Пасаг у беларускім вяселлі: сімволіка і функцыянальнасць

0
1755
Пасаг у беларускім вяселлі

У апошнія гады адбываецца пэўны “рэнесанс” у вывучэнні фальклорнай сімволікі. Пытанне аб ролі і семантычным значэнні сімвалічных кампанентаў у вусна-паэтычнай народнай творчасці набывае статус адной з цэнтральных даследчых праблем фалькларыстыкі.

Сімваламі могуць з’яўляцца не толькі моўныя адзінкі (словы і словазлучэнні), але і дзеянні, і рэчы. У абрадзе гэтыя тры складаючыя: вербальны, акцыянальны і рэальны (прадметны) коды (па тэрміналогіі М.І. Талстога) дзейнічаюць непарыўна.

Даследаванне семантыкі прадметных сімвалаў вяселля (рэчаў і прадметаў) уяўляецца актуальным, бо вясельны абрад вылучаецца высокай ступенню сімвалізацыі рэчаў: “элементы “матэрыяльнай культуры” пры ўваходжанні ў семіятычную сістэму вяселля выконваюць функцыю знака, а пры выпадзенні з яе выкарыстоўваюцца як рэчы” [1, с. 71].

У артыкуле даследуюцца некаторыя аспекты сімволікі і функцыянальнасці пасагу, якому належыць адно з важных месцаў сярод прадметных сімвалаў вяселля. Акрамя утылітарнай і эстэтычнай функцый, ён выконваў комплекс складаных сімвалічных абавязкаў — сакральнага атрыбута, адлюстравання з’яднання родаў, далучэння маладой да сям’і мужа праз прадметны код. Інстытут пасагу існаваў з самых старажытных часоў, насіў назву “вено” ці “кгерада”, звычайна гэта быў пасаг нявесты, якім яна магла распараджацца на працягу свайго жыцця. Але і за жаніхом бацькі давалі пэўныя матэрыяльныя каштоўнасці. У сямейнай абраднасці пасаг сімвалізаваў яднанне эканамічнага жыцця, маёмасці двух родаў, якую набылі бацькі маладых у няспынных турботах і працы. Мэтазгодна адзначыць, што пасаг, адзіная маёмасць з’яўляліся знакам не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай лучнасці. Таму невыпадкова, што на вяселлі пасагу, яго падрыхтоўцы, выкупу, агледзінам надавалася вялікая значнасць. У песеннай творчасці памер пасагу гіпербалізаваўся, што мела магічнае прызначэнне: паспрыяць замаўленню багацця і дабрабыту новай сям’і:

“Выйдзі, маці, ды паглядзі, маці,
Што ў цябе нявестачка
Высокая, як яліна,
Прыгожая, як каліна,
Сем вазоў ды дабра вязе,
А на восьмым ды сама едзе”
[2, спр. 4, арк. 15-16].

Бацькі маладой надзялялі маладых вянчальнай іконай Божай маці, а бацькі маладога — іконай Спасіцеля, якімі бласляўлялі іх шлюб на доўгае і шчаслівае сумеснае жыццё.

Па традьщьіі ў нявесты абавязковым пасагам былі коўдры, падушкi, пасцельная бялізна (пасцельная бялізна ў народна-бытавой культуры ўяўлялася як ёмішча жыццёвай сілы. З ёю звязваліся ўяўленні аб сямейным шчасці, дабрабыце, шматлікіх нашчадках), асабістае адзенне (чым паболей), палатно, ручнікі, а астатняе “як Бог дасць”. З падлеткавага ўзросту дзяўчына прала, ткала, шыла сабе адзенне, вышывала сарочкі будучым мужу, свёкру, свякрусе, швагеру, залоўцы, вырабляла абрусы, ручнікі. Вытканыя і вышытыя вырабы складвалі ў кубел ці куфар да дня вяселля. Лічылася, што куфар павінен быць поўным, каб было поўным шчасце маладых. Так, на пачатку XX ст. у в. Дуброва (цяпер Акцябрскі раён) пасля падзелу каравая жаніха ў яго хаце “свякроў глядзела на пасаг нявесты (скрыню, у якой былі падушкі, посцілкі, тканіна). Было вельмі стыдна, калі скрыня была пустая, няпоўная” [3, с. 26]. У в. Семежава Капыльскага раёна існаваў звычай: капі дзяўчына выходзіла замуж, яна абавязкова павінна была паказаць пасаг. Гэта адбывалася такім чынам: на доўгай жэрдцы развешваліся ручнікі, якія выткала маладая. Усе жыхары вёскі хадзілі паглядзець на гэту прыгажосць, а жанчыны нават імкнуліся гіераняць узор [2, спр. 125, арк. 6 ].

Выгаднай нявестай лічылася дзяўчына, якая мела багаты пасаг: вялікі надзел зямлі, карову, хату, грошы. За дзяўчынай давалі таксама авечак, парасят, хатніх птушак. Інфарматар з в. Рог Салігорскага раёна прывезла з сабой акрамя абавязковага прыданага апаросную свінню і кошку. За хлопцам давалі каня, надзел зямлі, часам хату, але за дзеўкай звычайна давалі больш. У в. Якуты, што на Дзяржыншчыне, па сведчанні інфарматара, быў выпадак, калі сваты былі не задаволены памерам пасагу ад маладой і сватанне раскідалася [2, спр. 9, арк.

На Віцебшчыне абавязковымі элементамі пасагу былі курыца (звычайна адна-дзве), посуд (звычайна дзве талеркі, дзве лыжкі і два відэльцы). У в. Барсукі Чашніцкага раёна ў 1950-х гг., як забіралі маладую да маладога, жаніхова радня крала са стала ў нявесты посуд, а на дварэ лавілі курэй (дзвюх ці адну) і забіралі з сабой “на разжытак”(Набеда Аляксандра Макараўна, 1938 г. нар.). У в. Вярэчча Гарадоцкага раёна, дзе існаваў падобны звычай, “шчыталась, што куріца ета ўсё адно как нівеста: пріжывецца тая куріца і нівеста пріжывёцца” [4, с. 352]. У в. Мішуціна Гарадоцкага раёна ў дарозе да маладога спявалі:

“Пацішы, сваты, з гарушкі,
Ні расціряйця падушкі,
Ні выпусціця звярюшку.
А нам звярюшка дырыга:
Трі дня з сецямі стыялі,
Пакуль звярюшку
паймалі,
Іваньку ў ручкі аддалі”
[4, с. 352].

Падчас развітання маладой з бацькоўскай хатай здяйсняўся абрад выкупу пасагу. У в. Ванюжычы Петрыкаўскага раёна, калі ў маладой быў меншы брат, ён “сядзеў на прьщаным і прасіў выкупіць прыданае”, яму давалі цукеркі і мелкія грошы [3, с. 355]. Значная роля надавалася звычайна выкупу пасцелі. У в. Барталамееўка Веткаўскага раёна, як збіралі нявесту да маладога, вязалі пасцель у вузлы, “нявесціны госці залазілі на вузлы і трэбавалі выкуп з гасцей маладога” [3, с. 110]. У в. Лескі Гомельскай вобласці маладых садзілі на пасцель, а жаніх даваў грошы. Выкупіўшы, забіраў пасцель (звязаныя падушкі, коўдры, посцілкі), якую разам са скрыняй ставілі на воз і ехалі да жаніха [3, с. 8]. У в. Неглюбка Веткаўскага раёна дружка краў пасцель, каб не плаціць [3, с. 125]. У Пінскім раёне, як маладая развітвалася з радзінай, спявалі:

“Ой, у хлеве да на вышэчках,
Там лежалы да подушэчкы.
Вышэчкы котко продрав,
Подушэчкы да зятько украв”
[5, с. 262].

Прыданыя, пасцельніцы (у Веткаўскім раёне назьшаліся свашкамі) ехалі разам з маладымі, ці крыху пазней, хвілін на 10-20, везлі куфар, падушкі і іншае дабро.

Вялікую цікавасць уяўляе цырымонія перадачы пасагу, мэтай якой была інтэграцыя нявесты ў род мужа, далучэнне да яго сям’і праз прадметны код. Так, у в. Рог Салігорскага раёна, прыехаўшы да бацькоў маладога, прыданкі бралі на рукі прыгожыя ручнікі, абрусы, радзілі жаніха ў вышытую сарочку і танцавалі. Тры разы танцавалі па кругу пад вясельную музыку: першая пара — маладыя, другая — свёкар са свякрухай, а за імі іншыя: сваты, дружкі. Прьщанкі з прыскокамі вешалі на жордку (“перасоў”) тканыя ручнікі, абрусы, паясы на агледзіны. Маладая адразу засцілала пасцель свякрусе, павязвала яе вышытым фартухом, а на галаву — платок [2, спр. 4, арк. 2 адв.].

Да пачатку XXI ст. інстытут пасагу трансфармаваўся (“Цяпер на гэта не глядзяць, хто што мае, тое і бярэ”), аднак устойліва працягвае існаваць. Кожны другі інфарматар (даследаванне 2005 г.) адзначыў, што пасаг рыхтуюць даволі часта. Да сённяшняга часу распаўсюджанай з’яўляецца думка, што нявеста абавязкова павінна мець пасцель (падушкі, коўдры). У в. Сасновы Бор Маладзечанскага раёна па традыцыі рыхтуюць шафу. Абавязковымі атрыбутамі пасагу застаюцца пасцельная бялізна, адзенне, посуд, грошы, у сельскай мясцовасці да таго ж розная жыўнасць — карова, парася, птушка. Тым не менш, склад пасагу змяніўся: на першае месца выйшлі грошы, прадметы побытавай тэхнікі, іншы раз машына, кватэра. Увогуле ж, з умацаваннем утылітарнай функцыі пасагу магічная яго функцыя ўсё болып страчвае сваё значэнне.
 

  1. Бэйбурин А.К. Семиотические аспекты функционирования вещей // Этнографическое изучение знаковых средств культуры: Сб. науч. тр. — Л. Наука, 1989.-С. 63-88.
  2. Архіў Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Ф. 2. — Воп. 2, Спр. 4; 9; 125.
  3. Вяселле на Гомельшчыне: Фальклорна-этнаграф. зборнік. — Мн.: ЛМ< “Неман”, 2003.
  4. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: У 6 т. — Т. 2: Віцебска Падзвінне / Т.Б. Варфаламеева, А.М. Боганева, М.А. Козенка і інш. — Мн. Беларус. навука, 2004.
  5. Раговіч У.І. Песенны фальклор Палесся: У 3 т. — Т. 2: Вяселле. -Мн, “Чатыры чвэрці”, 2002.
  6. Романов Е.Р. Белорусский сборник. — Вып. 8. — Вильна: Тип А.Г. Сыркина, 1912.


Аўтар:
В.В. Ізотава
Крыніца: “Открыть миру душу белоруса…” : Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, 25-26 кастрычніка 2005 г. : прысвечана 150-годдзю з дня нараджэння Е.Р. Раманава : матэрыялы /, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель : ГДУ ім. Ф. Скарыны, 2005. – 282 с. Ст. 117-120.