Пісьменнікі Гомельшчыны аб Вялікай Айчыннай вайне

0
934
Пісьменнікі Гомельшчыны аб Вялікай Айчыннай вайне

Гомельшчына багатая на пісьменніцкія таленты. Тут нарадзіліся, правялі дзіцячыя і юнацкія гады найбольш знакамітыя з іх: І.Мележ, І.Навуменка, І. Шамякін, Б.Сачанка, В.Казько, А.Макаёнак, А. Грачанікаў, Л.Гаўрылкін, В.Палтаран і інш. Многія непасрэдна прымалі ўдзел у другой сусветнай вайне, ураджанні ад якой сталі асновай многіх твораў прозы, паэзіі, драматургіі.

І.Мележ, напрыклад, у 1941 годзе прыняў першы бой на заходняй мяжы былога СССР, адступаў з войскамі на Усход, быў цяжка паранены пад Растовам. Доўга лячыўся ў шпіталях, дзе і пачалася яго творчасць (апавяданні “Сустрэча ў шпіталі”, “Апошняя аперацыя”). Гэтыя творы ў 1944 годзе трапілі на рэцэнзію да класіка нацыянальнай літаратуры К.Чорнага, які тады ўбачыў у пачынаючым празаіку сапраўдны талент. Пазней І.Мележ шмат намаганняў адцаў першаму свайму раману “Мінскі напрамак”, прысвечанаму вызваленню сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён адзін з першых у літаратуры 50-х гадоў XX стагоддзя намаляваў шырокую панараму змагання вайскоўцаў, партызанаў і падпольшчыкаў за свабоду і незалежнасць. “Мінскі напрамак” у свой час меў вялікую папулярнасць сярод усесаюзнага чытача. Не ўсё можа задаволіць сённяшняга аматара прозы аб вайне ў гэтым творы, але трэба аддаць належнае аўтару, які зрабіў, па словах А.Адамовіча (таксама партызана ў час мінулай вайны), “першы заход” у раскрыцці тэмы змагання з ворагам. І.Мележ працаваў над раманам больш за 20 гадоў (другая рэдакцыя), за гэты час пазнаёміўся з вялікай колькасцю дакументаў, сведчанняў непасрэдных удзельнікаў партызанскага, падпольнага змагання на тэрыяторыі Мінскай, Гомельскай, Палескай абласцей.

Ён разам з МЛыньковым (раман “Векапомныя дні”), І.Шамякіным (раман “Глыбокая плынь”), К.Сіманавым, В.Гросманам, А.Фадзеевым, В.Някрасавым і іншымі празаікамі таго часу стварыў неабходны базіс для з’яўлення новых, болъш дасканалых твораў нашай літаратуры аб мінулай вайне.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны сталі прычынай з’яўлення ў “вялікай” літаратуры многіх імён нашых землякоў. І.Шамякін, напрыклад, незадоўга да 1941 года быў прызваны ў армію, стаў курсантам зенітна-артылерыйскага падраздзялення. Пад Мурманскам упершыню ўбачыў варожы самалёт, які павінен быў збіць. Абараняў неба над Архангельскам, на Кольскім паўвостраве, на тэрыторыі Польшчы. Закончыў вайну пад Берлінам. У 1944 годзе было напісана першае апавяданне “У снежнай пустыні”, у 1946 годзе — аповесць “Помета”. Творы прысвечаны падзеям вайны, у якіх малады празаік выявіў мастацкія здольнасці пераўвасаблення, інтэрпрэтацыі перажытага, пачутага. Прагучалі джэкалонданаўскія, гуманістычныя матывы. Яны былі новымі для пасляваеннай нацыянальнай літаратуры, сугучныя часу: гуманныя адносіны да пераможаных.

За шэсцьдзесят гадоў творчасці І.Шамякін неаднойчы звяртаўся да падзей Вялікай Айчыннай вайны, нават у раманах аб мірным жыцці. Напрыклад, у раманах “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль”, “Зеніт”, аповесцях “Гандлярка і паэт”, “Шлюбная ноч”, “Начныя зарніцы”, “Агонь і снег”, “Пошукі і сутсрэчы” і іншых. Для пісьменніка мінулае з’яўляецца не толькі своеасаблівым фонам, на якім дзейнічаюць яго персанажы, але і асяродкам, які прадвызначыў учынкі і дзеянні ў мірным жыцці, канцэпцыя рэчаіснасці, спосаб увасаблення мэт, светаразуменне. Сваімі каранямі герой І.Шамякіна “прарос” у мінулай вайне. Больш таго, проза пісьменніка канца XX — пачатку XXI стагодцзяў пранізана настальгічнымі матывамі па савецкіх часах. “Перабудавацца” І.Шамякін так і не змог. Так і застаўся чалавекам свайго часу. Такая пазіцыя (пісьменніцкая, грамадзянская) вьпслікае павагу.

Трагічныя падзеі 1941 — 1945 гг. складаюць па сваёй сутнасці аснову творчасці яшчэ аднаго нашага земляка — І.Навуменкі. У яго багатая ваенная біяграфія. Перад самай вайно ён закончыў дзевяты клас, марыў, як і ўсе яго аднагодкі, аб подзвігу ў імя Радзімы. 3 прьгходам фашыстаў у родныя Васілевічы стаў адным з арганізатараў падпольнай маладзёжна-камсамольскай арганізацыі, якая пазней была названа “За Радзіму”. Яго сябры і аднадумцы вывешвалі адозвы, збіралі разведвальныя звесткі для партызанаў, як маглі, шкодзілі фашыстам. Неўзабаве была наладжана сувязь з армейскай дыверсійнай групай, якая кіравала дзейнасцю маладзёжнай падпольнай групы. Г.Сцяпанаў — аўтар артыкула “Палеская быль” — сцвярджае, што “з першых дзён у Васілевічах пачала дзейнічаць падпольная патрыятычная арганізацыя. Яе ўзначаліў камуніст Т.М.Астапенка, які застаўся ў тыле ворага па заданні райкама партыі. У хуткім часе ў пасёлку было створана і камсамольска-маладзёжнае падполле. Арганізацыю назвалі “За Радзіму”. Выбралі камітэт. У яго ўвайшлі Анісім Белы, Мікалай Белы, Іван Навуменка, Іван Доўжык”[1].

Рэальная гісторыя змагання з фашызмам стала асновай прозы І.Навуменкі ў жанры апавядання, аповесці і, асабліва, рамана. Напрыклад, трылогіі “Акупацыя”, куды ўвайшлі “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці”. Асабняком стаіць раман “Летуценнік”, дзе адлюстраваны непасрэдны франтавы вопыт І.Навуменкі, набыты ўжо пасля вызвалення Васілевіч ад ворага, калі малады чалавек быў прызваны ў дзеючую армію і змагаўся з фашыстамі на Карэльскім перашыйку.

Сапраўдныя людзі, рэальныя факты гісторыі, уключаныя празаікам у сюжэтную канву згаданых твораў, сталі трывалым фундаментам для раскрыцця ўнутранага стану герояў, выяўлення канцэпцыі пісьменніка. Апора на непасрэдна перажытае пры стварэнні шырокіх мастацкіх палотнаў з’явілася плённай тэндэнцыяй развіцця нацыянальнай літаратуры 60-70-х гт.

Натуральна, што тут прысутнічае і мастацкая ўмоўнасць, нешта абагульняецца, але аснова трылогіі — паказ перажыванняў персанажаў у спалучэнні знешняй падзейнасці падкрэслена героіка-рамантычнага характару. Такая асаблівасць мастацкага почырку І.Навуменкі найбольш арганічна адлюстравалася ў раманах “Сасна пры дарозе” і “Летуценнік”, дзе аўтабіяграфічныя элементы моцна ўплываюць на развіццё асноўнага канфлікту, сюжэтна-кампазіцыйнага ладу твораў. Па стылю, багаццю бытавых і іншых падрабязнасцей, асаблівасцях матывіроўкі большасці калізій раманы “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці”, “Летуценнік” можна аднесці да твораў з непасрэдным, канкрэтна-вобразным прынцыпам адлюстравання жыцця. Гэтага вымагаў сам матэрыял, асабістая зацікаўленасць аўтара. Творы прысвечаны юным змагарам-падпольшчыкам, партызанам з атрада імя Варашылава, разведчыкам дыверсійнай групы Ф.С.Манзіенкі.

Так праз адлюстраванне адзінкавага, асабістага І.Навуменка маляваў агульнае, карыстаўся “дэтэрмініраваным” прынцыпам у паказе ўзаемаадносін паміж характарамі і тыповымі абставінамі. У рэчышчы згаданай нацыянальнай традыцыі ішлі ў той час Я.Брыль, І.Шамякін, А.Адамовіч, І.Чыгрынаў, І.Пташнікаў і, у многіх адносінах, В.Быкаў.

У стварэнні І.Навуменкам псіхапагічна абгрунтаваных, тыповых, глыбока народных вобразаў барацьбітоў за свабоду значную ролю адыгрываюць абставіны жыцця тых ці іншых рэальна існаваўшых людзей — паплечнікаў будучага пісьменніка, якія і сталі прататыпамі трылогіі “Акупацыя”. Вобраз Міці Птаха, яго лес у гады мінулай вайны шмат у чым нагадвае біяграфію аўтара, але не зводзіцца да яе. Сам I.Навуменка некаторы час працаваў у бухгалтэрыі лясгаса, створанага акупацыйнымі ўладамі, здабываў для партызанаў і дыверсійнай групы патрэбныя бланкі дакументаў, перадаваў грошы, быў сувязным. Потым, каб пазбегнуць арьшту, пайшоў у лес, стаў партызанам.

Лёгка вызначыць таксама прататып другога героя трылогіі — Івана Лобіка. Гэта сябра пісьменніка на ўсё жыццё Іван Доўжык. Пасля вызвалення Васілевічаў працаваў у мясцовым лясгасе, ад яго можна было больш падрабязна пачуць аб суровых гадах юнацтва, паплечніках па барацьбе з фашыстамі. Аб тым, напрыклад, як яны разам з І.Навуменкам, М.Белым вучыліся ў школе, сябравалі да вайны, як І.Доўжык дапамагаў І.Навуменку рыхтавацца па матэматыцы за восьмы клас. Па літаратуры і роднай мове будучы празаік здолеў засвоіць праграму самастойна і пасля экзаменаў перайшоў адразу з сёмага класа ў дзевяты. Разам яны дадаткова вывучалі нямецкую мову, веданне якой спатрэбілася пазней, у падполлі.

Можна пачуць і аб тым, як шукаў Іван Доўжык на перакапаным тракамі нямецкіх танкаў полі пад Бранскам свайго сябра Ануфрыя Браля (у раманах — Нупрэй Гіль), аб тым, якім цяжкім быў яго шлях адтуль па захопленай фашыстамі зямлі дадому. Як сведчаць успаміны І. Навуменкі, у часы акупацыі І.Доўжык добрасумленна выконваў даручэнні партызанскай разведкі: “На атрад у Васілевічах працуе падпольная арганізацыя, якую ўзначальвае Мікалай Белы. Штодзённыя чыгуначныя зводкі складвае юнак, які з атэстатам выдатніка скончыў дзесяцігодку, — Іван Доўжык. Каштоўная, дакладная паступае інфармацыя, як гавораць разведчыкі, на вагу золата” [2].

У рамане “Сорак трэці” мы сустракаем такое аўтарскае апісанне, якое датычыцца дзейнасці падпольшчыкаў: “Эталоны нясуцца, як у бездань. Збоку на нямецкіх вагонах прымацаваны драцяныя сетачкі, куды закладваецца паперачка з адрасам прызначэння. Але цяпер паперак няма. Дні трывожныя, напружаныя. Запаўняючы па вечарах графачкі чыгуначных зводак бясконцымі лічбамі, Лобік асунуўся з твару, схуднеў” [3].

Анісім Белы… Гэты васемнаццацігадовы юнак узначальваў у Васілевічах камсамольска-маладзёжную арганізацыю [4]. Быў пазней арыштаваны па даносе правакатара Ф.Данкоўскага, які жыў “у прымах” у мясцовай жыхаркі па прозвішчы Фрайман і выдаваў сябе за чырвонаармейскага камандзіра (у раманах трылогіі гэта вобразы Сяргея Амельчанкі, Базняка, Франі Бейзік). Анісім Белы мужна перанес катаванні на допытах, нікога з сяброў не выдаў. Яго і дванаццацігадовую сястру Вольгу фашысты расстралялі 1 жніўня 1942 года разам з вялікай групай жыхароў Васілевіч. У гэты ж дзень была забіта немцамі настаўніца Курганская, двое яе дзяцей, стары бадька (у трылогіі гэта вобраз Л.С.Азярковай).

Пасля трагічнай гібелі Анісіма падпольную арганізацыю ўзначаліў Мікалай Белы, які ў гэты час па заданні партызанаў служыў у паліцыі. Ён стаў правобразам Міколы Цябута. Факты, намаляваныя ў трылогіі І.Навуменкі аб няўдалай спробе падлажыць міну, дэтанатар якой узарваўся ў руках Міколы, мелі месца на самой справе. Пасля вайны Мікалай Сямёнавіч Белы працаваў настаўнікам у Брагінскім раёне Г омельскай вобласці.

На старонках раманаў мы сустракаемся з кіраўніком антыфашысцкага руху Драгуном. Гэта аўтар з вялікай цеплынёй піша пра Данілу Паўлавіча Драпезу. Вядома, што біяграфія гэтага героя, як іншых, не намалявана ў трылогіі з дакументальнай дакладнасцю. Гэта і не ўваходзіла ў творчую задачу пісьменніка. Але ўсё тое, што датычыцца падпольнай дзейнасці Драпезы ў тыле ворага, шмат у чым супадае. Ён быў землеўпарадчыкам па спецыяльнасці, працаваў да Вялікай Айчыннай вайны аграномам. За адданую працу быў узнагароджаны. З першых дзён вайны — у Чырвонай арміі. У час цяжкіх баёў трапіх у палон, уцёк з лагера ваеннапалонных. Наладзіў неўзабаве сувязь з падпольшчыкамі Васілевіч, актыўна ўключыўся ў змаганне з фашызмам. Пасада малодшага ляснічага давала выдатную магчымасць часта бываць у лесе, перадавадь каштоўную інфармацыю аб руху нямецкіх эшалонаў праз станцыю Васілевічы. Ён жа арганізаваў пажар на кашарах, склаў падрабязныя карты для партызанаў. Пасля вызвалення Палесся ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працягваў ваяваць у радах Чырвонай арміі. Загінуў на тэрыторыі Літвы ў апошні год вайны.

Вось далёка не поўны пералік прататыпаў вобразаў трылогіі І.Навуменкі. Мастацкае адлюстраванне іх гераічных спраў, аб якіх так праўдзіва, надзвычай шчыра паведаміў аўтар у яркіх, запамінальных сцэнах і эпізодах. I, безумоўна, гэтыя творы ёсць амаль што ў кожнай хаде Васілевіч. Яны выклікаюць цікавасць не толькі сваёй дакументальнасцю, успамінамі чалавека, які сам быў сведкам тых незабыўных падзей. Людзі, чытаючы трылогію, пазнаюць сябе, дзецей сваіх, суседзяў, сяброў. Ніхто не скажа, што аўтар паграшыў супраць жыццёвай і гістарычнай праўды.

І.Навуменка адкрыў сваю старонку ў мастацкім адлюстраванні падзей гераічнага змагання нашага народа супраць фашызму, раскрыў усё маральнае багацце чалавека. Лепшыя творы аб Вялікай Айчыннай вайне, да ліку якіх адносяцца і творы празаіка, будуць заўсёды выхоўваць падрастаючае пакаленне ў духу патрыятызму.

А.Макаёнак таксама прымаў непасрэдны ўдзел у абароне Радзімы ад ворага ў гады мінулай сусветнай вайны. У аўтабіяграфіі піша пра гэта коратка. У складзе марскога дэсанта ваяваў у Керчы і Крыму. Быў у 1942 годзе цяжка паранены і дэмабілізаваны. Пасля стаў спачатку журналістам, затым вядомым драматургам. Яго пяру належаць шматлікія п’есы, прысвечаныя актуальным для часу пытанням жыцця. I толькі адна (самая лепшая) пра мінулую вайну. Гэта трагікамедыя “Трыбунал”, пастаўленая ў 1970 годзе, удастоеная Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.

У аснове п’есы — лёс адной сям’і перыяду нямецкай акупацыі Палесся. Цярэшка Калабок — бацька вялікай сям’і. Да вайны ён быў пастухом. Неўзабаве немцы прызначаюць яго старастам у вёсцы. Сямейнікі не могуць пагадзіцца з такім становішчам, пагражаюць Калабку сямейным трыбуналам, калі той не адмовіцца ад пасады. Паліна, яго жонка, для пачатку спрабуе лупцаваць мужа. Але гэта не дапамагае. Тады збіраецца сямейны савет, на якім вырашаюць Цярэшку ўтапіць, як ката. Дзеля гэтага саджаюць у мяшок. Адчуваючы, што родныя выканаюць пагрозу, Калабок вымушаны па сакрэту шапнуць Паліне аб тым, што ён стаў старастам па заданні сакратара райкама партыі. Калі жонка пераканалася, што муж гаворыць праўду, загадвае вызваліць таго з мяшка, слухацца i паважаць. Але сын Валодзька, не ведаючы ўсяго, хочучы змыць ганьбу крывёю, узрывае камендатуру i гіне сам.

Можа стварыцца ўражанне, што А.Макаёнак спрашчае сітуацыю, паказваючы трагічныя падзеі вайны пры дапамозе фарса, камедыі, трагікамедыі. Наколькі тэма патрыятызму патрабавала такога жанравага ўвасаблення? Па сутнасці, у цэнты п’есы — хатняя сварка блізкіх людзей, знаёмая нам па нацыянальнай батлейцы i лубку. Шмат камедыйных сцэн і сітуацый. Зразумела, што тэатр часцей за ўсё карыстаецца спецыфічнымі сродкамі раскрыцця характараў персанажаў, асноўнай ідэі твора. Наватарства А.Макаёнка якраз у тым, што ён першым у нацыянальнай драматурги 70-х гадоў паказаў веліч простага чалавека, яго мудрасць і жыццёвы аптымізм. Дзеля гэтага прыдатнымі сталі i лубок, і батлейка, i смех. Беларуская літаратура ў асобе А.Макаёнка, крыху раней з дапамогай М.Лынькова (раман “Векапомныя дні”), стала здольнай паказваць камедыйныя бакі жыцця народа на акупіраванай тэрыторыі. I гэта, лічым, вялікае дасягненне, калі праз смех мы развітваемся з мінулым.

Працягваючы, такім чынам, лепшыя традыцыі беларускай, усёй усходнееўрапейскай, сусветнай драматургіі, А.Макаёнак выказвае глыбокую думку аб тым, што калі такія звычайныя людзі, як Калабок, Паліна, Валодзька сталі на барацьбу з ворагам, такі народ непераможны. Аналагічная сітуацыя выявілася і ў аповесці І.Шамякіна “Г андлярка і паэт”.

Трагікамедыя “Трыбунал” мае вялікую папулярнасць у гледача. Яна засведчыла вялікі грамадскі тэмперамент аўтара, дзякуючы якому беларуская драматургія на тэму Вялікай Айчыннай вайны займела самы лепшы свой твор. Традыцыі А.Макаёнка з поспехам працягнуты А.Дударавым (“Радавыя”).

Б.Сачанка таксама зведаў на сябе нягоды ваеннага часу. У чэрвені 1943 года разам з бацькамі быў выгнаны з Вялікага Бору Хойніцкага раёна ў Германію. Вярнуўся на радзіму пасля Перамогі. У сваёй творчасці пастаянна звяртаўся да перажытага ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Напісана нямала. Гэта зборнікі прозы “Дарога ііпла праз лес”, “Барвы ранняй восені”, “Зямля маіх продкаў”, “Пакуль не развіднелася”, “Апошнія і першыя”, “Памяць”, “Горкая радасць вяртання”, раман “Чужое неба”, трылогія “Вялікі лес” і інш.

У пачатку ваеннага ліхалецця Б.Сачанку было сем гадоў. Тры гады акупацыі, няволя ў Германіі і сфарміравалі светапогляд юнака, яго ўзаемаадносіны з чалавекам і прыродай. Усё гэта стала асновай далейшай творчасці, якую літаратуразнаўцы назвалі “трэцім заходам” у раскрыцці падзей ліхалецця. Б.Сачанка засведчыў права свайго пакалення на паказ вайны. Творы яго, моцныя непасрэднасцю і свежасцю ўражанняў, скандэнсавалі ў сабе шматпакутны вопыт народа, палешукоў. На новым этапе развіцця грамадства і літаратуры наш зямляк працягнуў традыцыі І.Мележа.

В.Казько быў у перыяд вайны зусім малым (нарадзіўся ў Калінкавічах у 1940 годзе). Агульная трагедыя народа закранула і яго. Аказаўся ў дзіцячым доме і, вядома, зведаў нястачы, смутак па родных і блізкіх. У сваёй творчасці непазбежна вяртаўся да наступстваў вайны, да таго, як яна адбілася на лёсе дзяцей ў далейшыя мірныя часы. Гэта аповесць “Суд у Слабадзе”, раманы “Неруш”, “Хроніка дзетдомаўскага саду”. Лёс Колі Лецечкі з аповесці “Суд у Слабадзе” з’яўляецца типовым для вялікай колькасці дзетдомаўцаў пасляваеннага часу. Аўтар, прасочваючы яго нядоўгае жыццё, выкрывае бесчалавечнасць фашызму. Раман “Хроніка дзетдомаўскага саду” вяртае чытача да першавытокаў чалавечай духоўнасці.

Проза В.Казько 70-90-х гт. (“Выратуй і памілуй нас, Чорны бусел”) працягвае плённыя пачынанні нацыянальнай і еўрапейскай літаратуры (К.Чорны, А.Мрый, Ч.Айтматаў).

Школьныя гады (Капаткевічская СШ Петрыкаўскага раёна), свядомае жыццё звязаны з Беларуссю і ў САлексіевіч, якая ў якасці журналісткі і пісьменніцы працягнула перадавыя тэндэнцыі нацыянальнай дакументальна-мастацкай прозы, пачынаючы з М.Гарэцкага (“На імперьгялістычнай вайне”), Я.Брыля, У.Калесніка, А.Адамовіча (“Я з вогненнай вёскі”, “Хатынская аповесць”, “Карнікі”, “Блакада” — сумесна А. Адамовіч, Д.Г ранін).

З сярэдзіны 80-х гадоў С.Алексіевіч напісала дакументальныя кнігі “У вайны — не жаночае аблічча”, “Апошнія сведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, якія зрабілі яе вядомай не толькі на радзіме, ane і далёка за яе межамі. Чытач пазнаёміўся з трагедыямі — сведчаннямі жанчын, якія перанеслі невыносныя пакуты ў час Вялікай Айчыннай вайны (“У вайны — не жаночае аблічча”). С. Алексіевіч знайшла сваю тэму, якая цікавая сённяшняму чытачу, што займаецца гісторыяй другой усветнай вайны. Яна стварыла літаратурны помнік, рэквіем па загінуўшых, выявіла антыгуманны характар узброенага супрацьстаяння.

Пісьменнікі Гомельшчьшы, такім чынам, зрабілі салідны ўклад у фарміраванне мастацкага, дакументальнага летапісу мінулай вайны. 3 іх твораў наступныя пакаленні людзей, спецыялістаў-гісторыкаў змогуць атрымаць каштоўныя звесткі, уражанні, успаміны-сведчанні.

  1. Сцепанов Г. Нам не забыть вас, ребята. — М., 1976.— С. 30.
  2. Навуменка Іван. Там, на Палессі И Літаратура і мастацтва. — 1975. — 21 сакавіка.
  3. Навуменка Іван. Сорак трэці. — Мн., 1976. — С. 224.
  4. Каваленка Ф. Таварышы “Сцёпы” // Дняпровец. — 1969. — 26 сакавіка.

Аўтар: У.П. Каваленка
Крыніца: “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, навук.практычная канф. (2005, Гомель). Навукова-практычная канферэнцыя “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, 7-8 красавіка 2005 г.: [прысвеч. 60-годдзю Вялікай Перамогі: матэрыялы] / рэдкал.: В.А. Міхедзька (адказ. рэд.) і інш.; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: Выд-ва “Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны, 2005. — С. 101-108.