Песенная прастора вясны. Ушэсце ў Неглюбцы

0
1408
Песенная прастора вясны на Ушэсце ў вёсцы Неглюбка

У апошнія гады Неглюбскі варыянт Стралы цікавіў даследчыкаў значна меней, чым той жа абрад у суседнім Стаўбуне, Янова ды Казацкіх Балсунах. Магчыма та­му, што з года ў год менавіта на Ушэсце ў свяце актыўна удзельнічаюць мясцовыя музыкі з гармонямі і бубнамі, якіх ужо нельга аддзяліць ад агульнага свята. У выніку ствараюцца два музычныя фоны, якія гучаць паралельна — танцавальныя мелодыі і абрадавыя спевы. Жанчыны-спявачкі часам патрабуюць спыніць музыку, але гэта, як правіла, не дзейнічае.

Мы паспрабавалі аб’яднаць звесткі пра веснавы цыкл абрадаў в. Неглюбка, сабраць тэксты песен і іх варыянты, разгледзець ролю веснавых абрадаў для маладзёвага калектыва.

Частка песень, прымеркаваных да Ушэсця, з’яўляецца вясновымі, якія выконвалі на Стрэчанне (ў хатах), і на Благавешчанне (на вуліцы, пры выкананні карагодных песень стаялі, узяўшыся за рукі). Пад час Вялікага посту тут спявалі вы­ключна «духоўныя сціхі».

«Ваджэнне стралы» пачыналася ў Неглюбцы пасля Вялікадня і працягвалася да Ушэсця, ствараючы ўмоўную песенную прастору паміж дзесяццю неглюбскімі пасёлкамі і суседнімі сёламі Браншчыны.. У першы вялікодны тыдзень, які звалі «святы», жанчыны і дзяўчаты збіраліся невялікімі групамі амаль кожны дзень, каб пасьпяваць «стрэльныя» песні. У наступныя тыдні, да Ушэсця, збіраліся толькі ў нядзелю і ў святочныя дні.

Сам ход свята на Ушэсце ў Неглюбцы, як і у іншых вёсках рэгіёна, мае тыповы набор рытуальных дзеянняў, уласцівых для абрада «пахавання стралы»: збор удзельнікаў, апрананне «старцоў», ваджэнне карагодаў, шэсці радамі па вуліцах пад спеў «Ішла страла ў канец сяла…», гульні, пахаванне «стралы/старца».

«Старцы» — пераапранутыя жанчына і мужчына, якія ўзначальваюць шэсце. У супрацьвагу шчыльным радам жанчын з іх паступовым, няспешным рухам, стар­цы ўвесь час павінны быць дынамічнымі і актыўнымі — палохаць новых удзельнікаў, бегаць за дзецьмі, весці жартоўныя размовы з сустрэчнымі і г. д. Такі кантраст дзеянняў і гукаў стварае асаблівую атмасферу — чым больш павялічваецца колькасць удзельнікаў, тым больш рухомымі і гаваркімі робяцца «старцы», тым больш зладжана гучаць спевы жанчын. Напружанае чаканне, ахапіўшае ўсю вёску, дасягае вышэйшай кропкі пры зборы максімальнай колькасці людзей і захоўваецца да выхаду за вёску, «ў жыта». У полі жанчыны стоячы спявалі, «старцы» качаліся па жыце («завядзём старцоў у жыта», «прывяжуць старцоў да жыта…», «павядуць, і старца схароняць»), Пры вяртанні ў вёску выконвалі граныя, палотныя і «гадзінныя» (жніўныя) песні. Даследчыкі музычнага фальклору адзначаюць, што ў Дняпроўскім Пасожжы песні весенне-летняга перыяда тыпалагічна роднасныя з вясельнымі, а сярод жніўных сустракаюцца тэксты з вясельнымі матывамі. [1, с. 44, 49]. Вельмі яскрава гэта назіраецца ў неглюбскіх веснавых, жніўных і вясельных песнях.

Поўны комплекс песень, якія выконвалі на Ушэсце у Неглюбцы, складаецца, па нашых назіраннях, з дваццаці адной песні. Сярод іх тыя, што выконвалі на Стрэчанне і Благавешчанне (С. — Б.). Палова песень, прымеркаваных да Ушэс­ця — карагодныя (к): Да й ішла стряла у канец сяла; На вуліцы дзеўкі гулялі; Ой, павейця-ка ветры буйныя (спявалі стоячы у жыце); Зязёлечка лугавая, дзе ты ночку начавала?; А ў майго таткі харашо жыці (С. — Б); Ой, старац мой, лікамарац мой; Што ў Неглюбцы, у сяле (к.); Не дрём-дряма над кудзеляю (к.); Верамей коней пасе, дзеўка ваду нясе (к.); Проці бацькавых варот я молада гуляла (С. — Б., к.); Ой, заря мая, заря, заря белая (С. — Б.); Ой на Стрэчанне, на Благавешчанне (С. — Б.); Ты зялёненькі падарэшнічак (С. — Б.); Па саду хаджу, цвет рамон саджу. (С. — Б.); Васіль, Васілёчак, Васіль гальненькі цвяточак. (к); Што па троўке-троўкі зялёнай муроўкі (к); Што на нашай вуліцы на зялёнай мураўцы (к.); Не лятай-ка, галачка, рана па зарэ… (к.); Ой ты, саду, мой саду, зеляненькі (к.); Ой, пад вішан­ню, пад чырэшанню (к.) Ой ты, ластаўка, ты касастая (к.).

Трэба адзначыць, што час «ваджэння Стралы» быў для неглюбчан адным з найбольш значных у каляндарным го дзе. Для сталых сямейных вяскоўцаў гэта было свята, якое не толькі садзейнічала росту хлябоў, але і ахоўвала ўраджай і лю­дзей ад навальніцы з градам, засухі. Для моладзі памежны час вясны-лета быў перыядам святочнай і паўсядзённай актыўнасці, які спрыяў складанню шлюбных пар. Асабліва важным час ад Вялікадня да Ушэсця быў для маладых дзяўчат.

Як адзначаюць даследчыкі абраду, раней менавіта дзяўчаты былі асноўнымі удзельнікамі свята [2, с. 134]. Акрамя дзяўчат, асаблівую групу ўдзельніц складалі «малодкі» — бяздзетныя жанчыны ў першы год пасля вяселля, якія па сваім сацыяльным статусе знаходзіліся паміж дзяўчатамі і жанчынамі. Большасць вяселляў у Неглюбцы адбывалася ў Каляды [3, с. 95-96], і маладыя жанчыны ўдзельнічалі разам з дзяўчатамі ў вясновых абрадах, у першую чаргу — выходзілі «у Стралу».

Сярод тэкстаў песень веснавога цыкла выдзяляюцца дзве групы — песні са шлюбнай тэматыкай, адрасаваныя групе моладзі, і песні, якія выконваюцца ад імя замужніх жанчын («маладзіц»), Дзявоцтва ў народных традыцыях заўсёды супрацьпастаўлялася сямейнаму жыццю як воля і няволя, на гэтым кантрасце пабудаваны і тэксты большасці «стрэльных» песень: «Проці бацькавых варот я малода гуляла…», «А ў майго таткі харашо жыць…», Ой, пад вішанню, пад чарэшанню…», «На вуліцы дзеўкі гулялі». Апошняя яскрава дэманструе імкненне маладзіцы вярнуцца да дзявочага жыцця хоць на кароткі час, не гледзячы на наступнае пакаранне. Песні веснавога цыкла можна разглядаць і як адлюстраванне будучага сямейнага жыцця, цяжкасцяў у адносінах, як перасцярогу ад «ліхой» свякрухі і свёкра, старога ці нялюбага мужа.

Неглюбскія веснавыя песні са шлюбнай тэматыкай («Ой ты ластаўка, ты касастая…», «Што на нашай вуліцы, на зялёнай мураўцы…») пераклікаюцца з вясельнымі («Ой, гыля-гыля, серыя ryci…», «Ехаў Іванька са двара, пусціў сокала з рука­ва. ..») і жніўнымі («Заенька да й па жыцячку…»). У Неглюбцы ніколі не было занадта ранніх і няроўных па узросту шлюбаў. Звычайны дзяўчаты выходзілі замуж у 19-21 год, хлопцы — у 18-21 год, прычым маладыя былі аднагодкі, ці хлопец маладзейшы за дзяўчыну на 1-2 гады. [3, с. 95-96]. У вясельных неглюбскіх пес­нях амаль адсутнічае матыў ранняга шлюбу і непаспеласці нявесты. Тым больш цікавымі ў такім выпадку робяцца тэксты веснавых песень, дзе дзяўчына звяртаецца да маці з просьбай аддаць яе за «роўнага» («На Стрэчанне, на Благавешчанне», «Проці бацькавых варот…»).

У Неглюбцы жніўныя, вясельныя і песні веснавага цыкла, асабліва карагоды, насычаны птушынымі вобразамі. У іх узгадваюцца гyci, павы, зязюля, ластаўка, галачка, арол: «У ляску-ляску на жоўтым пяску / Пава гуляла, пер’е раняла…» (калядная дзяўчыне), «…па тым па возеры шэры гусі плавалі…/…на тых на гусачак налятаў шызой арол…» (веснавая); «Ой ты, ластаўка, ты касастая…» (веснавая), «…Ці не заляцела наша ластаўка учора к вам?»(вясельная); «…стары ляжыць як засланка, я за ім як ластаўка.,.»(веснавая); «…Не лятай-ка, галачка, рана па зарэ…» (веснавая); «Ехаў Іванька з-пад вянца, / У бару зязюля кукала…» (вясельная); «Закукала зязёлечка борам летучы» (вясельная) і г. д.

Даследчыцай Т. А. Бернштам прааналізавана арнітаморфная сімволіка вясель­ных песень усходніх славян. Яна вызначае, што дзікія вадаплаваючыя (гусі, вуткі, лебедзі, пава) і лясныя птушкі (сокал/арол, зязюля, ластаўка, перапёлка) сімвалізуюць прадстаўнікоў халастой паўналетняй моладзі і маладых (сямейныя пары), а хатнія птушкі (куры, гусі, пава) — сямейныя пары і замужніх жанчын. Сюжэты пе­сень з вобразамі вадаплаваючых птушак указваюць на ўдалыя любоўныя адносіны, на вольныя адносіны ў маладзевым калектыве. Сокал/арол у вясновых і вясельных песнях сімвалізуе хлопца-жаніха і яго вясельную дружыну. На думку даследчыцы, такая сувязь указвае на важную ролю птушыных вобразаў у сістэме узроставага сімвалізма, мала даследаваную навукоўцамі [4, с. 2].

У неглюбскіх веснавых песнях праведзена паралель дзявочая група — «стада гусей» (Што на нашай вуліцы…):«А хто ж у нас будзе паперяду плысці, / Хто ж у нас будзя на вулку хадзіці, / А хто ж у нас будзя ключы завадзіці…?». У Неглюбцы «заводзіць ключы» азначала пачынаць карагоды, і асабліва — складаны карагод «Лука». Па успамінах неглюбчанак, раней «Луку» заводзілі толькі дзяўчаты і маладыя жанчыны. Сам малюнак карагода нагадваў дзве перакрыжаваныя васьмёркі. Складанасць заключалася ў тым, што ў досыць хуткім руху (часам бягом) трэба было непарыўным ланцужком абвесці чатырох ці трох дзяўчынак і вывесці «луку» у звычаўны танок.

Дапаўняе вобраз дзяўчына/вадаплаваючая птушка неглюбская вясновая гульня «Вуціца». Так званыя «утушныя» карагоды і гульні шырока вядомы ў рускіх, ў беларусаў і украінцаў сустракаюцца ў памежных раёнах, якім і з’яўляецца Веткаўшчына. Па сведчанні жанчын, у «Вуціцу» гулялі вясной, прычым «адны дзеўкі». Калі давалі каманду на гульню, адна з дзяўчат станавілася наперадзе, астатнія браліся ў ланцужок за рукі і беглі разам па вуліцы пад песню «Ішла вуціца па беражку»1. У апошні момант вядучая закручвала увесь ланцужок так, каб ён зрабіў рэзкі паварот. Пры гэтым апошнія дзяўчаты абавязкова падалі. Першыя павінны быць вельмі моцнымі, спрытнымі, каб змяніць рух бягучых. Нажаль, у Неглюбцы не зафіксавана назвы дзяўчат-завадатарак, але у рускіх у ініцыятыўнай дзявочай групе дзяўчыну, якая, ўзначальвала карагоды, пачынала гульні, кіравала дзявочым калектывам, называлі «утка/гусыня»2.

Вобразы вадаплаваючых птушак плаўна пераходзяць у сімвалы хатніх птушак, што адлюстравана ў сімволіцы і тэрміналогіі сумесных гульняў моладзі і маладых, падчас якіх сямейныя пары праз сімволіку вадаплаваючых птушак як бы ўключаліся ў групы халастой моладзі.

Птушыная сімволіка знайшла адлюстраванне і ў традыцыйным адзенні. Толькі дзяўчына, дасягнуўшая шлюбнага узросту, магла насіць паневу, часткі якой называліся «крылле, хвост, коўш», шыйнае упрыгожванне «гарлячку», падвескі з гусінага пуха «пушкі». Яркая стужка у касе, мноства нагрудных стужак, пацерак, афармленне зарукаў’я сарочкі «перыстымі» арнаментамі дапаўняла вобраз птушкі у брачным стане.

Мы лічым, што абрады памежжа вясны-лета з’яўляліся, акрамя іншага, апошнім этапам пераходу маладых дзяўчат ў групу паўналетніх, халастой моладзі. Гэты пераход адбываўся ў некалькі этапаў, займаючы час ад восені да заканчэння вясны. Восенню дзяўчына далучалася да групы старэйшых, хадзіла разам з імі на «супрадкі». Пад час Каляд яна прысутнічала на святочных «ігрышчах», дзе ўпершыню з’яўлялася ў «кубку», што давала ёй права ўдзельнічаць у танцах і гульнях моладзі. Трэба адзначыць, што у Неглюбцы менавіта дзяўчаты арганізоўвалі святочныя вечары, плацілі музыкам, запрашалі хлопцаў. На Благавешчанне дзяўчына ў той жа трупе спявала веснавыя песні. Заключны этап полаўзроставай ініцыяцыі заключаўся ў выхадзе перад вяскоўцамі ў касцюме нявесты (ў панёве і кубку) падчас аднаго з веснавых свят (Благавешчанне, Вялікдзень, Ушэсце, Тройца). Можна меркаваць, што гэта давала ім права ўдзельнічаць у абрадавых спевах нароўні са старэшымі дзяўчатамі і жанчынамі. Дзяўчыну, якая не выходзіла ў панёве да Троіцы, не разглядалі як нявесту, у яе знікаў шанс выйсці замуж у наступныя Каляды. Апрананне панёвы ў такім випадку адкладалі на вясну наступнага года [5].

Веснавы перыяд быў своеасабівым іспытам дзяўчыны на права ўступіць у гру­пу нявест і заняць у ёй адпаведнае месца. Сярод іспытаў — дэманстрацыя працоўных навыкаў і густу ў вырабе касцюма, фізічнай гатоўнасці да шлюбу, заможнасці сям’і, дэманстрацыя сілы, спрытнасці ў гульнях, карагодах, набыццё права ўдзелу ў абрадах. Узгаданая вясновая гульня «Вуціца» была своеасаблівым іспытам сілы і спрытнасці — адным з важных якасцей дзяўчыны-нявесты. Магчы­ма, удзел у карагодзе «Лука» таксама з’яўляўся для дзяўчат іспытам на розум і лоўкасць. Гатоўнасць дзяўчыны да шлюбу дэманстравалася і ў працоўных навы­ках. У песні «Што па троўке-троўкі зялёнай муроўкі» не толькі праз дзявочую агрэсіўнасць у адносінах да хлопца, але і праз дэманстрацыю працоўных навыкаў дзяўчына праяўляе гатоўнасць да шлюбу3.

Такім чынам, у Неглюбцы поўны цыкл веснавых песень, прымеркаваных да Ушэсця, складаецца з 21 песні, палова з якіх— карагодныя. Намі сабраны і прыведзены ў дадзеным артыкуле найбольш поўныя тэксты. Асноўнымі ўдзельнікамі свята былі дзяўчаты ва ўзросце нявест і «маладзіцы». Аналіз тэкстаў веснавых пе­сень са шлюбнай і сямейнай тэматыкай, а таксама ролі птушыных вобразаў песень у сістэме ўзроставага сімвалізма дазваляюць меркаваць, што Ушэсце было самым значным для моладзі святам у каляндарна-абрадавым цыкле Неглюбкі. Нашу дум­ку пацвярджае той факт, што з пачатку 1930-х гадоў, пасля закрыцця СвятаМікалаеўскай царквы, асноўная частка вяселляў адбывалася не ў Каляды, як было на працягу амаль двух стагоддзяў, а на Тройцу. У нашы дні «пахаванне стралы» — адзіны абрад, які існує ў Неглюбцы ў жывым бытаванні і з’яўляецца сапраўды аб’ядноўваючым момантам у жыцці неглюбчан.


[1]
Герасіменка М. Р. 1928 г. н., Барсукова С. Р. 1935 г. н., Неглюбка, 2003. Зап. Смірнова I. Ю. (архіў БелДІПК):

Ішла вуціца па бёражку,
Ішла па крутому,
Вяла дзяцей за сабою.
Прыскочыла два лашонкі,

Ухапіла два дзіцёнкі.
Ідзі, вуціца, дамой,
Ідзі, серая, дамой,
У цябе сямера дзяцей,

Восьмы — сынавёй,
Дзевятая — унучка,
Каціся, як сучка!

2 Особый разряд составляли песни русского девичьего хоровода, в которых водоплавающие птицы женского рода символизировали половое созревание девушки… Такой хоровод начинался песней «Шла утушка бережочком… / Вела деточек за собою» (тип «Заплетайся, плетень»)… В украинской и белорусской молодой игре подобные комплексы не зафиксированы, а отдельные песни иногда бытовали в пограничных с русскими районах. (Бернштам Т. А. Птичья символика в традиционной культуре восточных славян. — С. 3.) 

3 Самы поўны варыянт песні: Лапацін Г. I. 3 вопыту вывучэння традыцыйнай культуры Веткаўшчыны. Вёска Барталамееўка // Навуковыя записки Веткаўскага музея народнай творчасці. — Го­мель, 2004. — С. 231-254.

Літаратура

  1. Пашина О. А. Календарные песни весение-летнего цикла юго-восточной Белорус­сии. / Славянский и балканский фольклор. — М., 1986. — С. 44-54.
  2. Гусев В. Е., Марченко Ю. И. «Стрела» в русско-белорусско-украинском пограничье // Этнографические истоки фольклорных явлений. Русский фольклор. Т. XXIV. — Л., 1987.
  3. Смирнова И. Ю. Из истории села Неглюбка // Навуковыя записки Веткаўскага му­зея народнай творчасці. — Гомель, 2004.
  4. Бернштам Т. А. Птичья символика в традиционной культуре восточных славян.
  5. Смирнова И. Ю. Неглюбские молодежные вечера зимнего периода // Мат. Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся». У 2-х ч. Ч. 1. — Гомель, 2004.


Аўтар:
Ірына Смірнова
Крыніца: Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся: Матэрыялы другой Міжнароднай навуковай фальклорна-этналінгвістычнай канферэнцыі Мінск, 14-15 красавіка 2005 г. / Уклад. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: БДУ, 2005. — 338 с. Ст. 225-230.