Адным з галоўных накірункаў акупацыйнага рэжыму з’яўлялася правядзенне палітыкі генацыда. Нацыстамі былі вызначаны тыя, каго трэба ліквідаваць у першую чаргу. Селекцыя мясцовага насельніцтва праводзілася паводле расавых і палітычных прыкмет. Гітлер, плануючы “рэарганізацыю ўсходніх тэрыторый”, адзначаў, што “усе гэта, аднак, застанецца бясплённай марай да той пары, пакуль не будзе здяйсняцца планамерная палітыка каланізацыі і вынішчэння насельніцтва” [1, с. 5-6].
У Мазыр немцы прыйшлі 23 жніўня. Гэта была разведка. Адзін дзень яны пабылі ў будынку аблвыканкама і вярнуліся назад [2, арк. 84]. Сталы гарнізон з’явіўся тут напрыканцы жніўня.
Пасля прыходу немцаў у горадзе з’явіліся аб’явы “за укрывательство советских воинов — расстрел”, “за неявку на работу — расстрел”, “за сопротивление немецким властям — расстрел” [16, арк. 2]. Камендантам быў выдадзены загад аб здачы зброі, якая была ў насельніцтва і аб вяртанні нарабаваных рэчаў [2, арк. 311]. Загады гэтыя мазыранамі ігнараваліся
Асабліва ад “новага парадку” пакутавала яўрэйскае насельніцтва. Сам факт прыналежнасці да яўрэйскага народа прадвызначаў лес чалавека, які падзялілі і мазырскія яўрэі. Яны складалі 39 % ад колькасці жыхароў даваеннага горада [1, с. 191; 17]. Многія яўрэі не паспелі эвакуіравацца з Мазыра. У асноўным гэта былі шматдзетныя сем’і, жанчыны, людзі пажылога ўзросту і хворыя.
Некаторыя яўрэі, нежадаючы скарыцца ворагу, канчалі жыццё самагубствам. У дакладной запісцы малодшага лейтэнанта дзяржбяспекі Хмелеўцава, які быў пакінуты для работы ў падполлі, паведамлялася: “Примерно 31 августа с.г. (1941 г. — С.Н.) несколько еврейских семей собрались в один дом, облили его керосином, внутри дома зажгли себя сами и все погорели” [2, арк. 84]. Толькі праз некалькі дзён нямецкія ўлады дазволі пахаваць загінуўшых на яўрэйскіх могілках. Сведка В. Целеш паказала, што восенню 1941 г. яна бачыла на вул. Пушкіна воз, які суправаджалі два старых яўрэя. Воз быў прыкрыты толькі зверху, а з бакоў былі відны абгарэлыя целы [3].
Першы карны атрад з’явіўся ў Мазыры 6 верасня. Карныя атрады дзейнічалі з асобай лютасцю да мясцовага насельніцтва. “Нямецкія салдаты ў маскхалатах… ішлі і стралялі ў вокны. Пасля гэтага, напрыклад, вуліца Саета, дзе жыло шмат яўрэяў, нагадвала своеасаблівыя могілкі: у кожнай кватэры валяліся трупы: старых, дзяцей, жанчын…”. Сведка тых падзей інжынер Б. Пікман ў “Чорнай кнізе” расказвае: “Па перавулку Рамашоў Роў ішоў малады немец. Ён нёс на штыку гадавалае дзіця. Дзіця яшчэ слаба крычала. А немец спяваў. I быў так захоплены, што нават не заўважыў мяне” [4, с. 181].
На акупаванай нацыстамі тэрыторыі ствараліся гета — раёны гвалтоўнай ізаляцыі яўрэяў. Іх на Беларусі было створана звыш 100, адно з іх знаходзілася ў Мазыры. На працягу аднаго дня восенню 1941 г. яўрэі г. Мазыра былі сабраны ў адным квартале — па вуліцы Рамашоў Роў. Праводзілі ў жыццё гэты загад гарадская паліцыя і акупацыйныя войскі, у тым ліку і чэхаславацкія злучэнні [5, арк. 15]. Туды ж былі звезены яўрэйскія і цыганскія сем’і, якія жылі ў розных вёсках Мазырскага, Ельскага, Нараўлянскага, Юравіцкага раёнаў. Яўрэяў і цыган з вёсак у горад звозілі мясцовыя старасты разам з вясковымі паліцэйскімі. Да канца снежня 1941 г. у гета на вуліцы Ромашоў Роў было сабрана ўсё яўрэйскае насельніцтва, а таксама так званыя “мешанцы”, у якіх адзін з бацькоў быў яўрэем, з Мазыра і яго наваколля. Забараняліся ўсе адносіны паміж яўрэямі і неяўрэямі. У дакументах, выдадзеных акупацыйнымі уладамі, падкрэслівалася, што ў раёне гета “неевреи жить не должны”. Перамешчаным у Мазырскае гета асобам выдавалася даведка адпаведнага ўзору, у якой указвалася прозвішча, імя, імя па бацьку, час нараджэння, пасада і месцажыхарства на 22 чэрвеня 1941 г. Кожны жыхар гета павінен быў насіць “знаки отличия на поверхности одежды — желтый кусок материи, величиной с ладонь, пришитый крепко. Он должен быть прикреплен так, чтобы его было отчетливо видно спереди и сзади даже тогда, когда верхняя одежда снимается” [6, с. 350].
У створаным гета былі цяжкія ўмовы для жыцця. У адной хаце жыло па 10-15 чалавек. Дзеля лепшага “кантролю” над жыхарамі гета быў створаны юдэнрат — савет “старэйшых”. На 17 снежня 1941 г. у склад савета мазырскай яурэйскай абшчыны ўваходзіла 12 чалавек, старшынёй быў Койфман Ейша Ізраілавіч. Лагер быў абнесены дротам, па начах яго ахоўвалі немцы [7, арк. 14].
Насельніцтва гета паступова знішчапася. У рапарце сяржанта дзяржбяспекі Коркава паведамлялася аб тым, што ў Мазыры “немцы собрали 230 человек евреев, в том числе и женщин с грудными детьми, завели их по пояс в реку Припять и из пулемета расстреляли”. Другі раз нацысты прымусілі старых яўрэяў насіць ваду на гару, а калі ў тых сілы скончыліся, іх расстралялі і не дазвалялі забіраць трупы на працягу некалькіх дзён [2, арк. 167, 240].
Масавыя забойствы яўрэйскага насельніцтва адбываліся ў студзені 1942 г. Вечарам 6 студзеня 1942 г. уся тэрыторыя мазырскага гета была ачэплена войскамі СД i СС, якія разам з паліцэйскімі, арыштавалі 306 жыхыроў гета, у тым ліку 120 дзяцей і падлеткаў, 107 мужчын і жанчын ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, 79 старых. Жыхарам гета не дазвалялася браць з сабой ніякіх рэчаў. Арыштаваныя былі накіраваны ў турму, дзе з іх знялі добрае аддзенне і абутак. Пасля рэгістрацыі частка арыштаваных была змешчана ў камеры, а большасць — жанчыны з дзецьмі пакінуты пад адкрытым небам на марозе. На наступны дзень — 7 студзеня гэтых людзей, частка з якіх была толькі ў нацельнай бялізне, пагналі босых па снезе пад узмоцненным канвоем у раён в. Бабры. Па дарозе да месца расстрэлу аднаму з вязняў паліцэйскі перабіў руку, а, спрабаваўшага зрабіць уцёк, былога рэдактара Мазырскай раённай газеты Яфіма Рубінштэйна растралялі з ручнога кулямёта [7, арк. 15; 9].
Расстрэлы працягваліся некалькі дзён. З гета немцы выганялі людзей групамі па 100-130 чалавек, вялі іх у раён в. Бабры, дзе i расстрэльвалі. Мазырскае гета было знічшана ў студзені 1942 г. Пасля масавых расстрэлаў на працягу некалькіх дзён у Мазыры праводзіліся аблавы. Шукалі тых, хто здолеў збегчы з гета. Калі знаходзілі — расстрэльвалі на месцы, або накіроўвалі спачатку ў турму, а потым вялі ў роў каля в. Бабры, дзе іх расстрэльвалі [7, арк. 6,12].
Лёс яўрэяў, якія імкнуліся па-за межамі гета знайсці прытулак, быў звьгчайна трагічным. Так, у 1943 г. у Мазыры спрабавала схавацца настаўніца Ліза Лазінская. Калі яе знайшлі, то на базарнай плошчы прывязалі да телеграфнага слупа i “упражнялись в метании ножей” [5, арк. 52, 53].
Акрамя гета ў Рамашовым Рове, ёсць яшчэ сведчанне аб тым, што ў Мазыры “яўрэйскае насельніцтва з горада выселена на ўскраіну — Кімбараўскую вуліцу і ў кожнага з яўрэяў на левай руцэ і спіне жоўтай фарбай зроблена паласа”. Адзіныя звесткі аб гэтым даюцца ў рапарце сяржанта дзяржбяспекі Мурзінава [2, арк. 76].
З узмацненнем супраціўлення захопнікам, узмацняліся і рэпрэсіўныя меры да насельніцтва. Кожнага, хто выклікаў хоць невялікае падазрэнне акупацыйных улад, арыштоўвалі, адпраўлялі ў турмы ці лагеры, адкуль мала хто мог выйсці жывым. У першую чаргу забівалі камуністаў, камсамольцаў, савецкіх работнікаў, калгасных актывістаў [17, с. 197].
Значная колькасць савецкіх грамадзян была знішчана ў мазырскай турме СД, якая знаходзілася на вуліцы Пушкіна, у будынку былой 2-ой акружной мазырскай бальніцы. Арыштаваных з турмы СД, звычайна, расстрэльвалі ў раёне в.Бабры. Але прыкладна з кастрычніка 1942 г. пачалі расстрэльваць на турэмным двары i на тэрыторыі яўрэйсіх могілак, якія знаходзіліся пабач. Вязняў днём прымушалі капаць сабе магілы, а потым раніцай ці вечарам іх расстрэльвалі. Ноччу расстрэлы праводзіліся пры святле фар. Зімой 1942 г. было праведзена некалькі масавых расстрэлаў [7, арк. 10].
Кошман Таццяна Уладзіміраўна, якая жыла на вул. Пушкіна, была сведкай забойства ў жніўні 1943 г. сялянскай сям’і. “Семья состояла из старика, старухи, мужчины и женщины лет тридцати пяти, двух детей: мальчика и девочки лет 9. … Всех их положили в яму и расстреляли, после чего присыпали сверху песком” [7, арк. 16].
Сярод тых, хто прайшоў праз засценкі СД, была Крукоўская Наталля Іванаўна. Яе арыштавалі ў снежні 1942 г., калі прынесла перадачу ў турму свайму брату А. Крукоўскаму — аднаму з удзельнікаў мазырскага падполля. У турме яна правяла тры тыдні. За гэты час была сведкай расстрэла жыхаркі г. Мазыра i трох яе дзяцей ва ўзросце ад 5ці да 14-ці гадоў. Гэту жанчыну абвінавачвалі ў сувязі з партызанамі. Наталля Іванаўна паведаміла і аб масавых расстрэлах мужчын, якія ўтрымліваліся пад стражай. Іх расстрэльвалі вялікімі фупамі па 30 — 50 чалавек [7, арк. 11].
6 студзеня 1942 г. на тэрыторыі мазырскай турмы жандармы сумесна з паліцэйскімі турэмнай аховы растралялі 34 вязні. Сярод іх былі пакінутыя для гіадпольнай работы: Ф.А. Камінскі i Х.А. Урэцкі, старшыня Мялешкавіцкага сельпо М.А. Дубавец, рабочы фабрыкі “Чырвоны Кастрычнік” I. Герасімаў, жыхар в. Казіміраўка М. Чуб, Шэйнкман і інш. Частка прозвішчаў не ўстаноўлена Паліцэйскія выводзілі арыштаваных з камер, рукі вязняў былі звязаны вяроўкамі, у турэмным двары іх расстралялі. На другі дзень трупы забітых былі вывезены ў раён в. Бабры і там закапаны [10, арк. 2].
Жыхарка г. Калінкавічы Кацярына Мацвеева была арыштавана немцамі і адпраўлена ў мазырскую турму восенью 1943 г. Па яе сведчанням, камеры былі перапоўнены, у турме ўтрымліваліся сотні людзей. Мацвеева ўспамінала, што калі яе выклікапі на першы допыт “следователь немец… начал меня избивать резиновым шлангом, а на третьем допросе порезали мне горло и бросили в сырую, холодную залитую водой камеру” [10, арк. 4].
Надзвычайнай Дзяржаўнай Камісіяй па выяўленню i расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў па Палескай вобласці было ўстаноўлена, што ў мазырскай турме было знішчана не менш 350 вязняў [7, арк. 4].
Акупацыйнымі ўладамі праводзіўся вываз жыхароў Беларусі на прымусовыя работы ў Германію. Пытанне аб дадатковых працоўных рэсурсах разглядалася пры абмеркаванні плана “Ost”. У дадатках да гэтага плана доктара Вэтцеля адзначалася, што “…белорусов нордического типа, пригодных по расовым признакам и политическим соображениям для онемечивания, отправить в империю с целью использования в качестве рабочей силы… Их можно использовать в сельском хозяйстве в качестве сельскохозяйственных рабочих, а также в промышленности или как ремесленников…” [11, с. 6].
5 жніўня 1941 г. выйшла пастанова аб ўсеагульнай працоўнай павіннасці. Усё працаздольнае насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў бралася на ўлік спецыяльна створанымі аддзеламі і біржамі працы.
Пачалася вярбовачная кампанія, якая першапачаткова вялася на дабраахвотнай аснове. 3 мэтай прыцягвання насельніцтва да работы ў еўрапейскіх краінах, і ў першую чаргу ў Германіі, прапагандаваўся нямецкі лад жыцця. Абяцалі добрыя ўмовы жыцця, высокія заробкі, сацыяльную абарону. Сем’ям асоб, якія дабраахвотна падаліся на работу ў Герман ію, выплачвалася пэўная дапамога. Але такіх жадаючых было няшмат. У нямецкіх дакументах адзначалася, што “наблюдается крайне отрицательное отношение к отправке на работу в Германию. Положение … таково, что каждый всеми средствами старается избежать вербовки (притворяются больными, бегут в леса, подкупают чиновников и т.д.). О добровольной отправке в Германию уже давно не может быть и речи” [12, с. 21].
Нацысты прыступілі да прымусовай адпраўкі насельніцтва, для чаго пачалі практыкаваць аблавы на насельніцтва. Ачэпліваліся цэлыя гарадскія раёны, вуліцы, кінатэатры, рынкі, прадпрыемствы і г.д. У Мазыры таксама праводзіліся аблавы. Па ўспамінах сведкаў, немцы ішлі на хітрасць, выносілі на плошчу патэфон, круцілі пласцінкі, а калі збіраўся натоўп, яго акружалі нямецкія салдаты і арыштоўвалі людзей, у першую чаргу моладзь [7, арк. 15]. Асоб, якія былі захоплены ў час аблаў, на некалькі дзён змяшчалі ў перасыльныя лагеры, дзе іх “сартыравалі” па прафесіях, узросту, стану здароўя i г.д. Пераважная большасць мазыран накіроўвалася ў г. Калінкавічы, дзе дзейнічалі тры лагеры, адзін з якіх быў створаны на чыгуначнай станцыі. Гэты лагер выкарыстоўвываўся як месца збору насельніцтва для адрапраўкі яго на прымусовыя работы ў Германію. Лагер быў абнесены калючым дротам, ахоўвалі яго немцы і пачіцэйскія. Вязням давалі ў суткі 200 г хлеба i кубак вады. Шмат людзей памерлі тут ад хвароб і здзекаў. Адсюль вясной 1942 г. было адпраўлена ў Германію каля 400 чалавек, вясной 1943 г. — 600, восенню 1943 г. — 300 чалавек. Значную колькасць сярод іх складалі мазыране [10, арк. 5].
За гады вайны з Палескай вобласці было вывезена 28088 чалавек, у тым ліку 5784 дзяцей маладзей 16 гадоў [13, с. 381], з Мазыра — звыш 800 чалавек [7, арк. 9].
Патрабуе дадатковага даследавання пытанне аб колькасці загінуўшых мазыран у часы Вялікай Айчьшнай вайны, на якое сёння няма дакладнага ад казу.
Надзвычайнай Дзяржаўнай Камісіяй па выяўленню i расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў па Палескай вобласці ў Мазыры і яго ваколіцах было знойдзена і ўстаноўлена 5 месцаў масавых пахаванняў людзей, якія былі знішчанны на працягу 1941-1944 гг.:
- На яўрэйскіх могілках (18 захаванняў, дзе былі знойдзены рэшткі 960 -1000 чалавек);
- На вул. Пушкіна, на месцы былой усадзьбы турмы СД (5 захаванняў, 275 чалавек);
- Ва ўрочышчы Рамашоў Роў (4 захавання, 1150 чалавек);
- У рове по дарозе з г. Мазыра ў в. Бабры (2 захавання, звыш 1000 чалавек);
- На вул. Свідоўка (2 захавання, звыш 600 чалавек).
Паводле гэтых матэрыялаў агульная колькасць забітых і замучаных склала 5530 чалавек, з ix растраляных 4730. Частка людзей, была закапана ў зямлю яшчэ жывымі, у некаторых з іх рукі былі закладзены назад І звязаны дротам. Некаторыя ахвяры, у тым ліку жанчыны і дзеці, былі моцна знявечаны. Акрамя таго, Камісіяй бьшо ўстаноўлена, што каля 700 чалавек за перыяд акупацыі было ўтоплена ў рацэ Прыпяць [7, арк. 5].
Другая лічба загінуўшых прыводзіцца ў энцыклапедычным выданні “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне” i складае 5884 чалавек знішчанага насельніцтва Мазыра [14, с. 29].
Іншыя звесткі аб колькасці загінуўшых у горадзе прыводзяцца ў Рэспубліканскай кнізе “Памяць. Беларусь”. Паведамляецца, што тут загінулі 4432 мірныя жыхары, 5 партызан, 70 падпольшчыкаў, 6 чалавек загінулі на катаржных работах у Германіі, не вярнуліся з фронту 2708 чалавек [15, с. 208], што ў агульнай колькасці складае 7291 чалавек.
Такім чынам, генацыд праявіўся ў эканамічнай палітыцы і ў знішчэнні насельніцтва Мазыра ў лагерах, турамах, гета, у вывазе мясцовых жыхароў на прымусовыя работы ў Германію.
- Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941-1944) /Пад. агул. рэд.У.М. Міхнюка. — Мн.: БелНДЦДААС, 1995. — 416 с.
- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 4п, воп. ЗЗа,. спр 63.
- Гутман Я. Масада на белорусской земле // Берега. — 2002. — Сент.
- Черная книга. О злодейском повсеместном убийстве евреев немецкофашистскими захватчиками во временно-оккупированных районах Советского Союза и в лагерях уничтожения Польши во время войны 1941-1945 гт. /Сост. и под ред. В.Гроссмана, И.Эренбурга. — Иерусалим, 1980.
- Архіў УКДБ па Гомельскай вобл. — Спр. № 10454.
- Смиловицкий Л. Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941-1945 гг. — Тель-Авив, 2000. — 432 с.
- Занальны дзяржаўны архіў у г.Мазыры, ф.310, воп. 1, спр. 15
- Козак К.И. Формы германского оккупационного административнотерриториального деления Беларуси // Трагічнае лета 1941: Напамін гісторыі: Матэрыялы міжнар. навук.-тэарэт. канф. — Мн., 2001. — С 14 — 20.
- Гомел. праўда. — 1975. — 20 жніўня.
- Ю.Занальны дзяржаўны архіў у г.Мазыры, ф. 310, воп.1, спр.10.
- Белорусские остарбайтеры: Угон населения Беларуси на принудительные работы в Германию (1941-1944): Документы и материалы: В 2 кн. Кн.1 /Сост.: Г.Д. Кнатько, В.И. Адамушка и др. — Мн., 1996. — 455 с.
- Горбунов Т. Советская Белоруссия. — М.: Огиз Госполитиздат, 1944. – 27 с.
- Белорусские остарбайтеры: Угон населения Беларуси на принудительные работы в Германию (1941-1944): Документы и материалы: В 2 кн. Кн.2. /Сост.: Г.Д. Кнатько, В.И. Адамушка и др. — Мн., 1996. — 486 с.
- Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945: Энцыкл. /Рэдкал.: І.П.ІІІамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с.
- Памяць. Беларусь: Рэсп. кн.: Энцыкл. /Б.І.Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн., 1995. — 624 с.
- Занальны дзяржаўны архіў у г.Мазыры, ф.286, воп. 1, спр. 27.
- Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра i Мазырскага р-на /Уклад.: М.А. Копач, В.Р. Феранц; Мает. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: Мает, літ., 1997. — 574 с.
Аўтар: С.А. Напрэенка
Крыніца: “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, навук.практычная канф. (2005, Гомель). Навукова-практычная канферэнцыя “Гомельшчына ў Вялікай Айчыннай вайне”, 7-8 красавіка 2005 г.: [прысвеч. 60-годдзю Вялікай Перамогі: матэрыялы] / рэдкал.: В.А. Міхедзька (адказ.рэд.) і інш.; Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: Выд-ва “Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны, 2005. — 280 с. Ст. 136-142.