Петрыкаў. Назва паводле легендаў і паданняў

0
130
Петрыкаў горад

Даўняя гэта гісторыя. Старадаўняя нават, і распавядае пра чалавека, які нікога на белым свеце не шкадаваў, са сваіх крыважэрных рук не выпускаў. Нібы ўсё да ягоных пальцаў прыліпала.

Звалі таго злога вупыра Маркам. Гаварылі пра яго рознае: што і не маці нарадзіла такога крывасмока, што ад нячыстай сілы ён пачаты, ды што ў тым толку? Што ні кажы, а ён людзей са свету зводзіць. Гаспадарыў ён у сваім краі не год і нават не дзесяць, а можа, цэлых сто ці крыху меней. З навакольных паселішчаў нікога ў жывых не засталося, бо ўсіх маркавы слугі пахапалі. Але злыдзень не адчайваўся:

— Нічога, на мой век гэтай мякіны (так ён сялян называў) з верхам хопіць! За справу, хлопцы! Шукайце мне чарговую ахвяру!
— Будзе зроблена, васпане!
— З-пад зямлі, але дастаньце! Без мужыка не прыходзьце!
— Выканаем!

Кінуцца слугі ў розныя бакі, а Марка дома сядзіць, па сваім палацы агромністым швэндаецца. Спачатку сам катаваў, а потым да таго дайшло, што сядзеў толькі і глядзеў, як гэта падначаленыя рабілі. Не, не таму, што ленаваўся, а таму, што так яму лепей пакуты ахвяры бачны былі, і гэта прыносіла яму асаблівае задавальненне.
Здаралася, што ахвяра праз лічаныя хвіліны катаванняў не вытрымлівала і памірала, то Марка звычайна казаў:

Слабы нейкі трапіўся. Сярод іх, відаць, зараз моцных і няма, не тое што раней было.

Казалі, што паўсюдна па той зямлі, дзе валадарыў Марка, чуліся стогны і енкі. Звяры і тыя вярталіся, нібы на якія нябачныя дзіды паляўнічых ці лоўчых наторкваліся. Былі чуткі, што па першым часе рэкі цяклі чыстыя ў мясцінах маркавых, а потым сталі чырвонымі ды смярдзючымі — гэта ад крыві людской і ад усяго таго, што той злыдзень са сваімі людзьмі рабіў. Дарогі і сцяжынкі ў той край сталі зарастаць хмызнякамі ды дрэвамі здаравеннымі, то людзі туды не хадзілі і не ездзілі.

У той час недзе амаль што на мяжы з уладаннямі Марка ў адной сям’і расло двое дзяцей — хлапчук і дзяўчынка: Петрык і Галінка. Маці ў іх толькі была, бо бацька, палясоўшчык, прапаў неяк нечакана — пайшоў з раніцы ў лес абысці панскія пушчы і не вярнуўся. Звычайна ён мог затрымацца на суткі-другія, але ж яго не было тыдзень, месяц. Загаласіла тады жанчына:

— Перавёў, перавёў і нашага тату!
— Хто? — не зразумелі малыя.
Ой, дзеткі, не ваша гэта справа.
— Не наша — то не наша, але ўсё ж скажы, матуля, хто нашага тату перавёў.
— Марка такі пануе непадалёку.
— Марка?
— Але, сынку.
— Нічога не чуў пра яго.
— Пра яго лепей не чуць, колькі жывеш.
— Чаму?
— Усе людзі ад яго адхрышчваюцца.
— Вунь як. А што ён робіць?
— Ой, родненькі, ён жа людзей са свету белага зводзіць.
— Не можа быць, каб ён і нашага тату адолеў!
— Ён не адзін.
— Усё роўна, — падала голас Галінка. — Наш тата такі здаравенны, што як павернецца, то ўсялякія там маркі толькі нагамі дрыгаць будуць ды ляцець ад яго ва ўсе бакі.
— Эх, дачушка, знайшоў той злыдзень момант і адолеў тату. Няма болей нашага родненькага сярод жывых, няма…

Петрык сціснуў па-даросламу кулачкі і гняўліва прамовіў:

— Пачакай, вырасту я — адплачу за тату, за ўсіх адплачу!
— Не гавары так, сынок, бо яшчэ пачуе!
— Няхай чуе і ведае, што калі я вырасту, то пайду на яго вайной, і нішто яго тады не выратуе, за ўсіх чыста людзей адплачу, ніводнае слязінкі не дарую! Хай ведае!
— Ой, Божачка, было б хоць з вамі ўсё добра, а то яшчэ і вас у мяне пазабірае, то я тады розумам крануся, рукі на сябе накладу!
— Не палохайся, матуля. Пабачыш, якім я дужым ды здаровым вырасту, ніякі Марка мне не будзе страшны! Сам пачну рыхтавацца да сустрэчы з Маркам! Буду вучыцца на мячах біцца ды дзідамі кідацца.

Пагаварылі так, выплакалася і супакоілася жанчына, лягчэй на душы стала, а сын не забыўся пра размову. Прачуў ад некага, што ў суседнім паселішчы жыве былы княжацкі сотнік, і пакіраваў да яго. Павітаўшыся, распавёў, па якой справе прыйшоў.
Сотнік уважліва выслухаў і запытаўся:

— Твой настрой мне зразумелы, а што гэта за дзяўчынка з табой?
— Мая сястрычка, Галінка.
— Так заўсёды яе водзіш?
— Заўсёды, бо матулі паабяцаў, што нідзе яе адну не пакіну, каб маркавы слугі не выкралі.
— Гэта правільна, унучак, што так рашыў. Ты ж, як ні ёсць, а мужчына. Сапраўдны мужчына заўсёды слабейшых абараняе і прыкрывае сабой.
— То навучыце біцца?
— Гэта будзе цяжка.
— Я вытрымаю!
— А матуля нічога не скажа?
— Яна ведае, я пры ёй абяцаў за тату адпомсціць!
— Як жа цябе завуць?
— Петрык.
— То давай дамовімся, Петрык. Пойдзем разам да тваёй хаціны і там пагамонім з матуляй.
— Навошта?
— Трэба ж мне пераканацца, ці праўду ты сказаў.
— Не верыце?
— Не крыўдуй, браце, тут справа такая, што потым і пашкадаваць можна будзе.
— Я не перадумаю.

Прыйшлі яны да гаспадыні. Стары сотнік распытаў у яе, як ды што, і пачуў, што сапраўды загарэўся Петрык адпомсціць Марку. Але ён яшчэ зусім дзіця, пройдзе гэта з цягам часу.

Былы вой усміхнуўся:

— Не. Не пройдзе. Характар у яго цвёрды. Я многіх людзей на сваім вяку пабачыў і магу з першага погляду сказаць, хто чаго варты. Петрык ад сваіх слоў не адмовіцца.
— Ой, Божачка.
— Вывучу я яго біцца так, як ніводзін дружыннік з княжацкай дружыны не ўмее. А калі па гаспадарцы трэба будзе дапамагчы, то мы ўдваіх прыйдзем і ўсё паробім. У мяне самога гаспода невялікая, жыву адзін, так што часу вольнага маю дастаткова. А вы не саромейцеся, прасіце, калі што якое.

З таго дня пачаў Петрык з Галінкай прападаць у старога сотніка Архіпа. Для маладога хлапчука пачалася сапраўдная вайсковая вучоба. З самае раніцы да позняга вечара, а то і сярод ночы, трэніраваў ды нешта тлумачыў і паказваў яму вопытны вой. Баявы меч, праўда, адразу не даў, а зрабіў драўляны. Толькі і чуваць было:

— Адбівай! Нападай! Галаву прыкрывай, віславух!

I за гэтым следам — бом! Грымнула нібы ў засланку, а Архіп рагоча:

Нічога, галава мацнейшая будзе! Думаць трэба, а не толькі махаць мячом, як цэпам. Гэта зброя, а не жартачкі.
— Навучуся!
— Не сумняваюся.

Вучыў, не шкадаваў ні часу, ні сілы сотнік, бо ведаў, у якім паядынку хлопчыку давядзецца ўдзельнічаць. Таму, калі бачыў нейкі, нават самы дробязны, хіб, адразу ж папярэджваў:

Выпраўляйся, хлопча. У баі гэта смерцю абярнуцца можа.

Стары навучаў маладога, а недзе побач на траўцы сядзела Галінка і гулялася з краскамі ці з драўлянымі цацкамі, якія нарабіў ёй усё той жа сотнік.

Час ляцеў непрыкметна. Прайшло гадоў пяць-шэсць, і Петрык выцягнуўся ў сапраўднага асідка. Стаў такім здаравенным, што за сотніка, таксама далёка не нізкарослага і не слабога чалавека, стаў на галаву вышэйшым, а ў плячах шырэйшым на добрыя дзве далоні. Стары пасміхваўся:

— I ў каго ты такі?
— У бацьку.
— Не. Ведаў я твайго бацьку, ён меншым быў.
— Тады сам па сабе.
— Вось гэта іншая справа.

У вайсковай справе Петрык таксама стаў такім майстрам, што бывалы вой гаварыў:

Не хацеў бы я нават у сваёй маладосці мець такога саперніка. Няхай беражэцца Марка. Падгадуем твайго коніка, а там і паедзеш яго шукаць.

Але здарылася так, што Петрыку не давялося чакаць, пакуль падрасце ягоны конь. Павёў ён неяк Галінку купацца. Тая вырасла таксама, ды такой прыгажуняй стала, што і словамі не расказаць. Дзяўчына купаецца, а Петрык за кустоўем туды-сюды ходзіць. I тут данеслася:

— Дапамажыце!

Ён туды, а там нікога няма. Як ні стараўся знайсці сястру — не знайшоў. Прыбег да сотніка і распавёў, што здарылася. Тады стары і гаворыць:

— Значыцца, час табе зараз выбірацца на паядынак з Маркам. Не церпіцца яму — то сам і пашкадуе. Бяры майго стаенніка, меч, дзіду, броню ап’ранай, і няхай табе Бог памагае! Я маці нічога гаварыць не стану, а ты спяшайся, не цягні, бо ўсялякае можа здарыцца.

Неўзабаве толькі цокат капытоў разлёгся па наваколлі — паляцеў Петрык на спатканне з Маркам.

У гэты час злыдзень нарадавацца не мог, што яму прывялі такую прыгажуню. Адразу ж заявіў:

Не трэба яе катаваць! Не трэба! Я ажанюся на ёй!

Галінка гідліва плюнула ў твар гаспадару палаца, але той толькі зарагатаў:

Люблю наравістых, з імі жыць цікавей!

Загадаў завесці яе ў пакой і падрыхтаваць да ночы. Сам жа хадзіў і спяваў ад радасці. I тут прыбег слуга і сам не свой загарлаў:

— Бяда!
— Якая яшчэ?
— Там!
— Што?
— Нейкі асілак надяцеў і нашых крышыць, як капусту!
— Аднаго не адолееце?
— Не!
— Кіньце дурное! — не стаў слухаць далей Марка.

I дарма, бо праз пару хвілін вывалак яго Петрык за валасы з палаца і прыбіў цвікамі да вялізнага дуба.

Той дуб яшчэ доўга стаяў і зваўся — Петрыкаў. Так і засталося. Дрэва таго даўно няма, а паданне жыве і да нашых дзён.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 290-294.