах да прыбалтыйскіх рэспублік і Фінляндыі, СССР апіраўся на маўклівую падтрымку з боку Г ерманіі.

Аднак, 22 чэрвеня 1941 г., у сувязі з нападам Германіі на СССР сітуацыя карэнным чынам змянілася. СССР ператварыўся з агрэсара ў ахвяру захопніцкай палітыкі свайго нядаўняга партнёра. Нясправядлівая спачатку вайна ператвараецца ў вайну справядлівую, за свабоду і незалежнасць народаў СССР, за само іх існаванне.

Вядома ж, савецкія людзі не вельмі разбіраліся ў хітраспляценнях тагачаснай міжнароднай палітыкі. Знаходзячыся пад уплывам камуністычнай прапаганды, яны цалкам верылі камуністычнай партыі і савецкаму ўраду. А тыя хто не верыў, лічылі за лепшае маўчаць, бо, як вядома, сумнявацца ў правільнасці знешнепалітычнага курса СССР, як і многага іншага, бьшо небяспечна для жыцця.

Насельніцтва Савецкай Беларусі сустрэла звесткі аб пачатку пахода за вызваленне Заходняй Беларусі i Заходняй Украіны з вялікім натхненнем. Частка беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі таксама вітала Чырвоную Армію, звязваючы з яе дзеяннямі спадзяванні на вызваленне ад нацыянальнага прыгнёту. Адносіны польскага насельніцтва бьші варожымі і ў гэтага былі свае вельмі сур’ёзныя прычыны. Па-першае, на працягу многіх пакаленняў польскі народ вёў барацьбу супраць расійскага панавання i прынёс на алтар перамогі шмат ахвяр. Па-другое, новы падзел Польшчы яе бьшымі занявольнікамі канчаткова пераконваў палякаў у справядлівасці польска-германскай і польска-расійскай варожасці.

Аднак, усё ж такі, у шэрагу выпадкаў, калі польскія ваенныя траплялі ў сітуацыю выбара і мусілі вырашаць, перад якім з ворагаў складаць зброю, яны выбіралі Чырвоную Армію. Напрыклад, камандуючы абаронай абложанага немцамі Львова генерал Лянгнер палічыў за лепшае здаць яго савецкаму камандаванню. Ён заявіў: “Яны, германцы, ворагі ўсяго славянскага, а вы — славяне” [1; 318]. Між тым, савецкае камандаванне i не думала выконваць умовы капітуляцыі — яно не дазволіла польскім падраздзяленням свабодны пераход праз тэрыторыю, занятую савецкімі войскамі, у бок Венгрыі i Румыніі. Пасля выхада з Львова салдаты і афіцэры Львоўскага гарнізона былі адпраўлены ў лагеры для ваеннапалонных.

Такім чынам, практыка вайны пацвярджала найгоршыя чаканні палякаў. Уступіўшы першымі ў бойку з германскім фашызмам, яны не атрымалі з боку суседніх усходнеславянскіх народаў ні спачування, ні падтрымкі. Нават наадварот — ваеннае паражэнне Польшчы і крах польскай дзяржавы успрымаліся на ўсходзе з радасцю і натхненнем, як гістарычна перадвырашанае пакаранне палякаў за вялікадзяржаўны шавінізм, прыцясненне нацыянальных меншасцей і пагарду да іх.

Ад часу савецка-польскай вайны 1920 г. і Рыжскага міра 1921 г. у Савецкай Беларусі ствараўся вобраз Польшчы — заклятага ворага савецкай ўлады, атручанага ксенафобіяй польскага народа. Што ж тычыцца беларусаў “крэсаў усходніх”, то у іх і без савецкай прапаганды былі ўсе магчымасці для таго, каб пераканацца, што дзеянні палякаў мелі, безумоўна, антыбеларускі характар. “Гаспадары крэсаў” не ставілі перад сабой задачы паважаць і абараняць правы карэннага насельніцтва і, больш таго, свядома парушалі іх на кожным кроку.

У выніку, у сярэдзіне верасня 1939 г., у гэты цяжкі для Польшчы i польскага народа час, на “крэсах” распачалася барацьба з польскім элементам. Мясцовыя беларусы зводзілі з ім крывавыя рахункі. Найперш усяго гэта тычылася польскіх землеўладальнікаў, дзяржаўных служачых, паліцэйскіх і ваенных.

У той жа час насельніцтва Савецкай Беларусі, у тым ліку i Гомельшчыны, знаходзілася як бы ў баку, у ролі балельшчыкаў i назіральнікаў ваеннай акцыі, накіраванай на ўз’яднанне беларускіх зямель пад эгідай БССР і на пакаранне палякаў. У тым што яны даўно заслужылі гэтае пакаранне амаль ніхто не сумняваўся — намаганні бальшавіцкай прапаганды па стварэнню вобраза ворага, сэнсам існавання якога нібыта бьшо знішчэнне СССР i савецкай улады дасяглі сваёй мэты. Акрамя таго, следчыя НКУС, калі больш актыўна (як, напрыклад, у 1933 г.), калі менш, выкрывалі дыверсійную дзейнасць польскай разведкі, якую ажыццяўлялі яе агенты — этнічныя палякі [2; 3]. Потым матэрыялы следстваў — часцей усяго выбітыя з арыштаваных самаабгаворы ці паклёпы на іншых — траплялі на старонкі друку i пацвярджалі тым самым найгоршыя чаканні савецкіх грамадзян у адносінах да Польшчы і палякаў.

Між іншым, дзеля аб’ектыўнасці трэба адзначыць, што палякі сапраўды не былі лаяльным да савецкай улады элементам. Нават былыя польскія разведчыкі, у прыватнасці — маёр Уладзімеж Дамброўскі, прызнаюць, што ў 1925-1929 гг. па загаду шэфа аддзела разведкі (2-гі аддзел Генеральнага штаба Войска Польскага), якому падпарадкоўваліся дыверсійныя ячэйкі ў шмат якіх гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Гомелі, ствараліся такія ячэйкі і апіраліся яны ў сваёй дзейнасці выключна на польскі элемент. Дамброўскі сведчыць таксама, што большасць камандзіраў такіх ячэяк прайшло ў Польшчы дыверсійную падрыхтоўку [4, s. 112].

З 1929 г. па сярэдзіну 30-х гадоў па шэрагу прычын польская разведка вымушана была супыніць сваю актыўнасць на ўсходзе і якраз у гэты час польскі элемент тут трапіў пад жорсткі прэс савецкай контрразведкі. Многія палякі, як можна высветліць з матэрыялаў Архіва ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, адмаўляліся ад уласнай нацыянальнай прыналежнасці, запісваліся беларусамі, добра разумеючы, што дакументальнае засведчанне польскага паходжання нічога іншага, акрамя клопатаў і рызыкі для жыцця не дае [5; 6; 7].

Адным словам, ў Беларусі ў цэлым і на Гомельшчыне ў прыватнасці складвалася такая сітуацыя, што этнічныя палякі не лічылі магчымым для сябе шукаць тут ратунку ад гітлераўцаў, баючыся трапіць “з агня ды ў полымя”. Яны знаходзіліся пад эмацыянальным уздзеяннем тых самасудаў, забойстваў і рабункаў, якія адбываліся ў верасні 1939 г. у момант уваходу падраздзяленняў Чырвонай Арміі на “крэсы”. Часцей усяго гэтыя злачынствы здзяйсняліся рукамі мясцовых беларусаў, якія стыхійна аб’ядноўваліся ў партызанскія атрады. Аднак жа, савецкія ваенныя ўлады не вельмі імкнуліся іх стрымліваць. Да таго ж і самі ваеннаслужачыя, здаралася, учынялі злачынствы і нярэдкімі былі выпадкі, калі справы даходзілі да суда і нават выносіліся суровыя прысуды. Усё ж такі, нагледзячы на жаданне савецкай улады здавацца справядлівай, само яе з’яўленне на “крэсах” узбуджала сярод большасці палякаў пачуццё крыўды і настрой адпомсты. Людзі, якія знаходзіліся ў такім псіхічным стане, не маглі, ды й проста не жадалі звязваць з СССР спадзяванні на паратунак.

Але ж гэта не датычылася грамадзян Польшчы яўрэйскага паходжання. Яўрэі складалі большасць бежанцаў, якія аказаліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў час ваенных дзеянняў Германіі супраць Польшчы. Звязана гэта было з тым, па-першае, што яўрэі займаліся не сельскай гаспадаркай, а, галоўным чынам, рамяством і гандлем, і таму лёгка ставіліся на шлях бежанства. Па-другое, брутальнасць нямецкіх войскаў прыспяшала іх хутка, не вагаючыся, прымаць рашэнне аб ратаванні на усходзе. Між тым, не будзе лішнім сказаць, што потым, калі бежанцы пераканаліся, што сітуацыя тут не з’яўлялася настолькі добрай як ім бы таго хацелася, пачаліся разважанні аб вяртанні пад нямецкую акупацьпо.

Пры прыходзе Чырвонай Арміі і НКУС у Заходнюю Беларусь улады сталі перад важнай праблемай, што з гэтымі бежанцамі рабіць. Яны, па прычыне сваёй кваліфікацыі (i не толькі), не вельмі імкнуліся да працы ў калгасах і саўгасах. Вялікую групу яўрэйскіх бежанцаў складалі людзі, якія прыналежалі да інтэлектуальных эліт. Бежанцы канцэнтраваліся ў вялікіх гарадах (напрыклад, у Беластоку іх было зарэгістравана 56687 чалавек), у якіх і так пралетарыят жыў у вялікай нястачы, і таму быў скупы на спачуванне і дабрачыннасць.

Беспрацоў’е вымушала бежанцаў займацца незаконнай дзейнасцю — спекуляциям, жабрацтвам, кантрабандным гандлем золатам і валютай. Акрамя таго, прыбыццё бежанцаў мела негатыўны ўплыў і на без таго фатальны (яшчэ да гэтага) санітарны стан памяшканняў, якія яны займалі. Гэты стан пагражаў выбухам эпідэміі. Нельга таксама забываць, што новыя ўлады мелі вялікія падазрэнні наконт эвентуальнага шпіянажу з боку бежанцаў і нават падрыхтоўкі імі дыверсій. Ніхто не быў у стане зверыць даныя, якія падавалі бежанцы, часта імкнучыся ўкрыць сваё сапраўднае прозвішча, статус і род заняткаў. Сярод бежанцаў былі і сапраўдныя шпіёны. Было таксама шмат людзей, якія наракалі на свой стан, дэмаралізуючы тым самым астатняе насельніцтва. Адным словам, сітуацыя ў гарадах Заходняй Беларусі склалася выбухованебяспечная. Трэба бьшо нешта рабіць. Нават самі бежанцы прасілі аб гэтым.

Ужо ў кастрычніку 1939 г. пачалося перасяленне іх ва Ўсходнюю Беларусь. Тое, што многіх з іх вымушалі перасяляцца, дае падставу некаторым гісторыкам называць гэтую перасяленчую акцыю “першай дэпартацыяй польскіх грамадзян” [8, c. 983-992]. Бежанцаў накіроўвалі ў калгасы, саўгасы і ў прамысловасць. Акцыя бьша каардьшавана цэнтральнымі ўладамі ў Маскве, аб чым сведчыць факт дэлегіравання СНК СССР на Беларусь спецыяльнага ўпаўнаважанага Перасяленчай камісіі. Усе рашэнні прымаліся ў Крамлі вышэйшымі партыйнымі органамі.

14 кастрычніка 1939 г. Палітбюро ЦК ВКП(б) вырашыла выкарыстаць 20 тысяч бежанцаў з цэнтральных раёнаў Польшчы (Варшавы, Лодзі, Сувалак, Прасныча, Седлец і інш.) пры здабычы і вырабе торфу ці на лесараспрацоўках на тэрыторыі БССР, у тым ліку і на Гомельшчыне. Тады ж была створана спецыяльная трохасабовая ўрадавая камісія, у склад якой увайшлі Горын, Рашэтнікаў і Іваноў [8, s. 988-989]. Акцыя ахапіла бежанцаў, якія першапачаткова аселі ў 8 гарадах: Беластоку, Брэсце, Пінску, Гродна, Лідзе, Баранавічах, Слоніме, Маладзечна.

25 кастрычніка 1939 г. пастанаўленнем СНК БССР №773 была ўтворана афіцыйная ўрадавая камісія, якая павінна была займацца пытаннямі працаўладкавання і размяшчэння бежанцаў у мэтах “канчатковага вырашэння справы”. У яе ўвайшлі усе члены папярэдне названай камісіі. Горын стаў адказным за рэгістрацыю і вываз бежанцаў з Заходняй Беларусі, Іваноў — адказным за арганізацыю неабходнага транспарту, Рашэтнікаў — адказным за прыняцце і размяшчэнне бежанцаў на тэрыторыі усходніх абласцей БССР [8, с. 989]. Камісія зацвердзіла лічбу тых, хто падлягаў перасяленню — 44786 чалавек. Аднак, у выніку збора даных з усходніх абласцей БССР высветлілася, што там былі зацікаўлены ў 23000 бежанцаў, галоўным чынам у сялянах.

У рэшце рэшт было ўстаноўлена, што будуць пераселены 23693 чалавека. Выдзяляліся таксама грошы, неабходныя на прыняцце i ўладкаванне гэтых бежанцаў (крыху больш за 0,5 млн. рублёў). Адначасова бьшо прынята рашэнне аб стварэнні абласных камісій, якія павінны былі займацца справаю прыняцця, размяшчэння і працаўладкавання бежанцаў [8, s. 990].

Аднак, лёс падрыхтаваў для гэтых бежанцаў новыя выпрабаванні. Масавыя дэпартацыі 1940-1941 гг. закінулі многіх з іх у глыб СССР. Іх прававы статус нічым не адрозніваўся ад статусу тых палякаў, якія юрыдычна лічыліся дэпартаванымі.

На падставе адзначаных вышэй фактаў уяўляецца магчымым сцвярджаць, што восенню 1939 г. насельніцтва Беларусі ўвогуле і Гомельшчыны ў прыватнасці, яшчэ не асэнсавала таго, якая бяда наблізілася да граніц іх Айчыны. Вера ў дэмагагічньм запэўненні камуністычных лідэраў аб складванні сяброўскіх адносін з фашысцкай Германіяй, аб немагчымасці вайны з ёю, а таксама выхоўваемая ўвесь міжваенны час варожасць да Польшчы і палякаў, не дазволілі беларусам чула аднесціся да чужой бяды, да пацярпелых ад яе, праявіць надежную людзкасць. Толькі ў атмасферы абыякавасці да лёсу гэтых людзей сталі магчымымі здзек і гвалт над імі, масавыя дэпартацыі, фізічнае знішчэнне. У такім расслабленым, неадмабілізаваным стане сустрэла беларускае грамадства Вялікую вайну 22 чэрвеня 1941 года.

  1. Краткая история Польши. С древнейших времён до наших дней. — М.: Наука,1993. — 528 с.
  2. Архіў ўпраўлення КДБ РБ па Гомельскай вобласці. — Спр.№ 18385-С. — Л. 18, 19, 130, 265.
  3. Там жа. — Спр.№2870-С. — Л.66,106.
  4. Kwiecieri М., Mazur G. Dziaiainosc prometejska i dywersja na Wscnoazie (Relacja mjr. Wlodzimierza Dоbrowskiego) // Zeszyty Historyczne, 2002. — Zeszyt 140. — S.102-116.
  5. Архіў ўпраўлення КДБ РБ па Гомельскай вобласці. — Спр. № 6755-С. — Л.4.
  6. Там жа. — Спр. №15884-С. — Л.8.
  7. Там жа. — Спр. №11766-С. — Л.7.
  8. Bockowski DMasowe deportacje ludnosci polskiej z tak zwanej Zachodniej Bialorusi jesieni^ 1939 roku // Europa Nieprowincjalna / Praca zbiorowa pod redakcj^ K-Jasiewicza. — Warszawa; Instytut Studiow Politycznych PAN, 1999. — S.983-992.

Аўтар: А.М. Кротаў
Крыніца: “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, навук.практычная канф. (2005, Гомель). Навукова-практычная канферэнцыя “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, 7-8 красавіка 2005 г.: [прысвеч. 60-годдзю Вялікай Перамогі: матэрыялы] / рэдкал.: В.А. Міхедзька (адказ. рэд.) і інш.; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: Выд-ва “Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны, 2005. — 280 с. Ст. 242-248.