Павер’і, звычаі ва ўяўленнях і мове жыхароў Усходняга Палесся (на матэрыялах твораў У. Ліпскага)

0
1261
Павер’і, звычаі ва ўяўленнях і мове жыхароў Усходняга Палесся (на матэрыялах твораў У. Ліпскага)

Уладзімір Ліпскі аўтар арыгінальных кніг пра малую радзіму: “Адпяванне жывых” (1993), “Я. Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод” (1998), “Мама. Малітва сына” (1999), “Бацька. Пісьмы сына” (2004), “Мы. Аповесць пра нашы прозвішчы” (2006) і іншыя.

У кнізе “Адпяванне жывых” апавядаецца пра жыццё жыхароў вёскі Шоўкавічы, малой радзімы У. Ліпскага. Пісьменнік адзначае, што шоўкаўцы спрадвеку жылі па народным календары, ведалі шматлікія прыкметы, у якіх паведамлялася пра тое, якім будзе надвор’е, будучы ўраджай. Прыкметы — “жанравая разнавіднасць малой фальклорнай прозы, пад якой разумеецца прадказанне выніку, заснаваным на пэўнай заканамернасці і прычынна-выніковай залежнасці з’яў, падзей, дзеянняў, што пацверджаецца многавяковым народным вопытам” [1, с. 389]. Прыкметы ўзнікалі ў выніку назірання за атмасфернымі з’явамі (дождж, хмары, туман і г. д.), нябеснымі свяціламі (сонца, месяц, зоркі), надвор’ем у святы (напрыклад, Благавешчанне, Сёмуха і г. д.). Так, на аснове назірання за зоркамі шоўкаўцы адзначылі: “Не спіцца, выйдзе чалавек у двор, зірне на неба — зоркі блішчаць, як начышчаныя гузікі. Пераліваюцца як бы падміргваюць. От і ведай: будзе добрае надвор’е. От і плануй, што лепей зрабіць гэтым днём у агародзе, лузе, полі” [2, с. 43]. Падобная прыкмета была засведчана Ч. Пяткевічам у Рэчыцкім Палессі: “Калі зоркі весела свецяць, то заўтра будзе пагода, а якжэ цьмяна, бы начэ надуўшыся, то будзе перамена ўночы” [3, с. 291]. Хмары і аблокі на небе таксама маглі многае расказаць пра надвор’е: “Збегліся хмаркі ў адзін гурт — будзе дождж. Калі нізкія і цёмныя воблакі — к працяглай непагадзі. А некалькі дзён бачны на небе белыя аблачыны — пахаладае” [2, с. 44]. Назіралі людзі за надвор’ем і ў канкрэтныя каляндарныя дні, на святы: “Прыкмячалі шоўкаўцы, якім будзе дзень Благавешчання, 25 сакавіка па старым стылі. Дык вось, калі ў дзень Благавешчання сонца свеціць — будзе навальнічнае лета. Калі навальніца — усё паспрыяе ўраджаю. Калі пахмурна — не чакай восенню добрага свята” [2, с. 43 — 44].

Засведчаны аўтарам і прыкметы, якія падказваюць селяніну, калі пачынаць земляробчыя работы. Некаторыя з іх, як сведчыць пісьменнік, былі заснаваны на назіраннях за раслінамі, паводзінамі жывёл, птушак, насякомых і г. д.: Гром прагрыміць, лес апранецца ў зеляніну — пара араць. Не быць ураджаю, калі салоўка заспявае ў голым лесе. А возьме мужчына жменю зямлі, моцна сцісне ў кулаку і выпусціць. Калі зямля рассыплецца пры падзенні, то яна гатова для ворыва [2, с. 44]. Шоўкаўцы звеку сеялі авёс тады, калі пачыналі квакаць жабы, калі з’яўляліся чырвоныя казяўкі каля каранёў дрэў і на гнілых пнях. Ячмень сеялі, калі цвіла каліна. Лён — перад Сёмухай, на нізкай глебе [2, с. 75].

Прыкметы, як лічыць пісьменнік, дапамагаюць чалавеку ў жыцці і гаспадарчай дзейнасці. У іх сабраны мудрасць, назіральнасць і вопыт народа, якія назапашваліся пакаленнямі.

У. Ліпскі на канкрэтных прыкладах паказаў духоўны і матэрыяльны свет сваіх аднавяскоўцаў. Так, пісьменнік сцвярджае, што шоўкаўцы набожныя людзі, а ікона застаецца і па сённяшні дзень самай дарагой рэліквіяй: От закончылася вяселле. Маладыя ад’язджаюць. Садзяцца на воз. Маці з бацькам выходзяць з хаты, нясуць іконы. Тры разы абшнуроўваюць воз. Уручаюць маладым рамку з Ісусам ці мацяр’ю Божай. На машыне ад’язджаюць — машыну абходзяць тры разы [2, с. 81]. Ч. Пяткевіч у кнізе “Рэчыцкае Палессе” адзначае: “Не ўсе абразы паляшук тлумачыць аднолькава. Да свяцейшых ён адносіць абразы Бога Айца (Госпад Бог), Хрыста (Хрыстос Спасіцель) і Божай Маці (Мацер Божая), выявы ж святых ён лічыць другараднымі, якія, паводле агульнага звычаю, больш патрэбныя дзеля ўпрыгожвання хаты. Чым непасрэдна дзеля душы” [3, с. 439]. Прытрымліваліся шоўкаўцы і прыказкі без Бога не да парога [2, с. 82]. Так кажуць, “калі трэба сцвердзіць, што без Бога як вярхоўнай істоты і кроку не ступіш, што ўсё падуладна Богу” [4, с. 60]. У народзе, як сведчыць пісьменнік, заўсёды была традыцыя — усе значныя справы пачынаць з малітвы, бо толькі з Божай ласкай і дапамогай можна дасягнуць добрых вынікаў. У сялянскай хаце покуць — “вугал, кут у хаце, дзе віселі абразы і стаяў стол — у павер’ях і ўяўленнях усходніх славян асэнсоўвалася як асабліва значнае, святое месца” [5, с. 124]. Таму пры ўваходзе ў хату чалавек павінен быў абавязкова перахрысціцца перад іконай на покуці, і толькі пасля гэтага пачынаць размову з гаспадарамі хаты.

З даўнейшых часоў святкуюць у Шоўкавічах Сёмуху (Троіцу) -“свята народнага календара, якое адзначаецца ў сёмую нядзелю пасля Вялікадня” [5, с. 151]. “Яе адзначаюць пасля пасяўной, перад касавіцай. Выграбаюць з хат смецце, пыл. Выносяць прасушыць коўдры, падушкі. Выбельваюць печы, грубкі, вышкрэбваюць венікамі падлогу. Мыюць вокны, дзверы… прыбіваюць зялёныя галіны клёну над дзвярыма, брамкамі, каля хлявоў, утыкаюць у плот. Упрыгожваюць імі аканіцы” [2, с. 85 — 86]. На свята гаспадыні ў Шоўкавічах гатуюць розныя стравы: І сухарыкі з сырам, мёдам, варэннем, і калдуны з мясам, і кручонікі з бульбы. Кісялі вараць з чарніцамі, малінамі, суніцамі. А яшчэ — наліснікі, кашы, вяндліна, смажаніна [2, с. 84 — 85]. Кручонікі (або зразы) — традыцыйна гэта мясная страва, калі скручаныя кавалкі мяса звязваюцца ніткай. Зараз існуе шмат розных варыянтаў яе прыгатавання. У кнізе “Аўцюкоўцы”, у якой сабраны жарты, анекдоты жыхароў вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі, У. Ліпскі засведчыў адметныя назвы страў: Патапцы — гэта простая аўцюкоўская страва: — Што гэта за блюда? / Аўцюкоўскае, каласок… бярэш халоднай вады ў міску. Сыплеш туды, калі ёсць, лыжку цукру, крышыш туды хлеб. Уплятай патапцы!.. [6, с. 142]. Крышонікі — страва з накрышанай бульбы, суп. Так хочу крышонікаў. Хаця б дзе мяшэчак бульбы ўзяць [6, с. 97]. Ёсць такая краіна — Аўцюкі. Там смажаную бульбу называюць — кавалікі. Круглячкамі смажаць, як расплясканую ў кузні. Суп бульбяны, па-іхняму — крышані, бульба-пюрэ — таптуха, а суп з белых грыбоў — патраўка [6, с. 74]. Палойкі — вараная бульба, палавінкі [6, с. 106].

Побач з хрысціянскай верай захаваліся ў шоўкаўцаў і язычніцкія звычаі. Павер’і, прымхі, забабоны — “народныя ўяўленні, меркаванні, заснаваныя не на рацыянальным вопыце чалавека, а на адвольных, часта вобразна-асацыятыўных супастаўленнях, на веры ў існаванне містычных сувязей паміж з’явамі навакольнага свету і лёсам чалавека” [1, с. 265]. Напрыклад, шоўкаўцы шануюць буслоў, вераць, “што бусел раней быў чалавекам, ён умее вылучаць добрых людзей і селіцца каля іх. Ганарацца, што ў іх вёсцы здавён вядуцца буслы” [2, с. 153]. Таму і нельга забіваць гэтых птушак, разбураць іх гнёзды, бо гэта лічыцца грахом і можа наклікаць на чалавека вялікія беды: “бусел можа жорстка адпомсціць — прынясе галавешку і спаліць хату або накліча градавую хмару” [5, с. 24]. Існуе ў жыхароў павер’е: “Калі слуп падпораю — гэта чортава брама. Уваходзіць у яе нельга, а то згарбацееш” [6, с. 181].

З пакалення ў пакаленне перадаюцца ўяўленні шоўкаўцаў пра розных міфічных істот: “Нашы мамы кожнаму нешта перадалі. Помню, сядзім на печы. Вецер завывае ў коміне. Мароз-траскун ляскае па вуглах. Маці пачынае баяць, і мы верым кажыннаму яе слоўцу, здаецца, не дыхаем, бо гаворыць сама Багіня: “Гэта, дзеткі, Бог Зюзя лютуе. Ён сівы, з доўгай барадой, з босымі нагамі, у белым кажусе, без шапкі, з жалезнаю булавою. Сядзеў у лесе, надакучыла. Вось завітаў у нашы Шоўкавічы. Ходзіць, стукае булавою, дак сцены ў хатах і пачынаюць трашчаць, правярае: ці моцна стаяць хаты, ці жывыя людзі ў іх?.. [2, с. 82]. Ва ўсходнеславянскай міфалогіі Зюзя — “міфічная істота, бог зімы. Зюзю ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага невялікага росту дзеда, які басанож ходзіць па снезе ў расхрыстаным белым кажусе” [5, с. 72]. Лічылася, што Зюзя выклікаў завіруху, сцюжу, маразы.

Верылі шоўкаўцы ў існаванне чорта, дамавіка. Чорт — “злы дух, істота з адзнакамі чалавека і жывёлы” [5, с. 161]. Іх стараліся не гнявіць, бо яны любяць шкодзіць людзям: “Дык вось, расказвалі, калі ўгнявіш чорта, дык можа ноччу падаслаць да цябе мерцвяка. А той ужо робіць з табой, што захоча. Можа да смерці напалохаць, як пачне голымі сківіцамі клацаць. А захоч — кроў з цябе пачне ссаць. Калі козыту баішся — заказыча. А то нашэпча дамавіку, і той давядзе гаспадара да нервовага ціку. Стукае ноччу па вуглах хаты, шкрабае пад падлогай ці пад ложкам” [2, с. 6].

Вакол вёскі Шоўкавічы раскінуліся бары, бярозавыя гаі, дубровы, таму з даўніх часоў людзі верылі, што там жывуць лясныя русалкі. Іх уяўлялі прыгожымі дзяўчынамі: “Малога росту з доўгімі валасамі. Іх можна ўбачыць, калі пашанцуе, на тонкіх галінах дрэў. Гайдаюцца, залівіста смяюцца. Заманьваюць да сябе маладых хлопцаў. А пасля здзекуюцца з іхРэдка, але сустракалі пастухі месца, дзе танцавалі русалкі, хадзілі ўкруг, узяўшыся за рукі, і спявалГ [2, с. 7]. Русалка — “у міфалогіі ўсходнеславянскіх і іншых славянскіх народаў — жанчынападобная істота, увасабленне воднай і лясной стыхій. Яе звычайна ўяўлялі ў выглядзе маладой прыгожай дзяўчыны з доўгімі распушчанымі зялёнымі валасамі” [5, с. 135].

У Шоўкавічах падымаліся рана, казалі: “Калі доўга спіш, чорт падкладвае пад коўдру яйкі ад чорнага пеўня. А з іх пасля вылупліваюцца вогненныя змеі. Добра, калі падладзіш той змяі, дык прынясе табе кучу грошай. А калі не — спаліць хатуШоўкаўцы спяшаліся з усіх чорных пеўнікаў, калі яны яшчэ куранятамі ходзяць, зварыць булён і пакарміць ім нямоглых людзей” [2, с. 7]. Раней людзі верылі, што Чорны певень з’яўляецца “абавязковым атрыбутам нячыстай сілы. Ва ўсходніх славян лічылася неабходным ахвяраваць чорных пеўняў Вадзяніку або закапваць чорнага пеўня жывым у зямлю ў час эпідэмій як ахвяру Смерці” [5, с. 120]. Таксама існуе павер’е, што Чорны певень можа знесці магічнае яйцо: “Калі Чорны певень пражыве сем год, то ў канцы сёмага года знясе асаблівага віду яйка. Гэтае яйка трэба насіць пад пахай тры гады. Тады вылупіцца з яго маленькае змеянё. Яго трэба песціць, трымаць у цяпле, карміць яешняй і нічым не раздражняць. Калі яно вырасце, то пачне лётаць, адшукваць клады і насіць грошы гаспадару” [5, с. 120].

У кожнай мясцовасці існавалі і цяпер існуюць свае звычаі — “стэрэатыпныя спосабы паводзін у адпаведнасці з традыцыяй, якая склалася ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе” [2, с. 535]. Так, старажытны звычай жыхароў вёскі Крынкі, што знаходзіцца недалёка ад Шоўкавіч, У. Ліпскі даведаўся з архіваў, дзе знайшоў дакумент “Справа аб пакаранні бізунамі селяніна вёскі Крынкі Антона Коцура за пасеў жыта раней тэрміну”. У вёсцы існаваў даўнейшы звычай: пачынаць сеяць жыта 15 жніўня. А першы мае права на сяўбу той гаспадар, у якога зваранае яйка акажацца поўным. Верылі: трымайся гэткага правіла — будзеш з поўнымі засекамі збожжа [2, с. 42].

Адметнай з’яўляецца мова аўцюкоўцаў, у якой У. Ліпскі засведчыў такія формы малога жанру, як праклёны (кленічы) — “гэта слоўныя формулы з пажаданнямі няшчасцяў і пакаранняў чалавеку, жывёле, любым аб’ектам жывой і нежывой прыроды. Яны своеасаблівыя магічныя формы абароны, псіхалагічнай разгрузкі і ў значнай ступені псіхалагічнай агрэсіі” [1, с. 369]. Фалькларыст М. Федароўскі засведчыў: “Беларус мае ў сваім рэпертуары пракляццяў, відаць, больш, чым пажаданняў… Праехаўшы ўздоўж і ўпоперак большую палову роднай зямлі, магу смела сцвярджаць, што нідзе мне не даводзілася чуць такіх страшных пракляццяў, як у гэтым краі амаль штодня. Знешне спакойны народ не ўпусціў магчымасці, каб не вымавіць цэлага запасу кляцьбаў, асабліва ў гэтым вялікіх поспехаў дасягаюць жанчыны. …Вымаўляюцца пракляцці працяжным і манатонным голасам, што для вушэй пастаронняга слухача пакідае не вельмі прыемнае ўражанне, можна сказаць, страшнае ўражанне” [7, с. 11]. Праклёны, на жаль, амаль не даследаваны сучаснымі лінгвістамі. Даследчыца З. Бадзевіч разглядала праклёны ў творах Якуба Коласа [8].

Структурнымі кампанентамі праклёнаў, якія засведчаны ў творах У. Ліпскага, з’яўляюцца часціцы каб, хай, што б, якія стаяць перад выказваннем; асабовы займеннік, што называе асобу, якой адрасуецца праклён; назоўнік і дзеслоў, які паказвае, што павінна адбыцца з аб’ектам (часціца + асабовы займеннік + назоўнік + дзеяслоў). Пры гэтым найбольш пашыраны выразы з часціцай каб: Каб у цябе вады не было, каласок, калі захочаш напіцца! [6, с. 87]. Каб вы смалы напіліся! [6, с. 88].

Ёсць праклёны, у якіх зычаць дрэннае свойскай жывёле: Каб карова малака не давала [6, с. 96]. Каб твае куры, калінка, перасталі несціся! [6, с. 87]. Каб у цябе цяляты не вадзіліся [6, с. 96]. Выражаецца пажаданне галечы, жабрацтва: Каб табе чыста, каб табе гола было [6, с. 96]. Каб ты бічаваўся век, а ў латаным хадзіў [6, с. 96]; смерці: А каб ты маіх гадоў не дажыў [6, с. 96]; фізічных недахопаў: Што б ты не ўзрос [6, с. 96]. Каб твае дзеці ляныя зрабіліся [6, с. 96]. Праклёны могуць насіць іранічны, незласлівы характар: Хай табе баба не дае выпіць [6, с. 96]. Кленічы ў творах У. Ліпскага выкарыстоўваюцца толькі ў мове герояў, якія паказаны ў сваім паўсядзённым жыцці. Такія слоўныя формулы з’яўляюцца выразным стылістычным сродкам гутарковага маўленння.

Людзі з даўніх часоў верылі ў надзвычайную сілу слова. Замовы (шэпты, шаптанні, словы, малітвы, чары, нагаворы, замаўлянні) — “празаічныя, рытмічна арганізаваныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння для дасягнення розных практычных мэт” [1, с. 518]. Аўцюкоўка баба Анэта, якая бабіла дзяцей, гаварыла наступныя добрыя словы: Залатыя замочкі, адмыкайцеся, / Царскія вароты, адкрывайцеся — / Без гора, без мукі / Нарадзіся, нашчадак, на рукі! [6, с. 90]. Баба Настасся шаптала ад спуду: Спуг-спужаніца, шчырая памачніца, / Цябе секчы, рубаці — / Спуг замаўляці / На хуткай паходцы, / На моцнай гаворцы, / Лабанаву Уладзіміру, / Якога маці радзіла, / Усё ліха адкаласіла. / На мейсцечка стаці, / Касцей не разлягаці, / На мора адпраўляці, / Святога Міхаіла зваці, / Пад поўна, маладзіком, / На векі вякоў… [6, с. 93].

Такім чынам, звычаі, традыцыі, уяўленні пра міфічных істот, праклёны, замовы, засведчаныя У. Ліпскім у Аўцюках і Шоўкавічах, выразна дэманструюць рэгіянальныя адметнасці гэтых палескіх вёсак, уклад жыцця і духоўны свет іх жыхароў.

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2: Лабараторыя традыцыйнага мастацтва — “Яшчур” / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 2006. — 832 с.
  2. Ліпскі, У. Адпяванне жывых: Аповесць пра адну вёску. Дзённік / У. Ліпскі. — Мінск: Маст. літ., 1993. — 237 с. 99.
  3. Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе / Ч. Пяткевіч; уклад., прадм. У. Васілевіча; пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мінск: “Беларускі кнігазбор”, 2004. — 672 с.
  4. Лепешаў, І. Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І. Я. Лепешаў, М. Якалцэвіч. — Мінск: Бел. навука, 2002. — 511 с.
  5. Коваль, У. І. Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы: даведнік па ўсходнеславянскай міфалогіі / У. І. Коваль. — Гомель: Беларускае Агенцтва навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі, 1995. — 180 с.
  6. Ліпскі, У. Аўцюкоўцы: Аповесць пра калінак ды каласкоў, якія гаруюць і жартуюць / У. Ліпскі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. — 223 с.
  7. Federowsk M. Lud białoruski na Яші btewsky / M. Federowskń -Warscawa: Towarzystwo Naukowe Warszawstóe, 1935. — 507 s.
  8. Бадзевіч, З. Каб ты доўга жыў… Праклёны ў творах Якуба Коласа / З. Бадзевіч // Даклады канферэнцыі [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: ebb.bsu.by. — Дата доступу: 01.08.2018.


Аўтар:
М.У. Канцавая
Крыніца: Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах: матэрыялы VI Міжнародных навуковых чытанняў, прысвечаных памяці народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка І.Я. Навуменкі (Гомель, 2—3 кастрычніка 2018 года) / [рэдкалегія: І.Ф. Штэйнер (галоўны рэдактар) і інш.]. — Гомель: ГДУ, 2018. — С. 143-147.