Паўстанне на Каменшчыне

0
414
Паўстанцы, паўстанне на Каменшчыне

Буйное ўзброенае выступленне сялян у 50-я гг. XVIII ст. адбылоя на паўднёвым усходзе Беларусі, ва ўладанні віленскага капітула Каменшчына (Мазырскі павет). Хваляванні тут пачаліся яшчэ ў 1736 г. і працягваліся з перапынкамі больш за два дзесяцігоддзі. Прычынай іх быў непасільны прыгнёт, які доўгі час трывалі сяляне ад адміністрацыі капітула.

У 1754 г. сялянскія хваляванні перараслі ва ўзброенае выступленне. Немалую ролю ў гэтым адыграў гайдамацкі рух. У 1754 г. паўстанне гайдамакаў адбылося на Жытоміршчыне, якая непасрэдна мяжуе з Каменшчынай. Трэба думаць, што невыпадкова ў гэты ж час супраць сваіх прыгнятальнікаў са зброяй у руках выступілі сяляне Камянецкай воласці.

Самыя раннія звесткі аб камянецкім вытупленні аднсояцца да верасня 1754г. Пад гэтай датай значыцца загад гетмана аб накіраванні ва ўладанне дзвюх харугваў для падаўлення сялянскага выступлення. Напэўна, гэта ім удалося, бо ў снежні салдаты былі адазваны на папярэдняе месца дыслакацыі.

Аднак барацьба ва ўладанні не спынілася. У кастрычніку 1755 г. сяляне зноў узяліся за зброю і тым жа дзвюм харугвам, як і год назад, прыйшлося зноў выпраўляцца ва ўладанне капітула. На гэты раз такой сілы для ўціхамірвання падданых не хапіла, бо Радзівіл праз месяц накіраваў на Каменшчыну яшчэ чатыры харугвы колькасцю 70 коннікаў на чале са шляхціцам Панятоўскім. Аднак і такой сілы для падаўлення выступлення было яўна недастаткова. У лісце Радзівілу 8 студзеня 1756 г. ён паведамляў, што паўстала ўся Камянецкая воласць, у якой налічваецца звыш 700 сялянскіх двароў.

Сяляне пры падыходзе харугваў да ўладання пакідалі свае вёскі і накіроўваліся да мястэчка Славечна, дзе мелі намер згуртавацца і аказаць узброенае супраціўленне войску. Так і адбылося. Сялянскі атрад пераняў карнікаў яшчэ перад Славечнам. Нечакана для шляхецкага атрада прыгонныя пасля абстрэлу коннікаў перайшлі ў атаку. Невялікае злучэнне Панятоўскага не здолела вытрымаць націску і пачало адступаць. Спачатку адступленне мела арганізаваны характар. Адыходзячы, харугвы аказвалі некаторае супраціўленне, але затым кінуліся ва ўцёкі. Ім прыйшлося адысці да Убарці, мястэчка, якое размяшчалася на адлегласці 10 міль ад Каменшчыны. Тут яны вырашылі затрымацца да таго часу, пакуль не падыдзе дапамога ад Радзівіла, бо ўжо не мелі ахвоты з наяўнай сілай ісці супраць паўстаўшых сялян.

Да сустрэчы радзівілаўскага войска рыхтаваліся і паўстанцы. Яны працягвалі падыходзіць да Славечна і стваралі там умацаваны лагер. Іх налічвалася некалькі тысяч. Усёй воласцю яны далі клятву “змагацца да апошняга, хоць і галовы прыйшлося б пакласці”.

У лютым 1756 г. да карнага атрада прыбыло 55 карнікаў, а ў сакавіку з Нясвіжа падышла пяхота з гарматамі. Акрамя таго, да Оўруча па загаду Радзівіла была накіравана гетманская міліцыя.

Панятоўскі са сваімі людзьмі выступіў з Убарці, каб злучыцца пад Оўручам з міліцыяй, а потым атакаваць лагер паўстанцаў. Пасля аб’яднання пад яго камандаваннем налічвалася ўжо каля 400 чалавек. Гэта былі і гусары, і лёгкая конніца, і пяхота з артылерыяй. З гэтай сілай ён мог разлічваць на поспех у сутычцы з сялянскім атрадам, таму адразу накіраваўся да Славечна.

Паўстанцам была прапанаванаа капітуляцыя. Але тыя адзінадушна пацвердзілі сваё рашэнне змагацца да апошняга. Пасля такога адказу камандуючы шляхецкага атрада аддаў загад на прыступ замка. Вайскоўцы падпалілі гумны, ў якіх паўстанцы зрабілі засады. Атака была імгненнай і сяляне не вытрымалі націску. Замак быў захоплены, прычым без стратаў з боку нападаючых. Паўстанцы ж згубілі 60 чалавек. Больш таго, некалькі дзясяткаў сялян патанулі ў балотах, якія суседнічалі з лагерам. Каля 60 параненых былі ўзятыя ў палон. Аднаго з палонных карнікі адразу пасадзілі на палю.

Гэта быў пачатак жорсткай расправы, якую ўчынілі пераможцы над паўстанцамі. Потым на месца экзекуцыі яны сагналі ўсё дарослае насельніцтва Камянецкай воласці і пачалі выконваць прысуды: адных удзельнікаў сялянскага руху каралі смерцю, іншых – білі бізунамі. Перад адыходам з мястэчка Панятоўскі загадаў чатырох кіраўнікоў паўстання пасадзіць на палі, а 10 сялянскіх важакоў прывязаць да гармат і накіраваць у Нясвіж на суд да Радзівіла1.

Такім чынам, паўстанне на Каменшчыне, якое мела лакальны характар, патрывала паразу. У ім, як і ў паўстанні сялян Крычаўскага староства, а таксама ў іншых узброеных выступленнях прыгонных, праявіліся тыповыя для феадальнай эпохі рысы – раз’яднанасць сялянскага руху, яго непаслядоўнасць, якая вынікала з рознасці інтарэсаў асобных катэгорый сялянскага стану.

Але разам з тым безвыніковымі сялянскімі выступленні назваць нельга, бо пасля іх становішча сялян на некаторы час паляпшалася і ліквідаваліся найбольш жорсткія праявы феадальнага прыгнёту. Так здарылася і на Каменшчыне, калі капітул быў вымушаны пайсці на паслабленне павіннасцей.

Літаратура 

  1. Мелешко В.И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII-XVIII в. С. 170-174; НарысыгісторыіБеларусі: У 2 ч. Мн., 1994. Ч. 1. С.257-258.

 

Аўтар: П. Лойка

Крыніца: Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларуь у часы Рэчы Паспалітай (XVII-XVIII) – Мінск, 2007. С. 146-148.