Песенны фальклор Прыпяцкага запаведніка (па матэрыялах экспедыцыі ў Жыткавіцкі раён)

0
275
Песенны фальклор Прыпяцкага запаведніка (па матэрыялах экспедыцыі ў Жыткавіцкі раён)

Палессе — край, багаты народнай спадчынай. Тэрыторыя Жыткавіцкага раёна, якая адносіцца да Прыпяцкага запаведніка, не з’яўляецца выключэннем. У гэтым чарговы раз нас пераканала фальклорная экспедыцыя, арганізаваная Гомельскім абласным цэнтрам народнай творчасці ў маі 2011 года. Падчас экспедыцыі было запісана 80 песень без уліку тэкставых варыянтаў. 3 іх больш за 30 — абрадавых.

3 каляндарна-абрадавых больш за ўсё запісана намі калядных — 10 песень, што сведчыць пра добрую захаванасць каляднага абыходнага абраду (у дадзенай мясцовасці з «казой»), магчыма, дзякуючы яго маляўнічасці і вясёламу настрою. Прыклад шчадроўкі запісаны намі ў в. Перароўскі Млынок:

Колядзін, колядзін,
А я ў бацька одзін,
По колено кожушок.
Дайце, цёця, пірожок,
А на пірожок сала,
А на сала коўбасу,
А я до дому понясу.

(Зап. Л. Г. Мельнікава, І. В. Глушзц у 2011 г. у в. Перароўскі Млынок Жыткавіцкага раёна ад Баран Настассі Адамаўны, 1920 г. н.)

Наступны жанр каляндарных песень, зафіксаваных намі, — веснавыя загуканні. Паўсюдна захаваліся ў памяці носьбітаў варыянты песні «Гу, весна, гу, красна», а таксама «Ой, весна, весняночка», варыянт якой мы прыводзім з в. Перароўскі Млынок:

Ой, весна, весна, весняночка,
Ой, чыя ж то дочка Мар’яночка?
За воротамі короўку пасла,
Назбірала горшчок масла,
Горшчок масла, горшчок сыра,
Да ўсіх хлопчыкоў запросіла:
— Ешце, хлопчыкі, дый мочайце,
А на гарэлочку пробачайце.

(Зап. Л. Г. Мельнікава, 1. В. Глушзц у 2011 г. у в. Перароўскі Млынок Жыткавіцкага раёна ад Баран На­стассі Адамаўны, 1920 г. н., Бабарыка Марыі Міхайлаўны, 1931г. н.)

На Вялікдзень на даследаванай намі тэрыторыі існує звычай праведваць сваіх хросных — хадзіць «у волочобное». Інфарматар з в. Хлупін праспявала нам наступную валачобную песню:

Ой, лецела стрэла дый у конец села,
Ці я, хмелю, дый у конец села.
Дый убіла стрэла сына молойца.
Да ніхто к целу не прыступіцца.
Прыступіласа Анна Йваноўна,
Й узела цело дэй на ручэнькі,
Обнесла цело кругом цэркоўкі.
Сама цэркоўка откріваецца,
Само целочко й у во гроб легло.
Прылетае да тры пташэчкі:
Што одна пташка — то мамка его,
А друга пташка — то сестра его,
А трэйця пташка — то жона его.
Ой, маці плачэ з веку до веку,
А сестра плачэ з году до году,
А жона плачэ з вечора до дня.
Ек мамка плачэ, то й рэкі цекуць,
А сестра плачэ — то й озёрушка,
А жона плачэ — ні калюжэчкі.

(Зап. Л. Г. Мельнікава, I. В. Глушэц у 2011 г. у в. Хлупін Жыткавіцкага раёна ад Торчык Сцепаніды Іванаўны, 1937 г. н.)

Тут даволі цікава правесці паралелі з песнямі абраду «Ваджэнне і пахаванне стралы», які бытуе на Веткаўшчыне:

А ў садзіку пад ігрушаю,
Ой, лёлі-лёлі, пад ігрушаю.
Там ляжыць цела, як папер бела.
А ніхто к таму целу не прыступіцца.
Прыступілася стара бабачка,
Стара бабачка, яго мамачка,
Яго мамачка ўзяла на ручанькі,
Панясла цела дай у цэркаўку.
Самі дзверачкі адчыніліся,
Самі свечачкі запаліліся,
Самі кніжачкі зачыталіся.

[1, с. 157; в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н]

Ой, шла страла да ўдоль сяла,
Ой, ой, люлі, да ўдоль сяла.
Убіла страла добра моладца.
Па том моладцу некаму плакаць:
Матка старэнька, сястра маленька,
Жана молада возле горада.
Ідзе мамка плача — там калодзежы,
Дзе сястра плача — там руч’і бягуць,
Дзе жана плача — там расы няма.

[1, с. 105; в. Ірыноўка, Веткаўскі р-н]

Яўнае падабенства тэкстаў, запісаных у Жыткавіцкім і Веткаўскім раёнах, дае падставу меркаваць, што абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы» калісьці мог быць распаўсюджаны і на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся.

Намі таксама зафіксаваны ў в. Хваенск веснавы карагод, які пачынаецца тыпавым напевам «крывы танец», а працягваецца тыпам «проса»:

А ў крывого танца да не вуведом конца. Зелёная рутонька, жоўты цвет.

— А мы просо сеелі, сеелі.
— А му каня вупусцім, вупусцім.
— А мы каня забером, забером.
— А му каня вукупім, вукупім.
— А мы дзеўку забером, забером.

(Зап. Л. Г. Мельнікава, I. В. Глушэц у 2011 г. у в. Хваенск Жыткавіцкага раёна ад Чарнушэвіч Галіны Іванаўны, 1937 г. н., Яфрэмавай Тамары Рыгораўны, 1945 г. н.)

Можна думаць, што даўней гэта былі розныя карагоды, але з цягам часу, і ўлічваючы, што інфарматары маглі нешта забыць, тэксты аб’ядналіся.

Падчас экспедыцыі мы таксама запісалі некалькі жніўных песень, сярод якіх наступная, жартоўнага зместу (в. Хлупін):

А я ў полі жыто жала,
Ў мене дома шкода стал(а),
Што свекруха с печы упала.
Бо ж ана здурела, што й с печы паляцела,
А можэ ана скруціласа, што с печы скаціласа.

(Зап. Л. Г. Мельнікава, I. В. Глушэц у 2011 г. у в. Хлупін Жыткавіцкага раёна ад Чыжык Антаніны Рыгораўны, 1923 г. н.)

3 сямейна-абрадавых намі зафіксавана 13 песень вясельнага цыклу — на заручынах, сватам і каравайныя. Прыклад вясельнай песні з в. Перароў:

Кленовая да лісціпонька,
Куда цебе ветрык вей(е)?
Ці в(ы) луг, ці в(ы) доліну,
Ці назад на к(а)лёнін(у)?
Молодзенька Марынка,
Куда сэбе мамко оддай(е)?
Ці в(ы) людзі, ці в(ы) татары,
Ці в турэцкую ж зем(лю)?
Там земелька корэністая,
Там семейка гонорыстай(я).
Оны будуць вечэраці,
А я буду ж плакаць(і),
Кос(ы)камі дай опусчуса,
Слёз(ы)камі дай обольюс(а).

(Зап. Л. Г. Мельнікава, І.В. Глушзц у 2011 г. у в. Перароў Жыткавіцкага раёна ад Забеліч Эвсліны Рыгораўны, 1942 г. н., Туравец Аляксандры Пятроўны, 1930 г.н.)

Болыи за ўсё на даследаванай тэрыторыі ўдалося запісаць пазаабрадавых несень — каля 40. Прыводзім варыянты найбольш распаўсюджаных сюжэтаў:

Ой, пойду я в лес по дрова, нарубаю лому,
Зав’ёў мене дурны розум на чу… на чужу старон(ку).
На чужой жэ сторононьке сонейко не грэе,
Нету маменькі родное, ніхто, ніхто не жалее.

Ой, сорву я з рожы кветку дай пушчу па воду:
— Плыві, плыві, з рожы кветка, дый до, дый до мойго ж роду.
Плыла, плыла з рожы кветка, дый стала кружыцца.

Выйшла маці воду браці дый ста… дый стала дзівіцца:
— Ой, чэго жы, з ружы кветка, на водзе сов’яла,
Ой, чэго ж ты, моя доню, така, така стара стала?
— Остарыла ж мене, мамко, дрова да лучына,
А шчэ к тому ж, моя мамко ж, невер… неверна дружына.
Остарылі ж мене, мамко, дробненькіе дзеткі,
Што не прала, не качала свекру… свекрусі сарочкі.
Боліць, боліць головонька, нечым обвезаці,
Обвяжу я й головоньку шовко… шоўкавым платочком.
А той толковы платочэк голоўку не з’яжэ,
Й а той сівы голубочок роду, роду не накаж(э).

(Зап. Л. Г. Мельнікава, I. В. Глушэц у 2011 г. у в. Перароў Жыткавіцкага раёна ад Забеліч Эвеліны Рыгораўны, 1942 г. н., Туравец Аляксандры Пятроўны, 1930 г. н.)

За гарамі, за морямі галубы летаюць,
Не вазнаці, не згадаці, как гада мінаюць.
Ой вы, хлопцы, мае хлопцы, хлопцы маладые,
Запрегайце, хлопцы, коні, коні вараные.
Запрегайце, хлопцы, коні, коні вараные,
Я паеду даганяці годы маладые.

Как дагнала свае годы на кленовым мосці:
— Верніцеся, мае годы, хоць да мене в госці.
— Ой, не верномсь, твае годы, дай да цебе в госці,
Трэба было шанаваці нас за маладосці.

Ой, не спіла, ой, не з’ела, гарно не схадзіла.
Через цебе, мой міленькі, годы пагубіла.

(Зап. Л. Г. Мельнікава, 1. В. Глушэц у 2011 г. у в. Хлупіп Жыткавіцкага раёна ад Чыжык Антаніны Рыгорауны, 1923 г. н.)

Такім чынам, на цяперашні час на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна, якая адносіцца да Прыпяцкага запаведніка, песенны фальклор шырока распаўсюджаны. Больш за ўсё фіксуюцца пазаабрадавыя песні, а з абрадавых — калядныя — з каляндарна-абрадавага циклу, і вясельныя — з сямейна-абрадавага.

Літаратура

  1. Новак, В. С. Абраднасць і паэзія «Пахавання стралы» / В. С. Новак. — Гомель: ГДУ, 2002. — 269 с.

Аўтар: I.В. Глушэц
Крыніца: Традиционная культура Полесья и современный мир : материалы Международной научно-практической конференции / под общ. ред. д-ра филолог. наук, профессора В. И. Коваля. – Гомель: Полеспечать, 2012. – С. 144-149.