У гомельскай бібліятэцы №7 імя Якуба Коласа 17 лістапада адбудзецца фальклорна-этнаграфічнае свята «Не губляйце да продкаў сцяжынку, памятайце, што вы – беларусы». Падзея пройдзе ў межах праекта «Каб жыла культура продкаў».
У правядзенні свята будуць задзейнічаны ўстановы і калектывы, якія захоўваюць і папулярызуюць беларускую народную культуру.
Фальклорны калектыў «Этнашкола “Традыцыя”» ДУА «Сярэдняя школа №30 г. Гомеля» пазнаёміць з музычнай спадчынай беларусаў. Пад акампанемент гармоніка, дуды, бубна і іншых народных інструментаў будуць прадстаўлены карагодныя, жартоўныя і гульнёвыя песні, якія калісьці выконвалі іх стваральнікі – скамарохі.
У беларускі народны касцюм будзе апранаць дзяўчын супрацоўнік філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Вольга Міхайлаўна Вінаградава, якая адначасова раскажа пра рэчы жаночага адзення: наміткі, кашулі, спадніцы, паясы.
Этнаграфічны музей «Беларуская хата» УА «Гомельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй прыборабудавання» перанясе гледачоў у вясковую сялянскую хату 18-19 ст. і пазнаёміць з прыладамі народнага побыту і ўпрыгожвання жылля.
У інтэр’еры хаты навучэнцы УА «Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі» будуць гатаваць страву «Бульбяныя лапці» і частаваць беларускай ежай.
Напрыканцы свята адбудзецца фальклорна-этнаграфічнае вяселле ў выкананні ГМКГА «Талака». У залах бібліятэкі будуць дэманстравацца выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: рушнікі, настольнікі, жаночыя фартухі, сурвэткі, вышытыя беларускім арнаментам, аб гісторыі і вызначэнні якога павядзе гаворку кіраўнік кружка па вышыўцы беларускага арнаменту ДУА «Сярэдняя школа №8 г. Гомеля» Любоў Леанідаўна Шыцікава.
Калі: 17 лістапада, пачатак у 12:00
Дзе: бібліятэка №7 (вул. Галавацкага, 21)