Пасёлак Перамога — фарпост Гомеля

0
73
Пасёлак Перамога — фарпост Гомеля

Мая малая радзімы — Пасёлак Перамога — размешчаны ў 1 км ад Гомеля, ва ўсходнім накірунку ад абласнога цэнтра па ходу аўтадарогі Гомель — Бранск на левым беразе ракі Іпуць. Планіроўка складаецца з паралельных прамалінейных вуліц, забудова пераважна сядзібнага тыпу. Як населенны пункт, заснаваны наш пасёлак быў у Першую сусветную вайну (пачатак 20 ст.). Вакол медыцынскіх складоў размяшчаўся тады армейскі полк. Вось ваеннаслужачыя, ажаніўшыся з мясцовымі прыгажунямі, і асядалі тут. Найбольш актыўная забудова тэрыторыі вялася пасля Вялікай Айчыннай вайны. Зараз больш чым 100-гадовы пасёлак мае каля 500 двароў, тут жыве каля 1500 жыхараў, прычым пенсіянераў — меней 20%. Як бачна, пасёлак малады па сваім дэмаграфічным складзе.

Як месца, цікавае для беларускіх археолагаў і краязнаўцаў, тэрыторыя пасёлка вядома тым, што паблізу (а можа і непасрэдна на ёй?), недалёка ад вёскі Раманавічы, былі знойдзены стаянкі паляўнічых на аленя ўзростам 12 тыс. гадоў, прылады працы з крэмнія ўзростам звыш 7 тыс. гадоў, першыя паселішчы першабытнага чалавека ўзростам 4-5 тыс.гадоў. Відавочна, чалавека здаўна цягнулі да сябе пакрытыя лесам узгоркі ніжэй вусця Іпуці. На жаль, ні мясцовыя жыхары, ні друкаваныя крыніцы не дапамаглі даць адказ на пытанне: як узнікла назва пасёлка — Перамога. Таму можна толькі меркаваць, што яна нейкім чынам звязана з падзеямі першай сусветнай вайны.

Вуліца Цэнтральная — самая ажыўлёная ў пасёлку. Побач Расія і Україна — транспарт рухаецца няспынна. Напэўна, не знойдзецца ў Гомелі ніводнага чалавека, які б хоць раз не праехаў па гэтай вуліцы. Штмат на вуліцы новабудоўляў па апошняй модзе, але захаваліся і старыя будынкі з прыгожымі разнымі ўзорамі на вокнах і стрэхах.

Для наша пасёлка, як і для кожнага населеннага пункта нашай краіны — вялікага ці малога — з асаблівым болем і сёння ўзгадваюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. 19 жніўня 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі акупіравалі тэрыторыю Гомельскага раёна, у тым ліку і наш пасёлак. З гэтага дня пачынаецца адлік сратаў і перамог.

У самым канцы вуліцы Цэнтральнай размешчана памятная для кожнага жыхара мясціна. Гэта помнік 134 (па іншых звестках — 161) салдатам, якія загінулі ў 1943 годзе пры вызваленні пасёлка. Тады іх целы звозілі на брацкія могілкі з вялікага мясцовага поля. Кожны год напярэдадні Дня Перамогі тут адбываецца мітынг памяці, на які збіраецца амаль усё мясцовае насельніцтва, каб аддаць героям даніну павагі і падзякі.

Сярод старажылаў ёсць людзі, якія на свае вочы бачылі вайну і прымалі ў ёй удзел. Нямецка-фашысцкія захопнікі ў той час гвалтам зганялі мірных жыхароў 1925-26 гадоў нараджэння на катаргу ў Нямеччыну. З дапамогай паліцаяў немцы зганялі моладзь у камендатуру ў Гомелі, адкуль грузілі ў закрытыя таварныя вагоны і пад узмоцненым канвоем везлі ў Германію. Такі лёс чакаў і 85-гадовага Андрэя Цімашкова, які ў 18 год трапіў у нацысцкае рабства, працаваў на адным з заводаў Аўстрыі за 250 грамаў хлеба ў дзень, а пасля вызвалення Еўропы праз Румынію, Балгарыю, служачы ў мотастралковым палку, толькі ў 1948 годзе трапіў у родны пасёлак.

Цэнтр культуры і адпачынку, канечне, не назавеш вяршыняй архітэкурнага мастацтва, але ён аб’ядноўвае жыхароў раёна, вялікіх і маленькіх, фізічна актыўных і тых, хто любіць ціхі адпачынак. Занятак тут знойдзе кожны і на любы густ. А спевы жаночага хору “Бярозка” нашага Цэнтра культуры вядомы ўсяму наваколлю. У яго рэпертуары пераважаюць творы беларускіх аўтараў і народныя песні.

Цікавая гісторыя з’яўлення царквы. На працягу доўгага часу яе памяшканне знаходзілася ў звычайнай вясковай хаце, якая не магла змясціць усіх жадаючых. Таму прыхаджане пачалі збіраць сродкі на будаўніцтва новага памяшкання. І невядома, колькі б яшчэ працягваліся гэтыя зборы, каб не дапамога мецэната. Бізнесмен ці то з Мінска, ці то з Санкт-Пецярбурга (імя сваё і звесткі аб сабе ён не афішаваў), які быў родам з гэтых мясцін, вырашыў дапамагчы ў святой справе. Ён даведаўся пра Іаана Багаслова, які дапамагаў людзям, і прапанаваў даць новай царкве імя святога. Летам 2010 года новае памяшканне царквы Іаана Багаслова было асвечана.

Бераг невялікай рачушкі Іпуць вядомы кожнаму мешканцу пасёлка. Яна бярэ свой пачатак у Расіі, каля вёскі Нядзьведзь, працякае па Смаленскай, Бранскай і Гомельскай вобласцях і ўпадае ў Сож. Даўжыня ўсёй ракі 437 км, а па Беларусі цячэ толькі 64 км. Берагі Іпуці стромкія і абрывістыя, шырыня невялікая — ад 20 да 50 метраў. Рачулка даволі хуткая і вельмі пятлістая. Адны проста адпачываюць тут пад шчэбет птушак, другія з гонарам пакзваюць улоў. Госці пасёлка, якія мелі задавальненне адпачыць на рэчцы, адзначаюць у адзін голас чысціню і празрыстасць яе водаў.

На гэтым аповед пра маю малую радзіму можна было б і скончыць. Але мне падаецца, что яно буддзе няпоўным, калі не згадаць родны дом. Бо дом — таксама частка такой вялікай малой радзімы. Мой садзік пад вішнямі, мой дагледжаны гародчык, мае блізкі і родныя людзі, мой руды кот Цішка — гэта мой бясконцы Сусвет, які я буду адкрываць для сябе ўсё жыцце. І кожны раз буду знаходзіць у ім нешта новае, нязведанае.

Вядома, гэта шчасце, калі ў цябе ёсць жаданне і магчымасць паглядзець свет. Але не забывайцеся мудрых кітайцаў, якія казалі “Падарожжа ў тысячу міль пачынаецца з аднаго крока”, спыніцеся на хвілінку, азірніцеся і пачніце падарожжа з аднаго крока. І гэта падарожжа можа стаць повадам для вялікага гонару і сэнсам жыцця.

Аўтар: К.С. Петрыкава, вучаніца ДУА “Сярэдняя школа №31 г. Гомеля”
Крыніца: Первый шаг в науку: тезисы докладов 72-й научно-технической конференции учащихся, студентов и магистрантов, Минск, 21-29 апреля 2021 г. — Минск: БГТУ, 2021. – С. 88-90.