Першы вопыт іншадумства: гомельскія дысідэнты 50-х гг. (Партыя свабоды рускага народа)

0
1380
Цветная фотография старого универмага в Гомеле

Пасля смерці І. Сталіна пачаўся нядоўгі, але важны перыяд развіцця грамадскага жыцця, які атрымаў у гістарычнай літаратуры і публіцыстыцы назву “адліга”. Усведамленне непарадку ў краіне і неабходнасці перамен хвалявала многіх людзей не толькі ў сталіцах, але і ў правінцыі.

Не абыйшлі гэтыя працэсы і Гомель. Ужо ў ліпені 1953 г. у гарвыканкам прыйшла заява грамадзяніна П. Засухіна аб перайменаванні вуліцы Сталіна. Архівы не захавалі аргументаў, якімі была абгрунтавана заява. Рашэнне ж выканкама палічыла іх “неабгрунтаванымі і ў сувязі з гэтым перайменаванне вуліцы немэтазгодным”1. Адметна, аднак, што ў гэтым жа годзе вуліца Берыі была перайменавана ў Веткаўскую. Нельга не пагадзіцца, што спробы праз усяго 4 месяцы пасля смерці “бацькі народаў” сцерці ягонае імя з карты горада выглядалі як імкненне зрабіць першы крок на пакручастым шляху дэсталінізацыі.

9 лютага 1957 г. у Гомелі былі арыштаваны і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці М. Грачуха, Ф. Казлоўскі, А. Яткін, а 16 сакавіка — іх саўдзельнік М. Дзехцяроў. Рашэннем судовай калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда ад 16верасня яны абвінавачваліся ў стварэнні антысавецкай арганізацыі, выпрацоўцы з гэтай мэтай часовага статута, прысягі дляўступлення ў яе, падрыхтоўцы да выпуску ўлётак. М. Грачуха, памочнік санітарнага ўрача абласной санэпідэмстанцыі і Ф. Казлоўскі, загадчык крамы № 33 Гомельскага гархарчгандлю, былі асуджаны да 10 год пазбаўлення волі. Беспрацоўны Г. Віннікаў – да 5 гадоў. Да 3 гадоў быў асуджаны гравёр фабрыкі “Палесдрук А.Яткін, да 1 года – электраманцёр Гомельскай ЦЭС М. Дзехцяроў1.

Арганізацыя мела назву “Партыя свабоды русскага народа”. Гісторыя яе стварэння сімптаматычна адносна працэсаў, што закранулі пад час “адлігі” самыя глыбінныя пласты грамадства.

2 лістапада 1956 г. знаёмыя па службе М. Грачуха і Ф. Казлоўскі выпадкова сустрэліся на базе гартопу. Паміж імі ўзнікла размова аб падзеях у Венгрыі і Ягіпце. Абодва пагадзіліся, што дзеянні ў гэтых краінах “з’яўляюцца неправільнымі”. Грачуха заявіў: “Людзі ва ўсіх краінах абудзіліся, трэба і нам нешта рабіць”, — і прапанаваў ідэю стварэння “Партыі свабоды рускаганарода” па досьведу іншых краін з шматпартыйнай сістэмай.

У гэты ж дзень з ідэяй быў азнаёмлены прадавач мясакамбіната Г. Віннікаў, які пазней на судзе засведчыў: “Трачуха і Казлоўскі мяне не ўцягнулі ў гэту арганізацыю, я б знайшоў іх сам, бо быў падрыхтаваны для ўступлення ў такую партыю”.

У канцы лістапада 1956 г. з дапамогай М. Дзехцярова пазнаёміліся з гравёрам А. Яткіным, які вырабіў пячатку арганізацыі і вынес з фабрыкі “Палесдрук” 21,3 кг. шрыфту дзеля вырабу улётак і вокладак для партыйных білетаў.

5 і 12 студзеня 1957 г. на кватэры Ф. Казлоўскага адбыліся 2 пасяджэнні бюро ПСРН, былі складзены пратаколы. Аде на гэтым дзейнасць арганізацыі скончылася. Прычына гэтага так сама характарызуе сацыяльна-псіхалагічны стан тагачаснага савецкага грамадства. Знаходзячыся на падпітку, Г. Віннікаў паведаміў аб існаванні партыі свайму саслужыўцу, a потым і супрацоўнікам міліцыі што затрымалі яго. Спахапіўшыся, ён папярэдзіў Грачуху, Казлоўскага і Яткіна, але гэга ўжо не мела значэння. Па-рознаму вялі сябе пад час следства і суда члены ПСРН. Але было відавочна, што ўсе яны, магчыма, за выключэннем Г. Віннікава пайшлі на палітычнае дзеянне свядома. Нягледзячы на тое, што задуманая імі арганізацыя наўрад ці змагла б разгарнуць сур’ёзную палітычную дзейнасць і па суб’ектыўных і, галоўнае, па аб’ектыўных прычынах, дакументы ПСРН цікавыя длядаследчыкаў як сведчанне тагачасных грамадскіх настрояў і чаканняў.

Часовы статут арганізацыі ўключае і праграмныя палажэнні. У ім запісана, што партыя прызнае, акрамя калектыўнай вытворчасці, прыватную ўласнасць на зямлю, вытворчасць і сродкі вытворчасці. Ставілася мэта забеспячэння дэмакратычных прынцыпаў дзейнасці ўсіх арганізацый працоўных, як дзяржаўных так і грамадскіх, як сродкаў будаўніцтва сапраўднага дэмакратычнага грамадства. Зыходзячы з “тэорыі марксізму не на словах а на справе”, ПСРН “кіруецца ў сваей дзейнасці словамі М. Някрасава “Доля народа, счастье его, свет и свобода – прежде всего”. Дакумент адмаўляў кіруючую ролю КПСС, адстойваў шматпартыйнасць, якая стварае сапраўдную дэмакратыю, уздыме аўтарытэт дзяржавы, павысіць дабрабыт народа. Статут дапускаў свабодны ўступ і выхад з партыі, а таксама пераход у іншыя. Ад членаў партыі патрабавалася выкананне задач па “паляпшэнню жыцця народа і здзяйсненню дэмакратычных асноў”. Дэкларавалася сяброўства народаў Вялікай Расіі і ўсягосвету.

У якасці абавязка патрабавалася таксама барацьба са “здзекамі над народам з боку камуністычнай партыі і асобных камуністычных заправіл” і дапамога пацярпелым ад КПСС. Члены камуністычных партый прымаліся ў ПСРН ў выключных выпадках і пасля праверкі. У якасці падставы для выключэння з ПСРН вылучалася “выдача сакрэтных пастаноў партыі СРН, сяброў партыі камуністычным уладам”.

З яшчэ большай сілай антыкамуністычны характар ПСРН адлюстраваны ў тэксце прысягі члена партыі: “Клянуся перад тварам свайго народа аддаць усе сілы на справу вызвалення рускага народа ад камуністычнага гнёту”. У пратаколах паседжанняў бюро ПСРН дадзена ацэнка ўнутранага і міжнароднага становішча СССР, адзначаецца цяжкі стан народа, аб’яднанага КПСС у «т.зв. Савецкі Саюз”. Новая партыя павінна папярэдзіць пераўтварэнне народа ў рабоў у выніку наспяваючай новай сусветнай вайны, усталяваць па-сапраўднаму дэмакратычны і сацыялістычны рускі ўрад, стварыць свабодную, незалежную расію. Адзначалася таксама, што КПСС пасля выкрыцця культу асобы Сталіна страціла ў народзе ўсялякі давер. Члены ПСРН заклікаліся даасцярожных нерызыкоўных дзеянняў з-за распачатых КПСС рэпрэсій.

Відавочна, што ніхто з удзельнікаў новастворанай арганізацыі не мог прэтэндаваць на ролю інтэлектуальных лідараў дэмакратычнага руху. Ніхто з іх не меў вышэйшай адукацыі і сталага вопыту палітычнай дзейнасці. Агульным для ўсіх членаўПСРН было ўсведамленне несправядлівасці, ненармальнасці, ілжывасці існуючай рэчаіснасці. Выйсце са становішча яны шукалі ў межах сацыялістычнага выбару і “сапраўднага” практычнага ўвасаблення марксізму-ленінізму. У тактычных падыходах удзельнікі адрозніваліся. М. Грачуха адстойваў паступовую і карпатлівую работу па прыцягненню новых членаў партыі. Ф. Казлоўскі выступаў за радыкалькыя дзеянні, аж да збору зброі, выпуску ўлётак, арганізацыі радыёпрапаганды. Сярод заснавальнікаў ПСРН 2 беларусы, 2 рускіх, 1 украінец. Але ў нацыянальных арыентацыях для ўсіх характэрна адмаўленне савецкай дзяржаўнасці і прыхільнасць да вялікарасійскай – рыса досыць распаўсюджаная ў тагачаснай масавай свядомасці. Безумоўна, аднак, што ПСРН — перш за ўсё і галоўным чынам, праява сацыяльнага пратэсту.

Літаратура

1. У артыкуле выкарыстаны матэрыяльі з архіва УКДБ па Гомельскай вобласці. Следчая справа № 175.

 

Аўтар: Градзіцкі А.Д. (Гомель, Управа КДБ па Гомельскай вобласці)

Крыніца: Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Гомельшчына – старонкі мінулага” (15-16 лютага 1996 г.), Гомель, 1996, ГДУ.