Палявыя кветкі растуць на асфальце альбо абгрунтаваны аптымізм Сяргея Харэўскага

0
1658
Хоревский, Гомель

Напрыканцы траўня ў летапіс інтэлектуальнага жыцця Гомеля дадалася яшчэ  адна яскравая старонка: сваімі думкамі наконт ідэнтычнасці беларусаў у XXI стагоддзі падзяліўся з гамельчукамі слынны беларускі мастацтвазнаўца і культуролаг Сяргей Харэўскі.

Як вядома, ГМКГА “Талака” 26 траўня працягнула серыю сустрэч з выбітнымі  суайчыннікамі ды запрасіла ўсіх цікаўных на публічную лекцыю Сяргея Харэўскага “”Беларусь ХХІ стагоддзя: наша новая ідэнтычнасць”.

Хоревский, ГомельСяргей Харэўскі вядомы найперш як адзін з найлепшых беларускіх інтэлектуалаў. Ён – слынны беларускі мастацтвазнаўца, літаратар, гісторык архітэктуры і культуролаг. У свой час навучаўся ў мастацкай вучэльні ў Менску, якую паспяхова скончыў. Ягонымі сябрамі па вучэльні былі Лявон Вольскі ды Міхал Анемпадыстаў. Адукацыю пасля непрацяглай адпрацоўкі ў выселенай зоне працягнуў у мастацкім інстытуце Пецярбурга, а пасля – Варшаве, дзе навучаўся ў Акадэміі мастацтваў. Аб сваіх навуковых інтарэсах сам Харэўскі кажа так: “Я займаюся гісторыяй архітэктуры, калі вузка – культавай архітэктурай, калі зусім вузка – культавай архітэктурай ХХ стагоддзя”. Дзякаваць Богу ў рэалізацыі свайго навуковага крэда ён прытрымліваецца думкі: “Каб твае веды можна было перадаць каму-небудзь”. Таму і выдае цудоўныя кнігі, апошнюю з якіх – “Сто твораў ХХ стагоддзя” Сяргей Харэўскі прэзентаваў на сустрэчы.

Хоревский, ГомельБезумоўна, чалавеку, які шмат павандраваў па свеце, сябруе з самымі цікавымі людзьмі сённяшняй Беларусі і ня толькі, які працаваў у разнастайных недзяржаўных медыях (“бо толькі мастацтвам сям’ю не пракарміць”), ды напісаў, сярод іншага, дзве грунтоўныя працы аб кітайскай ды арабскай каліграфіі, было чым падзяліцца з нешматлікімі аматарамі інтэлектуальных прамоў, якія прыйшлі на сустрэчу.

Мельнікава chareuski6 ЯкавенкаВядучыя філосафы Беларусі – Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Уладзімір Мацкевіч ужо закраналі праблему нашай  беларускай ідэнтычнасці. Сваю лепту ў гэтыя развагі ўнёс і Сяргей Харэўскі. Паколькі шмат чаго ў беларускай рэчаіснасці змянялася на ягоных вачах, да гэтых думак дадаўся і ўласны досвед. А менавіта такі досвед і ёсць самы цікавы, ён выклікае  давер і дадае вагі словам.

На думку Харэўскага часы перабудовы сталіся нейкім памежным момантам, які пачаў падзяляць савецкую ідэнтычнасць беларусаў з нейкай новай, якая тады яшчэ толькі нараджалася. Прычым і ў страшным сне не маглі прымроіць сучаснікі тых падзей у якіх умовах надалей будзе працягваць фармавацца гэтая самая ідэнтычнасць. Гаворка, безумоўна не толькі пра тое, як хутка мінае час ды разнастайныя вынаходніцтвы, кшталту інтэрнэта, што зрабілі нашае жыццё хутчэйшым у разы і прынцыпова іншым. Не, размова і пра палітычныя ды эканамічныя варункі, што моцна паўплывалі на фармаванне беларускай культуры ў 90-х ды “нулявых”.

Ментальна напрыканцы XX стагоддзя мы ўжо вельмі далёкія ад беларусаў, напрыклад, 1912 года. Паміж намі, па выразе Харэўскага “бездань”. Тыя рысы што сфармавалі наш этнас, былі яму ўласцівыя (як лічылі тагачасныя этнографы), напрыканцы стагоддзя былі, безумоўна, страчаныя. Наогул любая нацыянальная ідэнтычнасць паддаецца аналізу праз сістэму адукацыі, СМІ і праявы культуры. Дык вось калі прааналізаваць гэтыя складнікі на працягу стагоддзя ды параўнаць, то мы пабачым, што істотныя змены адбыліся менавіта за апошнія 20 гадоў, то бок і на нашых вачах!

chareuski8Паводле Мікалая Гумілёва любы этнас грунтуецца на “трох кітах”: 1) этнічная дамінанта, 2) ландшафт, 3) стэрэатыпы паводзінаў. Калі паглядзець на гэтых “кітоў” бліжэй, то мы ўбачым, што сёння беларускі ландшафт непазнавальна змяніўся “дзякуючы” Чарнобылю і яго наступствам ды  адмове ад той архітэктурнай традыцыі, што была ўласціва нашым землям (бо аграгарадкі гэта не традыцыйная вёска з яе забудовай і арыгінальным мікракосмам які можна было пабачыць ды “памацаць” шчэ гадоў 30 таму). Як іранічна заўважыў спадар Харэскі, калі перасякаеш мяжу Беларусі, едучы, напрыклад, з Украіны, то ў вочы адразу ж кідаюцца фісташкавыя свінарнікі, бэзавыя платы, ружовыя сіліконавыя дамы, адным словам  “нематываваны аптымізм аграгарадкоў”.

Што ж тычыцца этнічнай ідэнтычнасці, то лепш за ўсё вытлумачыць працэсы, якія адбываліся з ёй да перабудовы, кажа Сяргей Харэўскі, я магу на прыкладзе з уласнага дзяцінства.  Ён навучаўся ў школе французскай мове і на тыповае  пытанне настаўніка: « Quelle est votre nationalité?”, дзеткі хорам адказвалі: “Soviétique!”  Беларускамоўных школ ды садкоў не было, а славуты Машэраў прычыніў тыя, што цудам ацалелі ў 60-я. Хаця з іншага боку, нацыянальных меньшасцяў на тэрыторыі Беларусі няшмат, нацыя нашая даволі гамагенная і маналітная, таму пасля перабудовы, шмат хто з “савецкіх” стаў беларусам, бо атаясаміцца з беларускім народам нескладана. Да таго ж знікла такая істотна заўважная разніца паміж насельніцтвам гораду і вёскі, што адразу ж кідалася ў вочы яшчэ ў 70-я гады. Няма перажыванняў і пачуццяў якія былі сто год таму, калі хто-небудзь з вёскі ў блаславёныя часы “Нашаніўскага адраджэння” вырашаўся шукаць шчасця ў горадзе..

Таксама амаль страчаная і нейкая своеасаблівая духоўная, ды і любая іншая, мяжа паміж Усходняй ды Заходняй Беларуссю. Калі мы возьмем статыстыку з апошніх выбараў (калі прыводзіць паліталагічны прыклад), то колькасць прагаласаваўшых за дзейсную ўладу ў Воранаўскім раёне дасць ледзьве не большы адсотак, чым, напрыклад у якім-небудзь раёне з Усходу.

Шмат у якіх гарадах Заходняй Беларусі сёння адчуваецца “нетутэйшая рускасць” насельніцтва і звязана гэта з тым, што многія рускія афіцэры з сем’ямі яшчэ за савецкімі часамі абралі гэтыя гарады, каб жыць там пасля сканчэння службы. Іншым разам “нетутэйшая рускасць” выглядае канфліктна на кантрасце з “тутэйшай пальшчызнай”. Праўда, некалькі адрозненняў ўсё яшчэ трымаюцца, сярод іх вышэйшая за ўсход працоўная дысцыпліна, (за савецкімі часамі – тыя ж калгасы-мільянеры), і больш значная рэлігійнасць (шмат дзе на захадзе Беларусі рэлігійнае жыццё не перапынялася ніколі).

Істотная ратацыя кадраў таксама знішчае гэтыя межы, а вонкавае пераўвасабленне беларускіх гарадоў робіць усходнія гарады не меньш дагледжанымі ды прывабнымі, чым гарады заходняй Беларусі. Як сцвярджае спадар Харэўскі “з Менску ідуць імпульсы і іх пераймае ўся краіна”. Прычым што цікава – наша сталіца ніколі не была “сялянскай”, хоць сама нацыя пэўны час была менавіта такой. Сялянская дамінанта ў Менску не заўважная (калі не выкарыстоўваць гэта як метафару безгустоўнасці), бо ад народных спеваў да той жа традыцыйнай кухні сталіца неяк адмаўлялася, у адрозненне ад колішняй Прагі за часамі фармавання чэшскай нацыі ў якой усё было наадварот.

Хоревский, Гомель[quote_box_center]“Атрымліваецца, – робіць парадаксальную выснову Сяргей Харэўскі, –  “ад гэтых “кітоў” ідэнтычнасці захаваліся толькі стэрэатыпы паводзінаў і думак”?  А іх наяўнасць у нашага народа дакладна ніхто не аспрэчыць…[/quote_box_center]

Што ж істотна змянілася з савецкіх часоў у характарыстыцы нашай ідэнтычнасці? Як зараз выглядае набор сімвалаў Беларусі? Няўжо ўсё тыя ж буслы, зубры, БЕЛАЗы, бульба, лён ды торф? Спадар Харэўскі прапаноўвае пайсці шляхам доказу in contra, то бок таго чым мы ня ёсць.

Выступаючы своеасаблівым разбуральнікам міфаў ён сцвярджае, што адзін з найвялікшых з іх тычыцца беларусаў і рэлігіі. Сапраўдных вернікаў вельмі мала, бо “душыцца ў чарзе па святую ваду” ня значыць быць насамрэч праваслаўным. Колькасць каробак з-пад піцы ды пляшак з-пад шампанскага на наступны пасля Новага году дзень яскрава паказвае колькі народу рэальна трымае пост да сёмага студзеня. Да перабудовы існавала меркаванне, што як толькі з’явіцца свабода сумлення, народ “рынецца” ў цэрквы ды касцёлы. Але прайшло 20 год пасля атрымання чаканай свабоды веравызнання і людзі лепей ведаюць… свой знак задыяка, чымсці свайго святога апекуна.

Ці праваслаўная мы краіна (а ў нас жа і апроч праваслаўных ёсць вернікі!)? Сяргей Харэўскі лічыць, что сапраўдных хрысціян-вернікаў у Беларусі 5-7 адсоткаў, а гэтая лічба ў сацыялогіі знаходзіцца на мяжы статыстычнай памылкі… Адкуль людзі даведваюцца пра хрысціянскія святы? Парадаксальна, але з тэлевізара! А калі б не было дзяржаўных медыя? Народ масава не ведаў бы нават аб самых істотных святах хрысціянскага календара? Абразок на прыборнай дошцы аўто ня робіць нас сапраўднымі вернікамі. І да таго ж хто б мог падумаць, што менавіта каталіцкая царква (у выпадку Беларусі традыцыйна польскамоўная) будзе ў нас апірышчам беларускай мовы? Рытарычныя пытанні…

Продкі для сучасных беларусаў ўжо не з’яўляюцца эталонам паводзінаў, бацькі таксама. Многія  сучасныя маладыя беларусы не следуюць традыцыі пераемнасці светапогляду і свае ўчынкі павяраюць толькі па сучасніках. Старэйшыя ж не бачаць у жыцці маладзейшых паўтора свайго жыцця і гэта не толькі тыповы канфлікт пакаленняў.

Свет перанасычаны інфармацыяй і да нас ужо давялі, што мы не савецкія людзі, але дзіўная любоў да “таго што не ведаеш” засталася. Лінія Сталіна, Маркс з Энгельсам у назве вуліц, помнікі Леніну. Няўжо ўсё гэта застаецца па інэрцыі?

За каго мы ды нашыя ўлады зараз? За цара? Савецкую ўладу? Ёсць жа чыноўнікі, якія святкуюць і Кастрычніцкую рэвалюцыю і Пасху. Беларуская ідэнтычнасць з плямамі саветызацыі.

Міф пра беларусаў-бульбаедаў – адзін з самых трывалых. Пры гэтым у свеце ёсць іншыя нацыі-бульбаеды, як тыя ж бельгійцы або ірландцы, для якіх гэты прадукт з’яўляецца значна больш сімвалічным і “сваім”. Але ў савецкія часы гэта была адна з нешматлікіх дазволеных формаў адрознення ад іншых народаў СССР. Таму і друкавалі ў беларускіх выдавецтвах кнігі рэцэптаў кшталту “1000 блюд из картофеля”.  Тое самае тычыцца торфу, зуброў ды буслоў.

Жаданне прыдбаць кавалак зямелькі, сваёй, уласнай, – вось здавалася б традыцыйная мара беларуса. Яшчэ сто год таму – так (узгадайце шэдэўральную “Новую зямлю”)! Нават 30 год таму адказ быў бы з большага станоўчы, але зараз ужо не. Беларуская нацыя даўно перастала быць сялянскай. Гараджане складаюць большасць жыхароў Беларусі і ніякая маці не пажадае дачцэ такога лёсу, як адвечная дойка каровы ды праполка морквы. Нават жыхары аграгарадкоў ня ведаюць назваў многіх птушак ды раслін (наогул знікае маса колішніх паняткаў), а малако прывозіць аўталаўка. Адбылося разбурэнне істотнай канстанты – любоў да роднага кута, мары пра яго былі ледзьве не галоўным складнікам нашай ідэнтычнасці.

Калі звярнуцца да тых вобразаў, якія існуюць у замежнікаў адносна Беларусі то тут усё досыць проста. Тая ж кніга рэкордаў Гінэса прыгадвае такія цікавыя “дасягненні” нашай краіны: самае вялікае балота, самая вялікая магіла (Курапаты), самая вялікая экалагічная катастрофа (Чарнобыль) а таксама страты ў Другой Сусветнай вайне, Лукашэнка. Так нас уяўляюць і будуць уяўляць.

Калі ўсё ж-такі казаць пра ўяўленне аб уласнай ідэнтычнасці, то безумоўна мы павінны ўсвядоміць, што яно “лепіцца” увесь час. Пакуль што усе спробы ненатуралёвым чынам “вывесці” беларускую ідэалогію правальваліся. Мажліва таму, што не ўлічвалася штосьці вельмі істотнае, падсумоўвае спадар Харэўскі.

У час лекцыі некаторыя прысутныя звярнуліся з пытаннем, што ж уласна кажучы дае яму падставу быць аптымістам, верыць у перемогу беларусізацыі і новую беларускую ідэнтычнасць?

Спадар Харэўскі зазначыў, што калі весці адлік ад поўнага нуля, за які ўмоўна можна прыняць канец сямідзясятых, дык падставаў для аптымізму болей чым дастаткова! Пакрысе ствараюцца беларускамоўныя школы і садкі, аднаўляюцца храмы ды розныя помнікі архітэктуры, аб чым яшчэ ў сямідзясятыя і памысліць было цяжка. Харэўскі ўзгадвае як яны з сябрамі падчас раскопак блізу Мсціслаўскай абіцелі, якая зараз адноўлена,  марылі аб рэстаўрацыі хоць аднаго падобнага будынка і ня верылі, што улады не даруйнуюць усё тое, чаго не знеслі раней. Раней беларускую мову (і тое не зусім “жывую”) можна было пачуць толькі па радыё, радзей тэлевізары. Зараз жа – ва ўніверсітэтах, гімназіях, ліцэях, музеях, на тэлебачанні, у рэкламе, і, дзякаваць Богу, у паўсядзённасці! Выдаецца шмат літаратуры і яна запатрабаваная, перакладаюцца на беларускую мову замежныя фільмы, мову можна пачуць у касцёле і нават царкве. Ствараецца асяродак, як дзіцячы, так і дарослы, які можна назваць беларускамоўным. Выдаюцца мастацкія альбомы і з’яўляюцца беларускамоўныя субкультуры, інтэрнэт сярод карыстальнікаў-беларусаў на вялікі адсотак зрабіўся беларускамоўным. Гарады становяцца прыгажэйшымі, аднаўляюцца архітэктурныя помнікі, з’яўляюцца помнікі дзеячам менавіта нашай гісторыі. Згодна перапісу, расце колькасць людзей, якія размаўляе па-беларуску. Праўда, гэта хутчэй праява пратэстных настрояў, чым рэальнасць, бо калі б 2,6 мільёны чалавек кожны дзень размаўлялі б па-беларуску мы б чулі мову літаральна паўсюль! Дзяржава нажаль упарта ігнаруе мэсэдж накіраваны ёй гэтымі амаль трыма мільёнамі беларусаў.

Да таго ж нельга не адчуваць другаснасць амаль усяго таго, што робіцца ў нашай краіне па-руску. Рускамоўны культурніцкі “прадукт” не заўжды якасны і канкурэнтназдольны (песні, фільмы). Каб не дзяржаўныя субсідыі ці шмат падобных праектаў засталіся б? Да таго ж стваральнікі такіх праектаў, як правіла, не звяртаюцца да жывой  і сучаснай рускай культуры, сапраўды цікавай ды арыгінальнай. Яны рэтранслююць ілюзорны свет есенінскіх уяўленняў пра нейкую міфічную Русь, якой няма.

Меркис, ЯугенНашая нацыянальная ідэнтычнасць можа быць пакалечанай, набываць дзіўныя формы, але яна ёсць! Далёка яшчэ не ўсё ідэальна з развіццём беларускасці ў грамадстве, але калі задаешся пытаннем як наогул беларусы здолелі выжыць ва ўсіх неспрыяльных варунках калі шчэ 20 год таму нічога з таго, што ёсць зараз станоўчага не было зусім, дык мімаволі робішся аптымістам.  Мы як тыя рэстаўратары, гэта ж не брыдкі, а цікавы працэс! А купалы тым часм, ізноўку заблішчаць золатам! І калі нас, неабыякавых да роднай культуры ды мовы фізічна не знішчаць, дык мы, як спяваў гомельскі бард Андрэй Мельнікаў “непазбежна адродзім усю краіну!” Улада вымушана будзе прыслухацца да нас. А пакуль мы назапашваем аб’ём культуры, ствараем нешта новае, словам жывем, бо мы – беларусы, як “палявыя кветкі, што растуць і на асфальце”.

Аўтар: Наталля Меркіс

Фатаздымкі: Марыя Булавінская

chareuski11 Хоревский, Гомель Хоревский, Гомель