Першае святкаванне на Гомельшчыне «нацыянальнага свята беларускага народа» — дня вызвалення Беларусі

0
1140
Першае святкаванне на Гомельшчыне Дзень вызвалення Беларусі

У гады Вялікай Айчыннай вайны народы СССР, ратуючы сваю краіну ад фашысцкай навалы, былі вымушаны ўратаваць і тую ўладу, якая склалася ў ёй да пачатку вайны — таталітарную сталінскую сістэму. А яна не для ўсіх народаў савецкай краіны была аднолькава сваёй, бо яе ўзнікненне не ў аднолькавай ступені было абумоўлена карэннымі тэндэнцыямі гістарычнага развіцця кожнага з іх. Для рускага народа гэта ўлада была вынікам перамогі адной яго часткі над другой у грамадзянскай вайне, якая завяршылася ўсяго за 20 гадоў да нападзення фашысцкай Германіі на СССР. У 1941 г. ў вайну са знешнім ворагам уступіў народ, старэйшае і сярэдняе пакаленні якога яшчэ нядаўна былі расколатыя ўнутранай крывавай барацьбой і не паспелі сцерці яе са сваёй свядомасці. У такой сітуацыі ўдзел у справядлівай абарончай вайне і дасягнутая перамога ў ёй не азначалі ўзнікнення даверу да ўлады з боку ўсяго народа, як і не азначалі поўнага прымірэння з ёю. Гэта разумеў і Сталін. «У нас няма ніякіх ілюзій наконт таго, быццам яны (рускія людзі) змагаюцца за нас, — прызнаўся ён у размове з паслом ЗША ў Маскве А. Гарыманам у верасні 1941 г. — Яны змагаюцца за маці-Расію» [1, с. 49]. Гэта ацэнка, справядлівая адносна рускага народа, яшчэ ў большай ступені справядлівая ў дачыненні для народаў Беларусі, Украіны, іншых народаў, спрабаваўшых яшчэ ў час устанаўлення ў Расіі бальшавіцкай улады выйсці з яе складу і стварыць свае, асобныя ад Расіі, дзяржавы. Аднак яна справядлівая з той папраўкай, што і гэтыя народы ў вайне змагаліся за сваю маці-Айчыну, якую аб’яднала з Расіяй агульная небяспека. Многафактарны падыход да гісторыі вайны неабходны, каб зразумець яе складаны, «многаслойны» і трагічны характар. З гэтых пазіцый варта глянуць і на святкаванне на Гомельшчыне (у сучасных яе межах) першай гадавіны вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Ідэалогія свята 1945 г., якая ніколі не паўтаралася да канца савецкай эпохі, сведчыць аб істотных праблемах, якія мела савецкая ўлада ў працэсе прыстасавання да новых умоў, што склаліся на зямлі Беларусі пасля вызвалення.

Усведамленне няпоўнага супадзення мэтаў і вынікаў вайны для бальшавіцкай улады і для большасці беларускага народа было адной з відавочных прычын прыняцця ЦК УКП(б) у Маскве на працягу паўгода пасля вызвалення Беларусі некалькіх пастаноў аб палітычнай рабоце на вызваленай тэрыторыі. Адной з яе мэтаў павінна было стаць «выкрыццё фашысцкіх і кулацка-нацыяналістычных паклёпаў на савецкі лад і калгасы» [2, с. 509]. Як бачым, у гэтай фармулёўцы акцэнтаваліся «кулацка-нацыяналістычныя паклёпы», якіх наўрад ці даводзілася чакаць дзе-небудзь у Расіі. Звернем увагу і на тое, што калгасы як аб’ект гэтых «паклёпаў» ставіліся на адзін узровень з савецкім ладам. Тым самым савецкае кіраўніцтва выяўляла сваё ўсведамленне пэўнай нацыянальнай спецыфікі сітуацыі на вызваленай тэрыторыі заходніх савецкіх рэспублік, разам з усведамленнем таго, што менавіта аднаўленне калгаснай сістэмы справакуе тут найбольш энергічнае супраціўленне народа. Ёсць падставы сцвярджаць, што з улікам патоку інфармацыі аб адпаведных настроях і пачатку такога супраціўлення якраз і былі прынятыя названыя пастановы [3], [4, с. 532], [5, с. 92-93].

Вяртаючыся на вызваленую тэрыторыю Беларусі, савецкая ўлада сустрэлася тут з народам, які моцна змяніўся за гады вайны. З аднаго боку, вайна прымусіла мільёны мужчын і жанчын засяродзіцца на барацьбе за біялагічнае выжыванне, за стварэнне людскіх умоў для існавання. Але, з другога боку, клопатамі аб кавалку хлеба надзённага былі ахоплены людзі, набыўшыя за гады вайны новы вопыт і новыя духоўныя якасці. Вырасла пачуццё іх годнасці як пераможцаў у барацьбе з небяспечным і моцным ворагам, усведамленне сваёй ролі як ратавальнікаў краіны. Гэтыя пачуцці нараджалі ў людзей спадзяванні і нават упэўненасць у тым, што яны заслугоўваюць лепшага жыцця, чым тое, якое мелі ў даваенны час, і лепшых адносін да сябе з боку ўлады. Упэўненасць у сваім праве на лепшае жыццё падмацоўвалася назіраннямі, вынесенымі мільёнамі савецкіх людзей з іх вызваленчага паходу ў Еўропу, дзе яны ўбачылі іншае, больш забяспечанае жыццё вызваленых народаў, дасягнутае ў іншай сістэме сацыяльна-эканамічных і палітычных адносін. Носьбітамі інфармацыі аб жыцці на Захадзе сталі таксама грамадзяне, рэпатрыіраваныя з Германіі, і беларусы з Польшчы, пераселеныя ў Беларусь адпаведна з польска-савецкім пагадненнем (верасень 1944 г.) аб абмене насельніцтвам. У Гомельскую вобласць па стану на 17 ліпеня 1945 г. вярнуліся з Германіі 1324 чалавекі (найбольш — у Гомельскі сельскі раён і ў Гомель), а з Польшчы к пачатку красавіка 1945 г. пераехалі 848 сямей, усяго 4318 чалавек [6, л. 129], [7, л. 64-64 адв.]. У чэрвені 1945 г. бюро Гомельскага абкама партыі было вымушана прыняць пастанову, якая патрабавала ад партыйных і савецкіх органаў «узмацніць масава-палітычную работу» сярод гэтых катэгорый насельніцтва [8, л. 296-297]. Уключэнне гэтых груп насельніцтва ў пасляваеннае жыццё накладвала свой адбітак на грамадскую сітуацыю ў Гомельскім рэгійне, далучаючыся да іншых фактараў, такіх, як працяглая яго распалавіненасць лініяй фронту, суседства з Заходняй Беларусю, дзе людзі на працягу цэлага пакалення жылі ў іншых умовах і пасля вайны аказаліся лепш забяспечанымі, і г. д.

Галоўным накірункам масава-палітычнай работы партыйных органаў Гомельшчыны у першы пасляваенны год было аднаўленне і замацаванне тых схем грамадскага развіцця, якія склаліся да вайны і забяспечвалі манапольнае становішча бальшавіцкай партыі ў палітычнай сістэме краіны. Дзеля гэтага ў поўную сілу эксплуатаваўся фактар перамогі савецкага народа ў вайне з фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі. Перамога была абвешчана трыумфам сацыялістычнага грамадскага ладу і сведчаннем высокай эфектыўнасці палітыкі бальшавіцкай партыі.

Першай масавай палітычнай кампаніяй пасля завяршэння вайны, прычым, беспрэцэдэнтнай па сваім характары, было святкаванне 3 ліпеня 1945 г. гадавіны вызвалення Мінска. Рашэнне аб святкаванні гэтай даты было прынята ЦК КП(б)Б 22 мая 1945 г., а на яго аснове Гомельскі і Палескі абкамы партыі (як, напэўна, і ўсе астатнія) прынялі свае аналагічныя пастановы. Было вырашана «дзень 3 ліпеня — гадавіну вызвалення сталіцы Беларусі горада Мінска правесці як усенароднае нацыянальнае свята перамогі і вызвалення беларускага народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» [8, л. 288], [9, л. 40; выдзелена намі]. Наданне гэтай падзеі ў партыйных рашэннях характара ўсенароднага нацыянальнага свята беларускага народа і па-сапраўднаму шырокі размах яго святкавання ў 1945 г. былі тымі яго кампанентамі, якія і вызначылі яго беспрэцэдэнтны характар. Адпаведна з пастановамі абкамаў партыі ў гонар гэтага свята на ўсіх прадпрыемствах і ўстановах было разгорнута сацыялістычнае спаборніцтва, вялася лекцыйная прапаганда гераічнай барацьбы беларускага народа, упрыгожваліся гарады, былі праведзены фізкультурныя святы. 2 ліпеня прайшлі ўрачыстыя сходы на ўсіх прадпрыемствах, 3 ліпеня адбыліся масавыя мітынгі і дэманстрацыі працоўных у раённых і абласных цэнтрах. Матэрыялы аб падрыхтоўцы да свята друкаваліся на першай старонцы «Гомельскай праўды» пад рубрыкай «Нацыянальнаму святу — дастойную сустрэчу». Пасля свята газеты надрукавалі даклад першага сакратара ЦК КП(б)Б і старшыні Саўнаркама БССР П. Панамарэнкі на VII сесіі Вярхоўнага Савета БССР, прысвечаны першай гадавіне вызвалення Беларусі, у якім таксама акцэнтаваліся нацыянальныя кампаненты яе нядаўняй гісторыі, што да вайны было зусім не характэрна для партыйнай прапаганды. Панамарэнка, у прыватнасці, сказаў, што ў Вялікай Айчыннай вайне беларускі народ адстойваў не толькі «сваю любімую Радзіму» — СССР, але і «сваю беларускую савецкую дзяржаву, створаную Леніным і Сталіным у 1919 г.» У гэтай барацьбе, адзначыў дакладчык, «яшчэ больш вырасла… нацыянальная самасвядомасць» беларускага народа. Панамарэнка падкрэсліў таксама гістарычнае значэнне аб’яднання беларускага народа ў адной беларускай дзяржаве і прызнанне гэтага гістарычнага акта з боку Часовага ўрада Польшчы і Арганізацыі Аб’яднаных нацый [10].

На той жа VII сесіі Вярхоўнага Савета БССР быў прыняты закон «Аб азнамянаванні перамогі і ўвекавечанні памяці воінаў, загінуўшых у перыяд Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза». Сярод мер, пакліканых ушанаваць перамогу і памяць загінуўшых дзеля яе воінаў, гэтым законам дзень 3 ліпеня быў абвешчаны штогадовым Святам Перамогі і вызвалення беларускага народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў [11, с. 121].

Такі выбух беларускай патрыятычнай энергіі з боку рэспубліканскіх і абласных кіраўнікоў Беларусі патрабуе рацыянальнага тлумачэння, бо нельга ж западозрыць іх у тым, што ўсе яны раптам і ўсе як адзін трапілі пад уплывы беларускага нацыяналізму. Першая прычына такога беларускага патрыятычнага ўздыму ў гэтым асяроддзі ўгадваецца пры разглядзе яго ў сувязі з разгорнутай у гэты час актыўнасцю Беларусі на міжнароднай арэне. Святкаванне 3 ліпеня як вялікага нацыянальнага свята было разгорнута пасля прыняцця БССР у Арганізацыю Аб’яднаных Нацый (ААН) у якасці адной з дзяржаў-заснавальніц і ў той самы час, калі беларуская ўрадавая дэлегацыя прыступіла да работы на яе ўстаноўчай канферэнцыі ў Сан-Фрацыска [12, с. 151-156]. Шумнае святкаванне дня вызвалення Беларусі, у ходзе якога экспаніравалася не толькі наяўнасць, але і сталасць беларускай савецкай дзяржавы, яе вялікі ўклад у барацьбу народаў супраць фашызма, павінна было служыць пацвярджэннем права БССР на месца ў ААН і аблегчыць працу яе дэлегацыі на ўстаноўчай канферэнцыі.

Але гэта была хоць і важная, але не адзіная прычына. Святкаванне дня вызвалення Беларусі як вялікага нацыянальнага свята арганічна ўстала ў тую лінію ідэалагічнай работы, якую да пачатку другога года вайны выпрацавала беларускае партыйнае кіраўніцтва, калі ўсвядоміла, што ва ўмовах цяжкіх паражэнняў Чырвонай Арміі яно прайграе ворагу прапагандысцкую вайну на акупіраванай тэрыторыі. Агульныя эгаістычныя заклікі савецкага ўрада да татальнага супраціўлення насельніцтва акупантам накшталт спальвання хлеба і г. д., без уліку таго ўплыву, які яны аказвалі на лёс пакінутых уладай людзей, былі неэфектыўнымі [13, с. 155-167]. Давялося звярнуцца да больш глыбокіх і не экспанаваўшых класавую сутнасць даваеннай савецкай улады ідэй. Такімі ідэямі аказаліся нацыянальныя. Таму следам за паваротам агульнасаюзнага кіраўніцтва да акцэнтацыі даўніх гістарычных традыцый барацьбы рускага народа са знешнім ворагам, ідэі славянсага адзінства ў гэтай барацьбе, следам за ўвядзеннем ордэнаў А. Неўскага, А. Суворава, М. Кутузава, у прапагандзе, адрасаванай насельніцтву акупіраванай Беларусі, з’яўляюцца спасылкі на персанажаў беларускай гісторыі — «народных правадыроў, кіраўнікоў паўстанняў у барацьбе за сваю годнасць, за свой гонар і свабоду». Напэўна, найбольш вымоўнымі ў гэтым кантэксце з’яўляюцца факты прысваення некалькім беларускім партызанскім фарміраванням імя Кастуся Каліноўскага. П. Панамарэнка, ужо тады асвоіўшы беларускую нацыянальную фразеалогію, нават прапанаваў сфарміраваць дзве беларускія арміі са сваімі адрозненнямі ад астатніх савецкіх у форме адзення і з нацыянальнымі назвамі дывізій і палкоў, са сваімі традыцыямі выхавання іх асабовага складу [14, с. 5-6]. Гэты праект не быў рэалізаваны па невядомых пакуль прычынах, але сам факт яго з’яўлення добра ілюструе характар павароту ў ідэалагічнай рабоце савецкай улады на тэрыторыі Беларусі, трапіўшай пад акупацыю. Паколькі праз год пасля вызвалення прычыны, якія прывялі да гэтага павароту, не да канца былі ліквідаваныя (між іншым, пачаў усведамляцца ўплыў беларускай калабарацыі на развіццё культуры, адукацыі, на пашырэнне ідэі беларускай дзяржаўнасці), то і новая лінія ідэалагічнай работы яшчэ некаторы час заставалася актуальнай.

Разам з тым, беларускае партыйнае кіраўніцтва паспяшалася абазначыць тую мяжу ў сваім нацыянальным ухіле, якую яно ні ў якім разе не збіралася перайсці, прычым, зрабіла гэта спосабам, аднолькава зразумелым як для мас беларускага народа, так і для яго маскоўскіх уладароў. У маштабную кампанію, разгорнутую ў сувязі са святкаваннем 3 ліпеня 1945 г. «нацыянальнага свята беларускага народа», быў ўключаны збор подпісаў пад пісьмом «працоўных Беларускай ССР Вялікаму правадыру народаў Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну». Пісьмо было надрукавана вялікім накладам у выглядзе брашуры з чыстымі апошнімі старонкамі, прадугледжанымі для яго падпісання. Як адзначалася ў яго тэксце, «пісьмо абыйшло ўсе гарады, пасёлкі, калгасы і вёскі Савецкай Беларусі», і гэта сцвярджэнне не з’яўляецца перабольшваннем. На апошніх старонках шматлікіх экзэмпляраў гэтага дакумета, якія захоўваюцца ў архіве, мы бачым дзесяткі подпісаў, зробленых не прывыклымі да пісання рукамі калгаснікаў усіх 12 раёнаў былой Палескай вобласці. Відавочна, ёсць яго экзэмпляры і ад іншых абласцей і раёнаў.

Аб чым жа пісалі працоўныя Гомельшчыны і ўсёй Беларусі «вялікаму правадыру», дакладней, ад іх імя — кіраўнікі БССР? У дзень 3 ліпеня, (двойчы ў тэксце названым «нацыянальнага святам беларускага народа»), яны звярталіся да яго «з бязмежнай любоўю і сыноўняй удзячнасцю», услаўлялі яго і «партыю Леніна — Сталіна», дзякавалі «вядучай рускай нацыі» (так у тыя дні рускі народ назваў Сталін) і іншыя народы СССР за дапамогу ў вызваленні. Узгадаўшы далей асноўныя этапы гістарычнага шляху беларускага народа — зразумела, адпаведна з яго бальшавіцкай і прарасійскай трактоўкай — аўтары пісьма падкрэслілі, што толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі народ устаў на шлях будаўніцтва ўласнай дзяржаўнасці і пераадолення векавой адсталасці, дасягнуў вялікіх поспехаў на гэтым шляху, а ў гады вайны пад кіраўніцтвам партыі, «па Вашым закліку, таварыш Сталін» узняўся на барацьбу і адстаяў сацыялістычныя заваёвы. Такі ў самым кароткім пераказе асноўны змест ліста. Але яго сэнс выяўляецца, на нашу думку, на яго апошніх, 13-14 старонках, дзе ад імя беларускага народа дадзена клятва Сталіну як «главе Ўрада, правадыру партыі і народа»: «Абяцаем Вам, дарагі наш таварыш Сталін, мацаваць сталінскую дружбу народаў, берагчы наш савецкі і калгасны лад, умацоўваць ваенную і эканамічную моц СССР і пад Вашым геніяльным кіраўніцтвам ісці наперад да новых перамог сацыялізма» [15, л. 2-9 адв.]. Такім чынам, пісьмо Сталіну было своеасаблівымі палітычнымі «заручынамі» беларускага народа з савецкай уладай, з яе сталінскім кіраўніцтвам, зладжанымі ад імя народа яго бальшавіцкімі кіраўнікамі. Яны аказаліся неабходнымі гэтай уладзе якраз таму, што больш чым за тры гады вайны асновы гэтай улады, асабліва такія, як калгаснае прыгоннае права, моцна пахіснуліся. Крамлю як бы паведамлялі з Мінска, што нягледзячы на нацыянальную рыторыку, якой суправаджалася ўступленне БССР у ААН і святкаванне дня вызвалення 3 ліпеня, Беларусь застаецца разам з Савецкай Расіяй і пад яе сталінскім кіраўніцтвам.

«Гомельская праўда», якая 13 ліпеня 1945 г. апублікавала тэкст пісьма Сталіну, паведаміла, што яго ў БССР падпісалі 2547300 чалавек. Разгорнутая ў сувязі з падпісаннем палітычная кампанія «ахалоджвала» атмасферу святкавання першай гадавіны вызвалення Беларусі як нацыянальнага свята беларускага народа. Яна сведчыць аб тым, што ўхіл партыйнага кіраўніцтва рэспублікі на нацыянал-камуністычныя пазіцыі быў павярхоўным, кароткачасовым, вымушаным неабходнасцю, з аднаго боку, апанаваць сітуацыю ў краіне, у якой народ за гады вайны прывык супраціўляцца гвалту; з другога боку, яна прызначана была паслужыць візітнай карткай для кіраўнікоў БССР пры ўваходжанні рэспублікі ў ААН. Але прынцыповае прызначэнне абедзвюх звязаных паміж сабой кампаній — святкавання дня вызвалення Беларусі як нацыянальнага свята беларускага народа і стварэння ад яго імя падданніцкага ліста Сталіну — было ў істоце сваёй адно: яны павінны былі служыць сродкам мабілізацыі мас для працягу працэсу аднаўлення ў поўным аб’ёме сацыялістычнага ладу з яго вядомай з даваеннага часу палітычнай сістэмай.

З наступнага года свята вызвалення Беларусі ў партыйнай прапагандзе перастануць называць нацыянальным, хоць яно застанецца «вялікім» і «ўсенародным». Акрамя таго, яго пачнуць звязваць з датай звароту Сталіна да народаў Савецкага Саюза 3 ліпеня 1941 г. А народ будзе адсунуты на задні план, за плечы «правадыра». За гэтым неўзабаве адновяцца і рэпрэсіі супраць іншадумцаў.

Літаратура

  1. «Русские шли волна за волной…» Беседа американского профессора Урбана с бывшим послом в СССР А. Гарриманом // Родина. — 1991. — № 6-7. — С. 58
  2. Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. — Т. 3: 1933 — 1945. — Минск: Беларусь, 1985. — 551 с.
  3. Корж В. З. Докладная записка о проделанной работе в тылу врага за период с первых дней войны, т. е. с июня 1941 г. по 3-е апреля 1942 г.: публ. В.І. Ермаловіча // Беларускі гіст. часопіс. — 1994. — № 2. — С. 16-19.
  4. Кузьменка У. Жыццё насельніцтва ў гады акупацыі // Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917-1945 гг. / А. Вабішчэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касцюк (гал. рэдактар) [і інш.] — Мінск: Экаперспектыва, 2006. — С. 218-233.
  5. Беларусь 1941-1945: Подвиг. Трагедия. Память. В 2 кн. — Кн 2. Нац. акад. наук Беларуси, Ин-тут истории; редкол.: А.А. Коваленя (предс.) [и др.] — Минск: Беларус. навука, 2010. — 358 с.
  6. Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці (далей — ДАГАГВ). — Ф. 144. — Воп. 5. — Спр. 62.
  7. ДАГАГВ. — Ф. 144. — Воп. 2. — Спр. 62.
  8. ДАГАГВ. — Ф. 144. — Воп. 1. — Спр. 35.
  9. ДАГАГВ. — Ф. 702. — Воп. 13. — Спр. 139.
  10. Гомельская праўда. — 10 ліпеня 1945.
  11. Очерки истории государства и права БССР. Вып. 2. — Минск: Изд-во БГУ им. В.И. Ленина, 1969. — 384 с.
  12. Снапкоўскі У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: Вучэб. дапам.: У 2 ч. Ч. 2. Ад канца XVIII да пачатку XXI ст. / У.Е. Снапкоўскі. — Мінск: БДУ, 2004. — 302 с.
  13. Болсун Г. Пропагандистская работа противоборствующих сторон среди населения оккупированной Беларуси (1941-1944 гг.) / Г. Болсун // Пытанні гісторыі, метадалогіі і методыкі выкладання. Зб. навук. артыкулаў. — Вып. 1. — Мінск : БДПУ імя М. Танка, 1998. — С. 155-167.
  14. Вялікі А. Асоба Кастуся Каліноўскага і паўстанне 1863-1864 гг. у ідэалогіі КП(б)Б (другая палова 1920-х — 1950-я гг.) / А. Вялікі // Беларускі гіст. часопіс. — 2014. — № 6. — С. 3-9.
  15. ДАГАГВ. — Ф. 702. — Воп. 29. — Спр. 79.


Аўтар:
Р.Р. Лазько
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 4 (85), 2014 Ст. 77-81.