«Пахаванне стралы” — рэгіянальна адметная абрадавая з’ява фальклору ўсходняга Палесся

0
639
Беларусь, абрад, народны абрад

Засяродзім увагу на канкрэтным фальклорна-этнаграфічным матэрыяле, запісаным на Палессі, каб паказаць, наколькі актуальнымі з’яўляюцца сёння праблемы рэгіянальнага вывучэння фальклору. Вялікую навуковую цікавасць выклікае “комплексны” (А. Ліс) карагод “ваджэння стралы (сулы)”, запісаны вучонымі на Гомельшчыне, заходняй Браншчыне і паўночна-ўсходняй Украіне. Абрад пахавання стралы – спецыфічная адметнасць веснавой каляндарна-абрадавай паэзіі беларусаў, гэта рэгіянальная з’ява, бо прэтэндуе на пэўную самастойнасць, аўтаномнасць. У гэтым плане як адметная з’ява веснавога абрадавага фальклору Гомельшчыны адрозніваецца ад агульнабеларускай фальклорнай традыцыі. Рэгіянальны абрад пахавання стралы мае шэраг лакальных асаблівасцей, асобныя з якіх ужо былі адзначаны даследчыкамі Г.А. Барташэвіч, В.Я. Гусевым, А.С. Лісам (Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985; Гусев В.Е. Вождение “стрелы” (“сулы”) в Восточном Полесье // Славянский и балканский фольклор. – М., 1986; Ліс А.С. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў. Мн., 1998.).

Падчас супастаўлення і аналізу лакальных варыянтаў абраду пахавання стралы мы будзем прытрымлівацца, як і іншыя даследчыкі, метадалогіі вывучэння абраднасці, прапанаванай М.І. Талстым і С.М. Талстой, якія ў яе структуры вылучалі акцыянальны, прадметны і вярбальны кампаненты1.

Маючы на ўвазе такі падзел структуры абраду, В.Я. Гусеў адрозніваў абрад у цэлым як комплекс усіх элементаў, абрадавае дзеянне як яго акцыянальную структуру і рытуальнае дзеянне як элемент гэтай структуры2.

Шматлікія сучасныя запісы абраднасці і паэзіі пахавання стралы на тэрыторыі Гомельшчыны пацвярджаюць думку В.Я. Гусева і Ю.І. Марчанкі аб тым, што “ваджэнне “стралы” як складаны рэгіянальны тып абраду рэалізуецца ў шэрагу лакальных варыянтаў (вар’іруюцца ўсе элементы акцыянальнай, прадметнай і музычна-вербальнай структур), што выклікае неабходнасць параўнальнага вывучэння гэтых варыянтаў і прымяненне комплекснага падыходу да абраду ў цэлым”3.

На матэрыяле фальклорна-этнаграфічных звестак, запісаных у вёсках Казацкія Балсуны, Вялікія Нямкі, Барталамееўка Веткаўскага раёна, у вёсках Пярэдзелка і Валкашанка Лоеўскага раёна, у в. Якімава Слабада Светлагорскага раёна, у вёсцы Рашаў Хойніцкага раёна, даследчыца Г.А. Барташэвіч паказвае структуру абраду, тлумачыць семантыку асноўных абрадавых дзеянняў, знаёміць з функцыянальнай прызначанасцю і формамі ваджэння карагодаў. Як адзначае В.Я. Гусеў, “… звесткі пра бытаванне абраду ў мінулым, якія ёсць у даследчыкаў, і асабліва назіранні над сучасным станам абраду адлюстроўваюць розную ступень захаванасці традыцыі ў лакальных варыянтах”4. Заслугоўвае ўвагі заўвага даследчыка аб тым, што “ў рускіх сёлах Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці (у былых стараабрадніцкіх слабодах), а таксама сярод стараабрадніцкага насельніцтва Бранскай вобласці ваджэнне “стралы” ўспрымалася як грэх, хоць вясеннія карагоды і цудоўныя карагодныя песні тут заўсёды бытавалі… Гэты факт непрыняцця “стралы” перасяленцамі яшчэ ў большай ступені выяўляе мясцовы, лакальны характар абраду, характэрнага толькі для аўтахтоннага насельніцтва ўказанага рэгіёна”. (Гусев В.Е. Вождение “стрелы” (“сулы”) в Восточном Полесье // Славянский и балканский фольклор. С. 67).

У вёсцы Барталамееўка Веткаўскага раёна, як тлумачыць Г.А. Барташэвіч, “відаць, і сам прыпеў, і хаджэнне “па ладун”, “на сена” некалі мелі пэўны сакральны сэнс і таксама, як і хаджэнне да жыта, адлюстроўвалі імкненне чалавека атрымаць ад прыроды добры плён. Хутчэй за ўсё гэта ўшанаванне траў – корму для жывёлы, пакланенне духам расліннасці”5. Пахаваннем вясны называлі інфарматары ваджэнне стралы ў вёсцы Барталамееўка, якой сёння ўжо няма на геаграфічнай карце Беларусі ў сувязі з чарнобыльскай бядой. Адбывалася свята на Ўшэсце, калі “становімся ў рад на ўсю вуліцу і спяваем песні, ідом хаваць вясну, наперадзе ідуць пан з паненкай і нясуць ляльку хаваць”. (Запісана ў г.Ветка ад Гапеевай Наталлі Іванаўны, 1933 г.н., перасяленкі з в. Барталамееўка). Для мясцовай традыцыі характэрна выкананне шматлікіх песень, якімі суправаджалася шэсце па ўсіх вуліцах вёскі да жыта: “Мы на сена ідом”, “Па вуліцы па шырокай”, “На гарэ лён, белы кужаль”, “Паня пана не ўзлюбіла”, “Песенька мая маленькая”. Можна пагадзіцца з В.Я. Гусевым, што паміж тэкстамі ўсіх гэтых песень наўрад ці ёсць нейкая тэматычная сувязь. Паслядоўнасць і частотнасць іх выканання адвольная. (гл. вышэй: Гусев В.Е. С.72).

Абрад пахавання стралы ў вёсцы Барталамееўка Веткаўскага раёна заканчваўся каля жыта, дзе “хавалі ляльку”: “Ідом к жыту, дзе жыта пасеяна, і ў жыце закопвалі лялечку. Ляльку такую ўжо носім у люляццэ, у каробаццэ. Гэта ўжо лічыцца вясна. Закопваем і ўсе пяём. Хто кажа: “Ты сёлета была нехарошая, сухая, каб ты такая не вярнулася, вясна, болей ты нам не нада! Закапуйце яе!” Хто што прыказуе, плачуць, выдумляюць што. А тады: “Хадзіце, людзі, на абед”6. Прыведзеныя сімвалічныя дзеянні жыхароў, па іх уяўленнях, засцерагаюць вёску ад маланкі, навальніцы. Пасля таго, як закончыцца святочная цырымонія, “пад раніцу беглі дадому, баяліся, каб з жыта не вылезла якая-небудзь нячыстая сіла і не забрала з сабой” (Запісана ў г. Ветка ад Грамыка Тамары Іванаўны, 1920 г.н., перасяленкі з в. Барталамееўка).

Цікавасць уяўляюць варыянты абраду пахавання стралы, запісы якіх былі зроблены намі ў вёсках Неглюбка, Пералёўка, Свяцілавічы, Акшынка, Прысно, Шарсцін Веткаўскага раёна.

Паводле ўспамінаў інфарматараў з в. Неглюбка Веткаўскага раёна, абрад пахавання стралы пачынаўся пасля абеда на Ушэсце, удзельнічалі ў свяце ўсе жыхары вёскі, але “хлопцы і мужчыны толькі ігралі і скакалі, танцавалі з дзяўчатамі, а ў карагод не станавіліся”7. Калектыўным шэсцем удзельнікаў абраду былі ахоплены ўсе вуліцы вёскі. Цікава, што спачатку жыхары групамі збіраліся на адной вуліцы, пачыналі ісці з канца вёскі і ішлі, “хто як хацеў, уперадзе вадзілі карагоды, а ззаду і збоку людзі проста ішлі: хто па аднаму, хто парамі, хто групамі, усе адчувалі сябе вольнымі”8. На перакрыжаваннях дарог вадзілі карагоды і спя-валі.

Абрад ваджэння стралы ў вёсцы Неглюбка называецца “ганяць старцоў”, у ролі якіх выступалі мужчына і жанчына, якія “пераапраналіся наадварот, твар чым-небудзь закрывалі, каб іх не пазналі. Яны былі апрануты ў розныя лахманы, у адной руцэ трымалі палку (цапок), а ў другой – сумку”9. Як адзначылі Анастасія Апанасаўна Барсукова, Ефрасіння Іванаўна Дзямчыхіна, Еўдакія Адамаўна Дзямчыхіна, “старцы” на працягу ўсяго шэсця прасілі ў людзей грошы ці пачастунак. Калі ім не давалі, яны паціху білі цапкамі, якія не выпускалі з рук. Ніхто не павінен быў ім адмаўляць, бо лічылася, што чым больш грошай дасі, тым хутчэй старцы пойдуць з вёскі і больш не вернуцца. Дзеці дражнілі “старцаў”: “Дзед бабу пацяраў, баба дзеда пацярала”. Старцы робяць выгляд, што злуюцца, ганяюцца за дзецьмі, кідаюць у іх бок цапок. Хавалі “старцаў” наступным чынам: заводзяць у жыта, пераапранаюць у чыстае адзенне, а тое, у чым былі апрануты, нясуць у сумцы. З поля “старцы” ідуць абняўшыся”. Як засведчыла Надзея Нікіфараўна Салодкіна, “у нашай вёсцы Неглюбцы, як паводзяць карагоды, ішлі за сяло і ў жыце закопвалі галінку, гэта замест стралы, каб быў добры ўраджай”. Прыведзеная інфармацыя дапаўняе вышэйпрыведзеную апатрапеічную семантыку абраду аграрна-магічным прадуцыравальным аспектам. Адметнай мясцовай з’явай у матэрыяльнай сімволіцы абраду з’яўляецца падрыхтоўка абрадавай стравы “Божавых ануч” – выпечка тонкіх бліноў на малацэ з яйкамі з пшанічнай мукі.

На пытанне, з якой мэтай вадзілі карагоды на Ушэсце, Анастасія Апанасаўна Барсукова адказала: “Гэта Іедава цёшча была Лёля, і яе вялі тапіць, але не ўтапілі патаму, што ўсе ў карагодзе дзеўкі пачалі крычаць: “Лёля, Лёля, Лёля!” А яна і гаворя: “Мяне не тапіце, бо слышаце, як усе мяне гукаюць”. Яе і не ўтапілі. І пачалі з тае пары рабіць гэтыя карагоды, і старца етага, і цыганей”10.

Добра захаваліся ў памяці жыхароў в. Неглюбка і тэксты ка-рагодных песень, якімі суправаджаўся абрад пахавання стралы. У адным з песенных варыянтаў “Ой, пушчу стралу да па ўсём сялу” гучыць заклінальны матыў звароту да стралы з просьбай забіць добрага моладца. У другой частцы тэкста, у якой гэты матыў атрымаў рэалізацыю, акцэнтуецца ўвага на фрагменце аплаквання “забітага моладца” “адной Іванаўнай”:

Ой, пушчу стралу да па ўсём сялу,

Ой, і я лялі, да па ўсём сялу!

Ой, ляці, страла, на канец сяла,

Ой, убій, страла, добра моладца!

Ой, ляжыць цела, як бумага бела.

Ой, ніхто к целу не прыступіцца.

Прыступілася адна Іванаўна,

Ой, узяла цела да й на ручанькі.

Панесла цела да й да цэркаўкі.

Сама цэркаўка й атварылася,

Самі свечы запаліліся,

Самі кнігі да запыталіся.

Ой, сама я цела да на ручкі ўзяла,

На ручкі ўзяла, ох заплакала:

Ох, ты цела маё, цела,

Ой, зачым я ля цябе села.11

У другой песеннай версіі развіцця матыву забойства “добрага молайца”, вядомай у в.Неглюбка, у пачатку тэкста канстатуецца сам гэты факт і сцвярджаецца, што “па таму молайцу некаму плакаці, матывуецца прычына: “Маці – старянка, сястра – маленька”:

Ой, ішла страла і ў канец сяла,

Ай, лялі, і ў канец сяла,

У канец Неглюбкі шчэй да цэркаўкі,

Ай, лялі, шчэй да цэркаўкі.

Убіла страла добрага молайца,

Ай, лялі, добрага молайца.

Па таму молайцу некаму плакаці.

Ай, лялі, некаму плакаці.

Маці – старянка, сястра маленька.12

Як бачым, арганічную частку абраду ў гэтай мясцовасці складалі такія дзеянні, як “старцы просяць грошы ці пачастунак у людзей”, “дзеці дражняць старцоў”, “хаваюць старцоў у жыце” (пераапранаюць у чыстае аддзенне). Прысутнасць дзяцей у карагодах дае падставы меркаваць, што ў абрадзе адлюстравалася філасофская ідэя прадаўжэння роду, пераемнасці пакаленняў, захавання жыцця.

Сэнс прыведзеных рытуалаў – пазбавіцца ў вёсцы ад беднаты, “схаваць у жыце хваробу і няшчасце”. Мясцовай адметнасцю традыцыі ваджэння стралы ў вёсцы Неглюбка з’яўляюцца карагоды з удзелам дзяцей, што знаходзіліся ў іх сярэдзіне. Як растлумачылі інфарматары, “круглы карагод” быў своеасаблівым абярэгам дзяцей ад няшчасцяў, выконваўся, каб яны раслі здаровымі. У карагодах спявалі песні “Што ў Неглюбцы ў сяле”, “Што па нашай вуліцы, па зялёнай траўцы”, “Па траўкі, зялёнай мураўкі”, “Ой, старац мой, ліпамарец мой”, “Проці бацькавых варот я малода гуляла”.

Паводле ўспамінаў Е.І. Дзямчыхінай, 1935 г.н., закопвалі ў жыце “строчкі з шаўковых платкоў, адзенне (выцягваем ніткі з адзежы)”, праўда, з якой мэтай гэта рабілі, інфарматар не растлумачыла.

З абрадам ваджэння стралы была звязана шлюбная варажба. “Калі ўжо жыта красуецца, незамужнія дзяўчаты зрывалі калоссе, клалі за пояс, завязвалі ў хустку або трымалі ў руцэ. Гэта гаданне, ці пойдзе дзяўчына ў гэтым годзе замуж. Сціралі цвет па коласу і загадвалі: “Калі пайду замуж, хвіліны праз тры колас яшчэ выпускаў цвет” (в. Неглюбка).

У абрадзе ваджэння стралы ў в.Перавессе, як і ў в. Неглюбка, галоўнымі персанажамі свята былі пераапранутыя “старац” і “старчыха”, якія рабілі абход двароў: “ходзяць ад хаты да хаты, што-нібудзь просяць. З тых хат хто-нібудзь ішоў патом з імі”13. Рытуальным прадметам у гэтым лакальным варыянце з’яўлялася лялька з саломы – антрапаморфны сімвал. Як адзначыла інфарматар, “рабілі ляльку з саломы і кідалі яе ў жыта, а патом ішлі ў якую-небудзь хату, дзе рабілі сталы з усяго, што назбіралі старцы, весяляцца, пяюць песні, водзяць хараводы”:

Старец мой, ліхамарец мой,

Ён у кельні сядзіць,

Богу моліцца,

А вось мне, маладой,

Гуляць хочацца.14

Паводле ўспамінаў Марыі Фядотаўны Жукавай, 1925 г.н. з в. Ірыноўка Веткаўскага р-на, “на шостай нядзелі пасля Пасхі ў чацвер сабіраюцца, пяюць песні, жанчына перадзяваецца ў хлопца, а хлопец у жанчыну, ідуць па вуліцы, пяюць:

Ой, шла страла ды ўдоль сяла,

Ой, ой, люлі, ды ўдоль сяла.

Убіла страла добра моладца.

Ой, ой, люлі, добра моладца.

Па том моладцу некаму плакаць.

Ой, ой, люлі, некаму плакаць:

Матка старэнька, сястра маленька,

Ой, ой, люлі, сястра маленька.

Жана малада возле горада.

Ой, ой, люлі, возле горада.

І дзе матка плача – там калодзежы.

Ой, ой, люлі, там калодзежы.

Дзе сястра плача, там руч’і бягуць.

Ой, ой, люлі, там руч’і бягуць.

Дзе жана плача, там расы няма.

Ой, ой, люлі, там расы няма.15

Як і ў песенным варыянце “Ой, пушчу стралу да па ўсём сялу”, запісаным у в. Неглюбка, так і ў прыведзеным тэксце можна заўважыць алагізм, на які ўказаў В.Я. Гусеў, аналізуючы варыянты гэтай версіі, запісаныя на Чарнігаўшчыне В.Ялатавым: пасля заўвагі, што “па том моладцу некаму плакаці” развіваецца даволі падрабязны сюжэт з матывам аплаквання загінуўшага моладца членамі яго сям’і16.

Сярод абрадавых сімвалічных дзеянняў, якія адбываюцца за сялом каля поля, варта адзначыць такія, як пошукі пераапранутай пары, якая схавалася, затым іх “ловяць і б’юць”. Які сэнс укладвалі вяскоўцы ў гэтыя дзеянні, з запісаў не вынікае. Сувязь з аграрнай магіяй выяўляецца ў падкідванні яек ўгору падчас вяртання ў вёску: “выходзяць на вуліцу і кідаюць яйкі ўгору. Каб лён высокі быў”.

Шэсце ўдзельнікаў абраду па вуліцы да поля суправаджалася песняй “Не лятай-ка, галачка, рана на зарэ”, пачатак якой аформлены ў выглядзе паралелізма: “галачка” – “дзевачка”:

Не летай-ка, галачка, рана па зарэ,

Люлюшкі, люлі, рана па зарэ.

Не забывай жа, галачка, ранняе расы.

Ужо ж тая росачка даўно адбіта,

Ужо ж тая дзевачка даўно прапіта.

А хлопчык Ванечка на кані едзе,

А дзевачка Светачка па ваду ідзе.

— Добры вечар, Ванечка,

— Што ж ты мне вязеш?

— Бялілечка, Светка, бяліла табе.

— Ой, спасіба, Ванечка,

За тваё бялілечка, за беленькае,

За тваё славечка, за верненькае.

(в. Ірыноўка)

Абраду пахавання стралы ў вёсцы Пералёўка папярэднічаў абрад пераносу свячы: “У абед памолюцца, зрання ўтранню паслужаць, абедню, тады паабедаюць, а тады і з свячой ўжо выходзяць і спяваюць лёлюшкі, карагод”17. Сувязь абраду з аграрнай магіяй пацвярджаецца тымі дзеяннямі, якія здзяйсняюцца каля жыта. У прыведзеным лакальным варыянце акцыянальную структуру абраду складаюць такія рытуальныя дзеянні, як ваджэнне кругавога карагода каля жыта, закопванне лялькі і іншых прадметаў (“хто брошку, хто які там пярсцёнак, грошы”, “зрыванне па тры каласкі жыта”, якія прыносілі дадому і ставілі на кут. Семантыка названых абрадавых дзеянняў звязана з засцярогай вёскі, жыхароў ад грому, маланкі: “Штоб граза мінавала наша ўсё: і хату, і ўсе беды, і ўсю дзярэўню”(вёска Пералёўка).

Песні, якія выконваюць у карагодзе, называюць інфарматары лёлюшкамі. У цэнтры карагодаў, што водзяць на перакрыжаванні вуліц, знаходзіцца дзяўчына ў вяночку, з лялькай у руках – сімвалам вясны:

У карагод пайду, сабе трох найду,

Ой лі, ой, ля-лю, сабе трох найду.

У карагод пайду, а нагуляюся,

Ой лі, ой, ля-лю, а нагуляюся.

Нагуляюся, з сваім міленькім павідаюся.

Ой, ля-лю, павідаюся.

А той міленькі, ай, усю ноч не спаў,

Охі, ой, ля-лю, усю ноч не спаў.

А ўсю ноч не спаў, у каравуле стаяў,

Охі, ой, ля-лю, у каравуле стаяў.

У каравуле стаяў, перамены ждаў,

Охі, ой, ля-лю, перамены ждаў.

Ой, прыйшла к яму пераменачка

Охі, ой, ля-лю, перамена.

Пераменачка, красна дзевачка,

Охі, ой, ля-лю, красна дзева.18

Частаванне мёдам удзельнікаў карагодаў – адметнасць мясцовай традыцыі; “угашчаюць усіх мёдам, каб пчолы вяліся, каб многа мёду нанасілі, ураджай быў на мёд, і ўсе частуюцца мёдам” (вёска Пералёўка).

Рэгіянальны абрад пахавання стралы ў вёсцы Прысно Веткаўскага раёна называецца “Ушэсце”, або “Вознесенне Гасподне”. Па сведчанні Марыі Цімафееўны Арцямковай, 1931 г.н., “звечара сабіраюцца жэншчыны, дзелаюць колік, сабіраюць цвяты, упрыгожваюць яго, ставяць свечкі, водзяць вакол гэтага коліка карагод. Потым вядуць колік тапіць: кожная жэншчына збірае кветкі з коліка і нясе на агарод, каб раслі капуста, гуркі”. Рытуал патаплення прадметнага атрыбута ў выглядзе “коліка” – лакальная асаблівасць абраду. На пытанне, з якой мэтай здзяйснялі гэтае дзеянне, інфарматар адказала, што “рабілі так, каб ішоў дождж”.

Элементы аграрна-прадуцыравальнай магіі ў гэтым варыянце абраду спалучаны з засцерагальнай, ахоўнай магіяй. Наяўнасць апошняй была пацверджана сведчаннем, што ў “другім бацэ вёскі закопвалі колік супраць гразы”.

Сэнс здзяйснення сімвалічных абрадавых дзеянняў з лялькай, якую “хавалі і пелі песню”, быў звязаны таксама з ідэяй дажджу, пладаноснасці зямлі (“ляльку закопвалі ў жыце, а потым адкапвалі. Гэта дзелалі для дажджу”. Спявалі песні: “Як пушчу стралу // Да ўздоўж сяла.// Ты ляці, страла,// Да ўздоўж сяла.// Ты ўбі, страла,// Добра молайца.// Па гэтаму молайцу // Некаму плакаці:// Матка старая,// Сястра малая”19.

Паня пана не ўзлюбіла

Ды купіла атруты, атравіла,

У садочку схараніла.

Прыехалі два браточкі:

– Братавая маладая,

Дзе нашага брата дзела?

А яна атвячае:

– Ён па воблу паехаў.20

Як і ў палескім вясельным абрадзе, калі маладая імкнулася сарваць “вярхушку з ёлкі, каб мець верх над маладым, ваабшчэ ў доме верх над усімі” (в. Матнявічы, Чачэрскі р-н) (Абрадавы фальклор. С. 108.), так і ў мясцовай традыцыі пахавання стралы, калі “неслі галіну вярбы да вады, стараліся сарваць верх з букета гэтага маладыя хлопцы і дзеўкі” (в. Кастрычнік Буда-Кашалёўскага р-на ад перасяленкі з в.Прысно Шыляровай Ніны Іванаўны, 1930 г.н.). Міфалагічны сэнс гэтых з’яў быў звязаны з уяўленнямі аб будучым шлюбе (“хто сарве верх з букета, у гэтым жа годзе выйдзе замуж, жэніцца”). Верылі вяскоўцы і ў магічна гаючыя ўласцівасці вады, у якую была ўкінута “галіна з моста”: “калі памыць ліцо, то не будзе ніколі болек, а еслі ўсё цела, то будзе чалавек здаровы цэлы год” (ад Шыляровай Ніны Іванаўны). У якасці месца правядзення абраду інфарматары назвалі “мост цераз рэчку”: “на мост ставілі ступу, якую тожэ ўбіраюць вышыванымі рушнікамі і цвятамі. У ступу закраплялі еты букет і возле яго вадзілі хараводы, пелі абрадавыя песні. Начынаўся этат абрад на захадзе сонца і цягнуўся да позняй ночы” (ад Шыляровай Н.І.).

Пра абрад пахавання стралы ў вёсцы Шарсцін Веткаўскага раёна інфарматары расказалі наступныя звесткі: “У нашай мясцовасці празднавалі “Хрэн” (стралу так называлі) пасля Пасхі на шостай нядзелі ў чацвер. Спачатку дзеўкі ёлку дзелалі з сухога дрэва, дзелалі бумажныя цвяты на ёй. Потым ідом таўпой па вуліцах, нясом ёлку да жыта, танцуем і пяём “Хрэна”:

У гародзе хаджу, хрэн-рамон саджу,

У цябе, татка, халастой хаджу.

– Жанісь, сыночак, жанісь, родны мой,

Я вялю цябе доч купецкую.

– Ды купецкая не жана мая,

Не жана мая, не слуга ваша.

Ды хазяйская – то жана мая,

То жана мая, то й слуга ваша.21

Рытуал з ёлкай у структуры абраду меў магічны сэнс – паспрыяць ураджайнасці жыта: “пасля ў жыце ўжо не пяём, ёлку ў жыта ставім, штоб жыта расло, нітачкі з хустачак дзеўкі ў зямлі закапываюць”22.

Абрад заканчваўся частаваннем усіх удзельнікаў амаль у кожнай хаце: “Пасля ўжо ідом на вёску, заходзім у адну хату, там стол стаіць, гарэлка. Гуляем у той хаце, потым ідом у другую хату, там пяем, танцуем” (в. Шарсцін).

Абрад ваджэння стралы ў в. Старое Сяло Веткаўскага р-на вядомы пад назвай “Сена”. Як растлумачылі самі інфарматары, “гэты звычай існуе ў нас для таго, каб у новым годзе расло новае, харошае сена”23. Адбываецца абрад на другі дзень Вялікадня, калі збіраюцца жыхары вёскі ў супрацьлеглых канцах вуліцы і ідуць шарэнгамі насустрач адна адной.

Спецыфічная прадметная атрыбутыка (у мужчын – косы, у жанчын – граблі) пацвярджае семантычную скіраванасць абраду ў гэтай мясцовасці – забяспечыць добры сенакос. У выкананні адной групы выканаўцаў гучыць песня “Ты ляці, страла, да й удоль сяла”. У названым лакальным варыянце развіваецца тэма нявернасці жонкі, яе раўнадушша ў адносінах да свайго мужа, што выяўляецца ў сцэне аплаквання забітага молайца і што падкрэсліваецца ў тэксце метафарычнымі параўнаннямі:

Дзе матка плача – там калодзежы,

Ох, хімоў-люлі, там калодзежы,

Дзе сястра плача – там руч’і бягуць,

Ох, хімоў-люлі, там руч’і бягуць,

Дзе дзеткі плачуць – там стрэшкі капаюць,

Ох, хімоў-люлі, там стрэшкі капаюць.

Дзе жана плача – там расы няма.

Ох, хімоў-люлі, там расы няма.24

Другая шарэнга, якая рухаецца насустрач першай, выконвае песню: “На сена”. У мясцовым песенным варыянце гучаць матывы трагічнага лёсу безабароннай жанчыны, муж якой “горкі п’яніца” і здзекуецца над жонкай:

У тынок ідзе – напіваецца,

Ой, хімоў-люлі, напіваецца.

А з тынка ідзе – ён валяецца,

Ой, хімоў-люлі, ён валяецца.

З мяне, маладой, надругаецца

Паціхонечку, памалесеньку,

Ой, хімоў-люлі, памалесеньку.25

Сустрэча абедзвюх шарэнг удзельнікаў суправаджаецца ў мясцовай традыцыі іх жартоўным “біццём” (“А потым сустракаюцца і пачынаюць у жарт біцца”), што не пазбаўлена, на наш погляд, семантычнага акцэнту. “Біць, біццё – рытуальнае магічнае дзеянне, якое мае пераважна прадуцыравальную і адгонную функцыі”26. Можна выказаць меркаванне, што і ў мясцовай версіі пахавання стралы названае дзеянне павінна было забяспечваць добры ўраджай, у дадзеным выпадку, сена. Сярод іншых акцыянальных кампанентаў абраду вылучаюцца такія, як пераменьванне шарэнг месцамі, магічны абход вакол вёскі, выкананне песні “Ой, хрэн, ты, мой хрэн, яравой, садавой”:

Ой, хрэн, ты, мой хрэн, яравой, садавой,

Ці не я цябе садзіў? Ці не я паліваў?

Садзіў цябе ён, паліваў Сілімон,

Сілімонава жана пры дарозе жала,

Дзеўкам косы часала, прыгаворвала:

“Расці, мая каса, да чырвона паяса”.27

У вёсцы Залаты Рог сцэны сустрэчы двух карагодаў і жартоўнай імправізацыі імі бою суправаджаліся песняй “Із-пад лесіку, лесіку цёмнага”, матывам якой з’яўляецца паядынак паміж “молайцамі за красну дзеўку”:

Із-пад лесіку, лесіку цёмнага,

З-пад садзіку, з-пад зялёнага

Прыйшлі ды прыйшлі два молайца,

Два молайца вот вы холасты,

Вот вы холасты, нежанатыя,

Нежанатыя, кудравыя.

А яны ішлі да астанавіліся,

За красну дзеўку пабраніліся.

Вы не біцеся, не сварыцеся,

Аднаму каму я дастануся.28

Пахаваннем вясны называюць звычай ваджэння стралы ў в. Стаўбун Веткаўскага раёна. Як засведчылі інфарматары, “калі закапвалі “стралу” (капейкі, бусы, у каго што было), гаварылі: “прымі, зямелька, ад нас грошы, а нам пашлі ўраджай харошы. Вот пайшоў ты сёння, Ісус Хрыстос, на небяса, цягні і жыта за каласа. А мы ў святой зямельцы кладзем клад-грошы, каб быў ва ўсім міры ўраджай харошы”29. Прыведзеная рэпліка пацвярджае сувязь абрада з аграрнай прадуцыравальнай магіяй, на якую ўказваў і В.Я. Гусеў, які прывёў апісанне гэтага свята, абапіраючыся на этнаграфічныя звесткі, запісаныя ад мясцовых жыхароў М.Л. Зуевай, А.Л. Зуевай, Т.Д. Тараканавай, Ф.Ф. Халюковай30.

Асноўныя рытуальныя дзеянні ў мясцовым варыянце пахавання стралы наступныя: збор жыхароў у канцы сяла і ў сярэдзіне, “у розных канцах сяла” (В.Я. Гусеў) і ваджэнне карагодаў; выбар пана і паненкі, падрыхтоўка лялькі для “пахавання”, шэсце вяскоўцаў шарэнгамі да поля, кругавы карагод у полі (“чалавек 300 бяромся за рукі ў круг і водзім карагоды, пяем”)31, выкананне песень, закопванне ў жыце лялькі (“выкопваем ямку, дзелаем хрэсцік, хаваем ляльку”) з песенным суправаджэннем: “Песенька мая, маленькая й, // Каму будзеш міленька? // Міленькая, ой, ці старому, ці малому? // Закапаюць цябе к налецейку, к налецейку, // Прыеду поле араці, // Буду цябе песеньку спяваці, спяваці // Харошаю вясну дажыдаці”32; закапванне ў жыце грошай, гузікаў з прыгаворам: “Госпадзі, даем табе грошы, а ты нам – ураджай харошы”; вяртанне назад з песнямі ў вёску на тое ж месца, адкуль пачыналася шэсце да поля (“прыходзім зноў у сярэдзіну сяла, адкуль пачыналі”).

Што датычыць непасрэдна вербальнай часткі абраду, то цыкл песень, якія выконваюцца ў в. Стаўбун, мае свой адметны характар, што выяўляецца ў непаўторным сюжэтна-тэматычным багацці, вар’іраванні матываў, вобразаў.

Заўважым, што ў в. Стаўбун, як і ў некаторых іншых вёсках Веткаўшчыны, цыкл карагодных песень пачынае выконвацца на Благавешчанне і “водзяцца гэтыя карагоды і песні да Ўшэсця”. Адметнасць абраду выяўляецца ў стварэнні дзвюх шарэнг для ваджэння карагодаў: “А на Ўшэсце сабіраецца ўжо сяло з аднаго краю сяла і з другога, гэта па цэнтральнай вуліцы. Ідуць табун за табуном, дзе сустракаюцца, там водзяць карагоды, паводзяцца – далей ідуць. І з таго ж краю сяла тожа ж так сустракаюцца, і водзяць усім вобшчаствам карагоды” (в.Стаўбун ад Кугаевай Елізаветы Мацвееўны, 1932 г.н.).

У структуры стаўбунскага абраду пахавання стралы можна вылучыць такія рытуальныя дзеянні, як збор усіх вяскоўцаў (найперш жанчын, дзяцей) каля хат самых знакамітых спявачак, ваджэнне кругавых карагодаў вакол дзяцей, якія сімвалізуюць будучыню, калектыўны выхад у поле да жыта, ваджэнне карагодаў у жыце, закапванне ў зямлі “шпілек, завушніц, манетак, кавалачкаў жалеза” і выкананне песень. Сувязь абраду з аграрнай прадуцыравальнай магіяй ў гэтай вёсцы адзначыў В.Гусеў, абапіраючыся на запісы матэрыялаў, зробленых у 1980-ых гадах. (Гусев В.Е. Вождение “Стрелы” (“сулы”) в Восточном Полесье // Славянский и балканский фольклор. С. 74). Этнаграфічныя звесткі па абраднасці і паэзіі пахавання стралы, запісаныя ў канцы 1990-ых гадоў, сведчаць аб устойлівасці захавання традыцыі і перадачы яе ў спадчыну. Інфарматары падкрэслівалі, што “праводзілі абрад, штоб Бог даў добры ўраджай і збярог яго”. Калі закапвалі “капейкі, бусы ў зямлю”, то гаварылі: “Прымі, зямелька, ад нас грошы, а нам пашлі ўраджай харошы. Вот пайшоў ты сёння, Ісус Хрыстос, на небеса, цягні і жыта за каласа. А мы ў святой зямельцы кладзём клад-грошы, каб быў ва ўсім міры ўраджай харошы”. (Запісана ў в. Стаўбун Веткаўскага р-на ад Кугаевай Зоі Кан-станцінаўны, 1938 г.н.).

Абавязкова зрывалі некалькі жытніх каласкоў, звязвалі іх у пучкі і прыносілі дадому. Паводле мясцовых павер’яў, каб не здарылася няшчасце ў сям’і, то трэба было звяртацца да магічнай сілы гэтых каласкоў.

У розных вёсках Веткаўскага раёна, як сведчаць запісы матэрыялаў, выконваўся свой мясцовы цыкл песень, як спецы-яльна звязаных з арганізацыяй абраду, так і твораў сямейна-бытавой тэматыкі з баладнымі элементамі. Даследчыкі В.Я. Гусеў і Ю.І. Марчанка, характарызуючы лакальныя песенныя традыцыі “стралы” ў руска-беларуска-ўкраінскім памежжы, прыводзяць назвы песенных варыянтаў, характэрных для такіх вёсак Веткаўскага раёна, як Стаўбун, Барталамееўка, Янова, Казацкія Балсуны33.

Арганічна звязанымі, напрыклад, з абрадам пахавання стралы ў в. Стаўбун з’яўляюцца песні “Да ідзі, страла, да й удоль сяла”, “Наша вуліца й была жэ шырокая”, “А ў гадзіну й пад ігрушаю”, “Мой алешнічак, мой зялёненькі”, “Ой, пусці ж, мой татка, у сад пагуляці”, “На гарэ лён, белы кужаль”, “Паня пана не ўзлюбіла”, “У майго татачкі харашо жыць”, “Дзе тая крынічка, дзе воран купаўся?”, “Ай, у Кіеве да й у Чарнігаве”, “Жана мужа не ўзлюбіла”, “Мы на сена ідом”, падводныя песні “Вецер з поля, туман з мора”, “А ўчора была пагода, па ўтру туман”, якія выконваюцца па дарозе дадому пасля заканчэння абраду.

Песенныя варыянты “А ідзі, страла, ды ўздоўж сяла” развіваюць матыў заклінання стралы не забіваць “добра молайца”, у такім кантэксце лагічнай выглядае матывацыя прычыны гэтай просьбы:

Па таму молайцу некаму плакаці:

Матка старанька, сястра маленька,

Жана малада кола горада.

А ідзе маць плача – там рака цячэ,

А ідзе сястрычанька – там крынічанька,

А ідзе жана плача – там і расы няма34.

Аб святкаванні Ўшэсця і ваджэнні стралы яшчэ са старажытнасці сведчаць жыхары вёскі Казацкія Балсуны: “Гэта свята святкуюць на Ўшэсце, на шосты чацвер ад чыстага чацвера. Яго святкавалі нашы прадзеды, дзяды, бацькі” (в. Казацкія Балсуны, ад Суднека Ганны Яўсееўны, 1930 г.н.). Ваджэнне стралы ў мясцовай традыцыі садзейнічае пазбаўленню ад хвароб (“качаюцца ў жыце, каб не балець, каб не балелі спіны, каб здаровымі былі”) (в. Казацкія Балсуны). Асэнсоўваецца гэты абрад насельніцтвам і як надзейны магічны сродак засцярогі ад маланкі, навальніцы (“каласкі рвуць і торкаюць пад страху. Гэта каб страла не паліла сараяў, не рабіла людзям шкоду. А ў хату кладуць за ікону, каб граза не запаліла хату. Кладуць і пад страху, каб вецер не рваў крышу”) (в. Казацкія Балсуны).

Звесткі пра абрад пахавання стралы ў вёсцы Казацкія Балсуны, запісаныя ад В.А. Каралёвай, 1929 г.н., У.І. Махавік, 1915 г.н., Г.І. Квакуха, 1908 г.н., М.Я. Гарбузавай, 1929 г.н., Г.І. Суднека, 1937 г.н., Т.Ц. Хамяковай, 1935 г.н., Н.М. Давыдзенка, 1942 г.н., В.Ц. Максіменка, 1929 г.н., М.А. Хамяковай, 1942 г.н., Г.Я. Суднека, 1930 г.н., дазваляюць у пэўнай паслядоўнасці назваць усе рытуальныя дзеянні, якія складаюць яго структуру, гэта збор выканаўцаў абраду ў цэнтры вёскі, абмеркаванне пытання, куды весці стралу: на луг або поле, дзе жыта расце, абыход усіх вуліц вёскі (“каб засцерагчы вёскі і жыхароў ад навальніцы і маланак”), шэсце шарэнгамі да жыта, выкананне песні “Як пушчу стрялу да й па ўсім сялу”, ваджэнне карагодаў вакол дзяцей (“у жыце содзяць дзяцей у сяродак карагода”), падняцце дзяцей вышэй галавы, каб “былі здаровенькія і раслі бальшымі”, закапванне ўдзельнікамі свята ў жыце розных прадметаў (“капаюць ямкі і хаваюць капейкі, занізкі, уплёты”, “манеты, паяскі”, “хто каласкі закапваў”), перакочванне ў жыце, каб “спіна не балела, жывот”, вяртанне ў вёску і калектыўнае частаванне (“это была так называемая “престольщина”). На пытанне, чаму праводзілі стралу ў жыта, інфарматары далі адказ: “у нас так казалі, што страла ходзя па малання, то людзей б’е, то хаты паля. Так кажуць, што нада яе адвесці ў поле і закапаць, каб яна не хадзіла па дзярэўне і шкоды не рабіла” (ад Суднека Ганны Іванаўны, 1937 г.н., Максіменка Вольгі Цімафееўны, 1929 г.н.). Магічны славесны прыгавор, якім суправаджаўся працэс закапвання ў зямлю прадметаў, падкрэслівае і факт адлюстраваня ў абрадзе аграрна-прадуцыра-вальнай функцыі: “на табе, Божа, грошы, а нам дай ураджай харошы. Пайшоў Бог на небяса, пацягнуў жыта за каласа” (ад Каралёвай В.А., 1928 г.н.).

У вёсцы Казацкія Балсуны здзяйснялі пасля пахавання стралы, калі доўгі час не было дажджу да Ўшэсця, наступныя рытуальныя дзеянні: “на полі ставяць стол, кладуць на яго ежу. А поп чытае малітвы і просіць у Бога, каб той паслаў дождж. Пасля такой службы спяваюць песню “Ой, сады, мае садочкі зялёныя” (ад Каралёвай В.А., 1928 г.н.).

Сярод апатрапеічных дзеянняў, якія выконваліся жыхарамі вёскі Казацкія Балсуны, варта адзначыць наступныя: “жанчыны рвалі жменю жыта з карэннем, ішлі да хаты з песнямі і торкалі яго ў сараях, у хатах пад страху, каб страла навальніцы абыходзіла іх дом”, “перавязваюцца ўборкай з дзевяці каласоў, штоб спіна не балела” (ад Суднека Ганны Іванаўны, 1937 г.н.), 2-3 каласкі торкаюць пад крышу, штоб вецер крышу не рваў”, “дзевяць каласкоў прыносілі ў хату і захоўвалі за абразамі, каб засцерагчы сябе, свой дом ад бяды” (ад Хамяковай Марыі Андрэеўны, 1942 г.н.).

Цыкл веснавых карагодных песень, прымеркаваных да лакальнай традыцыі, уключае тэксты рознай тэматычнай скіраванасці. “Адзінай прыкметай, якая іх аб’ядноўвае, з’яўляецца музычная (меладычная і рытмічная) форма, арганізуючая рух удзельнікаў абраду ў танку” (Гусев В.Е.). У цэнтральнай песні абраду пахавання стралы ў в. Казацкія Балсуны “Як пушчу стралу да й па ўсім сялу” асноўны матыў звязаны з забойствам і аплакваннем “добрага молайца”.

У вёсцы Рудня Стаўбунская абрад пахавання стралы пачынаўся ў канцы сяла каля хаты адной з удзельніц свята. Спачатку ў карагодах выконвалі мясцовыя песні сямейна-бытавой тэматыкі “У крывога танка”, “Гора, гора дзявоцкае”, “Пад бярозай, пад кудраваю”, “Дзевачкі-падружачкі”, асноўныя матывы якіх – гэта сум маладой дзяўчыны, вымушанай выйсці замуж за старога чалавека, перажыванні маладой дзяўчыны ў сувязі з хуткім замужжам і сямейнымі клопатамі, просьбы маладой жанчыны да свёкра, каб той “абараніў ад мужа нявернага”, расчараванне маладой дзяўчыны ў каханні. У лакальнай традыцыі ў карагодах гулялі ў гульні, напрыклад, “У нашага Трыхвана”: выбіралі ў круг адну жанчыну ці дзяўчыну, вакол яе водзім харавод і пяём:

У нашага Трыхвана

Сем дзяцей, сем сынавей,

Яны пілі, яны елі,

Друг на друга паглядзелі,

Дзелалі вось так…

Пасля гэтых слоў тая жанчына, што ў крузе, выконвала роз-ныя двіжэнія: ці то прысядала, ці то танцавала, ці то ў ладкі плёскала, а ўсе павінны былі за ёй паўтараць. Так выканалі, зноў пайшлі харавод вадзіць, і тыя самыя словы спяваць” (в. Рудня Стаўбунская, ад Гулевіча І.К., 1916 г.н.).

З песняй “Мы нясом стралу да й па ўсім сялу” ўдзельнікі свята праходзілі па ўсёй вуліцы і ў другім канцы сяла “прысыпалі рукамі зямлю каля дрэў, а ў зямлю нічога не закапвалі”. Па сведчанні іншых інфарматараў, у абрадзе прымалі ўдзел толькі дзяўчаты, якія вадзілі карагоды каля хаты тых гаспадароў, якія дазвалялі. Дзяўчаты імкнуліся ў жыце схаваць пярсцёнак. (в. Рудня Стаўбунская ад Гулевіч Тэклі Мяфодзьеўны, 1900 г.н.). Сэнс рытуальных дзеянняў быў звязаны з магіяй аховы “раслін (дрэў, капусты) ад зайцоў” (ад Гулевіч Тэклі Мяфодзьеўны, 1900 г.н.).

У вёсцы Глыбаўка функцыянальная семантыка абрадавых дзеянняў пахавання стралы звязана з магіяй заклікання добрай ураджайнасці жыта. У лакальнай традыцыі “зарывалі ў жыце ў зямлю хто брошку, хто капейку, штоб ураджай быў большы”. Пачатковы эпізод абраду пахавання стралы – шэсце жанчын карагодам упоперак вуліцы да жыта з выкананнем песні “А пушчу я стралу да ўздоўж сяла” ў асноўнай версіі з развітым фінальным матывам “па добраму моладцу некаму плакаць”:

А пушчу я стралу да ўздоўж сяла,

А ляці ж ты, страла, да добра молайца,

У яго ж плакаць некаму:

Матка старанька,

Сястра маленька,

А жана маладая

У шынку віно прадавала.

Дзе мамачка плакала –

Там рака пайшла,

А дзе сястрыца плакала –

Там крыніца,

А дзе жана –

Там і расы няма.

(у г. Гомелі ад перасяленкі з в. Глыбаўка Захаравай Ніны Якаўлеўны, 1917 г.н.).

Як адзначылі інфарматары выселенай вёскі Рэчкі Веткаўскага раёна, вадзілі стралу, пачынаючы з Вялікадня: “Ад кладбішча выходжуем і так па вуліцы “стралу” вядом. Ето ж ад Вялікадня ждзём Ушэсця, тожэ стралу ўжэ вядзем у жыта закапваць” (Абрадавы фальклор Гомельскага Палесся. С. 42.).

У лакальным варыянце матэрыяльная сімволіка абраду мае антрапаморфны характар, прадстаўлена “лялькай”, якую, па сведчанні інфарматараў, “пашэем з трапак, вочкі малявалі, нос”. Ніякіх іншых прадметаў у якасці атрыбутаў абраднасці не выкарыстоўвалі. Закапванне лялькі суправаджалі магічным славесным прыгаворам: “Госпадзі, дай нам сёлета на хлеб ураджай, штоб мы панажыналі, штоб нам было на ўсіхнюю долю. І на камароў, і на мошак, і ўсім па трошкі” (Абрадавы фальклор. С.44.). Як бачым, мясцовы абрад выконвалі з аграрна-гаспадарчай мэтай, у аснове калектыўных сімвалічных дзеянняў ляжалі як матыў развітання з вясной, так і матывы паспрыяць ураджайнасці. Адметным у лакальнай традыцыі з’яўляецца факт арганічнай паяднанасці ў часе эпізодаў абраду пахавання стралы: пачынаюць вадзіць стралу з Вялікадня, а завяршаюць на Ўшэсце. У вербальнай структуры можна назіраць прысутнасць як велікодных песень (“ідом і Вялікадня пяём на Ўшэсця”), так і спецыфічных мясцовых карагодаў, якія выконваліся менавіта на Ўшэсце. Абавязковымі ўдзельнікамі абраду, як і ў іншых версіях, былі дзеці – носьбіты ідэі будучыні, захаванасці жыцця.

Выканаўцы абраду пахавання стралы ў вёсцы Янова падкрэслілі, што “лялькі у нас не рабілі”. Ваджэнне карагодаў каля жыта заканчвалася закапваннем у зямлі капеек, шпілек, а таксама “перакульваліся ў жыце, качаліся, каб сярэдзіны не балелі, каб былі здаровыя” (в. Янова ад Цішковай Фядоры Ільінічны, 1920 г.н.). Семантыка названых рытульных дзеянняў звязана з засцярогай ураджаю, жывёлы, людзей ад маланкі, граду. Ва ўсіх варыянтах песні “Ляцела стряла ўздоўж сяла” гучыць матыў забойства “добрага молайца” і яго аплакванне. Асаблівасцю мясцовай традыцыі пахавання стралы з’яўляюцца гульні, якія адбываліся ў карагодах і ў якіх прымалі ўдзел пераапранутыя цыган і цыганка.

“Ёлкай” называлі пахаванне стралы ў в. Юркавічы. Тут, як і ў в. Прысно, дзяўчаты зрывалі галінку дрэва (у мясцовай традыцыі – галінку каштана), упрыгожвалі яе, а затым “вядуць у жыта хаваць разам з бабамі”. Енту ветку звалі ў нас ёлкай” (в. Навасёлкі Веткаўскага р-на ад перасяленкі з в. Юркавічы Кабковай Марыі Іванаўны, 1933 г.н.).

Ёлку ахоўваюць, каб ніхто яе не пашкодзіў: “Была ў нас такая баба высокая, пугай як лясне і дзяцей адганяе” (ад Кабковай Марыі Іванаўны, 1933 г.н.). Абрад заканчваўся бяседай, абавязковай стравай быў хрэн: “елі хрэн многа, каб доўга жыць”.

У вёсцы Свяцілавічы спачатку жыхары наведвалі царкву і маліліся, а затым ужо выконвалі абрад. У асноўным удзельнічалі жанчыны і дзяўчаты. У карагодзе разыгрывалі гульню “Драма”: “жанчына надзевалася цыганам, станавілі кудзелю сярод, другая жанчына дрэме, прадзе і спіць. Цыган як падкрадзецца, як сцегане пугай” (в. Свяцілавічы, ад Шалюта Еўдакіі Архіпаўны, 1929 г.н.).

Закапванне ў зямлі капеек сімвалізавала “пахаванне стралы”, сэнс рытуальных дзеянняў якой звязвалі з надзеямі на добры ўраджай. Дзяўчаты калісьці ў гэтай вёсцы падчас абраду закопвалі пярсцёнкі, а потым праз некалькі дзён хадзілі іх адкапваць: “як кальцо пацямнее – да зла гэта” (в. Свяцілавічы, ад Карніеўскай Марыі Якаўлеўны, 1931 г.н.).

Абрад пахавання стралы ў в. Хлусы (Някрасава) адбываўся таксама на Ўшэсце, удзельнічалі ў свяце ўсе жыхары вёскі. З песняй “Як ішла страла ды і ўдоль сяла, удоль уліцы” выканаўцы абраду прыходзілі ў жыта, дзе качаліся па ім, закапвалі ў жыта булавку ілі што-небудзь жалезнае (брошка, шпылька). Сэнс рытуальных дзеянняў быў звязаны з магічнай засцярогай ад навальніцы (“штоб гразы не было”). Як адзначылі інфарматары, вяртаючыся назад у вёску, “гулялі ў чакірду, бабы ідуць, становяцца на чэтверэнькі, і мужчына перапрыгвае іх, і так через усіх” (г. Гомелі ад перасяленкі з в. Хлусы Барабанавай Марыі Міхайлаўны, 1922 г.н.).

У лакальнай традыцыі ваджэння стралы вёскі Данілавічы адметнымі былі як карагоды (“старухі ўперадзе, маладзёж услед, дзеці бягуць ззадзі”), так і матэрыяльная сімволіка (“чучалу дзелалі, як бабу, на палке насілі па дзярэўне, тады ўжэ за дзярэўняй, на полі, спальвалі, штоб мароз не марозіў”) (в. Данілавічы, ад Дзмітрачковай Т.К., 1936 г.н., Чуяшковай Л.К., 1931 г.н.). Вобразам-сімвалам вясны з’яўлялася “лялька”, якую “насілі наперадзе, як цвет, прыбіралі”.

У вёсцы Колбаўка кульмінацыйны момант абраду быў звязаны, як і ў іншых вёсках Веткаўскага раёна, з закапваннем у зямлі грошай, жалезных прадметаў. У карагодзе прысутнічалі абавязкова “два старца, у іх нараджаліся”, было прынята ў гэтай мясцовасці апранаць на Ўшэсце старымі людзьмі тое адзенне, якое было падрыхтавана імі “на смерць” (“на Ўшэсце адзяюць смярцёнае адзенне, каб проста пранасіць, каб прасвяжылася”) (в. Колбаўка).

Інфарматары з горада Веткі пацвердзілі, што таксама вадзілі стралу на Ўшэсце: “збіраліся, дзелалі ляльку, клалі ў скрынку, надзяваліся жанчыны ў барышню і кавалера, людзі кідалі грошы ў скрынку” (г. Ветка, ад Ермаковай М.Н., 1925 г.н.). Цікавасць уяўляе такі момант у мясцовым варыянце абраду, як закапванне лялькі ў жыце, а потым яе адкапванне: “гэта дзелалі для дажджу” (г. Ветка, ад Ермаковай М.Н.). Функцыянальная семантыка лакальных абрадавых дзеянняў была непасрэдна звязана з добрай ураджайнасцю ільну: “бяруць зямлю і кідаюць уверх, каб лён радзіў”. Інфарматары пацвердзілі факт распаўсюджанасці ваджэння стралы на увесь цыкл веснавых карагодаў: “ад Пасхі да Ўшэсця пелі лёлюшкі, а потым ужо нельга было пець іх” (г. Ветка, ад Дзюньдзікавай П.Е., 1920 г.н.).

Аб багатай лакальнай трансфармацыі рэгіянальнай абрада-вай з’явы “пахавання стралы” сведчаць і запісы на Лоеўшчыне. Напрыклад, у в. Гарадок выкананне рытуальных дзеянняў было прымеркавана да Вялікадня, калі вадзілі стралу, вярнуўшыся з царквы: “сабіраліся на вуліцы, браліся за рукі і ішлі па дзярэўне з аднаго канца ў другі”35. Гэты падрыхтоўчы этап завяршаўся за вёскай, у полі, дзе выконваліся кругавыя карагоды з дзецьмі ў цэнтры: “у карагод станавіліся і маладыя, і взрослыя, а дзяцей сажалі ў круг”36. Вар’іраванне элементаў вербальна-музычнай структуры песенных напеваў стралы сведчыць аб уплыве канкрэтных сацыяльна-бытавых фактараў на складванне мясцовай спецыфікі традыцыі. У песенным варыянце “Як пушчу стралу да ўздоўж сяла”, запісаным у в. Гарадок, фінальны матыў забойства стралой “добра моладца” знаходзіць працяг у фантастычнай сцэне падрыхтоўкі забітага моладца да па-хавання:

Як пушчу стралу да ўздоўж сяла,

Як пайшла страла да ўздоўж сяла,

Убіла страла добра моладца,

Свайго браціка.

Убіла страла шчэ й і салдаціка.

Ой, ніхто к целу не прыступіцца,

Прыступілася Анна Іванаўна,

Узяла цела да і на ручанькі,

Панясла цела да і да цэркаўкі.

Ой, сама цэрква да і адчынілася,

Ой, самі званы зазваніліся,

Ой, самі кніжкі разгарнуліся,

Самі паны ўшчыталіся.37

Абрадам провадаў вясны называюць пахаванне стралы ў в. Дзімамеркі Лоеўскага р-на. Лялька як элемент матэрыяльнай сімволікі ў дадзенай мясцовай лакальнай традыцыі сімвалізуе вясну. Развітваючыся з ёю, удзельнікі абраду “закопвалі ляльку ў жыце і спявалі: “Ты сёлета была нехарошая, сухая,// Каб ты такая не вярнулася.// Такая нам не нада,// Закапайце яе // Ды хадзіце на абед”38.

Семантыка рытуальных дзеянняў была звязана з прадуцыравальнай магіяй, бо паводле тлумачэнняў інфарматараў, абрад гэты “паспрыяе добраму будучаму ўраджаю сена, хлеба”39. Іншы раз абрад пахавання стралы ў Лоеўскім р-не, як адзначалі даследчыкі40, называлі “вадзіць Вясну”. У якасці пацверджання спашлёмся на запіс гутаркі з Валянцінай Акімаўнай Буйніцкай з в.Дзімамеркі: “Вясну праводзілі на Ушэсце. Збіраліся жанчыны, адну адзявалі ў мужчынскае адзенне – гэта паніч. Выбіралі паненку, прыгожую, якая з панічом знаходзяцца пасярэдзіне, а астатнія паабапал. Пяюць песні, аж да ранку водзяць Таньку”41.

З абрадам ваджэння стралы звязаны ў Лоеве і цікавы гульнёвы карагод “Старыца”, які складае мясцовую адметнасць гэтай трады-цыі і прымеркаваны да другога дня Вялікадня. Ідэйная сутнасць гэтага ўнікальнага карагода – прадаўжэнне роду, услаўленне шлюбных адносін, трывалага сямейнага жыцця, асновай якога з’яўляюцца працавітасць мужа і жонкі, іх высокая мараль і чысціня ва ўзаемаадносінах. Карагод пачынаецца з выбару пары, імпра-візацыі яе ўмоўнага вяселля. А затым малады “ідзе маліцца Богу ў Кіеў і наказвае жонцы даглядаць гаспадарку, але тая не можа доўга сядзець дома, бо “сяброўкі клічуць яе на гулянку”. Змест карагода, які ўяўляе сабой арганічнае адзінства слова з музыкай, танцам, гульнёй, складае дыялог паміж кумой і маладзіцай:

– Кума, кума, дзе мой старац?

– Да ў Кіеве ён, Богу моліцца. Гуляй!

Маладзіца скача ў цэнтры круга, а круг з дзяўчат рухаецца і спявае:

Ой, старац мой,

Вакамарац мой,

Усё ў кельі сядзіць

Да ўсё моліцца.

А мне, маладой,

Гуляць хочацца.

А я выйду паплясаць,

Маладушак паглядаць,

Папразднікаваць.42

Удзельніцы карагода кожны раз дараць маладзіцы падарункі: “хустку, каралі, пярсцёнак”. На пытанне гаспадара, які нечакана з’яўляецца, адкуль пярсцёнак, дзяўчаты адказваюць, што маладзіца з імі спявала і скакала. У адказ на гэта раз’юшаны гаспадар разганяе ўсіх.

Цікава назіраць за лакалізацыяй традыцыі нават у межах асобных вёсак раёна. Напрыклад, у вёсцы Пярэдзелка Лоеўскага раёна адбываўся карагод іншай скіраванасці, вызна-чальнай рысай якога з’яўлялася ўслаўленне працалюбівага, добразычлівага і паважанага ўсімі вяскоўцамі чалавека, імкненне пазнаёміць з ім “усю вёску, старых і маладых, калі тыя яго не ведаюць”.

Адметная і форма ваджэння гэтага карагода “Стралы”, які адбываўся або на другі дзень Вялікадня, або за тыдзень да яго (на Звеставанне), калі раніцай выходзілі на вуліцу, заклікаючы:

Давайце карагод вадзіць,

Карагод вялікі, вуліца малая,

Старыя, гуляйце, на вуліцу пускайце.43

Працэс ваджэння стралы ўяўляў сабой хуткі бег “з аднаго канца сяла ў другі” з выкананнем песні “Павяду стралу да па всяму сялу”. Як засведчылі інфарматары, “на другім канцы вёскі складалі новы карагод. Бягуць людзі, прытанцоўваюць і спяваюць: “Як пушчу стралу да па ўсём сялу…”44.

У абрадзе ваджэння стралы звычайна прымалі ўдзел жанчыны, але, як падкрэслівае Г.А. Барташэвіч, “…былі і выпадкі, калі “стралу” вялі разам з дзяўчатамі, жанчынамі і хлопцы”. Даследчыца спасылаецца на звесткі пра гэты абрад, запісаныя ў вёсцы Валкашанка, дзе існаваў цікавы звычай утвараць падвойны карагод: “… вялі стралу праз сяло, а ў канцы яго ўтваралі круг, дакладней, два кругі – вонкавы жаночы, а ў сярэдзіне мужчынскі і спявалі такую песню:

Як пушчу стралу да й па ўсём сялу,

Ой, люлі вада каля горада.

Упала страла пасярод двара,

Ой, ніхто к страле не прыступіцца,

Прыступіла Ганна Іванаўна,

Убіла страла Ганну Іванаўну.

Кожнае кола рухалася ў пэўным напрамку насустрач адно другому45.

У песенных варыянтах песні “Стралы”, запісаных у вёсках Пярэдзелка і Валкашанка, назіраюцца мясцовыя адрозненні ў сюжэце: у першым выпадку (в. Пярэдзелка) Ганна Іванаўна “прыступілася к страле” і панесла яе на канец сяла; у тэксце, запісаным у в.Валкашанка, гаворыцца аб тым, што страла “убіла Ганну Іванаўну”.

Цікавую дэталь у абрадзе пахавання стралы вылучае даследчык В.Я. Гусеў, спасылаючыся на сведчанні жыхароў вёскі Дзяражычы Лоеўскага раёна: “… стралу тады вадзілі ў запаведны дубняк на беразе Дняпра, куды сыходзілася моладзь з беларускіх і ўкраінскіх вёсак”46.

Паводле ўспамінаў жыхароў Лоеўшчыны, на “стралу” ў вёсках Крупейкі, Казярогі вадзілі “крывы танок”, па-мясцоваму адметны: у Крупейках, напрыклад, “хадзілі вакол горак з пяска, а ў Казярогах – вакол шастоў, убітых у зямлю. Побач садзілі дзяцей, каб лепей было за імі назіраць. Калі вадзілі “крывы танок”, то спявалі:

А ў крывога танка,

А ў крывога танка

Не выведу венца.

Завівалі вяночак

На добры гадочак,

На густое жыта.

Пшано залатое,

Ячмень каласісты,

Авёс залацісты.47

У вёсцы Крупейкі быў вядомы і карагод пад назвай “Шума”, які мае пэўнае падабенства з карагодам “Дрома”: “Шума – гэта высокі шэст, зверху салома. Дзяўчыну падсаджвалі к шасту, а тая павінна была падчапіць і закруціць саломіну, нібы прадзе кудзелю. Астатнія вадзілі карагод і спявалі:

Ой, нуце, нуце, я ў “Шуму” гуляці,

Я ў Шуму гуляці, шуму заплятаці.

Ой, запляту лес – на дзевачак бес,

На хлопчыкаў роста, на дзевачак – кароста,

Штоб дзяўчаты не гулялі, на сабе каросту дралі.

А як карагод наблізіцца да дзяўчыны, яна б’е яго удзельнікаў тычкай па нагах, тыя ратуюцца48.

Сучасныя запісы абраду ваджэння стралы на Лоеўшчыне выразнага яго тлумачэння не даюць, але міфалагічны змест цэнтральнай песні “Як пушчу стралу да й па ўсяму сялу” дае магчымасць меркаваць, што ў асобных выпадках ваджэнне стралы ажыццяўлялася з мэтай засцярогі ад маланкі, грому, навальніцы, Перуна. Лакальнай адметнасцю семантыкі гэтага абраду ў в. Пярэдзелка з’яўляецца ўшанаванне найбольш паважаных працавітых вяскоўцаў.

У вёсцы Судкова стралу вадзілі на Вялікдзень. Пачатак абраду суправаджаўся наступным песенным прыгаворам: “Давайце карагоды вадзіць! // Карагод вялікі, вуліца малая, // Старые, гуляйце, на вуліцу пускайце!”. Мясцовая форма ваджэння карагода – гэта хуткі бег яго ўдзельніц з аднаго канца сяла да другога. У песні “Павяду стралу да па всём сялу”, як і ў вышэйназваных лакальных варыянтах, гаворыцца пра Ганну Іванаўну, якая “взяла стралу, пайшла па сялу, прынесла стралу на канец сяла” (в. Судкова).

Непаўторную мясцовую версію мае абрад пахавання стралы, запісаны ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна: ля кожнай хаты на кастры спальвалі непатрэбныя рэчы, а попел закопвалі ў ямку, хавалі ў жытнёвым полі зробленыя загадзя драўляныя стрэлы, папярэдне пускаючы іх у неба, а затым шукалі. Чыю не знаходзілі, то меркавалі, што трэба чакаць грому, маланкі, то “Бог забраў стралу”:

Ек пусцім стрэлу,

Да па ўсем селу,

Полеціць стрэла

Да ўздоўж села,

Не уб’е стрэла

Нікога з села,

Полеціць стрэла

До Господа Бога.49

Пасля выканання прыведзеных песенных радкоў жанчыны вадзілі кругавы карагод вакол вёскі, “шоб стрэла не вярнулася назад”.50 Па сваёй функцыянальнай прыродзе абрад магічна-ахоўны, а ў названых вышэй сімвалічных абрадавых дзеяннях увасоблена імкненне чалавека засцерагчыся ад згубнай сілы маланкі.

Па сведчанні нашых славутых фалькларыстаў ХІХ ст. З. Радчанка і Е. Раманава, на тэрыторыі Гомельскага раёна быў вядомы звычай “вадзіць сулу”. На вялікі жаль, у працах гэтых збіральнікаў няма падрабязных звестак, апісанняў “пахавання стралы”. Абрад “вадзіць сулу”, які быў запісаны ў вёсцы Краўцоўка Гомельскага раёна, данёс да нас рэшткі зусім іншых уяўленняў нашых продкаў. Абрад гэты адбываўся тут на другі дзень Вялікадня, калі жанчыны, утварыўшы карагод-ланцуг упоперак вуліцы з выкананнем песні “Ой, ідзе сула да й удоль сяла” накіроўваліся да хат аднавяскоўцаў, дзе вадзілі кругавы карагод, каб “радзіла добра капуста, агародніна”. Пры гэтым спявалі песні “Як на нашай вуліцы шырокае возера”, “Канапля, канапля”.

Гаспадар жа, каля хаты якога вадзілі карагод, выносіў стол з пачастункамі. Пасля таго, як усе ўдзельнікі пачастуюцца, з жартамі, песнямі накіроўваліся па вёсцы, да наступнай хаты, каля якой дамаўляліся вадзіць карагод. Ідучы, спявалі:

Сама я работніца,

На вуліцу ахотніца,

Люлюшкі, люлі,

На вуліцу ахотніца.

Паставіла кросны,

Дзевятыя вёсны.

Люлюшкі, люлі,

Дзевятыя вёсны.

У ніту ні ніціны,

У бердзі ні трасціны.

Люлюшкі, люлі,

У бердзі ні трасціны.

Чоўнік з цэпкаю

Пабеглі за дзяўчатамі.

Люлюшкі, люлі,

Пабеглі за дзеўкамі.

Панажы пад лаўкаю

Зараслі мураўкаю,

Люлюшкі, люлі,

Зараслі мураўкаю.51

Нам не давялося запісаць іншых тлумачэнняў абраду вад-жэння сулы, акрамя магічнай яго прымеркаванасці да доб-рага ўраджаю капусты і іншай агародніны, а таксама шлюбнай абумоўленасці выканання адпаведных песень стралы: “Святкуюць сулу не толькі, каб радзіла капуста, а і таму, што пасля Пасхі можна было пачынаць спраўляць вяселлі”.52

Як паведамілі жыхары в. Краўцоўка, абрад ваджэння сулы пачынаўся карагодам і выкананнем песні “Як на нашай вуліцы шырокае возера”:

Як на нашай вуліцы

Шырокае возера.

Ой, люлі, ой, люлі,

Шырокае возера.

Як на тым возеры

Шэры гусі плавалі.

Ой, люлі, ой, люлі,

Шэры гусі плавалі.

Наляцеў, наляцеў

Сіз арол на крылушках.

Ой, люлі, ой, люлі,

Сіз арол на крылушках.

Сіз арол на крылушках

Да й у залатых пёрушках.

Ой, люлі, ой, люлі,

Да й у залатых пёрушках.

Да й разагнаў, разагнаў

Гусачак па возеру.

Ой, люлі, ой, люлі,

Гусачак па возеру.

Як на нашай вуліцы

Дзеўкі танкі вадзілі.

Ой, люлі, ой, люлі,

Дзеўкі танкі вадзілі.

Паміж гэтых дзевачак

Маладая дзевачка.

Ой, люлі, ой, люлі,

Маладая дзевачка.

Ой, наляцеў, наляцеў

Хлопчык на коніку.

Ой, люлі, ой, люлі,

Хлопчык на коніку.

Да й ухапіў, ухапіў

Дзевачку за ручачку.

Ой, люлі, ой, люлі,

Дзевачку за ручачку.

Дзевачку за ручачку,

За русаю косачку.

Ой, люлі, ой, люлі,

За русаю косачку.

Як спляснулі, як спляснулі

Дзевачкі ў ладонечкі,

Ой, люлі, ой, люлі,

Дзевачкі ў ладонечкі.

Дзевачкі ў ладонечкі,

Залаты пярсцёначкі.

Ой, люлі, ой, люлі,

Залаты пярсцёначкі.53

У прыведзеным тэксце, пабудаваным па прынцыпу паралелізма, мае месца ўстойлівая паэтычная асацыяцыя, сімвалічныя вобразы “арла” і “шэрых гусачак” выклікаюць з’яўленне ў другой частцы песні “хлопчыка на коніку” і “маладых дзевачак”, што стварае эмацыянальнасць і надае паэтычнасць гучанню твора.

У в. Глыбоцкае Гомельскага р-на на другі дзень Вялікадня, “як выйдуць з цэрквы, ішлі ўсім сялом у лес, там пелі песню: “Да Сула, Сула-рэчка”:

Да Сула, Сула-рэчка,

А за рэчкаю мак, мак.

Салавей кажа: “Так-так,

Паляцеў бы на мора,

Сеў бы я да на явары,

Стаў бы я шчабятаці,

Усю праўду казаці,

Як дзеўка плакала,

За старога йдучы,

Пасцель сцелючы.

Тры рады палення,

Чацвёрты – камення.

Ой, ляці, страла,

Да і ўздоўж сяла,

Ой, лялей, вада,

Каля возера,

Да і ўбі, страла,

Добра моладца.

Па том моладцу

Некаму плакаці.

Ой, лялей, вада,

Каля возера.

Маці старая,

Сястра малая.54

Прыведзены песенны варыянт адметны не толькі структурай (у першай частцы гаворыцца пра перажыванні дзяўчыны, вымушанай ісці замуж за старога, у другой частцы заключаны міфалагічны матыў заклінання стралы), але і тым, што адлюстроўвае рэшткі міфалагічных уяўленняў, звязаных з міфам пра паядынак Перуна са змеепадобнай істотай (у тэксце аб сувязі з міфам сведчыць песенны радок “Ой, лялей, вада, каля возера”). Г.А. Барташэвіч, абапіраючыся на даследаванні В.В. Іванова і В.Н. Тапарова па рэканструяванні міфаў, выказала меркаванне аб магчымай сувязі сюжэта абрадавай песні “страла-ліхі змей” з асноўным міфам аб барацьбе бога Грамавіка з супраціўнікам (Змеем), перамога над якім заключае ідэю ўрадлівасці, плоднасці.55 Даследчыца лічыць лагічным і зразумелым з’яўленне ў тэксце песеннага паўтора “Ой, лялей, вада, каля возера” ў плане міфалагічнага прачытання сюжэта.

Абрад пахавання стралы, які з’яўляецца адметнай з’явай Гомельска-Бранска-Чарнігаўскага рэгіёна, на думку В.І. Ялатава, – гэта адзін са старажытнейшых узораў усходнеславянскага фальклору56.

Звычай вадзіць сулу на Вялікдзень быў вядомы і ў вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна. Як паведамілі жыхары, вадзілі карагоды, каб “гародніна добра расла”, пры гэты выконвалі песню “Як па нашай вуліцы шырокае возера”.

У вёсцы Новая Гута, паводле ўспамінаў інфарматараў, была свая мясцовая спецыфіка ў ваджэнні сулы, удзельнікамі якой былі толькі мужчыны. Яны і вадзілі карагоды на кожнай вуліцы вакол дзяцей, якія сядзелі ў крузе:

Старец мой, богомолец мой,

Он у кельі седзіт, моліцца,

А мне, маладой, гуляць хочецца,

Папець, пагуляць, пасвяткаваць

(в. Новая Гута, ад Каваленка Кацярыны Антонаўны, 1923 г.н.)

Сэнс выканання прыведзеных абрадавых дзеянняў звязвалі з імкненнем засцерагчы дзяцей ад хвароб: “счіталі, што дзеці цэлы год не будут балець, будут защищены от дурных людзей и от дурного глаза” (в.Новая Гута, ад Каваленка Кацярыны Антонаўны, 1923 г.н.).

Матэрыялы фальклорнай экспедыцыі, праведзенай у 2001 г. у вёсках Буда-Кашалёўскага р-на, дазваляюць зрабіць вывад адносна канкрэтных месц бытавання абраду пахавання стралы. Гэта вёскі Івольск, Сінічына, Патапаўка, Ліпа (выселеная вёска), Іванаўка, Ліпінічы.

Асобнай гаворкі заслугоўвае аналіз абраднасці і паэзіі ваджэння стралы ў в.Івольск. Звесткі, запісаныя Л.М. Стахавец ад Гарпіны Раманаўны Бабаковай, 1902 г.н., ураджэнкі гэтай вёскі, сведчаць аб складаным комплексным характары свята “стралы”, вядомага ў мясцовай традыцыі пад назвай “Благавешчанне”. На 7 красавіка ў в.Івольск прыпадаюць і ваджэнне стралы, і гуканне вясны. Паводле ўспамінаў старэйшых жанчын, раней абрад “стралы” адбываўся штогод, каб засцерагчыся ад Перуна. Апошнім часам інфарматары сутнасць абрадавых дзеянняў і карагодаў сталі звязваць з культам памінання продкаў. З’явілася і адпаведная матывацыя гэтай версіі: “усё сяло ішло да могілак, і там спявалі стралу, каб мёртвыя пачулі”. Адметнасцю ваджэння стралы ў в. Івольск з’яўляюцца, як і ў в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р-на, крывыя танкі. Паводле тлумачэння мясцовых жыхароў, гэта “па кругу хадзіць, па сонцу хадзілі і наадварот”. Лакальнымі адметнасцямі ваджэння стралы ў вёсках Івольск і Сінічына з’яўляюцца такія элементы, як наведванне раніцай царквы, шэсце вяскоўцаў да перакрыжавання па чатырох дарогах, што вядуць у в. Івольск (з пасёлкаў Чырвоны Лужок, Буслы, Восаў, Чырвоная Плошча і з в. Сінічына), выбар галоўных персанажаў свята – старца са старчыхай, цыгана з цыганкай, бабулі з лялькай, ваджэнне танкоў, адрасаваных гэтым персанажам з выкананнем адпаведных песень, ваджэнне крывых танкоў вакол “трох кучак дзяцей”, выкананне агульнаславянскага карагода “А мы проса сеялі”.

Спецыфічна мясцовай асаблівасцю з’яўляецца выкананне абрадавай песні “Страла” ў двух варыянтах.

Песняй “Як пушчу стралу па ўсяму сялу” свята пачыналася, а ля могілак “зноў заводзілі стралу”, выконваючы песенны варыянт “Што сягодня ў нас Благавешчанне”, у якім адлюстраваліся матывы заклінання стралы і ўслаўлення Маці Прачыстай, што “прыступілася к целечку і ўзяла целечка да на ручачкі”:

Як пушчу стралу

Па ўсяму сялу.

Ой, і я люлі,

Па ўсяму сялу.

Ты ляці, страла,

Да й уздоўж сяла.

Ты удар, страла,

Добра моладца.

Па тым моладцу

Некаму плакаці:

Маці старая,

Сястра малая,

Жана малада

Каля горада.

Дзе маці плача –

Там рака цячэ.

Дзе сястрычанька –

Там крынічанька.

Дзе жонка плача –

Там расы няма.

Пажары гараць,

Журавы крычаць,

Вуткі кракаюць.

Ляжыць целечка,

Як паперачка.

Ніхто к целечку

Не прыступіцца.

Прыступілася

Маць Прачыстая.

Узяла целечка

Ды на ручачкі,

Панесла яго

Да й да цэрквачкі.

Сама цэрквачка

Растварылася. Самі звонікі

Зазваніліся.

Самі ладуны

Закурыліся.

Маць сыра зямля

Растварылася,

Бела целечка

Схаранілася.57

? ?

Што сягодня ў нас

Благавешчанне.

Вох і вой, люлі,

Благавешчанне,

Да й Вялікі дзень.

Як пушчу стралу

Па ўсяму сялу.

Ты ляці, страла,

Да й уздоўж сяла,

Ты ўбі, страла,

Добра моладца.

Па тым моладцу

Некаму плакаці: Маці старая,

Сястра малая,

Жана малада

Каля горада.

Дзе маці плача,

Там калодзежы,

Дзе сястра плача,

Там рака цячэ.

Дзе жонка плача,

Там расы няма,

Конь травы не есць,

Капытамі б’е,

Пад сябе грабе,

Ваду дастае.58

Мясцовую спецыфіку ваджэння стралы ў в. Івольск складаюць тэатралізаваныя жартоўныя прадстаўленні, у якіх “бабуля паказвала ўсім сынка свайго, што нарадзіла, цыганка гадала, цыган жартаваў ды коней пытаўся, старчыха за мужчынам ганялася, старац да дзяўчат цапляўся”. Імправізаваныя інсцэніроўкі суправаджаліся ваджэннем танкоў, прысвечаных вышэйназваным персанажам.

У песні “Аддавала мяне маці”, адрасаванай старцам, у кантрастным плане развіваліся матывы выбару дачкой шлюбнай пары: іранічна-насмешлівыя адносіны да “старога жаніха”, якому раіць маці “паслаць тры рады палення, а чацвёртае – камення”, а “маладому пасцялі, дзіцятачка, тры рады падушак, // Тры рады падушак, // А чацвёртае – пярына”. У гонар такіх персанажаў, як цыгане, выконвалася песня “Стаяў цыган над вадою”, у якой герой засмучаны нежаданнем бацькоў паспрыяць яго жаніцьбе:

Стаяў цыган над вадою

Да з цыганкаю маладою.

Ты, цыганка-варожачка,

Паваражы мне нямножачка,

Паваражы мне нямножачка:

Ці мне жаніцца, ці мне ждаць.

Бацька не жэніць, матка не веліць,

А я сам, молад, не жанюся,

А я сам, молад, не жанюся,

Пайду я ў рэчку ўтаплюся.59

Сутнасць тэатралізаванага карагода “Драма” заключалася ў наступным: у цэнтры сядзела жанчына, прала кудзелю і драмала, адмаўляючыся ўстаць і памесці хату, калі ей паведамлялі, што едуць бацька, маці, а бралася за венік, калі гучала: “мілы едзе”.

Вялікім майстэрствам ваджэння крывых танкоў валодалі мясцовыя жыхаркі в. Івольск, на вялікі жаль, сення гэта традыцыя, у адрозненне ад в. Казацкія Балсуны, носіць чыста сцэнічны характар.

Ваджэнне крывога танка суправаджалася песенным тэкстам “А ў крывога танка”:

А ў крывога танка,

А ў крывога танка

Парадзіла бабка сынка,

Паклала пад лаўку

Ды й накрыла караўкай.

Каравачка ссохла,

Каравачка ссохла,

А дзіцятачка здохла60.

Абавязковай была прысутнасць у танку “бабкі з лялькай”, “якая ішла ўслед за вядучай”, а затым з дзецьмі (брала яшчэ сабе двух-трох дзетак) займала чацвёрты вугал у сярэдзіне танка. Удзел дзяцей у абрадзе невыпадковы, гэты факт пацвярджае, як падкрэслівалі ўжо, адлюстраванне ўласцівай для каляндарна-абрадавай паэзіі ідэі прадаўжэння роду, захавання жыцця.

Сам працэс ваджэння крывых танкоў уключае такія дзеянні, як абход удзельнікамі абраду па крывой лініі “трох кучак дзяцей”, сыходжанне ў кола, а затым падзел танка на дзве шарэнгі, абход вяскоўцамі “чатырох кучак з дзецьмі”, падзел танка на два кругі, суправаджэнне апошняй дзеі лірычнай песняй “Што на Янкавай гарэ”, прасякнутай шлюбнымі матывамі:

Надзену вяночак

Да й пайду ў таночак.

А ў том таночку

Трох палюбіла,

Трох надарыла.

Аднаму дала

Шаўковы платочак,

Другому дала

Залаты пярсцёнак,

А за трэцяга

Да й сама пайшла61.

Комплекс танкоў завяршаў карагод “А мы проса сеялі”, “на словах “Растварыце варата, едзе пан сірата” удзельнікі разбягаліся, разыходзіліся з шарэнгі”.

Лакальным элементам у абрадзе пахавання стралы ў в. Івольск Буда-Кашадёўскага раёна з’яўлялася выкананне карагода “Стралы” ля могілак. Як растлумачылі інфарматары, “гэта рабілася, каб мёртвыя пачулі, што іх родзічы ідуць іх памянуць”. Мясцовымі асаблівасцямі абраду ваджэння стралы з’яўляецца і наведванне жыхарамі ў в. Івольск магілак памёршых сваякоў. Шэсце ўдзельнікаў свята шарэнгамі да гаю суправаджалася песнямі “Што на рэчачцы карабль плыве”, “Што з-пад лесіку, лесу цёмнага”, “Пусці, мамачка, у зелен сад гуляць” і інш.

Мясцовай адметнасцю абраднасці і паэзіі пахавання стралы з’яўляецца і той факт, што ў гэты час на Благавешчанне, калі ўжо быў завершаны абрад ваджэння стралы на могілках, вяскоўцы зноў збіраліся ў гаі і пачыналі гукаць вясну, выконваючы веснавыя песні “Вясна-вясняначка”, “Ляцела сава”, “Ой, выйду на ганачкі” і інш.

Даследчыкі вылучаюць дзве асноўныя формы ваджэння (пахавання) стралы (сулы). “У першым выпадку пры ваджэнні сулы жанчыны збіраюцца гуртам і ходзяць па сялу з карагоднымі песнямі. Кожная гаспадыня абавязкова заклікае сулу (г.зн. гурт жанчын) да сябе, частуе іх, за што сула паднімае гаспадыню на руках як можна вышэй. У Буда-Кашалёўскім раёне абрад называюць “вадзіць Вясну”: дзяўчыну “наряжают”, вядуць у жыта і там водзяць з ёю карагоды.

У другіх выпадках стралу хаваюць: жанчыны з песнямі ідуць у жыта. На полі кожная закопвае (хавае) якую-небудзь сваю рэч, пасля чаго усе качаюцца па жыце”62.

Паводле ўспамінаў інфарматараў з выселенай вёскі Ліпа Буда-Кашалёўскага раёна, іх мясцовая традыцыя пахавання стралы ўвасабляла арганічную еднасць вышэйназваных форм ваджэння стралы. На карысць першай з іх сведчаць наступныя звесткі: “Вадзілі карагоды, пелі песні вясёлыя, потым выходзіла хазяйка і ўстрачала хлебам-соллю. Затым усе сходзіліся ў канцы вёскі і там пелі песню “Як пушчу стралу”63.

Другая форма ваджэння стралы ў в. Ліпа Буда-Кашалёўскага раёна была звязана з выхадам у поле: “Людзі ішлі на поле, абвязваліся каласкамі, каб не балець. Разам са стралой (кардонкай з лялькай) хавалі ў зямлю мелкія грошы, каб не было маланак летам”64. Інфарматар пацвердзіла тэзіс аб скіраванасці абраду на ахову ад маланкі: “Гэтае свята праходзіла ў пачатку вясны. Перад тым, як засеяць палі, хавалі стралу. Гэта рабілася, каб маланка не папаліла ураджай, каб град не пабіў, каб ураджай быў добры, каб маланка дом не спаліла, каб лёгкі лён радзіў”.

Тэкст карагоднай песні “На Чачоры, на рацэ, шэры гусі ся-дзелі” вызначаецца любоўным сюжэтам. Семантыка дзеянняў і тэксту ваджэння стралы ў в.Ліпа Буда-Кашалёўскага раёна (у сувязі з Чарнобылем гэтай вёскі на карце Беларусі сёння не існуе), як і у в.Івольск, мела засцерагальны, ахоўны характар, што выражалася ў заклінальнай славеснай формуле “Ты не ўбі, страла, добра мо-лайца”. Праўда, як мы ўжо вышэй заўважылі першапачатковая ахоўна-магічная скіраванасць абраду пахавання стралы у в.Івольск паступова стала невыразнай, а “абрад з цягам часу стаў як бы ўспамінаннем аб памёрлых родзічах і блізкіх людзях”.

Да месца будзе ў дадзеным выпадку заўвага А. Ліса: “Відаць першасны апатрапеічны сэнс карагоднай песні, скіраваны на ахову ад маланкі, што было вельмі актуальна насупраць лета, з часам страчваўся. Тым часам генезіс стралы – сімвала маланкі, перуна – наўрад падлягае сумненню, адпаведна зыходная функцыянальная роля абраду як ахоўнага, засцерагальнага ў дачыненні чалавека, будынкаў і самой нівы відавочная”.65

Магічны акт пахавання стралы ў лакальнай традыцыі в. Ліпа Буда-Кашалёўскага раёна адбываўся наступным чынам: “разам са стралою (кардонка з лялькай) хавалі ў зямлю мелкія грошы, каб не было маланак летам”. Абвязванне ўдзельнікаў карагода каласкамі мела на мэце засцерагчыся ад розных хвароб. Жыхары з вёскі Івольск Буда-Кашалёўскага раёна пацвердзілі ахоўна-магічную скіраванасць абраду: “рабіўся дзеля таго, каб засцерагчыся ад Перуна, а з цягам часу стаў як бы ўспамінаннем аб памерлых родзічах і блізкіх людзях”.

Рэшткі сівой даўніны даносяць да нас і лакальныя варыянты абраднасці і паэзіі пахавання стралы, запісаныя ў іншых вёсках Буда-Кашалёўскага раёна. Напрыклад, у вёсцы Патапаўка на Ушэсце “дзеўкі, хлопцы хадзілі з гармонямі і песнямі на мяжу жыта, па вуліцы вадзілі карагоды, выконваючы песню “Я па вуліцы карагод ваджу” (в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна ад Сачыўкінай Г.М.).

Адным з маляўнічых карагодаў мясцовай інтэрпрэтацыі з’яўляецца “Драма”: “гэты карагод вадзілі на Благавешчанне, пасярод круга людзей ставяць прасніцу з кудзеляю, садзяць жанчыну, кругом водзяць танок і пяюць”:

Драма дрэмле над кудзеляю,

Драма дрэмле над шаўковаю.

Устань, драма, свёкар ідзе,

Свекар ідзе, журбу вязе.

Я не ўстану, не пагляджу.

Яны праўды не сказалі,

Цяпер людзі ўсе лукавы.

Яны праўды не сказалі,

Маё гора вывядалі.

Жанчына адмаўляецца ўстаць не толькі тады, калі едуць свёкар, свякруха, але і бацька, маці. Калі ж гучыць паведамленне, што мілы едзе, то падхопліваецца і пачынае месці хату (в. Патапаўка). Песня “Стралы” з баладнымі элементамі, пералічаныя матывы якой народжаны сітуацыяй забойства стралой “добра моладца”, выконваецца ў вёсцы Недайка Буда-Кашалёўскага раёна:

Я пушчу стралу па ўсім сялу,

Да й уздоўж сяла ў канец вуліцы.

Як уб’е страла добра моладца,

Па том моладцу некаму плакаці:

Матка старэнька, сястра маленька,

Дзеткі дробныя да й усе роўныя,

Жана молада кола горада.

Дзе матка плача – там рэчка цячэ,

Дзе сястра плача – там калодзезі,

Дзе дзеткі плачуць – ручайкі бягуць,

Дзе жана плача – там расы няма.

А матка плача да смерці,

Сястра плача да замужжа…66

Паводле ўспамінаў інфарматараў з вёскі Іванаўка Буда-Кашалёўскага р-на, абрад ваджэння стралы быў звязаны з калодзежам: “Збіраліся бабы, дзеўкі маладыя каля самага добрага калодзежа на Іванаўцы. Як сабяруцца, дый і песні пелі, скакалі, карагоды вакол калодзежа вадзілі”. Цікава адзначыць, што песню “Як пушчу стралу да ўздоўж па сялу” выконвалі “перад тым, як калодзеж прыбраць”. Тэксты веснавых песень, якія выконваліся ў гэтай мясцовасці на Благавешчанне, узнаўляюць больш даўнішнія абрадавыя дзеянні, у якіх удзельнічалі і жыхары суседняй вёскі Жытанежжа:

Сягодні ў нас Благавешчанне,

Ой, лі-лю, лі-лю, Благавешчанне.

Нашым дзеўкам перамешчання,

Ой, лі-лю, лі-лю, перамешчання.

Жытанежскія дзевачкі, перайдзіце к нам,

Ой, лі-лю, лі-лю, перайдзіце к нам.

(в. Іванаўка Буда-Кашалёўскага р-на).

Упрыгожванне калодзежа ручнікамі і прыгожымі абрусамі і ваджэнне вакол яго карагодаў – мясцовая адметнасць пахавання стралы. Шкада, што інфарматар не здолела растлумачыць семантычную скіраванасць абраду ў цэлым, але прызначэнне кругавых карагодаў вакол упрыгожанага калодзежа – гэта своеасаблівае магічнае спрыянне дабрабыту чалавека: “хто самай прыгожай скацёркай калодзеж прыбраў, у таго чалавека ў хаце будзе ўвесь год поўна, чыста і светла, да і ў астатніх жыхароў Іванаўкі будзе ўсё добранька і слаўненька, як добра Благавешчанне правядзеш” (в. Іванаўка).

Рытуальныя дзеянні пахавання стралы ў вёсцы Ліпінічы звязаны не толькі з апатрапеічнай магіяй, але і з засцярогай ад злых духаў. Сярод удзельнікаў святочнай цырымоніі, якая адбывалася на Ўшэсце, выбіралі “старцаў”, у аднаго з якіх была “магічная булава”, якой “яны б’юць людзей”. Тыя ж, каб пазбегнуць удараў адкупляліся грашыма. Ідучы па вуліцы да поля, выконвалі песню “Як пушчу стралу да й па ўсём сялу”, галоўны матыў якой быў выражаны ў заклінанні стралы “не ўбіць добра молайца”. Як адзначылі інфарматары, каля поля вадзілі карагоды “лукай”, у цэнтры якіх было чацвёра дзяцей, і спявалі жартоўную песню:

Моладзец, моладзец,

Харошы, прыгожы,

Пашэй ты мне чаравікі

З камаровай кожы,

Дзевачка красная, душа, маё сэрца,

Напрадзі мне дратвы з дажджавыя каплі,

Штоб дратва не рвалася, башмакі не драліся.

(в. Ліпінічы, ад Клякінай Кацярыны Міхайлаўны, 1928 г.н.).

Адметнасці мясцовай структуры абраду выяўляюцца ў закліку старца да прысутных (“а цяпер пойдзем усе ў жыта праслухаваць”), у выбары “пана і панначкі” і ваджэння вакол іх карагодаў, суправаджаемых песеннымі радкамі:

Пан па рынку ходзя, пан па рынку ходзя,

Люлюшкі-люлі, пан па рынку ходзя.

Пан па рынку ходзя, пані пабуджае:

Ці ты засыпаеш, ці ты так не чуеш,

Што ў Кіеве звоняць, што ў Кіеве звоняць,

Гавораць, гавораць пра дзявочую красу.

Дзявочая краса – па сто рублёў каса,

Па сто рублёў каса – па тысячы сама

(в. Ліпінічы, ад Клякінай К.М., 1928 г.н.).

Пасля выканання прыведзенай песні адна з дзяўчат выкопвае ямку ў полі і “закапвае палачку, пахожую на стралу, хароніць і галосіць:

Лялечка, мая мілая,

Ды схавала я цябе к Ушэсцяйку,

К Ушэсцяйку, к налецяйку,

Да такога часа, як сёлета.

Прыйду да цябе з сахою,

Да буду гаварыць з табою,

Мая міленькая лялечка!

(в. Ліпінічы, ад Клякінай К.М., 1928 г.н.).

Адным з цэнтраў бытавання абраду ваджэння стралы даследчыкі слушна называюць і Чачэрскі раён. Паводле заўвагі В. Ліцвінкі, “зусім выразна на карце вызначаецца цэнтр (Веткаўскі і Чачэрскі раёны Гомельскай вобласці) і перыферыя, прычым цэнтр размешчаны ў міжрэччы сярэдняга цячэння Сожа і Бесядзі – раёна, які ў апошнія дзесяцігоддзі прыцягвае ўвагу спецыялістаў у розных галінах славістыкі, а таксама некаторых балтыстаў.67

Звесткі пра абрад пахавання стралы на Чачэршчыне ў свой час запісваў Еўдакім Раманаў. Што датычыць часавай прымеркаванасці выканання мясцовых карагодаў “Стралы”, то гэта Троіца (вёска Залессе), або Ушэсце (“шосты тыдзень пасля Пасхі ў чацвер”) (вёска Нісімкавічы). Паводле ўспамінаў жыхаркі вёскі Валосавічы Чачэрскага раёна М.В. Карнеенка, 1919 г.н., жанчыны збіраліся ў абедзенны час і, ідучы шарэнгай па вёсцы, спявалі песню “Ты ляці, страла, ды й удоль сяла”. У лакальнай традыцыі названы песенны варыянт пачынаецца выразным паралелізмам:

Ты ляці, страла, ды й удоль сяла.

Ай, лі, вой люлі, ды й удоль сяла.

Ой, ня бі, страла, чорна й ворана.

Ай, лі, вой люлі, чорна й ворана.

А па чорнага ворана некаму кракаці,

Ай, лі, вой люлі, некаму кракаці.

А па молада молайца ёсць каму плакаці,

Ай, лі, вой люлі, ёсць каму плакаці.68

Паводле мясцовай сюжэтнай версіі, больш лагічным выглядае заклінанне стралы “не біць чорна ворана”, бо па ім “некаму кракаці”.

На перакрыжаванні дарог удзельнікі абраду водзяць карагод “Бруссе й новае, ясеновае” з ярка выражанымі баладнымі элементамі. Затым зноў шарэнгай рухаюцца да жытнёвага поля, дзе запальваюць вогнішча і “кругом цяпла качаюцца, кавырсаюцца, перапрыгаюць цераз цяпло. Патом выпраўляюць дзевак, кольцы бяруць, грошы, капейкі, і дзеўкі бегаюць па жыту і хаваюць етыя грошы і кальцо хаваюць, а хлопцы ўслед бегаюць і шукаюць етых грошай і кальца етага”69.

Ідучы дадому, удзельнікі карагода зноў становяцца ў шарэнгу і спяваюць “граную” песню сямейна-бытавога характару “Пакукуй, зязюлька, у шчыром барочку”. Заканчваецца абрад пахавання стралы ў в. Валосавічы агульным частаваннем, калі “выношаюць сталы, гарэлку, закуску, садзяцца, гуляюць і ўспамінаюць ета ўсё”.

Як бачна, структурныя элементы мясцовай фальклорнай традыцыі пахавання стралы – гэта шэсце да жыта, раскладанне вогнішча, качанне па полі, скокі цераз агонь, ваджэнне карагодаў вакол кастра, пошукі хлопцамі схаваных дзяўчатамі ў жыце рэчаў.

На шостым тыдні пасля Вялікадня адбываецца абрад пахавання стралы ў в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна. Месцам пачатку разгортвання абрадавых дзеянняў з’яўляецца перакрыжаванне дарог (“на раскрэсах двух дарог каля лясніцтва”)70. Заслугоўвае ўвагі такі момант у структуры абраднасці, як падрыхтоўка да распальвання кастра (“уперадзе ўсягда нясуць факелы, а дзве жэншчыны ў посцілцы нясуць салому для кастра”)71 і распальванне вогнішча. Інфарматары запэўнілі, што па дарозе да жыта выконвалі песню-вяснянку “Ой, вясна, вясняначка, дзе мая дочка-гуляначка?”.

Ваджэнне стралы адбываецца менавіта каля кастра (“А патом бяруцца за рукі і кругом кастра водзяць “стралу”. Бягом і ідуць вакруг кастра”)72. Сярод песень, што выконваліся ў карагодзе, інфарматары адзначаюць такія, як “А ў нашага бацюшкі сямера дзяцей, а ўсё сынавей”, “На моры вутка купалася”.

Скокі цераз агонь, “кулянне ў жыце”, жарты, смех (“усё праходзіць вясёла, смяюцца, дурэюць, весяляцца, смуткаваць нельга, шуткуюць адзін з аднаго”)73 былі накіраваны не толькі на засцярогу вёскі і жыхароў (апатрапеічная магія), але і павінны былі садзейнічаць урадлівасці, ураджайнасці (праду-цыравальная магія).

Магічна-ахоўную сутнасць абраду пахавання стралы, які выконвалі з мэтай засцерагчыся ад згубнай сілы маланкі, адзначыла М.П. Кондрыкава з вёскі Нісімкавічы ў час гутаркі з даследчыцай Г.А. Барташэвіч: “А тады ўшэсце. Давайце пойдзем стралой ушэсце праважаць, штобы нас гром не пабіў, нашу дзярэўню не спаліў. Адзін год не пайшлі вясну праваджаць. Дык як толькі хмара найшла, як трэсь, так і загарэлася”74.

Песенны варыянт “Страла” мае мясцовую афарбоўку заклінальнай формулы (гучыць матыў просьбы не біць добрага молайца, а забіць чорнага ворана), чым і адрозніваецца ад вышэй разгледжанага тэкста, запісанага ў в. Валосавічы:

Страла, страла, не ідзі ўздоўж сяла,

Не бі, страла, добра молайца,

А ўбі, страла, чорнага ворана.

(в. Нісімкавічы)

У лакальнай традыцыі абраду пахавання стралы ў вёсцы Бабічы адметнае месца займаюць наступныя сімвалічныя дзеянні засцерагальнага характару: “у чацвер на шостым тыдні пасля Вялікадня збіраюцца гурты з моладзі і пажылых людзей, бяруць снапы саломы і ідуць у поле, дзе расце жыта. Адзін сноп запальваюць і ідуць з ім па жыту. Гэта дзеянне лічылася ахоўным75.

Паводле звестак, запісаных Л. Маркоўскай, у в. Бабічы абрад пахавання стралы пачынаўся раніцай на Ушэсце (”самае ранняе адбываецца трыццатага красавіка, а самае позняе – трэцяга чэрвеня”) каля ракі Покаць выкананнем веснавых песень “На моры вецер павевае, павевае”, “Вясна, вясняначка, дзе ж мая дачка Мар’яначка?”76. Адзначым мясцовыя элементы ў структуры абраду – падрыхтоўка вянкоў з кветак і кіданне іх у рэчку з прыгаворам: “Жывіце з Богам, вясняначкі”, распальванне вогнішча, скокі цераз агонь, якія, паводле ўяўленняў вяскоўцаў, сімвалізавалі “пераход з вясны ў лета” і мелі аграрна-магічны сэнс (“Як высока я ўзлятаю, так бы высока жыта было”), ваджэнне карагодаў “Розачка”, “Па вуліцы дзеўкі ішлі, карагод яны вялі”, гульня “У жорава”77.

У вёсцы Залессе, як адзначыла Еўдакія Пятроўна Маслава, абрад ваджэння стралы адбываўся на Троіцу. Лакальнай адметнасцю з’яўляецца ваджэнне карагодаў “ад адной хаты да другой”, прычым кіруе карагоднай працэсіяй “важак”78.

Мясцовы цыкл песень “стралы” ўключае не толькі тэксты з матывамі заклінання стралы, ілюстрацыяй абрадавай сітуацыі. У варыянце “Ты ідзі, страла, удоль сяла” знайшла адлюстраванне матывацыя забойства чорнага ворана (“ты ўбі, страла, ворана,// па чорнаму ворану ё каму кракаць”). Аналагічны песенны варыянт абраду пахавання стралы быў запісаны ў вёсцы Пакроўскі ад Фёклы Ціханаўны Куксачовай, 1913 г.н. Праўда, у гэтым тэксце гучыць матыў звароту да стралы не забіваць добрага молайца: “па добру молайцу // Ё каму плакаць”. Тэматыка карагодных песень, якія выконвалі на раскрэсах, разнастайная: гэта і адносіны паміж мужам і жонкай (“Пад бярозаю, пад кудраваю // Муж жану браніў, жану бравую”), трагічны лёс сястры, якая з братачкам цераз мора йшлі”, нетрываласць шлюбу (“А на трэці дзень жонка ў сад пайшла, там дружка найшла”).

Цікава, што ў мясцовай версіі пахавання стралы арганічна знітаванымі аказаліся і элементы гукання вясны, і траецкі звычай кумлення, і закопванне на мяжы “сваіх надзелаў” металічных рэчаў: шпілек, цвікоў, што павінна было засцерагаць ад завояў.79

Абрад ваджэння стралы ў вёсцы Глыбочыца Чачэрскага раёна адрозніваўся, як адзначыў М. Козенка, тэатралізаванымі момантамі: пераапрананне ў “Дзеда” і “Бабу”, разыгрыванне адвольных жартоўных “сцэнак і выбрыкаў” асобнымі вяскоўцамі. Кругавыя карагоды, карагоды ў форме шарэнгі па некалькі чалавек – важныя структурныя элементы пахавання стралы. Спецыфічнай асаблівасцю з’яўляецца падкідванне ўгору пяску, што павінна было спрыяць ураджайнасці лёну: “калі карагоды не паводзяць, то лён не ўродзіць”80.

Прыведзеныя лакальныя варыянты абраду пахавання стралы на Чачэршчыне адрозніваюцца па структуры, па матывах, увасобленых у песенных тэкстах, прадметных атрыбутах, але з’яднаны агульным аграрна-ахоўна-магічным сэнсам і акцыянальнай часткі, і вярбальнай.

Як і ў в. Ірыноўка Веткаўскага раёна, ў в. Перарост Добрушскага раёна выконваўся ў час ваджэння сулы рытуал падкідвання яек угору, каб “лён быў доўгім і высокім”, з гэтай жа мэтай “угору падымалі людзей”.

Як паведаміла Марыя Арцёмаўна Лобзікава з в. Перарост, “калі перад Ушэсцем была засуха, то жанчыны-ўдовы бралі плуг, упрагаліся ў яго і пераворвалі плугам тры разы дарогу на вуліцы. Пры гэтым казалі такія словы: “Йшла баба з Церахоўкі, заматалася ў вяроўкі! Ой, ой-ха – люй!”81. У гэтай жа вёсцы на Ушэсце існаваў звычай агледзін жыта ў полі, а таксама падрыхтоўкі спецыяльнай абрадавай стравы – бліноў з пшанічнай мукі на малацэ з яйкамі, якія называліся “Богавымі анучамі”: “трэба Хрысту напекчы ануч, каб было у што абуцца. Абуецца і пойдзе уже ад нас па небу”.82 Закопванне на полі ў жыце якой-небудзь рэчы мела наступны сэнс – “задобрыць палявога духа на добры ўраджай”.

У в. Карма, “вадзілі сулу так: з пачатку вуліцы сабіраліся некалькі чалавек і ішлі ўздоўж сяла, спявалі песні, падыходзілі да двара. Гаспадар выносіў угашчэнні. І так на кожнай вуліцы:

Ішла сула ўздоўж сяла,

Уздоўж сяла, міма кузніцы,

Дзевак набрала.

Ой, рана, рана, дзевак набрала,

Дзевак набрала ды і паламала.83

Сярод мясцовых абрадавых дзеянняў у структуры ваджэння сулы вылучаюцца наступныя: па -першае, асвячэнне ў царкве галінак ліпы і траў, якімі лічылі, “можна адагнаць ад двара ўсё худое, плахое”. Выкарыстоўвалі іх і з мэтай засцярогі ад мышэй (“калі яны высахнуць, іх лажылі ў падвал, штоб не вяліся мышы”). Па-другое, абавязковым з’яўляецца “служэнне зраніцы малебну”, гушканне на лузе на арэлях (“Як на арэлечцы калыхаліся мы // Ды арэлечка абарвалася”), выкананне свайго мясцовага цыклу песень: “Ішла сула ўздоўж сяла”, “У майго таткі харашо жыці”, “Што у нашым садзіку зязюля кукуе”.

Даследчык В.Я. Гусеў, аналізуючы абрад ваджэння сулы ў в. Чэлхаў Клімаўскага раёна Бранскай вобласці, адзначыў яго падабенства ў асобных дэталях да аналагічнага абраду ў вёсках Дуброўка і Ніўкі Добрушскага раёна. У прыватнасці даследчык адзначыў адметную форму ваджэння карагода, спаслаўшыся пры гэтым на яе характарыстыку, дадзеную інфарматарам: “Сула” – это длинной змейкой закруживают играющих в тугой клубок. “Сула”- это не хоровод”84.

У структуры абраду ваджэння стралы, які адбываўся на Ўшэсце ў вёсцы Бярозкі Добрушскага раёна, можна вылучыць такія абрадавыя дзеянні, як выбар сярод жанчын персанажаў на ролю “бабы” і “дзеда”. Пра іх сувязь з культам продкаў сведчыць факт закрытасці твараў тканінай (“ліцы марлей абкрывалі, шоб не відно было, хто ета”). Магічны ўплыў на ўраджайнасць, здароўе сімвалічна ўвасобленых продкаў, закліканых апекаваць усё жывое, знайшоў апасродкаванае адлюстраванне – праз венік з галля, прадметны атрыбут, з якім звязвалі росквіт прыроды, рост і фізічнае развіццё дзяцей – прадаўжальнікаў жыцця (“венік жа з галля, шчытаецца, шо расці будзе ўсё: і дзеці, і ўсё другое”) (в. Бярозкі, ад Сафонавай Ніны Лявонаўны, 1934 г.н.). Ваджэннем карагодаў “ад двара да двара” былі ахоплены ўсе вуліцы вёскі з выкананнем песні “Па сялу ідзе страла ўдоўж сяла”. Абавязковым было частаванне ўдзельнікаў карагодаў, функцыянальнае прызна-чэнне якіх мела на мэце паспрыяць ураджайнасці (“кала двара павыходзяць, стаяць, выносяць угашчэнне, шоб радзіў ураджай лёну”). Доказам аграрна-магічнай скіраванасці мясцовага абраду ваджэння стралы з’яўляюцца абрадавыя дзеянні, звязаныя з “падкідваннем рук уверх і падскокваннем, шоб лён рос у рост чалавека” (в. Бярозкі, ад Сафонавай Н.Л.).

У абрадзе пахавання стралы ў вёсцы Кругоўка ўдзельнічалі не толькі жанчыны, але і мужчыны, а таксама моладзь. Пера-апранутыя “дзед” і “баба” сярод дарослых (“мужчына пераадзяваўся ў жэншчыну, жэншчына – у мужчыну”), абра-ныя моладдзю “кавалер” і “барышня” былі галоўнымі ў кара-годах, якімі абыходзілі ўсе вуліцы вёскі, а затым прымалі ўдзел у калектыўным частаванні. Паводле тлумачэнняў інфарматараў, “вадзілі стралу на добры ўраджай, пускалі як бы стралу да Бога, шоб даў багаты ўраджай” (в.Кругоўка, ад Пархоменка Кацярыны Васільеўны, 1923 г.н.).

Як і ў вышэйназваных вёсках Добрушскага раёна, абрад ва-джэння стралы ў вёсцы Ачэса-Рудня адбываецца праз шэсць тыдняў пасля Вялікадня, на Ўшэсце, у чацвер. Удзельнічалі ў свяце ўсе жыхары вёскі: “бяруцца за рукі, ўшыр па ўсёй вуліцы разыходзяцца, а ўперадзе дзед з бабай, выбраныя з жанчын, танцуюць, астатнія выконваюць песню “Ой, ішла страла ды ўздоўж сяла”. Як і ў вёсцы Бярозкі, “пужалі малых, каго страчаюць, венікам адпараць”. У канцы сяла частаваліся ўсімі тымі стравамі, якія выносіла гаспадыня ў крайняй хаты. Непасрэднымі магічнымі дзеяннямі, якімі заклікалі добры ўраджай, было падкідванне зямлі ўверх (“у нас не хадзілі ў поле, толькі зямлю падкідалі, ета стары абычай”) у вербальным суправаджэнні: “пайшоў Бог на небяса, пацягне ўсё за валаса”. Як патлумачылі С.А. і А.М. Мануілавы, “да Ўшэсця Бог хадзіў па зямле, а на Ўшэсце на неба паднімаўся. Ета рабілі для таго, штоб усё расло на гародзе, верылі ў Бога, што дасць добры ураджай людзям” (в.Ачэса-Рудня). Вадзілі стралу толькі па вуліцах вёскі. У варыянтах цэнтральнай песні “Ой, шла страла”, “Ой, ляці страла” гучалі адпаведна матывы забойства стралой добрага молайца і просьбы звароту забіць чорнага ворана, а не добрага молайца. Паводле запісаў К.П. Кабашнікава, “калі ўдзельнікам шэсця налівалі чарку, яе не дапівалі, а стараліся рэшту лінуць падалей, “штоб лён доўгі такі быў” (Памяць. Добрушскі р-н. Мн., 2001. С.463). Падкрэсліваючы спецыфічнасць з’явы ваджэння “сулы” або “стралы” факт яе бытавання ў шэрагу лакальных асаблівасцей, даследчык звярнуў увагу, што ў некаторых вёсках (в.Васільеўка) яе вадзілі два-тры разы ў розны час ад Пасхі да Тройцы і нават пазней. Па-рознаму тлумачыцца і сэнс гэтага абраду (Памяць. Добрушскі р-н. С.463). Паводле апісання ваджэння сулы, зробленага Г.А. Барташэвіч у 1993 годзе ў вёсцы Васільеўка, семантыка абрадавых дзеянняў і карагодаў была звязана з магічнай ідэяй выклікання дажджу, “штоб ураджай быў” (Кабашнікаў. С.463). Запісы абраду сулы ў п. Крынічнае па-цвярджаюць факт прымеркаванасці яго да Траецкага свята, да абраду ваджэння русалкі, а таксама да магічных дзеянняў жанчын-удоў, якія “аралі ўпоперак вуліцу, шоб ішоў дождж”. Цікава адзначыць, што песню “Сула, сула-рэка” выконвалі і пад час абраду завівання барады: “бяруць жыта любое і звязваюць. Сюды кладуць кусочак хлеба і солькі і кладуць уніз, бяруць любое жыта, к якому прыйшлі, там і завязваюць бараду, штоб жыта харошае ўрадзіла, штоб яно расло вышэйшае. У жыце тады адна адну валяе. Там ужо візгі, крыкі, усё. А паднімуцца, зноў песні пяюць. Первы раз пра сулу пяюць: “Сула, сула-рэка // Паляцела даляка”. З сабой насілі галінкі яблынькі, грушы (в. Васільеўка, ад Філімонцавай Ніны Платонаўны, ураджэнкі п.Крынічнае, 1937 г.н.). Паводле ўспамінаў Марыі Сямёнаўны Шастаковай з вёскі Васільеўка, сулу вадзілі на Вялікдзень, “збіраюцца на уліцы бабы ўсякія і мужчыны, а дзеці бегалі ўслед” (в.Васільеўка, ад Шастаковай М.С.). Па-мясцоваму адметнай з’яўляецца такая дэталь, як тэатралізаваны паказ у карагодзе выбару русалкай шлюбнай пары: “бяруцца ў карагод. Русалка: “пакланюся я”, яна выбірае ўжо сабе, нізка кланяецца жанчыне, ужо падходзіць к дзеўцы. І во такі ўжо герой, што вот надзеўшы. Ана падходзіць к яму, ён яе бярэ пад руку. Яна садзіцца яму на калена, абнімае яго, ну і пайшлі. Кругом ідуць, ёй выбіраюць цесця і цёшчу, сястру і брата. Як ужо кончылі хадзіць, тады пяюць: “Запрагаю бугая, // Ганю цесця са двара, // Заінька серынькі, // Ганю цесця са двара”. Дубец у яе, яна ўжо цесця таго вон, цёшчу вон: “а родная сястрэчка, прашу ўвальніцца”. Тую ўжо не б’е” (в.Васільеўка, ад Шастаковай М.С.).

У г. Добрушы таксама памятаюць пра абрад ваджэння сулы: “а як жа, і ў нас сулу вадзілі. Пазбіраюцца, каму павесяліцца ахвота, перадзяваюцца (юбкі шырачэнныя, адзежу павыварочваюць). Ходзяць так па вёсцы разам, песні спяваюць. А потым усе на поле ідуць і там яшчэ ходзяць, хаваючы, закапваючы ў зямлю якую-небудзь рэч, штоб маланка не біла” (г.Добруш, ад Грамыка Ганны Сямёнаўны, 1929 г.н.).

Толькі ў дзвюх вёсках Рэчыцкага раёна (Вятхінь і Гарывада) інфарматары змаглі паведаміць звесткі пра абрад ваджэння стралы. Паводле ўспамінаў В.П. Саламаха, 1913 г.н. і У.П. Чарнецкай, 1910 г.н., з в. Вятхінь “стралу заводзілі вясной, як цвітуць сады, на Тройцу, бягуць змейкай, першы самы вялікі становіцца, потым першы ўсіх рване, крайні адрываецца. А над тым, хто адарваўся, пад свісты, пад барабан устрайвалі фанты. Гэта значыць, ён павінен быў выконваць пажаданні”85. Здзяйснялі абрад, каб “быў ураджай, каб не пабіла градам, каб не злеглася жыта”. Абавязковымі былі рытуалы асвячэння свя-таром жытнёвай нівы, статку (“пастухі прыганяюць кароў, іх пасвецяць, потым коней, авец”). Сэнс іх, паводле тлумачэнняў старажылаў, можна вызначыць як засцерагальны і прадуцыра-вальны. З мэтай засцярогі ад маланкі, яе ўшанавання вадзілі карагоды “стралы” ад Вялікадня да Ўшэсця ў вёсцы Гарывада: “усё гэта (ваджэнне карагодаў) яшчэ і дапамагае расці збожжу, потым у чысты чацвер хаваюць стралу, разрываюць тры кала-ска і закапваюць у жыце”86.

У структуры абраду пахавання стралы ў вёсцы Мархлеўск Хойніцкага раёна можна вылучыць такія кампаненты, як ваджэнне карагодаў упоперак вуліцы, распальванне вогнішча на полі, кругавыя карагоды вакол агню, падзел карагодаў на мужчынскі і жаночы “ланцужкі”, выбар пана і паненкі і шэсце з імі да жыта з выкананнем песні “Пахаваем стралу ў густым жыцейку”, імітацыя галашэння па “страле-ляльцы”, яе гушканне і закапванне ў ямцы, ваджэнне развітальнага карагода вакол “етаі магілкі”, качанне і кулянне ўсіх удзельнікаў у жыце. Адметнасць мясцовай традыцыі пахавання стралы заключалася ў форме першапачатковых карагодаў, для ваджэння якіх утваралі тры шарэнгі: “сначала ўсе маладзічкі станавіліся шчыльненька адна да аднае так, каб перап’яць вуліцу. За імі ззаду так жа сама станавіліся ўсе мужчыны. А ў самым канцы браліся за рукі ўсе дзеткі так жа шчыльненька. І вот так з песняю ішлі яны ўдоль усяе вёсачкі, як бы перакрыўшы вуліцу” (в.Мархлеўск, ад Півавар Праскоўі Іванаўны, 1933 г.н.). Семантыка такіх карагодаў мела апатрапеічны характар. Як патлумачыла інфарматар, “етым самым яны вуганялі разных злых духаў з вёскі”. Вогнішча, як лічылі вяскоўцы, дапамагала, каб “злыя духі пакідалі вельмі буйстра вёсачку”. Сутнасць самой назвы пахавання стралы “выразна адлюстроўваецца ў тых сімвалічна абрадавых дзеяннях, якія выконваюцца галоўнымі ўдзельнікамі свята – “панам (“ім була дзяўчына”) і “паненкаю” (“гэта буў хлопец”), і сведчаць аб цеснай сувязі каляндарна-абрадавай і сямейна-абрадавай паэзіі, у прыватнасці, пахавальнай: “калі прыходзілі на поле і ўжэ сабіраліся хаваць стралу, пан з паненкаю етыя бралі стралу-ляльку, гушкалі яе і галасілі па ёй, як бу то буў чалавек. Патом выкопвалі ямку і на ніз яе клалі каласкі жыта, звязаныя ў адзіны пучок. А ўжэ на еты пучок каласочкаў клалі так очань беражно стралу-ляльку, скручаную з розных сухіх лячэбных траў разам з засушанымі каласкамі і абгортувалі палатном. І вот клалі етую стралу і закопвалі” (в.Мархлеўск, ад Півавар П.І., 1933 г.н.).

Каласкі жыта, пакладзеныя на дно ямкі, качанне і кулянне малых і старых у жыце мелі на мэце спрыяць яго лепшай ураджайнасці. Светапоглядную аснову гэтых дзеянняў абумоўліваюць фетышысцкія вераванні нашых продкаў у магічныя здольнасці зямлі-маці.

Да ліку мясцовых асаблівасцей ваджэння стралы варта аднесці выкананне песень-вяснянак (“Вясна-красна на калочку”, “Жавароначкі, прыляціце”, “Зарадзі, Божа, жыта”). Вяртаючыся ў вёску, ўдзельнікі абраду выконвалі сумныя песні, каб “паказаць свой смутак па пахаванай страле”. Зыходзячы з прыведзеных лакальных апісанняў абраду пахавання стралы, можна канстатаваць, што гэтая з’ява ў дадзенай мясцовасці мела полісемантычны характар. Вышэй мы адзначылі такія функцыі пахавання стралы, як выгнанне злых духаў з вёскі і спрыянне ўраджайнасці злакавых культур. Доказам яшчэ аднаго функцыянальнага прызначэння – засцярогі ад маланкі, з’яўляюцца ўспаміны-тлумачэнні вяскоўцаў, на думку якіх “і вот еты абрад дапамагаў засцерагчы ад маланкі і агню вёску і ўсіх людзей, што прымалі ўдзел у пахаванні стралы” (в. Мархлеўск, ад Півавар П.І., 1933 г.н.). Як бачым, здзяйснялі абрад ваджэння стралы з рознымі мэтамі, сімвалічныя дзеянні і песні мелі адначасова характар апатрапеічнай і карпаганічнай магіі. Адметным было і тое, што вярталіся ў вёску жыхары не “ланцужком, а па два чалавека ішлі назад у вёску, каб не заціскнуць, не загнаць назад злых духаў” (в.Мархлеўск, ад Півавар П.І., 1933 г.н.).

Паводле ўспамінаў Вольгі Мікалаеўны Кардаш з в. Паселічы, “калі неслі да жыта стралу-ляльку, тагды з меднай провалакі рабілі стралу, якая була падобная на такі вот зігзаг маланкі. І вот калі ўжо стралу закапалі, тагды зверху, вот як на могілках красты ставяць, утыкалі ў зямлю етую маланку з провалакі. Ета рабілася для таго, каб адагнаць ад вёскі маланку і ўвогуле ўсялякі агонь альбо пажар, а ў етае ўрэм’я дзеткі скакалі па полю, а тапом качалі адзін аднаго па жыту і павет ўчыкалі і так весела шчабяталі і смяяліся, набіраліся тым самым сілачкі і здароўя” (в. Паселічы, ад Кардаш В.М.). Відавочна, што мясцовыя адметнасці закранаюць не толькі структуру абраду і яго вербальнае суправаджэнне, але і прадметную атрыбутыку: у в.Мархлеўск сімвалам стралы з’яўля-лася лялька, зробленая з сухіх траў і засушаных каласкоў, у в. Паселічы гэта ўжо быў сапраўдны зігзаг маланкі з меднай провалакі.

Можна адзначыць, што на тэрыторыі Гомельскага Палесся карціна бытавання такой спецыфічнай складанай абрадавай з’явы, як пахаванне стралы, “ваджэнне сулы”, мае шматколерны характар. Нельга не пагадзіцца з Г.А. Барташэвіч, што “гэты старажытны абрад, як і іншыя лакальныя з’явы духоўнай культуры славянскіх народаў зноў з усёй вастрынёй ставіць перад даследчыкамі пытанне аб прыродзе падобнай спецыфікі87. Не заўсёды рознай ступенню захаванасці абрадавых з’яў можна растлумачыць іх мясцовыя адрозненні. Іншы раз надзвычай важныя для даследчыкаў і звесткі пра вытокі абрадаў, пачатак іх фарміравання. На думку Г.А. Барташэвіч, “далейшае даследаванне “стралы” можа праліць святло і на гэтую праблему”88.

Сабраныя намі ў экспедыцыях звесткі па абраднасці і паэзіі пахавання стралы ў пэўнай ступені дапаўняюць вядомыя запісы, зробленыя Е. Раманавым, З. Радчанка, М. Каршуковым, а таксама архіўныя матэрыялы, зафіксаваныя Г.А. Барташэвіч, К.П. Кабашнікавым, В.Я. Гусевым, Л.М. Салавей, Л.П. Барабанавай, І.І. Крукам, В.Дз. Ліцвінкам. Арэалам найлепшай захаванасці абраду з’яўляецца Веткаўскі раён, у розных вёсках якога назіраюцца адметнасці не толькі ў наборы абрадавых дзеянняў, у песенным суправаджэнні, прадметным рэквізіце, але і ў семантычнай скіраванасці, і ў назвах, якія “прыжыліся” у пэўнай мясцовасці і набылі своеасаблівы сакральны сэнс.

Прыведзеныя звесткі па абраднасці і паэзіі пахавання стралы даюць падставы зрабіць абагульненні адносна гэтай цікавай рэгіянальнай з’явы, лакальныя варыянты якой маюць іншы раз значныя адрозненні. Пры гэтым мы будзем улічваць і тыя вывады, якія зрабіў В.Я. Гусеў, абапіраючыся на ўласныя матэрыялы і запісы іншых фалькларыстаў, як рускіх, так і беларускіх. (Гусев В.Е. Вождение “стрелы” (сулы) в Восточном Полесье // Славянский и балканский фольклор. М, 1986. С. 69-73). Гутаркі з жыхарамі вёсак, назіранні за ходам свята пад час яго правядзення, шырокія экспедыцыйныя пошукі яшчэ не запісаных звестак і даследаванні гісторыкаў, этнографаў і фалькларыстаў дазваляюць канстатаваць факт старажытнай асновы абраду пахавання стралы, вытокі якога звязаны з язычніцкім культам боства Перуна. “Маючы вытокі ў глыбокая старажытнасці, ён (абрад пахавання стралы – В.Н.) увабраў многія элементы ўяўленняў, бытавых сітуацый пазнейшых часоў і дайшоў да нашых дзён у выглядзе маляўнічага звычаю – свята, якое ярка адлюстравала народнае светаўспрыманне” (Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985. С. 133).

Рэгіянальны абрад пахавання стралы на ўсіх узроўнях (час і месца правядзення, структура, склад удзельнікаў, семантыка рытуальных дзеянняў, матэрыяльная сімволіка) мае лакальную спецыфіку ў розных канкрэтных праявах. Калі абагульніць звесткі пра час выканання абраду пахавання стралы, то атрымаем наступную схему: праводзілі стралу на Ўшэсце (в. Неглюбка Веткаўскага раёна, в.в. Патапаўка і Ліпінічы Буда-Кашалёўскага, в.в. Бярозкі, Ачэса-Рудня і Перарост Добрушскага, в.в. Нісімкавічы і Бабічы Чачэрскага, в. Дзімамеркі Лоеўскага); на Вялікдзень (в.в. Старое Сяло, Залаты Рог Веткаўскага, в.в. Гарадок, Пярэдзелка, Судкова Лоеўскага, в.в. Краўцоўка, Глыбоцкае Гомельскага, в. Васільеўка Добрушскага); на Дабравешчанне (Благавешчанне) (вв. Івольск, Іванаўка Буда-Кашалёўскага); на Тройцу (в. Залессе Чачэрскага, в. Вятхінь Рэчыцкага, п. Крынічнае Добрушскага).

Вар’іруецца ў лакальных традыцыях і месца правядзення кульмінацыйнага рытуалу пахавання “стралы” (”сулы”): гэта ўскраек жытнёвага поля (в.в. Казацкія Балсуны, Неглюбка Веткаўскага); мост цераз рэчку (в. Прысно Веткаўскага); вясковыя вуліцы, карагоды каля кожнай хаты (в. Краўцоўка Гомельскага); лес-дубняк на беразе Дняпра (в. Дзяражычы Лоеўскага, в. Глыбоцкае Гомельскага); вясковыя вуліцы і могілкі, дзе выконвалі карагод “стралы” (в. Івольск Буда-Кашалёўскага); калодзеж (в. Іванаўка Буда-Кашалёўскага); перакрыжаванне дарог і каля кастра (в. Нісімкавічы Чачэрскага, в. Неглюбка Веткаўскага).

Што датычыць структуры абраду пахавання стралы (ваджэння сулы), то адзначым як наяўнасць у асобных версіях агульных структурных элементаў, так і лакальных, спецыфічна адметных. Да ліку апошніх адносяцца: тэатралізаваныя дзеянні старцоў у в. Неглюбка Веткаўскага раёна, іх “хаванне ў жыце” (пераапрананне ў чыстае адзенне); абход “старцамі” двароў аднавяскоўцаў (в. Перавессе Веткаўскага раёна); пошукі пераапранутай пары каля поля (“ловяць і б’юць”) у в. Ірыноўка Веткаўскага раёна; абрад пераносу свячы ў структуры абраднасці пахавання стралы ў в. Пералёўка Веткаўскага раёна, частаванне мёдам усіх выканаўцаў; патапленне “коліка” або скідванне з моста ў рэчку ўпрыгожанай кветкамі галіны вярбы (в. Прысно Веткаўскага раёна); рытуалы з ёлкай у структуры абраду ў вёсцы Шарсцін Веткаўскага раёна; сустрэча дзвюх шарэнг выканаўцаў і іх жартоўнае “біццё-паядынак”, абход вакол вёскі (в.в. Старое Сяло, Залаты Рог Веткаўскага раёна); падняцце дзяцей у карагодзе вышэй галавы (в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна); гульні ў карагодах, прысыпанне рукамі зямлі каля дрэў (в. Рудня Стаўбунская Веткаўскага раёна); “хаванне ў жыце ёлкі (упрыгожанай галінкі каштана)”; частаванне хрэнам (в. Юркавічы Веткаўскага раёна); закапванне “лялькі” ў жыце, а потым адкапванне, падкідванне зямлі ўверх, каб быў добры ўраджай ільну (г. Ветка); адметнасць гульнёвых карагодаў “Шума”, “Старыца”, ваджэнне карагодаў вакол горак, насыпаных з пяску (в. Крупейкі Лоеўскага раёна) і вакол шастоў, убітых у зямлю (в. Казярогі Лоеўскага раёна); кругавыя карагоды, ваджэнне сулы каля хат аднавяскоўцаў і частаванне гаспадарамі выканаўцаў (в. Краўцоўка Гомельскага раёна); падкідванне папярэдне зробленых драўляных стрэл “у неба” і іх пошук (в. Тонеж Лельчыцкага раёна); аплакванне “пахаванай стралы” (в. Ліпінічы Буда-Кашалёўскага раёна); рытуал пераворвання вуліцы і звычай агледзін жыта ў полі ў структуры ваджэння сулы (в. Перарост Добрушскага раёна). Прыведзеныя рытуалы, вылучаныя намі ў якасці адметных у лакальных версіях абраду пахавання стралы (ваджэння сулы), сведчаць аб тым, як адбываецца ў цэлым працэс фарміравання варыятыўнасці і як у прыватнасці закранае структуру рэгіянальнай традыцыі, ствараючы нават у межах асобных вёсак аднаго раёна рознае мясцовае прачытанне асобных элементаў. “Працэс уяўляе сабой адзінства статыкі і дынамікі. Там дзе ёсць устойлівасць, там назіраецца і зменлівасць” (Аникин В.П. Теория фольклора. С-Пб., 1994. С. 47). Апошняе закранае і сэнс абрадавых дзеянняў, прычым кожнае лакальнае вар’іраванне ўзаемадапаўняльнае.

Абагульнім лакальныя праявы семантыкі абраду пахавання стралы, каб пераканацца ў тым, наколькі па-мастацку своеасаблівай можа быць рэгіянальная традыцыя ў цэлым і адпаведна якія мясцовыя навацыі дапускаюцца ёю. Напрыклад, закопванне лялькі ў жыце ў вёсцы Барталамееўка Веткаўскага раёна сімвалізавала засцярогу ад маланкі, навальніцы; у вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна закопванне галінкі ў жыце (на добры ўраджай) і “хаванне старцоў у жыце” (пераапрананне іх у чыстае адзенне) абазначае пазбаўленне ад хвароб і няшчасцяў, ад беднаты, закопванне ў зямлі “грошай, пярсцёнка, брошкі” павінна было засцерагчы жыхароў і вёску ад грому, маланкі. Сэнс мясцовай пералёўскай традыцыі частавання мёдам – каб заўсёды вяліся пчолы, каб быў ураджай на мёд. Рытуалы патаплення “коліка” ў вёсцы Прысно Веткаўскага раёна, закопванне і адкопванне лялькі былі звязаны як з выкліканнем дажджу, ідэяй пладаноснасці зямлі, так і з засцярогай ад навальніцы. Закопванне дзяўчатамі ў зямлі “нітак з хустак”, пакіданне “ёлкі ў жыце” сімвалізавала магію заклікання ўраджайнасці жыта ў вёсцы Шарсцін Веткаўскага раёна, а ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна выкананне абрадавых дзеянняў было накіравана на забеспячэнне добрага сенакосу.

З ідэяй добрай ураджайнасці жыта быў звязаны абрад пахавання стралы ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёна. У вёсцы Казацкія Балсуны ваджэнне стралы ажыццяўлялі і з мэтай засцярогі вёскі ад навальніцы, маланак, і з мэтай пажадання здароўя і добрага ўраджаю. Карагоды ў вёсцы Рудня Стаўбунская Веткаўскага раёна выконвалі, каб засцерагчы пладовыя дрэвы і капусту ад зайцаў. Матывамі заклінання добрага ўраджаю была прасякнута паэзія пахавання стралы ў вёсках Глыбаўка, Свяцілавічы, Рэчкі Веткаўскага раёна, Дзімамеркі Лоеўскага раёна, Краўцоўка, Глыбоцкае, Грабаўка Гомельскага раёна (сэнс абрадавых дзеянняў звязвалі з добрым ураджаем капусты, іншай агародніны), Глыбочыца Чачэрскага раёна (вадзілі карагоды на добры ўраджай лёну), Перарост, Бярозкі, Кругоўка, Ачэса Рудня Добрушскага раёна, Вятхінь, Гарывада Рэчыцкага раёна, Мархлеўск Хойніцкага раёна і інш.

Больш выразна акрэслены характар засцярогі ад маланкі, навальніцы маюць абрадавыя дзеянні ў структуры абраднасці пахавання стралы ў вёсках Янова і Хлусы Веткаўскага раёна, в. Тонеж Лельчыцкага раёна, в. Ліпа, Івольск Буда-Кашалёўскага раёна, в. Паселічы Хойніцкага раёна.

Мясцовая спецыфіка рэгіянальнай з’явы пахавання стралы выяўляецца ў складзе яе выканаўцаў. У некаторых лакальных традыцыях гэта жанчыны (г. Лоеў, в. Казярогі Лоеўскага раёна і інш.), у асобных лакальных варыянтах – старыя жанчыны, моладзь, дзеці (в. Данілавічы Веткаўскага раёна), дзяўчаты і хлопцы (“каля жыта хлопцы і дзеўкі рассыпаюцца, дзяўчаты нанізаюць каралі на нітачку і хаваюць у ямачку, каб ніхто не бачыў, а хлопцы потым шукаюць” – в. Акшынка Веткаўскага раёна), жанчыны, дзве з якіх пераапрануты старцамі (в. Колбаўка Веткаўскага раёна), дзяўчаты (в.в. Рудня Стаўбунская і Шарсцін Веткаўскага раёна), мужчыны і жанчыны (в. Старое Сяло і Хлусы Веткаўскага раёна), толькі мужчыны (в. Новая Гута Гомельскага раёна), дзяўчаты і жанчыны (в. Свяцілавічы Веткаўскага раёна), усе жыхары вёскі, сярод якіх пераапранутыя дзед і баба (в. Кругоўка Добрушскага раёна) і інш.

Вар’іруюць і матэрыяльныя атрыбуты ў версіях пахавання стралы. Можна не пагадзіцца ў дадзеным выпадку з В. Гусевым, які падкрэслівае наяўнасць антрапаморфнага сімвала (лялькі) толькі ў адным лакальным варыянце (Гусев В.Е. Вождение “стрелы” (сулы) в Восточном Полесье // Славянский и балканский фольклор. – М, 1986. С. 70). З гэтым жаночым сімвалам (лялькай) нам давялося сустрэцца ў шматлікіх лакальных варыянтах: в.в. Барталамееўка, Перавессе, Прысно, Стаўбун, Пералёўка, Рэчкі, Данілавічы Веткаўскага раёна і г. Ветка; в. Дзімамеркі Лоеўскага раёна; в.в. Ліпа, Івольск Буда-Кашалёўскага раёна; в. Мархлеўск Хойніцкага раёна.

У якасці матэрыяльных сімвалаў у іншых версіях абраду пахавання стралы выкарыстоўваліся, напрыклад, галінка дрэва (в. Неглюбка Веткаўскага раёна), яйкі (в. Ірыноўка Веткаўскага раёна, в. Перарост Добрушскага раёна), мёд (в. Пералёўка Веткаўскага раёна), упрыгожаны кветкамі “колік” або галінка вярбы (в. Прысно Веткаўскага раёна), ёлка (яе рабілі з сухога дрэва і ўпрыгожвалі папяровымі кветкамі) і ніткі з хусткі (в. Шарсцін Веткаўскага раёна); косы і граблі (в. Старое Сяло Веткаўскага раёна), капейкі і бусы (в. Стаўбун Веткаўскага раёна), “капейкі, занізкі, уплёты, паяскі, каласкі” (в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна); пярсцёнак (в. Рудня Стаўбунская Веткаўскага раёна), “капейкі, шпількі” (в. Янова Веткаўскага раёна), галінка каштана (в. Юркавічы Веткаўскага раёна), асвечаныя галінкі ліпы і травы (в. Карма Добрушскага раёна), венік з галля (в. Бярозкі Добрушскага раёна), пшанічныя бліны (“богавы анучы” – в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, в. Перарост Добрушскага раёна), галінкі яблыні, грушы (в. Васільеўка Добрушскага раёна), зроблены з меднага дроту зігзаг маланкі (в. Паселічы Хойніцкага раёна) і інш.

Прыведзеныя прыклады выкарыстання матэрыяльных вобразаў-сімвалаў у абрадавых дзеяннях акрэсленых зон бытавання абраду пахавання стралы даюць падставы сцвярджаць, наколькі багатая і разнастайная прадметная атрыбутыка: у адных лакальных варыянтах – традыцыйная, у іншых – па-мясцоваму адметная, з нечаканым сэнсам, у некаторых – выпадковая, а ў многіх версіях мы назіраем сумяшчэнне традыцыйных і выпадковых атрыбутаў.

Звернем увагу і на вар’іраванне назвы абраду пахавання стралы ў месцах яго бытавання. Напрыклад, у вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна гэты абрад называлі “ганяць старцоў”, у вёсцы Прысно Веткаўскага раёна – гэта проста “Ушэсце” або “Вознесение Господне”. У вёсцы Шарсцін Веткаўскага раёна святкавалі “хрэн”, у вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна – гэта “сена”; “ёлка” – у вёсцы Юркавічы Веткаўскага раёна; “провады вясны”, “вадзіць вясну” – у вёсцы Дзімамеркі Лоеўскага раёна; “вадзіць сулу” ў вёсках Гомельскага і Добрушскага раёнаў; Благавешчаннем называюць стралу ў вёсцы Івольск Буда-Кашалёўскага раёна.

Зробленыя абагульненні адносна рэгіянальнай абрадавай з’явы ваджэння сулы, пахавання стралы дазваляюць пераканацца ў правільнасці наступнага тэарэтычнага палажэння: рэгіянальнае – гэта не што іншае, як сістэма мясцовых традыцый з разнастайнымі рысамі спецыфічнасці, якія могуць быць выяўлены і на ўзроўні структуры абраду, яго семантыкі, выкарыстанні прадметнай атрыбутыкі, часу і месца выканання і інш.

 

Аўтар: В.С. Новак