Палескае вяселле: традыцыі мінулага і сучаснасць

0
1252
Вяселле ў вёсцы на Палессі

Вясельная абраднасць і паэзія Палесся — яркая i самабытная старонка духоўнай культуры беларусаў. У кожнай вёсцы вяселле адрозніваецца сваімі мясцовымі асаблівасцямі. Звернемся да канктрэтных матэрыялаў, запісаных падчас фальклорных экспедыцый на тэрыторыі Гомельшчыны.

У многіх месцах Гомельскага Палесся вылучаўся такі цікавы падрыхтоўчы этап вяселля, як пярэпыты, адметнасцю якога з’яўляўся рытуал абменьвання хлебам паміж бацькамі жаніха і нявесты. Напрыклад, у в. Крыўск Буда-Кашалёўскага раёна перад сватаннем абавязкова праходзілі пярэпыты, на якіх родзічы жаніха ставілі мэту пачуць з вуснаў самой нявесты аб яе згодзе выйсці замуж. У мінулым цікавым абрадавым дзеяннем суправаждаліся пярэпыты ў в. Пярэдзелка Лоеўскага раёна, калі хлапец для ўсёй сям’і нявесты прыносіў лапці (пасталы), каб прадэманстраваць узор сваіх умелых рук. “Ён кідаў іх на сярэдзіну хаты і пытаў: “Падабенькі пастоленькі?”. Капі дзяўчына была згодна пайсці за яго замуж, яна адказвала: “Падабенькі”. Так адбывалася дамаўленне, пасля чаго хлопец мог засылаць у хату дзяўчыны сватоў”1.

Своеасабліва праходзіла і сватанне на Палессі. Напрыклад, у в Старое Сяло Веткаўскага раёна паміж сватамі і бацькамі нявесты адбываўся іншасказальны жартоўны дыялог:

— Ужо цёмна і мы заблудзіліся. Можа б пусцілі паначаваць? Мы чулі, людзі кажуць, наш бык к вашай цёлачцы прывык. Хочаце – бычка прынімайце, хочаце — цёлачку аддайце.
— У нас цёлачка адна, мы прынімаем вашага бычка2.

Развітваючыся сваты выконвалі песню:

Выкацілі, выкацілі дубовую бочку,
Высваталі, высваталі ў naнa-cвama дочку.
Пасадзілі, пасадзілі ў дубовым садочку,
Да й павезлі, да й павезлі да чужыя маці,
Што хацелі, то зрабілі чужому дзіцяці,
I сарочку знялі, прачуханку далі.

Паводле этнаграфічных звестак, зафіксаваных ад перасяленкі з в. Прыстанскае Брагінскага раёна, сватанне тут называлася мага­рычом, на якім абавязкова павінна была прысутнічаць нявеста.

Пасля сватання пры развітанні, па ўспамінах жыхаркі в.Азершчына  Рэчыцкага раёна А.К. Пузан, нявеста давала падарунак свайму суджанаму — бутэльку, напоўненую жытам, загорнутую ў тканіну i абвязаную поясам. Гэтае абрадавае дзеянне ўспрымалася як сімвал згоды на шлюб. Названы вясельны абрадавы момант суправаждаўся наступнымі песеннымі радкамі:

Гаварыла Валечка: “Замуж не пайду”,
Пасеяла чарнабрыўца цэлую граду.
А хто ж мае чарнабрыўцы палоць будзе,
А хто ж мяне, маладую, жалець будзе?
Адазваўся дай Ванечка ў агародзе:
А я ж твае чарнабрыўцы палоць буду,
А я ж цябе, маладзеньку, жалець буду3.

У знак згоды на шлюб маці нявесты, па славах жыхаркі в. Маканавічы Рэчыцкага раёна Зотавай Л.М., 1921 г.н., дае сватам “пропуск”, г.зн. “павязвае ім на шыю рушнікі”, каб дарогай іх ніхто не затрымаў.

На заручынах звычайна канчаткова замацоўвалася згода маладых на шлюб, прычым абавязковым рытуалам было зліццё гарэлкі сватоў і бацькоў нявесты ў адну пасудзіну. Заручынныя песні яскрава адлюстравалі гэтае сімвалічнае дзеянне:

У нас сягоння да заручынкі.
Бог нам даў
Залаты персцень ды на ручанькі,
Віно з віном зліваецца,
Іван з Маней заручаецца4.

Адметнасцю вяселля Гомельскага Палесся з’яўляецца звычаі у зборную суботу “рабіць ёлачку”, якой упрыгожвапі каравай маладой. Вось гэтая “ёлачка”, ці “ёлыца” сімвалізавала цноту маладой, яе прыгажосць, маральную дзявочую чысціню. Ёлачка, галінка хвоі, упрыгожаная рознакаляровымі папяровымі кветкамі i стужкамі, павінна была стаяць перад маладымі, пакуль не скончыцца вяселле:

Ставім маладым ёлачку залаценькую
3а Арынку маладзенькую
5.

Багаццем абрадавых дзеянняў і песень вызначаецца і каравайны абрад, які з’яўляецца важнейшым атрыбутам вясельнай абраднасці славянскіх народаў. Навуковую каштоўнасць уяўляюць матэрыялы пра каравай, запісаныя ад перасяленкі з в. Тульгавічы Хойніцкага раёна Міхед Я.М. 1913 г.н., якая падрабязна ахарактарызавала кожны каравайна-абрадавы момант, пачынаючы з блаславення рашчыняць каравай і завяршаючы яго выпечкай і выкупам Асаблівую асцярожнасць праяўлялі каравайніцы, калі трэба было даставаць каравай з печы. Як сімвал багацця, заможнасці, шчасця маладых яго нельга было пашкодзіць, таму і гучалі такія радкі:

Да бярыце меч,
Да рубіце печ:
Каравай з печы не лезе
Ці ён багат,
Ці ён рагат?
Нельга к яму прыстаці.

Жанчыны-каравайніцы, трымаючы ў руках каравай, спявалі, звяртаючыся да бацькі нявесты:

Гдзе падзяваўся гаспадар,
Няхай выкупіць каравай,
Няхай вязе бочку мядочку, а віна дзве
Да выкупіць каравайку сабе6.

Асобнай гаворкі заслугоўвае вяселле сіраты, асабліва характэрнае для Гомельшчыны. Напрыклад, у час вясельнага пасаду, калі ў нявесты-сіраты не было маці, але жыў быў бацька, ёй заплятапі левую касу, а правую распускалі; калі ж маці была жывая, а бацькі не было, распускалі левую касу, а правую запляталі; калі ж дзяўчына была круглай сіратой, то ёй распляталі косы і надзявалі вяночак з белых кветак. А ў песнях сіраты гучалі матывы суму i тугі па бацьках:

Станавіся, радзіначка, уся ў рад,
Вядуць нашу Галечку на пасад.
А я тую радзіначку кругам абайду,
Нідзе сваю матачку не найду.
Галоўка мая ў вяночку.
Няма маёй роднай мамкі ў радочку.
Галоўка мая ў квеці,
Няма маёй мамкі ў свеці
7.

У час пасаду рытуал расплятання касы быў звязаны ў некаторых мясцовасцях Гомельшчыны з аб радам пакрывания галавы маладой хусткай або “завівання” маладой, калі “хросная маці ці сястра намазвалі валасы маладой маслам, пасыпалі на іх мак, закручвалі ў косы лён, каб ніхто не зрабіў шкоды, потым падбіралі валасы нявесты і павязвалі паверх касынку або надзявалі чапец”. Дзяўчаты пры гэтым выконвалі песню:

Завівала мяне дзедна,
Да не міласлівая,
Коску зламіла,
Слёзкі не ўраніла.
Сястрыца прынялася,
Слёзкамі аблілася
8.

Найбольш распаўсюджанай лічыцца на тэрыторыі Гомельскага Палесся і паслявясельная частка, вядомая пад назвай “Пірагі”, “Госці”, “Цыганы”, “Адведкі”, “Пярэзвы” і інш.

Менавіта ўвесь цыкл вясельнай абраднасці закончваецца ўзаемным наведваннем бацькоў маладых. Звычайна праз тыдзень пасля вяселля ў в. Сведскае Рэчыцага раёна бацькі маладой ідуць у “адведкі”, каб паглядзець, як жывуць маладыя:

Выйдзі, Манечка, на агарод,
Да пайглядзі, ці ўвесь народ.
А мы ў твайго таткі былі,
Мёд, гарэлку пілі,
Гарэлачку саладзенькую
За Манечку маладзенъкую
9.

Па ўспамінах перасяленкі з Брагінскага раёна Лісіцы Г.М., 1925 г.н., трэці дзень вяселля ў в. Прыстанскае, называлі “цыганамі”. У гэты дзень адбываўся старажытны абрад – “прыбіванне вельца” на вільчык страхі (высечанай з грушы трайчаткі, упрыгожанай кветкамі). Прычым маладыя абменьваюцца загадзя падрыхтаванымі напярэдадні вяселля вельцамі, па колькасці якіх можна меркаваць аб колькасці заключаных у вёсцы шлюбаў. Пад назвай “цыганы” праходзіла паслявясельная частка і ў в. Тульгавічы Хойніцкага раёна, сёння ўжо не існуючай на геаграфічнай карце Беларусі. Паводле інфармацыі, атрыманай ад Міхед Я.М., 1913 г.н., пераапранутыя цыганамі “госці заходзяць у хаты, крадуць яду, курэй забіраюць, гуляюць, спяваюць, дурэюць”. На “пірагах” на Тураўшчыне абавязкова выконвалася песня “Вецер вее, павявае”:

Маці ў дачкі пра жыццё путае:

– Путай, маці, у шэрай вуці.
Шэрая вуці на моры начуе,
На моры начуе – усё гарачка чуе
10.

Як бачым, вяселле Гомельскага Палесся вылучаецца многімі адметнымі рыскамі ў параўнанні з абрадавымі этапамі класічнага вяселля. Гэты ўрачысты спектакль, многія магічныя абрады якога ўспрымаюцца сёння як тэатралізаваныя гульні, адлюстраваў непаўторна багатую і самабытную душу беларусаў, захаваў асаблівасці старажытнага міфалагічнага светапогляду.

Літаратура

  1. Цыт. па кн.: Палескае вяселле. Укладане і рэдакцыя В.А.Захаравай. Мн.; 1984. С.21.
  2. Фальклорны архіў каф. бел.літ. ГДУ. Запісана ў в. Старае Сяло Веткаўскага р-на ад Семянцовай В.М., 1934 г.н.
  3. Там жа.
  4. Там жа.
  5. Там жа.
  6. Там жа.
  7. Там жа.
  8. Там жа.
  9. Там жа.
  10. Там жа. Запісана ў 1992 годзе ад Дарожка К.С., 1932 г.н.
     

Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 178-183.