Палеалітычная прылада з Гомеля

0
45
прылада і археалагічная знаходка ў Гомелі
Мал. 1. Фрагмент трубчатай косткі валасатага насарога са слядамі спрацаванасці.

Сэрца Гомеля, аднаго з самых буйных і прыгожых гарадоў Беларусі — парк культуры і адпачынку імя А.В. Луначарскага. Дзякуючы ініцыятыве гарадскіх уладаў, пры фінансавай падтрымцы шэрагу ўстаноў тут пачалася рэканструкцыя палаца — сядзібы Румянцавых і Паскевічаў, які размешчаны на высокім (22-23м) правым беразе р. Сож, прарэзаным шэрагам глыбокіх яроў.

На мысу, які быў утвораны Гамеюком (прыток Сажа) і адным з яроў, знаходзіўся дзядзінец сярэдневяковага Гомеля. Будаўнічыя рэстаўрацыйныя работы у 2001 г. распачаты на адрэзку паміж будынкам палаца канца ХVІІІ-ХІХ стст. і помнікам графу М.П. Румянцаву. Выратаўнічыя раскопкі тут вядуцца пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук А.А. Макушнікава (ГДУ імя Ф. Скарыны) студэнтамі 1-4 курсаў гістарычнага факультэта.

На глыбіні 1,10 м ад дзённай паверхні ў адной з падсыпак вала была знойдзена прылада з плечавой ці бярцовай косткі валасатага насарога (вызначэнне кандыдата геаграфічных навук А.М. Матузкі, Белдзяржуніверсітэт, геафак), з выразнымі прыкметамі запаліраванасці ад выкарыстання чалавекам магчыма ў якасці расціральніка (мал. 1). Трубчастая костка ў старажытнасці расколата папалам, акруглы край моцна спрацаваны. Найбольшая яе даўжыня 13,5 см, шырыня -7,0 см. Структура вонкавай паверхні характэрная менавіта для валасатага насарога. Костка моцна мінералізавана і можа быць папярэдне датавана познім плейстацэнам, што адпавядае палеалітычнай эпохе.

Незвычайны выгляд знаходкі, якая зусім не адпавядала іншым, што складаліся галоўным чынам з фрагментаў сярэдневяковага посуду, стаў прычынай паведамлення аб ёй у Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Літалагічны аналіз, праведзены кандыдатам геолага — мінералагічных навук В.І. Абраменка (Інстытут геалогіі НАН Беларусі), паказаў, што костка ляжала ў слоі грубай супесі, асноўны склад якой алеўрыт палевашпатава-кварцавага складу з дамешкамі мелказерністай фракцыі (да 15%) і рэдкіх, добра абкатаных (1-2%) сярэднезерністай. Такія пароды звычайна перакрываюць культурныя слаі палеалітычных помнікаў Беларусі і суседніх тэрыторый, што ўскосна таксама сведчыць на карысць палеалітычнага узросту.

Відавочна, што гэтую рэч прынеслі аднекуль разам з зямлёй для падсыпкі вала. Яна магла быць звязана з рэшткамі паселішча, пахаванымі пад дзядзінцам ці побач з ім, а магла быць выпадкова страчана старажытнымі паляўнічымі і таму адзінкавай. Дакладна вызначыць гэта можна толькі пасля вывучэння стратыграфіі напластаванняў, вызначэння дакладнага ўзросту прылады з дапамогай калагенавага аналізу і ўліку архаічных артэфактаў, якія знаходзілі ў розныя гады на тэрыторыі парка.
Аўтары: А. Макушнікаў, А. Калечыц
Крыніца: Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2001. — № 3. Ст. 242.