Перайменаванні Усходняга Палесся, матываваныя апелятывамі з сімвалічным значэннем

0
415
Перайменаванні Усходняга Палесся, матываваныя апелятывамі з сімвалічным значэннем

Перайменаванні назваў населеных пунктаў з рознай ступенню інтэнсіўнасці выяўлены ў кожны гістарычны перыяд. На тэрыторыі сучаснай Беларусі дэнамінацыя найменняў у мінулыя стагоддзі мела эпізадычны характар: Крутагор’еКойданаваДзяржынск, Ельск — КаралінМікалаеўскЕльск. На змену намінацыі тапааб’ектаў часта ўплываюць палітычныя і грамадскія падзеі. Пасля 1917 года ў айканіміі краіны засведчана вялікая колькасць перайменаванняў і з’яўленне новых назваў аб’ектаў. Значную групу сярод такіх наватвораў ХХ стагоддзя ў беларускай тапаніміі складаюць найменні, утвораныя ад апелятываў, што абазначаюць умоўныя сімвалы савецкага перыяду і адлюстроўваюць сэнс новай савецкай ідэалогіі. Сярод іх вылучаюцца адзінкі, утвораныя ад апелятываў, якія выражаюць абнаўленне жыцця (Адраджэнне, Зара, Свабода), ад апелятываў, што з’яўляюцца аптымістычнымі рэвалюцыйнымі вобразамі (Іскра, Знамя), ад апелятываў, якія сведчаць пра грамадскі рух наперад, ідэі сацыяльных прагрэсіўных пераўтварэнняў (Прагрэс, Пражэктар), ад апелятываў, якія адлюстроўвалі ідэі сяброўства, інтэрнацыяналізма (Дружба, Камінтэрн) і інш.

Перайменаванні басейна Дняпра ў артыкуле абмяжоўваюцца Усходнім Палессем, а менавіта межамі сучаснай Гомельскай вобласці. Найменні ад сімвалічных апелятываў асабліва частотны ва ўсходняй частцы Гомельшчыны. Так, у Буда-Кашалёўскім раёне з 1975 года засведчана новае ўтварэнне Светлы, суадноснае з лексемай светлы (светлая, светлыя) ‘нічым не азмрочаны, шчаслівы, азораны ўнутраным пачуццём радасці, прасякнуты аптымізмам, узнёслы’. Новая назва ў форме субстантываванага прыметніка Рассветная паходзіць ад рускамоўнага апелятывам рассвет (беларускі адпаведнік золак) ‘пачатак світання’. Айконім Мірны матываваны лексемай мірны (мірная) „які мае адносіны да міру’. Назва Вазраждзенне ўтворана ад рускамоўнага апелятыва возрождение (беларускі адпаведнік адраджэнне) ‘абуджэнне да новага жыцця’, што ўмоўна перадае пачатак новага этапу ў жыцці краіны. У Жлобінскім раёне з 1968 года засведчана новае найменне Адраджэнне, якое таксама ўзыходзіць да лексемы адраджэнне, што ўмоўна, на думку стваральнікаў назвы, перадавала пачатак новага этапу ў жыцці краіны. У гэты ж час на Жлобіншчыне з’яўляецца новае ўтварэнне Савецкая, суадноснае з лексемай савецкі (савецкая) „які мае адносіны да Краіны Саветаў, да СССР’.

У Гомельскім раёне засведчаны айконім Пуцяводная Звязда, які матываваны рускамоўным спалучэннем пуцяводная звязда (беларускі адпаведнік пуцяводная зорка) „тое, што вызначае кірунак, развіццё чаго-небудзь’. У 1965 годзе з’явілася найменне Сонечны, утворанае ад лексемы сонечны (сонечная) „асветлены сонцам, радасны, светлы, шчаслівы’. Назва Юбілейны, што вядома з 1969 года, паходзіць ад апелятыва юбілейны „які мае адносіны да юбілею’, юбілей ‘гадавіна дзейнасці каго-небудзь або існавання чаго-небудзь, якая вылічваецца звычайна дзесяцігоддзямі і ўрачыста адзначаецца грамадскасцю’.

У Светлагорскім раёне ў 1926 годзе з’явілася новая назва Прасвет, што ўзыходзіць да лексемы прасвет ‘перан. радасць, шчасце ў звычайна бязрадасным жыцці’. Найменне Светач, што суадносіцца з апелятывам свет (беларускі адпаведнік святло) ‘крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго-небудзь’, вядома з 1964 года. Назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Светлагорск з’яўляецца штучным кампазітам ад лексем светлы і горы з фарм антам -ск.

Новы айконім Чырвоны Алёс у Добрушскім раёне часткова захоўвае страчаную назву Алёс, якая існавала да 1964 года. Яна паходзіць ад полісемантычнай лексемы алёс ‘мокрае месца; торф, тарфяное балота, дрыгва, нізкае месца, якое зарасло травой і рэдкім алешнікам; заліўны луг; забалочанае месца’ [9, с. 36]. Атрыбутыўны кампанент чырвоны ўказвае на сувязь з рэвалюцыйнай дзейнасцю, з савецкай дзяржавай, сацыялістычным ладам. З 1934 года існуе назва Надзежда ад рускамоўнага апелятыва надежда (беларускі адпаведнік надзея) „чаканне чаго-небудзь добрага, якое спалучаецца з упэўненасцю ў тым, што яно збудзецца’. Найменне Знамя, матываванае ідэалагізаваным рускамоўным апелятывам знамя (беларускі адпаведнік сцяг) „умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы; ідэя, якая служыць асновай адзінства’, узнікла на Добрушчыне ў 1964 годзе.

Адразу дзве адзінкі Чырвоны Кастрычнік выяўлены ў межах Добрушчыны, якія ўтвораны ад назвы калгаса “Чырвоны Кастрычнік”, суадноснай з ідэалагізаванай лексемай кастрычнік „Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя 1917 года, а таксама яе гадавіна 7 лістапада’. З кампанентам чырвоны засведчаны і айконім Чырвоны Партызан, які да 1938 года меў назву Плутоўка. Найменне ўзнікла ад назвы калгаса “Чырвоны Партызан” або ад апелятыва партызан „удзельнік узброенай барацьбы, якая вядзецца атрадамі народных мас на акупіраванай тэрыторыі’. У Хойніцкім і Добрушскім раёнах у 1964 годзе ўзніклі назвы Чырвоны Рог. Айконім захоўвае субстантыўны кампанент папярэдняй назвы рог (ст. -бел. рогъ) ‘вугал’ [2, с. 29], „вузкі канец поля, сенажаці’ [8, т. 4, с. 290], „выступ, клін поля, лесу, лугу’ [9, с. 579]. Ад’ектыў чырвоны надае ідэалагічную канатацыю. Адразу два паселішчы ідэнтыфікуе новае найменне Чырвоны Сцяг , што ўзыходзіць да лексемы сцяг „умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы; ідэя, якая служыць асновай адзінства’.

У Рагачоўскім раёне з 1964 года засведчаны айконім Перадавая ад лексемы перадавы (перадавая) „які знаходзіцца наперадзе астатніх’. Да 1935 года існавала назва з зацемненым паходжаннем Падувінск, якая была заменена на найменне Наваселле, што паходзіць ад лексемы сяло ‘вялікая вёска, гаспадарчы і адміністрацыйны цэнтр для навакольных паселішчаў; любы населены пункт негарадскога тыпу’. Традыцыйна такія адзінкі ўказвалі на паселішча ў пэўным новым месцы, у савецкі час яны меркаваліся як абноўленыя паселішчы, якія існавалі ў новых рэаліях.

З 1925 года засведчана назва Чырвоная Слабодка з сімвалічным кампанентам чырвоны ў Рэчыцкім раёне, яна матывавана апелятывам слабада ‘пасёлак або гарадскі квартал у Расіі, на Беларусі і Украіне ў ХІ-ХУШ стст., жыхары якога не былі прыгоннымі або часова вызваляліся ад падаткаў і іншых павіннасцей, вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак’. Назва паселішча Зялёны Май, што з’явілася ў 1935 годзе, утворана ад ад’ектыва зялёны і лексемы май, якая набыла сімвалічнае значэнне ў сувязі з Днём Міжнароднай салідарнасці працоўных (Першае Мая). У 1936 годзе ўзнікла адзінка Рассвет, што паходзіць ад рускамоўнага апелятыва рассвет (беларускі адпаведнік золак) „пачатак світання’, світанне ‘час перад усходам сонца, калі пачынае віднець; самы пачатак раніцы’. З гэтай тапаасновай засведчана з 1971 года і новае ўтварэнне Рассвет у Чачэрскім раёне. У 20-я гады ў гэтым жа раёне ўзніклі назвы Новая Ніва і Новая Вёска. Яны паходзяць ад лексемы ніва ‘апрацаванае пад сяўбу поле’ і ад апелятыва вёска ‘сельскае паселішча’, „сельская мясцовасць’. Кампанент новы ў складзе адзінак з’яўляецца своеасаблівым сімвалам новага ладу. Найменне Дружбічы ўзыходзіць да абстрактна-сімвалічнага апелятыва дружба ‘блізкія прыязныя адносіны паміж кім-небудзь’ з патранімічным фармантам -ічы, які традыцыйна абазначаў калектыў жыхароў.

На Кармяншчыне з 1963 года засведчана назва Труд, што суадносіцца з рускамоўным апелятывам труд (беларускі адпаведнік праца) ‘чалавечая дзейнасць, накіраваная на стварэнне матэрыяльных і культурных каштоўнасцей’. У гэтым жа раёне з 1951 года вядомы айконім Першая ступень. Ён матываваны апелятывам ступень ‘этап у развіцці, здзяйсненні чаго-небудзь’. Атрыбутыўны кампанент першая ўказвае на яе перадавы, вядучы характар.

У Лоеўскім раёне назва паселішча Новая Баршчоўка часткова захоўвае страчанае найменне Баршчоўка, якое ўтвораны ад антрапоніма Боршч. Да назвы быў далучаны ад’ектыў новы, які звычайна паказвае на адносны час узнікнення паселішча, айконім засведчаны з 1962 года. На Лоеўшчыне фіксуецца новае найменне-кампазіт Новакузнечная ад прэпанента нова- і постпанента -кузнечная, які суадносіцца з рускамоўнай лексемай кузпечная (беларускі адпаведнік кавальскі) ‘звязаны з апрацоўкай металу каваннем’.

Назва-кампазіт Новаіванаўка ўзыходзіць да прэпанента нова- і айконіма Іванаўка. Яна вядома з 1924 года на Веткаўшчыне. Новае найменне Барба ўтворана ад рускамоўнага апелятыва барба (беларускі адпаведнік барацьба) ‘актыўная дзейнасць, накіраваная на дасягненне пэўнай мэты, змаганне супрацьлеглых класавых сіл’. Назва Знаменка фіксуецца ў Жыткавіцкім раёне з 1958 года, яна ўзыходзіць да ідэалагізаванага рускамоўнага апелятыва знамя (беларускі адпаведнік сцяг).

Новыя назвы паселішчаў замянілі традыцыйныя айконімы, якія ўказвалі на пэўныя прамысловыя рэаліі. У 1964 годзе знікла найменне Гута, што ўзыходзіць да апелятыва гута (ням. Hutte) „шклозавод’, „шклаварня, плавільны ці меднаробчы завод’ [9, с. 227]. Шкловытворчасць вядома на Беларусі з ХІІ стагоддзя, чаму спрыялі пэўныя прыродныя ўмовы, а менавіта наяўнасць неабходнай сыравіны (пяску, гліны). Паселішча было вядома як вёска Гута ў Недайскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, у якой знаходзіліся шкляны, лесапільны, вінакурны і вугальны заводы [5, с. 503]. Арэал айконімаў з гэтым апелятывам у аснове не мае пэўнай лакалізацыі і размяшчаецца па ўсёй тэрыторыі краіны. Гэтыя адзінкі разам з вытворнымі ад яго засведчаны на агульнаславянскім фоне: назвы паселішчаў Гута ў Бранскай, Гутка — Смаленскай абласцях (Расія), Нова-Гута (Польшча), Гута (на ўсходзе Славакіі) [6, с. 166].

Значная колькасць страчаных у выніку перайменаванняў адзінак узыходзіць да геаграфічных тэрмінаў. Страчаны айконім Барок матываваны апелятывам барок (дэмінутыў ад бор) „сухія лясы сярод балота, невялічкая горка; высокае месца ў лесе, узвышша; сухая глеба; баравое поле; баравое поле з пясчанай неўрадлівай глебай; сухая мясцовасць сярод балота; невялікія горкі’ [9, с. 102]. Найменне Курганне паходзіць ад геаграфічнага тэрміна курганне ‘мноства курганоў, якія знаходзяцца блізка адзін да аднаго’, „горка’ [8, т. 2, с. 252]. Назва Крыжовы Лог утворана ад лексемы лог ‘шырокі і доўгі яр з адхоннымі схіламі’, „нізкае месца, сенажаць (звычайна ў лесе)’ [8, т. 3, с. 38]. Атрыбутыўны кампанент Крыжовы ўдакладняе, відавочна, асаблівасці ландшафту шляхам метафарычнага пераносу па форме: крыжКрыжовы. Найменне-арыенцір Залясок паходзіць ад тапаасновы лес, залясок — тое, што размешчана за лесам, па той бок лесу. Айконім Шэя (Шыя) матываваны апелятывам шыя ‘лукавіна, калена’, „вузкая сенажаць на балоце’ [9, с. 711]. Назва паселішча Макрэнь суадносіцца з лексемай макранка ‘нізінная глеба’, „балоцістае месца на полі, паўнаводная рэчка’ [9, с. 418].

Некаторыя страчаныя айконімы ўказвалі на назвы зямельных надзелаў і адлюстроўвалі адзін з асноўных заняткаў — земляробства. Так, страчанае найменне Белы Морг матывавана земляробчым тэрмінам морг ‘мера плошчы зямлі’ [1, с. 265]. Атрыбутыўны кампанент белы полісемантычны, змяшчае квалітатыўную характарыстыку. Зніклы з 1938 года айконім Клін утвораны ад апелятыва клін „участак зямлі, які мае форму трохвугольніка; участак лесу, які вострым вуглом уваходзіць у поле; палетак’ [9, с. 356]. Назва паселішча Засценак Дуброва матывавана лексемай засценак ‘засценак, кавалак зямлі за „сценкаю’, дарожкаю’ [1, с. 183]. Постпанент Дуброва сведчыць, верагодна, пра прыналежнасць. У выніку зямельнай рэформы ХУІ стагоддзя ўзніклі засценкі ‘звычайна хутарскае пасяленне дробнай шляхты’, першапачаткова засценак „участак зямлі, які быў пакінуты за межамі (за сцяной) абшчынных зямель, што былі падзелены на валокі’ [2, с. 130].

Страчанае найменне ў форме множнага ліку Курані, на думку В.П. Лемцюговай, узыходзіць да апелятыва курань (курэнь) ‘лёгкае збудаванне для сезоннага жытла або адпачынку пастухоў, рыбаловаў, паляўнічых’ [3, с. 211]. Не выключана паходжанне ад антрапонімаў Курань, Курень. Найменні Мікалаеўка, Раманава, Яўтушкавічы суадносяцца з антрапонімамі Мікалай, Раман, Яўтух. Назва Дзюрдзеў утворана ад уласнага імя Георгий. Гэтую думку пацвярджае і даследчык наўгародскіх берасцяных грамат У.А. Максімаў, які тлумачыць назву Дурдев як рэдкую форму асабовага імя Георгий [4]. Айконімы Быкі, Кажаны, Шапрудаўка ўзыходзяць да антрапонімаў Бык, Кажан, *Шапруда. Найменне з фармантам -оўка Плутоўка ўтворана, магчыма, ад УІ *Плут. На думку В.П. Лемцюговой, нельга выключыць паходжанне назвы ад гідроніма: Плутоўка — рэчка, на якой плуцяць (звязваюць у платы) і сплаўляюць бярвенні; рэчкі, што робяць шмат звілін, заваротаў, кружаць (плутаюць) [3, с. 289].

Перайменаванні Усходняга Палесся (басейна Дняпра) матываваны апелятывамі з сімвалічным значэннем, якія адлюстроўвалі абнаўленне жыцця, грамадскі рух наперад, ідэі сацыяльных прагрэсіўных пераўтварэнняў, ідэі сяброўства. Гэтыя новыя назвы ў пераважнай большасці замянілі старажытныя адапелятыўныя назвы, якія ўказвалі на традыцыйныя заняткі насельніцтва Беларусі, на назвы зямельных надзелаў, на рэльеф мясцовасці. Страчаныя адантрапанімічныя найменні ўтрымлівалі імёны, імёны-мянушкі або прозвішчы, носьбітамі якіх выступалі тагачасныя жыхары.

Літаратура

  1. Бялькевіч, І.К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны / І.К. Бялькевіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1970. — 511 с.
  2. Лемцюгова, В.П. Беларуская айканімія. Лінгвістычны аналіз населеных пунктаў Мінскай вобласці / В.П. Лемцюгова. — Мінск : Навука і тэхніка, 1970. — 156 с.
  3. Лемцюгова, В.П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды / В.П. Лемцюгова. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — 416 с.
  4. Максимов, В.О. Ото Негола и ото Говена ко Дурдеви… [Электронный ресурс] / Информационно-исследовательский центр “История Фамилии”. — Москва, 2012. — Режим доступа http:// www.familii.ru/index.php?pCode=publication&p=&pID=69. — Дата доступа: 13.01.12.
  5. Памяць: гіст.-дакум. хроніка Буда-Кашалёўскага раёна: у 2 т. / рэдкал.: Г.К. Кісялёў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БЕЛТА, 2002. — Т. 2. — 544 с.
  6. Мурзаев, Э.М. Словарь народных географических терминов / Э.М. Мурзаев. — М.: Мысль, 1984. — 653 с.
  7. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / рэдкал.: К.К. Атраховіч [і інш.]. — Мн., 1977-1984. — 5 т.
  8. Тураўскі слоўнік: у 5 т. / рэдкал.: А.А. Крывіцкі [і інш.]. — Мінск, 1982-1987. — 5 т.
  9. Яшкін, І.Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў: Тапаграфія. Гідралогія / І.Я. Яшкін. — Мн : Беларуская навука, 2005. — 808 с.

Аўтар: А.В. Кавалёва
Крыніца: Чарнобылем не зарасце: традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, С. 189-195.