Дакументальны фільм з такой назвай здымаецца гэтымі днямі ў Вільні. Стужка прысвечаны ўражэнке Гомеля, славутай рэвалюцыянерцы Палуце Бадуновай.
Палута Бадунова – значная постаць у беларускай палітычнай гісторыі першай пал. ХХ ст: сябра ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, міністарка Рады БНР, адзін з кіраўнікоў антыпольскай барацьбы, грамадскі дзеяч, ахвяра сталіснкіх рэпрэсій.
“Калі я пачытаў сцэнар – кажа рэжысер фільма Валеры Мазынскі – адразу загарэўся ідэяй зняць дакументальны фільм. Падзеі беларускай палітычнай гісторыі пач. ХХ ст. актуальны і для сучаснай Беларусі: раздрай ды зваркі ў апазіцыі, няўменне дамаўляцца, адсутнасць еднасці перад ліцом ворага і, як вынік, маргіналізацыя апазіцыі”. Сцэнар фільма напісаны паводле кнігі Гомельскай даследчыцы Валянціны Лебедзевай “Палута Бадунова: сцяжынамі змагання ды пакутаў”.
Фільм здымаецца пры падтрымцы тэлеканала Белсат. Варта адзначыць, што акторы – не прафесіяналы, а валанцёры, грамадскія ды палітычныя актывісты.
“Для мяне вялікі гонар і адказнасць здымацца ў гэтым фільме” – кажа журналістка з Гомеля, выканаўца ролі Палуты Ларыса Шчыракова. “Бадунова – мая зямлячка, мы з ёю нарадзіліся ў Гомелі амаль на той жа самай вуліцы, яна на Дзімітрава (сучасная назва – прым. рэдактара), а, я на Урыцкага. Яна, як і я, была спачатку настаўніцай, а потым грамадска-палітычным актывістам. Таму мне зразумелы гэты вобраз і вельмі блізкі. Апроч таго, негледзячы на сваю значнасць для палітычнай гісторыі Беларусі, яна амаль невядома беларусам. Ні ў Менску, ні ў родным Гомелі няма ані мемарыяльнай шыльды ані помніка гэтай мужнай жанчыне і, спадзяюся, наш фільм будзе ёй сваеасаблівым нерукатворным помнікам”.
Сцэны, якія зараз здымаюцца ў Вільні ды курортнай Паланзе, звязаны з перыядам жыцця Бадуновай, калі яна кіравала антыпольскім узброенным супрацівам і, натуральна, пераследавалася за гэта польскімі ўладамі: яна сядзела ў польскай турме, а таксама жыла пэўны час пад наглядам паліцыі.
“Значнасць Палуты Бадуновай для палітычнай гісторыі Беларусі першай паловы ХХ ст. цяжка пераацаніць. З гледзішча жаночага лідэрства, яна выключная асоба, якая не мае сабе роўных у тагачаснай Беларусі. Не трэба забываць, што жанчыны ў перадрэвалюцыйнай Расійскай імперыі знаходзіліся ў прыгнечаным стане, яны мелі абмежаваныя правы на адукацыю, не мелі права браць удзел у палітычным жыцці ды дзяржаўным кіраванні. І пры ўсім гэтым, Бадунова здолела рэалізаваць сябе рэвалюцыянеркай ды палітыкам, бо была адным з кіраўнікаў самай масавай і папулярнай партыі на Беларусі” – кажа гісторык Наталля Меркіс.
На долю гэтай жанчыны выпала вельмі шмат выпрабаванняў: удзел у антыпольскай барацьбе, адстойванне беларускіх нацыянальных інтарэсаў перад бальшавістскім кіраўніцтвам, пераслед з боку польскіх уладаў, эміграцыя, вяртанне на радзіму, пераслед НКВД і смерць ад рук сталінскіх катаў.
Ёсць у фільме апроч змагання ды пакутаў дзеячкі і лірычная любоўная лінія. З дня знаёмства і да смерці Палута Бадунова кахала свайго паплечніка па партыі Тамаша Грыба. Але пачуцце было не ўзаемным і дадавала дадатковы трагізм і без гэтага нялёгкаму жыццю Палуты.
Ужо адзняты пастановачныя сцэны ў Менску ды Гомелі, наперадзе – здымкі ў Празе ды Пецярбурзе. Увесну плануецца прэзентацыя фільма.
Аўтар: Ларыса Шчыракова, Моцныя навіны
Нагадваем, што ГМКГА “Талака” ўжо здымала аматарскі фільм, прысвечаны Палуце Бадуновай:
[td_video_youtube playlist_title=”” playlist_yt=”gs3w5ZbfBeI, -PBDcxS1XD0, MtPeEoNaXz8, M1Zen2eixxk, mr1YwEJid5I” playlist_auto_play=”0″]