Гомель, як вядома, сёлета двойчы аб’яўлены (артыкул 2011 года) культурнай сталіцай — нашай краіны, а таксама СНД. Што ж, выбар апраўданы: горад над Сожам мае вялікія культурныя традыцыі. Свой уклад у станаўленне і развіццё іх унеслі і выбітныя людзі Расійскай дзяржавы, дзяржаўныя, грамадскія і вайсковыя дзеячы, якіх сучаснікі называлі «другімі», а часам і «першымі» асобамі — Румянцавы і Паскевічы. Яны валодалі гомельскім маёнткам на працягу 142 гадоў: з 1775-га па 1917 год.
Гомель у канцы XVIII стагоддзя ўжо не быў прыватнаўласніцкім, і гомельскі маёнтак называўся староствам. А староствы пры Кацярыне II менавіта такія землі, якімі імператрыца была вольная распараджацца. Нагода падарыць іх знайшлася хутка: чарговы трыумф — перамога над туркамі.
10 ліпеня 1775 года пад зводамі Гранавітай палаты Маскоўскага Крамля прагучаў указ Кацярыны II аб узнагароджанні генерал-фельдмаршала Пятра Румянцава, які меў да гэтай перамогі непасрэднае дачыненне. Яму было падаравана: «Пахвальная грамата з прапісаннем службы… з дабаўленнем да яго звання прозвішча Задунайскага. за разумнае палкаводства — уладарнае жазло, упрыгожанае алмазамі. за адвагу — шпага, упрыгожаная алмазамі, за перамогі — лаўровы вянок, за заключэнне міру — маслічная галіна. у знак манархавага за тое спрыянне — крыж і зорка дыяментамі ўпрыгожанага ордэна Святога Апостала Андрэя, па гонары яму, фельдмаршалу і ў заахвочванне нашчадства яго прыкладам — медаль з яго выявай, для ўвесялення яго — пяць тысяч душ прыгонных, староства Гомельскае. для пабудовы дома — сто тысяч рублёў, для яго стала — срэбны сервіз, для строя дома — карціны».
Такім чынам, пад зводамі Гранавітай палаты ўпершыню ўрачыста прагучала назва невялікага беларускага мястэчка Гомеля з наказам пабудаваць там палац.
З гэтага ж моманту і бярэ пачатак гісторыя стварэння ў Гомелі палацава-паркавага ансамбля — галоўнай славутасці сучаснага горада. Будаўніцтва яго і пачалі ў 1777 годзе па ўказанні Пятра Аляксандравіча. Так як сам Румянцаў быў заняты па службе, то ён даручыў падрыхтоўку праекта будучай рэзідэнцыі сваёй жонцы, якая прыцягнула да гэтай справы самых вядомых сталічных архітэктараў. На жаль, на сённяшні дзень дакладна не ўстаноўлена імя аўтара гэтага праекта. Сучасны беларускі даследчык архітэктуры У. Марозаў лічыць, што ім мог быць таленавіты дойлід, аўтар праектаў шматлікіх будынкаў у Санкт-Пецярбургу, у тым ліку Аляксандра-Неўскай лаўры, знакамітага Таўрыйскага палаца і Казанскага сабора І. Стараў. Прымаў удзел у распрацоўцы праекта палацавага комплексу і вучань Растрэлі Ю. Фельцэн, які ўдзельнічаў у будаўніцтве Зімняга палаца і перабудове інтэр’ераў Вялікага палаца ў Пецяргофе (цяпер Петрадварэц).
Белакаменны палац узводзіўся на тэрыторыі старажытнарадзіміцкага дзядзінца, побач з дубовым замкам апошняга гомельскага старосты князя М. Чартарыйскага. Закладка падмурка галоўнага палацавага корпуса адбылася ў 1785 годзе, а будаўніцтва яго завяршылася ў пачатку 1790-х гадоў. Яно ажыццяўлялася архітэктарамі Я. Аляксеевым, Д. Катлярэўскім, М. Масцяпанавым і К. Бланкам з улікам праектаў, падрыхтаваных сталічнымі знакамітасцямі і ўхваленых гаспадарамі. На высозным беразе ракі Сож з’явіўся кампактны двухпавярховы будынак на высокім цокалі, завершаны ў цэнтры кубападобным бельведэрам з вялікім купалам. Вонкавы дэкор палаца быў цалкам выкананы ў стылі ранняга класіцызму. Галоўным упрыгожаннем фасадаў сталі порцікі карынфскага ордэра — чатырохкалонны парадны і шасцікалонны паркавы. Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя аконныя праёмы, размешчаныя ў два рады, чаргаваліся з пілястрамі, што надавала палацу велічную манументальнасць.
Унутраная планіроўка таксама мела цэнтрычны характар. Больш высокі першы паверх цалкам быў аддадзены пад парадныя памяшканні, другі — пад жылыя пакоі, а цокальны выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб і размяшчэння прыслугі. Уваходзячы ў будынак, наведвальнікі траплялі ў прасторны вестыбюль, які вёў прама ў галоўную квадратную парадную залу, дапоўнены з усіх бакоў шырокімі нішамі і шэрагамі высокіх карынфскіх колон, якія падтрымлівалі адкрытыя галерэі другога паверха. Галоўная парадная зала асвятлялася вялікімі вокнамі бельведэра, а яго вышыня ў тыя часы дасягала 25 метраў. Па баках ад гэтай залы знаходзіліся чатыры шырокія парадныя гасціныя, што дазваляла Румянцавым ладзіць раскошныя прыёмы для дзясяткаў, а ў выключных выпадках — і сотняў высокапастаўленых гасцей. Інтэр’еры першага паверха дзівілі самую вытанчаную публіку: тэматычныя і арнаментальныя роспісы, якія пакрывалі ўсю ўнутраную прастору сцен, хупавая ляпніна, выкананая ў тэхніцы імітацыі пад белы мармур, карціны, бронзавыя ажурныя люстры і разнастайныя прадметы мастацтва лепшых еўрапейскіх майстроў.
Румянцаў-Задунайскі валодаў гомельскім маёнткам з 1775 па 1796 гады. Гэта чалавек, імя якога ўславіла гомельскую зямлю на стагоддзі. Сярод рускіх военачальнікаў XVIII стагоддзя Пётр Аляксандравіч займаў адметнае месца — «генерал-фельдмаршал, сенатар і генерал-губернатар і ордэнаў расійскіх Святога Апостала Андрэя, Святога Аляксандра Неўскага, Святога Георгія 1 класа і Святога Уладзіміра I ступені, прускага Чорнага арла і Святой Ганны кавалер». Выбітны палкаводзец, таленавіты адміністратар і дыпламат, які цудоўна «замацоўваў свае ваенныя поспехі дыпламатычным шляхам, а дыпламатычныя патрабаванні падмацоўваў сілаю зброі». «Яму няма роўных», — казаў вучань Румянцава А. Сувораў. М. Кутузаў называў яго — «наймудрым палкаводцам», гісторык і пісьменнік М. Карамзін — «задунайскім героем», а знакаміты паэт Г. Дзяржавін — бессмяротным і «блаславёным сярод позніх вякоў».
Пасля смерці Румянцава-Задунайскага палац атрымаў у спадчыну яго сярэдні сын граф Мікалай Румянцаў — вядомы дзяржаўны і грамадскі дзеяч, канцлер Расійскай дзяржавы, першы старшыня Дзяржаўнага Савета, мецэнат навукі і культуры, які валодаў ім з 1796 па 1826 гады.
Тут ён увасобіў мару лепшых прадстаўнікоў адукаванага дваранства аб стварэнні ідэальных умоў для пражывання. На месцы сярэднявечнага паселішча быў збудаваны новы Гомель з шырокімі прамымі вуліцамі і каменнай класіцыстычнай забудовай. Пры яго стварэнні былі выкарыстаны лепшыя дасягненні еўрапейскай архітэктуры. Цэнтр горада нагадваў ансамбль цэнтра Парыжа, будынак касцёла — Пантэон у Рыме, Петрапаўлаўскі сабор — царкву святой Жэнеўевы ў сталіцы Францыі. У Гомелі ўзнікла першая ў Расійскай імперыі ланкастарская школа, узводзіцца ліцэй па прыкладзе Царскасельскага. Разумеючы, што для паспяховага функцыяніравання эканомікі неабходны развіты транспарт, Румянцаў шмат сіл уклаў у паляпшэнне суднаходства. Менавіта ён заснаваў параходства па рэках Сож і Днепр. Па Сожы стаў хадзіць параход «Мікалай», пабудаваны на сродкі графа і названы ў ягоны гонар.
Дзякуючы Румянцаву Гомель становіцца цэнтрам эканамічнага жыцця рэгіёна і адным з культурных цэнтраў Расійскай імперыі. З Англіі быў запрошаны вядомы архітэктар Джон Кларк, які ў пачатку XIX стагоддзя пачаў дабудову палаца. У 1800—1805 гадах яго пашырылі, прыбудавалі два службовыя флігелі, фланкіруючыя галоўны корпус і аформленыя 4-х калоннымі порцікамі іанічнага ордэра. Па праекце Дж. Кларка правялі рамонт галоўнага корпуса.
У маёнтку ствараліся невялікія мануфактуры, або, як іх тады ўжо называлі, заводы і фабрыкі, на якіх працавалі прыгонныя і часткова вольнанаёмныя. Ужо ў 1809 годзе выпускалі паруснае палатно, насоўкі і баваўняную тканіну палатнянага перапляцення. У прыгараднай вёсцы Студзёная Гута працаваў шклозавод.
Румянцаў надаваў вялікую ўвагу і сельскай гаспадарцы. Замежныя спецыялісты кіравалі ўзорнай авечкагадоўляй і травасеяннем. Нядрэнныя ўраджаі давалі збожжавыя, бульба і тэхнічныя культуры — лён і каноплі. Прадукцыя часткова збывалася нават за межы Расіі. Ужываліся перадавыя для таго часу тэхналогіі, выкарыстоўваўся замежны вопыт. Пры гэтым прымаліся пад увагу і ўсе выгоды традыцыйнай сельскай рамеснай вытворчасці, распаўсюджанай у навакольных вёсках. Так, пры наладжванні ветразных, ваўняных і іншых мануфактур арыентаваліся на спрадвечна хатні пральна-ткацкі промысел, якім жанчыны займаліся звычайна зімой.
Пры М. Румянцаве ў Гомелі і яго ваколіцах вяліся археалагічныя раскопкі, а таксама займаліся, адшукваліся старадаўнія кнігі і дакументы, у тым ліку і ў стараверскіх скітах. У яго пецярбургскім доме на Англійскай набярэжнай захоўваліся шматлікія калекцыі — творы мастацтва, кнігі, старажытныя рукапісы, манеты, мінералы, археалагічныя матэрыялы. У палацы для калекцый адвялі шматлікія пакоі другога паверха, а таксама кабінет на першым парадным паверсе галоўнага корпуса. Калекцыі Румянцава пасля яго смерці сталі набыткам дзяржавы. У яго доме ў сталіцы адкрыўся «Румянцаўскі музеум», які ў 1861 годзе пераехаў ў Маскву. Затым ён зліўся з маскоўскім Публічным музеем. З гэтага аб’яднанага музея вылучылася бібліятэка, якая пасля стала галоўным кнігасховішчам Расіі (цяпер Расійская дзяржаўная бібліятэка).
На грошы Румянцава ў 1824 годзе ў Маскве была выдадзена першая частка «Беларускага архіва старажытных грамат», сабраных І. Грыгаровічам, які быў любімым выхаванцам Мікалая Пятровіча, збіральнікам разнастайнай беларускай архаікі, гісторыкам, археографам і адначасова святаром. У 1825 годзе ў Гомелі пачалося ўзвядзенне каменнай Траецкай царквы і яўрэйскай школы, выконвалася планіроўка Базарнай плошчы. Праўда, убачыць завершанай Траецкую царкву яму не ўдалося. З’язджаючы пазней увосень з Гомеля ў Пецярбург, Румянцаў планаваў вярнуцца ўвесну, але ў сталіцы раптам адчуў сябе вельмі дрэнна і пасля нядоўгай хваробы памёр 3 студзеня 1826 года. Паводле духоўнага завяшчання, яго перавезлі ў Гомель і пахавалі ў Петрапаўлаўскім саборы. Адпяваў Румянцава І. Грыгаровіч, які быў у той час протаіерэем Гомельскага кафедральнага сабора. Ён жа вымавіў і надмагільную прамову, аддаўшы належнае заслугам Мікалая Пятровіча не толькі перад Айчынай, але і перад Гомелем, які да пачатку трэцяга дзесяцігоддзя XIX стагоддзя стараннямі графа ператварыўся з невялікага мястэчка з дробным гандлем у рэгулярна забудаваны ў стылі класіцызму еўрапейскі горад.
Падарвала не толькі здароўе графа, але, галоўнае, ягоную нейкую аптымістычную струну, на якой усё трымалася — мэты і памкненні, палітычныя перавагі і асабістыя сімпатыі, тое, што 19 лістапада 1825 года не стала імператара Аляксандра І, якога ён лічыў сваім кумірам. Гэтак жа, як і другі выбітны прадстаўнік рускай інтэлігенцыі М. Карамзін, які згас з заходам Аляксандраўскага часу.
Паміраючы, ён даручыў свайму брату Сяргею Пятровічу прадставіць на агульнае карыстанне ўвесь збор кніг, рукапісаў, медалёў і манет, а таксама скончыць выданне апісання вандровак Меерберга па Расіі. Так, свае найбагатыя калекцыі ён адпісаў дзяржаве «на добрую асвету», і пасля яго смерці ўсе калекцыі былі перададзены Міністэрству народнай асветы, якое і адкрыла музей на Англійскай набярэжнай у Пецярбургу.
Памяць аб М. Румянцаве жывая і дагэтуль. У старым будынку Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі — гэтак добра вядомым Пашковым доме — ёсць знакамітая Румянцаўская зала. Багацейшая кніжная калекцыя вялікага збіральніка — самы лепшы помнік яму і яго справам на карысць Айчыне. Бібліятэка Румянцава — гонар не толькі Расіі, але Еўропы і ўсяго свету.
У гісторыі навукі і культуры і сёння існуе паняцце: «Румянцаўская эпоха». Гэта час незвычайнага ўзлёту археаграфічнай навукі ў пачатку XIX стагоддзя, калі збор друкаваных кніг і рукапісаў, іх выданне стала справай велізарнай значнасці. Акадэмік І. Срэднеўскі назваў гэты перыяд шчаслівым часам рускай навукі.
Новаму ўладальніку гомельскага маёнтка Сяргею Румянцаву было ў той час 70 гадоў. У Гомелі ён практычна не жыў, наведваючыся сюды не часцей як раз на год, але, тым не менш, выканаў волю брата, дабудаваўшы ўсё, што не было завершана на пачатак 1826 года. У прыватнасці, праз два гады на скрыжаванні Прабойнай і Другой Папярочнай вуліц (цяпер Савецкай і Сялянскай) ён скончыў узвядзенне Траецкай царквы, асвенчанай толькі ў 1833 годзе.
У 1834 годзе ўладальнікам маёнтка стаў вядомы расійскі военачальнік, удзельнік Айчыннай вайны 1812 года, які праславіўся падчас руска-турэцкай і руска-персідскай войн, генерал-фельдмаршал І. Паскевіч, граф Эрыванскі, князь Варшаўскі. Ён купіў палац і сядзібу ў С. Румянцава за 4,5 мільёны рублёў.
У 1835 годзе Паскевіч пабываў у Гомелі, агледзеў набытую сядзібу і прыняў рашэнне ажыццявіць грунтоўную рэканструкцыю палаца і прылеглай да яго тэрыторыі. А ўвосень 1837 года імператар Мікалай I падчас паездкі на Каўказ у знак перамог, здабытых там І. Паскевічам, падпісаў указ аб падараванні фельдмаршалу з 1 студзеня 1838 года часткі мястэчка Гомель у прыдачу да сядзібы. Гэта тэрыторыя старога Гомеля, што размяшчалася справа ад вуліцы Магілёўскай (цяпер Кірава). Левая частка засталася пад кіраўніцтвам ваенна-інжынернага ведамства.
Праект рэканструкцыі склаў польскі архітэктар А. Ідзкоўскі ў другой палове 1836 года. Са студзеня 1837-га пачаліся будаўнічыя работы, якія вяліся да 1843 года. Галоўны корпус палаца захаваўся амаль у ранейшым выглядзе. Найбольшыя змены тычыліся флігеляў. На месцы паўднёвага ўзвялі чатырох’ярусную вежу, якую звязалі галерэямі з галоўным корпусам і з паўночным флігелем. З боку рэчкі Гаміюк да вежы прыбудавалі шасцікалонны порцік, а над Сожам узвялі шырокую тэрасу. На ёй паміж гарматамі ўстанавілі бронзавую статую вершніка ў абліччы рымскага легіянера работы дацкага скульптара Б. Торвальдсэна. Гэта быў помнік князю Іосіфу (Юзэфу) Панятоўскаму, пляменніку апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і маршалу Францыі, які загінуў у бітве пад Лейпцыгам у 1813 годзе.
Палякі лічылі Ю. Панятоўскага сваім нацыянальным героем. Гэты манумент планавалі ўстанавіць у Варшаве, але ўспыхнула паўстанне 1830—1831 гадоў, пасля чаго ўстаноўка помніка сталася немагчымай, і яго перавезлі ў Модлінскую крэпасць, дзе ён знаходзіўся да 1840 года. Паскевіч здолеў пераканаць цара Мікалая I не разбіваць помнік, а аддаць яму «вершніка» ў якасці падарунка. Так статуя апынулася ў Гомелі, дзе і была ўстаноўлена ў 1842 годзе, дзе стаялі і гарматы, здабытыя І. Паскевічам у вайне з Турцыяй (сёння на гэтай тэрасе знаходзяцца гарматы, вырабленыя на гомельскім заводзе «Цэнтраліт). У 1922 годзе помнік Ю. Панятоўскаму па Рыжскім мірным дагаворы быў вернуты ў Варшаву.
Адначасова вялася планіроўка парку, які павінен быў скласці адзіны комплекс з палацам. Па прапанове А. Ідзкоўскага, акрамя так званага Старога рэгулярнага парку, з’явіўся Новы пейзажны, размешчаны за ярам, дзе працякаў ручай Гомій. Патрапіць сюды можна было па двух мастах. Адзін з іх, арачны — «Лебядзіны» — у стылі італьянскага рэнесансу, склалі з вапняковых блокаў. Даўжыня ж другога, навяснога, вырабленага з лёгкіх металічных канструкцый, дасягала 80 метраў.
Калі ў пачатку ХІХ стагоддзя плошча комплексу складала 10 гектараў, то да сярэдзіны стагоддзя яна павялічылася да 25 гектараў (агульная доўгая). У 1848 годзе пачалі саджаць розныя пароды дрэў і рэдкіх цяплічных раслін. Парк паступова станавіўся пейзажна-музейным. З розных месцаў горада сюды даставілі трафейныя артылерыйскія прылады, каменную «скіфскую бабу», дэкаратыўныя вазы з каменя, мармуровыя скульптуры старажытных філосафаў, паэтаў, мастакоў, ваяроў, а таксама дзяржаўных дзеячаў. Скульптуры ставілі перад фасадамі палаца і па галоўных паркавых алеях. За рэчкай Гаміюк, стварылі аранжарэю і паставілі альтанку са «скіфскай бабай».
Для публікі парк адкрываўся з надыходам вясны па чацвяргах і нядзелях на чатыры гадзіны ўвечары з платай за ўваход па 12 капеек у карысць касы вольнай пажарнай супольнасці, аркестр якой іграў падчас гульбішчаў. Прыезджым наведваць дазвалялася парк штодня з 9 да 12 гадзін дня.
На той час палац уяўляў сабой не толькі пышны архітэктурны будынак, але і ўнікальнае сховішча найбагацейшых калекцый прадметаў даўніны і твораў мастацтва. Яго інтэр’еры ўпрыгожвалі маляўнічыя палотны і скульптурныя творы вядомых рускіх і замежных майстроў, зборы мастацкага шкла з Англіі і Багеміі, фарфору з Германіі, Англіі, Расіі і Кітая, бронзавых гадзіннікаў і кандэлябраў з Францыі, дываноў і габеленаў з Ірана, Турцыі, Бухары і Германіі, мэбля работы італьянскіх, французскіх, нямецкіх і ўсходніх майстроў.
У сярэдзіне мая 1838 года І. Паскевіч урачыста сустракаў у сваім палацы вялікага князя Канстанціна Мікалаевіча, які ехаў на поўдзень. У 1840 годзе сам імператар Мікалай I наведаў Гомель, дзе правёў агляд войскаў. Натуральна, ён аглядаў і палац, у якім разам з гаспадаром правёў чатыры дні. Праз пяць гадоў, 25 мая 1845 года, цар зноў быў у Гомелі праездам. Нарэшце, трэці раз, і таксама праездам, ён наведаў горад над Сожам у 1851 годзе, а 6 кастрычніка таго ж года ў палацы Паскевіча гасцявалі вялікія князі Мікалай і Міхаіл Мікалаевічы.
У 1839 годзе першую прадукцыю даў цукровы завод І. Паскевіча, пабудаваны за ярам Гаміюк. У пачатку XX стагоддзя завод перавялі ў Добруш, а трубу прадпрыемства пераабсталявалі пад вежу агляду. У адным з цэхаў былога цукровага завода быў створаны зімовы сад.
Іван Паскевіч, засноўваючы цукровы завод, а таксама бровар, шукаў шляхі для папаўнення ўласнай казны, але аб’ектыўна зрабіў уклад і ў развіццё гомельскай прамысловасці. У 1840 годзе ў горадзе з’явіўся сальна-свячны завод Школьнікава, у 1853 годзе — крупадзёрны Любіна. Крыху пазней адкрылася некалькі невялікіх канатна-вяровачных мануфактур, якія размяшчаліся пераважна на Канатнай вуліцы (цяпер — Ірынінская і Першамайская). У Гомелі працавалі і лесапільні. Вялікі гандлёвы абарот давалі тры штогадовыя кірмашы, падчас якіх «збор рознахарактарных народаў, іх кіпучая дзейнасць, абмен ідэямі, меркаваннямі, поглядамі, нарэшце, спосабы павесяліцца і з прыемнасцю правесці час прыпадабнялі Гомель да губернскага горада».
Сам Іван Фёдаравіч пастаянна жыў у сваім маёнтку Дэмблін (Іванаўскае), а з Польшчы сюды наведваўся эпізадычна. Ягоныя прыезды прыйшліся ў асноўным на другую палову 40-х і першую палову 50-х гадоў XIX стагоддзя. Пакуль жа вяліся будаўнічыя работы (1837—1843 гг.), ён знаходзіўся амаль пастаянна ў Польшчы, сочачы за рэканструкцыяй здалёку, фінансуючы яе і пісьмова даючы распараджэнні і выказваючы пажаданні.
У 1850 годзе праз горад не без удзелу І. Паскевіча, які хадайнічаў перад імператарам, была пракладзена Пецярбургска-Кіеўская шаша, што асабліва садзейнічала эканамічнаму развіццю горада. Неўзабаве праз маёнтак прайшла і першая ў Расіі тэлеграфная лінія Пецярбург—Севастопаль.
25 верасня 1852 года імператар, улічваючы пажаданне Івана Фёдаравіча, падпісаў указ аб пераводзе павятовай адміністрацыі з Новай Беліцы ў Гомель. Гэта гарантавала не толькі парадак ва ўсім горадзе, асабліва ў той яго частцы, якая належала вайскоўцам, але і значнае яго фінансаванне з казны. А 15 сакавіка 1854 года Новая Беліца стала прадмесцем Гомеля.
Пасля смерці ў 1856 годзе І. Паскевіча яго маёнтак перайшоў да ягонага сына Фёдара, жанатага на прадстаўніцы вядомага расійскага роду Варанцовых-Дашковых княгіні Ірыне Іванаўне.
У Гомелі Ф. Паскевіч з жонкай прымалі актыўны ўдзел у гарадскіх праектах па развіцці яго прамысловага, эканамічнага і культурнага патэнцыялаў. У 1897 годзе завяршылася будаўніцтва мужчынскай класічнай гімназіі, на ўзвядзенне якой ён, па прапанове Ірыны Іванаўны, ахвяраваў вялікую суму грошай. Цяпер у гэтым будынку размяшчаецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту.
Маштаб дабрачыннай дзейнасці сям’і Паскевічаў не мае сабе роўных у Беларусі. Ён прыкметна вылучаўся сваім размахам у межах усёй Расійскай імперыі. Ужо ў 1867 годзе княгіня Паскевіч «абавязалася ахвяраваць для бясплатнага жаночага вучылішча, што на Спаскай слабадзе штомесяц па 10 рублёў срэбрам». У 1874 годзе ёю быў адкрыты ў Гомелі прытулак для малалетніх дзяўчынак.
У 1878 годзе заснавана Гомельскае таварыства дапамогі навучэнцам, старшынёй упраўлення якога стала Ірына Іванаўна. На сродкі Паскевічаў утрымоўваўся прытулак для састарэлых жанчын, пабудаваны ў 1892 годзе, а таксама начлежкапрытулак з чайной.
Непазнавальна змяніўся і палацава-паркавы ансамбль. Мастацкае адзінства яго дапаўнялася ўнутраным строем памяшканняў у стылі класіцызму, дзе раскошная мэбля, бронзавыя гадзіннікі, кандэлябры з падстаўкамі ў выглядзе урнаў — падарунак Мікалая I, ваенныя трафеі, разныя з косці работы халмагорскіх майстроў, вырабы з фарфору і шкла знакамітых фабрык і з густам падабраная бібліятэка мелі самастойную каштоўнасць. Калекцыя фарфора была настолькі значная, а прафесіяналізм і густ яе ўладальніка такія высокія, што гэта паслужыла падставай для ўстанаўлення ў канцы ХІХ стагоддзя ўсерасійскай прэміі імя Фёдара Паскевіча, што прысуджалася маладым мастакам за размалёўку па фарфоры.
З 9 на 10 кастрычніка 1857 года палац наведаў імператар Аляксандр II з імператрыцай Марыяй Аляксандраўнай. У кнізе для ганаровых наведвальнікаў яны пакінулі ўласнаручны запіс: «У знак Вашай сардэчнай гасціннасці. Аляксандр. Марыя». Падарункі — два кандэлябры сёння ўпрыгожваюць экспазіцыю музея.
Зіму Паскевічы праводзілі ў Пецярбургу, а ранняй вясной вярталіся ў Гомель.
Указам імператара Аляксандра III за дабрачынную дзейнасць і актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні горада ў 1888 годзе Фёдару Іванавічу было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Гомеля».
У 1870—1889 гадах Ф. Паскевіч на тэрыторыі маёнтка пабудаваў фамільную капліцу і магільны склеп. Сёння яны — аб’екты палацава-паркавага комплексу. У іх пахавана 8 членаў сям’і Паскевічаў, сярод якіх — генерал-фельдмаршал І. Паскевіч і яго жонка А. Паскевіч (народжаная Грыбаедава). Капліца і магільны склеп узведзены па праекце прафесара архітэктуры Я. Чарвінскага, мастацкімі і дэкаратыўнымі работамі кіраваў С. Садкоў.
Доступ у фамільны магільны склеп быў абмежаваны, затое наведвальнікі парку маглі з задавальненнем разглядаць капліцу, пабудаваную ў так званым неарускім (маскоўскім) стылі XVII стагоддзя і ўпрыгожаную цудоўнай венецыянскай мазаікай і керамікай. У 30-я гады склеп быў замураваны.
Пасля смерці (16 чэрвеня 1903 года) Ф. Паскевіча маёнткі і ўсю адказнасць за іх дабрабыт, а таксама фінансавую падтрымку гарадскім і дабрачынным праектам, узяла на свае плечы ягоная жонка, якой тады было 68 гадоў. Велізарная спадчына і ўмелае кіраванне маёнткамі, якія прыносяць прыбытак, дазволілі Ірыне Іванаўне і далей рабіць значныя ахвяраванні на рэалізацыю практычна ўсіх праектаў у Гомелі і яго прадмесцях.
Княгіня стала таксама ўладальніцай Добрушскай папяровай фабрыкі і лесапільнага завода. Менавіта на гэтай фабрыцы ўпершыню ў Расіі з 1895 года ўведзены васьмігадзінны рабочы дзень. У 1903 годзе пры фінансавым удзеле Ірыны Іванаўны была адкрыта павятовая бальніца на 40 ложкаў. Праз два гады на яе сродкі на Коннай плошчы пабудаваны двухпавярховы каменны дом для начлежкі-чайной. Тады ж яна фінансавала будаўніцтва чатырох прыватных народных вучылішчаў у вёсках Прыбор, Заліп’е, Давыдаўка, Студзёная Гута. Яшчэ 1 жніўня 1892 года быў урачыста адкрыты «Прытулак для састарэлых жанчын», узведзены на яе сродкі. У 1905 годзе ў гэтым будынку размясцілася вочная лякарня імя Фёдара і Ірыны Паскевічаў, у якой штогод праводзілася больш як 700 аперацый. Медыцынскую дапамогу атрымлівалі не толькі гараджане, але і жыхары гомельскага і суседніх паветаў. Кіраваў гэтай установай лекар А. Брук, які набыў адукацыю дзякуючы апецы Ірыны Іванаўны.
Больш за 250 тысяч рублёў у 1910 годзе княгіня ахвяравала на будаўніцтва нервова-хірургічнай клінікі імя Пірагова ў Пецярбургу, што стала першай у свеце нейрахірургічнай клінікай. У 1912 годзе на сродкі І. Паскевіч разгарнулася будаўніцтва гінекалагічнай бальніцы і радзільнага дома. Ужо ў лістападзе наступнага года поўным ходам ішло абсталяванне бальнічных памяшканняў, прычым складаную медыцынскую апаратуру завозілі з-за мяжы.
У 1912 годзе сядзібу Паскевічаў наведаў мастацтвазнавец і мастак І. Лукомскі, які адзначыў, што «…збор Гомельскага палаца выдатна ўтрымоўваецца графіняю І. І. Паскевіч», а таксама адзначыў, што «мастацкая калекцыя Гомельскага палаца — гэта гімн мастацтву XIX стагоддзя».
Асабліва шмат было зроблена Ірынай Іванаўнай у гады Першай сусветнай вайны. Адразу ж пасля пачатку баявых дзеянняў пры вочнай лякарні адкрываюць лазарэт. У Новай Беліцы княгіня стварыла яшчэ 8 шпіталяў. У гэты ж час яна фінансуе адкрыццё і ваеннага шпіталя ў гінекалагічнай бальніцы на вуліцы князя Паскевіча (цяпер Камісарава). Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле І. Паскевіч заснавала патрыятычны дабрачынны фонд у дапамогу фронту. У 1915 годзе палац і шпіталі двойчы наведваў імператар Мікалай II. Абодва разы ён адправіў Ірыне Іванаўне тэлеграмы з падзякай. Падчас імперыялістычнай вайны на вуліцы князя Паскевіча пры фінансавым удзеле княгіні архітэктарам С. Шабунеўскім была пабудавана і земская бальніца (цяпер гэта будынак бальніцы хуткай гарадской медыцынскай дапамогі).
Кажуць, што кожнае стагоддзе дае чалавецтву генія або вялікую асобу, якая павінна сыграць важную ролю ў яго гісторыі. У гісторыі Гомеля такой асобай і стала княгіня І. Паскевіч, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню Айчыне і Гомелю, што стаў для яе родным.
У першыя дні Кастрычніцкай рэвалюцыі ўласнасць Паскевічаў нацыяналізавалі. Падчас Стракапытаўскага мяцяжа, што адбыўся 24 сакавіка 1919 года, былі вывезены і здадзены ў Гістарычны музей у Маскве «… скарбы палаца — каля ста пудоў золата і срэбра ў вырабах». Гэта акрамя карцін, фарфору і антыкварыяту, што праз Антыкварны экспартны фонд беззваротна сыходзілі за мяжу.
Праўда, неўзабаве на аснове мастацкіх калекцый маёнтка было вырашана стварыць музей. Асноўным дакументам для адкрыцця яго стала атрыманая Гомельскім губвыканкамам у сакавіку 1919 года ўрадавая тэлеграма наркама асветы А. Луначарскага, якая прадпісвала «замацаваць за музеем парк, будынак палаца князя Паскевіча і ўсе каштоўнасці ў ім змешчаныя».
Так, у лістападзе 1919 года ў правым крыле Гомельскага народнага Палаца адкрыўся Мастацка-гістарычны музей імя А. У. Луначарскага. Базай для яго паслужыў нацыяналізаваны палац князёў Паскевічаў, а першымі экспанатамі сталі прадметы з палацавага аздаблення і калекцый уладальнікаў. У збор музея ўваходзілі «.. выдатііыя па багацці камоды і мэбля, багата інкруставаная», бронзавыя гадзіннікі і кандэлябры працы лепшых рускіх і заходнееўрапейскіх майстроў, ваенныя трафеі, мініяцюрныя партрэты, найбагацейшая бібліятэка… Па меркаванні мастацтвазнаўцаў, спецыялістаў музейнай справы таго часу, калекцыі і сам палац уяўлялі велізарную гістарычную і мастацкую каштоўнасць. У ім знаходзіліся працы Рауха, Шубіна, Арлоўскага, Сухадольскага, Машкова. Надзвычай багатыя калекцыі нумізматыкі, фарфора, творы дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва сталі даступныя ўвазе наведвальнікаў музея.
У 1920-я гады палац адрэстаўравалі, але разрабаванне яго збораў працягвалася. Краіне неабходны былі грошы для індустрыялізацыі, а таму неацэнныя прадметы мастацтва практычна за бесцань сыходзілі ў еўрапейскія краіны і ЗША. Яшчэ больш пагоршыў становішча той факт, што Гомель да 1926 года ўваходзіў у склад РСФСР, чым не прамінулі скарыстацца сталічныя расійскія музеі, якія таксама грунтоўна апустошылі мясцовыя фонды.
Калекцыі музея значна парадзелі, а і ў 1937—1938 гадах яго выселілі з былой рэзідэнцыі Румянцавых-Паскевічаў, дзе адкрылі Палац піянераў і школьнікаў, у былы Петрапаўлаўскі сабор. Дарэчы, дзякуючы гэтаму, храм не падарвалі, як шматлікія іншыя шэдэўры айчыннага культавага дойлідства.
Вялікая Айчынная вайна нанесла вялікія страты не толькі палацу-музею, але і цэласнасці яго калекцый — значная частка фонду згублена. Улетку сорак першага палац быў заняты пад штаб Цэнтральнага фронту, што зрабіла яго адной з мішэняў для нямецкай авіяцыі. Дасталася комплексу і пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Што ж датычыцца пасляваенных рэстаўрацыйных работ, то іх паўразбураны палац чакаў некалькі дзесяцігоддзяў. Толькі ў 1969 годзе ў адрамантаваным комплексе размясціліся абласны краязнаўчы музей, Палац піянераў і школьнікаў, а ў Петрапаўлаўскім саборы з 1960 года пачаў дзейнічаць планетарый. Комплекс, які акружаў парк, стаў галоўным гарадскім цэнтрам «культуры і адпачынку», атрымаўшы імя першага наркама асветы А. Луначарскага.
У розныя гістарычныя перыяды ў залежнасці ад змен у фондавым зборы, рэарганізацый установы змянялася назва музея. З 1919 года гэта быў Гомельскі мастацка-гістарычны музей імя А. У. Луначарскага, да Вялікай Айчыннай вайны — Гомельскі дзяржаўны гістарычны музей, у 1944 годзе — Абласны музей краязнаўства, з 1945-га — Абласны гісторыка-краязнаўчы музей, з 1952-га — Абласны краязнаўчы музей, з 2006 года — музей «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль». З 2007 года музей уваходзіць у склад Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль».
З 1995 па 2004 гады праведзены чарговы этап рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Пасля іх завяршэння ў залах Румянцавых і Паскевічаў адкрыліся новыя музейныя экспазіцыі. У палацавай вежы з 3 ліпеня 2003 года разгорнута гісторыка-мемарыяльная экспазіцыя «Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы», якая распавядае аб гаспадарах палаца, іх палацавым зборы ў дарэвалюцыйны перыяд. У экспазіцыі прадстаўлены сапраўдныя прадметы з палацавага ўбрання, мемарыяльныя рэчы ўладальнікаў, бронзавыя гадзіннікі і кандэлябры з камінных гарнітураў XIX стагоддзя, жывапіс, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш. У «Фельдмаршальскай зале» размешчаны парадныя партрэты І. і А. Паскевічаў, напісаныя мастаком Н. Шыльдэрам, маляўнічыя карціны, намаляваныя мастакамі XIX стагоддзя — батальныя сцэны, што з’яўляюцца ілюстрацыйным дадаткам да ваеннай біяграфіі генерала-фельдмаршала І. Паскевіча.
Сярод мемарыяльных прадметаў асаблівую цікавасць уяўляе грамата на падпісанне І. Паскевічам мірнай дамовы з Персіяй ад імя Мікалая I. Яна датавана 6 мая 1827 года, падпісана ўласнаручна імператарам і змацавана сургучнай пячаткай. Гэтая мірная дамова паміж Расіяй і Персіяй была падпісана ў вёсцы Туркменчай 10 лютага 1828 года і ўвайшла ў гісторыю як Туркменчайская.
Цікавыя таксама граматы І. Паскевіча на графскую годнасць з найменнем «Эрыванскі» і на княжацкі тытул з найменнем «Найяснейшы князь Варшаўскі». Сярод рээвакуіраваных гісторыка-культурных каштоўнасцей значацца прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўсходняга паходжання. Сасуды з эмалевымі роспісамі, кумган, паднос, багата дэкараваны разьбярствам, талерка з жанравай кампазіцыяй, выкананай эмаллю, скульптуркі ўсходніх бостваў і інш.
Цэнтральная частка палаца адкрылася для наведвальнікаў 4 верасня 2004 года. Унутраная архітэктура парадных памяшканняў першага паверха набліжана да іх ранейшага выгляду. У экспазіцыях можна не толькі агледзець адноўленыя інтэр’еры, але і даведацца шмат цікавага з жыцця былых уладальнікаў. Прадстаўлены сапраўдныя прадметы мастацтва працы вядомых рускіх і замежных майстроў XIX—XX стагоддзяў (жывапіс, скульптура, мастацкая бронза, зброя, культавыя прадметы), якія некалі ўпрыгожвалі раскошныя апартаменты ранейшых уладальнікаў палаца. Прыцягальнымі для наведвальнікаў з’яўляюцца таксама экспазіцыі, прысвечаныя даўніне краю. У Белай гасцінай цэнтральнай часткі палаца праводзяцца розныя канцэрты, у тым ліку канцэрты фартэпіяннай і арганнай музыкі.
У канцы 2004 года ўведзены ў строй паўночны корпус, у якім размяшчаецца адміністрацыя музея і дзейнічае выстава «Жывёльны свет Гомельшчыны». У гроце палаца, які знаходзіцца з боку ракі Сож, працуе экспазіцыя «Загадкавыя фантазіі мора».
Сёння Дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль» мае статут вышэйшай (нулявой) гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой адзіны комплекс, у склад якога ўваходзяць: гарадзішча старажытнага і сярэднявечнага Гомеля Х—XVIII стагоддзяў, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў (палац Румянцавых і Паскевічаў, сабор святых Пятра і Паўла, капліца і магільны склеп сям’і Паскевічаў, скляпы-лядоўні, «Зімовы сад», вежа агляду, адміністрацыйны будынак) і помнік паркавага мастацтва XIX—XX стагоддзяў — пейзажны парк з «Лебядзіным возерам», філіял Веткаўскага музея народнай творчасці, набярэжная ракі Сож, сетка фантанаў, гарадок атракцыёнаў, пункты грамадскага харчавання, шахматна-шашачны павільён, кіёскі па продажы сувенірнай прадукцыі і інш.
За час існавання музея яго фонды значна папоўніліся. На 1 студзеня 2011 года яны налічваюць 164547 адзінак асноўнага фонду захоўвання і 70466 навукова-дапаможнага. Музей з’яўляецца ўладальнікам калекцый археалогіі, іканапісу, рукапісных і старадрукаваных кніг, твораў сучаснага выяўленчага мастацтва, фотадакументаў па гісторыі Гомельшчыны і інш.
Шматгадовая актыўная праца па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Гомельшчыны, якая праводзіцца супрацоўнікамі, высока адзначана — у 2007 годзе Дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова «Гомельскі палаца-паркавы ансамбль» стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», а ў кастрычніку 2010-га — лаўрэатам VIII Рэспубліканскага турысцкага конкурсу «Спазнай Беларусь» у намінацыі «Лепшы аб’ект турыстычнай цікавасці».
Аўтар: Надзея Брагіна
Пераклад з рускай Рагнеда Малахоўскага.
Крыніца: Полымя. Літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс 5 (979), 2011, С. 183-191.