Палессе як канцэпт у паэзіі Якуба Коласа

0
582
Палессе як канцэпт і паэзія Якуба Коласа

Узмацненне цікавасці да рэгіянальнага зместу этнакультурнага быцця — адна з пашыраных сусветных тэндэнцый сучаснай эпохі. Захаванне самабытна-нацыянальнага, адзінкавага, унікальнага набывае асаблівую значнасць ва ўмовах глабалізацыі, цэнтраімклівых інтэграцыйных працэсаў. Невыпадкова ў сучаснай навуцы «ў агульнатэарэтычным плане актуальнымі застаюцца праблемы рэгіянальнай спецыфікі фальклору, вытокаў рэгіянальнасці, яе сувязяў з этнічнымі і этнакультурнымі працэсамі…» [1, с. 96]. Рэгіянальнае — неад’емны складнік беларускай этнакультурнай прасторы, а нацыянальнае — гэта і ёсць вобраз свету ў яго лакальна-мясцовай канкрэтыцы.

У беларускім літаратуразнаўстве таксама відавочная скіраванасць на даследа­ванне рэгіянальных аспектаў у мастацкай творчасці. Так, напрыклад, у навуковы ўжытак уводзіцца паняцце рэгіянальнага субстрату [2]. Беларускае Палессе — надзвычай шматаблічная з’ява, якую характарызуюць этнаграфія і побыт, топасы і архетыпы, пейзаж і дыялектная мова, іншыя рэгіянальныя асаблівасці. Палессе — гэта і адметны мастацкі погляд на свет, сфармаваны разнастайнымі фактарамі: геаграфічнымі, прыроднымі, этналінгвістычнымі, этнаграфічнымі, сацыякультурнымі і інш.

Палескі рэгіён здаўна прыцягваў увагу этнографаў і фалькларыстаў, якія выявілі духоўнае багацце гэтага краю, асаблівасці народных поглядаў і уяўленняў. З.Я. Даленга-Хадакоўскі адзін з першых далучыўся да мэтаскіраванага вывучэння этнакультурнай спадчыны розных мясцін Беларусі, але «асабліва прываблівала яго Прыпяцкае Палессе, па якім неаднойчы вандраваў…» [3, с. 59]. Тут ён шукаў і знаходзіў адметнае, самабытнае, заклікаў і іншых пільна ўгледзецца ў аблічча і мінулае зямлі сваіх бацькоў і продкаў. Значна пазней В. Ластоўскі, пішучы пра М. Багдановіча, адзначаў, што «наша стыхія — лес і балота. Тут ёсць свая адменная кра­са, адменная рытміка, адменны чар. Трэба іх падгледзець, знайсці і вынесці на ши­рокі свет…» [4, с. 195]. М. Улашчык у 30-я гады XX ст. вандраваў, як і 3. Я. Да­ленга-Хадакоўскі, ён так убачыў Палессе і яго краявіды: «Лес недагледжаны <…> цягнецца кіламетры тры, за ім пачынаецца балота. Гэтыя балоты на поўдзень ідуць да Прыпяці і за яе, а на Захад — да Польшчы, Польшчы этнаграфічнай пад Берасцем. Неабсяжныя балоты з астравамі сухое зямлі, дзе раскінуты вёскі і расце лес» [5, с. 237].

Якуб Колас адным з першых пісьменнікаў ствараў, кажучы словамі таго ж В. Ластоўскага, «паэзію дрыгвы» [4, с. 195], эстэтычна адкрываў свет беларускага Палесся. Гэты вобраз з’яўляецца важным сэнсаўтваральным канцэптам у яго мастацкай творчасці, пра што сведчыць трилогія «На ростанях», аповесць «Дрыгва», п’еса «У пушчах Палесся», празаічныя творы для дзяцей «Палеская веска», «Па­лессе» і інш. Тое, што канцэпт Палессе трывала ўвайшоў у структуру творчай свядомасці Я. Коласа, найперш тлумачыцца цеснай спалучанасцю жыцця і лесу пісьменніка з гэтым краем. Як мы памятаем, ён настаўнічаў «у палескай глушы» з 1902 па 1906 г. і з 1912 па 1914 г. Пэўна, як і яго герой Андрэй Лабановіч, пісьменнік, «пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, <…> часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету, як бы гэты свет сышоўся тут клінам», але з цягам часу для яго стала «мілая гэтая глуш» [6, с. 19-20, 78]. «А твой вобраз маім // Прыглядзеўся вачам, // Да цябе маё сэрца ляжыць», — прызнаецца паэт у сваёй любові да палескага краю, гаворыць, што любіць «той край, бы яго родны сын» [7, с. 354].

Палессе як канцэпт выступае ў лірыцы Я. Коласа 1910-х гг. Гэты вобраз — эмацыянальна-сэнсавае ядро двух паэтычных твораў з аднолькавай назвай «Палес­се», вершаў «Палескія вобразы», «Вясна на Палессі», «Вечар на Палессі» і некаторых іншых. Пра коласаўскія творы палескай тэматыкі можна сказаць словамі І. Навуменкі: «…Колас малює паэтычны воблік зямлі, краю, у якім спрадвеку жыве родны яму народ» [8, с. 47]. Палессе — гэта адметная светабудова, якую шматаспектна раскрывае пейзаж. Паэтычныя творы Я. Коласа найперш даюць яскравае ўяўленне пра асаблівасці «ўмяшчальнага ландшафту» (Л. Гумілёў) Палесся. Паэт стварае яркія сезонна-каляндарныя замалёўкі (вясна і восень), раскрывае прыродна-кліматычны характар тутэйшых мясцін. Неаднойчы паэт кінематаграфічным буйным планам падае карціны палескага краю, і гэтая пейзажная панарама — мадэль палескага свету: «Край лясоў, край балот // I туманаў гнілых!» [7, с. 354]. Этнапрастору гэтага краю найперш характарызуе топас балота, які паўстае як галоўная прыродная стыхія: «Гэта ты, балот краіна! // Гэта ты, палескі край!»; «Усё ба­лоты ды балоты!» [7, с. 263, 187]. Зрэшты, даследчык І. Чарота даводзіць, што ёсць «падставы разглядаць балота як своеасаблівы архетып беларускага мастацтва» [8, с. 116]. Я. Колас захапляецца прасторнасцю палескага свету, яго разамкнёнасцю і непарушным спакоем: «Я люблю твой прастор, // Гмах шырокі балот…»; «А прастор, дык прастор — // І канца не відаць, // Не ахопіш, не змерыш зямлі» [7, с. 354]. Радасць, асалоду сузірання шырыні палескага прыволля паэт з пранікнёнасцю перадае ў вершы «Палескія вобразы» праз паўнагучнасць рытміка-гукавога ладу фра­зы: «Цёмны бор, кусты, балоты, // кучы лоз…»; «…чароты II Мора траў…» [7, с. 263]. Цесна спалучаны з вобразам балота архетып лесу. Гэта адзіная экасістэма, два вялікія аб’екты палескай светабудовы. Лес атуляе «балаты гнілыя», падступае да «палескіх раўнін»: «Цёмны бор, кусты, балоты»; «Пацягнуўся лес сцяною — // Ельнік, дуб і хваіна; // Шум стаіць над галавою…» [7, с. 263, 187]. Лес міфалагізуецца як месца першародна-дзікае, якое, трэба заўважыць, падобнае на «першабытны лес» Дантэ: «Ціха ў лесе, бы ў магіле, // I канца яму няма… // Як у ночы, ў лесе цьма»; «Калі лес там, дык лес: // Можна тыдзень дыбаць…» [7, с. 187, 354]. Паэт, здаецца, адчувае спрадвечны дух лясных нетраў, уздзеянне таемных чараў. Захапленне змяняецца пачуццём няўтульнасці пасярод дзікай нерушы, якая насцярожвае, палохае, адгукаецца ў сэрцы трывогай: «Аж на сэрцы сцішна стала, // Аж забілася мацней, // Хоць бы поле заблішчала, // Хоць бы веска ўжо хутчэй!..» [7, с. 187].

Палессе ў адлюстраванні Я. Коласа паўстае ў вобразнай дэталізацыі, канкрэтыцы рэалій балотнай стыхіі, паэтызацыі расліннага і жывёльнага свету. Вось асобныя пейзажныя фрагменты, якія разам узятыя прэзентуюць «балот краіну» ў яе канкрэтна-вобразнай напоўненасці: «…Кучы лоз і дубняку, // Рэчкі, купіны, ча­роты, // Мора траў і хмызняку»; «Брод і грэбля кожны крок…»; «Пералескі, лес, паляна, // Старасвецкі дуб з жарлом, // Хвоя-веліч на кургане // 3 чорным буславым гняздом…»; «Гразь, пяскі, лужок зялёны, // Шум крынічкі з-пад карча, // Шэлест лісцяў несканчоны, // Крык у небе крумкача…»; «Вербы, груша-сіраціна, // Нізкарослы цёмны гай…» (»Палескія вобразы»); «Свішчуць птушкі над балотам, // Аж гамоніць лес і гай, // I далёка за чаротам // Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай»; «Над бало­там стогнуць кнігі, // Жураўлі ўгары крычаць» («Вясна на Палессі»); «…Хоць у ло­зах тваіх // Вецер жудасна ўвосень шуміць»; «…Дзе бубняць бугаі, // Дзе красує чарот, // I дзе травы, як мора, ляглі» («Палессе») [7, с. 263, 182, 354]. Беларуская паэзія да Я. Коласа яшчэ не ведала такой засяроджанай увагі на вобразах палескай прыроды, рэалістычна дакладнага адлюстравання навакольнага свету. У паэтычным прасторавым мысленні паэта спалучыліся маштабнасць успрымання Палесся і канкрэтна-лакальны характар светабачання. Галоўная ж заслуга Коласа-мастака ў тым, што ён выявіў глыбокую духоўную повязь са светам палескіх краявідаў, узняў пачуццё прыроды да эстэтычнага захаплення, стварыў літаратурна-паэтычны міф Палесся, які ўвасабляе этнапрыроднае, геаграфічнае аблічча краю, з’яўляецца асновай разумения анталагічнага быцця палешукоў і ўтрымлівае ідэю экагармоніі.

Такім чынам, Якуб Колас ужо ў паэтычных творах 1910-х гадах рэпрэзентаваў прасторавую мадэль беларускага Палесся, геаграфію гэтага рэгіёну, закладваў архетыпічныя асновы пейзажнага мыслення. Рэгіянальны палескі свет у паэзіі Я. Ко­ласа — гэта разгалінаваная сістэма пейзажных вобразаў, якія раскрываюць тыло­вую і адметную топіку краю, яго ландшафтнае аблічча. Палессе з коласаўскіх твораў паўстае ў шматаблічнасці і канкрэтыцы рэалій. Паэт малюе някідкую, але чароўную палескую прыроду. Ён эстэтызуе і ўзнёсла ідэалізуе вобраз Палесся. Гэта свет суладнасці і хараства, спакою і прастору, казачнай таямнічасці. Гэта па сутнасці першародны зямны рай. Коласаўскія пейзажы вызначаюцца дынамізмам, вобразнасцю і меладычнасцю слова. Я. Колас выступае як шчыры і прачулы пясняр палескага краю, да краявідаў якога ён меў глыбокую прывязанасць і вялікае замілаванне. Ідэйна-эстэтычную сутнасць канцэпта «Палессе» ў творчасці Я. Кола­са, а таксама ў паэзіі Міхася Рудкоўскага, Яўгеніі Янішчыц, Віктара Гардзея, Леаніда Дранько-Майсюка, Міколы Пракаповіча і іншых коласаўскіх прадаўжальнікаў традыцыі мастацкай канцэптуалізацыі палескага свету можна акрэсліць тэрмінам «геасофія, які мае на ўвазе філасофію зямлі, сакральную тэрыторыю народа…» [10, с. 98]. Літаратурны вобраз Палесся, створаны Я. Коласам, мае выключную духоўную значнасць для нашай агульнанацыянальнай памяці, асабліва ў звязку з праблемамі Чарнобыля і экалагічнага разбурэння традыцыйнай светабудовы.

Літаратура

  1. Путилов Б. Н. Изучение фольклора региональное… // Восточнославянский фольк­лор: Словарь науч. и нар. терминологии / Редкол.: К. П. Кабашников (отв. ред.) и др. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 95-96.
  2. Бельскі А. I. Рэгіянальны субстрат і яго роля ў стварэнні нацыянальнага вобраза свету (на матэрыяле беларускай паэзіі) // Веси. Бел дзярж. ун-та. Сер. 4. 2001. № 1, — С. 15-18.
  3. Аксамітаў А. С., Малаш Л. А. 3 душой славяніна: Жыццё і дзейнасць 3. Я. Даленгі-Хадакоўскага. — Мн.: Полымя, 1991.
  4. Ластоўскі В. Выбраныя творы. — Мн.: «Беларус. кнігазбор», 1997.
  5. Улашчык М. Выбранае. — Мн.: «Беларус. кнігазбор», 2001.
  6. Колас Я. Збор твораў: У 14 т. Т. 9: Трылогія «На ростанях». — Мн.: Маст, літ., 1975.
  7. Колас Я. Збор твораў: У 14 т. Т. 1: Вершы 1898-1917 гг. — Мн.: Маст, літ., 1972.
  8. Навуменка I. Я. Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці. — Мн.: Нар. асвета, 1982.
  9. Чарота І. А. Пошук спрадвечнай існасці: Беларус. літаратура XX ст. у працэсах на­цыянальнага самавызначэння. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  10. Шамякіна Т. I. Элементы беларускай геасофіі як аснова нацыянальнай літаратурнай класічнай традыцыі 11 Беларуская філалогія: 36. навук. прац вучоных філал. ф-та БДУ / Пад агульн. рэд. д-ра філал. и. І. С. Роўды. Вып. 1. — Мн.: ВТАА «Права і эканоміка», 2003. — С. 97-105.

Аўтар: Алесь Бельскі
Крыніца: Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся: Матэрыялы другой Міжнароднай навуковай фальклорна-этналінгвістычнай канферэнцыі Мінск, 14-15 красавіка 2005 г. / Уклад. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: БДУ, 2005. — 338 с. Ст. 176-179.