Творчыя набыткі В. Карамазава ўжо доўгі час з’яўляюцца аб’ектам плённага вывучэння літаратуразнаўчай навукі, пра што сведчаць працы Д. Дудзінскай, Н. Навагродскай, А. Яскевіча, А. Сямёнавай, А. Брадзіхінай і інш. Зварот аўтара да асэнсавання постацей жывапісцаў таксама не застаўся па-за ўвагай даследчыкаў яго творчасці. Пісьменнікам В. Карамазавым за апошнія два дзесяцігоддзі напісаны мастацка-біяграфічныя творы пра В. Бялыніцкага-Бірулю [5], С. Жукоўскага [4], Г. Вашчанку [3], А. Бархаткова [2], М. Неўрава [6], Ф. Рушчыца [7]. Аднак да нашага часу мова твораў гэтага аўтара мала вывучана і даследавалася даволі фрагментарна. Некаторыя асаблівасці сінтаксісу публіцыстыкі В. Карамазава аналізавалі С. Бойка і С. Рачэўскі. Мову рамана “Мастак і парабкі” разглядала Г. Вештарт, вылучаючы частае выкарыстанне пісьменнікам слоў мясцовай гаворкі в. Лыскаўшчына (Магілёўская вобл.), дзе адбываецца дзеянне твора, нульсуфіксальных назоўнікаў, складаных слоў, сярод якіх, дарэчы, багата каларонімаў [1].
Аповесць-біяграфія В. Карамазава “Брама” (2006 г.) прысвечана народнаму мастаку і заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі Гаўрылу Харытонавічу Вашчанку — акадэміку жывапісу, творы якога захоўваюцца ў 30 буйных музеях свету. Менавіта ён, паводле версіі Міжнароднага біяграфічнага цэнтра Кембрыджа, двойчы названы “Чалавекам года” (1992, 1994) і “Чалавекам ХХ стагоддзя”. Аповесць В. Карамазава “Брама” — гэта мастацка-філасофскі роздум аб прыродзе творчасці, яго духоўных вытоках і абранасці лёсу мастака. А свой пачатак гэтыя вытокі бяруць на Палессі, якое ў навуковай літаратуры найчасцей вызначаецца як спецыфічная “гісторыка-геаграфічная і этнаграфічная вобласцьу басейнер. Прыпяць” [9, с. 378]. Аб важнасці і ідэйна-мастацкай значнасці гэтага тапоніма ў аповесці пра Г. Вашчанку гаворыць частотнасць яго ўжывання: у тэксце названага твора назва Палессе выкарыстоўваецца 43 разы. Аднак мала хто з айчынных даследчыкаў звярнуўся да вывучэння гэтага твора. Між тым, аповесць “Брама” ўяўляе цікавасць не толькі для літаратуразнаўцаў, але і лінгвістаў, асабліва з боку вывучэння яе анамастычнага матэрыялу, артыонімаў, онімаў-сімвалаў, у прыватнасці.
Сімвалічнай з’яўляецца назва-бібліонім “Брама”. Як архітэктурны элемент брама — гэта “галоўны ўезд на сядзібу” [9, с. 87]. У хрысціянстве словам брама сімвалізуецца ўваход у Нябеснае Валадарства, у новае жыццё. У больш агульным плане гэты онім-сімвал абазначае партал, які размяжоўвае розныя вымярэнні, прасторы. В.Карамазаў адзначае, што вобраз брамы для Г. Вашчанкі меў асабісты сэнс. Для яго яна стала сімвалам пакінутай бацькоўскай хаты і цяжкіх, пакутніцкіх пошукаў свайго прызначэння. Ад гэтай брамы, якую мастак сам выштукаваў яшчэ ў юнацтве, пачалася яго няпростая дарога ў вялікі свет мастацтва.
“Народжаны Беларускім Палессем” (П. Драчоў), ганаровы грамадзянін Гомеля, мастак Г. Вашчанка праславіў на ўвесь свет не толькі родную Брагіншчыну, але і нашу краіну. Увогуле Усходняе Палессе натхніла нямала славутых асоб. З Брагінскага раёна паходзяць мастакі В. Шматаў, М. Раманюк. У літаратуры добра вядомы імёны С. Палуяна, Н. Касцючэнка, У. Карпава, Р. Сабаленкі, Ю. Максіменкі, М. Ракітнага, У. Верамейчыка. Шмат пісалі пра Палессе і Я. Колас, І. Мележ, І. Шамякін, І. Навуменка, У. Дубоўка, У. Караткевіч, В. Казько, Г. Марчук, А. Федарэнка, В. Палтаран, Я. Янішчыц. Спіс гэтых імёнаў можна працягваць. Але заўважым, што некаторыя з названых асоб ураджэнцамі Палесся не з’яўляюцца. Як, дарэчы, і В. Карамазаў (нарадзіўся ў г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.). Аднак ён, заўзяты аматар падарожжаў, любіць і добра ведае палескі край. Нават гэтыя факты сведчаць аб надзвычайных духоўна-культурных багаццях, унікальнасці Палесся — радзімы мастака, якое дало ўрадлівую глебу для творчага самавыяўлення прадстаўнікам розных сфер мастацтва і культуры.
Нарадзіўся Г. Вашчанка 20 чэрвеня 1928 г. у вёсцы Чыкалавічы (56 км на поўдзень ад Брагіна), якая мае даўнюю гісторыю, згадваецца з XVI ст. Трагічны лёс напаткаў паселішча і ўсю Брагіншчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны: нямецкімі захопнікамі была спалена большасць населеных пунктаў, у тым ліку і Чыкалавічы (190 двароў). Менавіта на цяжкія ваенныя гады прыпадае дзяцінства і юнацтва мастака. З аповесці вядома, што свой радавод Г. Вашчанка вядзе ад прадзеда (па мацярынскай лініі) з іменем Пампей (ад ст.-грэч. “удзельнік урачыстага шэсця”). Быў ён, на думку Г. Вашчанкі, “з прышлых”, а сваё прозвішча-мянушку Мельнік атрымаў ужо ў Чыкалавічах: “Ціха з’явіўшыся, ціха і будавацца пачаў, не ў вёсцы, як усе будаваліся ды жылі, а за вёскаю, на рэчцы Брагінцы. Людзі думалі, што Пампей будуе сабе дом, а ён ім збудаваў млын. Падаліся мужыкі на млын зерне малоць, і кожны казаў: «Еду да мельніка». Гэтак Пампей прыдбаў сабе ў Чыкалавічах яшчэ і прозвішча Мельнік” [3, с. 9]. Праз унучку Надзею (маці Г. Вашчанкі) Пампей Мельнік парадніўся з родам Міны Вашчанкі, які паходзіў з вёскі Калыбань (у 41 км на поўдзень ад Брагіна): “На свет Міна з’явіўся ў вёсцы Калыбань, што пад Брагінам, дзе і Чыкалавічы, і там ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Сынклетай, якая нарадзіла дванаццаць дзяцей. <…> Харытон, першынец Сынклеты, ажаніўся з Надзеяй Мельнік з роду Пампея” [3, с. 10]. Заўважым, што імёны Гаўрыла, Міна, Міхась, Харытон, Надзея, Сынклета належаць да хрысціянскай праваслаўнай па паходжанні часткі беларускага антрапанімікону.
Сям’я для Г. Вашчанкі — гэта частка роднага Палесся, вобразы якога трывала замацаваліся ў яго карцінах, прычым у структуру значнай колькасці артыонімаў, якія называюць вядомыя мастацкія палотны жывапісца, уваходзіць онім Палессе (“Маё Палессе”, “Нафтавікі Палесся”, “Палеская песня”, “Дарогі Палесся”, “Палессе”). Яшчэ ў дзяцінстве Г. Вашчанка пачуў мясцовыя народныя паданні, якія з часам трансфармаваліся ў язычніцкія вобразы і пашырылі ідэйна-мастацкае ўспрыняцце Палесся ў сузіральнікаў яго карцін. Праз вобразы гэтых міфалагічных істот мастак імкнуўся паказаць не толькі старажытныя народныя ўяўленні: яны на палотнах творцы адлюстроўваюць спрадвечны лад жыцця, нашу духоўную культуру. Міфонімы, у сваю чаргу, сталі часткай некаторых артыонімаў: “Вясна. Лада”, “Лёль і Лель”, “Жыцень”, “Купалінка”, “Беражніца”, “Ярыла” і інш. Так, Лада — гэта багіня вясны, урадлівасці, апякунка кахання і шлюбаў; Жыцень, паводле старадаўніх павер’яў, — бог восені, які спрыяе выспяванню жыта, клапоціцца пра ўраджай; Ярыла таксама лічыўся богам урадлівасці, ён адмыкаў зямлю з прыходам вясны і замыкаў яе, калі надыходзіла зіма. Усе гэтыя міфалагічныя істоты належаць да багоў дахрысціянскага пантэона беларусаў.
В. Карамазаў адзначае, што частым вобразам у дачыненні да Палесся ў творчасці і мастацкім бачанні свету Г. Вашчанкі з’яўляецца бусел (карціны “Летні вечар”, “Белая раніца”, “Салаўіны час”, “Спалох”, “Палёт. Буслы”, “Гаспадар”). Выкарыстанне вобраза бусла ў якасці сімвала Беларусі ў айчыннай літаратуры і мастацтве стала традыцыйным, на што звярталі ўвагу многія даследчыкі (Л. Бараноўская, У. Коваль, А. Рогалеў, А. Садоўская, Т. Шамякіна, В. Шур і інш.). Так, В. Шур аналізуе спецыфіку функцыянавання гэтага вобраза ў фальклоры і творах У. Караткевіча, Я. Коласа, Я. Брыля, У. Верамейчыка, М. Башлыкова, Я. Янішчыц, А. Бароўскага і справядліва адзначае, што “многія беларускія паэты не ўяўляюць сваёй “малой радзімы ” без буслоў (бацяноў), буслянак (бусленіц), на дубах, стрэхах, воданапорных вежах, комінах пакінутых сялянскіх хат, тэлеграфных слупах” [8, с. 73]. Менавіта вобраз бусла трансфармаваўся ў вядомую арыгінальную перыфразу У. Караткевіча “зямля пад белымі крыламі”, якая не толькі з’яўляецца загалоўкам яго нарыса, але ўспрымаецца як вобраз-сімвал Беларусі. У нашым нацыянальным уяўленні бусел — сакральная істота, святая птушка, пакрыўдзіць якую — сапраўднае злачынства і вялікі грэх. Таму беларусы ўвесь час і імкнуліся жыць у згодзе з бусламі. Сузіраючы карціны Г. Вашчанкі, В. Карамазаў таксама па-філасофску заўважае, што “ў гнязде бусліным, у выяве бусліхі-маці, жыве Айчына — не толькі матыў ды вобраз, але і нацыянальны шлях, вышэйшы сэнс ды лёс” [3, с. 21]. Пісьменнік прыводзіць уласныя перыфразы мастака, які называе Палессе “і краем, і раем птушыным”, “птушыным міжкантынентальным портам”, а самога бусла — “Гаспадаром Палесся”, даючы гэтым апісальным назвам вельмі вызначальнае тлумачэнне: “Палессе ў вачах з маленства: і край, і рай птушыны. Вясна, бывала, пачнецца — аблогі стогнуць ад шолаху ды свісту пёраў. Птушыны міжкантынентальны порт. Усе птушкі, што лятуць праз Палессе з поўдня на поўнач і з поўначы на поўдзень, у нас садзяцца, кормяцца, гняздуюць, ладзяць вяселлі, кірмашы, а мы, палешукі, з маленства на іх падобныя” [3, с. 22]. Апісваючы буслоў з палоцен Г. Вашчанкі, пісьменнік выкарыстоўвае тыя эпітэты і параўнанні, якія падкрэсліваюць значнасць, высакароднасць гэтай птушкі. Бусел не проста “вялізны”, ён яшчэ і “годны, як паляшук”. Ужытыя аўтарам параўнанні выклікаюць дакладныя зрокавыя асацыяцыі: бусел стаіць, падняўшы нагу, “нібы балерун у танцы”, пёры яго — “як абгарэлыя людскія пальцы”. Апошняе прыведзенае параўнанне ў кантэксце твора мае канатацыю трывожнасці, насцярожанасці, як і метафара “абвугленае крылле”. Перадаючы афарбоўку апярэння птушкі, В. Карамазаў ужывае каларонімы “бялюткі”, “чорны”, “чырвоны” — трыкалор беларускай сімволікі. Суфіксам -ютк-, які абазначае высокую ступень якасці, у прыметніку “бялюткі ” пісьменнік падкрэслівае чысціню, святасць вобраза бусла.
Моцныя дзіцячыя ўражанні назаўсёды адбіліся ў сэрцы мастака. І хоць па волі лёсу яму і прыйшлося на доўгі час пакінуць межы Беларусі, Палессе яго не адпускала. Адукацыю ён атрымліваў у Кіеўскім вучылішчы прыкладнога мастацтва (1945-1948), Львоўскім дзяржаўным інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (1949-1955), а потым на пряцягу пяці гадоў выкладаў у Рэспубліканскім мастацкім вучылішчы г. Кішынёва. Свой выбар падацца за адукацыяй ва Украіну Г. Вашчанка тлумачыў так: “Перад беларускім хлопцам у жывапісе рэальна ляжалі дзве дарогі: адна — саматужная, другая — праз школы суседніх народаў і мастацтваў, на поўначы — Расіі, перасоўнікаў, на поўдні — Кіева і Львова. Мяне, палешука, завабіла суседка Украіна. Адно ў нас Палессе, адна Прыпяць, адны гістарычныя карані, блізкія мовы, песні, буслы…” [3, с. 21]. Як бачым, роднымі Чыкалавічамі Палессе Г. Вашчанкі не абмяжоўвалася. Ва ўяўленні мастака гэты тапонім разумеецца не толькі ў тэрытарыяльна-геаграфічным аспекце, але, у першую чаргу, як адметны гісторыка-культурны рэгіён. Лёс Палесся, яго даўніна і рэаліі цяперашняга часу цалкам вызначаюць творчы шлях, матывы і вобразы жывапісу героя аповесці В. Карамазава.
Асобае месца пісьменнік адводзіць тэме Чарнобыля — горада-сімвала. У творах беларускай мастацкай літаратуры гэты айконім набыў негатыўнае значэнне і ўспрымаецца як напамін аб самай буйной тэхнагеннай катастрофе ХХ ст. Эмацыянальна адмоўная канатацыя гэтага оніма абумоўлена і тым, што назва Чарнобыль асацыюецца са словам “чорны”, а гэты каларонім у нашай свядомасці звязваецца з цемрай, смерцю, злом. І калі бусел успрымаецца як белы (чысты, светлы) сімвал Беларусі, Чарнобыль, у процілегласць яму, як чорны (трагічны, негатыўны).
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС па сутнасці адняла ў Г. Вашчанкі яго “малую радзіму”. Пасля катастрофы жыхары Чыкалавічаў былі пераселены ў незабруджаныя месцы. Пакінутыя хаты з пазабіванымі крыж-накрыж вокнамі вельмі ўразілі мастака: “У трагедыі Чыкалавічаў ён сэрцам, да болю, адчуе трагедыю не столькі асабістую, нават іроднай вёскі, якусяго Палесся, Айчыны, свету” [3, с. 109]. А 20 жніўня 2008 г. паводле рашэння Брагінскага раённага Савета дэпутатаў вёска была ліквідавана. Боль страты і адчуванне непапраўных наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў мастакоўскім светабачанні трансфармаваліся ў жахлівыя метафарычныя вобразы і матывы: “Атрута была разлітая і па дарогах, якімі жанчыны з вёсак выносілі свой скарб у посцілках (“Сыход”); у паветры надмагільных бярозаў і хвояў, да якіх людзі неслі яшчэ адну дамавіну (“Адмучылася”); пад небам “Чарнобыльскага рэквіема”, пачуўшы і ўбачыўшы які, цверазелі не толькі крамлёўскія сейбіты чарнобыльскай бяды, але і Парыж, калі яго ўбачыў на выставе; праменіла з вяночка дзяціных чарапоў-галовак вакол мадонны беларускага Палесся (“Выбух”). Боль ды гаркоту ліў з сэрца. А як выліць, калі бяздонне?” [3, с. 109].
На адкрыцці ўласнай карціннай галерэі пра свае творы Г. Вашчанка сказаў: “Тут, вакол, маё Палессе, бацькаўшчына” [3, с. 13]. І гэта сапраўды так. Аналізуючы жыццёвыя рэаліі і карціны мастака, В. Карамазаў падводзіць чытача да высновы, што вобраз Палесся ў жыцці і творчасці Г. Вашчанкі мае скразны характар. Ён шматгранны і сімвалічны, але асноўнае значэнне, у якім выкарыстоўваецца гэты онім, — ‘малая радзіма’, ‘бацькаўшчына’. “Родны край”, “зямля, ад якой увесь род Пампея”, “краіна-браначка” (алюзія на верш М. Багдановіча), “казачны край” — усё гэта кантэкстуальныя сінонімы да тапоніма Палессе, ужытыя ў аповесці. У тэксце твора (у аўтарскім маўленні ці ў выказваннях Г. Вашчанкі) В. Карамазаў часта спалучае назву Палессе з прыналежнымі займеннікамі “маё”, “сваё ”, эпітэтамі-азначэннямі “роднае ”, “непаўторнае”, чым падкрэсліваецца асабістае стаўленне і адданасць героя аповесці бацькоўскай зямлі.
Такім чынам, у мастацка-біяграфічнай аповесці “Брама” (паводле аўтарскага бачання В. Карамазава) тапонім Палессе, у дачыненні да творчага ўспрыняцця яго мастаком Г. Вашчанкам — героем твора, выступае як сімвал роднага краю, радзімы і, найчасцей, звязваецца з айконімам Чыкалавічы — вёскай, дзе нарадзіўся жывапісец, яго сям’ёю. Гэты сімвалічны вобраз на аснове асацыяцый і ўласных пачуццяў, уражанняў Г. Вашчанкі пераасэнсоўваецца ў іншыя вобразы, якія пашыраюць яго значэнне (вобразы міфалагічных істот, бусла, Чарнобыля). Пісьменнік падкрэслівае, што светабачанне і светаўспрыманне мастака фарміравалася на народнай глебе, на глыбокім веданні і разуменні беларускай культуры, самабытнасці Палесся, мовы яго жыхароў.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
- Вештарт, Г. Ф. Моўныя здабыткі Віктара Карамазава: паволдле рамана “Мастак і парабкі” / Г. Ф. Вештарт // Роднае слова. — 2012. — № 1. — С. 56 — 57.
- Карамазаў, В. Антон: аповесць-эсэ ў стылі рэтра / В. Карамазаў. — Мінск: Про Хрысто, 2005. — 68 с.
- Карамазаў, В. Брама: аповесць / В. Карамазаў. — Мінск: Кнігазбор, 2006. — 128 с.
- Карамазаў, В. Краса і воля: аповесць, эсэ, альбом / В. Карамазаў. — Мінск: Медиал, 2008. — 112 с.
- Карамазаў, В. Крыж на зямлі і поўня ў небе / В. Карамазаў. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — 216 с.
- Карамазаў, В. Мастак і парабкі / В. Карамазаў . — Мінск: Медысонт, 2011. — 270 с.
- Карамазаў, В. Пад крыжам / В. Карамазаў. — Мінск: Кнігазбор, 2017. — С. 5 — 112.
- Шур, В. В. Уласнае імя ў соцыуме і мастацкім тэксце: манаграфія / В. В. Шур. — Мінск: Інстытут радыялогіі, 2015. — 300 с.
- Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / рэдкал.: П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл.
Аўтар: В.Р. Слівец
Крыніца: Духоўная спадчына Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: А. М. Воінава (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. – С. 254-258.