Парычы. Назва паводле легендаў і паданняў

0
330
Парычы

Некалі святыя, як і звычайныя людзі, па зямлі нашай грэшнай хадзілі, нічым не вылучаліся. Мелі, праўда, ад Бога адну характэрную рысу — маглі некага пакараць, а некага, наадварот, ухваліць і спрыяць яму ў жыцці ды ў вядзенні гаспадаркі. Хадзілі па паселішчах і пазіралі, як людзі сябе паводзяць, вольны час бавяць. Заўважаць дзе непарадак, то адразу да таго чалавека кіруюць, разбіраюцца, і калі бачаць, што памылка тая ці абыякавасць выпадкова дапушчана, то не злуюцца надта, спяшаюцца далей, а калі скажуць чалавеку, каб выправіўся, а той у адказ лаяцца пачынае, тады святыя адыдуцца, параяцца і вырашаць пакараць чалавека, напрыклад, неўраджаем тры гады запар. Маўляў, пакруціцца, паперажывае за сям’ю, то кінецца шукаць паратунку ў тых жа святых, прызнае ўсе свае памылкі і стане гаспадаром не горшым за іншых.

Але здаралася, што святыя нечага паміж сабой недзялілі, не маглі прыйсці да ладу, а пакутаваць вымушаны быў чалавек працы — селянін — вечны гаротнік, якому даводзілася змагацца і з ворагамі, і з сіламі прыроды, і, як бачым, з выбрыкамі боскіх анёлаў ці апосталаў. I ў нашай мясціне такі выпадак адбыўся.

Жыў у нас вясковец Алесь. Чалавек быў надзіва рахманы, спакойны. За ўсё жыццё ні на каго голас не ўзняў, слова благога не прамовіў, а каб нешта ўкрасці ці чужое прыгрэбці, то такога і ў думках не з’яўлялася. Гаспадыню меў такую ж і дзяцей ціхмяных ды працавітых гадаваў. Шкадавалі іх, але, разам з тым, і не распускалі, не давалі палёгкі, не адпускалі з рук, каб не зрабілі чаго благога. Працуе Алесь — бок аб бок з ім і старэйшыя дзеці завіхаюцца, а малодшыя, адпаведна, дома застаюцца, ля хаціны гуляюцца ці, наколькі сілы хапае, матулі дапамагаюць. Збяруцца вечарам, павячэраюць, пагамоняць крыху перад сном і спаць кладуцца, бо з самае раніцы зноў праца чакае. Упусціш момант, то потым давядзецца ў тры разы болей рабіць, ды ці вернеш упушчанае.

Аднаго разу зазбіраўся Алесь ляда драць. З вечара і гаворыць жонцы:

— Пайду хіба сам?
— А што ж ты сам на такой цяжкай працы?
— Не хочацца дзяцей браць, каб не рваліся. Паспеюць яшчэ ў сталыя гады пуп нарваць.
— Вазьмі, але не прымушай надта цягнуць. Табе весялей будзе.
— То няхай так і будзе. Сам стану карчаваць ды высякаць, а яны будуць лягчэйшае што рабіць.

Дамовіліся, і з самай раніцы паехаў селянін з дзецьмі на калёсах на ўскраек лесу, дзе нагледзеў зручную мясцінку. Пачалі працаваць. Алесь не прывык рабіць абы-як, таму як узяўся секчы здаравенныя лясіны, то толькі водгулле па лесе пайшло. Малыя ж голле адцягвалі ў гурбы, кустоўе высякалі, адным словам, і ім працы хапала. Ужо сонейка на полудзень паказвала. Бацька выцер потны лоб і кажа:

— Яшчэ крышку, родненькія, патрывайце — і палуднаваць сядзем.
— Добра, тата, — адказваюць малыя і па-ранейшаму завіхаюцца, як тыя мурашкі ля мурашніка.

А тым часам хадзілі недзе паблізу двое святых — Мікола і Пятро. Пачулі грукат сякеры ў лесе і вырашылі падысці бліжэй ды паглядзець непрыкметна, каб якога непарадку не было.

Пятро не вытрымаў:

— Надакучыла ўжо назіраць употай.
— А што ж ты хочаш? — пытаецца Мікола.
Давай якую прычыну прыдумаем і да гаспадара падыдзем у адкрытую.
— Давай, калі табе так ужо закарцела. Але пра што пытацца станем?
— Ды пра што хочаш!
— То падкажы, калі такі хітры.
— Вось…
— Бачыш? Давай здалёк паглядзім, і калі нічога не парушаецца, то далей пашыбуем.
— Не.
— Але ж ты і ўпарты, Пятро!
— Які ўжо ёсць.
— То думай тады, з чым да чалавека падыдзем?

Пятро так ужо стараўся, ідучы, што нават тлустымі губамі нешта плямкаў. Мікола, каб не зарагатаць, стараўся не глядзець на сябрука.

— Прыдумаў, — раптам заявіў той.
Ну?
— Падыдзем да яго і… спытаемся, хто з нас прыгажэйшы?
— Так, пытанне ты прыдумаў, я табе скажу…
— А чым яно благое?
— А чым цікавае? Зірне на нас гаспадар і скажа, якія мы на самай справе прыгажуны. Тады, нябось, злавацца пачнеш?
— Не, не будзе такога!
— Глядзі.

Выйшлі святыя з-за ляснога павароту, і прама перад імі адкрылася паляна, на якой завіхаўся Алесь з дзецьмі. Гаспадар і ўвагі не звяртаў на дарогу, але пільныя дзіцячыя вочы заўважылі чужых:

— Тата, нехта да нас ідзе.
— Няхай ідзе.
— Іх двое.
— Нічога. Каму трэба, той прыйдзе і запытаецца, калі надта карціць.

Святыя падышлі да гаспадара і павіталіся.

— Ляда карчуеш?
— Але, трэба раскарчаваць, бо там ужо ў мяне зямелька не вельмі родзіць.
— Тут яна добрая, — падтрымаў Мікола, — спаліш кустоўе, хмызняк, то попелам добра ўгноіш.

Пятро стаяў, важна адставіўшы нагу, і раптам, ні з таго, ні сяго, ляпнуў:

А скажы, гаспадарыку, хто з нас прыгажэйшы?

Алесь і рот ад нечаканасці разявіў. Як капа сена на галаву ўз’ехала. Пазірае на святых і не ведае, што адказваць, ды потым знайшоўся:

Абодва вы прыгожыя.
— Э, так не пойдзе, — не пагадзіўся Пятро.
Чаму? — шчыра здзівіўся Алесь.
Ты павінен прама адказаць, хто з нас прыгажэйшы?
— Але ж я праўду сказаў.
— Такога не можа быць, каб два чалавекі былі аднолькава прыгожыя. Да таго ж мы не проста людзі, мы святыя.
— Ды…
— Гавары, не бойся, — не адступаўся Пятро. — Прыгледзься лепей і скажы прама.
— Гавары ўжо, чаго там, — падтрымаў Мікола. — Нічога благога табе за гэта не будзе.
— Праўда?
— Што мы, махляры нейкія?
— Ці круцялі з вялікай дарогі?

Тут Алесь махнуў рукой і прамовіў, на Пятра паказваючы:

— Абодва прыгожыя — гэта праўда, але вось у гэтага нос велікаваты. Як агурок.

Мікола весела падміргнуў селяніну, а Пятро спахмурнеў і адвярнуўся. Гаспадар імгненна адчуў перамену настрою:

— Але я ж не жадаў вас крыўдзіць. Самі напрасіліся.
— Ды нічога, — праз зубы прашаптаў Пятро і першы пакіраваў прэч. За ім, азіраючыся і пасмейваючыся, падаўся Мікола.

Адышліся яны крокаў сто, тут Пятро і кажа:

— Не забуду яму гэтага!
— Ты што? Мы ж дамовіліся!
— Мала што там было!
— Мы ж чалавеку сказалі, што за гэта нічога благога рабіць не станем.
— Перадумаў я.
— Ды нельга ж так сябе паводзіць.
— А яму можна гаварыць, што ў мяне нос, як агурок?
— Сам жа напрасіўся!
— Я ж пытаўся, хто з нас прыгажэйшы?
— Вось ён і адказаў.
— За гэта і атрымае ў мяне! Не дарую!
— Нельга так. Мы каралі лайдакоў, абібокаў, ганарліўцаў, а гэты ж шчыры працаўнік. Глядзі, я за яго ўступлюся! — рашуча адрэзаў Мікола.
То ты супраць мяне?
— Не супраць, але гэтага гаспадара ў крыўду не дам!
— Пажывём — пабачым.
— Напушчу на ягоную ніву неўраджай!
— Ага, я яе буду паліваць і даглядаць.
— Пажарам выпалю ўсё навокал!
— А я папярэджу.
— Жывёлу ўсю звяду!
— А я дапамагу зноў развесці і не дам яму духам пасці.
— Чаго ты ўсё насуперак мяне спрабуеш зрабіць?
— Бо ты сябе няправільна паводзіш.
— Правільна! Не будзе яму спакою на гэтай зямлі: на нізкім усё дазвання затаплю, а на высокім, адпаведна, засушу! Будзе ведаць, як з мяне смяяццаі
— Ён жа не смяяўся, — спрабаваў было Мікола адгаварыць сябрука, а сам усё думаў, як жа чалавека з бяды выручыць. Але ў галаву не прыходзіла нічога выратавальнага. Нарэшце запытаўся:

— То ты не перадумаў, Пятро?
— Не.
— Цвёрда сказаў і нічога мяняць не будзеш?
— Так!
— То я гэтаму чалавеку падкажу, каб ён пасяліўся ў парэччы, паміж рэкамі.
— Навошта гэта? — вылупіў вочы Пятро.
Там не нізка і не высока і не згубіш ты ягоныя ўраджаі.

Так і адбылося на самай справе. Стаў Алесь жыць упарэччы. Назва паступова змянялася і стала — Парычы.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 362-366.