Конфэрэнцыя адчынілася 24 кастрычніка мінулага году і зачынілася 26-га. На Конфэрэнцыю зьявілася 18 дэлегатаў ад раёнаў і 15 дэлегатаў ад гораду. Парадак Конфэрэцыі быў наступны: 1) Савецкае будаўніцтва і роля краязнаўства (даклад т. Зіміна, прадстаўніка Мазырскага Акругкому); 2) Стан краязнаўства на Мазыршчыне і чарговыя задачы краязнаўства на падставе пастаноў ЦБК (даклад т. Крукоўскага і садаклад прадстаўніка ЦБК т. Атраховіча); 3) Праца краязнаўчых організацый у галіне экономічнай (даклад тав. Балабанава, прадстаўніка Акрпляну); 4) Сэкцыйная праца (разгляд тэзісаў аб працы ў галінах: прыродна- географічнай, мовазнаўчай і гістарычна-архэолёгічнай); 5) прыняцьце статуту, выбары праўленьня і рэвізійнай камісіі.
У сваім дакладзе аб стане краязнаўчай працы на Мазыршчыне т. Крукоўскі зазначыў, што Мазырскае Акруговае Т-ва да ліпня месяца не вяло сталай працы і, каб ажывіць працу, зрабіць яе плянавай, сыстэматычнай, была паднята кампанія ў друку, былі праведзены раённыя краязнаўчыя конфэрэнцыі з удзелам прадстаўнікоў ад акруговага т-ва, ставіліся пытаньні аб краязнаўчай працы ў аўторытэтных акруговых установах.
Цяпер па акрузе ёсьць т-ва краязнаўства ў кожным раёне. Ёсьць па акрузе 34 пункты, у якіх вядуцца мэтэоролёгічныя, або фэнолёгічныя назіраньні. Вяліся досьледы карысных выкапняў, знойдзена балотная жалезная руда, добрая гліна і месцам бурштын. У некаторых мясцох былі зроблены геолёгічныя досьледы, для чаго скарысталі выпадак, як капалі артэзіянскую студню глыбінёю ў 650 футаў, і ўзялі ўзоры слаёў. Сфотографаваны некаторыя помнікі старасьвеччыны, сабрана больш за 2.000 слоў, 200 узораў народнай творчасьці і 50 розных монэт. Набыты некаторыя дапаможныя прылады па працы ў геолёгічнай і мэтэоролёгічных галінах. Праца акруговага т-ва ўвязваецца з працаю Акрпляну і Статуправы. У акруговым т-ве існуюць сэкцыі: прыродна-географічная, мовазнаўчая, гістарычна – архэолёгічная, экономічная і яўрэйская. З гэтых сэкцый працы яшчэ не вяла Экономічная, а таксама Яўрэйская сэкцыя.
З раённых т-ваў лепш за ўсё працуе Тураўскае і зусім не працуе Калінкавіцкае.
Т. Балабанаў у сваім дакладзе аб працы краязнаўчых організацый у экономічнай галіне спыніўся на разьвіцьці прамысловасьці ў Мазыршчыне і паказаў на магчымасьць разьвіцьця смалакурэньня і ганчарнай прамысловасьці. Краязнаўчым організацыям неабходна выяўляць сырцовыя рэсурсы і гэтым дапамагаць разьвіцьцю мясцовай прамысловасьці.
У канцы Конфэрэнцыі быў зацьверджаны статут акруговага т-ва краязнаўства, які падпісалі ўсе прадстаўнікі раённых т-ваў. Была яшчэ прынята пастанова аб пераорганізацыі самога акруговага т-ва і было вырашана заміж існуючых утварыць сэкцыі: прыродна – географічную, грамадзка-экономічную, культурна- гістарычную і яўрэйскую. У новае акруговае праўленьне т-ва краязнаўства абрана 11 чалавек.
Конфэрэнцыя прайшла досыць актыўна: па некаторых дакладах выступала ў спрэчках да 20 асоб.
Аўтар: В. Самцэвіч.
Крыніца: часопіс “Наш край”, 1927, № 1. С. 80-81.