Вайна — гэта заўсёды трагедыя, але, калі баявыя дзеянні вядуцца паміж жыхарамі адной дзяржавы, маштабы гэтай трагедыі павялічваюцца ў шмат разоў. Гісторыя Беларусі канца XVI-XVII ст. з’яўляецца красамоўным прыкладам гэтаму. Менавіта ў гэты перыяд складаны комплекс унутраных супярэчнасцей прывёў да перарастання сацыяльнага канфлікту на ўсходніх рубяжах Рэчы Паспалітай з плоскасці палітычнай канфрантацыі ў форму ўзброенай барацьбы. Беларускае Палессе ўяўляла сабою дастаткова цэласны рэгіён, які хаця і ўваходзіў у склад ВКЛ, але быў цесна звязаны і з украінскімі паветамі, што з 1569 г. апынуліся ў складзе Польшчы.
Адсутнасць трывалай дзяржаўнай мяжы паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ спрыяла пранікненню на Палессе тых ідэй і тэндэнцый, якія выпрацоўваліся ў казацкіх колах на тэрыторыі Украіны, але былі блізкімі і да часткі жыхароў Беларусі. Гэтая акалічнасць яскрава праявілася падчас казацкага паўстання пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі ў 1595-1596 гг.
Казацкае паўстанне ў Запароложскай Сечы і яго разгортванне ў нацыянальна-вызваленчую вайну ўўкраінскага народа не магло працсці без следа для Беларусі. Перамогі казакаў над каронным войскам каля Жоўтых Вод і пад Корсунем спрыялі разгортванню сялянскага руху, яны дазволілі казакам і іх саюзнікам татарам хваляю разліцца па ўсёй Левабярэжнай Украіне, рабуючы і знішчаючы шляхту, каталіцкае і уніяцкае духавенства, яўрэйскае насельніцтва гэтага рэгіёна.
Падыход асноўных сіл казацкага войска Хмяльніцкага напрыканцы мая 1648 г. да Белай Царквы і з’яўленне казацкіх атрадаў ў Рэчыцкім і Мазырскіх паветах спрыялі разгортванню летам 1648 г. сялянскіх і мяшчанскіх паўстанняў у паўднёва-ўсходняй Беларусі. З’яўленне ўкраінскіх казацкіх атрадаў на беларускай тэрыторыі фактычна распачало неабвешчаную вайну двух палітычных суб’ектаў — ВКЛ і Запарожскай Сечы, ад імя кіраўніка якой дзейнічалі казакі.
Першыя казацкія загоны з’явіліся ў беларускім Палессі ў чэрвені 1648 г. З’яўленне загона беларускага шляхціца Пятра Галавацкага, які ў другой палове чэрвеня — пачатку ліпеня зрабіў рэйд са Старадубскага павета на Гомель, дало моцны імпульс да распаўсюджвання паўстанцкага руху сярод беларускіх сялян і мяшчан [1, с. 298]. У другой палове ліпеня з Украіны ў Беларусь былі накіраваны казацкія загоны пад кіраўніцтвам Антона Нябабы, Крывашапкі, Мікуліцкага, Філона Гаркушы, Яна Сакалоўскага, Грыцко Бута, Напальчыча, якія імкліва распаўсюдзіліся па Палессі, заклікаючы сялян і мяшчан далучыцца да іх.
Заклікі казацкіх правадыроў знайшлі падрыхтаваную глебу ў Беларусі, што садзейнічала актыўнаму далучэнню часткі беларускага насельніцтва да паўстання. Жыхары Брагіна, Лоева, Гомеля самі адчынілі брамы і ўпусцілі казакаў у гарады. Гэтыя загоны былі накіраваны для замацавання ў Палессі і Падняпроўі, прыкрыўшы, такім чынам, правы фланг асноўнага войска Багдана Хмяльніцкага. Стратэгічнай мэтай гэтых загонаў з’яўлялася пашырэнне паўстання ў Палессі і Падняпроўі [2, c.118].
Менавіта ў ходзе казацка-сялянскай вайны ў Палессі і Падняпроўі праявіўся такі феномен як “паказачванне” — далучэнне мясцовых жыхароў да казацкіх загонаў або стварэнне ўласных паўстанцкіх атрадаў. Аналіз крыніц дазваляе вызначыць, што працэс паказачвання насельніцтва Беларусі меў масавы характар, ён ахапіў у першую чаргу сялянства, мяшчанства, а таксама частку праваслаўнай шляхты. Разам са стварэннем шматлікіх дробных паўстанцкіх атрадаў, з канца лета 1648 г. у Беларусі актыўна ішоў працэс арганізацыі параўнальна буйных падраздзяленняў мясцовых паўстанцаў, якія ў сучаснай украінскай навуковай літаратуры часта ўзгадваюцца пад назвамі Брагінскі, Мазырскі, Тураўскі (Пінска-Тураўскі) і Рэчыцкі палкі [3, c.50, 52, 73; 4, c. 87, 90, 92].
У жніўні 1648 г. у выніку паўстання гараджан, у Рэчыцы быў створаны атрад з мясцовых жыхароў, які налічваў ад 700 да 1,5 тыс. чалавек. Паводле пратаколу допыту палонных казакаў, кіраўніком рэчыцкіх паўстанцаў быў Пакусін, які пазначаецца ў дакументах як палкоўнік, што ўскосна дае падставы меркаваць аб стварэнні мясцовага палка — буйнога атрада, які меў дакладную структуру. Пасля бітвы пад Лоевам у палон да ўрадавага войска трапіў адзін з паўстанцаў — Ясько Трухамоўка, які на допыце даў цікавую інфармацыю. У 1648 — пачатку 1649 гг. ён быў сотнікам у Рэчыцы, што сведчыць аб наяўнасці структурнай арганізацыі рэчыцкіх паўстанцаў. Такім чынам, Рэчыцкі полк падзяляўся на больш дробныя падраздзяленні ўласцівыя казацкай вайсковай арганізацыі — сотні [5].
Падчас свайго існавання з канца лета 1648 г. да вясны 1649 г. Рэчыцкі полк знаходзіўся пад камандаваннем гетмана войска Запарожскага. Аб гэтым сведчыць накіраванне ў Рэчыцу Б. Хмяльніцкім у жніўні-верасні 1648 г. казацкага палкоўніка Кемкі, які мусіў ажыццяўляць камандаванне паўстанцамі ў беларускім Палессі. Да таго ж, палова асабістага складу гэтага палка, які налічваў да 3 тыс. чалавек, складалася з украінскіх казакаў. На допыце палонны казак асобна выдзяліў, што адна палова палка складалася з сялян, другая з казакаў.
Падобны да Рэчыцы працэс праходзіў у жніўні 1648 г. у Мазыры, дзе паўстаўшыя жыхары горада і наваколля стварылі атрад колькасцю 400-500 чалавек пад кіраўніцтвам мясцовага мешчаніна І. Столяра, які, паводле паказанняў палонных казакаў, таксама пазначаецца як палкоўнік. Арганізацыйна Мазырскі полк складаўся з некалькіх соцень, адна з якіх прадстаўляла ўласна гараджан павятовага цэнтра, астатнія жыхароў наваколля. На чале асобнай мяшчанскай сотні стаў невядомы сёдзельнік, якога ў крыніцах называюць мянушкай “Сядляр”. Мазырскія паўстанцы мелі непасрэдныя сувязі з вышэйшым кіраўніцтвам украінскіх казакаў, у прыватнасці, ад Хмяльніцкага Сядляр атрымаў ліст, які даваў яму права набіраць людзей у мяшчанскі атрад. Фрагментарныя звесткі дазваляюць меркаваць аб тым, што працэс фарміравання падраздзялення казацкага тыпу ішоў таксама ў Гомелі. Паводле звестак палонных, у Гомелі летам 1648 г., як і ў іншых гарадах і вёсках Рэчыцкага і Мазырскага паветаў, “усе паказачыліся і паабяцалі адзін аднаму абараняцца да апошняга” [2, с. 105].
Значную падтрымку ўкраінскія казакі атрымалі ад жыхароў Брагіна, які ўваходзіў у склад Кіеўскага ваяводства Польшчы. Атрад Кізімы, які дыслацыраваўся каля Брагіна, налічваў каля 12 тыс. казакаў і паўстанцаў. Перад ім была пастаўлена задача абараняць Рэчыцу і Мазыр ад наступлення войска ВКЛ у жніўні 1648 г. Пасля смерці Кізімы ў верасні 1648 г. на чале палка стаў Ф. Гаркуша, падчас камандавання якога полк складаўся з двух буйных падраздзяленняў, што налічвалі “па 15 соцень, у адных па 500 людзей, а ў іншых менш” [2, с. 161].. Другое месца ў іерархіі кіраўніцтва палка (магчыма, намесніка палкоўніка) займаў Г. Бут, пад камандаваннем якога знаходзілася палова казакаў палка. Да канца жніўня становішча паўстанцаў у Рэчыцкім і Мазырскім паветах стала настолькі трывалым, што казакі перанеслі сваю скарбніцу з Чарнігава ў Гомель [6, с. 36]].
Разгром казакаў пад Слуцкам перашкодзіў распаўсюджванню паўстання ў цэнтральнай Беларусі, даў магчымасць шляхецкім сілам прыпыніць наступленне казакаў на гэтым участку баявых дзеянняў. Разам з тым паход Я. Сакалоўскага аказаўся не зусім дарэмным. Рух казацкага атрада па Палессі садзейнічаў актывізацыі паўстання на Тураўшчыне і Піншчыне. Пінскі маршалак Л. Ельскі 24 жніўня 1648 г. адзначае: “Набліжаецца вораг казацкі да Турава і Давыд-Гарадка” [7].
У верасні 1648 г. узнік атрад мясцовых паўстанцаў у Тураўскай воласці. Дакладную колькасць тураўскіх паўстанцаў устанавіць вельмі складана, яна вагалася ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі. Ядро атрада складалі каля 400 чалавек, аднак у перыяд найвышэйшага ўздыму барацьбы колькасць паўстанцаў павялічвалася да 2 і больш тысячы чалавек, якія прадстаўлялі ў асноўным мясцовае сялянства і тураўскіх мяшчан. Шляхціц А. Янкоўскі паведамляе, што паўстанцы выбралі “паміж сабой палкоўнікаў, сотнікаў, пісараў, атаманаў, асавул”[8]. Кіраваў тураўскімі паўстанцамі мешчанін Пракоп Цыўка, які, паводле допыту палонных, называў сябе палкоўнікам тураўскім, яго намеснікам з’яўляўся Кандрат Цыўка[8]. Структурна полк складаўся з некалькіх соцень, аб існаванні адной з іх — Тураўскай сотні сведчыць ліст П. Цыўкі тураўскаму сотніку Гаўрыле ад 2 лістапада 1648 г.[4, с. 92].
Паўстанцкія атрады былі створаны таксама жыхарамі Кажан-Гарадка і Давыд-Гарадка [9]. У кастрычніку 1648 г. мясцовыя жыхары “сабралі грамаду ў некалькі тысяч чалавек з воласці Гарадоцкай, узброіліся стрэльбамі, шаблямі, рагацінамі, выбралі з іх ліку палкоўнікаў, сотнікаў на казацкі манер” [10]. У студзені 1649 г. у атрадзе налічвалася некалькі соцень чалавек, якія складалі аснову падраздзялення. Палкоўнікам быў выбраны мясцовы войт І. Багдашэвіч, пры якім сфарміравалася паўстанцкая адміністрацыя з ліку гараджан і сялян. На думку У.У. Крывашэі, Давыд-Гарадоцкі атрад меў статус сотні ў складзе Тураўскага (Турава-Пінскага) палка [3, с. 52].
Сваеасаблівы “казацкі полк” утварыўся і ў Гомелі [2, с. 211]. Колькасць паўстанцаў у Гомелі складала ад некалькіх соцень да 2,5 тыс.
Вясной 1649 г. цэнтрам канцэнтрацыі паўстанцаў і казакаў у Беларусі стала Брагіншчына. Тут, па звестках невядомага шляхціца, размясціліся каля 6 тыс. казакаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Макеры, недалёка ад яго стаяў таксама 6-тысячны загон палкоўніка Напльчыча. Паміж асобнымі аддзеламі войска ВКЛ і паўстанцкімі атрадамі адбываліся дробныя баявыя сутыкненні. У першыя дні чэрвеня ў раёне Лоева адбыўся бой шляхецкага атрада Шалеўскага з атрадам мясцовых паказачаных сялян брагінскага сотніка Феська з Лоева. Нягледзячы на актыўнасць сялянства, мясцовыя паўстанцы, тым не менш, не мелі дастатковых сіл для сур’ёзнага наступлення на сілы ўрадавага войска. Асноўныя спадзяванні яны ўскладвалі на новыя казацкія загоны з Украіны.
Аднак дзейнасць названых фарміраванняў паказачаных мяшчан і сялян аказалася караткачасовымі, а самі гэтыя атрады — нетрывалымі. Адсутнасць дакладна вызначанага кіраўніцтва, вайсковага досведу і псіхалагічнай падрыхтоўкі ва ўмовах наступлення дзяржаўнага войска прывяло да разгрому гэтых атрадаў і зыходу іх рэшткаў на Украіну.
Абвастрэнне становішча на Украіне ў 1650 г. прывяло да спроб адраджэння паўстанцкіх баявых адзінак. У лістападзе 1650 г. адрадзіўся полк тураўскіх паўстанцаў, які складаўся з з трох соцень: тураўскай на чале з Сямёнам Праскурняй, алеўскай на чале з Турчыновічам і сушчанскай на чале з Уласам Баброўнікам [11, с. 52]. У Падняпроўі асабліва вызначыліся актыўнасцю атрады пад кіраўніцтвам Кастырэнкі і Окшы. Ужо ўвесну 1651 г. тут было ахоплена паўстаннем некалькі дзесяткаў тысяч сялян. Сяляне збіраліся ў атрады і дзейнічалі партызанскімі метадамі, нападалі на шляхецкія сядзібы. Сялянскія паўстанні выбухнулі ў раёне Гомеля, Лоева, Магілёва, Чачэрска, Крычава. Разгарэлася полымя барацьбы і ў заходнім Палессі. Напрыканцы мая 1651 г. тураўскі войт паведамляў, што яго воласць уся поўнасцю ўзбунтавалася, што было звязана са з’яўленнем тут буйнога атрада Ф. Гаркушы. Але паспяховае наступленне войска ВКЛ прывяло да выцяснення з Беларусі казакаў і паказачаных сялян і іх адыходу на Украіну.
Спіс крыніц і літаратуры
- Pami^tniki Albrychta Stanislawa X. Radziwilla kanclerza W. Litowskiego. Wydane z r^kopismu przez Edwarda Raczynskiego. — Poznan: u braci Scherkow, 1889. — T. 2.
- Документы об Освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг. — Киев: Наукова думка, 1965. — 825 с.
- Кривошея, В.В. Українська козацька старшина. Ч.1. Урядники гетьманської адміністрації/ В.В. Кривошея. — 2-е вид. доп., уточ., вип. — Київ: «Стилос», 2005. — 260 с.
- Сергійчук, В.І. Війскова-територіальна організація народної армії в перший період Визвольної війни 1648-1654 рр./ В.І. Сергійчук // Український історічний журнал. — 1982. — № 7. — С. 85-92
- Львоўская навуковая бібліятэка імя В. С. Стэфаніка Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны (ЛНБ). — Ф. Асалінскіх — Спр. 225/ІІ. — Арк. 249-250.
- Чернигову 1300 лет: Сб. документов и материалов / сост. С. М. Мельник [и др.] — Киев, Наукова думка, 1990. — 366 с.
- ЛНБ. — Ф. Асалінскіх — Спр. 225/ІІ. — Арк. 137 адв.
- ЛНБ. — Ф. Асалінскіх. — Спр. 3882. -Арк. 55 адв.
- ЛНБ. — Ф. Асалінскіх — Спр. 225/ІІ. — Арк. 152 адв.
- Нацыянальны гістарычны архіў беларусі (НГАБ). — Ф. 694. — Воп. 4. — Воп. 4. — Спр. 906. — Арк. 52-53.
- Крип’якевич, І.П. Богдан Хмельницький / І.П. Крип’якевич. — Київ, Наукова думка, 1954. — 534 с.
Аўтар: С.А. Чаропка
Крыніца: Беларусь і суседзі: Гістарычны вопыт стасункаў народаў і дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы: матэрыялы міжнар. навук. канф. (Гомель, 20-30 мая 2018 г.) / М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны; рэдкал.: Р. Р. Лазько [і інш. ]. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2018. — 127 с. С. 20-24.