Паляваньне на пачварнага парсюка

0
2211
охота на кабана, картина, pig huntung medieval

Злая мяшчанская прыгода ХVІ веку

На яго налятала знову а знову хваля нечаканае трывожнасьці, шумавіньне каторай трапятала ў думках нібы пена ў гляку зь півам расходным. Марцін перабываў у жорсткім сэрцы, згадваючы раз-пораз, то Статут, то Біблію. Але ні ў той, ні нават у другой кнізе ён не знаходзіў ніякага заспакаеньня сваім турбатлівым ураеньням і спасочаньням. Грэшным дзелам ён апаў у мысьлі блюзьнерскія ды спамянуў словы аб мужох ды жанкох сваёй бабкі, якая заўсёды шаптала дзівосныя паганскія пацеры. Калі ж розум удакон замыліўся сумневамі, ён запяяў ня менш блюзьнерскую песьню пра двух брахнейкаў, што загінулі ў хораме, зрубленым з дрэваў сьвятое для паганых дубровы. Баючыся боскае кары за тое, Марцін перапыняў свой сьпеў пасьпешлівамі жагнаньнямі. Дуброва нікаторым абычаем не датыкалася яго ваўкавыйна даймаючых трывогаў. Асобаю прычынную ў тым была пекная вільнянка на імя Людвіка, званая Спадобай.

Марцін і Людвіка употайкі ад бацькоў, кроўнікаў ды знаёмых усіх сустрачаліся ўжо трэці рок. Перш то былі ціхія й чысьцюткія, нібы сьляза сьвятой Эўфрасіньні, патканьні пад месяцам за гарадзкімі мурамі. Ды памалу маладыя так разьмілаваліся, што справа да мядовых цалаваньнў абярнулася, за якімі неўвамнозе яны сталі любы між сабою меці. Сія-тыя, праўда, у Вялікім княстве назвалі б тое злым ложам ці нават, на аблюбаваны імі ляхоўскі капыл, вшэцяченьствам. Разьмілаваныя добра разумелі свой грэх прад Богам і людзьмі, але міма сябе пускалі чужыя думкі пра гэта. Ім было соладка ўдвох. Дык жа ні ён, ні яна не бралі на ўвагу тое, што грэх саладзенькім увойдзе, але гаркатою адрыгнецца. Хаця бывала Марціна прарывала й ён пачынаў весьці голыя апавесьці пра пабожнасьць, ціхамірнасьць, паслухмянасьць ды іншыя цноты, якімі красаваці павінна прыстойная кабета. Людвіка моршчылася ад тых моваў, а за вялікшае зло яна мявала тое, што мілосьнік зь нейкай кепскай завядзёнкі казаў почасту менавіта кабета, а не жанка, жанчына ці хоць бы нават жэншчына. Яна ніколі не выпускала таго з галавы. Не забывалася таксама аб такую радасьць, што Марцін на прыяцельскіх бяседах аж няскромна разам з малмазіяй і медавухаю гарэлачку дзюбаў. І яна нічога не магла яму вымавіці пры людзёх, абы ня выдаць зьнеабачкі іх сувязі. Аднак у пабачаньнях на чатыры вокі Людвіка сарамаціла яго з усіх мераў, а ён няўцямна хрыпеў, б’ючы сябе корхам у грудзі: “Людвісечка, не магу табе прамовіці вераю рыцарскаю, што болей падобнага ня будзе, бо слаб суць чалавек у дачаснага жывата моры гэтым…” Дзяўчына даравала, бо ў вачох ягоных разьлівалася такое сьвятло, якога не маглі спарадзіць ні тысячы касьцельных сьвечкаў, ні нат дзьве тысячы купальскіх вогнішчаў. І зусім міжволі зь яе вуснаў пракуднаю зягзіцаю зьлятала: “Мы адказуем за тых, каго зьмілавалі”. Хаця ж дапраўды не магла сабе адказаці, ці мілуе яго. Толькі потым усё чыста пачыналася знову. Здаралася ажно да дробных драбнічкаў і тых самых слоўцаў. Тады Людвіка пачынала гаварыці на лаціне і між разбэрсаных сказаў колькі разоў запар гучна выдыхала: “Circulus vitiosus.” Марцін крыўдаваў.

Як падумаці важка, дык крыўды таковыя былі ня самымі цяжкімі ў часе, калі мноства раўналеткаў Марціна, званага Зімападам, леглі галавою ў землях інфлянцкіх, ваюючы маскавітаў. Нямала ваяроў, якіх вадзіў князь Мікола Рыжы з Радзівілаў, вярнуліся да родных гасподаў скалечанымі. Было з чаго ўмываці твары сьлязьмі іх бацьком і малжонкам. Масква ж, наброіўшы ў Інфлянтах, узялася шыбункаваці ў Белай Русі. Мала не штотыдзень у Вільню прыходзілі стуль навіны грозныя. А ягамосьць кароль і вялікі князь ніяк ня мог аправіцца ад сьмерці сваёй любаснай жонкі і вельмі мала стаяў аб гаспадарстве, ападаючы ў крэўкасьць надмерную. Мноства абываталяў, маючы на бачнасьці гаспадара, бралі ад яго ня лепшы ўзор. Шляхта працягвала ладзіць банкеты. Тое ж, хоць і незаўжды з такой раскошаю, рабілі й мяшчане. У п’яным клуме інколі знаходзіўся такі, што прамаўляў спаважна падобныя да наступных словы: “Трэба нам аддаці маскве і Полацкаю, і Віцебскую землі. Яны бо спакон вякоў рускімі ёсьць. Мы ж, ліцьвіны – слаўныя рымскія нашчадкі, ня будучы русічамі, мусім кінуці гэтую мову ды загаварыці сапраўдным языком літоўскім”. Зазвычай падобным прамоўцам завіралі вусны, асьцерагаючы, дзей ня толькі ўстыд такія ганебныя глаголы ўнасіці, але ж і горлам за іх прыплаціцца можна, бо кат віленскі напалохае добра. Марцін жа на словы аб рымлянах адказваў ледзьве не з захаджэньнем у галаву: “Ну што ты за мярзенасьць вярзеш, змышляч?! Прыкра слухаці цябе. Тое – аддай. Гэта – аддай. А самым тут на лайно ўласнае ўпасьці а зубамі ляскаці, як сьмярдзючы сабака каторы? Трасцы!” Прыяцелі ўчасна паўзьдзержвалі яго ад рэзкіх рухаў ды вярталі бяседу ў абыклае рэчышча. Зімапад занікаў, сам у сабе гаворачы, дзей добра, што Людвіка не бачыла яго ў гарачцы безгаловых сьпярэчак.

Людвіка ж з каторагась часу мысьлі свае пакладаці стала на Даніле, якога Драбам менавалі. І глядала яна на яго, як бы ў зярцала, дзе бачыла сумненьні свае многія. Даніла тварам, сьмехам, голасам і словамі тым голасам моўленымі ўпадабаўся ёй. Але памятала, што вязямі таемнымі зь іншым паяднанай была, і таіла ласку сваю ад усіх ды пярвей ад сябе самой, мабыць. Сам ён да яе ад спачатку ніякае ласкі не казаў, бо занураны быў у інтрыгі аморныя зь мяшчанкамі Яняю Краскай ды Альжбэтай Узьмянкай. Зь Яняй, што адно дурыла Данілу голаў вельмі, хутка разьвіталіся, ладна перасабачыўшыся пад канец. З Альжбэтай справы былі складаныя й заблытаныя, як лінія роду вялікіх князёў літоўскіх. Гукалі, дзей яна яшчэ ня быўшы ўдавіцаю, чыніла любы з Данілам, але ж ня толькі зь ім, а яшчэ з цэлым рэестрам віленскіх мяшчанаў, жаўнераў ды нават, даруй Божа, сьвятароў трох канфэсій хрысьціянскіх. А адна сьпісковая цнатліўка, праз рот каторай віднеўся муражок, на якім стаяла, цьвердзіла, што  да Альжбэты захаджваў сам ягамосьць Жыгімонт Аўгуст. Данілу пляткарства тое абыходзіла мала і ён пасьля многіх свараў і звад павяртаўся да яе, каяўся а меў велекроць ложа зь ёю. Быў жа ён зь мяшчанаў тых, каторыя аблады мелі ня толькі ў месьце, але й паза ім. А мяшчанству таковаму Гаспадар быў прызволіў служыці і заступаваці службу земскую так, як і баяры шляхта. То й браў Даніла да сябе гонару ваярскага ды хадзіў між іншага жаўнерства ў Русь Белую, якую маскаль попельнай зрабіці паўзяўся. Паход да Апочкі, дзе супастаты мечам аселі, быў нефатрунным надта. Даніла горла свайго ня літаваў і толькі з ласкавасьці Госпада Бога велеміласьцівага не падняў ён мечам сьмерць сваю, аднак пальцаў двух, мезеннага а безназоўнага, на правіцы далічыцца ня змог. Дык жа варачаючыся з паходу, Драб уменіўся, што яму сам чорт ня брат і Сапега не таварыш. Прыйшоўшы дамоўкі, знайшоў ён Альжбэту сваю любадайную панятай у стан малжонскі. Ды без увагі на шлюб яна заклікала яго да сябе. Даніла, сабраўшыся з душою, даў ведаці ёй адказ свой праціўны, а сам да дзядзькі ў Наваградак зьехаў. І піячыў ён там колькі сядміцаў, аж покуль не прынесьлі ліст зашыты.

Ліст зашыты зь Вільні быў, пісаны рукою Людвікі. Той самай Людвікі Спадобы, зь якою Даніла ўжо пару рокаў знaемасьць меў і неўпрыкмет для сябе сэрцам да яе ўзьбег. Толькі ўласныя путы аморныя ў гэтым перапоны чынілі і касавалі кождую зможнасьць для сустрэчаў, якія праясьненьне ўсяму далі б. Але ж неаднойчы сьніў ён адзін адзіны цалунак, скрадзены ў яе калісь начой перадкаляднай. Не забывалася й тое, што болей ейных цалаваньняў дамагчыся не прыдалося. У лісьце Людвіка зь вялікай пачцівасьцю прасіла Драба вярнуцца ў стольнае места, абы сустрэцца аблічне і пагаварыці пра пільнае штосьці. І Драб, быццам луска з ваччу апала, у Вільню рынуўся. Перамаўлялі яны доўга. І казала Людвіка, што заблуталася вельмі, ня ведаючы ясна, каго мілуе болей Марціна альбо Данілу, з таго бянтэжыцца і фрасуецца дужа, надта перажывае, што ён – Даніла – мала знаны ёй у сваёй праўдзівай натуры і жыціі рэчаістым. Драбу дзіўным было словы тыя да вушэй браці, але ён згадзіўся на патканьні зь Людвікай, хаваючыся ад бацькоў, кроўнікаў, знаёмых усіх, а злашча ад Марціна Зімапада, з каторым сам даўненька прыяцельства вёў.

Марцін навучаўся на арганістага, хадзіў да касьцелу сьвятога Яна і нават без узроку на запісы нотныя мог адыграці палову Берасьцейскага канцыяналу, выдаючы музыку эвангелікаў за чыста каталіцкую. Але раптам стала не да таго. У сэрцы мілую Людвісю прыкмячалі ў таварыстве іншага мужчыны. Яна казала адно пра прыпадковасьць тых сутрэчаў. Досыць жа выявілася датклівых супадзеньняў! У аптэцы пана Яна Пігулкі, на торзе, у касьцеле… Але самым страшным падалося, калі Марцін сам угледзіў іх на летніх усходцах дому яе бацькоў. Ён адразу пазнаў Данілу, які спакайнютка еў кашу рыжовую з шафранам. Можа й ня кашу, можа й без шафрана, але Зімападу гэтак падумалася. Гнеў і ўстыд апапнавалі ім, як бусел жабаю. У дом увайсьці ён не паторгнуўся, паімчаў да радзіннага свайго дому, зачыніўся ў каморы, прабавіўшы рэшту дня і ноч усю ў мучэньнях душы. Назаўтра Людвіка паясьніла, дзей Драб Даніла да бацькоў ейных завітаў ветліва, і ёй нягожа было б ня выйсьці да госьця зацнага, каторы панства нашае ў полі зь мечам ды ручніцаю, а не ў карчме зь півам і вяндлінаю бараніў. Да ўсяго яшчэ дадала: “Сорамна табе аб такую мізэрную прычыну, толкам не дазнаўшы, гняўлівасьцю запаляцца”. Марцін сьлязьмі абліваўся ў яе на каленях.

Між тым па месьце віленскім пагудка прабеглася, дзей у адным з хлявоў мяшчанскіх сьвіньня ў прыплодзе прынесла нейкую бэстыю, пачвару заістую. Ніхто ня ведаў, што рабіці з вырадкам. Быў ён большым ад іншых парсюкоў ды меў, як казалі кніжнікі, пілігрымы й купцы, голаў малпы, цібо абізяны – зьвера, што вадзіўся ў старане індыянскай і ў далёкіх крэсах афрыцкіх. Тыя  ж знаўцы,  што праўда, казалі і пра адрознасьць: у абізянаў пыса пакрытая поўсьцю, як у сабакі, а ў пачвары зь Вільні скура за малай вывалочкаю гладкая, як і слушыць парсючку. Акром гэтага ў вырадка былі вялізныя лыпатыя вочы, а вушы нібы ў кажана, а з лоба зьвісаў мярзотны атожылак, што нагадваў надцятую кішку. Нораву ён быў злога, бо перагрыз у хлеве ўсіх пабрацімцаў сваіх. Пасадзілі яго на асобнасьці, кормячы конскімі ды кароўскімі вантробамі, набыванымі невялікім коштам на гаспадарскай бойні. Уладальнік пачварнага парсюка ня мог духам выстарацца на яго забіцьцё. Пагатоў аб’явілася магчымасьць спаганяці з плоймы цікаўнікаў грошы за пагляд у заклець з монструмам. Пра самыя народзіны звыродлівага сьвінча гукалі размаіта. Адны баялі, дзей тое было ўроджаньне ад вядзьмарскіх чараў. Памятаючы аповяды пра малпаў, другія цьвердзілі, дзей якісьці купец у Вільню таго зьвера прывёз, а ён уцёк і ў хляве зь сьвіньнёю злучыўся, ад чаго і нашчадзь кепская выйшла. Трэція, маючы на ўвазе справы палітычныя, гаварылі годна, дзей той парсюк ня ў Вільні ўзрадзіўся і ўскормлены бязбожжам, а таемна дастаўлены сюды маскалямі для паняверкі а застрашэньня народа ad portus новых учынкаў ваенных на землях колішніх крывічоў.

Покуль люд віленскі аб тыя аказіі на мысьлі ўздабываўся, а хтось з мастакоў саматужных бэстыю праклятую для вандроўнага нямчына намаляваў, яна пасьля пэўнае ночы прапала. Заклець зламанай была, а па сьлядох адно бачылася: жывёла ўцякла, а ня стала прадметам хцівага крадзежніцтва. Як паказалася, парсюк па дарозе разьдзёр мноства псоў і катоў блудзяжных. Але спалохаліся віленчукі праўдзівей толькі тады, калі на тым шляху крывавым знайшлі чалавека лёзнага, зьвярыным абычаем да сьмерці змардаванага. Сьведкі ступіліся з аблічча, баючыся за ўласныя жыцьці. Пачварны парсюк пакінуў Вільню, зьбегшы ў лясы бліжэйшыя.

Даніла, пачуўшы гісторыю аб крыважэрным сьвінячым выпладку, усьміхнуўся і пасьля намарных корпаньняў у завучаных колісь лацінскіх словах прамовіў: “Svintus miserus Vilnae. Кусьлівы й сіла небясьпечны”. Але хутка сьмяшкі аціхлі, бо svintus  пару разочкаў зьяўляўся ў бацькавай вёсцы, ладныя шкоды чынячы. “Ото стварэньне д’ябальскае!” – узлаваўся Драб і ўздумаў, параіўшыся з бацькам, упаляваці ненавідную жывёліну. Вось жа і стаў ён зьбіраці паляўнічую бурсу, абы задуму сваю уцялесьніць. Памагаць абяцаліся тамтэйшыя паходжыя сяляне. Аднак мусіў быць і хтось больш спанатраны ў рэчах паляўнічых. Узяўшы гэта на розмысел, Даніла мгненьнем адзіным спамянуў прыяцеля свайго Марціна Зімапада. Зімапад, хоць і не сьпяшаўся кінуці ў бокі падозраньні аб Спадобе і Драбу, надзіва борзда указаў згоду на ўдзел у ловах. Яшчэ два месьцічы – Юшко Шмарагд і Глеб Дзівісіл – згадзіліся на рызыку лавецкую, бо вельмі прыгоды любілі.

Людвіка Спадоба, даведаўшыся пра паляўнічы хаўрус сваіх мілосьнікаў, спачатна ўсьцешылася надта, але сумелася потым: “А які толк у тым, што Марцін і Данік ня будуць варагаваці а хадзіці крывавусьцем міжсобку, калі я так і не даступілася жаднага зьведам’я, хто мне зь іх наймілейшы?”. Да яе суменьня дадалася і вялікая непрыемнасьць: у слушны дзень не пачалася болесьць месячная. Не было яе і на другі, і на трэці, і на чацьверты нават дзень. Маці, што ад першае дачковае крыві сачыла за яе месячніцаю, узрушылася надзвычай. Дачушка ж заспакойвала яе, мовячы хлусьліва, дзей усё тое ад турбаваньняў і страхаў, пасьля чуваных жахотаў аб брыдотным япручку. Матуля суцяшалася троху, але зь немінучым недаверам прамаўляла: “Ой, доню, прывяду я бабцю-павітуху, абы спраўдзіла, ці дзевая ты. Ой, прывяду… ”. палохала тым ня ў жарты Людвіку. Мысьлячы пра вераемную вагітнасьць, яна знала дакладна, што бацькам дзіцяці мог быць толькі Марцін, бо з Данілам нічога гэткага ў іх не бывала. А рачэй – не пасьпела адбыцца. Лягчэй ад гэтай яснасьці не рабіліся: “Усе будуць гаварыці пра распусту. Сёй-той курвай назаве. А родным ганьбы прыбудзе. Праклянуць”. Яна хацела пабачыцца з Марцінам, але той разам з Данілам на вёску зьехаў.

Юшко Шмарагд і Глеб Дзівісіл, марна прабуючы таварышоў сваіх разгаварыці, казалі, дзей парсюк-вырадак неадзіная праява такога раджаю ў Вялікім княстве Літоўскім. Першы згадаў зьмія воднага, што нібыта жыў у возеры Лепельскім, і многіх цмокаў, бачаных у ваколіцах далёкага ад сталецы Гомея. Другі прыпомніў яшчаркаў зубатых, якія некаторы час у вады праводзе віленскім вадзіліся, а ў менскай рачулцы Нямізе-крывавай наагул зводу ня маюць. Марцін і Даніла маўчалі. Зімапад, узяўшы на ўгоду прапанову драбаву, ня ўзяў да сэрца заспакаеньня. І намысьліў ён рэч грэшную вельмі, маючы “Ня ўбі” біблейскае і артыкулы права пісанага вялікакняскага сказіці, бо гарлівасьць мілосная вочы і розум заслала габэленамі чорнымі. Між рыштунку паляўнічага меў Зімапад заточаны гостра ікол хіжага звера заморскага, прыдбаны ў чалавека вандроўнага, які пэрэгрынацыю ў Зямлю Сьвятую ўчыніў. Рахубу Марцін дастаткова простую меў – у часе паляваньня іклом тым Данілу да сьмерці ўразіці, а пасьля прысьведчыці ілжыва, дзей бедачыну кныр паскудны растурзаў. Драб жа чакаў мажлівасьці разьясьніцца з прыяцелем аб рэчах мілосных. Юшко з Глебам пасьля ўсіх размоваў узяліся песьні карчомныя сьпяваці, цьвелячы сэрцы задуменным бурсьнікам.

– А дзе ж цяперака той монструм? – спытаўся Зімапад зьнячэўку.
– Ды кабы ведала мая сарочка, я б яе спаліў, – зьдзіўлена адказаў Драб.

У вёсцы, наслухаўшыся пра парсюковы напады сялянскіх страхотак, Даніла казаў ахвочым зладзіць вечарам віжаваньне. Згодныя да гэтае пары сяляне, цяпер валаводзіць сталі. Адзін сама гаваркі заявіў паляўнічым: “Абы ж тое, паночкі, зьвярына, як зьвярына была: дзік, дык дзік, мядзьведзь, дык мядзьведзь, а ня гэтая блудамярзенасьць. Тута пойдзеш, то й бяз сракі астанешся. Трасца разьбярэ і раструшчыць павадкі ягоныя! Няясна саўсём, хто каго віжуе – мы яго ці ён нас”. Даніла на тое плячыма паціснуў а прамовіў проста: “Змушаці нікога ня буду, бо вы людзі вольныя. Покуль…”. За тым павярнуў бурсьнікаў да дому бацькавага. Прамова сялянская Марціна з маўчаньня скінула: “Вольныя? Я б паказаў ім вольнасьць нашу і вашу! У прыгон! У прыгон усіх чыста бяз жадных размоваў і пабудак вялікіх”. Ніхто ня браўся пярэчыць. Данілаў бацька, усьцешаны з гасьцёў, усіх да стала запрасіў. На стол стаўлены былі колькі смажаных гусак з грыбамі, пірагі з цыбуляй і ялавічынай, сьвініна вяленая. А каб патравы тыя весялей спажываліся паставіў бацька мядку гарнец вялікі. Таго дык аж за многа ў сябе кульнулі, што смуга перад вачыма паплыла. А калі Юшко Шмарагд стаў показку чародную пра п’янога манаха, што піўную бочку з блудніцай пераблытаў, ніхто ўжо толкам не чуваў яго. Адзіны толькі  Зімапад паўтараў утрапёна: “Я разумею ўсё, Даніле. Я разумею ўсё чыста. Я разумею, Даніле. Я ж разумею”.

Ураньні, запіўшы боль галоваў поліўкай з бараніны, рушылі на паляваньне. Паляваньне без выведкі папярэдняй рабілася рэччу прыдзіўнай. Дый без аблогі зьвера цяжка было чагось удальскага парабіці. Падзяліліся па два. Разыйшліся ў бакі розныя. Лішне мовіць будзе, але мовім усё ж, што супоры мілосныя разам пайшлі. Калі за сьпінамі пакінулі з паўвярсты літоўскае, Марцін выраніў першае слова сваё:

– Слухай, Даніле. Што ў вас зь Людвікай Спадобаю?
– У каторым розмысьле? – Драб кінуў на яго зьнічкаваты пагляд.
– У тым самым – ведле літары: хто яна для цябе?
– Калі так, дык скажу шчыра: мілую я яе лепей, ніжлі сам сябе.

Зімапад на яго скоса зірнуў і мовіў злосна:

– І гэта апасьля ўсяго любадзейства твайго? Кажа люд віленскі, каторых вы рэчаў з той Альжбэткаю тваёй зажывалі, плюгату а спроснасьць цялесную чынячы. Аж і прыпамінаці брыдка…
– Але ж ты пры тым сьветачам не стаяў, – улегцы раззлаваўся суразмоўца, – то й ня трэба на пляткарства ўпадаці і яшчэ зь сябе ганца цноты строіць. Што рабілі мы з Узьмянкаю, то мой і ейны грэх, і нам за яго бязь сьведкаў прад Усявышнім адказ дзяржаці прынагодзіцца. Што табе да маіх грахоў? Свае счысьляй.
– Ды на росстанях паўночных хацеў я бачыць твае грахі! Я Людвісю мілую! Разумееш? І яна мілуе мя. Разумееш? Ні халеры ты не разумееш! Што ж ты лезеш у справы нашы?
– У вашы справы? Прыяцелю, ты прост, яка аўца. У вас даўно  зь ёй няма ніякіх справаў супольных, – выкалочваў Даніла душу спаборніку.
– Як?! – духам запаўшы, крыкнуў Марцін, а ў сэрцы здань надзеі адшуаўшы, дадаў – Ты сваім языком папудлівым ня кідай занадта. Ня трэба меч у шчасьце наша пускаці. Мы зь ёй пабярэмся скора.
– Дапраўды? Мае к табе гратуляцыі! – у зьдзек яўны Драб словы свае ператвараў. – Растулі вочы, Марціне! Растулі! Якое шчасьце? Таемныя патканьні хіба? Пра жанімства – хлусьня плюгавая. Ты ведаеш хаця, чаго яна ад цябе не пайшла яшчэ прэч?
– Мілуе…
– Ды ня мілуе, а літуе, мабыць. Дзеля вачэй тваіх ясных. А так даўно усяму крэс паклала б.

Злабе Марцінавай украінаў не было, і хацеў ён ужо на канкурэнта свайго ручніцу падняці, але ў хмызьняку за плячыма Данілы  штось заварушылася. “Монструм!” – крыкнуў недавучаны арганісты. Драб пасьпеў адно азірнуцца й абачыць, як на яго ляціць лыпатая чацьвераножына-пачвара ізь сьлізкім атожылкам на лобе. Зімапад стрэліў, але трапнасьці ня меў. Жывёла, угрызнуўшы за горла Данілу, гнаньнем адзіным скочыла на зьбянтэжанага Марціна, які марна прабаваў ручніцай адбіцца, і прываліла яго далавах, у падбародзьдзе зубамі ўхапіла.

Калі стрэл бухнуў, Юшко і Глеб якраз пацяшаліся зь дзьвюмя сялянкамі маладымі, якія ў грыбы прыйшлі, бо пра парсюка і чуць не чувалі. Адарваўшыся ад сялянкавых лонак, паляўнічыя матлянуліся на гук. Наблізіўшыся да месца нячыстага, згледзілі ўраз  яны да сьвіньні падобнага вырадка, каторы шаволькаўся ў хлюпкай гушчы крывавай. Зь відавіска такога на блювоты цягнула, але мяшчане дзяржаліся, пачвару на цэль узялі ды стрэлілі разам. Паранены парсюк завізгатаў, як Юнгінген пад Грунвальдам. Дзівісіл, даводзячы слушнасьць празваньня свайго да зьвера сігануў ды кулакамі і нагамі дабіваці стаў. Што й зрабіў, скуру на кулакох да касьцёў садраўшы, а галаву срэбрам дачаснм акрыўшы.

Людвіка Спадоба трывала мукі ад роздумаў трудных, прабуючы сабрацца з душою а знайсьці адказу на пытаньне, каторага ў катэхізісах не бывала. Кроў ня йшла. Ёй ужо здавацца стала, што ва ўлоньні дзіцятка варушыцца. Але не даставала нечага, абы пасьмецца сказаці цьвёрда Марціну, што з ловаў мусіць вярнуцца: “Гэта твой дзіцёнак”. Сэрца на старану Данілы хілілася. Дык жа ў труджаньнях многіх ночку прасядзеўшы, пастанавіла Людвіка: перабыці зь мілым Данікам, а потым засьведчыці, што ад яго дзіця панесла. А Марціну – “прабач!” і нікаторай адказнасьці. Для маці ж прыдумалася хусьцё з авечаю крывёю, якім можна было месячніцу прысьведчыці фальшыўна. З мысьлямі тымі віленская прыгажуня суцішылася, падыйшла да вакна, каб зірнуці на сьвітаньне. Сонца павольна падымалася ўгару. Вобак зь сьвяцілам раптоўна зьявіліся два вогненныя клубкі, што залётнымі мухамі закружлялі ў небе і праз хвілю зьніклі. З усьмешкай маткі боскай вастрабрамскай і вераю, што клопат ейны прамінучы, Людвіка загаварыла: “Вот жа, ня выспалася. Трэба легчы, каб хоць троху сьвяжэй выглядаці, сустракаючы любаснага майго чалавека”. Наглы боль паняў яе грудзі. Кармазынавыя кроплі крыві павыступвалі з смочак. “Ой,” – толькі і ўздатнілася з той нагоды вымавіці Людвіка. Занадта рана было думаць аб сканчэньні турботаў.

Гомель, варыянт 2001 г.