Жылі ў адным сяле два браты. Добра жылі, усё ў іх было: і каровы, і свінні, і коні, і хаты добрыя. Ну і сталі яны не ладзіць, і стала ім сяло малым. Тады пайшлі яны з жонкамі і дзецьмі і хазяйствам другой зямлі шукаць, паболей.
Доўга хадзілі, хадзілі, шукалі, шукалі. Зайшлі ў лес. I вось стаміўся адзін з братоў і гавора:
Стану я тут, бо не хопіць мне сіл далей ісці, каб выбрацца з лесу.
Застаўся тут жыць з жонкай і дзецьмі. Вось эта — палешукі.
Другі брат далей пайшоў. Выбраўся ён з лесу. Прыйшоў на паляну вялікую, прыгожаю і застаўся тут жыць са сваей сям’ёй. Вось эта — палевікі.
Запісанаў в. Агародня Добрушскага р-на ад Хадзьковай Вольгі Восіпаўны, 1938 г.н. студэнтамі Балачковым В., Таргоняй А., Елавой Т.
Палявік у полі жыве, дзе зярно сеюць, картошку. Ён добрым людзям памагае, а злым — не. Памагае вырасціць ураджай, а плахім наганяе пажар, дождж.
Запісанаў в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на ад Булацкай Марыі Дзмітрыеўны, 1936 г.н. студэнткай Шэўчык Н.
Крыніца: Народная міфалогія Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік. — ЛМФ “Нёман”, 2003. — 320 с. Ст. 86-87.